Кацярына Музычэнка, Ларыса Скрыпко, Ігар Пракаповіч: Арганная культура Пастаўскага краю. Часопіс “Культура. Нацыя”, №25, красавік 2020, с.47-59. www.sakavik.net

logo for chasopis 

Культура Беларусі багатая і шматаблічная ў розных сваіх праявах. Наша краіна мае грунтоўныя традыцыі і змястоўную спадчыну ў архітэктуры, літаратуры, фальклоры, народным мастацтве, танцах, адзенні і іншых напрамках. Адным з важных накірункаў развіцця культуры з’яўляецца музыка і звязаныя з ёй музычныя інструменты, выканальніцкае майстэрства, музычныя фестывалі, конкурсы. У гэтым шэрагу адметнае месца займаюць арганы і арганная культура.  “Кароль музычных інструментаў” – менавіта так называюць за велізарныя памеры, надзвычайны дыяпазон гучання і ўнікальнае багацце тэмбраў духавы арган. Музычны інструмент са шматвяковай гісторыяй, які перажыў перыяды шырокай папулярнасці і забыцця, служыў як для рэлігійных службаў, так і для свецкіх забаў. Унікальны арган і тым, што адносіцца ён да класу духавых інструментаў, але пры гэтым абсталяваны клавішамі. Асаблівасцю з’яўляецца і тое, што для iгры на ім выканаўца павінен віртуозна валодаць не толькі рукамі, але і нагамі.

На тэрыторыі Пастаўскага раёна ёсць арганы, якія выкарыстоўваюцца ў касцёльных службах каталіцкіх храмаў у Паставах, Лынтупах, Камаях, Лучаі, Дунілавічах, Варапаеве, Казлоўшчыне і Барэйках. Штогод увосень на Пастаўшчыне ладзяцца арганныя фестывалі. Аднак да цяперашняга часу арганы як музычныя інструменты ў нашым краі не вывучаліся, іх гісторыя не даследавалася,  папулярызацыяй арганнай культуры амаль ніхто не займаўся. Так званыя фестывалі не маюць добрай рэкламы, бо праграмы звычайна абмяжоўваюцца выступленнямі 1-2 выканаўцаў. І гэта з’яўляецца значнай рэгіянальнай праблемай. Яе актуальнасць вызначаецца неабходнасцю пашырэння музычнай культуры сярод насельніцтва, улічваючы, што арганныя фестывалі плануецца ладзіць і надалей з магчымым пашырэннем іх статусу да рэспубліканскіх і, магчыма, міжнародных. Такая сітуацыя падштурхнула нас да збору грунтоўных звестак пра мясцовыя арганы і арганістаў і да рэалізацыі шэрагу праектаў, якія магчыма паспрыяюць папулярызацыі арганнай культуры сярод мясцовага насельніцтва і турыстаў.

І. Агульныя звесткі пра арганы

Ўвогуле пра арганную культуру існуе даволі многа звестак, а вось канкрэтна пра наш край іх вельмі мала. Аналізаваліся выданні са збораў Пастаўскай раённай бібліятэкі, Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі, бібліятэкі Пастаўскай гімназіі. Гэта былі як агульнабеларускія энцыклапедыі і даведнікі, так і мясцовыя краязнаўчыя брашуры, кнігі, артыкулы ў перыядычным друку. Найбольшую інфармацыю пра арганы ў касцёлах Пастаўшчыны ўтрымлівае энцыклапедычнае выданне “Арганы Беларусі” (Мінск: Выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, 2018), аднак у ім на кожны касцёл адводзіцца толькі адзін разварот кнігі, на якім змяшчаецца шэраг фатаздымкаў, кароткая інфармацыя пра храм і арган (усяго па адным-два абзацы).  Грунтоўная праца “Арганы Беларусі” змяшчае фотакаталог 123 арганаў (і будынкаў, дзе знаходзяцца), звесткі пра іх тэхнічныя характарыстыкі і стан, з’яўленне, арганнае будаўніцтва і распаўсюджанне на тэрыторыі ў межах сучаснай дзяржавы, арганных майстроў, арганнае мастацтва, арганістаў і выканальніцтва. Падаюцца картаграфічныя матэрыялы, кружэлка з запісамi “галасоў” дзевяці арганаў краіны (у тым ліку 200-гадовага інструмента ў в. Камаі на Пастаўшчыне) у выкананні беларускіх і замежных музыкаў. Мовы выдання – беларуская і англійская, наклад 700 асобнікаў. У іншых друкаваных крыніцах матэрыялаў яшчэ менш. Асобныя, часта дублючыя звесткі, удалося выявіць у кнігах “Памяць. Пастаўскі раён” (2001) (артыкулы аўтарства А. М. Кулагіна), “Каталіцкія храмы Беларусі” (2008) (таго ж аўтара), “Лучай. Гісторыя маёнтка, мястэчка і вёскі 1542–1998” (2004, самвыдат) (аўтар – Іосіф Зямчонак), “Лынтупы і наваколле. Гістарычны нарыс” (1993), (аўтар – Іосіф Быхавец).

З арганістаў толькі пра Браніслава Руткоўскага маюцца даволі грунтоўныя матэрыялы, бо даследаваннем яго творчасці займаўся вядомы краязнаўца Ян Драўніцкі, які напісаў кнігу “Прафесар музыкі з Камай”. Шэраг матэрыялаў пра арганныя фестывалі на Пастаўшчыне сабраны з публікацый у раённай газеце “Пастаўскі край” за 2013-2018 гады.  Аналіз выяўленых звестак пра арганную культуру ў нашым краі паказаў, што яе вывучэннем мэтанакіравана ніхто яшчэ не займаўся.

Арган (лац. organum) – самы вялікі клавішны духавы музычны інструмент, які гучыць пры дапамозе труб (металічных, драўляных, без язычкоў і з язычкамі) розных тэмбраў, у якія з дапамогай мяхоў нагнятаецца паветра. Iгра на аргане ажыўляецца пры дапамозе некалькіх клавіятур для рук (мануалаў) і педальнай клавіятуры. Па гукавым дыяпазоне і багацці музычных сродкаў арган займае першае месца сярод усіх інструментаў і часам называецца “каралём музычных інструментаў”. З прычыны сваёй выразнасці і моцы ўздзеяння на духоўны стан чалавека, ён даўно стаў здабыткам цэркваў і касцёлаў.

Гiсторыя аргана. Зародак аргана можна бачыць у флейце Пана, а таксама ў дудзе. Лічыцца, што арган (гiдравлос; таксама hydraulikon, hydraulis — “водны арган”) вынайшаў грэк Ктэзiбiй, які жыў у Александрыі Егіпецкай у 296-228 гг. да н.э. Малюнак падобнага інструмента маецца на адной манеце або жэтоне часоў імператара Нерона. Арганы вялікіх памераў з’явіліся ў IV стагоддзі, больш ці менш удасканаленыя арганы – у VII і VIII стагоддзях. Папа Віталіян (666 год) увёў арган у каталіцкую царкву. У VIII стагоддзі Візантыя славілася сваімі арганамі. Мастацтва будаваць арганы з’явілася ў Італіі, адкуль у IX стагоддзі яно перайшло на Францыю, а пазней і на Германію. Найбольшае распаўсюджванне арган пачаў атрымліваць у XIV стагоддзі, тады ж у інструменце з’явілася педаль і клавіятура для ног. Сярэдневяковыя арганы, у параўнанні з больш познімі, былі грубай працы; ручная клавіятура, напрыклад, складалася з клавіш шырынёй ад 5 да 7 см, адлегласць паміж клавішамі дасягала паўтара см. На  клавішы не націскалі, як цяпер, а білі па іх кулакамі. У XV стагоддзі былі зменшаны клавішы і павялічана колькасць труб.

Прылады аргана. Удасканаленыя арганы дасягнулі вялікай колькасці труб і трубак; напрыклад, арган у Парыжы ў царкве St. Sulpice мае 7 тысяч труб і трубак. У аргане бываюць трубы і трубкі наступных велічын: у 1 фут ноты гучаць трыма актавамі вышэй пісаных, у 2 футы — ноты гучаць двума актавамі вышэй пісаных, у 4 футы — ноты гучаць актавай вышэй пісаных, у 8 футаў — ноты гучаць як пішуцца, у 16 футаў — ноты гучаць актавай ніжэй пісаных, у 32 футы — ноты гучаць двума актавамі ніжэй пісаных. Закрыццё трубы зверху прыводзіць да паніжэння гукаў на актаву. Не ўсе арганы маюць трубы вялікіх памераў. Клавіятур у аргане бывае ад 1 да 7 (звычайна 2-4); называюцца яны мануаламі. Хоць кожная клавіятура аргана мае аб’ём у 4-5 актаў, з прычыны таго, што маюцца трубы, якія гучаць на дзве актавы ніжэй або на тры актавы вышэй пісаных нот, аб’ём вялікага аргана мае 9,5 актаў. Кожны набор труб аднолькавага тэмбру складае як бы асобны інструмент і называецца рэгістрам. Кожная кнопка, або рэгістр, мае сваю назву і адпаведны надпіс з пазначэннем даўжыні самай вялікай трубы гэтага рэгістра. Назву рэгістру і велічыню труб кампазітар можа пазначыць у нотах над тым месцам, дзе дадзены рэгістр павінен быць ужыты. Рэгістраў у арганах бывае ад 2 да 300 (часцей за ўсё сустракаецца ад 8 да 60).

Усе рэгістры падзяляюцца на дзве катэгорыі: 1. Рэгістры з трубамі без язычкоў (лабіяльныя рэгістры). Да гэтай катэгорыі належаць рэгістры адкрытых флейт, рэгістры закрытых флейт (bourdons), рэгістры прыгукаў (мікстуры), у якіх кожная нота мае некалькі (больш слабых) гарманічных прыгукаў; 2. Рэгістры, у якіх трубы з язычкамі (язычковыя рэгістры). Злучэнне рэгістраў абедзвюх катэгорый разам з мікстурай называецца plеin jeu. Клавіятуры, або мануалы, размешчаны ў арганах тэрасай, адзін над другім. Акрамя іх, існуе яшчэ педальная клавіятура (ад 5 да 32 клавіш), пераважна для нізкіх гукаў. Партыя для рук пішацца на двух нотаносцах – у ключах і як для фартэпіяна. На клавіятуры педаляў, званай проста “педаль”, граюць абедзвюма нагамі, карыстаючыся напераменку абцасам і наском (да XIX стагоддзя – толькі наском). Арган без педалі называецца пазітыў, маленькі пераносны арган – партатыў. Копула – механізм, з дапамогай якога звязваюцца дзве клавіятуры, пры чым вылучаныя на іх рэгістры дзейнічаюць адначасова. Копула дае магчымасць граць на адным мануале, карыстацца высунутымі рэгістрамі другога. Ёсць 4 падножкі над клавіятурай педаляў (Pеdale de combinaison, Tritte), з якіх кожная дзейнічае на вядомую пэўную камбінацыю рэгістраў. Жалюзі – прыбор, які складаецца з дзверцаў, якія зачыняюць і адчыняюць аб’ём з трубамі розных рэгістраў, з прычыны чаго адбываецца ўзмацненне або паслабленне гучання. Дзверцы прыводзяцца ў рух падножкай (швелерам).

Кампазітары, якiя пісалі арганную музыку: Iаган Себасцьян Бах, Iаган Адам Рейнкен, Іагана Пахельбель, Дзітрых Букстэхудэ, Джыралама Фрэскабальдзі, Iаган Якаб Фробергер, Георг Фрыдрых Гендэль, Зігфрыд Карго-Элерт, Макс Регер, Вінцэнт Любек, Iаган Людвіг Крэбс, Маціяс Векман, Сезар Франк.

ІІ. Арганы Пастаўшчыны

АРГАНЫ КАСЦЁЛА СВЯТОГА АНТОНIЯ ПАДУАНСКАГА I БЕЗЗАГАННАГА ЗАЧАЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ МАРЫI ПАННЫ  Ў  ПАСТАВАХ. Першыя ўскосныя звесткi пра арган у Паставах датуюцца 1686 годам. Вядома, што ў гады Першай сусветнай вайны падчас артылерыйскага абстрэлу арган касцёла быў знiшчаны. Верагодна, гэта быў арган вiленскай фабрыкi Вацлава Бярнацкага, бо ў сваiм каталогу прац майстар называе i арган у Паставах, але там не пазначаны год стварэння iнструмента. У пачатку 1990-х гадоў лiтоўскiмi майстрамi быў збудаваны сучасны арган. Для яго прыстасавана кафедра электрааргана. З 2013 года Пастаўскi касцёл з’яўляецца цэнтральнай пляцоўкай штогадовага фестывалю “Гучаць старадаўнiя арганы Пастаўшчыны”.

Таксама ў музеі пры касцёле захаваўся партатыўны арган, зроблены ў Парыжы (Францыя) ў 1899 годзе. Яго абследаванне праводзілася аўтарамі работы ў снежні 2018 года. Было вызначана, што ён мае шырыню 50 см, вышыню 88 см, даўжыню 150 см. Інструмент складаецца з аднаго мануала, у якім размешчана 36 белых і 25 чорных клавіш. Маецца падстаўка для нот. У тыльнай частцы аргана знаходзяцца мяхі, пры дапамозе якіх ён гучыць. З правага боку аргана захавалася арыгінальная французская ручка. Пульт аргана складаецца з дынамічных перамыкачоў – швелера, самых розных нажных перамыкачоў і клавіш ўключэння копул, якія пераносяць рэгістры аднаго мануалу на другі. Таксама ўдалося высветліць, што гэты арган патрапіў у музей з вёскі Свініца, што знаходзіцца ва ўсходняй частцы Пастаўшчыны каля Варапаева. Захоўваўся ён у хлеве аднаго з мясцовых жыхароў. З якога касцёлу гэты арган пакуль што невядома. Магчыма, з храма ў вёсцы Барэйкі, які быў узведзены там у 1935-36 гадах з дрэва, а ў 1950 годзе разабраны і перавезены ў Варапаева на клуб. Мясцовыя жыхары каштоўныя рэчы з касцёла разабралі па хатах.

АРГАН КАСЦЁЛА СВЯТОГА ЯНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ Ў КАМАЯХ. Арган быў усталяваны ў 1906 годзе майстрам Войцехам Гадко да 300-годдзя заснавання касцёла. Гэта самы раннi, адзiны ў Беларусi, арган гэтага майстра, якi цалкам захаваўся i функцыянуе. Каля клавіятуры інструмента ёсць невялічкая шыльда, на якой засведчана аўтарства стваральніка. Сярод iншых iнструментаў вылучаецца кампактнасцю будовы вялiкi мех, абкружаны з трох бакоў абстрактамi, змешчаны на першым паверсе пад вiндладай, трубы знаходзяцца на другiм паверсе. У мех паветра напампоўваецца электрычным кампрэсарам. Электрарухавік аргана быў прывезены з Германіі і зроблены спецыяльна пад гэты арган. Калі адсутнічае электраэнергія, то паветра можа падавацца механічным спосабам: у правай бакавіне аргана існуюць спецыяльныя педалі для ног, з дапамогай якіх чалавек (звычайна, мужчына) можа наганяць паветра ў мех. Ступень напаўнення аб’ёма паказвае драўляны язычок.  Арган складаецца з 800 труб. Таксама ёсць педаль, з дапамогай якой можна пераключаць рэгістры. Вядома, што ў савецкiя часы ўлады хацелi канфiскаваць арган на карысць нейкай дзяржаўнай установы. Шкадуючы iнструмент, ксёндз Андрей Булька перад прыездам камiсii выдалiў з аргана некаторыя трубы. У такiм стане яго забiраць не сталi. У 2005 г. iнструмент быў адрамантаваны польскiмi майстрамi, якiя замянiлi стары рэгiстр Mikstura 2’3 chóry на рэгiстр меншай футавасцi. У 2013 г. гiстарычны рэгiстр Mikstura 2’3 chóry быў адноўлены. Гэта рэдкi ў Беларусi выпадак, калi вернiкi не толькi адрамантавалi арган, але i фiнансавалi працу па вяртаннi iнструмента да першапачатковага стану.  Цікавыя звесткі: 1. Пры пабудове альбо рамонце арганаў для герметызацыі часта выкарыстоўваецца папера. Так, у камайскім органе для герметызацыі крышкі віндлады скарысталі газету 1904 г., на якой можна прачытаць тэрміновае паведамленне пра пачатак высадкі японскіх войск каля Порт-Артура для яго аблогі.  2. Арган пабудаваны з выяўным жаданнем пакінуць як мага больш месца для хору, пры гэтым інструмент павінен быў мець максімальную колькасць рэгістраў. Гэта прывяло да сціснутасці прасторы ўнутры аргана, што вельмі ўскладніла яго абслугоўванне.

АРГАН КАСЦЁЛА СВЯТОГА АПОСТАЛА АНДРЭЯ Ў ЛЫНТУПАХ.  Першы касцёл у Лынтупах быў пабудаваны ў 1459 годзе ўласнікам мястэчка Андрэеем Даўгірдовічам. У храме быў арган на дзесяць галасоў і тры званы. На могілках стаяла драўляная капліца з абразам Маці Божай, алтаром, хорам і арганам на дзевяць галасоў, якую пабудавалі ў 1875 годзе. Сучасны касцёл узведзены ў 1908-1914 гадах з фундацыі ўласніка Лынтупаў Юрыя Бішэўскага.  Лынтупскi арган пнеўматычны,  складаецца з мноства труб. Трубы маюцца як металічныя, так і драўляныя. Чым таўсцей труба, тым ніжэй і гучней гук. Усе рэгістры гучаць з дапамогай паветра. Маюцца 3 мануалы (1 нажны і 2 ручныя). Справа на кафедры раней змяшчаўся гадзіннік (цяпер няма). Інструмент добра захаваўся, мае першапачатковы выгляд, але працуе толькі часткова. У Віцебскай вобласці гэта другі (пасля Слабодкі) па колькасці рэгістраў гістарычны арган. Цікавыя факты: 1. На кафедры адсутнічае шыльда з назвай фабрыкі, але ўнутры шафы захаваўся надпіс «Lyntupy W.В.» («Лынтупы В.Б.») — пазнака фабрыкі В.Бярнацкага. 2. Унутры шафы захаваўся наклеены на корпус талон польской чыгункі, які сведчыць аб перавозцы інструмента па маршруце Вільня— Лынтупы.

АРГАН КАСЦЁЛА СВЯТОГА АПОСТАЛА ЮДЫ ТАДЭВУША Ў ЛУЧАІ. У акце візітацыі касцёла 1779 года занатаваны 5-рэгістравы пазітыў. У 1811 годзе новы ўладальнік Лучая Антон Ваньковіч фундаваў арган на 12 рэгістраў з эфектамі Zymbelstern і Тympani, які часткова захаваўся да нашых дзён. Вядома, што ў 1834 годзе інструмент быў значна пашкоджаны пажарам і ў 1834-1870 гадах у касцёле выкарыстоўваўся 4-рэгістравы пазітыў. У1871-1873 гг. і ў 1906 г. арган быў грунтоўна адрамантаваны.  Інструмент мае вялікую прыгожую арганную шафу 1811 года з класіцыстычнымі рысамі. У аздабленні праспекта гарманічна спалучаюцца драўляная разьба і манахромны аб’ёмны роспіс. Дзве віндлады адпавядаюць тонавым паслядоўнасцям ад С і Cis.  У савецкі час, калі касцёл быў закрыты і ператвораны ў склад, арган быў пашкоджаны (верагодна, у гэты час зніклі трубы). У 1990-я гады літоўскія майстры адрамантавалі аўтэнтычныя механічныя часткі інструмента і паставілі ў арган 6 новых рэгістраў. Частка драўляных труб была ўзята з невядомых гістарычных інструментаў, але большасць іх былі самаробнымі. У 2013 годзе частка труб дыскантовага дыяпазону рэгістраў Рrincipal 8′ і Осtava 4′ была заменена на трубы з арганнага металу, зняты i вывезены штокі 5 рэгістраў і рэгістравая ручка рэгістра Jula 8‘.  Лучайскі арган – адзіны барочны арган у Віцебскай вобласцi. Зараз арган суправаджае службы і ў касцёле ладзяцца канцэрты для турыстаў.  Большасць труб, пастаўленых у 1990-я гг., былі самаробнымі. На некоторых трубах рэгістра Осіаvа 4′ можно было прачытаць надпіс “Сельдь специального посола”, бо яны былі зроблены з металу кансервавай бляшанкі.

АРГАН КАСЦЁЛА НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОІЦЫ Ў ДУНІЛАВІЧАХ. Першыя звесткі пра Дунілавічы сягаюць у далёкі 1473 год. Здаўна ў Троіцкім касцёле службы таксама ішлі ў музычным суправаджэнні. Звестак з апісаннямі арганаў выявіць пакуль што не ўдалося, але ёсць ускосныя матэрялы, якія пацвярджаюць наяўнасць у храме гэтага інструмента. У працы Яна Ходзькі Барэйкі “Diecezja Mińska około 1830 roku” даецца кароткае апісанне парафіяльнай школы, якая дзейнічала пры касцёле зімовай парой. Ён паведамляе, што заняткі з вучнямі праводзіць арганіст, за што яму надалі агарод і паўвалокі зямлі. Маецца і асобны дом для арганіста, у якім гэтыя заняткі адбываюцца. Гістарычныя арганы не захаваліся, а новы арган усталяваны ў 1998 годзе і зроблены па фундацыі С.Мядзёлкі. На цяперашні час арган патрабуе рамонту.

АРГАН КАСЦЁЛА СВЯТОГА МІХАІЛА АРХАНЁЛА Ў ВАРАПАЕВЕ. Першая каталіцкая святыня з’явілася ў Варапаеве ў 20-я гады ХХ стагоддзя, калі тут асвяцілі капліцу. У 1932 годзе быў узведзены першы драўляны касцёл пад тытулам св.Арханёла Міхаіла, які перавезлі сюды з Дунілавічаў. У міжваенны час службы ў храме аздабляліся музычным суправаджэннем. Адпаведны настрой ствараў арганіст, які выконваў творы на фісгармоніі. Гэты музычны інструмент быў выраблены ў 1899 годзе ў французскім Парыжы, гучаў пад сутарэннямі Варапаеўскага касцела, а пасля яго закрыцця апынуўся ў хляве пад сенам у вёсцы Свініца. І толькі ў 2006 годзе ён быў перададзены ксяндзу пробашчу з Паставаў Анджэю Возьняку для касцёльнага музея пры пастаўскім касцёле. Цяпер абавязкі арганіста выконвае сястра законная Таццяна Данч з Глыбокага. У 2018 годзе ў пастаўскай друкарні выдадзена кніга Аліны Латыш “Свяціся імя тваё…”, у якой аснове літаратурных крыніц і вялікага мясцовага матэрыялу, які складаюць успаміны жыхароў, запісаныя асабіста аўтарам, распавядаецца пра гісторыю касцёла ў Варапаеве.

АРГАНЫ КАПЛІЦЫ СВЯТОГА АПОСТАЛА ПЯТРА Ў КАЗЛОЎШЧЫНЕ. Капліца была пабудавана ў 1843 годзе з бутавага каменю. Яна мае прамавугольную форму, перакрыта двухсхільным дахам. У капліцы над уваходам маюцца хоры з выступам для размяшчэння невялікага аргана або фісгармоніі. Па словах мясцовых жыхароў, раней падчас службы тут выкарыстоўваўся невялікі арган, які вывезлі ў Мосарскі касцёл. У капліцы меліся ўсталяваць другі арган. Яго прывезлі ў Казлоўшчыну з Польшчы і цяпер ён захоўваецца ў плябаніі. Паколькі ксяндза, які раней тут пастаянна жыў, перавялі служыць у Лепель, то і арганам ніхто не займаецца.

АРГАН БАРЭЙКАЎСКАГА КАСЦЁЛА. Касцёл у вёсцы Барэйкі быў пабудаваны ў 1935-36 гадах з дрэва. Разабраны ў 1950 годзе, перавезены ў Варапаева на клуб. Засталіся толькі муры. Мясцовыя жыхары каштоўныя рэчы з касцёла разабралі па хатах. На месцы храма па ініцыятыве ксяндза Мосарскага касцёла Ю. Булькі ў 2007 годзе ўзведзена каталіцкая каплічка. Паводле гістарычных крыніц, недалёка ад храма жыла шляхцянка Пашкевіч, якая на свае грошы купіла для касцёла арган. Лёс гэтага інструмента невядомы.

Арганісты Пастаўшчыны

Браніслаў Руткоўскі (27.02.1898-01.06.1964), сусветна вядомы арганіст, дырыжор і кампазітар, музычны крытык, педагог і публіцыст. Нарадзіўся і дзіцячыя гады правёў у вёсцы Камаі (цяпер Пастаўскі раён). Музычную адукацыю атрымаў у С.Пецярбургу. Затым вывучаў паланістыку ў Віленскім універсітэце. У Варшаўскай кансерваторыі быў вучнем М.Сушчынскага. Працягнуў навучанне ў Сарбоне (Парыж), а таксама ў «L. Viene’ a Schola Cantorum» (Францыя).  У якасці добраахвотніка прымаў удзел у польска-савецкай вайне (1919-1921). За праяўленую адвагу быў узнагароджаны крыжам “Virtuti Militari” пятага класа (1921 г.). У міжваенны перыяд заняўся педагагічнай дзейнасцю.  Выступаў з канцэртамі ў Польшчы, Венгрыі, Аўстрыі і іншых еўрапейскіх краінах. Б. Руткоўскі з’яўляецца заснавальнікам і першым старшынёй “польскага грамадства аматараў старадаўняй музыкі”. Будучы гарачым прапагандыстам айчыннай музыкі, ён заснаваў “Выдавецкае таварыства польскай музыкі”. На працягу шэрагу гадоў выконваў функцыі арганіста Архікатэдры Св. Яна ў Варшаве. Яго вучнямі былі такія сусветна вядомыя музыкі як Й.Грубіх, Г.Мрыка, Ю.Серафін. З’яўляючыся выдатным, віртуозным арганістам, атрымаў мянушку “польскага Альберта Швейцера”. Да сённяшняга дня ён лічыцца бясспрэчным “бацькам” сучаснай польскай арганістыкі. Будучы выдатна адукаваным і ўсебакова таленавітым чалавекам, Б.Руткоўскі таксама захапляўся публіцыстыкай. Пісаў артыкулы пра музыку. Быў галоўным рэдактарам часопіса «Ruch muzyczny», аўтарам вялікай колькасці радыёперадач, прысвечаных музыцы. За заслугі ў галіне культуры Б. Руткоўскі быў адзначаны Камандорскім крыжам ордэна Адраджэння Польшчы (1958) і шэрагам іншых узнагарод.

Даўжук Алена, арганістка Камайскага касцёла. Нарадзілася ў 1968 годзе ў вёсцы Ёдаўцы Пастаўскага раёна. Скончыла 8 класаў Караліноўскай школы і яшчэ два гады правучылася ў Камайскай сярэдняй. Да таго, як стаць арганісткай, яна спявала ў мясцовым ансамблі, пасля чаго вырашыла пайсці ў Віцебскае вучылішча, дзе адвучылася 2 гады і 3 месяцы. Пазней працавала ў клубе, а затым у дзіцячым садку, дзе была выхавальніцай, а пазней – настаўніцай музыкі.  Дзякуючы кс. Чэславу, Алена прыняла сакрамэнт хросту і стала хадзіць у касцельны хор, а калі з Камаяў з’ехала арганістка, пачала іграць на аргане. Цяпер яна іграе на службах, спявае, сама піша песні. Ужо вышлі тры дыскі з яе песнямі і выкананнем.

Тамашэвіч Наталля, арганістка Лынтупскага касцёлу. Нарадзілася 21 студзеня 1976 года ў Лынтупах. Скончыла Лынтупскую музычную школу. Працуе ў музычнай школе. Наталля навучылася іграць на аргане самастойна. Сівіцкая Ядвіга, арганістка касцёла святога Антонія Падуанскага ў Паставах. Нарадзілася 23 мая 1960 года ў горадзе Паставы. Пасля заканчэння СШ № 1 паступіла ў Лідскае музычнае вучылішча па класе акардэона. Працавала ў Іў’еўскай дзіцячай музычнай школе, вучылася завочна ў Мінскім педагагічным інстытуце па спецыяльнасці “настаўнік музыкі”. З 1990 года – арганістка ў Пастаўскім касцёле. Першыя ўрокі ігры на арганах атрымала ад ксяндза Яна Шуткевіча, які ў свой час закончыў Маскоўскую кансерваторыю. У 1991-2004 гадах працавала з дзіцячым хорам “Ветразь”.

Ірына Чадаева, арганістка касцёла Святога Антонія Падуанскага ў Паставах. Нарадзілася 24 снежня 1965 года ў горадзе Браславе. Пасля 10-га класа паступіла ў Маладзечанскае музычнае вучылішча, якое скончыла ў 1987 годзе і размеркавалася ў Пастаўскую музычную школу. Адпрацаваўшы год, выйшла замуж за вайскоўца і праз некаторы час пераехала з ім у Забайкалле на новае месца службы. Пасля вяртання на радзіму, працуючы выкладчыцай Пастаўскай музычнай школы, у 1998 годзе паступіла на музычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (завочна), які закончыла ў 2002 годзе, атрымаўшы спецыяльнасць “настаўнік музыкі і спеваў”.  З 1998 года пачала іграць на аргане падчас службаў у Пастаўскім касцёле. У якасці арганісткі ўдзельнічала яна ў службах, якія праводзілі кардынал Казімір Свёнтак, нунцый Папы Рымскага і іншыя высокія іерархі касцёла. Акрамя гэтага, І.Чадаева была арганізатарам і кіраўніком касцельных хораў у Паставах, Дунілавічах, Варапаеве.

Таццяна Данч, арганістка Варапаеўскага касцёла святога Міхаіла Архангела. Нарадзілася ў горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці. У 24 гады, вырашыла стаць манашкай. У Варшаве прайшла законную фармацыю, а потым пяць гадоў вучылася ў інстытуце навучання арганістаў у Варшаве. З кастрычніка 2017 года служыць арганісткай у Варапаеўскім касцёле. У храме іграе падчас службаў, вельмі любіць творы Баха і Моцарта.

Вольга Кватэрчук нарадзілася ў горадзе Паставы ў 1974 годзе. Атрымала музычную адукацыю ў Наваполацкім музычным вучылішчы па спецыяльнасці фартэпіяна з прысваеннем кваліфікацыі: выкладчык, канцэртмайстар, артыст ансамбля. Працавала ў Лепелі. Пасля вяртання ў Паставы працавала ў адукацыйных установах горада музычным кіраўніком, канцэртмайстрам, настаўнікам музыкі, завочна вучылася ў Віцебскім педуніверсітэце, магістратуры на спецыялізацыі “Музычнае мастацтва”. З 2003 года з’яўляецца арганісткай Пастаўскага касцёла Св. Антонія Падуанскага.

Арганныя фестывалі на Пастаўшчыне

АРГАННЫ  ФЕСТЫВАЛЬ  2013  ГОДА. Адкрыццё канцэрта арганнай музыкi адбылося ў касцёле Святога Антонія Падуанскага. Высокі творчы ўзровень музычнага свята забяспечылі вядомыя выканаўцы: народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Ігар Алоўнікаў, а таксама лаўрэаты міжнародных конкурсаў: салістка Полацкай канцэртнай залы “Сафійскі сабор” Ксенія Пагарэлая, саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі Канстанцін Шараў, выкладчыца Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Кацярына Нікалаева і вядомы трубач Валерый Кетрыс.  Прысутныя ў пастаўскім касцёле першым віталі апладысментамі дуэт у складзе арганісткі Кацярыны Нікалаевай і нашага земляка, трубача Валерыя Кетрыса. У пастаўскай дзіцячай школе мастацтваў Валерый вучыўся ў класе настаўніка Віктара Жука. Пасля закончыў музычныя каледж і акадэмiю i цяпер іграе ў ваенным аркестры.

АРГАННЫ  ФЕСТЫВАЛЬ  2015  ГОДА. Вольга Падгайская, выкладчыца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкi, таленавітая арганістка, і Віталій Дарашук, лаўрэат міжнародных конкурсаў, саксафаніст— адкрылі ў гэты дзень фестывальную праграму ў Паставах. На працягу гадзіны ў іх выкананні гучалі творы кампазітараў арганнай музыкі розных часоў.  У нядзелю жыхары раёна таксама мелі магчымасць прыйсці паслухаць цудоўную арганную музыку. Раніцай адбыліся канцэрты ў касцёлах Святога Іаана Хрысціцеля ў Камаях і Святога Тадэвуша ў Лучаі, а днём у Паставах. У гэты дзень перад слухачамі выступілі арганіст Мінскага касцёла Найсвяцейшай Тройцы, журналіст Беларускага радыё Віктар Кісцень, салістка ансамбля “Камерныя салісты Мінска”, скрыпачка Кацярына Архіпава і салюты Белдзяржфілармоніі Канстанцін Шараў (арган) і Тамара Рэмез (вакал). Вяла канцэрты дыктар Беларускага радыё Маргарыта Захарыя.

АРГАННЫ  ФЕСТЫВАЛЬ  2016  ГОДА. Адкрылі канцэрт арганнай музыкi пастаянная вядучая, дыктар замежнай рэдакцыі “Радыё Беларусь” Маргарыта Захарыя, журналістка- ментатар Беларускага радыё, арганіст касцёла Святога Роха ў Мінску Віктар Кісцень і салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Тамара Рэмез. Яны прадставілі пастаўчанам і гасцям горада літаратурна-музычную кампазіцыю “Авэ Марыя”, складзеную з твораў Франца Шуберта, Іагана Себасцьяна Баха, Вольфганга Амадэя Моцарта, Станіслава Манюшкі, Нуну Габунія і іншых айчынных і замежных кампазітараў мінулых стагоддзяў.  На наступны дзень арган спяваў пад рукамі ўжо іншых праслаўленых артыстаў — лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, выкладчыцы Беларускай дзяржаўнай акадэмii музыкі Вольгі Падгайскай і саліста Белдзяржфілармоніі Канстанціна Шарава, якія выканалі творы Георга Фрыдрыха Гендэля, Джавані Пергалезі, Бенджаміна Брытэна, Алясандра Марчэла, іншых кампазітараў-арганістаў.

АРГАННЫ  ФЕСТЫВАЛЬ  2017  ГОДА. У рамках музычнага свята канцэрты класічнай музыкі адбыліся ў Паставах і Камаях. У ім прымалі ўдзел сапраўдныя прафесіяналы, лаўрэаты міжнародных конкурсаў. Салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі Тамара Рэмез (сапрана), акампаніраваў ёй арганіст мінскага касцёла Найсвяцейшай Тройцы, журналіст Беларускага радыё Віктар Кісцень, а на трубе іграў Аляксандр Ахрэмка, саліст Цірольскага аркестра (Аўстрыя). У сваёй праграме яны прадставілі і заходнееўрапейскую класіку (Іаган Бах, Фрыдрых Гендаль), і творы нашых славутых кампазітараў і арганістаў. Сярод іх быў беларус – Станіслаў Манюшка, які працаваў арганістам у Вільні на працягу амаль 20 гадоў і за гэты час напісаў цудоўныя як арганныя, так і вакальныя творы.

Заключэнне

Падчас даследавання намі здзейснены паездкі ў населеныя пункты раёна, дзе цяпер дзейнічаюць арганы (Паставы, Камаі, Лынтупы, Лучай), правялі сустрэчы з ксяндзамі і арганістамі і запісалі інтэрв’ю з імі; абследавалі арганы, іх стан, узрост, канструктыўныя асаблівасці, і запісалі іх гучанне.  Апісана гісторыя 9 арганаў Пастаўшчыны, прадстаўлены арганісты, якія нарадзіліся у Пастаўскім раёне, асветлены фестывалі арганнай музыкі (2013, 2015-2017). Для папулярызацыі арганнай культуры Пастаўшчыны распрацаваны турысцка-экскурсійны маршрут “Шлях да караля інструментаў”. Плануецца зрабіць якасны запіс гучання арганаў Пастаўшчыны ў выкананні мясцовых і вядомых у краіне арганістаў, укласці і выдаць музычны дыск “Гучаць арганы Пастаўшчыны”, зняць дакументальны фільм пра арганы Пастаўшчыны.

 

Спіс літаратуры

  1. Арганы Беларусі // А.У. Бурдзялёў; А.М. Карлюкевіч, У.У. Андрыевіч. – Мінск: Выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, 2018. – С. 68 – 69; С. 204 – 205; С. 222 – 223; С. 308 – 309. 2. Быхавец, І. Лынтупы і наваколле. Гістарычны нарыс / І. Быхавец. – Паставы: Пастаўская ўзбуйнëная друкарня, 1993. – 84 с. 3. Драўніцкі, Я. Прафесар музыкі з Камай / Я. Драўніцкі. – Паставы: Сумежжа, 2008. – 24 с. 4. Зелянкевіч, Л. Гучаў Кароль музычных інструментаў: У мінулую суботу…[Тэкст] / Л. Зелянкевіч // Пастаўскі край. – 2017. – 2 снеж. – № 96. – С. 4. 5. Зямчонак, І. Лучай. Гісторыя маёнтка, мястэчка і вёскі 1542–1998 / І. Зямчонак. – Паставы: “Сумежжа”, 2004. – 67 с. 6. Кулагін, А.М. З гісторыка-архітэктурнага мінулага / А.М. Кулагін // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Пастаўскага раёна. – Мн.: БелТА, 2001. – С. 529-544. 7. Кулагін, А.М. Каталіцкія храмы Беларусі / А.М. Кулагін; фатограф  А.Л. Дыбоўскі. – Мінск: Беларус. Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2008. – 488 с.: іл. 8. Курыловіч, П. Апладысменты выканаўцам і “каралю музычных інструментаў” / П. Курыловіч // Пастаўскі край. – 2013. – 26 кастрычніка. – № 85. – С.4.  9. Шапавалава, А. Душа ляцела з музыкай да бога / А. Шапавалава // Пастаўскі край. – 2016. – 24 снежня. – № 101. – С.5. 10. Шапавалава, А. У «акаймоўцы» саксафона и скрыпкі / А. Шапавалава //Пастаўскі край. – 2015. – 31 кастрычніка. – № 87. – С.5.

Katsjaryna Muzychenka, Larysa Skrypko, Igar Prakapovich: Organ culture of the Postavy  region

(web-magazine “Culture. Nation”, issue 25, April 2020, pp.47-59,  www.sakavik.net)

During the study, the authors visited the settlements, Pastavy, Kamai, Lyntupy, Luchaj, where organs are currently working, held meetings with priests and organists and recorded interviews with them; examined the organs, their condition, age, design features and recorded their sound. The history of nine Postavy organs is described, organists born in the Pastavy region are presented, organ music festivals are covered (2013, 2015-2017). To popularize organ culture in the region the tourist route “The Road to the King of Instruments” was developed.  It is planned to make a high-quality recording of organs with participation of local and well-known organists in the country, to publish a music CD “Sounds of the organs of the Pastavy region”, and to make a documentary.

Екатерина Музыченко, Лариса Скрипко, Игорь Прокопович: Органная культура Поставского раёна

(интернет-журнал «Культура. Нация», выпуск 25, апрель 2020, с.47-59, www.sakavik.net)

Во время исследования мы совершили поездки в населенные пункты района, где сейчас работают органы (Поставы, Камаи, Лынтупы, Лучай), провели встречи со священниками и органистами и записали интервью с ними; осмотрели органы, их состояние, возраст, конструктивные особенности и записали их звучание. Описана история девяти Поставских органов, представлены органисты, рожденные в Поставском районе, освещены фестивали органной музыки (2013, 2015-2017). Для популяризации органной культуры был разработан туристско-экскурсионный маршрут «Дорога к королю инструментов». Планируется сделать качественную запись звучания органов Поставского района в исполнении местных и известных в стране органистов, издать музыкальный компакт-диск «Звучат органы Поставского района», снять документальный фильм.



Categories: Асьвета, Культура, Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: