- Як вы прыйшлі да высновы займацца дыяспарай? Ваша адукацыя? Наколькі цікавая для вас гэта галіна гісторыі?
Скончыла я гістарычны факультэт БДУ, спэцыялізавалася на беларускай гісторыі XVIII стагодзьдзя, абараніла кандыдацкую дысэртацыю, прысьвечаную становішчу шляхцянак Вялікага Княства Літоўскага ў той пэрыяд. Але за часы студэнцкія і аспіранцкія ад таго стагодзьдзя крыху стамілася і стала думаць пра нейкую іншую тэму. Вельмі своечасова я пазнаёмілася зь нью-ёрскім беларусам, архівістам і дасьледчыкам эміграцыі Лявонам Юрэвічам. Ён і падказаў мне зьвярнуць увагу на дыяспару, падзяліўся кантактамі, зацікавіў, адкрыў для мяне абсалютна невядомы раней сьвет беларускага замежжа. Дзякуючы Лявону Юрэвічу я наладзіла сувязі зь беларусамі ў розных краінах. Першым вынікам новай навуковай зацікаўленасьці стала запрашэньне мяне ў Аўстралію празь месяц пасьля абароны дысэртацыі і першая кніга пра тамтэйшых беларусаў, якая пабачыла сьвет у 2004 годзе.
Уласна ад таго часу я і “захварэла” на эміграцыю, і “хвароба” гэтая працягваецца дасёньня, а цікавасьць да тэмы за гэтыя больш як 15 гадоў ня зьменшылася. За гэты час аднаасобна ці ў суаўтарстве з тым самым Лявонам Юрэвічам, мы напісалі, уклалі, падрыхтавалі і выдалі больш за тры дзясяткі кніг, зьвязаных з гісторыяй беларускай эміграцыі. Ад 2004 года я зьяўляюся таксама рэдактаркай адзінага эміграцыязнаўчага альманаху “Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва”, і за гэтыя гады пабачылі сьвет 15 ягоных новых выпускаў. Штогод з маім удзелам як аўтаркі, рэдактаркі, укладальніцы выходзяць па дзьве-тры (часам болей) кнігі. І плянаў на бліжэйшыя гады таксама багата. Тэма беларускай дыяспары невычарпальная для дасьледаваньняў.
- Ці маглі б вы назваць дзве-тры найбольш яркія знаходкі, працуючы з архівамі?
Ні Крыжа Еўфрасіньні Полацкай, ні кароны Вітаўта, ні нават архіву БНР, што захоўваўся ў Міколы Абрамчыка, я пакуль не знайшла… З дакумэнтамі беларускай
эміграцыі я працавала ў прыватных, грамадскіх і дзяржаўных архівах у Аўстраліі, Вялікабрытаніі, ЗША, Ізраілі, Італіі, Канадзе, Нямеччыне, Польшчы, Францыі, Чэхіі, Швэцыі. Гэта тысячы, дзясяткі тысяч дакумэнтаў. За гады працы ў галіне гісторыі эміграцыі былі розныя цікавыя, нечаканыя знаходкі раней невядомых успамінаў, ліставаньня, пасьведчанняў некаторых асобаў. Аднак найбольш важным здаецца мне ня гэта. Найбольш захапляе, калі з дробных фактаў, з паасобных дакумэнтаў і сьведчаньняў, знойдзеных у розных архівах, раптам пачынае як пазл складвацца агульная карцінка лёсу нейкага дзеяча, жыцьця асобнага беларускага асяродка. Гэтым і прыцягвае мяне архіўна-дасьледчая праца, яна як складаньне агульнай гістарычнай мазаікі з дробных асклепкаў паасобных фактаў.
- Якую долю ў вашых дасьледаваньнях займае сучасная дыяспара?
Сучасная беларуская дыяспара зьяўляецца натуральным прадметам маіх дасьледаваньняў. Гэтак было ад самага пачатку. Калі я пісала пра беларусаў у Аўстраліі ці ў Вялікабрытаніі, я кантактавала з прадстаўнікамі і паваеннай, і постсавецкай эміграцыі, бо гэта частка аднае агульнае гісторыі беларускай прысутнасьці ў той ці іншай краіне. Тое ж і цяпер, калі я пішу пра беларусаў у Канадзе, дзе прадстаўнікоў паваеннай эміграцыі амаль не засталося і дзе дзейнасьць сёньнешніх беларусаў ня менш важная і разнастайная, чым паваенных.
Мне заўсёды цікава заўважаць розьніцу і падабенства розных хваляў эміграцыі, адзначаць асаблівасьці іх узаемадзеяньня. Да таго ж — сучасная дыяспара шмат у чым зьяўляецца пераемніцай традыцый беларускай дзейнасьці ад паваенных беларусаў. А яшчэ яна складаецца з людзей, якіх я, здаецца, даволі добра разумею, яны мне блізкія.
- Як вы маглі б ацаніць уплыў паваеннай і сучаснай дыяспары ў разьвіцьці беларускай нацыі?
Найперш мушу адзначыць, што я лічу беларусаў замежжа і беларусаў мэтраполіі неад’емнымі часткамі адзінай агульнай беларускай нацыі. Зразумела, у розныя часы ўзаемадзеяньне гэтых частак мае адметнасьці. Уплыў замежных беларусаў на мэтраполію выяўляецца ў шмат якіх аспэктах і кірунках. Гэта можа быць тэмай асобнага вялікага дасьледаваньня. Можна зьвярнуць увагу прыкладам на тое, што ў часы “халоднай вайны” беларусы на Захадзе сталі своеасаблівымі захавальнікамі “рэпрэсаванай” беларускай літаратуры. Яны публікавалі такія творы і такіх пісьменьнікаў, якія немагчыма было выдаваць у БССР: творы Андрэя Мрыя, Лукаша Калюгі, Уладзімера Жылкі (дарэчы ягоны “Тэстамэнт” захоўваецца сёння ў Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва, дзе я працую), “Дзьве душы” Максіма Гарэцкага, нецэнзураваныя Купала і Колас і г.д. Гэта ўсё выходзіла на Захадзе, рознымі шляхамі трапляла ў Беларусь і ўрэшце спрыяла разьвіцьцю беларускай літаратуры, і наогул нацыянальнаму ўсьведамленьню беларусаў.
Варта таксама адзначыць, што і паваенныя, і сучасныя эмігранты ў часе сваёй адаптацыі ў іншым грамадзтве набывалі і набываюць важны досьвед, цікавы і каштоўны для мэтрапольных беларусаў. На пачатку 1990-х беларусы з ЗША, Канады і іншых заходніх краінаў былі гатовыя дзяліцца сваімі ведамі, кантактамі, уменьнямі з суродзічамі на Бацькаўшчыне. Досьвед сучасных эмігрантаў, што жывуць у дэмакратычных грамадзтвах Захаду, можа быць карысны для мэтраполіі ў выпадку яе постаўтарытарнай трансфармацыі.
На сёньня ж найбольш відавочны ўплыў дыяспараў на Беларусь мае гуманітарны характар, дапамога фінансавая і часам арганізацыйная, скіраваная на вырашэньне тых ці іншых праблемаў беларускага грамадзтва, падтрымку значных для нацыянальнай культуры ці існаваньня нацыі наогул праектаў.
І гэта толькі асобныя аспэкты рэальных і магчымых уплываў дыяспары на мэтраполію. Паўтаруся, гэта вельмі шырокая і шматгранная тэма.
- Ці ёсць розьніца між сучаснымі дыяспарамі, да прыкладу, у Паўночнай Амерыцы, Еўропе і Аўстраліі?
Беларускія дыяспары ў кожнай краіне маюць свае адрозненьні, якія вызначаюцца і асаблівасьцямі мясцовага грамадзтва, і аддаленасьцю ад мэтраполіі, і дачыненьнямі зь ёй і г.д. Сёньня, прыкладам, у Аўстраліі вельмі мала арганізаваных структураў беларускай дыяспары, бо прадстаўнікі паваеннай эміграцыі, якія іх стваралі, фізычна адышлі, зьмена пакаленьняў не адбылася, а новая эміграцыя не такая колькасная, мала далучылася да ранейшых структураў і амаль не стварыла сваіх. У Паўночнай Амэрыцы сёньня хіба што найбольш моцныя беларускія асяродкі з тых, што існуюць на Захадзе. І тут важна, што эмігранты 1990-х—2000-х актыўна ўліліся ў створаныя паваеннымі імігрантамі структуры, перанялі кіраўніцтва ў іх і працягнулі дзейнасьць. Безумоўна, ствараюцца і новыя арганізацыі і ініцыятывы, актыўным фактарам гуртаваньня новых імігрантаў сталі сацыяльныя сеткі. Гэта своеасаблівая адзнака часу.
У Эўропе беларускія дыяспары вельмі розныя і, хіба што за выключэньнем Вялікабрытаніі, пераважна дзейнічаюць арганізацыі, створаныя эмігрантамі апошніх дзесяцігодзьдзяў, своеасаблівыя клюбы па інтарэсах, шмат зь якіх жывуць нядоўга, адны зьнікаюць, іншыя зьяўляюцца. Разам з тым жыцьцё эўрапейскіх дыяспараў праз гэта вызначаецца пэўнай дынамічнасьцю, разнастайнасьцю грамадзкіх ініцыятываў.
- Якія цяжкасьці вы сустракаеце пры напісаньні матэрыялаў пра дыяспару?
Напэўна, у працы любога дасьледчыка, які працуе з архіўнымі дакумэнтамі і жывымі людзьмі, ёсьць вельмі падобныя складанасьці. Калі ідзецца пра дакумэнты, то для эміграцыйных гэта найперш праблема даступнасьці — яны раскіданыя геаграфічна і не паўсюль бывае магчыма даехаць, а часам і доступ атрымаць складана. Больш за тое, шмат якія беларускія зборы эміграцыйных дакумэнтаў (у Беларускай фундацыі Крачэўскага ў Нью-Ёрку, у Бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лёндане) не апісаныя, а таму пошук у іх забірае багата часу і ніколі не гарантуе выніку. Традыцыйныя складанасьці ўзьнікаюць у працы з рукапіснымі дакумэнтамі: почыркі ў беларускіх дзеячаў на эміграцыі былі вельмі розныя. Асабліва складана расчытваць лісты прэзыдэнта БНР Міколы Абрамчыка, літаратуразнаўцы Антона Адамовіча, рэдактара газэты “Беларускі Голас” Сяргея Хмары… Праблемаю бывае адсутнасьць / не захаванасьць тых ці іншых дакумэнтаў, страчанасьць архіваў. Прыкладам, невядома месцазнаходжаньне архіву Язэпа Варонкі, які б багата засьведчыў пра гісторыю беларусаў у Чыкага ў 1920-х—1930-х. А вось пра архіў парыскага беларускага мастака Міхася Наўмовіча вядома — дзеці вынеслі ўсё, што было ў хаце, на сьметнік. І гэта зусім не выключны выпадак. Вельмі шмат архіваў беларускіх эмігрантаў былі страчаныя празь нядбайнасьць іх саміх і іх нашчадкаў. Але бываюць і іншыя сітуацыі, калі дакумэнтаў па пэўнай тэме захавалася вельмі шмат, і праблема ў тым, каб не “патануць” у гэтым моры, каб выбраць, апрацаваць вартаснае, неабходнае.
Аднак дасьледаваньне эміграцыі — гэта праца ня толькі з дакумэнтамі, але і з жывымі людзьмі. І яна мае свае складанасьці, тыя ж, што і міжчалавечыя дачыненьні наогул. Упершыню я сутыкнулася з гэтым ужо на самым пачатку, калі паехала ў Аўстралію, каб зьбіраць матэрыялы для кнігі. Шмат хто зь мясцовых беларусаў паставіўся да мяне вельмі насьцярожана, палічыўшы, што я прыехала па заданьні КДБ. Шмат хто зь цікавых мне асобаў адмаўляўся ад спатканьня, ад запісу інтэрвію, нават не пабачыўшы мяне.
Магчыма яшчэ адно спэцыфічнае эміграцыязнаўчае — складана бывае захоўваць адасоблены погляд на падзеі ў сытуацыі канфлікту ў той ці іншай грамадзе. І гэта датычыць як канфліктаў мінулых, якімі поўніцца гісторыя паваеннай эміграцыі, гэтак і падзелаў і непаразуменьняў сучасных. Чытаючы сьведчаньні кожнага з бакоў, слухаючы аповеды ўдзельнікаў яшчэ жывога канфлікту, вельмі складана бывае захоўваць нэўтральнасьць, заставацца па-над спрэчкамі, і пры гэтым падтрымоўваць кантакты з асобамі з абодвух бакоў. Часам, калі маеш справу з жывымі людзьмі, пішаш пра іх, пачуваешся, як на мінным полі. Ня ведаеш, дзе менавіта ірване, што менавіта выкліча незадавальненьне ў герояў твайго аповеду.
Зразумела, што часам я ў нечым памыляюся, у публікацыях бываюць недакладнасьці, ад якіх ніхто не застрахаваны. Праблема ў тым, што эмігранты (а мо і ня толькі яны) ненаўмысныя памылкі дасьледчыка часам успрымаюць як сьвядомую дывэрсію. І гэта яшчэ адна складанасьць, зь якой я таксама сутыкнулася ад самага пачатку сваёй эміграцыязнаўчай працы.
Аднак нягледзячы на ўсе складанасьці, вывучэньне гісторыі і сучаснасьці беларускай эміграцыі — вельмі захапляльны і надзвычай разнастайны занятак. Гэта фактычна не адна тэма, а вялікая колькасьць розных тэмаў і аспэктаў, якія даюць магчымасьць пастаянна пераключацца, знаходзіць для сябе нешта новае. Здаецца, прафэсійнае выгараньне мне тут не пагражае.
- Якія цікавыя старонкі з жыцьця дыяспары яшчэ не раскрыты? Вашы бліжэйшыя творчыя планы?
Складана сказаць, якія старонкі жыцьця дыяспары сёньня да канца раскрытыя. Возьмем, прыкладам, кнігу Вітаўта Кіпеля “Беларусы ў ЗША”. Калі яна ўпершыню пабачыла сьвет у 1993 годзе, здавалася, што гэта вычарпальная энцыкляпэдыя беларускага жыцьця ў згаданай краіне. Сёньня рыхтуецца да друку ўжо трэцяе выданьне гэтай кнігі, якую аўтар зноў і зноў дапрацоўвае, і ў якой сам жа вызначае, сярод іншага, для будучых дасьледчыкаў магчымыя напрамкі наступных пошукаў.
Або іншы прыклад: разам з маім калегам, сябрам, суаўтарам Лявонам Юрэвічам мы выдалі тры тамы дакумэнтаў да гісторыі паваеннай Рады БНР. Мы ўключылі ў іх бадай што ўсё, што знайшлі, што ведалі, што было нам даступна на той момант. Ад выхаду апошняга тому прайшло пяць гадоў і за гэты час у нас зьявілася багата новых цікавых дакумэнтаў па гэтай тэме. Прыкладам, цяпер мы рыхтуем новы выпуск альманаху “Запісы БІНіМ”, дзеля чаго шмат працуем з архівам айца Льва Гарошкі. І ў ім знаходзім столькі цікавых лістоў, якія датычаць дзейнасьці Рады БНР, беларускага жыцьця ў Парыжы і ў іншых беларускіх асяродках. І аказваецца, шмат чаго пры ўкладаньні нашых кніг пра Раду БНР мы ня ведалі. Выглядае, што складанасьці міжасабовых дачыненьняў значна больш уплывалі на гісторыю беларускай эміграцыі наогул і Рады БНР у прыватнасьці, чым нам гэта здавалася.
І гэтак напэўна з любым аспэктам дзейнасці беларусаў на Захадзе. Нават калі здаецца, што пра, прыкладам, беларускае студэнцтва ў Бэльгіі ўжо багата ўсяго напісана, але зьяўляюцца новыя і новыя зьвесткі і сьведчаньні, якія вельмі сур’ёзна карэктуюць тую агульную карцінку, якая дагэтуль існавала. А колькі яшчэ тэмаў, якія зусім не закранутыя ні ў якіх публікацыях! Паўтаруся, для дасьледчыкаў у гісторыі эміграцыі надзвычай багата працы.
Што ж датычыць плянаў, то я ўжо іх крыху закранула. Цяпер у нас ідзе праца над новым выпускам “Запісаў БІНіМ”, які будзе прысьвечаны рэлігійнаму жыцьцю на эміграцыі, а значная частка матэрыялаў якога будзе заснаваная на ліставаньні з архіву айца Льва Гарошкі. Прыкладам, будзе вельмі цікавая публікацыя на падставе карэспандэнцыі з Мадрыду Ўладыслава Рыжага-Рыскага, Віктара Сянкевіча, Янкі Сурвіллы, зьвязаная з тамтэйшым беларускім студэнцтвам і арганізацыяй беларускіх радыёперадачаў. Беларуская прысутнасьць у Гішпаніі сёньня вельмі мала дасьледаваная. Гэта яшчэ адна “нераскрытая” тэма.
Акрамя “Запісаў”, таксама ідзе праца над двухтамовікам, які будзе складацца з “Кнігі магілаў” і “Кнігі нэкралёгаў”. Першая ўяўляе сабою даведнік па беларускіх пахаваньнях (зь біяграмамі пахаваных) на Захадзе, а другая — зборнік нэкралёгаў, пасьмяротных успамінаў, якія друкаваліся на старонках найбуйнейшых беларускіх эміграцыйных пэрыёдыкаў “Бацькаўшчына” і “Беларус”. Праца над гэтым двухтамовікам ідзе ўжо другі год і, спадзяюся, што да канца сьнежня 2020-га яна скончыцца.
А па заканчэньні двухтамовіка асноўная мая ўвага пераключыцца на кнігу пра беларусаў Канады, матэрыялы для якой паступова апрацоўваюцца цягам апошняга дзесяцігодзьдзя. Гэта бадай галоўнае, чым я занятая сёньня і што маю ў плянах.
Interview Natalii Gardzienka with the editor of the magazine “Culture. Nation”
(web-magazine “Culture. Nation”, issue 25, April 2020, pp.60–66, www.sakavik.net)
Natalia Gardzienka, PhD in History is the well-known researcher of the Belarusian diaspora, the author of more than 30 books on this topic. She answered several questions that related to the specifics of the study of the problems of the diaspora, the role of the post-war and post-Soviet diaspora in the development of the Belarusian nation, and further creative plans.
Интэрвью Натальи Гардзиенка с редактором журнала «Культура. Нацыя»
(интернет-журнал «Культура. Нация», выпуск 25, апрель 2020, с.60-66, www.sakavik.net)
Наталия Гардзиенка, кандидат исторических наук, известный исследователь беларусской диаспоры, автор более 30 книг, посвященных этой теме. Она ответила на несколько вопросов, которые касались специфики исследования проблем диаспоры, роли послевоенной и постсовесткой диаспоры в развитии беларусской нации, а также о своих дальнейших творческих планах.
Categories: Культура, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ