Якуб Філіпавіч Рапецкі: Маё жыццё і духоўная служба (аўтабіяграфія)(часопіс «КУЛЬТУРА. НАЦЫЯ», сьнежань 2019, №24, с.38-45), www.sakakavik.net

logo for chasopis

 

Я беларус, які нарадзіўся 30 траўня 1908 года ў вёсцы Новы Дварэц Палескага ваяводства пад Польшчай (сёння гэта ў Брэсцкай вобласці нашай Беларусі) у незаможных бацькоў-земляробаў. Па веравызнанні яны былі праваслаўныя і з дзяцінства выхоўвалі мяне ў сваёй веры, што значыць, навучылі мяне маліцца і выконваць розныя абрады.

У 1924 годзе, калі мне было ўжо 16 гадоў, у нашай мясцовасці разнесліся погаласкі, што ў адной з суседніх вёсак адзін чалавек, які вярнуўся з бежанства, у жылых дамах праводзіць мітынгі ды прапаведуе нейкую новую веру, якія некаторыя называюць баптысцкай, калі іншыя – штундысцкай. Пры першай магчымасці я адведаў тую ж вёску ды прысутнічаў на сустрэчы і пазнаёміўся з тым прапаведнікам, і людзі гэтай сустрэчы пазычылі мне Новы Запавет. Пазней яны разам са мною адведалі маю родную вёску і мы ўпершыню ў нашым доме правялі евангелізацыйную багаслужбу. Дом быў перапоўнены мясцовымі жыхарамі, якія з вялікай увагай слухалі Слова Божае. Месяц пазней тыя ж самыя вернікі, ужо ў большай колькасці, зноў адведалі нашую вёску і правялі евангелізацыйную багаслужбу, падчас якой я пакаяўся ды навярнуўся да Хрыста, прыняўшы Яго сваім асабістым Збаўцам і Госпадам-Уладаром. Гэта здарылася 18 траўня 1924 года.

Пасля таго я пачаў у святочныя дні рэгулярна  хадзіць на ранішнюю і вечаровую багаслужбы, але ж таксама ў сваёй вёсцы пры ўсякай магчымасці сведчыў сваім аднавяскоўцам пра Хрыста і запрашаў іх на багаслужбы. У выніку маіх старанняў пяць душ з нашых аднавяскоўцаў навярнуліся да Госпада. Мая вера і актыўная дзейнасць бацьку не падабаліся і ён казаў мне, што я мушу ўсё гэта прарваць ды пакінуць, а ў тым выпадку, што я не перастану гэтымі справамі займацца, то ён пагражаў мяне пабіць. Калі ягоныя пагрозы маёй дзейнасці не прыпынялі, то ён аднаго дня узяў кій і, трымаючы яго над маёй галавой, выкрыкнуў: «Убірайся раз і назаўсёды з маёй хаты, а калі не, то я проста заб’ю цябе!». Нічога іншага я ня мог зрабіць апроч таго, як толькі тут жа пакінуць сямейны дом, і ён за мною выкінуў торбу з ўсімі маімі духоўнымі кнігамі, з якіх я падняў і ўзяў з сабою толькі Біблію. Рэшту кніг я пакінуў на двары, якія мама пазней забрала і захавала ад таты, як толькі ён выйшаў з хаты. Пасля гэтага я пайшоў у найбліжэйшую вёску да веруючых ды расказаў ім пра ўсё, што толькі што са мною здарылася, за што мы падзякавалі Госпаду і нейкая радасць звыш напоўніла маё сэрца, што Госпад прызнаў мяне годным папакутаваць за Яго накшталт таго, як гэта здаралася з апосталамі.

У наступны дзень я пайшоў у горад Пінск, дзе шукаў сабе працу, і на трэці дзень па выгнанні з хаты я ішоў па тратуары ад хаты, у якой я начаваў, і бачу наперадзе, што ідзе насупраць мяне мая мамачка з ношай на плячах. Калі падышоў да яе, яна залілася слязьмі і, абняўшы мяне, сказала: «Сыночак, што ты са мною зрабіў? Ці ж ня ведаеш ты жорсткасці твайго бацькі? З ім і тады немагчыма было жыць. А што будзе цяпер, я проста не магу сабе ўявіць! Пакінь адкрытае выражэнне тваёй веры, толькі ў сэрцы веруй, пакуль ты не памужнееш». Я адказаў ёй, што так я ні ў якім разе не магу рабіць. Мы з ёю зайшлі ў  кватэру, дзе я на кароткі час пражываў. Яна зняла ношу, у якой была мне адзенне для працы, змена нацельнай бялізны ды прадукты як хлеб, сала, масла і малако.

За пару тыдняў я знайшоў сабе працу пры будове чыгуначнага вакзала. Пасля перайшоў на працу пры будове вайсковых казармаў. Восенню зволілі мяне з працы і зіму я правёў у адной веруючай сястры, дзе ўсю зіму цэпам малоў збожжа. На наступнае лета працаваў на лесапілцы і з заробленых грошаў змог на Вялікдзень таго года падзяліцца прадуктовымі падарункамі з бацькам, думаючы, што гэтым чынам пакажу яму, што я не вораг яму, На жаль, ён людзям казаў: «Вот Яша думае сваімі падарункамі неяк прыадобрыцца мне, але я ўсё роўна яго ненавіджу». Пасля таго я перастаў гэтак рабіць. 26 верасня 1926 года я прыняў святое воднае хрышчэнне, якое выканаў у Пінску ў рацэ Піна прэсвітэр Піснкай Царквы Евангельскіх Хрысціян брат Іван Святошчык. У 1927 і 1928 гадах я працаваў у лесапілцы, а у святочныя дні адведваў вакольныя вёскі, дзе праводзіў евангелізацыйныя багаслужбы, за што двойчы мяне арыштавала польская паліцыя.

На зіму мяне звальнялі з працы і я тады займаўся духоўнай працай у Пінску на пасадзе старшыні моладзевага кружка ды ў вакольных вёсках, дзе было нямала чальцоў нашага кружка. У пачатку 1929 года прапаведнік Пінскай Царква, брат Сітаж, звярнуўся да мяне з наступнымі словамі: «Браце Яша, я маю для цябе добрую навіну. У Радасці недалёка ад Варшавы адкрываюцца біблійныя курсы, на якія я раю табе паступіць, а мы дамо табе добрую рэкамендацыю і цябе напэўна прымуць». На гэта я адразу даў сваю згоду, запоўніў усе анкеты, адаслаў і за месяц атрымаў адказ, што мяне прынялі і ў палове лютага я ўжо прысутнічаў на курсах, дзе вучыўся праз гады 1929 і 1930. Там жа мы вывучалі Біблію экзэгэтычным спосабам, гамалетыку, музыку і польскую мову ў народным інстытуце. Дырэктарам пры тых курсах быў шырока вядомы прапаведнік габрэйскага паходжання доктар Майсей Гітлін. Калі я закончыў курсы, дырэктар біблійнага інстытута парэкамендаваў мне стацца калпортэрам (г. зн. носчыкам) выдавецтва духоўнай літаратуры, кіраўніком якога быў знакаміты ў Польшчы пастар Б. Гецэ. Ён забяспечыў мяне ўсялякай духоўнай літаратурай. З ёю я адправіўся ў родныя краі і займаўся распаўсюджваннем духоўнай літаратуры як па горадзе Пінску, гэтаксама па мясцовых вёстках, ідучы з хаты да хаты. Калі Новых Запаветаў не прадаваў, то бясплатна даручаў частку іх альбо здаваў людзям брашуры духоўнага зместу, і так працаваў аж да 1934 года.

У 1935 годзе я пазнаёміўся з прапаведнікамі, якія працавалі недалёка ад польска-савецкай мяжы – братамі Грамыкам, Скарабчатым і Манцаводам. Браты прапанавалі мне адкрыць місіянерскі пункт ў гандлёвым і культурным мястэчцы Мір, што знаходзіўся ўсяго толькі 35 кіламетраў ад мяжы з Савецкім Саюзам. З дапамогай вышэй-прыгаданых братоў ды пастара Гецэ мы нанялі там жа зал, і я праводзіў рэгулярныя багаслужбы, у выніку чаго некалькі душ навярнуліся да Госпада. Раніцой я ўладжваў нядзельную школу для дзяцей. Але ж тут жа мясцовае духавенства са школьным персаналам данесла да паліцыі, што наш зал непрыгодны для такіх мітынгаў з тае прычыны, што няма бакавых дзвярэй для выхаду пры пажары і існуе трэшчына ў адной сцяне. Таму паліцыя забараняла нам уладжваць

багаслужбы і гэтакім чынам закрылі маю там духоўную працу. Але ж дзякаваць Богу і па цяперашні час засталося там жа некалькі веруючых.

У сярэдзіне 1939 года суседняя царква евангельскіх хрысціян у Быкевічах страціла свайго прэсвітэра, і на гэтую пасаду Быкевічэская царква выбрала мяне. Гэта здарылася за тры месяцы да прыходу да нас Савецкай улады, але я пад аховай Гасподняй стаяў на тым месцы да 1942 года. Ужо пры Саветах я яшчэ раз адведаў сваю родную вёску і ў тым ліку – маю сям’ю з бацькам. Тата ўжо крыху мякчэй ставіўся да мяне, хоць ён рашыў пагаварыць са мною і стараўся адгаварыць мяне ад далейшага пастарскага служэння сярод вернікаў у Быкевічах. «Яша, я раю табе зысці з тваёй прэсвітэрскай пасады, – ён стараўся пераканаць мяне, – лепей перадай службу камусьці з мясцовых чальцоў суполкі, а ты сядзь на заднюю лаўку. Дай іншаму кіраваць той суполкай. Калі савецкія ўлады прыйдуць, то не цябе возьмуць і адправяць кудысьці ў Сібір, а правадніка». На гэта я адказаў тату: «Не, татачка, так зрабіць я не магу. Я даў абяцанне Госпаду служыць ды заставацца верным Яму да канца, таму не магу пакінуць гэтую Богам дадзеную службу». Бацька ізноў раззлаваўся на мяне, што яшчэ раз я не паслухаўся яго і на гэтым мы разышліся. Гэта была для нас апошняя сустрэча.

Я вярнуўся ў Быкевічы. І сапраўды, нягледзячы на тое, што мне пагражалі вывезці ў Сібір, мясцовыя савецкія ўлады не паспелі гэта ажыццявіць. Тут жа другая частка вайны ўспыхнула паміж Нямеччынай і Савецкім Саюзам і ў даволі хуткім часе з’явіліся немцы. Пасля іхняга прыходу выявілася, што ў нашай Быкевічэскай суполцы сярод вернікаў былі двое вышувальнікаў: адзін чалец царквы, а другі быццам бы прыбліжаны да Госпада. Яны відаць штотыдня даносілі інфармацыю міліцыі пра ўсё, што я рабіў у суполцы.

У красавіку 1942 года, калі нямецкія войскі занялі амаль што ўсю Беларусь, я паехаў у Менск, які знаходзіўся 120 кіламетраў ад нас, каб пашукаць там евангельскіх вернікаў і аднавіць духоўную працу. І вось там жа знайшліся 25 чальцоў-вернікаў, якія пажадалі ўладжваць пастаянныя багаслужбы, для якіх мэр горада (ён быў беларус) адпусціў нам палова-разбураны бомбай будынак у горадзе для нашага ўжытку. На рамонт нашая царква шчодра ахвяравала розным зернем і мы хуценька яго адрамантавалі і пачалі праводзіць рэгулярныя багаслужбы пад кіраўніцтвам брата Антона Мітрафанавіча Кецкі, якога выбралі кіраўніком, а мяне туды запрасілі як прапаведніка. За гадавы перыяд нашай супольнай духоўнай працы царква узрасла ад 25 да 250 чальцоў. У тым годзе мы правялі тры багаслужбы з хрышчэннямі прыбліжаных. Дарэчы, нам было сказана, што з пункту гледжання нямецкіх уладаў лепей нам старацца прапаведаваць і праводзіць багаслужбы на беларускай мове замест расейскай, што мы і стараліся чым больш рабіць. Брат Кецка ў гэты час папрацаваў з іншымі і выдаў беларускамоўны спеўнік, якім мы пачалі карыстацца. Нават дэвіз на шыльдзе, што вісеў над намі абвяшчаў, што мы «мы прапаведуем Хрыста ўкрыжаванага».

Калі мэр горада пачуў, што арганізавалася нашая царква, то ён прапанаваў нам узяць пад апеку і духоўнае выхоўванне два сіроцкія прыстанкі. У адным былі 74 дзеткі па ўзросце ад чатырох да васьмі гадоў, а ў іншым – 53 па ўзросце ад дзевяці да пятнаццаці гадоў. У другім прыстанку жылі пераважна дзяўчаткі. Мэр хацеў, каб царква прадвызначыла асобную адказную асобу, якая павінна была стацца і духоўным настаўнікам або настаўніцай для дзетак. Такому дырэктару вызначалі нейкую плату і немцы пагадзіліся не браць такіх на працу як у Беларусі, так і ў Нямеччыну. Гэтую пасаду брат Кецка даручыў мне, на што я пагадзіўся. Я перадаў кіраўніцтва Быкевіческай царквы двум дыяканам і перабраўся ў Менск. На развітальнай багаслужбе ў Быкевічах, што адбылося 30 траўня 1942 года, пасля майго трохгадовай службы царква з ускладаннем рук прысвяціла мяне на прэсвітэрскае служэнне; рука-ускладанне выканаў прэсвітэр Іван Панцэвіч. Калі я перасяліўся ў Менск, то царква выбрала мяне выхавальнікам моладзі, таксама духоўным выхавальнікам сірот у дзіцячых прыстанках і дырыжорам хору. Будучы рука-ускладаным прэсвітэрам я выконваў хрышчэнні, праводзіў вячэру Гасподнюю і ўчыняў іншыя пастарскія абавязкі. Засталася ў памяці адна ўнікальная багаслужба ў Слуцку ў чэрвені 1943 года. Мы разам з братам Іванам Панцэвічам правялі багаслужбу над ракой Случ і ахрысцілі ў той дзень 264 душы.

Госпад сапраўды дзейнічаў у людскіх душах, калі падчас вайны ніхто з нас не ведаў, ці заўтра мы застанёмся ў жывых. Мы маглі толькі спадзявацца на Госпада і на Ягоную забарону і ахову. Пры ўсім гэтым я амаль штомесячна адведваў цэрквы ў заходняй Беларусі з тою мэтаю, каб збіраць прадукты і адзежу для сірот, бо ў немцаў не хапала такога для дзетак пад нашай апекай. Павінен тут жа дадаць, што Бог нас усіх такім велізарным чынам захоўваў ад бяды перад уладамі, бо мы даглядалі больш за 70 дзетак габрэйскага паходжання, аб чым немцы не ведалі апроч аднаго. Бог прыслаў нам нямецкага афіцэра Кругера, які нас адведваў і назіраў, чым мы займаемся. Выяснілася, што ён сам веруючы чалавек і ведаў пра прабыванне габрэйскіх дзяцей пад нашай аховай, але ад сваіх немцаў ён гэту інфармацыю скрываў. Сіроткам я чытаў з Бібліі і растлумачваў біблійныя дактрыны на іхнім узроўні ды мы вучылі іх беларускія духоўныя песні, якія яны з радасцю спявалі. Калі Саветы прыйшлі, то ўсе дзеткі пад нашай апекай былі захаваны ад смерці і засталіся здаровымі і ў шчаслівым духу.

Абслугоўваць два сіроцкія прыстанкі мне стала цяжкавата, таму па прапанове мэра я пачаў шукаць другога выхавальніка для прыстанку з старэйшымі дзецьмі. Як раз у гэты час у мяне ўзнікла думка, што найлепш было б ажаніцца і жонку паставіць на гэты пост, хаця было і страшнавата, бо маглі б улады аб’явіць мабілізацыю мужчын на вайсковую службу. І вось пры сустрэчы з братам Іванам Панцэвічам, які нас адведаў у Менску, я адкрыў патрэбу ў выхавальніцы для сіроцкага прыстанку. З усмешкай ён сказаў: «Брат Яша, гэта вам добры выпадак пажаніцца з Жэняй Апанасік, забраць яе сюды і яна станецца тваёй харошай супрацоўніцай як у прыстанку, гэтаксама і ў царкве ды ў хоры». Я дагэтуль двойчы сустрэўся з Жэняй і на гэтую прапанову брата Панцэвіча я ахвотна пагадзіўся. Сустрэчу з ёю ён уладзіў ў сваёй хаце ў Баранавічах, дзе я і выказаў ёй сваё жаданне на жаніцьбу з ёю, але яна адказала, што падумае і за пару месяцаў дасць свой адказ, што супадала з святкаваннем Нараджэння Хрыстовага. Мы і сустрэліся пры святкаванні Нараджэння Хрыстовага ў Слоніме і яна выказала сваю згоду выйсці замуж з мною. Наш шлюб адбыўся 23 студня 1944 года ў Баранавічах.

Перасяліўшыся ў Менск, мы адразу на адпачынак не пайшлі, а чым хутчэй уступілі ў цяжкую духоўную працу ў сіроцкіх прыстанках, царкве і хоры. Апрача ўсіх рэгулярных багаслужбаў мы ў кожны аўторак і чацвер вечарамі ў пажылых дамах праводзілі асаблівыя сустрэчы: разбор Слова Божага і спеўкі, і ў тых кватэрах заставаліся пераначаваць, бо ноччу хадзіць па горадзе забаранялася і толькі раніцай адтуль разыходзіліся па працах. У тыя дні мы адчувалі сябе стомленымі, але за тое духоўна падбадзёраванымі. Так здаралася, што ў адзін дзень больш за 60 чалавек хрысціліся. Калі пры адступленні немцаў мы пакідалі менскую царкву, то ў ёй ўжо было больш за 360 чальцоў. Калі нямецкае адступленне пачало набліжацца да Менска і мы прадбачылі, што Саветы не дазволяць нам займацца духоўнай працай ды мне пагражала вайсковая служба, мы рашылі, што і Жэні заставацца сярод чужых нельга. Ёй трэба было пераехаць у свой дзяўчыны дом, дзе жыла яе мама.

Хаця з цяжкасцю ўдалося пагрузіцца ды адправіцца на чыгуначны транспарт і нас не туды павезлі, куды мы хацелі, а куды давялося выбраць толькі гэты шлях. Прайшоўшы нямала розных карантынаў і дэзінфекцыяў, мы прыехалі ў паўмільённы індустрыяльны горад Ганновер, і нас змясцілі ў лагер для людзей «з усходу», што азначала – з найгоршымі ўмовамі жыцця. Лагер знаходзіўся паміж пасажырскім чыгуначным і выгрузным пунктамі, а гэтае месца часта бамбардзіравалі амерыканскія самалёты. Таму нам шэсць разоў у суткі прыходзілася ўцякаць у найбліжэйшы бункер – тры разы днём і тры разы ноччу. Мяне паставілі на працу пры рамонце чыгункі, а Жэню – пад галоўным вакзалам таго горада на прыборку бункера.

У Ганноверы мы хуценька знайшлі багаслужбы веруючых немцаў, якія завялі нас у лагер, дзе жылі славянскія вернікі і сярод якіх нядзелямі праводзіліся нашыя славянскія багаслужбы. Мы пачалі рэгулярна хадзіць на гэтыя сустрэчы, але таксама шукалі і у іншых лагерах нашых вернікаў, зацікаўленых евангельска-хрысціянскай праўдай. Іх мы знаходзілі і запрашалі на сустрэчы і гэтак ўсё працягвалася 9 месяцаў да перамогі Саюзнікаў над Нямеччынай. Вайсковыя акупацыйныя ўлады хутка адправілі жадаючых працаўнікоў на іхнія радзімы, а сярод славян, якія не жадалі вярнуцца на радзіму, арганізавалі адзін вялізарны ў вайсковых казармах лагер Чырвонага крыжа, у якім сабралі 4500 душ. Там жа мы арганізавалі евангельскую царкву, якая выбрала мяне сваім прэсвітэрам. Пры першапачатковай арганізацыі запісаліся 15 чальцоў. Мы адрамантавалі адзін пакой на малітоўны зал і пачалі праводзіць рэгулярныя багаслужбы. У сярэдзіне ліпеня 1945 года адбылося першае хрышчэнне моладзі. На той багаслужбе я ахрысціў 15 душ. Мы таксама адведвалі іншыя лагеры ў бліжэйшых мястэчках, дзе праводзілі перыядычныя евангелізацыйныя багаслужбы, падчас якіх людзі каяліся і навярталіся да Хрыста.

Духоўная праца ў толькі што арганізаваных лагерах дэпістаў (тэрмін гэты выходзіць з ангельскага выражэння DP са значэннем «displaced person», гэта значыць – перамешчаны чалавек) пачала паспяхова развівацца таму, што была культурна выгодна для людзей з усходняй Еўропы. У іх былі хоры, юнацкія кружкі, жаночыя групы і нядзельныя школы. Кожнае лета праводзіліся два або тры багаслужбы з хрышчэннямі нованаверненых. Да нас пачалі прыязджаць людзі з іншых лагероў, прапаведнікі пераважна ўкраінскія, бо лагер называўся імем кампазытара Н. Лысэнкі, хаця ў лагеры была і добрая палова з іншых славянскіх нацыяў. З цягам часу некаторыя ўкраінскія браты і сёстры настойвалі, што ім патрэбны сапраўдны ўкраінскі прэсвітэр, хаця я стараўся прапаведаваць па-ўкраінску. Калі я пачуў такія размовы, то на адной дзелавой сустрэчы я адказаўся ад пасады старэйшага прэсвітэра і пагадзіўся займацца евангелізацыйнай працай, на якую мяне выбралі як раз’езднага дабравесніка. Я пачаў адведваць розныя лагеры ў ваколіцах Ганновера, дзе знаходзіліся ўкраінцы, палякі і беларусы ды час ад часу прымаў удзел ў служэнні мясцовай царквы. Калі ў сярэдзіне жніўня 1948 года нашая сям’я рыхтавалася пакінуць лагер, то царква ўзрасла ад 50 да 160 чальцоў.

У Нямеччыне нам з Жэняй нарадзіліся трое дзетак. У 1945 годзе нарадзілася Дзіна, але, на жаль, яна праз некалькі тыдняў памерла. Юрка нарадзіўся 1 сакавіка 1946 года, а Юзё – 23 ліпеня 1947 года. Па прыходзе розных камісіяў у праходным лагеры ў Фаленбоотоне 13 кастрычніка 1948 года нашая сям’я з Брэменскай гавані ў Нямеччыне на караблі «Генэрал Лангфіт» пераплыла акеан і 22 сакавіка прыбыла ў канадскі горад Галіфакс, дзе выступілі на канадскую зямлю. Розныя славянскія сем’і, у тым ліку і сям’я майго добрага сябра з Пінска Івана Калінікавіча Гука, з усходнеславянскіх цэркваў у Канадзе дапамаглі нам сродкамі заплаціць за пераезд у Канаду. З Галіфакса мы цягніком адправіліся ў заходнюю Канаду і падарожнічалі 3 суткі ды сышлі з цягніка ў мястэчку пад назваю Бігар, дзе сустрэлі нас мясцовыя славянскія вернікі, якія ўжо пражылі некалькі гадоў у Канадзе.

Я знайшоў працу ў фірмы цягнікоў і разам з камандай іншых працаўнікоў даглядаў і рамантаваў чыгунку. Мы жылі на адкрытым полі каля чыгункі ў доме для чыгуначных працаўнікоў. У 1951 годзе нам нарадзілася дачка Марыя і ў наступным годзе мы цэлай сям’ёй перабраліся ў горад Саскатун, дзе я знайшоў іншую працу. Будучы ў Канадзе, я працягваў прапаведаваць у розных усходнеславянскія цэрквах: у Саскатуне, Бігары і розных іншых мястэчках, параскіданых ў заходняй Канадзе, дзе пасяліліся ўкраінцы, беларусы і рускія. Калі нашыя дзеці крыху падраслі, мы цэлай сям’ёй выступалі на сустрэчах нашых славянскіх вернікаў – спявалі духоўныя песні цэлай сям’ёй і я прапаведаваў.

Нашыя дзеці прайшлі канадскую школьную сістэму. Сыны вучыліся ва ўніверсітэтах. Наш старэйшы сын, Юры, паступіў у хрысціянскую місію, дзе служыў мой сябра Іван Гук. Яны рыхтавалі евангельскія радыё-перадачы на рускай мове, а пазней мы з Юрыем пачалі беларускамоўную праграму «Добрая вестка», якую высылалі ў Монтэ Карла, што і перадавалася ў эфір на Беларусь хрысціянскай радыё-фірмай «Транс Сусветнае Радыё». Нашыя дзеці цяпер маюць сваіх жонак і мужа і сваіх дзяцей, за што мы надта ўдзячны Богу. На заканчэнне магу сказаць адно: ва ўсіх нашых перажываннях Бог заўсёды прабываў з намі і Ён кіраваў нашым жыццём. Усякая падзяка і слава належаць нашаму Госпаду і Богу за ўсё, што Ён пасылае нам!

PS: Еўгенія Ісідараўна Рапецкая памерла 4 верасня 1986 года; Якуб Філіпавіч Рапецкі памёр 7 лютага 1998 года

Jakub Filipavich Rapetsky: My life and spiritual service (autobiography)

 (magazine “CULTURE. NATION”, December 2019, issue 24, p. 3845,  www.sakavik.net)

This text was provided to magazine by Jurka Rapetski, the son of the author. It describes the life of Belarusian man, J. F. Rapetski (1908-1998) and his service as protestant pastor in various life circumstances, in Western Belarus (1924-1939), the BSSR (1939-1944), Germany (1944-1948), and then in Canada.

 

Якуб Филиппович Рапецкий: Моя жизнь и духовное служение (автобиография) (журнал «КУЛЬТУРА. НАЦИЯ», декабрь 2019 г., выпуск 24, стр. 38-45, www.sakavik.net)

Этот текст был предоставлен журналу Юркой Рапецким, сыном автора. В ней описывается жизнь белоруса Я.Ф. Рапецкого (1908-1998) и его служение в качестве протестантского пастора в различных жизненных обстоятельствах в Западной Беларуси (1924-1939), БССР (1939-1944), Германии (1944-1948), а потом в Канаде.



Categories: Гісторыя, Рэлігія

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: