ЯК МАЛЯВАЛІ МЕЖЫ БЕЛАРУСІ ЧАСТКА VI

1919 год: Віцебшчына аддзялілася сама, Рэчыцу забраў НКВД, Магілёў і Смаленск адрэзалі

Свабода працягвае праект «Як малявалі межы Беларусі». У другім сэзоне мы расказваем пра ўсходнія межы, якія фармаваліся ў канцы 1910-х і ў 1920-я гады. У той час мяжа не аднойчы перасоўвалася ад Барысава і да Смаленска.

САВЕЦКУЮ БЕЛАРУСЬ СКАПІЯВАЛІ З МАПЫ БНР

За адзін толькі 1919 год межы Савецкай Беларусі перамалёўваліся пяць разоў. І калі 1 студзеня Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь (спачатку яна называлася ССРБ, назва БССР зьявілася ў 1921 годзе. — РС) займала плошчу амаль 300 тысяч км2 і сягала ад Беластоку на захадзе да Смаленску на ўсходзе, то ў жніўні таго ж году ад Беларусі заставалася вузкая палоска шырынёй 30–40 км уздоўж ракі Бярэзіны, дзе самым буйным горадам быў Барысаў. Плошча той «палоскі» была меншая за «першую БССР» прынамсі ў 20 разоў.

Але пачаць гісторыю варта з таго, што ўвогуле ўзялі за аснову першай Савецкай Беларусі. Як ні дзіўна, але мапа ССРБ, абвешчанай 1 студзеня 1919 году, амаль цалкам супадае з мапай Беларускай Народнай Рэспублікі, якую абвясьцілі 25 сакавіка 1918 году.

Мапа БНР

Мапа БНР

Стваральнікі савецкай Беларусі хоць і адцураліся БНР на словах, аднак у рэчаіснасьці арыентаваліся акурат на межы БНР і на этнаграфічныя мапы акадэміка Яўхіма Карскага. У 1903 годзе той выдаў першую ў гісторыі мапу расьсяленьня «беларускага племені», дзе пазначыў 6 тыпаў беларускіх гаворак. «Беларускае племя», паводле дасьледаваньняў Карскага, займала цалкам ці часткова тагачасныя Віленскую, Горадзенскую, Магілёўскую, Менскую, Смаленскую і Чарнігаўскую губэрні.

photo

«Этнаграфічная мапа беларускага племені» акадэміка Карскага (націсніце на мапу, каб пабачыць падрабязней)

А таму, калі ў першыя дні 1919 году ў бальшавіцкіх газэтах зьявіўся «Маніхвэст» аб абвяшчэньні ў Смаленску «вольнай незалежнай Беларускай Сацыялістычнай Рэспублікі», многія былі ўражаныя абсягам новастворанай дзяржавы.

Маніхвэст 1919 года

Маніхвэст 1919 года

Праўда, стваральнікі ССРБ пакінулі на літоўскім баку мяжы Вільню (яўная саступка Сталіна настойліваму літоўскаму бальшавіку Міцкявічусу-Капсукасу). Але ў астатнім на ўсіх кірунках тэрыторыя абвешчанай рэспублікі значна пераўзыходзіла межы цяперашняй Беларусі. На захадзе яна ўключала Беласток і Аўгустаў, на поўначы — Невель і Вяліж, на ўсходзе — Смаленск, Дарагабуж і Ельню, на поўдні — Берасьце, Гомель і Старадуб…

Вось як зьмянялася Беларуская Сацыялістычная Рэспубліка з пачатку да сярэдзіны 1919 года.

CCPB
ПАДЗЕЛ 1919 ГОДА СУПАДАЎ ЗЬ ПЕРШЫМ ПАДЗЕЛАМ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

Але «веліч» гэтая працягвалася вельмі кароткі час — усяго 16 дзён.

Не пасьпелі яшчэ новыя кіраўнікі беларускага ўраду і ЦБ КП(б)Б (Цэнтральнае бюро Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі — найвышэйшы орган у кіраўніцтве партыі), пераехаўшы са Смаленску, уладкаваць свае новыя кабінэты ў Менску, як атрымалі з Масквы, ад Якава Сьвярдлова (на той час ён быў старшынём ВЦИК — Усерасейскага цэнтральнага выканаўчага камітэту, найвышэйшага органа дзяржаўнай улады ў РСФСР), пастанову ЦК РКП(б) (Цэнтральны камітэт Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) — найвышэйшы орган кіраўніцтва партыі) ад 16 студзеня, якая многіх зь іх агаломшыла: тэрыторыю Беларусі прадпісвалася скараціць практычна напалову, аддзяліўшы ад яе на карысьць РСФСР тры губэрні — Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую.

Цікава, што расейскія бальшавікі ў студзені 1919-га забіралі ў Беларусі дакладна тыя ж землі, якія забрала ў Рэчы Паспалітай расейская імпэратрыца Кацярына II у выніку першага падзелу 1772 г.

map of ex-Poland and Duchy

Першы падзел Рэчы Паспалітай 1772 году супадае з тым, якія землі расейцы адрэзалі ў 1919 годзе. Ілюстрацыя Halibutt, Wikimedia Commons

Беларускія камуністы — стваральнікі ССРБ спрабавалі супраціўляцца. Пісалі рэзалюцыі, выпраўлялі дэлегацыі ў Маскву, пасылалі тэлеграмы Леніну, Сталіну, Сьвярдлову. Беспасьпяхова. З Масквы ў Менск быў выпраўлены ленінскі эмісар Адольф Іофэ, які павінен быў забясьпечыць «абразаньне» ССРБ і… аб’яднаньне яе затым зь Літоўскай рэспублікай.

maliankou
даведка:

Адольф Іофэ (1883–1927) — нарадзіўся ў Сымфэропалі ў сям’і купца-мільянэра. Вучыўся ў Бэрлінскім і Цюрыхскім унівэрсытэтах. Адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Льва Троцкага. Быў сярод ключавых фігураў савецкай дэлегацыі пры заключэньні Брэсцкага міру, паводле якога бальшавіцкі ўрад пагадзіўся перадаць Нямеччыне захад Горадзенскай губэрні, а Ўкраіне — усё Палесьсе ад Берасьця да Гомля.

12 ліпеня 1920 году ад імя РСФСР падпісаў дамову зь Літвой, паводле якой Літве перадаваліся паўночна-заходнія беларускія тэрыторыі да Нёмана — з Горадняй, Мастамі, Лідай, Ашмяной.

Кіраваў дэлегацыяй РСФСР на перамовах з Польшчай у Рызе ў 1921 годзе, у выніку якіх Польшчы была перададзена Заходняя Беларусь.

Застрэліўся ў 1927 годзе — пасьля таго як ЦК РКП(б) адмовіў яму ў грошах для лячэньня за мяжой.

«КАБ ПАКЛАСЬЦІ КАНЕЦ СЭПАРАТЫЗМУ».
ЧАМУ БАЛЬШАВІКІ НАПАЛОВУ СКАРАЦІЛІ БЕЛАРУСКУЮ РЭСПУБЛІКУ

Ленін і ягоныя паплечнікі спадзяваліся на хуткую ўсясьветную пралетарскую рэвалюцыю. Германская і Аўстра-Вугорская імпэрыі на Захадзе на той час ужо абрынуліся. На іхных абломках імкліва паўставалі новыя незалежныя дзяржавы — Польшча, Чэхаславаччына, Вугоршчына, Аўстрыя… У Маскве чакалі, што вось-вось мясцовыя камуністы возьмуць там уладу і трыюмфальнае шэсьце савецкіх рэспублік працягнецца на захад Эўропы. Але замест гэтага ўбачылі, што народы новых незалежных краін ствараюць уласныя нацыянальныя дзяржавы, арыентаваныя зусім не на камуністычную Расею.

У гэты момант і нарадзілася ідэя савецкіх «рэспублік-буфэраў», якія б адгарадзілі РСФСР ад варожага Захаду і ў выпадку чаго прынялі на сябе «першы націск імпэрыялістаў». Уласна, такой буфэрнай рэспублікай і была ССРБ, абвешчаная 1 студзеня 1919 году. Дзеля чаго ж спатрэбілася абразаць яе так, што памежнымі беларускімі гарадамі на ўсходзе станавіліся Барысаў і Бабруйск?

Маскву, відавочна, напалохаў прыклад Польшчы. Усяго два месяцы як паўстаўшы пасьля 123 год акупацыі, яна імкліва ўздымалася. Легіёны Пілсудскага стаялі ўжо ў Горадні, Ваўкавыску і Кобрыні, і спыняцца на гэтым не зьбіраліся. А што, калі раптам «дробнабуржуазныя элемэнты» возьмуць верх і ў Беларусі? Гэта ж атрымаецца, што дзяржаўная мяжа РСФСР праляжа за 200 кілямэтраў ад Масквы…

photo

Цэнтар Менску ў канцы 19 – пачатку 20 стагодзьдзя

Вось як ленінскі эмісар Адольф Іофэ 22 студзеня 1919 году тлумачыў беларускім таварышам, чаму ССРБ неабходна скараціць (з пратаколу паседжаньня ЦБ КП(б)Б (Цэнтральнае бюро Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі — найвышэйшы орган у кіраўніцтве партыі) у пытаньнях тэрыторыі рэспублікі):

«Стварэньне такіх рэспублік мае свой небясьпечны бок — а менавіта — яно дае магчымасьць разьвівацца ў вялікай ступені нацыяналістычна-шавіністычным памкненьням. Дробнабуржуазныя элемэнты могуць нацыяналістычнымі лёзунгамі зацямніць пралетарскую самасьвядомасьць, як гэта зараз назіраецца ў Польшчы.

Каб пазьбегнуць гэтага ў Беларускай Рэспубліцы, дзе хаця дзеля разьвіцьця нацыяналістычных памкненьняў і няма вялікіх дадзеных, мы адразу павінны пакласьці канец сэпаратызму…»

Верагодна, расейскіх бальшавікоў напалохаў прыклад ня толькі Польшчы, але і Літвы. На тым жа паседжаньні член Цэнтральнага бюро тав. Пятроў нагадаў усім пра Літву «як прыклад рэспублікі, дзе, нягледзячы на адсутнасьць аб’ектыўных дадзеных для разьвіцьця нацыяналізму, апошні ўсё ж неймаверна разьвіўся».

photo

Зьміцер Жылуновіч са сваёй сям’ёй

А таму Масква настаяла на ўласным рашэньні, каб скараціць Савецкую Беларусь. Хоць гэтаму і пярэчыла беларускае кіраўніцтва. З дакумэнтаў вядома, што Зьміцер Жылуновіч (старшыня Часовага ўраду ССРБ, аўтар Маніфэста аб абвяшчэньні рэспублікі) і іншыя нацыянальна арыентаваныя сябры ўраду Савецкай Беларусі былі катэгарычна супраць. А Мясьнікоў (у студзені — лютым 1919 г. член Часовага ўраду ССРБ, старшыня ЦБ КП(б)Б), хоць і не прызнаваў беларусаў як нацыю, пагаджаўся аддаць толькі Віцебшчыну.

З тэлеграмы старшыні ВЦИК Якава Сьвярдлова кіраўніку часовага ўраду ССРБ Зьмітру Жылуновічу 30 студзеня 1919 г.:

«Дэлегатам ЦБ самым рашучым чынам было адмоўлена ў адмене рашэньня ЦК. Пацьвярджаю: Віцебская, Смаленская, Магілёўская губэрні адыходзяць, застаюцца ў Беларусі дзьве губэрні — Менская, Горадзенская. Дадаю рашэньне ЦК правесьці на зьезьдзе Беларусі аб’яднаньне зь Літвой… У Магілёве лінія ЦК пройдзе несумненна. У Віцебску таксама. Смаленск пад сумневам, але падпарадкаваньне будзе безумоўным, як і на зьезьдзе ў Менску.»

БО «КРАЙ ДАЎНО РУСЫФІКАВАНЫ».
ВІЦЕБСКІЯ КАМУНІСТЫ БЫЛІ СУПРАЦЬ СТВАРЭНЬНЯ БЕЛАРУСІ
Vitebsk

Дзьвінскі мост у Віцебску, фота 1909 года

Даведаўшыся пра абвяшчэньне Беларускай Рэспублікі, камісар Сямён Крылоў, які ўзначальваў тады віцебскіх бальшавікоў і фактычна кантраляваў уладу ў рэгіёне, ужо 2 студзеня дамогся, каб губэрнскі камітэт РКП(б) «прынцыпова выказаўся супраць стварэньня Беларускай Рэспублікі». А крыху пазьней вырашыў увогуле аддзяліцца ад Беларусі ўсёй губэрняй. У падпісанай ім 16 студзеня 1919 году ад імя віцебскіх камуністаў пастанове ўтрымліваліся, сярод іншага, наступныя заявы:

«Стварэньне Беларускай Рэспублікі не апраўдваецца ніякімі матывамі. Край ужо даўно русыфікаваны, мовы і нацыянальнай культуры няма. Беларускіх тэндэнцый у шырокіх пралетарскіх і сялянскіх масах няма і не было…»

«Камітэт лічыць, што абвяшчэньне самастойнай Беларусі абудзіць у масах нацыянальныя памкненьні, зжыць якія будзе вельмі цяжка…»

«Разглядаем гэты акт як інтэлігентную задуму таварышаў зь Беларускага камісарыяту ды іншых камуністаў, якія заразіліся нацыяналізмам…» .

krylou

Сямён Крылоў выступае на ваенным парадзе ў Віцебску, лістапад 1918 года. Кадр з кінахронікі «Кінатыдзень №25»

І як вынік — віцебскія камуністы на чале з тав. Крыловым прапануюць ЦК партыі абвяшчэньне Беларускай Рэспублікі адмяніць, а беларускі ўрад — распусьціць.

Не дачакаўшыся роспуску, камісар Крылоў з таварышамі вырашылі аддзяліцца ад ССРБ усёй губэрняй у аднабаковым парадку — і далучыцца да РСФСР. Пра што і даслалі 22 студзеня 1919 году тэлеграмы ў Менск і ў Маскву з такой заявай: «Губэрнская канфэрэнцыя камуністаў пастанавіла вылучыцца са складу Беларусі ў партыйных і савецкіх адносінах і далучыцца да Савецкай Расеі».

На кіраўнікоў савецкай Беларусі Мясьнікова і Кнорына (сакратар ЦБ КП(б)Б, член Часовага ўраду ССРБ) настойлівасьць камісара Крылова зрабіла нечаканы ўплыў. 27 студзеня ў тэлеграме ў адказ яны паведамілі, што ЦБ КП(б)Б пастанавіла «адмовіцца як у савецкіх, так і ў партыйных адносінах ад Віцебскай губэрні, даўшы ёй поўную свабоду…»

Такім чынам, расейскі сэпаратыст Крылоў атрымаў поўную перамогу.

1918

Ваенны парад ў Віцебску, лістапад 1918 года. Кадр з кінахронікі«Кінатыдзень №25»

Магчыма, не ў апошнюю чаргу за гэтыя заслугі ў 1923 годзе вуліца расейскага на той час Віцебску, дзе жыў камісар, была пры жыцьці названа ягоным імем. Гэтую назву вуліца ў гістарычным цэнтры носіць і сёньня. Відаць, дзеля таго, каб віцябляне памяталі імя зацятага ворага беларускай дзяржаўнасьці, які дамогся аддзяленьня Віцебшчыны ад БССР.

ЯК БЕЛАРУСЬ СТАЛА ЛІТОЎСКА-БЕЛАРУСКАЙ ССР
map

Усяго праз адзін месяц пасьля абвяшчэньня ССРБ ад Савецкай Беларусі мала што засталося. А 27 лютага 1919 году на загад Масквы абвяшчаецца ўжо новая рэспубліка — Літоўска-Беларуская ССР. Гэта было дзіўнае ўтварэньне зь Менскай, Горадзенскай, Віленскай і Ковенскай губэрняў, задуманае расейскімі бальшавікамі як чарговы «буфэр».

Новаабвешчаная рэспубліка была населеныя пераважна беларусамі. Але ніводзін зь беларускіх нацыянальных дзеячоў у склад кіраўніцтва ўраду ня трапіў. Першага старшыню ўраду ССРБ Зьмітра Жылуновіча ў Літбеле не зрабілі нават народным камісарам. Працоўнымі мовамі ў рэспубліцы былі літоўская, расейская і польская — на іх пісалі дакумэнты і выдавалі літаратуру.

Верагодна, літоўскія камуністы першапачаткова разглядалі ўсю маскоўскую задуму зь Літбелам як форму далучэньня Горадзеншчыны і Меншчыны да Літвы.

З пратаколу паседжаньня ЦК КП Літвы 29 студзеня 1919 г.:

«Міцкявічус-Капсукас: …Прынцыпова згодны з далучэньнем Менскай губэрні, але практычна недастаткова сіл. Трэба змабілізаваць усе сілы і зьвярнуцца на захад. Частка Горадзенскай губэрні павінна адысьці Літве…

…Пастанавілі: Пытаньне аб далучэньні Менскай губэрні не прадвырашаць, абмеркаваць яшчэ раз, калі пытаньне будзе пастаўлена канчаткова. Мяжой лічыць старую лінію акопаў, якая супадае зь межамі паветаў Дзісенскага, Вілейскага, Сьвянцянскага, Смаргоні і часткі Ашмяны. Горадзенскі павет павінен быць далучаны да Літвы. Калі не сустрэнецца перашкодаў, то таксама Ваўкавыскі і Слонімскі…»

Трэба памятаць, што ўсе гэтыя новыя дзяржаўныя ўтварэньні на аскепках былой Расейскай імпэрыі абвяшчаліся ва ўмовах няспынных баявых дзеяньняў. На зьмену Першай усясьветнай вайне, якая скончылася ў 1918 годзе, прыйшла савецка-польская вайна. І фронт амаль увесь час праходзіў дзесьці па тэрыторыі Беларусі.

photo

Вільня, фота Яна Булгака

А таму цяжка сказаць, як бы склалася далейшая гісторыя Літбела, каб не імклівы наступ на ўсход польскіх легіёнаў. Ужо 8 красавіка палякі занялі Вільню, крыху пазьней — Ліду, Наваградак, Баранавічы. Кіраўніцтва Літбелу пераехала ў Менск… Каб ратаваць становішча, 13 ліпеня 1919 году ў Менск прыбыў член Рэўваенсавету (Рэвалюцыйны ваенны савет — найвышэйшы калегіяльны орган ваеннай улады ў Расеі падчас грамадзянскай вайны) Іосіф Сталін. На працягу чатырох ці пяці дзён ён жыў у пэрсанальным вагоне на Аляксандраўскім вакзале ў Менску. Правёў шэраг нарадаў зь мясцовымі бальшавікамі і быў цалкам расчараваны дзейнасьцю кіраўнікоў Літбелу.

«Канстатую поўную непатрэбнасьць ураду і Савету абароны Літбелу, неабходнасьць іх самароспуску і ўваходжаньня іх членаў у органы фронту», — пісаў Сталін у тэлеграме Леніну 13 ліпеня 1919 г.

8 жніўня ў Менск увайшлі польскія войскі. Камісары Літбелу паўцякалі ў Смаленск. Наступ легіёнаў Пілсудскага спыніўся толькі на Бярэзіне — прыкладна на той мяжы паміж ССРБ і РСФСР, якую ўсталявала Масква 16 студзеня 1919 г. Ісьці далей на ўсход палякі не наважыліся. У гэтым сэнсе «абрэзаная» ССРБ ролю буфэра, можа, і выканала.

ЯК НКВД АДРЭЗАЎ АД БЕЛАРУСІ РЭЧЫЦУ І ХОЙНІКІ
photo

Гомель на пачатку 20 стагодзьдзя, фота з сайту radzima.org

У той час як Літбел імкліва скарачаўся і зьнікаў з палітычнай мапы, расейскія бальшавікі вырашылі адшчыкнуць ад яго яшчэ адзін кавалак. Гэта адбылося 11 ліпеня 1919 году, калі да РСФСР адышоў Рэчыцкі павет Менскай губэрні. У той дзень расейскія ўлады стварылі Гомельскую губэрню – новую адміністрацыйную адзінку. У яе ўвайшлі часткі Магілёўскай і Чарнігаўскай губэрняў, якія былі ўжо ў складзе РСФСР, і чамусьці Рэчыцкага павету, які да апошняга быў у складзе ССРБ, а потым — Літбелу.

Такім чынам літоўска-беларуская савецкая дзяржава страціла кавалак у 12,6 тыс. км2, дзе жыло больш за 200 000 чалавек. Расейскімі сталі Рэчыца, Лоеў, Хойнікі, Калінкавічы.

photo

Што цікава, зроблена гэта было не кіраўніцтвам РСФСР, ня Леніным і ня Сталіным, а на загад НКВД РСФСР. Ні ў літоўскага, ні ў беларускага кіраўніцтва Масква ні пра што нават не спыталася.

У сярэдзіне 20-х гадоў новаму кіраўніцтву новай БССР давялося зь вялізнымі цяжкасьцямі вяртаць гэтыя тэрыторыі.

Але пра гэта — у наступных выпусках. У гэты час, у жніўні 1919 году, на геаграфічнай мапе сьвету ўвогуле не засталося Беларусі: ні савецкай, ні дэмакратычнай… У Менску камандаваў генэрал Войска Польскага Станіслаў Шаптыцкі; за Бярэзінай пачыналася РСФСР.

Пра праект:

Быў час, калі Беларусь мела ў сваім складзе Беласток і Друскенікі, але быў і такі, калі за яе межамі апынуліся Гомель і Магілёў. Калі б кола гісторыі павярнулася крыху інакш, у межах Беларусі сёньня маглі б быць Вільня і Смаленск. Але яно магло павярнуцца і ў другі бок — і існавала зусім рэальная небясьпека, што Берасьце, Полацак і Пінск апынуцца ў складзе суседніх дзяржаў. 20-я, 30-я, 40-я гады мінулага стагодзьдзя былі вызначальнымі для сёньняшніх абрысаў Беларусі. Адны правадыры і партыйныя функцыянэры беларускую тэрыторыю пашыралі, другія, наадварот, адрэзвалі альбо спрабавалі адрэзаць цэлыя раёны і вобласьці. Як і чаму гэта адбывалася — распавядаем у праекце пра межы Беларусі.

Валянцін Жданко, Антон Трафімовіч,
Жанна Новік, Зьміцер Васількоў



Categories: Гісторыя

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google photo

You are commenting using your Google account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: