Асобы дзесяцігодзьдзя, якія рабілі Беларусь лепшай

18 студзень 2020, 09:10

Другое дзесяцігодзьдзе XXI стагодзьдзя не прынесла Беларусі палітычных пераменаў, хоць якасна зьмяніла грамадзтва. Зьявіліся дзясяткі новых ініцыятываў і лідэраў, якія мянялі Беларусь да лепшага. Адзначым некалькі тэндэнцыяў, якія зрабілі гэтыя 10 год асаблівымі, і некаторых людзей, якія за гэтым стаялі.

1. Грамадзянская супольнасьць выходзіць з падпольля

Разгон «Плошчы» 2010 году пакінуў пасьля сябе выпаленае поле. У 2011-м выселілі Сядзібу БНФ. Акрамя галерэі «Ў», у Менску практычна не было незалежных пляцовак. За дзесяць гадоў у Менску зьявіліся «Арт Сядзіба» (якая пяць разоў мяняла офіс), «Корпус», «ЦЭХ», «ОК16», «Space», «Балкі», «Прэс-Клюб», «Верх», «Ме100»…

Прэзэнтацыя кнігі Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР» у прасторы OK16
Прэзэнтацыя кнігі Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР» у прасторы OK16

Партыі і грамадзкія арганізацыі «выйшлі з падпольля» ды праводзілі свае зьезды ў канфэрэнц-залях, гатэлях, палацах. Свае дзьверы публічным імпрэзам адчынілі кавярні («Грай»), незалежныя пляцоўкі ў Берасьці («Крылы Халопа», «Дзедзіч»), Горадні («Цэнтар гарадзкога жыцьця»), Віцебску («Торвальд»).

Беларускі свабодны тэатар, раней падпольны, выступіў на менскім фэсьце «Тэарт-2019». Сяргей Міхалок, Лявон Вольскі і музыкі з ранейшых «чорных сьпісаў» раз за разам зьбіраюць Prime Hall і езьдзяць з турамі па Беларусі.

Канцэрт Лявона Вольскага ў Prime Hall, 3 сакавіка 2019
Канцэрт Лявона Вольскага ў Prime Hall, 3 сакавіка 2019

Асобы:

  • Віктар Бабарыка — старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку», вяртаў у Беларусь карціны ўсясьветна вядомых беларускіх мастакоў, запусьціў культурны хаб «ОК16», дапамог перакласьці Алексіевіч на беларускую мову.
  • Павал Белавус — адзін з заснавальнікаў «Арт Сядзібы», пасьля запусьціў краму Symbal.by, арганізоўваў Дні вышыванкі і ствараў незалежную прастору ў Менску.
  • Віталь Броўка — адкрыў у цэнтры Віцебску арт-паб «Торвальд», які стаў месцам грамадзкіх і культурных сустрэчаў ды канцэртаў.
  • Ганна Вольская (1975-2016) — прадусарка Лявона Вольскага, падарыла беларусам «бязьвізавыя» канцэрты ў Вільні.
  • Павал Мажэйка — стварыў у Горадні «Цэнтар гарадзкога жыцьця», дзе за некалькі год адбыліся сотні беларускіх імпрэзаў.
  • Уладзімер Плавінскі, Віталь Супрановіч​ — арганізоўвалі канцэрты музыкаў з «чорных сьпісаў».
  • Юлія Слуцкая — заснавала Press Club Belarus, які стаў галоўнай прасторай для мэдыйна-журналісцкіх праектаў і сустрэч.
  • Ганна Чыстасердава — арт-дырэктар і мэнэджэр галерэі «Ў». Найперш дзякуючы ёй галерэя служыла галоўным цэнтрам незалежнага сучаснага мастацтва ў Менску.

2. Беларуская мова бярэ рэванш

Перапіс 2009 году агаліў драматычны стан беларускай мовы. Роднай яе назвалі 53%, што на 20% менш за вынікі 1999 году. Падзеі на Майдане і ў Крыме 2013–2014 гадоў вярнулі беларускую мову на парадак дня.

Сацыяльная рэклама ў Берасьце
Сацыяльная рэклама ў Берасьце

У Менску зьяўляюцца курсы «Мова ці кава»«Мова нанова», «Мова-Веда». Франшызы «Мова Нанова» адкрываюцца ва ўсіх абласьцях і дзясятках раённых цэнтраў, выходзіць аднайменная перадача на тэлеканале «Белсат».

Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны арганізуе кампаніі «Размаўляй са мной па-беларуску», «Мова Пантова». Кампанія «Будзьма беларусамі» запускае фэстываль беларускамоўнай рэклямы «Аднак!» і россып іншых ініцыятыў, што папулярызуюць беларускае.

Выступ гурту Naviband на Эўравізіі-2016 абуджае цікавасьць да беларускай мовы ня толькі ў беларусаў, але і ў замежнікаў.

Naviband выступіў на Эўрабачаньні-2017 у Кіеве зь беларускамоўнай песьняй
Naviband выступіў на Эўрабачаньні-2017 у Кіеве зь беларускамоўнай песьняй

Зьяўляюцца моўныя квэсты і рэаліці-шоў на Youtube.

Чыноўнікі часьцей спрабуюць гаварыць па-беларуску, гамяльчук Ігар Случак распачынае «моўны кантроль». Белтэлерадыёкампанія запускае дзяржаўны беларускамоўны тэлеканал «Беларусь 3». У гарадах Беларусі зьяўляюцца шыльды зь беларускамоўнай трансьлітарацыяй геаграфічных назваў.

Перад перапісам 2019 году грамадзкія арганізацыі праводзяць нацыянальную кампанію «Я беларускамоўны». У беларускамоўныя гімназіі ў Менску стаяць чэргі ахвочых запісацца.

Асобы:

  • Вінцук Вячорка — стварыў жанр моўных карацелек у сацыяльных сетках, запусьціў моўныя падкаст і праграму на Радыё Свабода.
  • Ксенія ЖукАрцём Лук’яненка — гурт Naviband, які прадстаўляў Беларусь на Эўравізіі-2016.
  • Валярына Кустава — суарганізавала папулярныя курсы «Мова ці Кава» ў Менску і папулярызавала беларускае ў сеціве.
  • Глеб Лабадзенка — запусьціў курсы «Мова нанова» і аднайменную перадачу на «Белсаце», ініцыяваў помнік Касьцюшку ў Марачоўшчыне.
  • Валянціна Лемцюгова (1935-2018) — дабілася прыняцьця Закону аб геаграфічных назвах, у якім юрыдычна замацавана практыка першаснага прысваеньня назваў геаграфічным аб’ектам на беларускай мове, запісу іх лацінкаю і перадаваньня на іншых мовах.
  • Алена МакоўскаяНіна Шыдлоўская — стварылі кампанію «Будзьма беларусамі», што стаяла за многімі культурніцкімі ініцыятывамі.
  • Ігар Случак і Аліна Нагорная — вярталі беларускую мову ў справаводзтва праз грамадзкую кампанію «Ўмовы для мовы».
  • Аляксей Шэін — стварыў моўныя курсы «Мова-Веда» і выдаў некалькі дзіцячых бэстсэлераў па-беларуску.

3. IT-сфэра становіцца дзяржавай у дзяржаве

Беларуска-амэрыканская кампанія EPAM выходзіць на Нью-Ёрскую фондавую біржу. Японскі тэхналягічны лідэр Rakuten купляе ізраільска-беларускі мэсэнджэр Viber. Прыдуманая беларусамі онлайн-гульня World of Tanks становіцца адной з самых папулярных у сьвеце.

Беларусы прадаюць стартапы ўсясьветным ІТ-гігантам: MapsMe — Mail.Ru, MSQRD — «Фэйсбуку», AIMATTER — Google. Распрацаваны ў Менску мабільны сэрвіс Flo стаў штодзённым памочнікам для дзясяткаў мільёнаў жанчын ва ўсім сьвеце.

Сотні беларусаў слухаюць у «Менск-Арэне» ІТ-зорак, 20 красавіка 2018
Сотні беларусаў слухаюць у «Менск-Арэне» ІТ-зорак, 20 красавіка 2018

Парк высокіх тэхналёгій стварыў рэжым выключных падатковых прэфэрэнцый для тэхналягічных кампаній-рэзыдэнтаў. Беларусь адной зь першых у сьвеце ўрэгулявала і легалізавала крыптавалюты. Беларусь становіцца адным з рэгіянальных лідэраў ІТ-паслуг. Доля ІТ у ВУП Беларусі ўжо перавысіла 5%.

Маланкавы рост IT-сфэры спыняе адток «тэхнічных мазгоў» на Захад, спрыяе росту заробкаў дзясяткаў тысяч чалавек, зьяўленьню новых працоўных месцаў, падвышэньню ўзроўню жыцьця (пакуль, праўда, збольшага ў Менску).

Парк высокіх тэхналёгій у Менску
Парк высокіх тэхналёгій у Менску

Дзякуючы разьвіцьцю IT-сэктару фармуецца новая сярэдняя кляса, незалежная ад дзяржавы. Яны падтрымліваюць незалежныя мэдыя, ахвяруюць грошы на БНР-100, пачынаюць супрацоўнічаць з грамадзкімі арганізацыямі. Галоўны лябіст ІТ-дэкрэту Віктар Пракапеня (які правёў 8 месяцаў за кратамі і пасьля прасіў СМІ выдаліць інфармацыю пра гэта) падтрымлівае незалежныя ініцыятывы і абаронцаў Курапатаў.

Асобы:

  • Сяргей Ганчар і Яўген Неўгень — стваральнікі першага беларускага стартапу (MSQRD), які купіў ІТ-гігант (Facebook)
  • Юры Гурскі — IT-прадпрымальнік, удзельнічаў у праектах Viaden, MAPS.ME, MSQRD, Flo.
  • Аркадзь Добкін — заснавальнік першай беларуска-амэрыканскай ІТ-кампаніі EPAM Systems, якая выйшла на Нью-Ёрскую біржу.
  • Аліна ДолгіхЯна Лашкевіч — сузаснавальніцы пляцоўкі Space, стваралі культуру абмену ведамі ў ІТ-сфэры.
  • Юры Зісер — заснавальнік парталу Tut.by, адзін з самых уплывовых інтэрнэтчыкаў Беларусі.
  • Арцём Канцавы — заснавальнік парталу dev.by, які стаў рухавіком рынку ІТ у Беларусі.
  • Віктар Кіслы —​ заснавальнік і генэральны дырэктар холдынгу Wargaming.net.
  • Алёна МельчанкаЛеанід Лозьнер — папулярызатары ІТ-адукацыі сярод дзяцей і школьнікаў.
  • Тацяна Марыніч, сузаснавальніца стартап-хабу Imaguru і кампаніі bel.biz, ідэоляг разьвіцьця беларускай стартап-супольнасьці.
  • Юры Мельнічак — IT-прадпрымальнік, інвэстар, заснаваў стартапы MAPS.ME, AIMATTER і Fabby.
  • Віктар Пракапеня — прадпрымальнік, інвэстар, ініцыятар дэкрэту № 8 «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі».
  • Валеры Цапкала — ініцыятар стварэньня і першы кіраўнік ПВТ (2005-2017), дамогся шырокіх прэфэрэнцый для ІТ-кампаній і росту ўплыву ІТ-сэктару.

4. «Нізавыя» ініцыятывы ладзяць пратэсты і арганізаваны супраціў уладам

Да 2010 году вулічныя пратэсты былі манаполіяй палітычных структураў. Улетку 2011-га, у адказ на фінансавы крызіс і дэвальвацыю рубля, па ўсёй Беларусі адбываецца сэрыя акцыяў «Стоп-бэнзін» і акцыі «маўклівага пратэсту», разам зь імі зьяўляюцца новыя асобы на палітычным полі.

У 2017-м распачынаюцца пратэсты «дармаедаў» — спачатку ў Менску, а потым і па ўсёй Беларусі. Многія зь іх ладзяць мясцовыя лідэры і блогеры.

Учорашнія студэнты з «Моладзевага блёку» страсянулі прадказальную і малацікавую выбарчую кампанію 2019 году ў Палату прадстаўнікоў.

Таксама згадаем бестэрміновую вахту актывістаў супраць рэстарацыі каля Курапатаў, шматмесячнае супрацьстаяньне мясцовых жыхароў у Берасьці і пад Сьветлагорскам супраць будаўніцтва экалягічна сумнеўных прадпрыемстваў.

Зьміцер Дашкевіч з актывістамі ставяць драўляныя крыжы вакол Курапат, 20 ліпеня 2018
Зьміцер Дашкевіч з актывістамі ставяць драўляныя крыжы вакол Курапат, 20 ліпеня 2018

У 2015-м у Горадні паўстае рух «Маці 328», які пасьпяхова змагаецца за правы моладзі, зьняволенай па антынаркатычным артыкуле. Яны ўжо дамагліся зьмякчэньня заканадаўства і скасаваньня дыскрымінацыйных умоў для асуджаных за наркотыкі ў калёніях.

Напрыканцы дзесяцігодзьдзя ў сеціве стартавала кампанія супраць хатняга гвалту над жанчынамі «Маршыруй, дзетка», якая запомнілася эпатажнымі вулічнымі пэрформансаміпікетамі і лабіяваньнем новага закону.

Беларуская ініцыятыва «Маршыруй, дзетка» правяла акцыю супраць хатняга гвалту над жанчынамі ў Дзень правоў чалавека, 10 сьнежня 2019
Беларуская ініцыятыва «Маршыруй, дзетка» правяла акцыю супраць хатняга гвалту над жанчынамі ў Дзень правоў чалавека, 10 сьнежня 2019

Краўдфандынг дапамог прафінансаваць тысячы сацыяльных, культурніцкіх і нават палітычных ініцыятыў і акцый. Адным з найбольш пасьпяховых праектаў дзесяцігодзьдзя становіцца незалежны сацыяльны інтэрнэт-часопіс «Имена», які зь цягам часу стаў самастойнай онлайн-плятформай для збору сродкаў усім, каму патрэбная дапамога ў Беларусі.

Асобы:

  • Сьвятлана Гатальская — адна зь лідэрак руху «Маршыруй, дзетка».
  • Зьміцер Дашкевіч — былы лідэр «Маладога фронту», стаў адным з галоўных абаронцаў Курапатаў.
  • Ларыса Жыгар і Тацяна Канеўская — актывісткі руху «Маці 328», сталі сымбалямі мацярынскага змаганьня за справядлівасьць для сваіх дзяцей.
  • Алена Масьлюкова — лідэрка ініцыятывы супраць запуску заводу беленай цэлюлёзы ў Сьветлагорску.
  • Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін — блогеры, аўтары праекту «Народны рэпартэр».
  • Яўген Клішэвіч — заснавальнік краўдфандынгавай плятформы Talaka.
  • Павал Севярынец — арганізатар варты супраць рэстарацыі ў Курапатах і пратэстаў супраць інтэграцыі з Расеяй.
  • Кацярына Сінюк — журналістка, заснавальніца праекту «Имена».
  • Максім Філіповіч — гомельскі блогер, які здабыў папулярнасьць падчас «дармаедзкіх» пратэстаў.
  • Анатоль Шумчанка — нязьменны старшыня аб’яднаньня індывідуальных прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва».

5. У беларускай культуры адкрываецца новае дыханьне

У 2011 годзе зьяўляецца прэмія Гедройця — галоўная літаратурная ўзнагарода Беларусі. У 2015-м Сьвятлана Алексіевіч атрымлівае Нобэлеўскую прэмію па літаратуры, паводле ейнай кнігі амэрыканцы здымаюць нашумелы сэрыял «Чарнобыль».

Сьвятлана Алексіевіч на цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі ў Стакгольме, 10 сьнежня 2015
Сьвятлана Алексіевіч на цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі ў Стакгольме, 10 сьнежня 2015

Віктар Марціновіч і Альгерд Бахарэвіч зьбіраюць даўжэзныя чэргі чытачоў на аўтограф-сэсіях, іх перакладаюць на мовы сьвету, здымаюць паводле іхніх кніг фільмы і ставяць спэктаклі. Былы дворнік тэатру імя Янкі Купалы Андрусь Горват апісвае ў фэйсбуку свой досьвед пераезду ў палескую вёску. Кніга «Радзіва Прудок» становіцца адным з галоўных беларускіх бэстсэлераў і асновай для спэктакля Купалаўскага тэатру.

Больш за 100 чалавек стаялі ў чарзе на аўтограф-сэсію падчас прэзэнтацыі новага раману Віктара Марціновіча «Ноч» у менскай «Акадэмкнізе», 12 кастрычніка 2018
Больш за 100 чалавек стаялі ў чарзе на аўтограф-сэсію падчас прэзэнтацыі новага раману Віктара Марціновіча «Ноч» у менскай «Акадэмкнізе», 12 кастрычніка 2018

За дзесяцігодзьдзе зьяўляецца цэлы шэраг мастацкіх фільмаў, натхнёных беларускай рэчаіснасьцю: «Вышэй за неба»«Жыве Беларусь», «ГараШ». Беларускія кінадакумэнталісты здабываюць усясьветнае прызнаньне. Воля Чайкоўская запускае канкурэнта дзяржаўнаму кінафэсту «Лістапад» — «Паўночнае зьзяньне».

Беларускі свабодны тэатар гастралюе па сьвеце і атрымлівае шматлікія ўзнагароды, але шляхі яго заснавальнікаў разыходзяцца.

«Кароль Лір» Беларускага свабоднага тэатру на сцэне лёнданскага Shakespeare’s Globe
«Кароль Лір» Беларускага свабоднага тэатру на сцэне лёнданскага Shakespeare’s Globe

Лявон Вольскі сыходзіць з N.R.M. і працягвае радаваць прыхільнікаў у сольных праектах «Крамбамбуля» і «Volski». Сяргей Міхалок распускае пратэставы «Ляпіс Трубяцкі» і зьяжджае зь Беларусі пасьля імавернага абвінавачваньня за «абразу прэзідэнта». Але неўзабаве вяртаецца з новымі праектамі — панк-рокавым Brutto, настальгічным «Ляпис-98» і электронным Drezden.

Нараджэнец Лунінца Макс Корж першым зь беларускіх выканаўцаў зьбірае 15-тысячную «Менск-Арэну» (2013 год). Сьледам за ім Расею скарае яшчэ адзін рэпэр — віцяблянін Алег Саўчанка («ЛСП»). Набывае папулярнасьць новае пакаленьне разнажанравых музычных праектаў: Akute, «Петля пристрастия», Nizkiz, Naviband, Dzieciuki, Shuma, Molchat Doma ды іншыя.

Асобы:

  • Сьвятлана Алексіевіч — атрымала Нобэлеўскую прэмію па літаратуры (2015).
  • Міхал Анемпадыстаў (1964–2018) — аўтар рок-гімнаў, культавых постэраў, кнігі «Колер Беларусі».
  • Альгерд Бахарэвіч — адзін з самых чытаных і перакладаных пісьменьнікаў Беларусі.
  • Зьміцер БезкаравайныСяргей Будкін —​ прасоўвалі беларускую музыку дзе толькі магчыма
  • Лявон Вольскі — культавы рок-музыка, граў у гуртах N.R.M, «Крамбамбуля» і Volski.
  • Андрэй Горват — дворнік Купалаўскага тэатру, які стаў адным з самых чытаных пісьменьнікаў Беларусі.
  • Андрэй Курэйчык ​— зьняў фільмы «Вышэй за неба», «ГараШ», быў сцэнарыстам шэрагу расейскіх блёкбастэраў.
  • Андрэй Куціла — рэжысэр-дакумэнталіст, зьняў фільмы «Даволі! Да Волі…», «Каханьне па-беларуску», «Госьці», «Сума».
  • Натальля КалядаМікалай ХалезінУладзімер Шчэрбань — заснавальнікі Свабоднага тэатру.
  • Віктар Марціновіч — адзін з самых чытаных і перакладаных пісьменьнікаў Беларусі.
  • Сяргей Міхалок — стварыў гурты Brutto, «Ляпис-98», Drezden, быў вымушаны на пэўны час зьехаць зь Беларусі ў сувязі з «абразай прэзідэнта».
  • Воля Чайкоўская — кінапрадусарка, якая стварыла фэстываль «Паўночнае зьзяньне».

6. Пакаленьне Youtube набірае агульнанацыянальны ўплыў

Больш за 70% беларусаў атрымліваюць доступ да хуткаснага інтэрнэту, кожны мае мабільны тэлефон. Інтэрнэт як крыніца навінаў абганяе друкаваныя мэдыі і радыё. Улады марна спрабуюць абмежаваць свабоду інтэрнэту, прымаючы абноўлены закон аб СМІ.

Сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР ля Опэрнага тэатру ў Менску, 25 сакавіка 2018
Сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР ля Опэрнага тэатру ў Менску, 25 сакавіка 2018

Героі сацыяльных сетак становяцца лідэрамі думкі, трапляюць за краты, арганізоўваюць пратэсты. Блогеры ладзяць пасьпяховае сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР у Менску.

Эдуард Пальчыс пад псэўданімам Джон Сільвер стварае палітычна-аналітычны сайт «1863», трапляе ў расейскую вязьніцу і выходзіць з падпольля як адзін з самых актыўных палітычных блогераў Беларусі.

Фігура блогера Nexta перад сустрэчай кандыдатаў у дэпутаты, Менск, 8 лістапада 2019
Фігура блогера Nexta перад сустрэчай кандыдатаў у дэпутаты, Менск, 8 лістапада 2019

Сьцяпан Сьвятлоў, ён жа Nexta, становіцца ці ня самым уплывовым чалавекам байнэту — кожнае яго відэа на Youtube ці пост у Telegram бачаць ад 200 да 300 тысяч чалавек.

Асобы:

  • Nexta (Сьцяпан Сьвятлоў) — запусьціў папулярны палітычны канал на Youtube і самы папулярны Telegram-канал Беларусі.
  • Антон Матолька — фатограф, які стаў адным з самых пазнавальных беларускіх актывістаў. Запусьціў праект «МотолькоПомоги», сэрвіс для краўдфандынгу MolaMola і шмат іншых ініцыятыў.
  • Марат Мінскі — стварыў адзін з самых папулярных палітычных відэаканалаў на Youtube з 140 тысячамі падпісчыкаў.
  • Эдуард Пальчыс — стварыў сайт «1863», арганізоўваў «БНР-100», вядзе папулярныя каналы ў сацсетках.


Categories: Асобы, Нацыя прачынаецца

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google photo

You are commenting using your Google account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: