Вёска выглядае як чалавек, якому павыбівалі зубы». Дарожныя нататкі Кастуся Шыталя

16.11.2017

— Ад’едуся трохі, да вечара вярнуся, — кажу Яніне Іванаўне, маёй цётцы, у якой на кватэры я жыву.

Выходжу на двор. Надвор’е паскуднае. Неба шэрае, пад нагамі гразь, валіць мокры снег. Усё змрочна… А так хочацца сесці з кубачкам кавы ці гарбаты з добрым чалавекам, ды паразмаўляць пра тое ды пра сёе, ды пра ўсё на свеце. І вось гэтая прага і выгнала мяне на холад і гразь…

Параф’янава. Сумны лістападаўскі дзень у беларускім мястэчку.

Куды падацца? Набіраю добрую знаёмую Валерыю, якая жыве ў вёсцы Алешкі за Будславам, дваццаць пяць кіламетраў ад мяне. Нешта не адказвае. Ладна. Пайду ў тым кірунку, а калі што, дык вярнуся.

Праз пятнаццаць хвілін Валерыя перазвоньвае.

— Прывітанне.

— Прывітанне. Што вы робіце?

— Толькі прачнуліся. А ты што? Можа, недзе каля нас?

— Не, пакуль што яшчэ ў Параф’янаве.

— Едзеш да нас?

— Не, пакуль што не еду. Але, калі можна, то прыехаў бы.

— Прыязджай. Калі будзеш?

На апошняе пытанне я не мог даць адказу. Дарога з Параф’янава на Будслаў — даволі глухая. Я пайду ў кірунку Будслава з разлікам на тое, што мяне падбярэ нейкая спадарожная машына. Выходзячы на дарогу, малюся апосталу Філіпу. Думаю, што гэтага святога трэба лічыць апекуном тых, хто ездзіць аўтаспынам. Бо гэта ён, як напісана ў восьмым раздзеле кнігі Дзеяў Апосталаў, пайшоў «на шлях, які зыходзіць з Ерусаліма ў Газу, той, які пусты», — і сустрэў там вяльможу на калясніцы, і пад’ехаў з ім, тлумачачы па дарозе Святое Пісанне.

Не ведаю, якая дарога больш пустая — з Ерусаліма на Газу ці з Параф’янава на Будслаў.

Першая вёска ў кірунку Будслава — Грынеўшчына — выглядае як чалавек, якому павыбівалі зубы. У забудове многа прагалаў — дзе хаты знеслі і закапалі, а хацішчы зааралі, і саўгаснае поле падыходзіць да самай вуліцы. Вёска вялікая — вуліца цягнецца амаль на два кіламетры. Старая бабулька, што з пустой торбай выходзіла з панадворка на дарогу, сказала, што жыхароў у Грынеўшчыне засталося чалавек пятнаццаць. У 1931 годзе ў вёсцы быў 71 двор і 390 чалавек.

«Прарэджаная» вёска Грынеўшчына. Справа стаяла хата, гэтай восенню яе закапалі.

У другім канцы вёскі чуваць сігнал аўтамабіля. Гэта прыехала аўталаўка, спынілася каля самай дагледжанай хаты з акуратным панадворкам і калодзежам каля брамкі. Каля аўталаўкі сабраліся дзве старыя жанчыны, набываюць самыя патрэбныя прадукты: хлеб, смятану, булку. Фатаграфую, каб захаваць для гісторыі гэты абразок з жыцця беларускай вёскі пачатку ХХІ стагоддзя.

Аўталаўка — адзінае, што звязвае паўпустыя вёскі з вялікім светам.

— Ай, нашто ты нас фатаграфіруеш? Ну нашто? Фатаграфіраваў бы што красівае, — бабулькі словамі выказваюць абурэнне, але ў іх голасе зусім не адчуваецца злосці.

— А, я знаю гэтага мальца. Кастусь Шыталь… Напішыць у інтэрнэце, — кажа магазіншчыца. — Толькі благога не пішыце, калі ласка, а то мяне накажуць.

— Напішыце, што ў нас фанары не гараць. Толькі два на ўсю вёску. А тры не гараць! — кажуць мне жанчыны. Трэба будзе, калі вярнуся дамоў, напісаць зварот на сайт Докшыцкага райвыканкама.

У канцы Грынеўшчыны злева была школа, а справа — могілкі. Школу сёлета разабралі на дровы. А на могілках у апошнія гады навялі парадак: спілавалі дрэвы, паставілі новы крыж, абгарадзілі. Тыповая карціна, у якой адбіваецца ўвесь лёс беларускай вёскі.

За Грынеўшчынай дарога выходзіць на раўніну. Тут — і далей да Будслава, Крывічоў няма ніякіх пагоркаў, зямля роўная як стол. Справа — поле аж да балота. Злева — поле аж да чыгункі. На даляглядзе — туман. Неба аднастайна шэрае. Асфальт мокры. У бок Будслава не ідзе аніводная машына. «На такой дарозе і апостал Філіп рады не дасць», — думаю.

Кіламетр за кіламетрам — шэрае неба і пустая дарога.

На полі злева перад вёскай Хілаўшчына ляжаць урослыя ў зямлю, парослыя травой і мохам, цюкі саломы. Падобна, у саўгаса не хапіла паліва, каб іх сабраць і звезці. У Хілаўшчыне каля дваццаці хат — пэўна, большая палова пустых, як і ўсюды. Адзіная прыкмета жыцця, якую заўважаю з дарогі, — «Газэль» з лагатыпам «Белтэлекама», якая пранеслася міма мяне, павярнула і спынілася ў вёсцы. На гарызонце з боку Будслава з’яўляецца мікрааўтобус «Фольксваген». Кіроўца прыпыняецца каля мяне і апускае шкло:

— Добры дзень! Скажыце, калі ласка, у каго тут ёсць трактар МТЗ-82?

— Не знаю, я не тутэйшы, — адказваю. — Заедзьце да каго ў вёску, папытайцеся.

На Будслаў няма машын… За Хілаўшчынай прыпыняюся на ўзбочыне, п’ю гарбату з тэрмаса. Заядаю бабруйскай халвой, якую набыў у прыватнай краме «Паўлінка» ў Параф’янаве. Пачынаецца дождж. Кроплі вады падаюць на акуляры, і погляд на шэрае неба, пажоўклую траву і голыя дрэвы становіцца размыты.

У вёсцы Іванова на адным з падворкаў брэша сабака і размаўляюць людзі. Значыць, нейкія людзі тут жывуць. Яшчэ ў дзве ці тры хаты людзі прыязджаюць як на лецішча. Заходжу на вясковыя могілкі, падыходжу да паламанага чыгуннага крыжа, пад якім ляжыць дзяўчына, якая памерла 26 снежня 1862 года ва ўзросце васямнаццаці год…

Пад гэтым крыжам ляжыць дзяўчына, якая памерла ў 18 год на другі дзень Каляд.

За Івановам — сасновы лес. Летам ён сонечны, светлы, там растуць чарніцы, пазней брусніцы, у верасні зацвітае верас. Тут прыпыняюцца адпачыць пілігрымы, калі ідуць на фэст у гонар Маці Божай у Будслаў. Калі ў пачатку лесу павярнуць направа — можна выехаць у закінутую вёску Мураўшчына на беразе ракі Сэрвач ці на прыгожы драўляны мост праз рэчку з балцкай назвай Блядка. А ў лістападзе і гэты лес выглядае панура.

Мядзельскі раён Мінскай вобласці сустракае новым асфальтам, каменнымі падмуркамі былога фальварка Караліна ды маладымі пладовымі садамі Ілаўскага вінзавода. З вёскі Забегі даносіцца сігнал аўтамабіля — гэта прыйшла аўталаўка Мядзельскага райпо. Пакуль я дайшоў да вёскі, аўталаўка з’ехала. Са скрыжавання да сваіх хат цягнуцца бабулькі з торбамі.

Вёска Забегі — больш дагледжаная за астатнія.

Але Забегі выглядаюць весялей, чым Грынеўшчына і Хілаўшчына. Хаты і будынкі больш дагледжаныя, і пустых хат нямнога. Побач з вёскай — лес і рака. Летам сюды ахвотна прыязджаюць нашчадкі былых гаспадароў, вечарам на вуліцы можна нават грамадку дзяцей, якія гуляюць, пабачыць. На вясковай вуліцы, якая крыжуецца з галоўнай дарогай, ляжыць брук.

Заходжу на адзін з падворкаў, вітаюся з гаспадаром. Я пазнаёміўся з ім выпадкова два гады таму. Ехаў роварам з Будслава і трапіў пад дождж. Папрасіўся пераседзець непагоду ў хаце.

— Добры дзень! Ці памятаеце мяне?

— Памятаю, Канстанцін… Вы мне старую карту далі. Вось хачу яшчэ карту Докшыцкага раёна купіць, але не бываю ў Докшыцах…

У 30-я гэты край быў шматлюдны. Лічбы пад назвамі вёсак азначаюць колькасць двароў.

Чалавек, хоць выглядае бедна і жыве бедна, мае нейкую моцную цікаўнасць да свайго краю. Але найбольш мяне ўразіў малы хлопчык Кірыл, з якім я разгаварыўся, чакаючы, пакуль скончыцца дождж. (Не ведаю, хто ён гаспадару: сын, унук ці пляменнік.) Скончыўшы першы клас, ён ведаў усе краіны Еўропы і іх сталіцы. Бачна: малы надзвычай цягнецца да ведаў. Быўшы наступны раз у Забегах, я падараваў Кірылу некалькі кніжак. А гэтым разам перадаў яму энцыклапедыю для школьнікаў «Двадцатый век», якую я набыў ў трэцім класе ў кнігарні ў Полацку за грошы, што дала з пенсіі бабуля. Цяпер гэтая кніга мне не трэба, а гэты хлопчык хай чытае.

Дарогі, вечныя дарогі…

Прайшоўшы пешшу чатырнаццаць кіламетраў, паўкіламетра за вёскай Забегі, я нарэшце спыняю машыну. Кіроўца едзе з вёскі Баркоўшчына ў Маладзечна.

— Ці жыве хто-небудзь у Баркоўшчыне? — пытаюся.

— Адзін чалавек жыве, але і ён выедзе. Не хоча ў калхозе рабіць, паедзе на Расію. Цяпер збывае гаспадарку, прадае свіней… І два дачнікі летам прыязджаюць…

Паводле польскіх даведнікаў, у 1931 годзе ў Баркоўшчыне было 23 хаты, 106 жыхароў.

— А ці чулі вы ад старых, як немцы спалілі Залатухі?

— Не. Ведаю толькі тое, што на помніку напісана. Залатухі спалілі, а Баркоўшчына была побач і яе не кранулі…

За акном ідзе дождж. Кроплі падаюць на лабавое шкло, іх змахваюць дворнікі. Дарога ўецца між палёў і лясоў, праходзіць Ілава, Яцкавічы, станцыю Будслаў, Равячку. Прыязджаем у Алешкі. «Спыніцеся тут», — кажу.

— Пачакайце, пачастую вас, — кажа кіроўца.

— Чым?

— Зараз убачыце.

Кіроўца адварочваецца да задняга сядзення, падымае посцілку са скрыні. Дастае рамку з сотавым мёдам і працягвае мне.

Мне ўжо не так сумна, як было з раніцы.

Нацюрморт з мёдам з Будслаўшчыны.

15 лістапада 2017 года, Параф’янава — Грынеўшчына — Забегі — Алешкі.

Кастусь Шыталь
https://nn.by/?c=ar&i=200594



Categories: Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google photo

You are commenting using your Google account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: