Алесь Карлюкевіч: Пасляслоўе да кнігі “Францыск Скарына на мовах народаў свету”. Часопіс “Культура. Нацыя”, №25, красавік 2020, с.67-70. www.sakavik.net

 

logo for chasopis

Алесь Карлюкевіч: Пасляслоўе да кнігі “Францыск Скарына на мовах народаў свету”. Прадмова Алеся Сушы. 4-е выд., дап. Мінск: Паліграфкамбінат імя Я. Коласа, 2019. 152 с.: іл.

Урывак з прадмовы Францыска Скарыны да кнігі “Юдзіф” (“…Помняць гнёзды свае”, Ф.Скарына) гучыць на 70 мовах народаў свету. Чацвёртым выданнем пабачыў свет анталагічнага характару зборнік “Францыск Скарына на мовах народаў свету”, які ўключыў пераклады з легендарнай прадмовы першадрукара да кнігі “Юдзіф” на 70 моў, у тым ліку – і на беларускую (арыгінал жа пададзены, зразумела, на старабеларускай). “Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае, як птушкі, што лётаюць у паветры, помняць/ гнёзды свае, як рыбы, што плаваюць у моры і ў рэках, чуюць/ віры свае і як пчолы бароняць вуллі свае – гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць” (пераклад Алеся Разанава).

У прадмове да выдання вядомы культуролаг і скарыназнаўца Алесь Суша заўважае: “Прынцыпова важна, што для Скарыны вобраз паўнацэннага грамадзяніна непарыўна звязаны з наяўнасцю патрыятычнага пачуцця, любові да роднай зямлі. Найбольш ярка і пераканаўча гэта думка ўвасобілася ў прадмове беларускага творцы да “Кнігі Юдзіф”. У ёй пісьменнік параўноўвае чалавека з іншымі жывымі істотамі і на аснове гэтага параўнання сведчыць пра агульную для іх любоў да роднага куточка зямлі, дзе яны нарадзіліся і ўзгадаваны. Тым самым Францыск Скарына даказвае яшчэ адну важную для свайго часу ісціну: ён сцвярджае права грамадзян розных краін ганарыцца сваёй Айчынай і любіць яе, выступае за роўнасць усіх народаў між сабою і за каштоўнасць кожнага з іх паасобку. Выконваючы свой запавет, слаўны палачанін у кожнай са сваіх кніг абавязкова падкрэсліваў уласнае паходжанне і з нязменнай павагай да роднага пазначаў, што кніга “выкладзена доктарам Францыскам Скарынам са слаўнага горада Полацка”. І далей: “Інтэлектуальны пасыл нашага першадрукара быў скіраваны на ўсе саслоўі беларускага грамадства XVI ст. І пры ўсім гэтым выказаныя асветнікам погляды і думкі застаюцца надзвычай актуальнымі і важнымі нават сёння – праз 500 гадоў. Больш за тое, некаторыя думкі Скарыны здолелі зацікавіць і прывабіць многіх інтэлектуалаў ва ўсім свеце, дзякуючы чаму з’явіўся шэраг перайманняў і перакладаў на самыя розныя мовы свету. Асаблівай увагі замежных творцаў заслужылі яго патрыятычныя выказванні, адлюстраваныя ў прадмове да “Кнігі Юдзіф”. Сабраныя ў дадзеным выданні пераклады слоў беларускага асветніка на розныя мовы свету пераканаўча сведчаць пра сілу яго слова, падкрэсліваюць спрадвечную знітаванасць культурнага жыцця нашых краін”.

Акрамя беларускай, урывак надрукаваны ў пераўвасабленнях на аварскую, агульскую, азербайджанскую, арабскую, армянскую, балгарскую, балкарскую, бурацкую, верхнелужыцкую, в’етнамскую, даргінскую, іспанскую, італьянскую, іўрыт, кабардзінскую, казахскую, калмыцкую, каракалпакскую, карацінскую, карэйскую, кіргізскую, кітайскую, комі, крымска-татарскую, кумыкскую, курдскую, лакскую, латгальскую, лезгінскую, літоўскую, македонскую, мангольскую, марыйскую, нагайскую, нанайскую, ніжнелужыцкую, нямецкую, польскую, пушту, румынскую, русінскую, рускую, рутульскую, саамскую, сербскую, славенскую, табасаранскую, таджыкскую, татарскую, тацкую, тувінскую, турэцкую, удмурцкую, узбекскую, уйгурскую, украінскую, фінскую, французскую, хакаскую, цахурскую, чачэнскую, чувашскую, чэшскую, шведскую, шорскую, эстонскую, якуцкую, японскую мовы.

Сярод перакладчыкаў – знакамітыя паэты, якія працуюць у розных нацыянальных літаратурах: азербайджанец Чынгіз Алі аглу, армянін Эдвард Мілітанян, узбек Улугбек Есдаўлетаў, кітаец Гаа Ман, манголец Галаарыд Бадам-Ачырын, таджык Саідалі Мамур, татарын Рэнат Харыс, удмурт Вячаслаў Ар-Сяргі… Упершыню зборнік “Францыск Скарына на мовах народаў свету” быў выдадзены ў 2014 годзе. У наступных выданнях – 2015 і 2016 гадоў і, зразумела, 2019 года – колькасць моў на якія здзейснены пераклады, пашырылася.

Што цікава, на некаторыя мовы змешчаны па два і болей перакладаў. На беларускую – тры (Алеся Разанава, Івана Саверчанкі, Сяргея Панізьніка), на рускую – таксама тры (Уладзіміра Беразева, Алега Буркіна, Валерыя Грышкаўца), на армянскую, балгарскую, крымскататарскую, марыйскую, удмурцкую, чачэнскую, чэшскую – па два. На сербскую змешчана чатыры пераўвасабленні: іх ажыццявілі Радміла Рысціч, Іван Чарота, Саманта Рац, Даяна Лазаравіч. Іван Чарота, як вядома, беларускі сербіст, доктар філалагічных навук, ды разам з тым яшчэ і акадэмік Сербскай Акадэміі навук (настолькі высокі аўтарытэт нашага суайчынніка ў Сербіі як даследчыка сербскай літаратуры, культуры, як перакладчыка сербскай паэзіі, прозы, публіцыстыкі на беларускую і рускую мовы!). Радміла Рысціч – перакладчыца Скарыны і на нямецкую мову. А яшчэ па-нямецку тэкст Францыска Скарыны загаварыў дзякуючы Норберту Рандаў і Уладзіміру Чапегу, Аляксандру Філюце, Вікторыі Андрэевай.

Цікавымі падаюцца лёсы Норберта Рандаў і Уладзіміра Чапегі, якія паядналіся ў адным перакладчыцкім клопаце. Норберт Рандаў, які нарадзіўся ў 1929 годзе, вывучаў славістыку ў Берліне да 1953 года. Пасля – у Сафіі. Працаваў у Берлінскім універсітэце імя Гумбольта. У 1962 – 1965 гг. знаходзіўся за кратамі – “за антыдзяржаўную прапаганду” і “дапамогу нелегальнай эміграцыі” з ГДР. Канешне ж, з такім “тлустым” радком у біяграфіі пра навуковую кар’еру ў ГДР марыць не даводзілася. Родная сястра славіста Гундула Рандаў выйшла замуж за беларуса Уладзіміра Чапегу, які нарадзіўся на Гомельшчыне. Менавіта Уладзімір Чапега (1939 – 2014) падштурхнуў спадара Норберта да цікаўнасці да беларускай літаратуры. Як вынік – знаёмствы з Васілём Быкавым, Уладзімірам Караткевічам, Янкам Брылём, Алесем Разанавым, Рыгорам Барадуліным, Уладзімірам Арловым. У 2003 годзе ў фондах Верхнялужыцкай навуковай бібліятэкі ў Гёрліцы Н. Рандаў знайшоў невядомы дагэтуль беларусістам асобнік пражскага выдання “Бібліі” Францыска Скарыны. Нямецкі перакладчык пераўвасобіў на сваю родную мову творы Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Алеся Гаруна, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Васіля Быкава. У мяне захаваўся ліст, з якім перакладчык у свой час даслаў пераклад урыўка з прадмовы Ф. Скарыны да кнігі “Юдзіф”: “Нойштрэліц, 4 ліпеня 2013 года.

Паважаны спадар Алесь!

Толькі сёння пасылаю Вам пераклад на нямецкую мову тэкста Скарыны з яго прадмовы да “Кнігі Юдзіф”. Пераклад зроблены сумесна Норбертам Рандавым (Norbert Randow) і мною, Уладзімірам Чапегам (Uladsimir Tschapeha), з арыгінала Скарыны. Калі выйдзе запланаваная Вамі кніжка, то было б вельмі добра, калі б Вы пераслалі мне адзін яе экземпляр. Можна і на мой мінскі адрас. Калі ў мяне атрымаецца што-небудзь перакласці на рускую мову, то я тады звярнуся да Вас.

Усяго Вам добрага!

З павагаю

Ваш Уладзімір Чапега”.

На вялікі жаль, і Норберт Рандаў, і Уладзімір Чапега не паспелі пабачыць кнігу “Францыск Скарына на мовах народаў свету”. Абодва пайшлі з жыцця раней, чым гэты праект увасобіўся асобным выданнем…

Крыху – пра спадара Чапегу. У 1961 годзе перакладчык закончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў. У 1962 – 1988 гадах служыў у Савецкай Арміі. Экстэрнам скончыў Данецкае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча інжынерных войскаў і войскаў сувязі (1973). Жыў у Германіі. У 1982 годзе перакладчыка прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. Перакладаў з нямецкай мовы на беларускую і з беларускай на нямецкую. Дэбютаваў у друку ў 1971 годзе.

На нямецкую мову пераклаў раман І. Мележа “Людзі на балоце” , аповесці В. Быкава “Абеліск”, “Здрада”, А. Кудраўца “Раніца”, кнігу У.Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”, творы Цёткі, Я.Брыля, К.Крапівы, П.Галавача, М.Гарэцкага, Я.Скрыгана… З нямецкай на беларускую пераклаў раманы Г.Ота “Пара ў дарогу, буслы” А.Аменды “Апасіяната”, Л.Франка “Ісусавы вучні”, творы Ш.Гермлінга, С.Цвэйга. Уладзімір Чапега адзначаны ордэнам “За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германіяй”.

Не меней цікавым перакладчыкам з’яўляецца Гао Манг (1926-2017), які пераўвасобіў тэкст беларускага першадрукара на кітайскую мову. Яшчэ ў 1958 годзе ў Пекіне пабачыла свет кніга вершаў Максіма Танка ў перакладзе Гао Манг. Кітайскі мастак слова пераклаў на сваю родную мову і кнігу Святланы Алексіевіч “Цынкавыя хлопчыкі”, якая пабачыла свет у Пекіне ў 1990 годзе.

Несумненна, праца над своеасаблівай анталогіяй перакладаў твора Францыска Скарыны на розныя мовы патрабуе свайго працягу. Будем спадзявацца, што да работы над пераўвасабленнем неўміручых радкоў, якія аднолькава значныя па сваёй патрыятычнай скіраванасці для народаў усяго свету, спрычыняцца і перакладчыкі іншых краін Азіі, Афрыкі, Амерыкі, Еўропы. Францыск Скарына ідзе па свету разам з Беларуссю, расказвае свету пра Беларусь і беларусаў.

 

 

Ales Karlyukevich: Afterword to the book “Francysk Skaryna in the languages ​​of the peoples of the world”. Foreword by Ales Susha. 4th ed. Minsk: Ja. Kolas Printing House, 2019. 152 pp.: Ill.

(web-magazine “Culture. Nation”, issue 25, April 2020, pp.6770, www.sakavik.net)

The author informs about the publication of the 4th edition of the book “Francysk Skaryna in the Languages ​​of the World”. The book gives a translation of the preface to the book of F.Skaryna “Judith” in 70 languages ​​of the world. This preface is a vivid example of F.Skaryna’s love for his homeland and pride in it. The annotation contains information about some translators (Norbert Randau, Uladzimir Chapega, Gao Mang).

 

 

Алесь Карлюкевич: Послесловие к книге «Францыск Скарына на языках народов мира». Предисловие Алеся Суши. 4-е изд., доп. Минск: Типография Я. Коласа, 2019. 152 с .: ил.

(интернет-журнал «Культура. Нация», выпуск 25, апрель 2020, с.67-70, www.sakavik.net)

Автор информирует о публикации 4-го дополненного издания книги «Францыск Скарына на языках народов мира». В книге даётся перевод предисловия к книге Ф. Скарыны «Юдифь» на 70 языков мира. Это предисловие яркий образец любви Ф.Скарыны к своей родине и гордости за неё. В аннотации приводятся сведения о некоторых переводчиках (Норберт Рандау, Владимир Чапега, Гаo Манг).



Categories: Культура, Літаратура

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: