Размову пра беларускую суполку ў Атаве, якая склалася за апошнія два дзесяцігодзьдзі, пачнем з кароткай перадгісторыі. Згуртаваньне беларусаў Канады (ЗБК) было заснавана ў 1948 г. з цэнтрам у Таронта. Падчас сьвяткаваньня 70-годзьдзя арганізацыі 27 кастрычніка 2018 г. быў паказаны дакумэнтальны відэафільм, створаны Валянцінай Шаўчэнкай і прысьвечаны гісторыі ЗБК. Тут прагучала, што сябрамі Згуртаваньня ў 1948 г. было каля паўтары сотні беларусаў з розных гарадоў Канады[1]. У згаданым сьпісе значацца, прыкладам, тры беларусы з Атавы: Мікалай Хошчык, Пел(агія?) Норык і Пятрусь Галецкі, аднак мы дакладна ня ведаем, які далейшы лёс напаткаў гэтых людзей.
Афіцыйна лічыцца, што атаўскі аддзел ЗБК быў заснаваны ў 1975 г. (старшыня Янка Сурвілла, сакратар-скарбнік Алена Скурат)[2]. У 1975—1997 гг. яго актыўнасьць уключала рэпрэзэнтацыю беларускіх інтарэсаў у шматкультурных канадыйскіх арганізацыях розных узроўняў. Так, Івонка Сурвілла была старшынёй працоўнай групы Канфэрэнцыі жанчын Атавы па пытаньнях шматкультуралізму (1975—1976) і сябрам управы Канадыйскай этнакультуральнай рады (CEC — Canadian Ethnocultural Council), Янка Сурвілла — сябрам атаўскага аддзелу Паняволеных народаў, а Марыя-Паўла Сурвілла — старшынёй моладзевага аддзелу СЕС. Шмат высілкаў уклала сямейства Сурвіллаў у заснаваньне Канадыйскага фонду дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі (1989) і далейшую шматгадовую працу па аздараўленьні і ўладкаваньні беларускіх дзяцей у канадыйскіх сем’ях[3]. Можна пералічыць некаторыя з актыўнасьцяў, якія адбываліся ў Атаве пры ўдзеле сябраў аддзелу таго часу: шматгадовы ўдзел у арганізацыі й правядзеньні маніфэстацыяў у Дзень Паняволеных народаў, удзел у фэстывалях “Homelands” (з 1979 да 1989 г.), правядзеньне канфэрэнцыі па беларускіх пытаньнях і выставы беларускага народнага мастацтва ў Атаўскім унівэрсытэце (19—27 красавіка 1975 г.), арганізацыя выставаў: беларускага народнага мастацтва (Публічная бібліятэка Атавы, 1977 г.), “Self-portrait” у Канадыйскім музэі чалавека (сьнежань 1987 г. — студзень 1988 г.) і іншыя. Відавочна, што дзейнасьць аддзелу ў 1975—1997 гг. патрабуе спэцыяльнага асьвятленьня.
Пасьля сьмерці Янкі Сурвіллы восеньню 1997 г. з ініцыятывы Івонкі Сурвіллы адбылося паседжаньне з удзелам некалькіх беларусаў з новай хвалі эміграцыі ў Канаду. На ім былі вылучаныя тры чалавекі для далейшай арганізацыйнай працы аддзелу: Уладзімер Міхайлаў (старшыня), Юрась Шамецька (сакратар), Зміцер Довбель (скарбнік). Далей двойчы адбываліся сустрэчы-знаёмствы беларусаў Атавы: на сядзібе Івонкі Сурвіллы (чэрвень 1998 г.) і ў доме Ўладзімера Міхайлава (ліпень 1999 г.). Менавіта на апошняй сустрэчы я ўпершыню сустрэўся з больш-менш арганізаванай групаў беларусаў — праз год пасьля прыезду зь сям’ёй у Канаду. Таму й больш дэталёвы аповед у гэтым артыкуле будзе ісьці ад таго часу.
Да ведама: паводле афіцыйных апытаньняў, праведзеных Міністэрствам статыстыкі (Statistics Canada), у Канадзе ў 1981 г. жыло 1125 беларусаў, у 1986 г. — 2030, у 1991 г. — 2830, у 2001 г. — 5110, у 2006 г. — 10 505, у 2011 г. — 15 565, у 2016 г. — 20 710[4]. У Атаве ў 2011—2016 гг. налічвалася каля тысячы беларусаў.
Увосень 1999 г. на прапанову Івонкі Сурвіллы беларусы Атавы сабраліся адзначыць Дзень Слуцкага паўстаньня. На паседжаньні ў доме спадарства Шамецькаў прысутнічалі каля 20 чалавек і было прынята рашэньне правесьці сьвяткаваньне Новага году й беларускіх Калядаў, што й адбылося 8 студзеня 2000 г. у доме архітэктара Пётры Шварцмана. На сьвята прыйшлі звыш 50 асобаў. Трэба адзначыць, што ўвесь 2000 год быў годам новых ініцыятыў, якія спрыялі кансалідацыі беларускай суполкі ў Атаве. Гэта былі: сустрэча зь Сямёнам Шарэцкім (30 студзеня 2000 г.), пікет каля беларускай амбасады “І мы пераможам” разам зь беларусамі з Манрэалю й Таронта (16 сакавіка 2000 г.), першы сумесны адпачынак на возеры Lake Phillipe (6 жніўня 2000 г.), калядоўныя сьпевы ў сем’ях беларускіх атаўчанаў (25 сьнежня 2000 г.; Натальля й Пётра Мурзёнкі, Герда Матусевічус), арганізацыя з ініцыятывы Івонкі Сурвіллы выставы-продажу малюнкаў дзяцей з Чавускага раёну Беларусі (лістапад 2000 г., выручаныя грошы, звыш 1000 даляраў, перададзеныя ў Канадыйскі чарнобыльскі фонд) і ўбраньня беларускай навагодняй ялінкі ў National Art Centre (сьнежань 2000 г., тое самае адбывалася ў 1999 і 2001 гг.). Да таго ж прадстаўнікі Атавы ўдзельнічалі ў паломнiцтве да Беларускага Крыжа (Мідлэнд, 17 чэрвеня 2000 г.) і ў 24-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі (Кліўлэнд, Агаё, ЗША, 1—4 верасьня 2000 г.)[5].
26 лістапада 2000 г. на паседжаньні, прысьвечаным Слуцкаму збройнаму чыну, дзе прысутнічалі звыш 20 асобаў, былі праведзеныя выбары новага складу кіраўніцтва аддзелу (адной з прычынаў было тое, што старшыня Ўладзімер Міхайлаў выехаў за межы Канады). У склад Управы былі абраныя Пётра Мурзёнак (старшыня), Юрась Шамецька (сакратар) і Пётра Шварцман (скарбнік).
Падчас гэтай вечарыны выявілася цікавая акалічнасьць адносна прыналежнасьці, дакладней сказаць, палітычнай інфармаванасьці новай эміграцыі. На прапанову Івонкі Сурвіллы засьпяваць падчас вечарыны гімн БНР “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” ня ўсе прысутныя (нават маючы тэксты) маглі зрабіць гэта шчыра й адпаведным чынам. Пішучы пра падзеі таго вечара, магу толькі адзначыць, што большасьць людзей на ім упершыню сустрэліся як з тэкстам, гэтак і з ідэямі, якія гучаць у гімне, напісанным у час станаўленьня БНР. Гімн быў забаронены ў СССР, таму, пэўна, толькі дасьціпныя й палітычна скіраваныя людзі яго ведалі. Ужо ў Канадзе я даведаўся ад сваіх бацькоў, што падчас вайны ў 1942/43 навучальным годзе яны ў школах спявалі гэты гімн, хоць, трэба адзначыць, жылі мае бацькі даволі далёка адно ад аднаго ў Пастаўскім раёне (в. Чарэмушнікі Падзісенныя і м. Дунілавічы, Віцебская вобл.). Такое адбывалася ў многіх школах Беларусі падчас нямецкай акупацыі.
Відавочна, што ў людзей, не заангажаваных у палітыку і ў гісторыю краіны, сьпяваньне гімну БНР і далучэньне да бел-чырвона-белага сьцягу магло выклікаць адмоўную рэакцыю. Што далей даволі часта назіралася ў беларускай суполцы ў Атаве: як толькі там гучалі палітычныя, антырасейскія, антылукашэнкаўскія, пра-бел-чырвона-белага-сцягу лёзунгі, частка людзей ад нас адлучаліся. Калі мець на ўвазе невялікую колькасьць беларусаў у сталіцы Атавы, ці маглі мы бачыць на нашых імпрэзах шмат людзей?
З другога боку, нягледзячы на розныя погляды на беларускае жыцьцё на радзіме, праглядалася істотнае жаданьне беларусаў новай іміграцыі яднацца[6]. Яднацца ня ў сэнсе стварыць партыю й вырашаць нейкія палітычныя пытаньні, а ў сэнсе прыналежнасьці да агульных каштоўнасьцяў, мэнтальнасьці й культуры. Відавочна, што ў катэгорыю такіх ахвотнікаў не магло трапіць шмат выхадцаў зь Беларусі. Тым ня менш доля беларусаў, якія актыўна ўдзельнічаюць у нашых зборках і імпрэзах ці наведваюць іх (каля 5 % ад агульнай колькасьці прыбылых у Атаву) на сёньня перавышае аналягічны паказьнік ў суполках нашых суседзяў (напрыклад, каля 2,5 % у палякаў[7]).
Можна пагадзіцца з прадстаўніком старэйшай беларускай эміграцыі Вячкам Станкевічам, які падзяліў беларусаў новай эміграцыі на тры асноўныя катэгорыі: эканамічныя эмігранты (складаюць асноўную масу й застаюцца па-за межамі арганізаванай дыяспары), “далучэнцы” ды іншыя[8]. Падобны падзел можна назіраць і ў іншых дыяспарах, у прыватнасьці ў польскай[9]. Характарызуючы “далучэнцаў”, Вячка Станкевіч піша, што “з пункту гледжаньня “вэтэранаў”, якія схільныя забыць пра свае ўласныя даўнейшыя ўнутраныя канфлікты, навічкі менш здольныя да супольнай і зладжанай працы ў калектыве і насілу ідуць на кампрамісы дзеля супольнай карысьці”. Акрамя таго, “трапляюцца сярод новых імігрантаў і людзі з больш цёмнымі намерамі. Яны ахвотна ўступаюць у існыя арганізацыі і прыкладаюць усе намаганьні, каб стаць іх паважанымі сябрамі. Іх вонкавая адданасьць справе беларускай дэмакратыі дазваляе ім заваяваць давер старэючых лідэраў. У выніку яны апынаюцца на кіруючых пасадах, пасьля чаго маскі зрываюцца і робіцца зразумелай іхная прыхільнасьць да дыктатуры, а таксама спробы пераняць кіраўніцтва ў арганізацыі. Адна такая спроба, якая ледзь не завяршылася посьпехам, мела месца ў нью-ёркскай супольнасьці”[10].
У артыкуле Вячкі Станкевіча гучыць, з аднаго боку, заклапочанасьць лёсам беларускай дыяспары, але зь іншага боку, там жа бачны недавер і падазронасьць да новай хвалі эміграцыі з боку старой. Як вынік, у згаданым артыкуле не прапанавана шляхоў кансалідацыі беларусаў папярэдняй і новай эміграцыі. Ці атрымалася іх, даволі розных паводле выхаваньня і ўмоваў жыцьця людзей, зьяднаць у нейкай агульнай “беларускасьці”? І ці магла гэтая еднасьць вынікаць з нутранай патрэбы адных і другіх? Ці адбылася ў нейкім сэнсе пераемнасьць ад старэйшых да новых?
Новыя людзі на пачатку сваёй эміграцыі гэтага ведаць не маглі. Паводле многіх прыкметаў гэта й сталася, і ня сталася. Калі казаць пра некаторыя беларускія асяродкі, напрыклад, у Нью-Ёрку ці ў Таронта, то там адбыўся плаўны й спрыяльны пераход арганізацыяў ад старых эмігрантаў да новых. Прынамсі, магчыма казаць пра тое, што беларусы новай хвалі (тыя, што хацелі й адпавядалі) далучыліся да старэйшай эміграцыі, якая трымаецца ідэяў незалежнасьці БНР, абвешчаных 25 сакавіка 1918 г.
Аднак супярэчнасці паміж пакаленьнямі ўсё ж узьніклі й не на глебе адносінаў да незалежнасьці Беларусі. Абумоўлены яны, так падаецца, розьніцай у сьветапоглядзе паваеннай і новай міграцыі. Паваеннае пакаленьне нават у “далучэнцах” бачыла й цяпер яшчэ бачыць савецкіх людзей, замбаваных, недастаткова нацыянальна сьведамых, і нават, магчыма, шпіёнаў-засланцаў, прызваных разграміць беларускую дыяспару. І гэта адчуваецца ў словах Вячкі Станкевіча. Такія засьцярогі, відаць, заўжды былі ў прадстаўнікоў паваеннай эміграцыі, якія не маглі ўявіць, што савецкія людзі ў Беларусі ў сваёй большасьці адчувалі сябе беларусамі, а пра свабоду думалі крыху інакш, як яны. Старэйшая эміграцыя марыла вярнуцца ў свабодную Беларусь, якую яна абагаўляла, абапіраючыся на беларускі досьвед змаганьня за незалежнасьць краіны ў першай палове ХХ ст. Здаецца, іх дыялёг з “далучэнцамі”, якія ўсё ж пераважна ёсьць “эканамічнымі эмігрантамі”, хіба што толькі часткова з палітычнай афарбоўкай, ня мог не вылівацца ў непаразуменьні й нават прыводзіць да ўзьнікненьня канфліктных сытуацый. Прыкладамі таму зьявіліся раскол Нью-Ёркскага аддзелу БАЗА ў 2010 г.[11] і пакуль няўдалая спроба раскалоць ЗБК, а менавіта таронтаўскі й атаўскі аддзелы на зьездзе арганізацыі ў 2017 г. Такія выпадкі трэба аналізаваць і адкрыта абмяркоўваць.
Вяртаючыся да сьпяваньня гімну БНР — ці магла сучасная эміграцыя ўспрыняць каштоўнасьці старэйшай? Відавочна, што магла, але не адразу. Так думаецца, што на гэта не было ў новапрыбылых людзей адпаведнай базы й разуменьня. У дадатак, жывучы за жалезнай заслонай і выхаваныя зусім у іншых умовах, яны шмат чаго ня ведалі пра жыцьцё старэйшага пакаленьня эмігрантаў.
Новыя людзі, прыехаўшы ў новую краіну, у той ці іншай ступені хацелі (ня ўсе) сустракацца з падобнымі да сябе. Гэта натуральнае жаданьне. Трэба адзначыць, што станаўленьне сучаснай беларускай грамады ў Атаве пачыналася на мяжы ХХ і ХХІ стагодзьдзяў. Яно ішло даволі павольна, можна нават сказаць, арганічна. Сябрамі атаўскага аддзелу ЗБК станавіліся людзі, якія атрымоўвалі інфармацыю пра існаваўшыя ці існуючыя беларускія асяродкі ў Канадзе, знаёміліся з палажэньнямі Статуту згуртаваньня, мелі магчымасьць і жаданьне плаціць складкі. Зь іншага боку, дзьверы на ўсе нашыя імпрэзы былі адчыненыя для ўсіх: хтосьці заставаўся з намі, хтосьці надоўга пакідаў, а потым зноў прыходзіў. Аб’яднаўчыя функцыі выконвалі як культурныя імпрэзы й сумесныя зборкі, напрыклад традыцыйнае цяпер сьвяткаваньне угодкаў абвяшчэньня БНР, гэтак і нефармальныя сяброўскія сустрэчы, якія адыгрываюць бадай што галоўную ролю ў стварэньні спрыяльнай атмасфэры ў нашай беларускай суполцы ў Атаве.
Варта згадаць самыя першыя сустрэчы беларусаў Атавы. Першы раз Новы год сустракалі 8 студзеня 2000 г. у доме мастака Пётры Шварцмана, а першая арганізаваная навагодняя імпрэза ў тым жа доме прайшла 7 студзеня 2001 г. На сьвята й канцэрт сабраліся больш за 60 асобаў. Канцэрт адкрыла вакальная группа (Паліна, Яна й Алена Клімавы, Наталія й Пётра Мурзёнкі), якая ў суправаджэньні скрыпкі (Улада Шамецька) і клавішных (Насьця Чаканская) выканала калядныя беларускія песьні. Далей канцэрт працягваўся з удзелам і дарослых, і дзяцей. Дзеткі чыталі вершы (Каця Лысенка, Тоня Кумейка), ігралі на клавішных (Насьця Бойка), з гітарай сьпявалі песьні Алёна Баркар і Юрась Логвін, музыкальныя п’есы для скрыпкі выконвала Улада Шамецька. Вельмі пацешыў дарослых і дзетак Дзед Мароз. Усё было па-сяброўску — утульна й проста.
25 сакавіка 2001 г. беларусы Атавы першы раз адзначылі Дзень абвяшчэньня БНР у Hintonburg Family Center (тамсама ў 2012, 2014, 2015, 2017 гг.). Стала ўжо традыцыйным мець у сьвяточнай праграме тэматычныя даклады, канцэрт, беларускую дыктоўку, якую праводзілі сем разоў. Амаль на кожным нашым сьвяце прысутнічае й выступае з прамовай ганаровы госьць старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, якая жыве ў нашым горадзе. Даволі часта да нас на беларускае сьвята ў Атаву прыяжджае цудоўны фальклёрны ансамбаль “Яваровы людзі” з Таронта (2006, 2007, 2015, 2016 гг.), у стварэньне й разьвіцьцё якога многа сілаў і ведаў уклала нязьменны ягоны кіраўнік Віялета Кавалёва. Трэба адзначыць, што ў Атаве, у адрозненьне ад некаторых іншых беларускіх цэнтраў у Паўночнай Амэрыцы (Кліўлэнд, Нью-Ёрк, Таронта), няма свайго грамадзкага будынку. Таму нашыя імпрэзы й зборкі праходзяць у прыватных дамах ці ў нанятых памяшканьнях. Апроч згаданага вышэй, беларусы Атавы некалькі разоў праводзілі Сакавіцкія сьвяткаваньні ў будынку гарадзкога савету Атавы (2002—2008, 2013, 2019 гг.), чаму спрыяла дапамога дарадцаў гораду: Wendy Stewart, Maria McRae, Gord Hunter, Keith Egli, якім мы вельмі ўдзячныя, а таксама ў Ottawa Public Library (2009 г.), Nepean Creative Arts Centre (2016 г.) і нават у будынку канадыйскага парлямэнту (2018 г.).
У значнай ступені кансалідацыі беларусаў Атавы спрыяла стварэньне беларускай суботняй школы, што працавала на працягу 5 навучальных сэзонаў (2004—2009 гг.)[12]. Яна была створаная пры падтрымцы гарадзкой адукацыйнай праграмы, у межах якой адкрытыя суботнія клясы для шмат якіх іншых нацыянальных групаў. Настаўнікамі ў беларускай школе былі мае бацькі — Даната Генрыхаўна Мурзёнак, што працавала зь дзеткамі малодшых клясаў, і Пётр Сільвэстравіч Мурзёнак, які займаўся са старэйшымі дзецьмі матэматыкай і беларускай літаратурай. Першыя заняткі адбыліся 14 лютага 2004 г. У школе на працягу пяці навучальных гадоў займаліся 15 дзяцей, і, ведама ж, побач зь імі знаходзіліся бацькі. Дзеці займаліся ня толькі школьнымі прадметамі (чытаньнем, пісаньнем, рашэньнем задачаў), малодшыя таксама вучыліся сьпяваць па-беларуску й танчыць, у чым была вялікая заслуга Данаты Генрыхаўны.
28 лістапада 2004 г. дзеці беларускай клясы бралі ўдзел у славянскім дзіцячым фэстывалі (Gatineau, Quebec), двойчы ладзілі канцэрт на Каляды. Так, напрыклад, 14 студзеня 2006 г. канцэрт пачаўся песьняй “Учора зьвячора”, хорам дзеці засьпявалі “Ходзікі”, выканалі песьню-танец “Сьняжынкі”, таньчылі “Беларускую польку”, юныя музыкі ігралі на піяніна, дэклямавалі вершы, навагоднія й пра зіму. На заканчэньне з падарункамі прыйшоў Дзед Мароз, у ролі якога выступіў вучань 9-й клясы Раман Шамецька. 13 студзеня 2007 г. вучні дэклямавалі вершы, прагучала мэлёдыя песьні “Ціхая ноч” у выкананьні Ўлады Шамецькі (скрыпка) і яе дачкі Паўлінкі (фартэпіяна). Казку “Воўк-гультай” паказалі Алёша Цыпенка, Агата й Ніна Логвіны. Ліля Пелюшонак і Паўліна Шамецька выканалі танец “Лялька”. Беларускую полечку таньчылі Алёша й Агата. У выкананьні юных музыкаў на фартэпіяна прагучалі фрагмэнты клясычнай музыкі. Скончылі канцэрт песьняй “Саўка ды Грышка”. Цалкам натуральна, што як сама школа, гэтак і пазавучэбная актыўнасьць дзяцей сталіся магчымымі дзякуючы падтрымцы бацькоў.
Беларускае жыцьцё ў Атаве канцэнтруецца вакол некалькіх сем’яў. У першую чаргу хацелася б адзначыць сем’і Ўлады й Юрася Шамецькаў, Іны й Аляксандра Каралькевічаў, Аксаны й Сяргея Мазгавых і іх сяброў. Улада Шамецька ад самага стварэньня сучаснай беларускай грамады ўзяла на сябе ролю лідара нашых канцэртных праграмаў, як дарослых, гэтак і дзіцячых у беларускай школе. Разам зь Юрасём яны рыхтавалі й распаўсюджвалі абвесткі аб нашых падзеях сярод беларусаў Атавы. Гэта рабілася й праз мэйлы, і праз створаны ў 2001 г. вэб-сайт “Беларусы Атавы”, адміністратарам і стваральнікам якога быў Юрась Шамецька. З 2009 г. гэты сайт стаў сайтам усяго ЗБК — www.belaruscanada.org. На сёньня актыўнымі сябрамі аддзелу зьяўляюцца 25—30 чалавек. Таксама найбольш актыўнымі ёсьць: Наталія Баркар, Ірына і Ўладзімер Клімковічы, Алена й Слава Клімавы, Аляксандра й Юрась Логвіны, Ірына і Ўладзімер Панчанкі, Галіна Рэзаіпур, Анжэла Прыма, Іна і Ўладзімер Семенчукі, Яўгенія й Андрэй Табаленкі, Галіна Туміловіч, Пётра Шварцман, Таццяна й Аляксей Федарэнкі ды іншыя.
Так атрымалася, што аўтару гэтага артыкулу давялося прыняць на сябе кіраўніцтва ЗБК у 2001—2005 гг. У гэты пэрыяд праводзіліся сумесныя акцыі беларусаў Атавы са сваімі землякамі з Таронта й Манрэалю, у тым ліку й ініцыятывы, скіраваныя на разьвіцьцё згуртаваньня. Тут можна адзначыць сумеснае правядзеньне сьвяткаваньня абвяшчэньня незалежнасьці БНР у Атаве, Таронта, Манрэалі, маніфэстацый у Атаве, стварэньне сайту “Беларусы Атавы”, дзе адлюстроўвалася жыцьцё канадыйскіх беларусаў, пачатак выданьня газэты “Беларускае слова” ў Таронта (рэдактар і лідар Віялета Кавалёва, 2002—2008 гг.). У гэтых ініцыятывах было жаданьне паказаць нашае сумеснае жыцьцё й прысутнасьць у Канадзе як беларусаў.
На працягу апошніх двух дзесяцігодзьдзяў было праведзена шмат імпрэзаў, якія спрыялі яднаньню беларусаў Атавы. Можна з упэўненасьцю сказаць, што тое, што запісана ў Статуце ЗБК[13], цалкам адпавядае тым ініцыятывам, якія сыходзілі ад саміх сябраў беларускай суполкі ў Атаве. Хацелася б пералічыць найважнейшыя зь іх. 29—30 ліпеня 2006 г. беларусы Атавы ўпершыню сьвяткавалі Купальле на беразе маляўнічага возера Ньюкомб, на тэрыторыі, уласьнікам якой была Ўкраінская грэка-каталіцкая царква і дзе мы мелі магчымасьць паставіць намёты, адпачыць і правесьці сьвята. Затым двойчы, у 2008 і 2009 гг., на беразе ракі Атавы цёплым, прыгожым вечарам на маляўнічай паўвысьпе незадоўга перад заходам сонца плялі вянкі, дзяліліся сваімі ўражаньнямі ад прыроды, разважалі аб значнасьці гэтага сьвята, рабілі фотаздымкі. Разам праводзілі за раку й за далягляд сонца, запальвалі сьвечкі, сьпявалі беларускія песьні, напрыканцы пускалі вянкі ў рэчку. У апошнія гады “Купальле” адзначаецца падчас летніх сустрэчаў на возеры Philippe, дзяўчаты й жанчыны плятуць вянкі, якія сымбалічна пад беларускія песьні ўвечары выпускаюцца на ваду. Нашы летнія сустрэчы на возеры адбываюцца практычна кожны сэзон пачынаючы з 2001 г. і звычайна зьбіраюць каля паўсотні удзельнікаў.
У жыцьці сучаснай беларускай суполкі ў Атаве ёсьць яшчэ адна цікавая зьява — прэзэнтацыі кніг беларускіх аўтараў — сябраў суполкі. У 2001 г. была прэзэнтаваная мая кніга вершаў “Быліна мая, Беларусь”, у 2008 г. — кнігі Івонкі Сурвіллы “Дарога”, Пятра Сільвэстравіча Мурзёнка “Над Дзісенкай ракой” і Юркі Пелюшонка “Acquisition through division (practical demagogy)”, у 2011 г. — зборнік Юрася Шамецькі “Шлях да вяртаньня”, у 2012 г. — кнігі Пётры Мурзёнка “Крыніца” й “Пакуль нашыя анёлы лётаюць над акіянам”, у 2015 г. — зборнік Юрася Шамецькі “Атава”, у 2016 г. — кнігі Пятра С. Мурзёнка “Адвечныя плыні” й Пётры Мурзёнка “Шляхі да беларускай нацыі”, у 2017 г. — праца Пётры Мурзёнка “Чым трэба ганарыцца кожнаму беларусу”, у 2018 г. — зборнік вершаў Пётры Мурзёнка “Колеры”, у 2019 г. – зборнік вершаў Юрася Шамецькі “Непрадказальнае”. Натуральна, што кожная з такіх прэзэнтацыяў дадае эмоцыяў для ўдзельнікаў і сама па сабе сьведчыць аб жыцьцяздольнасьці беларускай культуры тут, далёка за акіянам.
У сталіцу Канады нярэдка прыяжджаюць грамадзкія дзеячы й артысты зь Беларусі. Звычайна іх прыезд ёсьць добрай нагодай прыняць гасьцей і атрымаць сьвежую інфармацыю пра жыцьцё на радзіме. Мы прымалі Сямёна Шарэцкага (2000), Валянціну Палевікову й Аляксандра Дабравольскага (2006г.), Уладзімера Някляева, Яраслава Раманчука, Андрэя Дзьмітрыева й Анатоля Лябедзьку (2010), Алеся Міхалевіча (2011), Андрэя Саньнікава (2016), Віктара Шалкевіча, Алену Макоўскую й Ніну Шыдлоўскую (2016), Глеба Лабадзенку й Алесю Літвіноўскую, а таксама Зьмітра Вайцюшкевіча (2017).
Трэба адзначыць, што шэраг ініцыятываў нашай суполкі ў Атаве рэалізоўваюцца ва ўзаемадзеяньні зь іншымі беларускімі арганізацыямі ў Канадзе, у прыватнасьці зь Беларускім інстытутам навукі й мастацтва ў Канадзе. Так, атаўскія сябры ўзялі актыўны ўдзел у дзьвюх навуковых канфэрэнцыях Канадыйскай асацыяцыі славістаў: у канцэрце й працы беларускай сэкцыі ў Атаве (2009 г.), у працы дзьвюх беларускіх сэкцыяў і круглым стале беларускай паэзіі ў Таронта (2017 г.). У Таронта непасрэдна атаўчанамі былі зробленыя 4 з 6 дакладаў на гэтых сэкцыях, а Юрась Шамецька й Пётра Мурзёнак разам з Вольгай Іпатавай і Сяргеем Панізьнікам стварылі творчую атмасфэру на паэтычнай вечарыне.
У жыцьці нашай суполкі вялікае месца займае культурніцкая дзейнасьць, і мы лічым, што менавіта яна можа быць аб’яднаўчай ідэяй для беларусаў замежжа. Палітычныя лёзунгі й мэты таксама важныя, і частка сябраў нашага аддзелу (тыя, хто адважыўся на гэта) за мінулыя гады правялі шэраг акцыяў у падтрымку дэмакратычнага разьвіцьця Беларусі. Варта толькі пералічыць некаторыя зь іх: 17 кастрычніка 1999 г. і 25 сакавіка 2000 г. больш як 20 прадстаўнікоў з Атавы, Манрэалю й Таронта ўдзельнічалі ў пікетах “Марш Свабоды” ля амбасады Беларусі ў сталіцы Канады; 6 красавіка 2003 г. у канадыйскай сталіцы ля расейскай амбасады адбылася дэманстрацыя супраць плянаванага аднаўленьня саюзу Расеі й Беларусі; 16 сакавіка 2006 г. перад амбасадай Рэспублікі Беларусь у сталіцы Канады была зладжаная дэманстрацыя на знак падзякі барацьбітам за новую, вольную, дэмакратычную Беларусь; 1 красавіка 2006 г. ля амбасады Расейскай Фэдэрацыі адбылася дэманстрацыя супраць інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі; 18 сакавіка 2012 г. перад амбасадай Рэспублікі Беларусь зладжаная дэманстрацыя ў знак салідарнасьці з палітычнымі зьняволенымі (кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі Андрэем Саньнікавым і Мікалаем Статкевічам, а таксама Ігарам Аліневічам і іншымі) і з патрабаваньнямі іх вызваленьня; 20 сакавіка 2014 г. у Атаве адбыўся мітынг у падтрымку ўкраінскага народу супраць расейскай агрэсіі.
У дадатак беларусы ладзілі актыўныя сумесныя акцыі з прадстаўнікамі іншых нацыянальных суполак у Атаве: вугорскай, латыскай, літоўскай, польскай, украінскай, чэскай, эстонскай, асабліва ў межах дзейнасьці Канадыйскага камітэту краінаў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы, які аднавіў сваю працу ў апошнія гады. Сярод арганізаваных камітэтам мерапрыемстваў нагадаем паседжаньні, прысьвечаныя катастрафічным наступстам акту Молатава — Рыбэнтропа для краінаў Усходняй Эўропы, у арганізацыі й правядзенні якіх бралі ўдзел беларусы Атавы — з нацыянальным сьцягам, у беларускіх строях, з нацыянальнымі прамовамі (23 чэрвеня 2014 г., 23 жніўня 2015 г., 28 жніўня 2016 г., 28 жніўня 2017 г., 5 верасьня 2018 г., 22 жніўня 2019 г.). Безумоўна, на такія падзеі з Атавы прыходзіла няшмат беларусаў, але яны там былі й там лунаў бел-чырвона-белы сьцяг як сымбаль беларускай надзеі на лепшае, дэмакратычнае й заможнае жыцьцё суродзічаў на радзіме.
Беларусы Атавы імкнуцца да паразуменьня ня толькі між сабой, але й з прадстаўнікамі дыяспараў краінаў-суседзяў, якія толькі нядаўна далучыліся да эўрапейскай супольнасьці — магчымасьць, якую прамінулі й да якой яшчэ будуць імкнуцца беларусы. Шмат робіцца ў галіне ўзаемадзеяньня з нацыянальнымі арганізацыямі суседзяў. Гэта вельмі важна, бо, як са зьдзіўленьнем заўважыў у сваім артыкуле ўдзельнік польскай грамады Стэн Забароўскі[14], які быў нашым госьцем на Дні волі — 2015, ён ня мог уявіць, што ў Атаве існуе такая арганізаваная група беларусаў. Гэты факт сьведчыць аб тым, што сёньня беларусы за мяжой, прынамсі ў Канадзе, дастаткова самаізаляваныя й самаабмежаваныя, нягледзячы на распаўсюджаную ў краіне шматкультурнасьць.
Намі зробленыя пэўныя захады, каб пра беларусаў больш ведалі канадыйцы з розных дыяспараў. Прадстаўнікі беларускай суполкі ў Атаве былі запрошаныя як госьці на тры першыя ўкраінскія фэстывалі ў Атаве (23 ліпеня 2016 г., 21 ліпеня 2017 г., 21 ліпеня 2018 г., 19 ліпеня 2019 г.), прысутнічалі на сьвяткаваньні 1050-годзьдзя хрысьціянства на польскіх землях (17 чэрвеня 2016 г.), на 100-годзьдзі аднаўленьня незалежнасьці Літоўскай Рэспублікі (2018 г.), на лекцыях Польскага інстытуту Оскара Халецкага (2016, 2017 гг.), чыталі лекцыі для польскай дыяспары (Івонка Сурвілла, Пётра Мурзёнак; 29 кастрычніка 2016 г.) і шмат чаго іншага. Такое ўзаемадзеяньне зь іншымі дыяспарамі важнае з розных гледзішчаў. Да прыкладу, польскія калегі на нашую просьбу пісалі пісьмо прэзыдэнту Польшчы ў справе палітычнай і фінансавай падтрымкі “Белсату” (студзень 2017 г.).
У Канадзе сёньня актыўна дзейнічаюць два беларускія асяродкі: у Атаве й Таронта. Сябры атаўскага аддзелу ЗБК на зьездзе арганізацыі ў 2017 г. складалі 36 % яго дэлегатаў. Гэта значная доля ў агульнай структуры згуртаваньня. Кожны мог упэўніцца ў сіле нашага аддзелу дзякуючы пасьпяховай арганізацыі й правядзеньню 32-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі (Атава, 3—5 верасьня 2016 г., гатэль “Лорд-Элгін”) і 100-годзьдзя БНР у будынку парлямэнту Канады (11 сакавіка 2018 г.). Абодва мерапрыемствы, паводле словаў іх удзельнікаў, прайшлі на высокім арганізацыйным і зьмястоўным узроўні, сабралі агулам каля 90 і 160 удзельнікаў адпаведна. На іх прысутнічалі дэпутаты канадыйскага парлямэнту й гарадзкога савету Атавы, прадстаўнікі латыскай, літоўскай, польскай і ўкраінскай дыяспараў[15]. За арганізацыю й правядзеньне сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР шэраг беларусаў з Атавы былі ўзнагароджаныя дыплёмамі Беларускага інстытуту навукі й мастацтва (Канада) за разьвіцьцё беларускай культуры[16].
Хацелася б верыць, што беларуская прысутнасьць у Канадзе будзе заўважная як на радзіме, гэтак і ва ўсім сьвеце. Беларусы Атавы былі прадстаўленыя на Сустрэчах беларусаў Паўночнай Амэрыкі, якія традыцыйна праходзяць раз на два гады (Кліўлэнд — 2000 г.; Нью-Брансьвік — 2002 г.; Таронта — 2004 г.; Кліўлэнд — 2008 г.; Таронта — 2012 г.; Атава — 2016 г.). У склад Вялікай рады Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” ад Атавы (Канада) уваходзяць Івонка Сурвілла й Пётра Мурзёнак. Па меры магчымасьцяў беларусы Атавы аказваюць і матэрыяльную падтрымку актывістам і арганізацыям у Беларусі: напрыклад, на патрэбы абаронцаў Курапатаў (2006 г.), на правядзеньне VII Зьезду беларусаў сьвету (2017 г.), на выданьне кніг.
Мы добра разумеем, што вырашыць праблемы ў Беларусі могуць толькі самі беларусы, якія там жывуць, аднак, на нашую думку, тая, нават невялікая падтрымка, якую мы дэманструем, таксама працуе на адбудову новай Беларусі. Не хацелася б перабольшваць наш унёсак у нацыянальнае будаўніцтва на радзіме, але не адзначыць тое, што робіцца ў Канадзе, было б несправядліва ў дачыненьні да нашых людзей. Як далей будзе працягвацца жыцьцё беларускага асяродку ў Атаве, пакажа час. Аднак думаецца, што яно будзе беларускае па духу, такім, як гэта адчуваюць людзі, што пакінулі радзіму, любоў да якой яны носяць у сваіх сэрцах.
Гэты артыкул быў надрукаваны ў серыйным выданьні “ЗАПІСЫ”, гал.рэд. Н.Гардзіенка. Нью-Йорк-Мінск. 2019. Том 41, сс.170-181.
Piotra Murzionak: People of the Ottawa Chapter of the Belarusian Canadian Alliance (1997-2019)
(web-magazine “Culture. Nation”, issue 25, April 2020, pp.19-31, www.sakavik.net)
The article tells about the life of the Belarusian community in Ottawa over the last two decades. It describes in details the variety of activities including National Day celebrations (25 March), concerts, formal and informal meetings, the work of Belarusian Saturday school, and provides the names of community activists.
Пётра Мурзёнак: Люди Оттавского отделения Белaрусско-Канадского Альянса (1997-2019) (интернет-журнал «Культура. Нация», выпуск 25, апрель 2020, с.19-31, http://www.sakavik.net)
В статье рассказывается о жизни белaрусской общины в Оттаве за последние два десятилетия. В ней подробно описываются различные мероприятия, в том числе, празднование Национального дня (25 марта), концерты, официальные и неформальные встречи, работа белaрусской субботней школы, а также имена наиболее активных людей.
Спасылкі
[1] Архіў Міколы Ганько.
[2] Камунікат Галоўнай Управы Згуртаваньня беларусаў Канады. Таронта. Верасень 1976.
[3] Сурвілла, Івонка; Гімпелевіч, Зіна. Канадыйскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі // Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. https://zbsb.org/info/?modal=23182. 30.05.2018.
[4] Мурзёнак, Пётра. Міграцыя беларусаў у Канаду ў параўнанні з краінамі суседзямі // Сакавік. № 6. Чэрвень 2014. С. 30—39; Той жа. Новыя зьвесткі аб міграцыі беларусаў у Канаду паводле перапісу насельніцтва ў 2016 годзе // Культура, Нацыя. № 20. Сьнежань 2017. С. 67—74.
[5] Мурзёнак, Пётра. Пакуль нашыя анёлы лётаюць над акіянам. Атава. 2012. С. 219—230.
[6] Мурзёнак, Пётра. Куды ідзеш беларус? // Беларускае слова. № 2. Травень 2002; Шамецька, Юрась. Эміграцыя ці рух, які спрыяе жыццю // Культура, Нацыя. № 22. Лістапад 2018. С. 38—50.
[7] Паводле дакладу на сымпозіюме “Ўклад канадыйцаў польскага паходжання ў Канаду” (2017): Jablonski, A.M. Reflections on Polish-Canadians on Canada’s 150th Anniversary // The 2nd Oskar Halecki Symposium “Polish Canadians Contribution to Canada”. Warszawa — Ottawa, 2017. Р. 52.
[8] Станкевіч, Вячка. Новая хваля эміграцыі: розныя мэты і каштоўнасці // Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. http://zbsb.org/node/1111. 20.01.2009
[9] Jablonski, A. M. Reflections on Polish-Canadians on Canada’s 150th Anniversary. Р. 52
[10] Станкевіч, Вячка. Новая хваля эміграцыі: розныя мэты і каштоўнасці.
[11] Зайка, Віталь. Да гісторыі БАЗА: перадумовы й разьвіцьцё закалоту 2007—2011 гг. // Запісы БІНіМ. № 40. Нью-Ёрк — Менск, 2018. С. 554—560.
[12] Мурзёнак, Пётра С. Беларуская кляса ў Аттаве // Беларус. 2012. С. 188—193; Той жа: Беларускі клас у Атаве // Адвечныя плыні. Мінск: Кнігазбор, 2015. С. 189—195; Той жа. Тры гады як працуе беларуская суботняя школа ў Атаве // Беларус. № 518. Сакавік 2006; Той жа. Навагодняе свята беларусаў у Атаве // Беларус. № 519. Красавік 2006. Пра беларускую клясу паведамлялася таксама ў газэце “Беларускае слова” (Таронта), у атаўскай газэце “Ottawa Citizen” і на Радыё “Свабода” (8 чэрвеня 2006 г.).
[13] Як запісана ў Статуце, мэтамі й заданьнямі ЗБК зьяўляюцца: а) захаваньне й культываваньне беларускай нацыянальнай і культурнай спадчыны; б) гуртаваньне беларусаў на тэрыторыі Канады; в) маральная й матэрыяльная падтрымка сваіх сяброў; г) культурна-асьветная праца сярод беларускага грамадзтва ў Канадзе; д) абарона інтарэсаў беларусаў у Канадзе, згодна з законамі.
[14] Zaborowski, Stan. Bialorusini w Ottawie // Polska Ednosc Narodowa. http://www.polskajednoscnarodowa.com/spotkanie-z-bialorusinami.php. June 10, 2015.
[15] Матэрыялы 32-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі // Культура, Нацыя. № 15. Верасень 2016. С. 16—91; Матэрыялы ўрачыстага сьвяткаваньня 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР беларусамі Атавы — 11 сакавіка 2018 г., Цэнтральны будынак Канадыйскага Парламента. Сommons Reading Room, Parliament Hill // Культура, Нацыя. № 21. Сакавік 2018. С. 16—46.
[16] Сьвяткаваньне 101-й гадавіны абвяшчэньня БНР у Атаве // Культура, Нацыя. № 23. Красавік 2019. С. 80—86.
Categories: Культура, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ