10 фактаў пра пісьменьніка Леаніда Дайнеку, які захапляўся Напалеонам і стаў «алькагольным баронам»


Леанід Дайнека, 2015 год
Леанід Дайнека, 2015 год

28 студзеня споўнілася б 80 гадоў з дня нараджэньня клясыка беларускай літаратуры Леаніда Дайнекі. Ён быў другім пасьля Караткевіча пісьменьнікам, чые гістарычныя раманы карысталіся вялізным посьпехам у масавага чытача.

Леанід Дайнека (1940–2019) праз усё жыцьцё марыў стаць мараком, але зрабіўся папулярным пісьменьнікам. Пачынаў як паэт, пісаў раманы пра рэвалюцыю, грамадзянскую вайну, пра сучаснасьць і фантастыку, але найбольш запомніўся займальнымі гістарычнымі творамі «Меч князя Вячкі», «Сьлед ваўкалака», «Жалезныя жалуды».

У 1990-я стаў пасьпяховым бізнэсоўцам (заснаваў кампаніі па вытворчасьці алькаголю «Пасад» і «БелПі»), а ў апошнія дзесяцігодзьдзі ствараў аўтабіяграфічныя, філязофска-іранічныя замалёўкі, разважаньні, успаміны і афарызмы, якія назваў «Герадоцінкі» і публікаваў у Фэйсбуку. Многія цікавыя факты пра спадара Дайнеку ўзятыя менавіта адтуль.

Леанід Дайнека
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Жыцьцё і сьмерць — і больш нічога». Філязофія Леаніда Дайнекі

1. Быў шакаваны жорсткасьцю да палонных немцаў

У фэйсбучным запісе «Дзьве калёны» (2.07.2019) прыгадваў: «…гналі нямецкіх ваеннапалонных… Яны былі скручаныя калючым дротам — з голых рук цякла кроў… зьбітыя, скрываўленыя… Савецкі афіцэр… у новенькай, не запыленай форме… крычаў: „Товарищи! Дерите колья из заборов! Бейте фашистских зверей!“ Частка натоўпу… пачала выломваць колікі з платоў і бязьлітасна дубасіць немцаў. Аж крывавыя пырскі ляцелі!.. Немцаў прыгналі, як быдла, да Глінішча (глыбокая, запоўненая рудой вадой яма на ўскраіне Зьмітраўкі) і ўтапілі там. Яшчэ некалькі гадоў мы, дзеці, бачылі, як плавае там ашмоцьце нямецкай вайсковай формы…»

У маладосьці
У маладосьці

2. Быў сьведкам, як выколваюць вочы Берыі

«Настаўнік гісторыі выйшаў у школьны калідор і зьняў са сьцяны партрэт Берыі, што вісеў на самым пачэсным месцы… „Пратрэ пыл з рамкі“ — падумалі мы. Настаўнік… зламаў рамку, выхапіў… ручку-самапіску, вострым яе канцом выкалаў партрэту вочы (!!!) і, смачна плюнуўшы, шпурнуў скамечанага Берыю пад ногі. „Здурнеў! Зварʼяцеў!“ — жахнуліся мы. Так пачалася „хрушчоўская адліга“».

3. Ушчуваў маці за яе беларускамоўнасьць

«Неяк я, будучы маладым гарачым студэнтам-журфакаўцам, прыехаў на канікулы зь Менску ў родную вёску і гнеўна пачаў ушчуваць… маці: „Почему ты всё время разговариваешь по-белорусски? Неужели нельзя, как все, говорить на русском языке?“ Маці зьдзіўлена зірнула на мяне, сказала: „А навошта?“ Я й сёньня, празь дзясяткі гадоў, стоячы над матчынай магілай, чую тыя словы: „А навошта?“»

Сямʼя Дайнекаў. Першы рад: сястра Дзіна, бацька Марцін з унучкай Галяй, маці Тэкля; другі рад: Леанід Дайнека, сястра Ганна. Вёска Дзьмітраўка Другая, 1955 г.
Сямʼя Дайнекаў. Першы рад: сястра Дзіна, бацька Марцін з унучкай Галяй, маці Тэкля; другі рад: Леанід Дайнека, сястра Ганна. Вёска Дзьмітраўка Другая, 1955 г.

4. Трымаўся думкі: выратаваньне беларушчыны — у трасянцы

«Дарэчы, дарэмна, панове, ганьбіце „трасянку“. І ў ёй — выратаваньне беларушчыны. Сёньня яна наша „латынь вульгата“, мова вуліц, хат і кватэр, мова нашага люду.

Край мой — вятры і маланкі, У верасах паляны… Сталёвым тросам „трасянкі“ Я да цябе прыкаваны».

У роднай Дзьмітраўцы. 1990 г.
У роднай Дзьмітраўцы. 1990 г.

5. Абагаўляў мора

«Я плыў па Міжземным моры на цеплаходзе „Прынцэса Амароса“. Я плыў, здавалася мне, у сваё дзяцінства, у далёкія залатыя дні і ночы, калі рамантычным хлапчуком запоем чытаў Жуль Вэрна, Майн Рыда, Джэка Лёндана, Робэрта Стывэнсана… У тыя дні, у тыя ночы я трызьніў морам, і вось зараз яно было вакол мяне… У часіны шторму… у імгненьні найвышэйшай лютасьці стыхіі мне чуліся галасы Адысэя, Цэзара, Герадота… На палубе было мноства крэслаў… Я ня мог сядзець у прысутнасьці мора (!)… Дзіўныя колеры ўбачыў я, водбліскі, люстраныя ўспышкі, срэбна-залатыя пералівы, танцы сіняга, і зялёнага, і пэрлямутравага. І воблакі бачыў я… Такіх не бывае над сушаю… І ветразі на небасхіле… Яны шапталі і адначасна як бы крычалі: „Плыві да нас… шасьцідзесяцігадовы, стомлены і самотны. Тут, з намі, табе заўсёды будзе толькі дзесяць…“»

Леанід Дайнека. 1990 г.
Леанід Дайнека. 1990 г.

6. Паэт Анатоль Грачанікаў уратаваў жыцьцё ягонай жонцы

«Пляж [Піцунда], дзе купаліся і загаралі, быў амаль дзікі, увесь засыпаны вострай галькай… У апошнюю ноч перад вяртаньнем у Менск купілі некалькі бутэлек пякучай чачы… зладзілі банкет… і вырашылі неадкладна ісьці купацца ў начным моры. Бязглузьдзіца! Дзікі ўчынак!.. Уявіце — начное мора, цемра… Мы адважна рынуліся ў невядомасьць. І адразу ж магутны пеністы грэбень зьбіў усіх з ног. Імгненна вылецеў з галоваў хмель… выскачылі на бераг. І толькі Зіны не было! Жах заліў мне душу. „Зіна! Зіна!“ — у адчаі закрычаў я. Падалося, што вось-вось у гэтыя страшныя імгненьні з-за нейкай дзікай недарэчнасьці пераломваецца ўсё маё жыцьцё. „Злавіў залатую рыбку!“ — пачуўся раптам зь цемры голас Анатоля Грачанікава… Ён стаяў амаль па пояс у вадзе і трымаў на руках маю жонку Зіну…»

У дзень шлюбу зь Зінаідай. Менск, 1966 г.
У дзень шлюбу зь Зінаідай. Менск, 1966 г.

7. Яго называлі «алькагольным баронам»

«Мае нядобразычліўцы называюць мяне „алькагольным баронам“. Што ж, няхай будзе так. Я, пакуль хапае сіл, не зьвярну з абранага шляху. Гэта — насьледнае. Мой бацька Марцін Сьцяпанавіч часьцяком гнаў самагонку то ў нашым садзе за хатаю, то ў лесе, хаваючыся ад міліцыі. Я, малы, заўсёды круціўся ля яго, дапамагаў чым мог. Ужо тады я зразумеў, што ў нашых прыродных умовах, пры нашым мэнталітэце гарэлка — самы народны прадукт… Нафта скончыцца, газ высмакчуць з нутра плянэты, а гарэлка будзе заўсёды, пакуль пладаносіць, нараджае хлебны колас зямля, пакуль некаму хочацца пасьпяваць, а некаму…паплакаць».

8. Захапляўся Напалеонам

«Нам пастаянна ўнушалі: «Ах, які Напалеон бяка! Які ён крыважэрны захопнік, узурпатар, бандыт зь вялікай дарогі!» А гэты самы Напалеон у 1807 годзе скасаваў у Польшчы прыгон. А гэты самы Напалеон у 1812 годзе стварыў у Вільні Часовы Ўрад Вялікага Княства Літоўскага. Як гром, пранёсься ён па Эўропе, разбудзіў народы. Так, ён зрабіўся імпэратарам, але гэта быў Імпэратар Новага Часу. Са сваёй галавакружнай вышыні ён казаў кожнаму салдату і кожнаму просталюдзіну: «Франсуа, Ян, Іван, ты таксама можаш стаць такім, як я».

З сынам Зьмітром і ўнучкай Тэкляй. 17 жніўня 2019 г., за чатыры дні да сьмерці пісьменьніка
З сынам Зьмітром і ўнучкай Тэкляй. 17 жніўня 2019 г., за чатыры дні да сьмерці пісьменьніка

9. Іранізаваў, што расейцы называлі сваю мову «вялікай і магутнай»

«…„великим и могучим“ рускі язык (рускую мову) назвалі самі рускія — пісьменьнік Іван Тургенеў. Іншая справа, каб такія словы напісаў нехта чужы… скажам, ангелец, француз альбо немец. А так… гэта ўспрымаецца як звычайная нясьціплая пахвальба. З гэтакай жа самаўпэўненасьцю мы маглі б абʼявіць нашу рачулку Сьвіслач „вялікай і магутнай“ ракой».

Леанід Дайнека ў сваім працоўным кабінэце. 12 лістапада 2018 г.
Леанід Дайнека ў сваім працоўным кабінэце. 12 лістапада 2018 г.

10. Прадчуваў уласны сыход

За дзень да сьмерці апублікаваў у фэйсбуку верш:

«Сьціхаю. Нікога не крытыкую. Ня хаю. Не кахаю ні Алесю, ні Хаю. Сьціхаю…»

Выказваем падзяку ў падрыхтоўцы матэрыялу сыну пісьменьніка Зьмітру Дайнеку



Categories: Асобы, Літаратура, Uncategorized

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google photo

You are commenting using your Google account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: