Пётра Мурзёнак: Прадмова рэдактара да 25-га нумара часопіса (вэб-часопіс “Культура. Нацыя”, № 25, красавік 2020, с.4-10. www.sakavik.net )

logo for chasopis

 

Па ўсёй Зямлі, і па ўсёй Беларусі крочыць пандэмія, інфекцыя, выкліканая вірусам COVID-19. Шмат інфармацыі пра гэту вірусную інфекцыю ёсць у сеціве і ў іншых сродках масавай інфармацыі. Многа яшчэ невядома пра гэту інфекцыйную хваробу, аднак, відавочна, што ў асноўным гінуць безабаронныя людзі старэйшага пакаленьня, часам аслабленыя іншымі хранічнымі захворваньнямі. Пік інфекцыі здаецца мінуў у тых краінах адкуль яна пачалася – Кітай, Паўднёвая Карэя, Сінгапур, В’етнам. У Еўропе, Амерыках, Афрыцы – усё яшчэ рэгіструюць новыя і новыя захворваньні. Лік беззваротных стратаў ва ўсім свеце за 4 месяцы ад пачатку эпідэміі перасягнуў на 29 красавіка 2020 года адзнаку ў 219 тысяч загінуўшых, у асноўным ад пнеўманій, і звыш 3,2 мільёна інфіцыраваных людзей.

Няма яшчэ вакцын, няма спецыфічных лекаў, каб перамагчы гэты вірус. Вельмі хацелася б каб у свеце і ў Беларусі было як мага менш ахвяр гэтай віруснай хваробы. Таму хочацца выказаць падзяку ўсім медыцынскім работнікам – лекарам, сёстрам, эпідэміёлагам, якія знаходзяцца на пярэднім фронце і змагаюцца за выратаваньне хворых людзей. Асабліва хачу выказаць сваю салідарнасць аднакурснікам і выпускнікам Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута – не хварэйце, будзьце здаровы, беражыце сваіх любімых і блізкіх.

На фоне інфекцыі і клопатаў аб здароўі  як бы адышлі на задні план розныя лакальныя войны ў свеце, уключна з тымі эканамічнымі сутычкамі, якія назіраліся паміж Беларусьсю і Расіяй у мінулым годзе і напачатку гэтага года. Яны як бы паціху знайшлі свой выхад у іншым напрамку. Калі мець на ўвазе напругу з прыняцьцем 33 дарожных карт, стварэннем наднацыянальных органаў Саюза Беларусі і Расіі – то гэта нейкім чынам трансфармавалася ў змяненьне Канстытуцыі РФ (праўда, гэта працэдура яшчэ не скончана) і ў напалову неясныя дамоўленасці аб пастаўках нафты і газа з Расіі у Беларусь. Аднак, як нацыянальна-свядомай, так і кіруючай беларускім элітам відавочна, што гэта перадышка толькі часовая. Апетыты крамлёўскіх баяр заўжды прагныя і спрагназаваць з вялікай верагоднасцю іх далейшыя паводзіны даволі нескладана – “не мытьём, так катаньем” будзе працягнуты курс “мяккай эканамічнай каланізацыі” Беларусі. Ну не пачынаць жа ім другую вайну з усходнімі славянамі?!

Наўрад ці прадвечнага агрэсара могуць спыніць заявы сп. Пампео, дзяржаўнага сакратара ЗША аб тым, што амерыканцы гатовы ў нечым падтрымліваць беларускі ўрад – ну, хаця б сказаўшы, што беларусы могуць купіць у ЗША нафты колькі хочаш (па сусьветных цэнах). Але ж яе яшчэ трэба давезьці. Спробы ўрада Лукашэнкі наладзіць надзейныя шляхі пастаўкі нафты з другіх крыніц цяпер і раней (Венесуэла, Азербайджан, Нарвегія), пакуль што не скончыліся стварэньнем Балта-Чарнаморскага калектара, ці хаця б пракладкай трубы з прыбалтыйскіх партоў на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. Хаця, тут трэба сказаць і пазітыўныя рэчы – па крайней меры, за апошнія гады шматлікіх спрэчак з Расіяй адпрацаваны алгарытмы альтэрнатыўных паставак нафты (закупкі, трубаправод Адэса-Броды, танкеры, і г.д.).

Аднак жа, справа не толькі ў нафце. Беларусь даўно трапіла ў сферу геапалітычных інтарэсаў Расіі ды ў дадатак яшчэ сама падпісала ў 1999 годзе сваю згоду аб стварэньні Саюза двух краін. Дарэчы, ніхто не пытаўся згоды ў беларускага народа. Відавочна, што Саюз Расіі і Беларусі – гэта палітычны Саюз, а на рэферэндуме 1995 года, які ініцыяваў Першы Прэзідэнт РБ сп. Лукашэнка, беларускі народ падтрымаў яго курс толькі на эканамічную інтэграцыю з Расіяй. І што цяпер рабіць? Як вырвацца з пасткі? Украіна паспрабавала – здаецца ў яе атрымліваецца, так, праз ахвяры, але атрымліваецца! Хоць узамен мае хранічную вайну на Данбасе і згубіла Крым, з якога Расія ўтворыць непатапляемы авіяносец. Адказу на гэтыя пытаньні для Беларусі пакуль няма, так сёньня падаецца па простай прычыне – “хто мацнейшы – у таго і больш правоў”.

На жаль, так падаецца і па-другому – ідзе новы перадзел свету. Праз 30 год пасля развала СССР Расія зноў спрабуе заняць дамінуючую роль у свеце. Украіна, Беларусь, іншыя суседзі становяцца толькі ахвярамі гэтага рэваншысцкага памкненьня. Тая роль, якая адводзілася ААН, як органу калектыўнай бяспекі пасля 2-й сусьветнай вайны, нівеліравалася. Стварэнне падобных органаў (Вестфальскі дагавор, Ліга Нацый) звычайна адбывалася пасля кровапралітных войнаў, калі драпежнікі дзялілі тое, што, як яны думалі, цяпер ім доўна будзе належыць. Але гісторыя паўтаралася. Што ж, няўжо сучасны свет не спыніць новую бойню? Ці хопіць у сусветных лідэраў мазгоў і волі прыдумаць іншыя шляхі патраціць  неразумную энэргію, напрыклад, перамагчы COVID-19, спыніць зьмены клімата, накарміць галодных?

Хацелася б дачакацца. А пакуль беларуская кіруючая эліта няўцямна займаецца небяспечнымі гульнямі з Расіяй. Кошт гэтай гульні – будучыня беларускай нацыі.

Прыемнага чытаньня чарговага нумара.                                                                                                                                                            Пётра Мурзёнак, галоўны рэдактар часопіса

30 красавіка 2020 года, Атава



Categories: Слова рэдактара

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: