Ян Максімюк: Сьціплы чар правінцыі. 13 беларускіх кніг з Польшчы, пра якія варта ведаць

19 красавікa 2020


Пісьменьнікі Беларускага літаратурнага аб’яднаньня “Белавежа”, Беласток, 16 кастрычніка 1960
Пісьменьнікі Беларускага літаратурнага аб’яднаньня “Белавежа”, Беласток, 16 кастрычніка 1960

Калісьці Сакрат Яновіч, найбольш вядомы беларускі пісьменьнік у пасьляваеннай Польшчы, агучыў тэзіс, што ёсьць насамрэч дзьве «беларускія літаратуры» — тая, што ў Беларусі, і тая, што на Беласточчыне (Падляшшы).

Гэтае сьцьвярджэньне, хутчэй за ўсё, засталося ўсяго прыватнай думкай пісьменьніка і ня стала надзённым пытаньнем для беларускага літаратуразнаўства. Але сам я, як верны чытач літаратуры «ад нас» і «ад вас», знаходжу для гэтага тэзісу некалькі апраўданьняў.

фота: Michal Jasiulewicz, gazeta.pl

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сакрат Яновіч: Канец клясычнай эпохі

Па-першае, беларуская літаратура ў Польшчы разьвівалася і разьвіваецца ў іншых палітычных і грамадзкіх абставінах, чым тая ў БССР і цяперашняй Беларусі. Тое, што на Беласточчыне не было калгасаў, напрыклад, паклала зусім іншы адбітак на сьветабачаньне беларускіх пісьменьнікаў, усіх да аднаго — выхадцаў зь вёскі. (Родным Крынкам Сакрата Яновіча вярнулі статус гораду ў 2009 годзе, але на выгляд яны — далей як вёска).

Па-другое — і гэта, мабыць, самае важнае — беларускія літаратары ў Польшчы ня бралі і, па вялікім рахунку, не бяруць удзелу ў літаратурным жыцьці Беларусі (мяжа як разьдзяляла, так і разьдзяляе два літаратурныя сьветы — беластоцкі і менскі). У інтэлектуальным сэнсе значна большы ўплыў на беларускую творчасьць у Польшчы аказвала і аказвае польская літаратура і культура ды ўсё тое, што прыходзіць праз польскую мову, чым тое, што прыходзіць з усходняга кірунку, ці то празь беларускую мову, ці то праз расейскую.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чароўная безнадзейнасьць правінцыі

Па-трэцяе, паняцьце «беларуская літаратура ў Польшчы» — парадаксальна, больш шырокае, чым паняцьце беларускай літаратуры ў Беларусі. Гэткую большую «шырыню» вызначае сытуацыя моўна-культурнага памежжа і пэрыфэрыйнасьці беларускага этнічнага арэалу ў Польшчы. На Падляшшы да беларускай літаратуры залічваюць ня толькі тое, што Сакрат Яновіч, Міхась Андрасюк, Ганна Кандрацюк ці Міра Лукша напісалі па-беларуску, але і тое, што яны напісалі і выдалі па-польску. Што больш, да беларускай літаратуры на Падляшшы залічваецца і тое, што Віктар Стахвюк ці Зоя Сачко напісалі «па-свойму», то бок па-падляску.

Падляскамоўная аўтарка Галіна Максімюк падпісвае кніжку на сустрэчы ў Беластоку, 21 лютага 2019

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларуская літаратура, якая толькі пачалася

Ну і яшчэ некалькі іншых чыньнікаў адрозьніваюць агульную псыхалягічна-сьветапоглядную і гістарычную сытуацыю польскіх беларусаў ад той у Беларусі. Напрыклад, на Падляшшы ўвесь час застаецца істотнай для беларускага жыцьця лінія канфэсійнага падзелу, якая мацнейшая за моўную: беларусы-праваслаўныя, палякі-католікі.

Я думаю, згаданага вышэй больш чым дастаткова, каб зразумець, што беларуская літаратура ў Польшчы — нешта выразна асобнае на тле агульнай беларускай літаратуры, калі ўжо пагодзімся, што ў гэтую агульнасьць уключаем ня толькі тое, што беларусы напісалі па-беларуску, але і тое, што яны напісалі на некалькіх іншых мовах, зь якімі сутыкнуліся ў сваёй гістарычнай долі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ян Максімюк пра ўлюбёную паэзію з Падляшша

Я ніжэй зьвярну вашу ўвагу на тузін істотных кніг, якія выйшлі на Падляшшы і залічваюцца да гэтак разуметай «шырокай» беларускай літаратуры. Лішне казаць, што я пішу тут пра кнігі істотныя ў маім асабістым рэйтынгу, а ня ў нейкім грамадзкім апытаньні.

І заўважце, што я сьціпла адзначаю ў загалоўку: пра гэтыя кнігі «варта ведаць». Я ўжо застары, каб ва ўсіх сваіх рэкамэндацыях пісаць «варта прачытаць». На такое чытаньне большасьці з нас ня хопіць ні часу, ні ахвоты. Імавернасьць таго, што нехта кіне вокам на гэты мой тэкст, значна большая, чым таго, што людзі ў Менску стануць чытаць кнігі з майго сьпісу.

Алесь Барскі — Жнівень слоў (1967)

Алесь Барскі
Алесь Барскі

Паўтару тут усяго тое, што я ўжо калісьці напісаў у сувязі ў гэтым паэтычным зборнікам: «„Жнівень слоў“ з 1967 году — па сутнасьці, першы паэтычны зборнік з Падляшша, які ня сорамна паказаць нашым суродзічам у РБ і сёньня. У гэтай паэтычнай паводцы — у зборніку больш за паўтары сотні вершаў — ёсьць жменя такіх, якія файна чытаюцца і праз паўстагодзьдзя пасьля іх напісаньня, падкупляючы сьвежасьцю, фармальнай раскаванасьцю і, так сказаць, спантанным антыінтэлектуалізмам». І працытую верш, які таксама калісьці цытаваў:

Народнасьць з мадэрнам
сварыцца ня мусяць —
ў паэзіі месца хапае.
Тут стылі, як ветры
ў лугах Беларусі,
ад краю
да краю шугаюць.
Выбірай сабе стыль,
выбірай сабе крылы:
адно крыло —
вершы у рыфмах закованы,
другое — мадэрнам распушчаны,
як птушкі вольныя ў пушчы.
Растуць ва мне словы,
як зерне ў калосьсі,
ссыпаюцца ціха ў чырвоную восень.

Сёлета Алесю Барскаму (Аляксандру Баршчэўскаму) спаўняецца 90 гадоў.

Сакрат Яновіч — Загоны (1969)

Сакрат Яновіч, канец 1950-х
Сакрат Яновіч, канец 1950-х

Магчыма, гэта і не найлепшая кніга Сакрата Яновіча (1936–2013), але яна — ягоная першая, і ў ёй ёсьць празаічныя мініятуры, якія ён уключаў у розныя выданьні свайго выбранага на працягу ўсяго жыцьця. Тут у наяўнасьці зерне самага істотнага ў творчасьці Яновіча: спалучэньне лірычнасьці рэалістычнага малюнку зь нечым больш ці менш «сымбалічным», «незямным», «мэтафізычным». Як у мініятуры «Валошка»:

Кропля блакіту ў сьпелым жытнёвым узьмежку. Заглядаюцца зайздросна каласы, натапырыўшы вусы.

Сыплеш сьмехам, сінявокая, і пошум таемнай надзеі коціцца па гонях. Трывожыць і падае сілу ў сьпякотным лёсе.

Сьвет малюткі сівее ў склератычным адранцьвеньні. Серп сьмерці пакідае цябе драпежным асеньнім вятрам. Збыткуюць, глумяцца над пялёсткамі ўдавінай прыгажосьці. Росную сьвежасьць палошчуць сьцюдзёныя ліўні. Ад зьнямогі горбісься ў паірдзелай дзярніне.

Ціха паміраеш.

Віктар Швэд — Дзяцінства прыстань (1975)

Віктар Швэд
Віктар Швэд

Ажно ня верыцца: Віктару Швэду сёлета споўнілася 95 гадоў!

Да Швэда (народжанага ў вёсцы Мора на Падляшшы) прысталі дзьве этыкеткі: паэт «для дзяцей» і паэт «грамадзкага абавязку» (то бок такі, які напіша верш на любую грамадзка запатрабаваную тэму). Вось тыповы прыклад зь ягонага зборніка з 1975 году, з часу «разьвітага сацыялізму» ў Польшчы, калі беларускія літаратурныя кнігі ў краіне выходзілі з частотнасьцю раз на пяць гадоў (уводзіны да зборніка напісаў палкоўнік польскага МУСу, пад пільным вокам якога знаходзілася ўсё, што адбывалася ў асяродзьдзі нацменшасьцяў у краіне, у тым ліку і літаратура):

Майго дзяцінства прыстань — Мора,
Адкуль выводзіш свой назоў?
Відаць, было тут мора гора,
Мора балот і хмызьнякоў.

Тут асушылі ўжо балота,
З балотам счэзлі хмызьнякі,
Зьнікае гора і турботы,
Жывуць больш шчасна землякі.

Тады назоў мо недарэчны,
Можа інакш назваць сяло?
Не існаваць жа таму вечна,
Што век свой доўгі аджыло.

Ды не! Талковы і прыгожы
І новы мае сэнс назоў.
Шуміць навокал мора збожжа,
Мора красуецца садоў.

Каб меў назоў сэнс і апору,
Каб нам служыць мог, ды вякам,
Жадаю я багацьця мора
І мора шчасьця землякам!

Сакрат Яновіч — Białoruś, Białoruś (1985)

Гэтая кніга-эсэ на польскай мове — бадай што найбольшы літаратурны і прапагандысцкі посьпех аўтара. Напісаная для палякаў, каб крыху адукаваць іх у беларускай гісторыі і культуры, кніжка стала настольнай і для беларусаў у Польшчы, якія нічога так лёгка, элегантна і даходліва пададзенага пра Беларусь да таго часу не трымалі ў руках.

Васіль Петручук — Пожня (1987)

Суворы аўтабіяграфічны аповед пра жыцьцё хлапчука, народжанага перад вайною ў беднай падляскай сям’і, якому апроч матэрыяльнай нястачы давялося цярпець зьдзекі ад ненавіснай мачахі. Васіль Петручук (1926–2019) быў адным зь нешматлікіх беларусаў на Падляшшы, які публічна прызнаваўся, што Чырвоная армія ў верасьні 1939 году прынесла яму сацыяльнае і нацыянальнае вызваленьне. Кніга «Пожня» перавыдавалася ў Менску ў 1991 годзе.

Надзея Артымовіч — Сэзон у белых пэйзажах (1990)

Надзея Артымовіч
Надзея Артымовіч

Калі гаварыць пра ўплыў польскай літаратуры на творчасьць беларускіх аўтараў у Польшчы, дык «Сэзон…» Надзеі Артымовіч (нар. 1946) — найлепшы таму доказ. У гэтых вершах «зь неспакойных дарог» адчуваецца ўплыў польскіх «праклятых паэтаў», такіх як Галіна Пасьвятоўска ці Рафал Ваячэк. Але, нягледзячы на літаратурную інсьпірацыю, вершы Артымовіч — моцна арыгінальная зьява ў паэзіі, ня толькі беларускай. Немагчыма прайсьці абыякава каля трывожлівых мэтафараў паэткі:

зь небясьпечнай лёгкасьцю летняй пары
стукаю ў набалелы корань восені
глыбока
як у цяжкім сьне

вярнуцца туды
пакуль вены яшчэ не парваліся
пакуль у кроплі жыцьця
не ўсьміхнулася сьмерць.

Або каля такога:

поўдзень
а твой цягнік блукае ў вечаровым тумане
вязеш стомлены час у кішэні
у зубах
шчыміць родны дом.

Міра Лукша — Ёсьць (1994)

Міра Лукша
Міра Лукша

Нечаканая кніжка ад Міры Лукшы (нар. 1958), якая больш за 30 гадоў адпрацавала журналісткай у беластоцкай «Ніве», пішучы «бабскія гісторыі» і апісваючы народнае жыцьцё-быцьё ў паміраючых вёсках. А тут наце вам, захацелася «мэтафізыкі» і вершыкаў пра «рэчы-ў-сабе». Ну, напрыклад нечага такога:

Чуйныя рэчы з абвостраным слыхам
Моўчкі сукаюць ніць выпадковасьці.
Крэсла здранцьвелую ножку прастуе.
Стол ад абразы сьцяўся сукамі.
Пячорным дыхам склеп адрыгнуўся.
Мяса з зубоў калупае відэлец.
Парог абціраецца з пылу абутку.

Ідзі ад рэчаў, бо выйдуць самі.
Выйдуць з імёнаў, як з краявіду.

Што скрываць, рукі ажно сьвярбяць, каб пахваліцца: рэдактарам гэтых двух выдатных зборнікаў паэзіі («Сэзон у белых пэйзажах» Н. Артымовіч і «Ёсьць» М. Лукшы) быў ваш аўтар 😉

Міра Лукша. Фота Ганны Кандрацюк

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пісьменьніца Міра Лукша — пра выжываньне беларускай літаратуры на Беласточчыне

Ян Чыквін — Крэйдавае кола (2002)

Ян Чыквін
Ян Чыквін

Гэта сёмы і, калі не памыляюся, апошні зборніка паэзіі Яна Чыквіна (нар. 1940), аднаго з пачынальнікаў, як Яновіч і Барскі, беларускай літаратуры ў пасьляваеннай Польшчы. Па-мойму, у ім паэт праявіў усё найлепшае, што характарызавала ягоную паэзія на працягу 30 папярэдніх гадоў: ашчаднасьць паэтычнага слова, вытрыманы балянс паміж думкай і эмоцыяй, «клясычнасьць» інтанацыі. Вось верш «Vita mea», які адкрывае зборнік «Крэйдавае кола»:

Серабрыцца лісьце бярозы
Пад шаўковым ветрыкам жніўня.
Замыкаецца кола лёсу,
Замяняецца кроў у вадзіцу.

Захлынаецца тайнаю сэрца.
А што сэрца! Й душа халоне.
Нідзе не ўцячы, хоць ірвесься
З палону ў абдымкі іншай пагоні.

Ніхто не заве. І ня будзе клікаць —
Як срэбны вецер кліча бярозы!
Жыцьцём здарылася быць невялікім
Як бы ў прамежку чужога лёсу.

Віктар Стахвюк — Багровы цень (2002)

Ян Максімюк і Віктар Стахвюк
Ян Максімюк і Віктар Стахвюк

Гэта дзьвюхмоўны паэтычны зборнік. Віктар Стахвюк (нар. 1948) напісаў свае вершы па-падляску, а неназваныя «сябры» «пераўвасобілі» іх на беларускую мову. Адна з тых нешматлікіх кніжак на Падляшшы, якія падбілі мяне на нахабнасьць заявіць уголас, што ў падляскай мове тоіцца нявыкарыстаны творчы патэнцыял, які конча трэба ўключыць у кровазварот беларускай літаратуры і культуры ў Польшчы.

Віктар Стахвюк апошнім часам апублікаваў у Фэйсбуку першы том свайго аўтабіяграфічнага раману на падляскай мове, «Podych temry», чым паказаў, што згаданы патэнцыял намнога большы, чым мне спачатку думалася.

Вось адзін зь вершаў у зборніку «Багровы цень»:

koli deń taki jak diś
što sypletsie vsio z ruk
što viêtior v očy
a mamona v plečy
i zimny pôt povze rosoju
za rozchrystany kovniêr
v zasochłum horli nic nema
kob plunuti na čornoho kota
a sercie dybitsie na sam vspomin
byłoho zła
zatrymajsie
prysiaď
vzhlani na sviêt
što byv uže do tebe
i ne znikne koli znikneš ty
pluń na strach
na vsio machni
v ditinstvo choč na mih verniś
raduhoju tam nakryj
svôj čornobiêły son
na reštu dion

Міхась Андрасюк — Белы конь (2006)

Міхась Андрасюк
Міхась Андрасюк

Я называю гэтую кнігу Міхася Андрасюка (нар. 1959) першай часткай «падляскай трылёгіі», у якую ўваходзяць яшчэ кнігі прозы «Wagon drugiej klasy» (2010, на польскай мове) і «Поўня» (2018). «Белы конь» — дзевяць ўзаемна пераплеценых гісторый пра падляскую сям’ю Іванюкоў, якая пакінула вёску на самай мяжы зь Беларусьсю і пасялілася ў Мястэчку, якое моцна нагадвае падляскую Гайнаўку. Харошая, цэльная кніга — па-мойму, наймацнейшая ў згаданай трылёгіі — у якой уся чароўная безнадзейнасьць нашай правінцыі размаляваная пісьменьнікам з настальгіяй, гумарам і іроніяй, у якіх няма ні кроплі дыдактызму ці маралізатарства.

Міхась Андрасюк – беларускі журналіст і пісьменьнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міхась Андрасюк — беларускі пісьменьнік з польскім акцэнтам

Ганна Кандрацюк — Па Прыпяці па Нобель (2017)

Ганна Кандрацюк
Ганна Кандрацюк

Пасьля кнігаў «Białoruś. Miłość i marazm» (2013) і «Па Прыпяці па Нобель» можна сказаць, што Ганна Кандрацюк (нар. 1965) — наймацнейшая падляская аўтарка ў жанры нон-фікшн. Першая з гэтых кніг — плён яе шматразовых журналісцкіх паездак у Беларусь. Другая — пра тое, што яна ўбачыла і пачула ў сваіх падарожжах па валынскім Палесьсі, ад вытокаў Прыпяці да мястэчка Нобель. Пра гэтую кнігу Ганна сказала Свабодзе:

«Раней я думала, што там будзе па аналёгіі зь беларускім Палесьсем — памерлыя вёскі, „дзед, баба і курачка раба“… А насамрэч я там убачыла цалкам жывы край — падобны да таго, які мне запомніўся са свайго дзяцінства на Падляшшы амаль паўстагодзьдзя таму. Я спачатку ня думала пісаць кнігу. Меркавала напісаць усяго некалькі тэкстаў у „Ніву“, але тамтэйшы край захапіў і натхніў мяне да такой ступені, што я туды раз-пораз вярталася на працягу трох гадоў і працягвала пісаць рэпартажы пра штораз іншых людзей і штораз іншыя мясьціны».

Кніга Ганны Кандрацюк вельмі добрая, і выпадае толькі шкадаваць, што ў нас на Падляшшы з году ў год штораз менш людзей чытае па-беларуску.

Ганна Кандрацюк. Фота Яанны Госьцік

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На ўкраінскім Палесьсі не адчуваюць бяды і дэпрэсіі, — аўтарка зь Беластоку

Зоя Сачко — Poká (2018)

Зоя Сачко
Зоя Сачко

Гэта чацьверты зборнік вершаў Зоі Сачко па-падляску. Першыя два выйшлі ў мінулым стагодзьдзі: «Над днём похіляна» (1991), «Шчэ адна вэсна» (1995). У 2000 выйшла яе кніга «Паэмы», на якую склаліся два паэтычныя творы даўжэйшага памеру: «Budni» і «Jak že mniê bihuščuj». «Poká” з 2018 году — ня толькі найлепшы яе зборнік, але, на маю думку, адна з найлепшых паэтычных кніжак беларускіх аўтараў у Польшчы наагул. Пра добрую і вельмі добрую паэзію ня варта пісаць прозай. Лепш прачытаць верш:

v biêłych obruskach
— šare zmerkanie

v kožuchovi — ne tryščyt moroz

povjali trochi vinki v makatkach

pasiaki — ne tak uže pasiasty

płachty v perebory
perebirajutsie pomału
na toj sviêt

stupajem
a pudłoha tryščyt
by krykliva vorona

za stołom
obiêdajut tiêni minułoho

tôlko pavuk
v kutkovi z ikonoju

plete-zapletaje
našy dumki.

Марта Піньска — Беларуска (2004)

Гэтая кніжка выйшла па-польску і па-беларуску ў 2004 годзе як літаратурная містыфікацыя пад шыльдам заснаванага Сакратам Яновічам фонду Villa Sokrates у Крынках. Маўляў, кніжку пра беларускі эрас і порнас напісала нейкая Марта Піньска па-польску, а пераклаў на беларускую нейкі Дзядзька Васіль. І ўсе тут адразу падумалі пра Васіля Сёмуху (ну, ня ўсе, а толькі ўсе тыя, хто Сёмухі не чытаў). Тое, што было наадварот (арыгінал быў па-беларуску, а па-польску — пераклад), я жалезна даказаў у сваім тэксьце «Першы адраджэнскі» (ён праз гадоў шэсьць пасьля напісаньня зьявіўся ў маёй кніжцы «Словы ў голым полі» (Логвінаў, 2011), так што ня буду тут паўтарацца).

Скажу вось што:

«Беларуска» — першы беларускі фэмінісцкі і эратычны раман, які чытаецца як нешта сапраўды цікавае і непадробнае. Раман, у якім беларускі жаночы эрас пастаўлены, так бы мовіць, у дамінантную пазыцыю, зь якой гераіня змагаецца з «патрыярхальнай» мадэльлю постсавецкай беларускай сэксуальнасьці. «Нянавісьць да бязвольля і безруху гэтага сьвету, прыдуманага мужчынамі, якія самі даўно павыміралі ад сыфілісу, сьпіліся або загінулі на вайне, нарастала ўва мне і вырывалася з-пад кантролю», — прызнаецца гераіня «Беларускі». Нагадаю — гэта 2004 год. А Бахарэвічава «Белая муха» дадумалася ўзяць аўтамат у рукі толькі ў 2015…

Гадоў 15 таму, седзячы з аўтаркай «Беларускі» ў нашай праскай кватэры, крэпка выпіваючы і выхваляючы яе, я запытаўся, як ёй захацелася напісаць такую прарыўную кнігу пра «выпіваньне і траханьне»… Пісьменьніца адказала пад самы канец сустрэчы, калі мы з жонкай разьвітваліся зь ёю на дварэ, чакаючы таксі: «Таму што гэта — дзьве рэчы, якія падабаюцца мне ў жыцьці найбольш, калі не лічыць пісаньня». Ну, вы зразумелі, чаму такая кніга мусіла выйсьці на Падляшшы, і чаму я не хачу раскрываць вам сапраўднае імя Марты Піньскай 😉

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.



Categories: Літаратура

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: