14 студзеня споўнілася б 100 гадоў з дня нараджэньня Міколы Аўрамчыка (1920–2017). Ён ня зьведаў жахаў сталінскіх лягераў, але правёў амаль тры гады ў нямецкім палоне, дзе адпакутаваў на шахтах Рура. Яшчэ да вайны на яго зьвярнулі ўвагу Якуб Колас і Янка Купала. А пасьля ён ужо сам спрыяў юным творцам Караткевічу, Барадуліну, Наўроцкаму.
Яго найлепшыя вершы вызначаюцца ляканізмам і ўнутранай гармоніяй. Многія бязь ценю камплімэнтарнасьці называлі Аўрамчыка адным з самых сумленных, чулых, спагадлівых і добрых беларускіх пісьменьнікаў.
1. У дзяцінстве ледзь не загінуў, калі ўпаў з млына
«…з двума сябрамі мы надумалі залезьці ў вятрак, які пуставаў за вёскай… Дзьверы былі забітыя… Жэрдкай падсадзілі сябра ўгару, той пранік у вятрак і апусьціў крыло. Па адным садзіліся на крыло, а сябра падымаў нас… залезьлі ў шапку ветрака. Там, на драўлянай перакладзіне тормаза, замест грузу віселі медныя дэталі ад машын, знаходзіліся алюмініевыя кольцы артылерыйскіх снарадаў. Грудзьмі я налёг на перакладзіну і стаў адбіваць адно з кольцаў. Перакладзіна саскочыла, і я церазь яе нырнуў уніз. Не забіўся толькі таму, што, падаючы, тройчы стукнуўся аб бэлькі, якія замарудзілі падзеньне. Усьлед за мной па лесьвіцы… зьляцелі і мае сябры. Яны выбілі дзьверы, прынесьлі… балотнай вады і пачалі адліваць мяне» (М. Аўрамчык. Пра сябе / Анкета. Мн., 1990).
2. Якуб Колас параўноўваў яго зь Лермантавым
У газэце «Чырвоная змена» за 8 красавіка 1939 году чытаем: «…Маю ўвагу спыніў верш Аўрамчыка „Адлёт жураўлёў“. Верш надзвычай сьвежы. Па сіле і эмацыянальнасьці я стаўлю яго ў рад такіх вершаў, як лермантаўскі „Парус“».
3. Палонным штодзень чакаў калецтва альбо сьмерці
Пра гэта пісаў у вершах, якія складаў у 1944 годзе, калі працаваў шахцёрам у Руры:
Не прыбралі хлопца маладога
З пераломанымі ўшчэнт рукамі,
Як паблізу тут жа на другога
З вышыні зваліўся цяжкі камень.
Мне пакутваць засталося мала,
Не мінуць і мне гэтай дарогі…
Ад сьцяны адваліцца кавалак
І раструшчыць рукі або ногі…
(Зь верша «Думы ў капальні» / М. Аўрамчык. Выбраныя творы. Мн., 2015)
Сёньня
Побач на нарах
Памёр мой сусед.
Больш ня будзе ён трызьніць у сьне.
Зараз я на чарзе… (Аўрамчык, 2015).

Мікола Аўрамчык: “Толькі амэрыканская тушонка”
4. Параўноўваў Лукаша Бэндэ з эсэсаўцамі і са служкамі Берыі
Аўрамчык успамінаў, як у канцы 1950-х «…у невялікай залі Саюзу пісьменьнікаў… Бэндэ літаральна атакаваў мяне… і на поўным сур’ёзе даказваў, як ён ашчасьлівіў Янку Купалу, ледзьве не сілком справадзіўшы таго ў саўгас „Сосны“, дзякуючы чаму паэт і напісаў паэму „Над ракой Арэсай“… калі я глядзеў на яго аголеную грушападобную галаву, на глыбока пасаджаныя вочы, ён чамусьці мне нагадваў эсэсаўца. А калі неўпрыкмет сьлізгаў позіркам па ягонай гімнасьцёрцы, напушчанай на галіфэ, і па наглянцаваных ботах, Бэндэ здаваўся мне берыеўскім апрычнікам» (Зь імем Купалы — у сэрцы / Аўрамчык, 2015).
5. Яго намаўлялі, каб вярнуў з-за мяжы паэта-эмігранта Алеся Салаўя
«Аднойчы ў пару хрушчоўскай адлігі рэдактар газэты „Голас Радзімы“ Леанід Прокша зьвярнуўся да мяне: „Зьвярніся праз нашу газэту да Алеся Салаўя (сябраваў з Аўрамчыкам у канцы 30-х, застаўся ў Беларусі пад акупацыяй, пасьля вайны жыў у Аўстраліі. — РС), каб ён вярнуўся з чужыны на бацькаўшчыну“.
…гэта… напалохала мяне… Радавы, што… трапіў у фашысцкі палон, адкуль быў вызвалены ангельскімі войскамі, я сам на бацькаўшчыне жыў на птушыных правах. Мне не хацелася ўцягваць у непрыемную гісторыю іншага чалавека… Але наадрэз адмовіцца было рызыкоўна… нічога не заставалася, як пагадзіцца. Праўда, я паабяцаў выканаць просьбу толькі пасьля таго, як Прокша прынясе мне для азнаямленьня вершы, якія Алесь Салавей друкаваў у час вайны… Ня ведаю… ці адпаведныя органы не пажадалі знаёміць мяне з творчасьцю Алеся Салаўя, але Прокша больш не прыйшоў…» (Пакутныя блуканьні / Аўрамчык, 2015).

Мікола Аўрамчык: “У Данбасе маглі самавольнічаць”
6. Абураўся тым, як прайшло перапахаваньне Янкі Купалы
«У 1962 годзе, напярэдадні 80-годзьдзя з дня нараджэньня паэта, было вырашана перавезьці з Масквы ў Менск яго астанкі і пахаваць на Вайсковых могілках. Аднак… шырокая грамадзкасьць была ўведзена ў зман. Прызначыўшы пэўны час для правядзеньня жалобнага мітынгу, кіраўніцтва за некалькі гадзін да таго… употайкі ад народу пахавала… паэта. Гэты ўчынак абурыў… Было сорамна за нашых гора-кіраўнікоў» (Зь імем Купалы — у сэрцы / Аўрамчык, 2015).
У 90-я гг. у вершы «Сон» знаходзім такія радкі:
Як заўсёды, маўклівы,
Купала
Прамовіў з загадкай
І з папрокам нямым у вачах
На мяне паглядзеў:
«Таямнічую сьмерць
Абвясьцілі няшчасным выпадкам
І мой прах пахавалі
Употай ад многіх людзей»
(М. Аўрамчык. Запрашэньне да роздуму. Мн., 1994).
7. Адшукаў забытую магілу Максіма Багдановіча
Як вядома, у 1920-я гады згубленую магілу аўтара «Вянка» знайшоў Уладзімер Дубоўка, але пасьля 2-й усясьветнай месца пахаваньня Багдановіча ізноў загубілася. Знайсьці даручылі Аўрамчыку.
«Я павінен быў адшукаць магілу паэта, параіцца з інжынэрам наконт яе добраўпарадкаваньня. Я доўга хадзіў па Ауцкіх могілках, пакуль нарэшце ў непралазным гушчары пры разьвілцы дзьвюх утравянелых сьцежак ня ўбачыў добра знаёмую па фатаздымку ў даваенным акадэмічным двухтомніку паэта надмагільную пліту. Цяпер я кожную восень наведваю магілу паэта, якую засланілі вялізныя надмагільныя помнікі. Спрабаваў пасеяць на ёй васількі. Але яны чамусьці не ўзышлі…» (М. Аўрамчык. Нашы вандроўкі / Анкета. Мн., 1990).
8. На яго пакрыўдзіўся старэйшы сын Якуба Коласа
«Мяне заўсёды сьмяшылі людзі, якія спрабавалі ўзьвялічыць нашых духоўных апосталаў [Янку Купалу і Якуба Коласа] аднаго над адным або аддавалі перавагу камусьці зь іх… недарэчны выпадак адбыўся са мною ў Ленінградзе зімою 1958 года. Пісьменьнікі гэтага горада наладзілі вялікі літаратурны вечар, прысьвечаны жыцьцю і творчасьці Янкі Купалы і Якуба Коласа. Пасьля гасьціннай вячэры… мяне затрымаў старэйшы сын Якуба Коласа Даніла… З балючай крыўдай і дакорам ён пачаў ушчуваць, што яго бацька прыкмеціў мяне, юнака, і добрым словам публічна дабраславіў у літаратуру, а я, няўдзячны, болей люблю Янку Купалу…» (Духоўны прарок і зямны чалавек / Аўрамчык, 2015).
9. Пасьля вайны хадзіў у паліто Машэрава
Аўрамчык у той час амаль ня меў гардэробу і пайшоў разам з жонкай на Чэрвеньскі рынак, дзе ў адной жанчыны ўбачыў добрае паліто.
«Жанчына прасіла за яго тысячу рублёў… Яно аказалася ледзьве не да пят. Уладальніца рэчы запэўнівала, што ў любой майстэрні паліто ўкароцяць… Нібы апраўдваючыся, яна прызналася, што муж пашыў яго для паездкі за мяжу, але не апрануў ні разу. Я запытаў імя мужа. „Машэраў“. Каб падахвоціць… жанчына ўступіла сотню рублёў… Доўга франціў я ў ім пасьля вайны, потым пераніцаваў, а яно ўсё ня мела зносу» (Зь ягонай лёгкае рукі / Аўрамчык, 2015).
10. Аўрамчыку было сорамна за «Сказ пра Лысую гару»
«Караткевіч крычаў: „Мала нашага брата чэрняць!“ Гэтаксама супраць яе выказваўся і Міхась Стральцоў… Сказаць па праўдзе, мне цяпер так сорамна за гэтае суаўтарства (склаў супольна зь Нілам Гілевічам, яны схаваліся пад псэўданімам Вядзьмак Лысагорскі. — РС). Многа там крыўдлівага і несправядлівага. Нельга так зьдзекавацца зь людзей, зь іхніх прозьвішчаў. У гэтым выпадку я паддаўся Гілевічу, а калі пачынаеш займацца зубаскальствам, меры няма ніякай. Пасьля напісаньня я ня мог спакойна хадзіць па дачах. Здавалася, што ўсе ведаюць, хто аўтар. Я гатовы быў нават перапрасіць у пакрыўджаных. Аднак Гілевіч сказаў: „Ты што, сьмяесься?!“ І тады я зразумеў, што ён чакае, пакуль я дам дуба, і тады скажа, што аўтар ён» (Дзяржаўная ідэалёгія бяз мовы — глупства! / Tut.by, 25.04.2010).
Categories: Асобы, Літаратура
Пакінуць адказ