Юры Грыбоўскі: Алесь Махноўскі (1902 – 1967) (часопіс «КУЛЬТУРА. НАЦЫЯ», сьнежань 2019, №24, с.22-37), www.sakakavik.net

 

logo for chasopis

 

Беларускі нацыянальны рух мае ўсе падставы, каб ганарыцца многімі сваімі сынамі і дочкамі. Сярод іх знаходзяцца постаці, якія з’яўляюцца добра вядомымі даследчыкам і ўсім тым, хто цікавіцца гісторыяй Беларускага Адраджэння. Ёсць аднак і тыя, хто заслугоўвае не меншай пашаны, а чые імёны па шэрагу прычынаў менш вядомыя альбо зусім забытыя. Да ліку апошніх належыць многія прадстаўнікі беларускага руху ў Латгаліі. Магчыма, што па прычыне геаграфічнай адлегласці, мясцовы беларускі рух працяглы час не атрымаў належнага навуковага асвятлення. А тым часам, гэты рэгіён, які з’яўляецца культурным і этна-канфесійным памежжам, даў беларускаму адраджэнню шэраг руплівых і самаахвярных дзеячоў. Да пляяды беларускіх нацыянальных актывістаў, якія паходзілі з Латгаліі, належыў Алесь Махноўскі, беларускі грамадска-палітычны дзеяч і педагог.

Герой нашай публікацыі нарадзіўся 24 верасня 1902 г. у Дзвінску ў беларускай праваслаўнай сям’і. Яго бацька, Сцяпан Махноўскі, у царскай Расіі атрымаў педагагічную адукацыю і да Першай сусветнай вайны настаўнічаў на Дзвіншчыне, якая тады ўваходзіла ў склад Віцебскай губерні. Падчас вайны сям’я Махноўскіх была вымушаная пакінуць родныя мясціны і апынулася ў бежанстве. У выніку пачатковую асвету юнак атрымаў у расійскім Курску. Аднак пасля заканчэння баявых дзеянняў разам з бацькамі вярнуўся да хаты. Вяртанне ў родныя мясціны азначала пераезд у Латвію, паколькі Латгалія тады ўжо стала часткай незалежнай Латвійскай Рэспублікі. Безумоўна, Махноўскія былі не адзінымі беларусамі, якія прынялі латвійскае грамадзянства.

Нагадаем, што ў межах міжваеннай латвійскай дзяржавы налічвалася некалькі дзесяткаў беларусаў, якія паводле колькасці належылі на ліку найбуйнейшых сярод нацыянальных меншасцяў у гэтай краіне. Кампактным месцам жыхарства беларускага насельніцтва з’яўлялася менавіта Латгалія. Вяртанне Махноўскіх адбылося ў час, калі сярод латвійскіх беларусаў распачыналася нацыянальна-культурная праца. Дэмакратычнае заканадаўства Латвіі прадугледжвала існаванне нацыянальна-культурнай аўтаноміі для нацыянальных меншасцяў, у тым ліку беларусаў. У выніку мясцовыя беларусы атрымалі вельмі добрыя ўмовы для развіцця ўласнай культуры і асветы. На працягу кароткага часу атрымалася разгарнуць шпаркую грамадска-культурную, асветную, выдавецкую і палітычную працу.

Першай і найбуйнейшай арганізацыяй латвійскіх беларусаў стала Беларускае культурна-асветнае таварыства “Бацькаўшчына”, якое было створана ўвесну 1921 г. у Дзвінску. Згодна са стутутам таварыства ставіла сабе за мэту праводзіць ідэю беларускага нацыянальнага адраджэння ў масы беларускага народу і яго суседзяў праз выданне кнігаў, брашураў і газетаў на беларускай, латышскай, літоўскай, расійскай, нямецкай, польскай і ідыш мовах; спрыяць асвеце беларускага народу праз адкрыццё школаў, чытальняў, бібліятэкаў, тэатраў, кніжных шапікаў, клубаў, а таксама дапамагаць незаможным вучням і прадстаўнікам інтэлігенцыі. На правінцыі таварыства мела свае гурткі (філіі), якія мелі за заданне пашыраць сярод беларускую насельніцтва нацыянальную культуру на роднай мове. Дэвізам гурткоў было: “Жыве мова – жыве народ”. Паводле Езавітава, таварыства праводзіла працу ў трох асноўных напрамках: 1) пашырэнне сваіх уплываў сярод латгальскіх беларусаў праз арганізацыю рэгіянальных філіяў і аб’яднанне ў іх нацыянальна- свядомай часткі грамадства, 2) інфармаванне латвійскіх уладаў і грамадства аб становішчы беларускай меншасці і ейных культурна-асветных патрэбах,                  3) арганізацыя беларускага школьніцтва.

Натуральным прыярытэтам дзейнасці таварыства “Бацькаўшчына” было стварэнне беларускага школьніцтва. Неўзабаве, з першых месяцаў свайго існавання таварыства распачало працу над арганізацыяй беларускіх школаў у Дзвінскім, Люцынскім і Рэжыцкім паветах Латгаліі, а таксама ў Ілуцкім павеце Земгаліі. З мэтай падрыхтоўкі педагагічных кадраў у беларускіх школах ў ліпені 1921 г. у Дзвінску былі арганізаваны 6-тыднёвыя курсы беларусазнаўства для настаўнікаў. Праграма курсаў складалася з лекцыяў па гісторыі Беларусі, гісторыі беларускай літаратуры, гісторыі беларускага адраджэння, геаграфіі Беларусі, а таксама беларускай мове. У жніўні 1921 г. курсы скончыла 20 першых слухачоў, якія атрымала права працаваць у беларускіх школах. Гэтым людзям было наканавана ўвайсці ў гісторыю як першым настаўнікам беларускага школьнцітва ў Латвіі. У верасні 1921 г. працу распачалі першыя 16 пачатковых (4- і 6-класных) школаў на Дзвіншчыне. Восенню 1921 г. пры Міністэрстве асветы быў створаны Беларускі школьны аддзел (кіраўнік Сяргей Сахараў), які ажыццяўляў агульнае кіраванне беларускай школьнай справай і прадстаўляў культурна-асветныя інтарэсы беларускай меншасці ў адносінах з дзяржаўнымі ўладамі. 1 снежня 1921 г. у Дзвінску распачалі працу гадавыя Беларускія дзяржаўныя настаўніцкія курсы, якія сталі кузьняй новых педагагічных кадраў на патрэбы беларускага школьніцтва. Значным дасягненнем беларускага актыву была арганізацыя беларускай гімназіі ў Дзвінску (кіраўнік І. Краскоўскі), якая распачала працу ў верасні 1922 г.  У 1922/23 навучальным годзе беларускае школьніцтва ў Латвіі налічвала 54 пачатковыя і 2 сярэднія школы (гімназіі), у якіх працавала 158 настаўнікаў і навучалася 3 629 вучняў.

Вышэйзгаданыя падзеі мелі вырашальны ўплыў на маладога Алеся Махноўскага. Сям’я Махноўскіх не засталася ў баку ад беларускай справы. Сярод тых, хто адгукнуўся на заклік таварыства “Бацькаўшчына” і ўзяў удзел у арганізацыі і працы беларускага школьніцтва ў Латгаліі знаходзіўся Сцяпан Махноўскі. Улетку 1922 г. ён праслухаў курсы беларусазнаўства і быў прызначаны кіраўніком Дудэльскай пачатковай школы (Дзвінскі павет). У хуткім часе сын падзяліў лёс бацькі. Юнаку было наканавана быць не толькі сведкам, але і актыўным удзельнікам нацыянальна-асветнай працы. З самага пачатку існавання беларускай гімназіі ў Дзвінску Алесь Махноўскі быў ейным вучнем. Улетку 1923 г. адбыўся першы выпуск гімназістаў, сярод якіх знаходзіўся таксама Махноўскі. Акрамя гэтага, ён скончыў вышэйзгаданыя беларускія настаўніцкія курсы ў Дзвінску.

Восеньню 1923 г. Махноўскі, разам з жонкай Антанінай, таксама настаўніцай, распачаў працу ў беларускім школьніцтве ў Латгаліі. Першым месцам працы стала 6-гадовай пачатковая школы ў мясцовасці Пустын. Першыя гады існавання беларускага школьніцтва ў Латвіі былі не толькі перыядам уздыму, але і часам сур’ёзных выпрабаванняў. Нягледзячы на поспехі ў адкрыцці новых школаў хапала таксама праблемаў, з якімі быў вымушаны змагацца беларускі актыў. Дзейнасць беларускага школьніцтва моцна ўскладняла прысутнасць у ім настаўнікаў-небеларусаў. Праз недахоп педагогаў-беларусаў у школах працавалі настаўнікі іншых нацыянальнасцяў. Гэта акалічнасць была прычынай значных праблемаў і нават ставіла пад пагрозу існаванне беларускіх школаў. Некаторыя настаўнікі-небеларусы ставіліся абыякава да нацыянальнага выхавання вучняў, а многія нават дэманстравалі адкрытую варожасць да беларускай справы і адмаўляліся выкладаць па-беларуску. Падбухторанае гэтымі настаўнікамі маласвядомае ў нацыянальным сэнсе мясцовае беларускамоўнае сялянства нярэдка выступала супраць таго, каб іх дзеці наведвалі беларускія школы і адначасова патрабавалі ператварэння іх у рускія. У выніку многія школы ў першыя гады існавання былі перададзены ў падпарадкаванне Рускага школьнага аддзелу альбо Агульнага школьнага дэпартаменту. Не абмінуў гэты лёс і Пустынскую школу, якая апынулася  ў Агульным школьным дэпартаменце.

А. Махноўскі працаваў у беларускім школьніцтве да 1934 году. Вядома, што на прыканцы 1920-х г. і на пачатку 1930-х г. ён кіраваў Келаўскай і Савейкаўскай 4-класнымі школамі. Тым часам, жонка – Антаніна Махноўская – кіравала беларускім камплектам у Ліўчанскай школе, а потым працавала ў Кулаўскай школе. Настаўніцкую працу Махноўскі спалучаў з актыўнай грамадскай працай на ніве беларускасці. Ён прадстаўляў інтарэсы беларускага настаўніцтва ў Дзьвінскай школьнай павятовай управе. Адначасова быў сябрамі беларускіх культурна-асветных таварыстваў – “Беларуская Хата” і “Прасвета” (створана ў 1926 г.). У апошнім выпадку быў першым старшынём арганізацыі. Абодва таварыствы займаліся арганізацыяй беларускіх імпрэзаў і фэстаў, стварэннем хатаў-чытальняў, апекай над беларускімі школамі і дзіцячымі садкамі. Акрамя таго, Махноўскі быў актыўным сябрам Таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі (ТБНЛ).

У траўні 1934 г. у Латвіі адбыўся дзяржаўны пераварот, у выніку якога ўлада апынулася ў руках Карліса Ульманіса. Апошні значна абмежаваў нацыянальна-культурную аўтаномію нацыянальных меншасцяў. Аднак нават ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму латвійскія беларусы не былі цалкам пазбаўлены магчымасці нацыянальнай працы. Да канца 1930-х г. працягвала дзейнічаць Таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі. Захавалася вельмі не шмат крыніцаў, якія дазволілі б прасачыць дзейнасць Махноўскага ў згаданы перыяд. На падставе ўскосных крыніцаў можна зрабіць выснову, што ў гэты час ён настаўнічаў на Прыдруйшчыне, дзе працаваў да 1939 году. Апрача таго, працягваў утрымліваць сувязі з беларускім актывам, што адбывалася галоўным чынам па лініі ТБНЛ. На прыканцы 1930-х г. арганізацыя значна актывізавала сваю дзейнасць. У гэты час было вырашана пераіменаваць ТБНЛ у Беларускае таварыства ў Латвіі. Арганізацыя пад такой назвай пачала дзейнічаць са жніўня 1939 г. і ставіла сабе за мэту ахапіць сваімі ўплывамі усё беларускае жыхарства Латвіі.

Тым часам, у рэгіёне імкліва мянялася міжнародная і палітычная сітуацыя. Латвія разам з іншымі краінамі Балтыі стала ахвярай палітыкі двух таталітарызмаў – Трэцяга Рэйха і Савецкага Саюза. У жніўні 1940 г. Латвія была інкарпаравана ў склад СССР. З гэтага часу латвійскія беларусы апынуліся ў новай палітычнай рэчаіснасці, якая харакратызавалася страхам і тэрорам. Праўда, у параўнанні з іншымі нацыянальнымі меншасцямі ў Латвіі, беларусаў у найменшай ступені закранулі сталінскія рэпрэсіі ў 1940-1941 г. Нягледзячы на патрабаванні беларускага актыву аб ўзнаўленні нацыянальна-культурнай аўтаноміі, новыя ўлады не збіраліся ісці яму насустрач. Рэактывацыя беларускага школьніцтва не адпавядала палітыцы савецкіх уладаў. Палітыка СССР у дачыненні да нацменаў была накіравана на іх асіміляцыю і саветызацыю. У Латгаліі і Земгаліі адчыняліся рускамоўныя школы, а тамтэйшыя беларусы мусілі задаволіцца толькі беларускай мовай як дадатковым прадметам. У адной з такіх школаў працаваў Махноўскі. У 1940-1941 г. ён займаў пасаду дырэктара няпоўнай сярэдняй школы ў Ілуцкім павеце.

У выніку маланкавага наступлення нямецкіх войскаў на пачатку ліпеня 1941 г. тэрыторыя Латвіі была занята Вермахтам. У краіне ўсталяваўся нямецкі акупацыйны рэжым, які на большай частцы Латвіі доўжыўся тры гады. Пад нямецкай акупацыяй у Латвіі адбылося ажыўленне мясцовага беларускага руху. Галоўным чыннікам, які гэтаму паспрыяў, была нацыянальная палітыка акупантаў. Кіруючыся халодным палітычным разлікам і жаданнем падначаліць сабе захопленыя землі ўлады Трэцяга Рэйху дазволілі існаванне пэўнай культурна-асветнай аўтаноміі для беларусаў. Акупанты лічылі, што адпаведнае стаўленне да беларускай меншасці спрычыніцца да ўзмацнення сярод яго пранямецкіх настрояў, тым часам, як магчымая дыскрымінацыя з боку тытульнай нацыі зробіць іх падатнымі на бальшавіцкую прапаганду.

Рэалізуючы вышэйзгаданую палітыку было вырашана дазволіць існаванне органаў даверу беларускай меншасці. Восенню 1941 г.у Рызе быў створаны Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) (ад сакавіка 1942 г. – Беларускае аб’яднанне, БА) у Генеральнай акрузе “Латвія”. Арганізацыю ачоліў Кастусь Езавітаў. Згодна са статутам арганізацыя ахоплівала ўсю тэрыторыю Генеральнай акругі “Латвія”, а галоўнай мэтай арганізацыі было “злучэнне ўсіх беларусаў, што жывуць на абшары б. латышскага гаспадарства дзеля супольнае працы і ўзаемнага падтрымання ў культурным матар’яльным сэнсе”.

Пасля таго, як БНК распачаў працу ў Рызе, у Латгаліі пачалася праца па стварэнні рэгіянальных аддзелаў арганізацыі. Асноўны цяжар арганізацыйнай справы быў ускладзены на мясцовую беларускую інтэлігенцыю. Алесь Махноўскі не збіраўся заставацца ў баку гэтай працы. Улетку 1941 г. ён заангажаваўся ў стварэнне аддзелаў БНК на Дзвінчыне. Праўда, праца рухалася вельмі павольна. Нягледзячы на тое, што ў Дзвінску пражывала група нацыянальна свядомай беларускай інтэлігенцыі, мясцовы асяродак працяглы час не праяўляў ніякай актыўнасці. Адной з прычынаў самаарганізацыі была няпэўная будучыня і няўпэўненасць у тым, якую палітыку будуць ажыццяўляць акупанты. Пра настроі дзвінчукоў можна меркаваць па лісце Махноўскага да К. Езавітава (18 жніўня 1941 г.), у якім чытаем: “Альбо мы павінны атрымаць магчымасць працаваць хоць у больш-менш спрыяючых варунках, альбо кінуць гэтае балота і перайсці працаваць на Беларусь”. Аднак арганізацыйная праца прынесла свае вынікі. На працягу першага году нямецкай акупацыі ўдалося стварыць філіі камітэту ў Дзвінску, Краславе, Пасіене, Індры і Зілупе. Алесь Махноўскі ўвайшоў у склад кіраўніцтва Дзвінскага аддзела БНК і заняў пасаду сакратара ўправы. Аналіз даступных крыніцаў дазваляе сцвярджаць, што ён адыгрываў далёка не апошнюю ролю ў дзейнасці беларускага дзвінскага асяродка.

Аднак асноўным клопатам Алеся Махноўскага стала беларускае школьніцтва. Нямецкія акупанты дазволілі, каб беларуская моладзь у Латвіі атрымоўвала пачатковую і сярэднюю асвету на роднай мове. У выніку мясцовы беларускі актыў атрымаў шанец на адраджэнне ў Латгаліі школьніцтва, якое не існавала тут з 1934 г. Улетку і восенню 1941 г. распачалася праца па арганізацыі беларускіх школаў у Латгаліі і Земгаліі. Гэту працу беларускага актыву належыць прызнаць вельмі эфектыўнай. У Дзвінску арганізацыяй школаў займаўся Махноўскі, якому на працягу ліпеня і жніўні 1941 г. ўдалося сабраць 540 заяваў да бацькоў, якія жадалі, каб іх дзеці наведвалі беларускія школы. Да пачатку 1942 г. у Латвіі дзейнічалі 32 пачатковыя (5- і 7-гадовыя) школы, якія наведвала каля 3 тыс. вучняў. У 1942/43 г. навучальным годзе працавала ўжо 35 беларускіх школаў, у якіх навучалася 3 432 вучняў і працавала каля 100 настаўнікаў. Маштаб беларускай школьнай дзейнасці не можа не ўражваць, паколькі ён нічым не саступаў паказчыкам 1921-1934 гг., а ў дачыненні да пазнейшага перыяду – знаходжання краіны пад панаваннем рэжыму Карліса Ульманіса (1934-1940 гг.), а потым пад савецкай акупацыяй (1940-1941 гг.) – быў непараўнальна большы.

З мэтай кіравання працай беларускага школьніцтва ў снежні 1941 г. была створана пасада інспектара беларускіх школаў у Латгаліі і Земгаліі. Першым інспектарам быў прызначаны М. Дзямідаў. Аднак ужоў лютым 1942 г. ён быў адкліканы з гэтай пасады ў сувязі з ад’ездам ў Люцыншчыну. Частка беларускага актыву прапанавала, каб пасаду інспектара заняў К. Езавітаў. Аднак апошні адмовіўся падтрымаўшы кандыдатуру Махноўскага, якога вельмі цаніў і паважаў за актыўнасць на грамадскай ніве. У лісце Езавітава да Махноўскага чытаем: “Мой персанальны пагляд гэткі. На пасаду гэтую пажаданы малады беларус-вучыцель, свядомы і энергічны, не палахлівы і не ліслівы, але і не зазанты і не чванлівы, каб мог спакойна рэпрэзентаваць беларусаў, а разам з тым, каб і быў педагог і канцылярыю ведаў і грамадскую жылку меў. Вымаганняў, як бачыце, шмат, бо праца паважная і справа ідзе не аб гонару і акладзе, але аб нацыянальнай нашай асвеце. Як і заўсёды, каля гэтае пасады курыцца смуродны дым дробных самалюбстваў, атручваючы паветра і засцілаючы “дымавую завесаю” самы сэнс справы ды самую нашую справу. Высоўваюць зноў і зноў маю кандыдатуру, хто шчыра, а хто і з тактычных мытываў, маючы таемную надзею, што яна: або “не пройдзе”, або я сам адмоўлюся. Я – заняты іншымі справамі: руплюся аб кніжках для школ, бо пакуль што аб гэтым іншыя не думаюць і чакаюць, што кніга сама зваліцца ім з неба. У звязку з гэтым я павінен быць у Рызе. Павінен я быць тутака яшчэ і таму, што тут Цэнтральнае Праўленне і наагул – цэнтр. Таму быць інспектарам на Дзвінскі вокруг я адмаўляўся ўжо некалькі разоў і рашуча адмаўляюся зараз. З тае-ж прычыны не магу я быць і ў Дзвінскай гімназіі. Супраць Вашае кандыдатуры, зразумела, ёсць галасы, але яны бываюць супраць кождае кандыдатуры. Куды важней тое, што вы самі адчуваеце: калі адчуваеце, што справа Вам па сілах і што Вы з ёй не будзеце таптацца, а павядзеце энергічна ўперад, дык і вядзіце яе адразу, нягледзячы на тое, ці вы толькі часовы ці вы ўжо назаўсёды, бо гэта, па-перш, не мае абсалютна ніякое розніцы для ходу справы, а па-другое, гэта дасць Вам пэўныя перавагі, бо Вам заўсёды “забяспечаны тыл” тэю пасадаю, якую Вы займаеце, як кіраўнік школы; па-трэцяе-ж, нічога назаўсёды на свеце не бывае, гэта закон развіцця. Дык працуйце шчыра і энергічна!”.

25 лютага 1942 г. Махноўскі прыступіў да выканання службовых абавязкаў. Сядзіба інспектара знаходзілася ў Дзвінску, на вул. Мірнай 38. Інспектар беларускіх школаў быў падначалены рэферэнту асветы і культуры ўправы гебітскамісара Дзвінска немцу Рольфу Вінбергу. Пачаткі працы Махноўскага па пасадзе школьнага інспектара былі даволі цяжкімі. Вось якім чынам ён апісваў момант прыняцця абавязкаў ад свайго папярэдніка: “Хаос. Дабіваўся я ад М.[ікалая]Я.[навіча] хоць спіса вучыцялёў, дзе былі-б пададзены супраць кожнага з якой датай і ў якую школу вучыцель прызначаны. Пакуль не дабіўся. Копій выходзячых папер няма. Вучыцялі-беларусы не атрымалі пенсіі за студзень, не кажучы аб лютым. Спісы на пенсію ляжаць у інспектараце (беларускім), бо М.Я. “не мае часу” на іх напісаць (…) Некаторыя вучыцялі не атрымалі пенсіі і за 4 месяцы (…). Кожны дзень 5-6 телефонных званкоў – грошы! У першую чаргу вазьмуся за гэта. 28 ІІ М.Я. зусім у інспектараце не з’явіўся, нягледзячы на тое, што ўмовіліся на 9 гадзін зрання. Сродкі БНК жалкія, бо М.Я. іх раскалашмаціў і ніякіх рахуб не даў”. У красавіку 1942 г. А. Махноўскі скардзіўся кіраўніку БА, што ў інспектараце адсутнічае справавод, бухгалтар, машыніст-перакладчык і канцылярскі супрацоўнік.

Нягледзячы на вышэйзгаданыя цяжкасці іспектар не ўхіліўся ад адказнасці і ўскладзеных на яго абавязкаў. Ён не мог наракаць на адсутнасць працы. Да абавязкаў інспектара належыла арганізацыі новых школаў і дагляд за ўжо дзеючымі. Пераважная большасць беларускіх размяшчаліся ў незаможных вёсках, дзе матарыяльныя ўмовы былі вельмі цяжкімі. У выніку некаторыя школы знаходзіліся ў гаротным стане: адчуваўся недахоп мэблі і неадпаведнае абсталяванне будынкаў. Больш за тое, некаторыя школы ў паўднёвай Латгаліі часта былі ахвярамі нападаў з боку савецкіх партызанаў. Большасць беларускіх школаў знаходзілася на Дзвіншчыне, тым часам, як жадала быць лепшага справа арганізацыі беларускамоўнай асветы ў Ілуцкім павеце Земгаліі. У красавіку 1942 г.  Махноўскі наведаў Ілукшчыну з мэтай арганізацыі там беларускай школьнай справы. У вынікуў Ілуцкім павеце ўдалося адчыніцьсем беларускіх школаў, якія ў 1942/43 навучальным годзе наведвалі 523 вучні і працавала 18 настаўнікаў. Падчас кіравання інспектаратам Махноўскім беларускае школьніцтва ў Латвіі мела яшчэ адзін істотны поспех. У 1942/43 навучальным годзе распачала працу беларуская гімназія ў Зілупе. Рабіліся таксама захады па арганізацыі гімназіяў у Дзвінску і Пасіене, аднак яны не прынеслі вынікаў.

Праца школьнага інспектара не была пазбаўлена клопатаў і непрыемнасцяў, якія былі вынікам складаных міжнацыянальных і палітычных адносінаў у Латгаліі. Так, напрыклад, 12 снежня 1942 г. генеральны дырэктар асветы генеральнай дырэкцыі зажадаў звальнення А. Махноўскага з займанай пасады фармуючы ў яго адрас цяжкія абвінавачванні ў шкодніцкай дзейнасці і свядомым ўвядзенні ў зман органаў школьнага кантролю. Паводле латышскага дырэктара А. Махноўскі 5-кротна завышаў колькасць вучняў у беларускіх школах, каб пазбегнуць іх закрыцця. У якасці прыкладу падавалася народная школа ў  Граверы (Аўлейская воласць), якая дзейнічала нягледзячы на тое, што, на думку чыноўніка, у ёй было толькі 13 вучняў. Згодна з правам яе належыла зачыніць, а вучняў перанесць у суседнюю школу ў Дзудзелях. Замест гэтага інспектар беларускіх школаў прыхаваў інфармацыю наконт сапраўднага колькаснага складу школы. Генеральны дырэктар выдаў загад аб закрыцці гэтай школы, але інспектар А. Махноўскі яму не падпарадкаваўся. Акрамя таго, латышскі генеральны дырэктар лічыў, што А. Махноўскі беспадстаўна дамагаўся адкрыцця новых беларускіх школаў і дзіцячага садка ў Краславе, бо ў рэчаіснасці там не было адпаведнай колькасці дзяцей-беларусаў. На думку генеральнага дырэктара асветы дзеянні А. Махноўскага прыносілі школу школьнай справе, паколькі праз захаванне нерэнтабельных школаў і стварэнне новых месцаў працы, там, дзе не было ў іх патрэбы, адбывалася марнаванне значных грашовых сродкаў.

Вышэйзгаданыя падзеі былі адлюстраваннем шырэйшых працэсаў, якія адбываліся ў латышска-беларускім памежжы. У сапраўднасці ішло своесаблівае змаганне паміж беларускімі і латвійскімі дзеячамі за “сэрцы і душы” тутэйшага славянскамоўнага сялянства, якога нацыянальная свядомасць знаходзілася ў стадыі фармавання. Як вядома, яшчэ ў міжваенны час, асабліва пасля 1934 г., латвійскія дзеячы рабілі захады, каб надаць Латгаліі як мага латышскае нацыянальнае аблічча, што было гарантам захавання рэгіёну ў складзе латвійскай дзяржавы. Стаўленне латвійскага боку можна зразумець, паколькі ў Латгаліі ў міжваенны час існавала рэальная праблема інтэграцыі гэтага рэгіёну з астатняй часткай латвійскай дзяржавы. У паўднёвалатгальскіх валасцях толькі ў другой палове 1930-х г. латышам удалося дасягнуць перавагі ў мясцовым самакіраванні. Натуральна, што ва ўмовах нямецкай акупацыі латышскі бок намагаўся не дапусціць да страты з такім цяжарам здабытых уплываў. Латышскі і беларускі бакі разумелі, што будучыня рэгіёну можа залежыць ад нацыянальнага складу яго жыхароў, а тым часам, нацыянальна маласвядомае мясцовае сялянства было схільна пад уплывам вонкавых чыннікаў падаваць розную нацыянальнасць. Неўзабаве, як беларускія, так і латышскія актывісты, збіралі подпісы ад бацькоў аб тым, што яны належаць да латышскай ці беларускай нацыянальнасці і жадаюць высылаць сваіх дзяцей у адпаведныя школы.

Неабходна аднак адзначыць, што Махноўскі на пасадзе школьнага інспектара не адзначаўся радыкалізмам у дачыненні да недобразычліўцаў беларускай справы. Ён намагаўся захоўваць далікатнасць і такт у адносінах як з прадстаўнікамі латвійскага самакіравання, так і нямецкай акупацыйнай адміністрацыі. Дзеяч лічыў, што не належыць фарсаваць школьнага пытання, каб пазбегнуць непатрэбнай напругі. Ён сцвярджаў, што трэба дзейнічаць па прыкладу беларусаў у Літве, дзе ў паразуменні з літоўцамі і немцамі беларусам было перададзена шмат школаў. 18 жніўня 1942 г. А. Махноўскі пісаў К. Езавітаву: “Я ўжо звярнуўся з дакладам у Дзвінскі гебітскамісарыят з гэтым, і хутка надышлю і ў Мітаву. А Вам і рэферэнту не шкодзіла-б звярнуцца у Рэйхскамісарыят і да Адольфі. “Вольнае-ж змаганне” па адчыненню школ вызывае толькі варожыя настроі і пасягненні на нас латышоў, што надта балюча адгукнулася на вучыцялёх нашых, так і на сялянстве. Сяляне цэлымі вёскамі перапісываюцца ў латышы (…) Дайце-ж нарэшце зразумець, што не да бясконца можа змагацца тутака ў Латвіі невялічкая кучка інтэлігенцыі за свае правы з арганізаванай сілай (урадам і паліцыяй) ульманаўскай Латвіі”.

Гісторыя захавала сведчанні пра выпадкі пераследу беларускіх настаўнікаў з боку мясцовага самакіравання і дапаможнай паліцыі. Са скаргаў, якія прыходзілі ў 19421944 г. у Беларускае аб’яднанне ў Рызе ад мясцовых актывістаў гэтай арганізацыі вынікала, што ў правінцыі частай з’явай быў адкрыты ціск на педагогаў-беларусаў. Многія настаўнікі станавіліся ахвярай вывазу на прымусовыя працы. Здаралася, што некаторыя педагогі затрымліваліся некалькі нават разоў. Інспектар Махноўскі мусіў абараняць беларускае школьніцтва перад вышэйзгаданымі нападамі і рэпрэсіямі. 15 студзеня 1943 г. ён разам з кіраўніком Дзваінскага аддзела БА А. Якубецкім сустрэўся з намеснікам гебітскамісара ў Дзвінску і ўручыў яму ліст з просьбай вызваліць спад варты беларускіх настаўнікаў. У выніку частка затрыманых была вызвалена, але іншыя вывезены на працу ў Эстонію. Рэпрэсіі ў дачыненні да настаўніцтва аднак не спыніліся і адбываліся ў пазнейшы час. У жніўні 1943 г. паліцыя арыштавала 6 беларускіх настаўнікаў краслаўскай, дземанаўскай, юхнавецкай і гараўскай школаў. У гэтых ж час былі, таксама, затрыманыя 4 вучні індраўскай гімназіі. У сувязі з гэтымі інцыдэнтамі інспектар А. Махноўскі зноў быў вымушаны звярнуцца па дапамогу да Дзвінскага гебітскамісара. Яму ўдалося дамагчыся вызвалення кіраўніка беларускай школы ў Краслаўцы і настаўніцы гэтай жа школы, якія былі высланы на працу.

Чарговай праблемай у функцыянаванні беларускіх школаў было тое, што не заўсёды настаўнікі ў дастатковай ступені валодалі беларускай мовай. Бяручы над увагу працяглую адсутнасць у Латгаліі беларускага школьніцтва не павінна здзіўляць тое, што ў некаторых школах педагогі ў зносінах з вучнямі карысталіся латышскай ці расійскай мовамі. Некаторыя беларускія дзеячы (напрыклад, Андрэй Якубецкі) абураліся такім становішчам. Больш за тое, гэта не адпавядала таксама латышскім школьным уладам. У сувязі з гэтым генеральны дырэктар асветы ў звароце да рэферэнта асветы Генеральнай акругі “Латвія” (12 снежня 1942 г.) патрабаваў выдання адмысловага загаду аб тым, каб заняткі ў беларускіх школах адбываліся на роднай мовы. У сваю чаргу інспектар беларускіх школаў ставіўся да гэтай справы значна больш памяркоўна. 4 снежня 1942 г. А. Махноўскі пісаў да К. Езавітава: “Мне добра вядомы недахопы кадраў вучыцельскіх і тая вучнёўская маса, якая запаўняе гэтую школу, але я лічу, што мы зараз заняты будаўнічай працай і павінны асцярожна і ўважліва падыходзіць і да рознашорснай вучнёўскай масы, і да набранага вучыцельскага персанала. Мне каштавала вялікіх высілкаў арганізацыя гэтае школы і я лічу, што такі падыход грам.[адзяніна] Якубецкага да справы беларускасці, які ён ўжывае, можа разагнаць вучняў і вучыцялёў. Так востра ставіць пытанні, закранутыя грам.[адзянінам] Якубецкім, мы маглі-бы тут у Дзвінску толькі пасля некалькі гадоў працы і пры іншых абставінах і варунках. Беларуская школа зараз перапоўнена беларусамі быўшымі на працягу многіх дзесяцігоддзяў пад польскімі ўплывамі і не адразу можна ставіць нацыянальнае пытанне гэтак востра, як ставіць гэта грам.[адзянін] Якубецкі. Павінен Вам давесці да ведама, што гэта спольшчаная беларуская вучнёўская маса набрана з ведама Дзвінскага Гебітскамісарыята, бо і яны таксама, і я, перакананы ў іх беларускім паходжанні. Няма зараз у нас кім замяніць і тых вучыцялёў, якія ў школе працуюць. Прагнаць – гэта рэч вельмі простая, але сабраць – не так лёгка. Я безумоўна ў сувязі з гэтым схаджу на рэвізію, праслухаю лекцыі паасобных вучыцялёў, спакойна і па сяброўску зраблю ім некаторыя заўвагі, але агалошываць паперу спадарада Якубецкага, альбо рабіць “захады”, каб людзі адразу перарадзілісь ператварылісь – не буду. Нападкі на Гайлевіча, што датычыцца школьнага жыцця, дарэмныя, ён выкладаў і выкладае па беларуску, але некаторы пераход ад польскага тэксту малітв да беларускага павінен існаваць, бо ломка ў школьным жыцці не павінна быць войстрай. Калі грам.[адзянін]  Камаржынскі не падыходзіць на пасаду кіраўніка, дык трэба гэта сказаць яму спакойна і па сяброўску. Але я павінен зазначыць, што ў сучасны момант у нас няма кім яго замяніць і мы павінны быць задаволены яго працай. Калі патрэбна даць якія ўказанні, патрэбна даць, але не ў форме цыркуляраў і адношанняў. Спадар Якубецкі па свайму здароўю не можа і не хоча заняць пасаду кіраўніка Дзвінскае школы. Выходзіць так: самі мы не хочам працаваць, а крытыкуем і зневажаем працу другіх. Другія дзе вось не дасягнулі тэй вышыні, якую патрэбна было-б дасягнуць! Гэтак лягчэй за ўсё рабіць”.

Сур’ёзнай перашкодай на шляху да нармальнай працы беларускага школьніцтва ў Латвіі была адсутнасць дастатковай колькасці адпаведна падрыхтаваных настаўнікаў. Сітуацыю пагаршаў факт, што на прыканцы 1942 г. генеральны камісар Беларусь Вільгельм Кубэ выдаў распараджэнне аб тэрміновым вяртанні ў Беларусь тых нешматлікіх настаўнікаў, якія ў 1942/43 навучальным годзе выехалі ў Латвію і знайшлі працу ў тутэйшым школьніцтве. Інспектар беларускіх школаў А. Махноўскі прасіў старшыню Беларускага аб’ядання хадайнічаць перад уладамі Генеральнай акругі “Латвія”, каб гэтыя настаўнікі надалей працавалі ў Латгаліі.

Беларускае школьніцтва змагалася таксамі з незахопам падручнікаў. Часткова дэфіцыт быў пакрыты шляхам атрымання навучальнай літаратуры з Генеральнай акругі “Беларусь”. Аднак гэта была кропля ў мовы патрэбаў. У сувязі з гэтым ў сярэдзіне 1942 г. К. Езавітаў ініцыяваў сярод настаўнікаў збор сродкаў на выдавецкі фонд. Кожны настаўнік ахвяроўваў на справу адзін месячны заробак. У гэтай справе К. Езавітаву актыўна дапамагаў інспектарат беларускіх школаў. Пры гэтым часамі ўдавалася сабраць нядрэнныя сумы. 21 верасня 1942 г. А. Махноўскі пераслаў Езавітаву 800 марак на выданне падручнікаў. У чэрвені 1943 г. інспектар беларускіх школаў паведамляў, што ён атрымаў ад настаўніцтва Дзвіншчыны яшчэ 1550 марак. Праца прынесла свой плён і ў сярэдзіне 1943 г. накладам 3 тыс. асобнікаў выйшла чытанка К. Езавітава “Беларуская школа” (перадрук даваеннага выдання). Выданне аказалася вельмі памоцным у педагагічнай працы, хоць не было пазбаўлена пэўных хібаў. У лісце да А. Махноўскага выдавец скардзіўся, што праз малы наклад кошты выдання былі вельмі вялікія. Больш за тое, тэкст рыхтавалі да друку латышскія наборшчыкі, якія не ведалі беларускай мовы, што адбілася на якасці. Бяручы пад увагу нешматлікасць мясцовай выдавецкай прадукцыі беларускія школы надалей былі залежныя ад даставаў з-за межаў Латвіі.

11 кастрычніка 1943 г. інспектар А. Махноўскі звярнуўся да Язэпа Найдзюка, тэхнічнага кіраўніка Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі з просьбай даслаць шэраг кнігаў на патрэбы беларускіх школаў у Латвіі. У першую чаргу ён звяртаў увагу на тое, што існуе запатрабаванне на выданне Антона Лёсіка “Беларускі Правапіс”. У лістападзе 1943 г. А. Махноўскі і кс. Язэп Гайлевіч накіравалі ліст да кс. Адама Станкевіча, у якім прасілі даслаць у Латвію 3-4 тыс. асобнікаў беларускамоўнага малітоўніка. Аўтары лісту прасілі таксама згоды на перавыданне даваеннага малітоўніка “Голас душы. Кніжка да набажэнства для беларусаў-каталікоў (Вільня 1934)”.

Працу школьнага інспектара Махноўскаму даводзілася спалучаць з грамадскай і культурнай актыўнасцю. Па-ранейшаму ён з’яўляўся сакратаром управы Дзвінскага БА. Як адзін з наймалодшых і адначасова найактыўнейшых сяброў БНК-БА на Дзвіншчыне Махноўскі ўдзельнічаў ва ўсіх пачынаннях арганізацыі на тэрыторыі Латгаліі. Адным з накірункаў працы БНК-БА была агітацыя народнай культуры шляхам арганізацыі тэатральных пастановак і выступаў. Пры ўдзеле Махноўскага ў Дзвінску ў 1942 г. была створана беларуская драматычная трупа. Ён асабіста звяртаўся да беларускага актыву ў Менску і Вільні з просьбай дапамагчы дзвінчукам наладзіць тэатральную працу на належным узроўні. Акрамя таго, не без яго ўдзелу ў Дзвінску адбыліся гасцінныя выступы актораў з-за мяжы. Поспехам можна лічыць арганізацыю латгальскіх гастроляў Міхася Забэйды-Суміцкага. Рабіліся таксама спробы наладзіць выданне беларускага перыёдыка ў Дзвінску. На пачатку 1943 г. у Генеральнай акрузе “Латвія” адбыўся перапіс жыхарства. У сувязі з гэтым 30 студзеня 1943 г. А. Махноўскі заклікаў кіраўніцтва БА парупіцца пра ўключэнне беларусаў у склад лічыльных камісіяў. На пачатку 1943 г. А. Махноўскі супольна з К. Езавітавым падрыхтаваў мемарыял да генеральнага камісара ў Рызе і Дзвінскага гебітскамісара, які ўтрымліваў адпаведную просьбу да нямецкіх уладаў.

Працу на пасадзе школьнага інспектара і сакратара Беларускага аб’яднання спынілі ў сярэдзіне 1944 г. імгненныя змены на нямецка-савецкім фронце. Улетку 1944 г. савецкія войскі занялі Латгалію. У выніку беларускае школьніцтва, якое дзейнічала тут пад нямецкай акупацыяй спыніла сваё існаванне. Некаторыя мясцовыя беларускія актывісты мусілі ратаваць жыццё і пакінуць бацькаўшчыну. У абліччы новай сітуацыі восеньню 1944 г. Махноўскі разам з сям’ёй рушыў на захад. Беларус падзяліў лёс іншых уцекачоў з цэнтральнай і ўсходняй Еўропы, якія апынуліся ў лагерах для перамешчаных асобаў (ДП). Падчас знаходжання  на чужыне ў яго жыцьці здарылася вялікая трагедыя. У ваколіцах Брэгенца (Аўстрыя) трагічна загінуў яго адзіны сын. Нягледзячы аднак на асабістую трагедыю ён не спыніў сваёй грамадска-палітычнай працы. Наадварот, чынна заангажаваўся ў дзейнасць беларускай незалежніцкай эміграцыі. Пасьля расколу беларускага лагера на прыхільнікаў БЦР і Рады БНР Махноўскі далучыўся да апошніх. 24-25 красавіка 1948 г. у Остэргофэне адбыўся агульны з’езд дэлегатаў беларускіх лагераў і групаў, на якім быў створаны Беларускі Нацыянальны Камітэт – Цэнтральнае прадстаўніцтва беларускай эміграцыі ў Нямеччыне. У склад кіраўніцтва новай арганізацыі ўвайшоў таксама Махноўскі. Ён таксама ўваходзіў у склад Прэзыдыума Рады БНР. Належыў да ліку бліжэйшых паплечнікаў Міколы Абрамчыка, аб чым сведчыць факт, што ён быў прызначаны намеснікам прэзідэнта БНР. Восеньню 1948 г. па даручэнню ўраду БНР Махноўскі ініцыяваў перамовы з латышскай незалежніцкай эміграцыяй – Латвійскай цэнтральнай радай. Невыпадкова – як латвійскі беларус – увайшоў у склад беларускай дэлегацыі падчас сустрэчы з латышскімі прадстаўнікамі, якая адбылася 20 лістапада 1948 г. у мясцовасці Эслінген.

У 1949 годзе Махноўскі як многія беларускія “дыпісы” эміграваў за акіян. У якасці сталага месца жыхарства абраў ЗША. Апынуўшыся на амерыканскай зямлі ён не забыўся пра суродзічаў, якія заставаліся ў лагерах ДП. Алесь Махноўскі дапамагаў дыпісам у атрыманні дазволу амерыканскіх уладаў на пераезд у ЗША рыхтуючы ім запрашэнні. За акіянам ён не пераставаў браць удзелу ў працы Рады БНР. Неаднаразова кіраваў працамі пасяджэнняў сесіяў Рады, якія адбываліся на пачатку 1950-х г. На Шостай сэсіі Рады БНР (1951-1952) быў абраны кіраўніком Выканаўчага органу. Тады ж ён увайшоў у склад камісіі Рады БНР для апрацавання тэзісаў, якімі павінны былі кіравацца прадстаўнікі Рады БНР у дачыненнях з расійскімі антыкамуністамі. У 1953 г. Махноўскі атрымаў ад кіраўніцтва Беларускага кангрэсавага камітэту Амерыкі запрашэнне да ўдзелу ў падрыхтоўцы да склікання 1-га Усеэміграцыйнага кангрэсу.

Неабходна адзначыць, што – як і большасці тагачасных амерыканскіх беларусаў – Махноўскаму даводзілася спалучаць грамадска-палітычную актыўнасць з цяжкай фізічнай працай, каб пратрымаць сям’ю. Пры гэтым паступова пагаршаўся стан здароўя беларускага дзеяча і ягонай жонкі. На пачатку 1950-х ён перанёс складаную аперацыю. 8 лютага 1953 г. ён пісаў да Віталя Кажана: “Апошні час (на Коляды) сядзеў у цёмным пакоі, бо хворае было вока. Папала істружка зялезная з машыны. Пару тыдняў прахварэў, ня мог спаць лежучы, а толькі седзючы, бо ад прыліва крыві к воку яно дужа балела. Зараз лепш, але пэўны, што ня будзе бяльма, будзе толькі праз 4 месяцы. Праца для мяне цяжкая, але што-ж зробіш. Задаволены, што яна ёсьць. Жонка ўсё мучаецца з артрытам. Усе шпацыры й лекі даюць толькі аблягчэньне на кароткі час, а не вылячэньне. Часам працуе, часам не”.

У выніку ўнутранага крызісу Рады БНР і непаразуменняў сярод радных у сярэдзіне 1950-х г. Алесь Махноўскі разам з шэрагам іншых актыўных сяброў цалкам адыйшоў ад палітычнай дзейнасці. Аднак адмова ад палітычнай працы зусім не азначала спынення ўдзелу ў беларускім руху. Па-ранейшаму ён працягваў удзельнічаць у нацыянальна-культурным жыцці беларускай грамады ў Амерыцы. Прозвішча Алеся і Антаніны Махноўскіх можна знайсці ў спісе ахвярадаўцаў, дзякуючы якім у 1957 г. быў набыты будынак на Брукліне (401, AtlanticAvenue), у якім размясцілася галоўная святыня Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) у ЗША – сабор Св. Кірылы Тураўскага.

Алесь Махноўскі адыйшоў у лепшы свет 19 кастрычніка 1967 г. Апошні свой прытулак знайшоў на беларускіх могілках у Іст-Брансьвіку пры праваслаўнай парафіі Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ (штат Н’ю Джэрсі). Вось якім чынам пра паховіны Махноўскага пісаў яго даўні сябра іншы латвійскі беларус Пятро Мірановіч: “У сонечны дзень кастрычніка ён адбыў апошняе падарожжа на беларускія могілкі ў Іст-Брансьвіку. Тут яго ў апошні раз сустрэла і праводзіла з сумнай песьняй “Спі пад курганам” вялікая беларуская грамада. Хай будзе Яму вечная памяць!””.

 

References

Архіваліі

Беларускі дзяржаўны архіў музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ)

Ф.3 – Калекцыя дакументаў аддзела рукапісаў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў г. Вільня

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь

Ф. 458 – Кастанцін Барысавіч Езавітаў

Bundesarchiv in Berlin-Lichterfelde (Федэральны архіў), Берлін-Ліхтэрфэльдэ

R 92 – Abteilung für Bildung und Kulturdes Generalbezirk Lettland (Дэпартамент асветы і культуры Генеральнай акругі Латвія)

LatvijasValstsvēstures arhīvs (LVVA)

  1. F. P-712 – Baltkrievijas sabiedrība (Беларускае аб’яднанне ў Генеральнай акрузе Латвія)
  2. F. 2125 – Mazākumtautībuizglītībaspārvaldes. Baltkrievuizglītībaspārvalde (Упраўленне асветы нацыянальных меншасцяў. Беларускае асветнае ўпраўленне)

 

Апрацаванні

Беларускае жыцьцё ў Латвіі// Раніца. 1942. 22 лютага. С. 4.

Гардзіенка, Алег. Беларуская Цэнтральная Рада: стварэньне, дзейнасьць, заняпад. Менск, 2016.

Гардзіенка, Наталля, Юрэвіч, Лявон. Рада БНР (1947-1970): Падзеі. Дакументы. Асобы. Менск, 2013.

Езавітаў, Кастусь. Беларускае Культурна-Асьветнае Таварыства «Бацькаўшчына» ў Латгаліі і ягоная роля ў справе стварэньня беларускае школы ў Латвіі// Беларуская Школа ў Латвіі. 1932. №1(11).

Езавітаў, Кастусь. Беларускае Культурна-Асьветнае Т-ва «Бацькаўшчына» ў Латвіі. Рыга, 1932.

Езавітаў, Кастусь. Беларусы ў Латвіі.Рыга, 1927 [перадрук: Нью-Ёрк – Мінск 2013].

Екабсонс, Эрик. Белорусы в Латвии в 1918-1940 годах / Беларуская дыяспара як пасярэднiца ў дыялогу цывiлiзацый. Матэрыялы III Мiжнароднага кангрэса беларусiстаў. Мінск, 2001.

Екабсонс, Эрык. Беларусы ў Лaтвii ў часы савецкай i нямецка-фашысцкай aкупацыi (1940–1945)// Беларускі Гістарычны Агляд. 2006. Т. 13. Сш. 2.

К 5-ці гадоваму юбілею Дзьвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі // Школьная Праца. 1926. №6.

Кіпель, Вітаўт. Беларусы ў ЗША. Менск, 2017.

Крывіцкія руны. Вып. 2: Беларускі культурны мацярык у Латвіі / укл.: М. Казлоўскі і С. Панізьнік. Менск, 2017.

Статут Беларускага аб’еднаньня (у ген. кам. Латвіі)//Раніца. 1942. 14 чэрвеня. С. 2-3.

Tуронак, Юры. Беларуская кнiгa пaд нямецкiм кантролем / Туронак, Юры. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня, 2006.

Jerzy Grzybowski: Ales Makhnouski (1902-1967)
(magazine “CULTURE. NATION”, December 2019, issue 24, p. 2237,  www.sakavik.net)

Ales Makhnouski (1902-1967), Belarusian public figure and educator, belongs to the famous Belarusian national activists, who came from Latgale (Latvia). He graduated from Belarusian teacher’ courses in Dzvinsk in 1923 and worked as a teacher in several Belarusian schools in Latgale (1923-1934). In 1941-1944, he was the member of Belarusian National Committee in Latvia and worked as a school inspector. After WWII, he migrated to the USA where he was the member of the Rada BNR and an activist in Belarusian organizations.

Юрий Грибовский: Алесь Махновский (1902-1967)

(журнал «КУЛЬТУРА. НАЦИЯ», декабрь 2019 г., выпуск 24, стр. 22-37, http://www.sakavik.net)

Алесь Махновский (1902-1967), белорусский общественный деятель и педагог, принадлежит к известным белорусским национальным деятелям, походившим из Латгалии (Латвия). Он окончил белорусские педагогические курсы в Двинске в 1923 году и работал учителем в нескольких белорусских школах в Латгалии (1923-1934). В 1941-1944  гг. он был членом Белорусского национального комитета в Латвии и работал школьным инспектором. После Второй мировой войны он переехал в США, где был членом Рады БНР и активистом белорусских организаций.



Categories: Асьвета, Гісторыя, Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: