Іван Цярэнцьевіч Бурсаў нарадзіўся 19 снежня 1927 года ў Клімавічах Магілёўскай вобласці. Працоўны шлях пачынаў на Чэлябінскім металургічным заводзе, на Мінскім трактарным…
Свае першыя вершы чытаў сябрам літаб’яднання пры газеце «Знамя юности». Па сканчэнні Літінстытута ў Маскве некаторы час працаваў рэдактарам часопіса «Нёман» (1962—1964). Пазней стаў супрацоўнікам маскоўскага часопіса «Молодая гвардия». Апрача кніг прозы Іванам Бурсавым выдадзена 14 зборнікаў вершаў, 20 «творчых пасланняў» для дзяцей. Многія набыткі Бурсава перакладзены на балгарскую, нямецкую, польскую, украінскую і іншыя мовы. А самому Бурсаву-перакладчыку былі ўдзячныя Р. Барадулін і Г. Бураўкін, У. Караткевіч і В. Зуёнак, Е. Лось і К. Цвірка, М. Федзюковіч і Д. Бічэль-Загнетава, П. Броўка і А. Астрэйка… Дружылі з маскоўскім суайчыннікам і мінскія кампазітары.
У 2011 годзе Іван Бурсаў выдаў прэзентатыўную анталогію беларускай паэзіі «Шаги». У кнігу падабраны творы «пачынальнікаў», «нашаніўцаў», «маладнякоўцаў» і «ўзвышэнцаў» — усяго сорак сем творцаў з вялікай грамады літаратурнага шэсця. Асобны раздзел анталогіі напоўнены перакладамі спадчыны Алеся Смаленеца (А. Ружанцова), Ларысы Геніюш, Аляксея Пысіна. Зборнік заканчваецца ўдумным артыкулам «Мой Янка Купала» і вершам-прысвячэннем з нагоды ўсталявання ў Маскве помніка класіку беларускай літаратуры.
А ў 2016 годзе Іван Цярэшкавіч (як называў свайго сябра Рыгор Барадулін), выдаў новы зборнік пад назвай “Дыхание времени», дзе змешчаны яго пераклады на рускую мову вершаў многіх беларускіх паэтаў. Удзячны добразычліваму маскоўскаму Творцу і я. У сціплую падзяку нястомнаму і нязводнаму магілеўчаніну паспрабаваў я “вярнуць” на мову радзімы Бурсава некалькі яго лірычных вершаў.
С. Панізьнік, 2019
Ад рэдакцыі: Пасля атрымання артыкула рэдакцыяй стала вядома, што Бурсаў Іван Цярэнцьевіч, паэт, празаік, перакладчык, журналіст, пакінуў свет 12 лістапада 2019 года. Вечная памяць.
Ніжэй падаюцца два прысвячэнні сп. І. Бурсаву, напісаныя сп. С. Панізьнікам раней, і некалькі вершаў І. Бурсава ў перакладзе з рускай мовы С. Панізьніка.
Сцэпшчык вякоў
Масквічу Івану Бурсаву – паэту, перакладчыку,
даследчыку “Двух вякоў беларускай паэзіі”
Бурсаў бурсу не закончыў.
Шпалаўкладчыкам ён крочыў.
З прозы “Немана” у “Горсть”
трапіў клімавіцкі госць.
І Лабжанка па Маскве
аж па сённека плыве.
Небылічкі весялелі,
Вожыкі пілі і елі…
Ён злавіў Сарок мо сорак
ля саміх крамлёўскіх зорак.
А гадочкаў – удвайне!
На лірычным палатне,
там, дзе счэплены, прытулены
Караткевіч з Барадуліным,
і Бураўкін, і Бічэль, –
іскры з бурсавых вачэй:
з урачыстасцю арганнай,
з дружалюбнасцю адданай
да ідэйных сваякоў.
Слава Слову Іаана!
Лаўры – сцэпшчыку вякоў!
_____________________________
“Перакладчыкі –шпалаўкладчыкі…” – радок з верша Рыгора
Барадуліна.
10.ХІІ.2008, 21.01.2011
Будзь праслаўны на цэлы бел свет!
Івану Бурсаву – аўтару кнігі “Шаги” (Анталогія беларускай паэзіі.
Артыкулы і пераклады вершаў беларускіх паэтаў на рускую мову.
Мінск. Выдавец Віктар Хурсік. 2011 г).
Чачот, Баршчэўскі… Колас поруч
тварцоў з Устроні і Парнаса.
Буйлянка з Цёткаю – прыўкраса,
і Геніюш не чуе горыч.
Са шляхтай гордай – граф Альгерд
да нашаніўцаў, узвышэнцаў
вядзе адноўлены свой рэйд.
Алесь Смаленец між прышэльцаў.
А Ваш Купала гуслярам
дае параду: мець свой храм,
каб – замест пустак і балотаў –
народ Дзяржаваю валодаў.
“Час не змяніў яго аблічча…”-
чытаю ў Вашых я “Шагах”.
Так, Беларусь з ягоным клічам
жыве, каб шчыранька маліцца
і нам – ўсясвету аб”явіцца,
Купалы ажывіць Пасад:
узвысіць Дом, уквеціць Сад.
………………………………..
… “Шагі” ускрыляюць далягляд!
2.ХІ.2011, 7.06. 2012
Іван БУРСАЎ (вершы ў перакладзе С. Панізьніка)
Зерне слоў
Шурпаты шум палёў,
птушыны гмах нябёс —
усё, што пакахаў,
і ў сэрцы прыбярог, –
узняў на думны лёс,
над плёсамі разнёс,
каб зерне
спелых слоў
сабраць у звонкі рог.
Каханне не замрэ…
І пойдзе новы рост
ад збажыны, з якой
я ўсплыў
па-над зямлёй…
Вам любасці сцябло!
Будзь плоднаю, любоў,
над вашаю вясной,
над… памяццю маёй!
Лабжанка
Крылатым соснам
лета як служанка —
яны звіняць,
каб знікла і слата…
А рэчка
называецца Лабжанка,
і ў рэчцы той
зялёная вада.
Яна хвалюецца
на асачынах,
дае хвастам яршовым круцяля.
Тут не вада —
жывы нектар айчыны,
дзе сам я прытуляўся да камля.
Крылатым соснам
Лета як служанка —
прымкнулася дзяцінства
дабрата…
Я ў горкі час
уміг з табой, Лабжанка!
У прысмаку
зялёная
вада.
Зазімак
Слязу
скаціла кропля за акном.
А на двары ані зімы,
ні лета.
І лес,
разнюханы бялюткім сном,
страсае снег з махровых эпалетаў.
Ля ног яго
сумёты
з-пад палы
выглядваюць, бо ім ужо не спіцца,
камлі і кроны ў водары смалы,
капежыцца вясёлая ігліца.
Прачнуўшыся між летам і зімой,
з пагодай лес нядужы разабрацца.
Стаіўся, як і я перад табой,
не ведаючы —
плакаць,
ці ўсміхацца.
САКРЭТЫ БЕЗ ПАДМАНА
АД БУРСАВА ІВАНА
Словы склаў я з мэтаю У КНІЖЫЦУ ГЭТУЮ
Казкі тут як на падбор.
Іх прыдумаў мудры бор,
а я,
на пажытак,
запісаў у сшытак —
разам з прыказкамі,
каламбурамі,
дражнілкамі няхмурымі.
Слухайце-чытайце
і ў бор завітайце!
ТС—СС!
Прыказка ЗАГАДКА,
дзе ўсё коратка і гладка
Рванулі бабры
стрымгалоў з гары.
Па імху, па глыжу,
а куды – не скажу.
Калі ўсё прапісана дбайна –
казка гучыць звычайна…
Сакрэты трымае – тайна!
Прыказка
ПРА ПЕЎНІКА І БАРАНА
Ра-на Ра-на!
Смела на вожыка ўсеўся баран –
пеўніку ён выхваляўся як пан:
– З ночы – як з донца –
клічаш ты сонца?
Бойся, бо раніца –
аб дзюбу параніцца…
А певень, дзівак, –
не глядзіць на зявак,
ад песняў яго і сонейку ўсмак.
Ведаў баран, хто без пеўня
прачынацца навучаны…
Ды вось казка-прыдумка –
ЖЫВУЧАЯ…
Прыказка-СВАЯЧКА,
якую прынесла качка
Кролікі зайцу ў хваёвыя далі
на дзень нараджэння кавун прыслалі.
Згрувасціўся ўвесь белавежскі народ:
– Вось гэта плод!
– Дзе знайсці агарод?
– Ну і пу-пыш-ка!
– Ш ы ш – к а …
Мядзьведзь ушчыкнуў непрыкметна лісу:
– Прывіць бы такія на нашу расу –
хапіла б на ўсіх яды!
Былі б атаўсцелымі я і ты!..
Камар запярэчыў:
– Паслухаць вас мне балесна –
ад ягад такіх і ў кустах стала б цесна!
Сярод звяроў і сёння, як мудрасці сястра,
вельмі паважаецца думка КАМАРА…
Ура-а-а!!!
Заяц частуе морквай сяброў
-Добра без ваўка мне ў лесе –
брудны ён,
і зубы злыя.
Ешце, зайцы, колькі ўлезе:
без ваўка
і мы сытыя!
Вожык
у недашытым жупане
Хай жупан не ўсім раўня,
ён для вожыка – браня.
Бо наўкруг абновачкі –
вострыя іголачкі.
У жупан, пан, апрануся,-
і Страшыдлу не збаюся!
Прыказка ПРА КАТА,
які ў гарлачы грукатаў
-Дзе ты, коцік, уначы быў?
– У каморы сырадой піў.
– І куды цябе дзень лялеіць?
– Гарлачы тыя клеіць…
Прыказка ПРА ЛАСЯ,
які марыў займець гарбы
Абы! Абы!
Аднойчы лось падбег да няўклюда –
вярблюда.
“Ну й прыгажосць! – падзівіўся лось. –
Шукаў я гарбы, а яны – вось!
Гэткія мне
хоць бы дзень панавіць…”
І ўзяўся ласёнак сена касіць…
Рупіўся як масціты –
накасіў дзве сцірты.
Побач паставіў, пад іх падлез
і пратрубіў на ўвесь лес:
– Вось я – вярблюд, гарбатая цаца! ДАРЭМНАЯ ПРАЦА…
Развітальная песня леса
Я стоены і стойкі
густы і добры бор.
Мае ствалы як стойкі:
дзівосных чараў збор.
Жывуць там без падказкі
у хатках без акоў
і прыказкі, і казкі
пра птушак і звяркоў.
Пацешкі не ў сакрэце:
я з імі век дружу…
Паслухайце іх, дзеці!
Ш-Ш-Ш-У… Ш-Ш-Ш-У…
Ш-Ш-Ш-У… Ш-Ш-Ш-У…
Sergei Pаniznik: Grain of words. By the 92th anniversary of Ivan Bursau
(magazine “CULTURE. NATION”, December 2019, issue 24, p.163–172,
Ivan Bursau was born on December 19, 1927 in Klimavichi of Magileu province.
In 2011, Ivan Bursau presented the anthology of Belarusian poetry “Steps”. In 2016, he published a new book entitled “Breath of time”, where his translation into Russian of many poems of Belarusian poets were placed. The magazine received several poems by I. Bursau translated from Russian by S.Paniznik and two dedications to him as well. During publication of this issue it became known that I. Bursau paassed away. Eternal memory!
Сергей Панизник: Зерно слов. К 92-летию со дня рождения Ивана Бурсова
(журнал «КУЛЬТУРА. НАЦИЯ», декабрь 2019 г., выпуск 24, с.163-172,
www.sakavik.net)
Иван Терентьевич Бурсов родился 19 декабря 1927 года в Климовичах Могилевской области. В 2011 году Иван Бурсов представил антологию белорусской поэзии «Шаги». В 2016 году он опубликовал новую книгу под названием «Дыхание времени», где был размещен его перевод на русский язык многих стихотворений белорусских поэтов. Журнал получил несколько стихов И. Бурсова в переводе с русского на белорусский С. Понизника, а также два посвящения ему. Во время публикации этого номера стало известно, что И. Бурсов ушёл из жизни. Вечная память!
Categories: Асобы, Літаратура
Пакінуць адказ