Язэп Квач: Нявыдуманыя гісторыі. Часопіс “Культура. Нацыя”, №25, красавік 2020, с.71-95. www.sakavik.net

logo for chasopis

Запісы, зробленыя аўтарам у вёсках Шаркаўшчынскага раёна, Віцебскай вобласці, падаюцца на мове арыгінала. Працяг, пачатак зьмешчаны ў 24-м нумары часопіса ў сьнежні 2019 года.

Пра вывезеных дзяцей у Германію

Два гады без вестак з Радзімы

Клаўдзя Сямёнаўна Сікора. Нарадзілася 9 кастрычніка 1926 года ў вёсцы Алашкі Вялікія. Да вайны вучылася ў польскай школе, затым у савецкай, а пры немцах год пахадзіла ў Рымкаўскую школу. Там займалася ў сёмым класе, вывучала ў тым ліку і нямецкую мову. Паступіла ў Пастаўскае педвучылішча. Жыла на кватэры. Кожныя выхадныя хадзіла ў Кундры, што месцяцца недалёка ад Пастаў, да сястры за прадуктамі. Да маці ж у Алашкі было далёка, ды і што яна магла даць, калі бацька ўжо быў памёршы. Аднаго разу, гэта было восенню 1943 года, награнулі ў вёску немцы і ўсіх жыхароў пагналі ў Паставы. На пытанні “куды і чаго нас гоняць”, адказвалі:“Alles frei, alles brant.” Гэта азначала, што усё патрэбна пакінуць, усё будзе спалена.

У Паставах усіх трымалі ў габрэйскім гета. На другі дзень – сарціроўка. Сястру з мужам (ён быў скалечаны) і двух малалетніх дзяцей адпусцілі дамоў, а здаровых і працаздольных пагналі далей на Лынтупы. Па дарозе некаторыя ўцякалі, але я не хацела навесці бяды на сям’ю сястры, а дома таксама чулі, што некспакойна, вось і скарылася лёсу. У Лынтупах нас пагрузілі, як скаціну, у таварнякі і адправілі на Германію. Сабраўся цэлы эшалон. Ехалі каля тыдня. Елі што ў каго было з сабой. Карміць ніхто нас і не думаў. Толькі на станцыях давалі нам вады.

Прывезлі нас у Дзюсельдорф (Паўночная Рэйн-Вестфалія). Зганялі ў лазню і размясцілі ў Arbeitsamt (працоўная служба). Там вывучалі нашы дакументы, каб размеркаваць, хто куды лепш падыходзіць. У мяне ў атэстаце было пазначана тое, што вывучала нямецкую мову і гэта дапамагло мне папасці ў сталовую. А было так. Прыйшла нейкая гаспадыня, запытала як мяне завуць, колькі год. Я адказала па-нямецку. Напэўна сярод іншых я выглядала ў “сваім нямецкім” даволі прыстойна, бо гаспадыня ўзяла не толькі мяне, але і маю сяброўку, якую я прадставіла сваёй сястрой. Звалі яе Гілена, яна была таксама з Кундраў і на пару год маладзей мяне. Гаспадыня ў сваім доме трымала кухню, дзе гатавалі ежу для рабочых. Мы чысцілі бульбу, мылі посуд, кухню, насілі ваду, часам ездзілі некуды каб загрузіць і разгрузіць прадукты. Пачыналі працаваць у 6 гадзін і да цямна і без выхадных, “а маладым жа яшчэ і паспаць хочацца”. Адлучыцца нікуды ні на крок, ні на хвіліну. Дысцыпліна была вельмі строгая, але хоць не галадалі. У канцы вайны, калі фронт падыходзіў блізка, саюзнікі часта бамбілі горад. Хаваліся ў бомбасховішча, якое для вязняў было не прадугледжана, але гаспадыня над намі літавалася і брала да сябе. Дарэчы, у яе быў там асобны пакой, які закрываўся, і там нават было можна спаць, усё як у кватэры.

Вызвалілі нас амерыканцы. Затым пасялілі ў зборным пункце. Дзе таксама выконвалі розныя работы. Затым адправілі нас дамоў, завезлі ў Брэст. Пасялілі ў зямлянках, дзе таксама доўга чакалі сарціроўкі і таксама працавалі. Я застудзіла ногі, павылазілі скулы і я не працавала. Нарэшце нас прывезлі ў Паставы. З Гіленай я не разлучалася. Прывязлі таксама на таварняках, а тут  цёмна, з вагона трэба скакаць. І тут я, хацеўшы падаць свой чамадан крычу: “Гілена, гэта ты?” У адказ: “Я, кідай!” Кінула чамадан і не вядома каму. Не багатыя там былі нажыткі, але і тое прапала. Пасля наведала сястру (яны ўсе перажылі навалу) і вярнулася да матулі ў Алашкі. Дарэчы маці ведала, што са мной, што я жывая, бо я ёй пісала ліст з Нямеччыны. Мне таксама пісалі, але, на жаль, я ліста не атрымала і цэлыя два гады жыла ў няведанні, што там робіцца дома.

Не памянялі сыты Захад на галодную Радзіму

Райчонак Валянцін Фёдаравіч. Нарадзіўся 17 сакавіка 1939 года ў вёсцы Сямёнавічы. Восенню 1943 года немцы праводзячы экспедыцыю ачышчалі тэрыторыю не толькі ад партызан, але і ад цывільнага насельніцтва, якое аказвала партызанам дапамогу. Людзей некакторых папросту на час адсялялі пад Шаркаўшчыну, або некаторых зусім вывозілі ў Германію. Восем сямей з Сямёнавіч былі вывезены  на прымусовыя работы, у тым ліку і наша сям’я. А гэта – я, бацька, маці, і баба, з дзедам. Спачатку заехалі ў Шаркоўшчыну, а затым у Глыбокае, а адтуль ужо цягніком у таварных вагонах нас павезлі ў Германію. Нас прывезлі ў горад Кветленбург (недалёка ад Магдэбурга). Пасялілі ў бараках з двух’яруснымі ложкамі. Бацька працаваў на ваенным заводзе токарам, і  маці таксама там, толькі свярлоўшчыцай, бабуля працавала на кухні. Працавалі па 12 гадзін. А мы ў гэты час былі адны і сядзелі ў бараках.

Вызвалялі нас саюзнікі. Гэта памятаю добра, бо ўсю ноч вакол усё гуло, а раніцай мы ўбачылі поўны двор амерыканскіх танкаў. Яшчэ запамятаў амерыканскіх салдат неграў, якіх раней ніколі не бачыў. Іх чарната мяне так уразіла, што пасля, прыйшоўшы дамоў старанна адмываўся, каб іх чарната не прыстала да мяне. Потым нас яшчэ месяцы два трымалі ў фільтрацыйным лагеры. Была магчымасць з’ехаць на захад, якой некаторыя і скарысталіся. Потым прыехаў нейкі рускі генерал і “талкануў рэч”, каб вярталіся дамоў, што там будзе добра. Канечне ж сваё роднае цягнула дадому і мы вярнуліся ў “светлае камуністычнае жыццё”. Хата наша засталася, а гумно, як дарэчы і ва ўсіх суседзяў згарэла, спаленае нямецкімі самалётамі.

У палоне наеліся нямецкага “кальрабу”, а дома некатарыя не мелі і гэтага

Шостак Аляксандр Юльянавіч. Бацькі родам з Казьян. Аляксандар(Шурка) нарадзіўся 22 лютага 1937 года ў віленскай турме. Маці злавіў паліцэйскі (пры Польшчы было вельмі строга), калі яна гнала самагонку і, не гледзячы на цяжарнасць, пасадзілі на паўгода ў турму.

Забралі нас ў Германію восенню 1943 года. Наша сям’я складалася з шасці чалавек: я, сястра Оля, сястра Дзюня, тата, мама, і бабуля. З Каз’ян сабраўся цэлы абоз і нас павезлі спачатку ў Відзы, а затым у літоўскі Дукштас. Там пасадзілі нас у “цялятнікі” і павезлі на захад. Везлі толькі начамі. Прыбылі ў горад Дрэздан на месца працы. Пасялілі нас ў бараку. У кожным пакоі па 3-4 сям’і. Спалі на двух’ярусных ложках-стэлажах. Я з бацькам наверсе, а мама з сёстрамі – знізу. Бацька працаваў на фабрыцы, а маці на кухні. Мы мелі магчымасць гуляць на двары, але за агароджу не выходзілі. Кармілі вараным “кальрабам” па-нямецку, а па нашаму –гэта звычайны грыжан ці бручка. Праўда нам дзецям яшчэ часам давалі малако і пудзінг(такое варыва падобнае на наш салодкі кісель). Добра, што мама працавала ў сталоўцы, то і нам з яе нешта перападала. А яшчэ, калі мы падыходзілі да сталоўкі, то нас часам частавалі і немцы нейкімі бутэрбродамі. Як цяпер падумаю, то палонныя былі з розных краін. Адна французкая сям’я, упадабала маю сястру і хацела забраць яе замуж і разам з намі. Мама не пагадзілася. Калі стаў набліжацца фронт, то пачасцілася бамбаванне горада. Але яно ў асноўным прыходзілася на стратэгічныя аб’екты, мы ж на ўскраіне не цярпелі з гэтага. Вызваляла нас Чырвоная Армія. Пасля запомніў п’яных салдат ды як яны займаліся гвалтам.

У хуткім часе вярнуліся дамоў. Большасць дамоў пагарэла, але наш неяк застаўся. Яшчэ ўспелі пасадзіць гарод. Свайго, праўда, нічога не было. Бацька хадзіў у Літву (іх нікога не вывазілі), і знаёмыя яму дапамаглі з насеннем збожжа і бульбы.

Успаміны Хамянок (Караблёвай) Антаніны Іванаўны

Нарадзілася Антаніна Іванаўна ў вёсцы караблі Цвярской (Калінскай) вобласці 27 лютага 1928 года. Акрамя яе ў сям’і была сястра Маня 1927 года і брат Віктар 1936 года. Іх маці ў сям’і была адна і паходзіла з зажытачных хутаран. У дзеда было шмат зямлі, скаціны, пчол, свой лес, на два канцы хата. Антаніна Іванаўна ўспамінае яго, як магучага, з сівой барадой, разважнага мудрага і спакойнага. Аднаго разу наведваючы дзядулю, яна не магла паверыць сваім вачам – дзед плакаў. Прычына – усю гаспадарку і палову хаты забралі ў калгас. Гэта была для чалавека трагедыя, бяда, але якую неяк перажылі. Яшчэ страшней стала, калі пачалася вайна. Бацька зведаў яе ўжо ў фінскую, з якой вярнуўся паранены і расказваў, якія жахі цярпелі нашы байцы.

У дзень, калі пачалася вайна былі з настаўніцай Нінай Сямёнаўнай на экскурсіі. Прыехаў на кані нейкі знаёмы мужчына і паведаміў ёй страшную вестку. Тая толькі схапілася за галаву. Закрычала і зараз жа адправіла ўсіх дзяцей па дамах. У ваенным гарадку праз рэпрадуктар слухалі паведамленне Левітана пра вераломны напад. Мясцовасць у хуткім часе стала арэнай баявых дзеянняў. Фронт тройчы пракаціўся праз родную вёску. Яна была поўнасцю знішчана, некаторыя суседнія вёскі спалены. Падчас бамбёжак і артналётаў хаваліся за абрывістым берагам ракі Белаздынь, а калі не стала хаты  – жылі дзе прыдзецца: па сваяках, па зямлянках, потым у горадзе Ржэве.  Больш за ўсё у час вайны баяліся паштальёна, які прыносіў пахаронкі. Смерць падпільноўвала на кожным кроку. Адно толькі ратавала ад голаду, што падкармлівалі салдаты. Успамінаецца салдацкая песня таго часу:

Вот Новый Год идёт – порядки старые

А я по пояс в воде обледенел.

Сплошные выстрелы, «Катюши» вновь гудят

И надо мной снаряд фашистский пролетел.

З вайны не вярнуўся бацька Іван, яго браты Мефодзій і Васіль.

Сям’я дзядзькі Мефодзія засталася ў акупаваным Ленінградзе. Людзі былі настолькі галодныя, што здараліся жудасныя выпадкі. Аднойчы дзядзькава жонка з дачкой Любай і сынам Віктарам вярталіся дамоў. Віктар настолькі аслаб, што не дайшоў да кватэры і памёр у пад’ездзе. Пакуль маці з дачкой зайшлі ў кватэру і вярнуліся, то убачылі, што ў хлопчыка ўжо выразалі філейныя часткі цела …

Салдат вермахта

Гэты выпадак адбыўся на пачатку вайны ў Агальніцах. Немцы праз нашу тэрыторыю рухаліся з боку Каз’ян. І калі нашы, адступаючы, ішлі пешшу, то гэтыя гордыя і пакуль непераможныя на машынах. Прыпыняліся адпачываць. Было лета – не міналі і рэчкі каб асвяжыцца ды памыцца. Адна група купалася на асяродках. Трэба ж было адной жанчыне як раз тады пераплываць на дубіцы праз рэчку на той бок. Адзін салдат захацеў падурэць з ёй і як сталася на сваю галаву. Ён калыхнуў лодку, а тая была няўстойлівая і перакулілася. Жанчына мусіць плавала слаба і па-гэтаму з перапуду ўчапілася ў нямецкага салдата. Як там было, але яна выбралася з рэчкі, а нямецкі салдат – не. Хаця з салдатам былі яго сябры, але ў іх не было і думкі пакараць нявінную жанчыну. Тапельца пахавалі тут жа на беразе. Зрабілі ўсё як след. Паклалі ў магілу вінтоўку, разламалі жэтон, адну палову заставілі пры ім, а другую адправілі для ўліку. Задакументавалі месца пахавання, паставілі крыж і на бліжэйшай хаце павесілі таблічку з надпісам, хто тут пахаваны. Праз некаторы час рухаліся тут яшчэ нейкія нямецкія часці і надпіс прачытаў брат пахаванага. Мясцовая жыхарка Жадзейка Алімпіяда ўспамінала, што ён сабраў дзяцей, загадаў ім прынесці кветкі на магілу і аддзячыў шакаладам. Аказваецца, і гэтаму ёсць шмат падцверджанняў, што салдаты вермахта – гэта не СС, а звычайныя людзі, якіх вайна адарвала ад сваіх сем’яў, ад мірнай працы.

Вінтоўка доўга не залежылася, яе адкапаў мясцовы дзяцюк і падаўся з ёй у партызаны, а вось салдаціка не ўшанавалі. Пакуль ад магілы быў пагурачык – яе не чапалі, а як зраўнялася, то сталі араць – вядома зямлі не хапала. Ды і што дзівіць – для нашых ён быў захопнікам. Ніякай цікавасці не выявілі да яго і ў пасольстве Нямеччыны, куды я тэлефанаваў. Ані ж нашых пашукавікоў. Канечне ж, калі б дазналіся пра гэта пахаванне “чорныя капальнікі”, то не аставілі б магілу ў супакоі. Але дудкі ім, хаця можа родзічы былі б і радыя даведацца пра месца пахавання.

 

Доўгая дарога дадому

Славутая сям’я была ў Гіняк. Вялікая, дружная. Жылі ў Жукоўшчыне на тым месцы, дзе цяпер стаіць хата Рэні Лонскай. А зямля была па той бок ракі на Палаўскім баку, шмат зямлі, быў і свой лес. Кіраваў усёй гаспадаркай Вінцук разам са сваёй другой жонкай Гіленай. У сям’і было дзевяць дзяцей, восем хлапцоў і адна дзяўчына. Ды яшчэ ад першай жонкі ў Вінцука былі дачка і сын. Але, калі жонка памерла, дзяцей забрала яе сястра і вывезла ў Амерыку, дзе сама засталася стала жыць пасля выезду на заробкі.

Сям’я Гіняк была незвычайная, усе хлапцы ігралі на музычных інструментах. Асабліва вызначаліся Юзаф, які іграў на гітары, цымбалах, балалайцы, Зэнусь на балалайцы, Гжэгуш на скрыпцы. Як выйдуць, бывала вечарам пад хату ды як зайграюць дык уся вёска збіраецца: тут і танцы і песні. Ой вясёла было! Жылі ўсе не сказаць што вельмі сыта, але весела. І кацілася б, плыло такое жыццё спакойна і размерана, нібы тая Дзісёнка, каб не вайна.

Гжэгуш сустрэў яе ў Феадосіі, служачы ў Чырвонай Арміі. Як вядома, захопленыя знянацку савецкія войскі часта цярпелі паразы. Так было і ў Крыме. Дваццаці двухгадовы Гжэгуш разам са сваімі аднапалчанамі трапіў у нямецкі палон. Перш найперш немцы аддзялялі для ліквідацыі “Komunisten, Juden und Ofiziren!” На кучаравага, з гарбатым носам Гжэгуша звярнулі ўвагу і палічылі былі ўжо яго за жыда, але вочы былі блакітныя, нешта памацалі чэрап за вухом і правяраючы запытаў: “Polen?” І гэта было паратункам.

Якім было жыццё ў лагеры для ваеннапалонных мы добра ведаем па фільмах. Не лепш абыходзіліся немцы і з ваеннапалоннымі ў Феадосіі. Голад, холад, хваробы забіралі сілы і жыцці маладых салдат. А дзе ў той час былі іх думкі? Канечне ж кожны думаў пра свае сем’і, успамінаў мірнае жыццё. Некаторыя спрабавалі ўцячы і некаму шанцавала. А каго лавілі – таго чакаў расстрэл. Рашыў выпрабаваць сваю долю і Грышка(так яго тут перахрысцілі на рускі лад). Згукаліся яшчэ з двума землякамі беларусамі і дажджлівай ноччу зрабілі падкоп і збеглі. А куды ісці, дзе пераначаваць, што есці ў дарозе? Баяліся каб іх не злавілі і таму ішлі толькі ноччу, капалі бульбу, збіралі яблыкі, спалі па чарзе. Колькі небяспек было на гэтым шляху – і уявіць цяжка. Каля трох месяцаў цягнулася гэта змаганне з небяспекай, страхам, голадам і холадам. І таму такой радаснай была сустрэча з роднымі, з каханай Зонькай. А як цешыліся бацькі? Яны ведалі, што такое вайна і не спадзяваліся, што сын вернецца дадому. Вайна вайной, а жыццё працягвалася. Маладыя Зонька і Гжэгуш ужо не маглі быць паасобку, доўгае расстанне яшчэ больш узмацніла іх пачуцці. І яны павянчаліся ў касцеле, хаця маладая была праваслаўная, а раней без вянчання – аніяк. Гэта не цяперашняя распуста, што закаханыя пачынаюць жыць разам не толькі не павянчаўшыся, але нават і не пытаюць пра гэта бацькоў.

Толькі не доўга цешыліся маладыя. Зімой 1942 года пачалася карная экспедыцыя супраць партызан. Мірных жыхароў адсялялі за Шаркоўшчыну, некаторых пагналі ў Варапаева, а маладых і працаздольных павезлі ў Германію. Патрапілі ў гэту партыю і маладыя Гінькі. На Нямеччыне яны жылі ў бараках для вывезеных і іх забіралі на розныя працы гаспадары. Зонька часцей дапамагала упраўляцца па гаспадарцы, Гжэгуша таксама бралі на сельгасработы. У аднаго гаспадара ён убачыў скрыпку і папрасіў паіграць. Інструмент быў хоць і чужы, але зроблены адмыслова, фабрычны.  Паслухаць сапраўднага майстру сабраліся ўсе, і суседзі і хто працаваў недалёка. І з тых пор маладым Гінькам стала жыць намнога лепш. Гжэгуша наймалі іграць і плацілі: хто паесці, а хто даваў і грошы. Я ўяўляю таго музыку, хаця і не бачыў жывога, а толькі чуў па расповедах. Я маю шчасце быць знаёмым з падобным талентам, як кажуць, ад Бога. Гэта Адамёнак Генадзій Мацвеевіч з Каўшэлева. Яму дастаткова было адзін раз паслухаць мелодыю і другі слупок ён ужо не проста дапамагаў, а так прыўкрашваў мелодыю, што аж за душу брала. Упэўнены, што наш Гжэгуш быў не горш. І ён лёгка мог іграць нямецкія танцы і песні, як і свае родныя.

11 лістапада 1944 года на чужыне нарадзілася дачка. Вайна кацілася цяпер і з захаду і ўсходу. У маі 1945 года немцы капітулявалі. Сям’я Гінькаў аказалася ў амерыканскай зоне. Была магчымасць застацца тут у Нямеччыне ці выехаць у Англію або Амерыку. І многія тым скарысталіся. Але маладых Гінек, нібы тых птушак з выраю, неадольная сіла цягнула дадому на родную Дзісненшчыну. Дачакаўшыся свайго эшалона яны рушылі на Ўсход. Але дадому вярнуліся толькі маці і дачка. У Калінінградзе Грышку затрымалі, правяралі дакументы і г. д.  Ён быў ”вінаваты” у тым, што трапіў у палон у Крыме, што збег аддтуль, што вярнуўся дамоў жывы, што быў вызвалены саюзнікамі, а не Чырвонай Арміяй. Адным словам рашылі, што ён “павінен паслужыць” цяпер па-сапраўднаму сваёй Радзіме. І 6 снежня быў прызваны Калінінградскім ваенкаматам на службу на Калыму. Звольнены быў у 1949 годзе. Затым “дабраахвотна” яго прызвалі папрацаваць на Ўрале на будоўлях галоўнага Ўпраўлення Будаўніцтва Далёкаўсходняй Поўначы НКВД. Дамоў, у родную Жукоўшчыну, вярнуўся толькі 18 снежня 1953 года. Дзе і што рабіў увесь гэты час – нічога нікому не расказваў.  Пасля гэтага увесь час працаваў ляснічым у Полаве, іграў у мясцовым ансамблі. І пражыў усяго 56? год, з якіх 12 год забрала доўгая дарога дадому.

Вялікая Айчынная – гэта толькі частка вайны

Змаганне за Польшчу

На жаль, для нашых землякоў вайна пачалася нашмат раней, чым 22 чэрвеня. А менавіта першага верасня – у дзень, калі быў здзейснены напад на Польшчу. Тыя, хто служыў на той час у войску польскім  папалі на фронт. Узброеныя сілы Польшчы не змаглі аказаць значнага супраціўлення магутнай арміі Вермахта. Нехта з салдат трапіў у палон да немцаў, нехта бяз зброі прабіўся дамоў. Сярод тых, хто трапіў у палон да немцаў было трое нашых землякоў.

Туронак Дзмітрый Канстанцінавіч (1914 г.н.) быў адпушчаны немцамі дамоў. Ён двойчы ваяваў за Варшаву. У верасні 39-га абараняў яе ад немцаў, а ў студзені 45-га вызваляў у складзе першага беларускага фронту. Да Берліна не дайшоў. Бо быў паранены.

Сікора Мікалай Антонавіч (1915 г.н.) – таксама трапіў у палон да немцаў. Аднак дамоў не вярнуўся, а працаваў на прымусовых работах у немцаў. Ён быў добры цясляр і ўсю вайну працаваў на мэблевай фабрыцы. Казаў:

  • Вайна вайной, а мэблю адсылалі нават варагуючым краінам. Чамусьці ветэранам ён не лічыўся, хаця амаль шэсць год быў у палоне.

Скрыплёнак Канстанцін Кліменцьевіч (1916 г.н.) – пасля палону быў дома. Летам 44-га быў зноў прызваны на вайну. Ваяваў у складзе першага Прыбалтыйскага фронту.

Польша не забыла сваіх абаронцаў. Пасля распаду Савецкага Саюза яны атрымлівалі пенсію ў польскай амбасадзе ў  Менску. Так, як людзі ўжо былі пажылыя, то для зручнасці выплаты праводзілі раз у квартал. Усе маюць дзяржаўную ўзнагароду Польшчы – ордэн Белага Арла.

Японская кампанія

Пасля перамогі над Германіяй нашы войскі ўдзельнічалі ў вайне супраць Японіі. Прайшлі праз гэта выпрабаванне і нашы землякі. Траплялі туды чамусьці тыя, хто ваяваў у Прусіі.

Андрэйчык Іосіф Валяр’янавіч (1910 г.н.) мог бы на японскую і не патрапіць. Дэмабілізавалі тых, каму было 50 год і маладзейшых на 13 гадоў. Сюды падпадалі 1895-1908 гады. Калі ў камісіі нейкая сакратарка спытала:

  • Вы ж з 1908 года?
  • Не, я з 1910 года!

Толькі пасля дапяў Юзюк, што яго хацелі пашкадаваць. І з 5-й арміі 3-га Беларускага фронта ён патрапіў на 1-ы Далёкаўсходні.

 Януш Аркадзій Іванавіч патрапіў на японскую з 39-й арміі 3-га Беларускага фронту. Ваяваў у складзе Забайкальскага фронту. За час вайны атрымаў тры медалі “За адвагу”.

Лысёнак Лявон Лявонавіч (няма зьвестак).

Жыхары вёсак былога калгаса “Іскра”, што загінулі ў Вялікую Айчынную вайну

Прозвішча, імя, імя па бацьку Дзе ваяваў
В. Сямёнавічы
1 Дубіна Аляксандр Дзмітрыевіч 21.12.44. Латвія, фронт
2 Лысёнак Пётр Ільіч 16.08.44. Латвія, фронт
3 Мурзёнак Дзмітрый Міхайлавіч 1942 г. Партызан
4 Мурзёнак Міхаіл Кандратавіч 1942г. Партызан
5 Мурзёнак Мікалай Міхайлавіч 1942 г. Партызан
6 Мурзёнак Фёдар Ігнатавіч Партызан
7 Райчонак Аляксандр Сцяпанавіч 25.06.44. Партызан
8 Райчонак Сяргей Лук’янавіч Партызан
9 Стахоўскі Іван Паўлавіч 23.04.45. Германія, фронт
10 Скварцэвіч Вячаслаў Іванавіч 25.12.43. Партызан
  В. Агальніца  
11 Андрэйчык Віктар Міхайлавіч 1943 г. Партызан
12 Андрэйчык Уладзімір Уладзіміравіч 09.44. Фронт
13 Андрэйчык Іван Мікалаевіч 1942г.
14 Жадзейка Ягор Мікалаевіч 1941 г.
15 Васюковіч Уладзімір Ільіч 22.11.44. Польшча, фронт
16 Касарэўскі Аляксей Гіляравіч 14.04.45. Германія, фронт
17 Касарэўскі Веньямін Іосіфавіч 1944г. Фронт
18 Касарэўскі Леанід Вікенцьевіч 25.07.41. Фронт
19 Касарэўскі Мікалай Усцінавіч 28.01.45. Фронт
20 Курачонак Сяргей Сямёнавіч 1943 г. Партызан
21 Касарэўскі Павел Гіляравіч 1941 г.
22 Касарэўская Зенка 1941г.
23 Курачонак Сцяпан Сямёнавіч 08.01.45. Венгрыя, фронт
24 Курачонак Цярэнцій Уладзіміравіч 1943 г. Партызан
В. Грыблы
25 Андрэйчык Дзмітрый Дзмітрыевіч 1944г. Латвія, фронт
26 Балай Уладзімір Кліменцьевіч 16.08.44. Латвія, фронт
27 Балай Канстанцін Сямёнавіч 19.10.44. Польшча, фронт
28 Балай Пётр Антонавіч 1944г. Прыбалтыка, фронт
29 Балай Пётр Іосіфавіч Партызан
30 Балай Сямён 1943 г.
31 Брэскі Ананій Пятровіч 1943 г.
32 Брэскі Данііл Пятровіч 1944 г. фронт
33 Брэскі Леанід Венедзіктавіч Партызан
34 Брэскі Міфодзій Іосіфавіч 1943 г.
35 Брэскі Мікалай Пятровіч 16.08.44. Прыбалтыка, фронт
36 Дзіковіч Ірына Пятроўна 1943 г.
37 Дзіковіч Савелій Мікалаевіч 1943 г.
38 Кішко Арсеній Сямёнавіч 01.11.44. Літва, фронт
39 Кішко віталій Вікенцьевіч 10.44. Фронт
40 Кішко Пётр Міхайлавіч Партызан
41 Лысёнак Іван Пятровіч 15.09.44. Латвія, фронт
42 Лысёнак Канстанцін Сямёнавіч 19.10.44. Польшча, фронт
43 Лысёнак Пётр Васільевіч 12.44. Фронт
44 Лысёнак Фёдар Анатольевіч Фронт
45 Райчонак Веніямін Дзям’янавіч 06.01 45. Польшча, фронт
46 Райчонак Уладзімір Іосіфавіч 13.08.44. Латвія, фронт
47 Райчонак Сяргей Мартынавіч 1943 г.
48 Райчонак Якаў Мартынавіч 1943 г.
49 Райчонак Ніна 1943г.
50 Райчонак Аляксандр Якаўлевіч 1943г.
51 Райчонак Валянціна Якаўлеўна 1943 г.
52 Райчонак Мікалай Якаўлевіч 1943 г.
53 Сікора Анатоль Антонавіч 1943 г.
54 Сікора Дзмітрый Сцяпанавіч 1943 г.
55 Сікора Мікалай Андрэевіч 1944 г. Фронт
56 Скрыплёнак анастасій Кліменцьевіч 2.03.45. Прусія
57 Скрыплёнак Анфіса Антонаўна 1943 г.
58 Чабатаронак Дзіяніс Венедзіктавіч 29.12.44. Латвія
59 Чабатаронак Фёдар Арсеньуьевіч 1943 г. Партызан
В Слабада
60 Чабатаронак  Уладзімір Францавіч 15.08 44. Латвія
В. Алашкі
61 Брэскі Уладзімір Валяр’янавіч 05.03.45. Германія
62 Віцько Віктар Іосіфавіч 22.10.44. Польшча
63 Зарэцкі Лук’ян Лук’янавіч  
64 Лысёнак Дзмітрый Юльянавіч 05.04.44. Латвія. Фронт
65 Райчонак Антон Юльянавіч 24.02.45 г.
66 Сікора Ягор Сямёнавіч 1943 г.
67 Сікора Іван Антонавіч 07.1944г. фронт
68 Чарэнка Анфіса Іпалітаўна 1943 г.
В. Жукоўшчына
69 Гінько Зянон Вікенцьевіч 1943г. Прыбалтыка, фронт
70 Гінько Іван Вікенцьевіч ?
71 Касарэўскі Іосіф Усцінавіч 04.05.45. Германія, фронт
72 Лысёнак Аляксандр Вікенцьевіч 1942 г.
73 Лысёнак Аркадзій Сямёнавіч 1945 г., фронт
74 Лысёнак Генадзій Лявонавіч 1944г. Польшча, фронт
75 Лысёнак Вікенцій Валяр’янавіч 1942г. Германія. Фронт?
76 Лысёнак Канстанцін Георгіевіч 1944 г. Прыбалтыка, фронт
77 Райчонак Іосіф Валяр’янавіч 1944г. Польшча, фронт
78 Станюш Ананій Канстанцінавіч 05.1945г.
79 Станюш Генадзій Вікенцьевіч 31.10.44 г. Польшча, фронт
80 Станюш Мікалай Пятровіч Фронт
81 Лысёнак Уладзімір Міхайлавіч 29.01.45. Германія, фронт
В. Мельніца
82 Касарэўскі Генадзій Канстанцінавіч 1944 г. Прыбалтыка, фронт
83 Касарэўскі Сяргей Канстанцінавіч 1941 г. фронт
84 Усцінаў Іван Кірылавіч 1943 г. Партызан
85 Хаткевіч Георгій Андрэевіч 10.02.45г. Польшча
86 Януш Ананій Пятровіч 1943 г.
В. Зямцы
87 Андрэйчык Сяргей Іванавіч Фронт
88 Аўлас Іосіф Варфаламеевіч  
89 Аўлас Павел Іосіфавіч Партызан
90 Брэскі Мікалай Лук’янавіч Фронт
91 Ваенны Васіль Пятровіч  
92 Касарэўскі Генадзь Вікенцьевіч 13.02.45. Польшча, фрнт
93 Курачонак Іван Сямёнавіч Фронт
94 Лысёнак Яфім Усцінавіч Фронт
95 Лысёнак Канстанцін Усцінавіч 4.10 44. Латвія, фронт
96 Лысёнак Леанід Валяр’янавіч  
97 Лысёнак Мікалай Валяр’янавіч 4.10.44. Латвія, фронт
98 Лысёнак Пётр Венядзіктавіч 1945 г. Польшча, фронт
99 Рубцоў Рыгор Іванавіч 10.44. Фронт
100 Седзюкевіч Міхаіл Пятровіч 28.10.44г.
101 Скрыплёнак Аркадзь Францавіч 18.11.44. Усх. Прусія, фронт
102 Райчонак Сяргей Іванавіч  
103 Чабатаронак Аляксей Васільевіч  
104 Януш Павел Кандратавіч Май 44, партызан
105 Сініца Мікалай Іосіфавіч 1943 г.
106 Седзюкевіч Валерый (з сям’ёй) Расстраляны бандытамі

 

Трошкі гумару

Жыццё нас песціць не заўсёды і дорыць радасць кожнаму ў нашы маладыя гады і асабліва ў дзяцінстве. У сталым веку чалавека больш займае праца, клопаты і перажыванні, у старасці даймаюць хваробы. І цяпер ужо радавацца асабліва не прыходзіцца. Гэта я так гавару пра большасць людзей, але не пра ўсіх. Паўсюль ёсць зусім другія, тыя, што і ў паўсядзённых турботах, цяжкіх жыццёвых сітуацыях знаходзяць над чым пасмяяцца і развесяліць другіх. Тым самым яны скрашваюць шэрую будзённасць нашага жыцця, настройваюць на пазітыўны лад. З такімі людзьмі прыемна бавіць час, яны – заўсёды жаданыя не толькі ў вясёлай бяседзе, з імі весялей і працаваць і каратаць доўгія часіны чакання або дарогі.

Не памылюся, калі аднясу да такіх людзей полаўскага Сеньку. Касарэўскі Сямён       нарадзіўся і пражыў усё жыццё ў Полаве. Чалавек усебакова развіты. Што ён толькі не ўмеў рабіць: быў і першым механізатарам, і камбайнёрам, і машыністам сушылкі, і вайлакі валіў, і на гармоніку іграў, і майстрам быў на ўсю акругу па печах, і самае галоўнае – меў талент смяшыць людзей. Нешта цікавае заўважыць, дакладзе трохі свайго, недзе падбольшыць, нечага дамяшае, зложыць прыпеўку – і выходзіць па-сапраўднаму смешна, трапна, дасціпна і даступна кожнаму, хто яго слухае. Успамінаю яго знешнасць. Быў ён невысокага росту, сярэдняга целаскладу, гаварыў неяк як бы троху шапяляючы, пастаянна ўсміхаўся, а ў вачах заўсёды бегалі жывыя іскрынкі. І калі ён на нейкі час пераставаў гаварыць, то была заўважна яго творчая думка і посмех. Мне здаецца, што ў такі час ён складаў ізноў нейкую смехатуру, расказваў яе спачатку сабе і, задаволены, пасміхаўся. Прыемна было яго бачыць у такі час.

Першы раз пазнаёміўся я з Сенькам, як з мурнікам. Было гэта на пачатку маёй працоўнай дзейнасці ў калгасе “Іскра”. Я жаніўся, нам далі дом і мая гаспадыня Таццяна адразу ж закамандавала перарабіць пліту і каб была печ. Склалі яе шабашнікі хутка, але нешта была слабая цяга. Мне падраілі з’ездзіць за дапамогай да Сенькі. Я з’ездзіў і папрасіў Сеньку аб рамонце. На той час ён быў заняты, але запытаў дзе я жыву і дакляраваў некалі дапамагчы. Прыехаў ён без папярэджання, калі нас не было дома, адняў у хаце вакно і зрабіў сваю справу. Калі ж я прыйшоў на абед, то ў маёй грубцы ўжо палаў агонь і дым ішоў туды куды трэба. Здзівіла мяне яшчэ і тое, што гэты немалады ўжо тады чалавек (было тады яму ўжо за семдзесят) прыехаў сам на матацыкле і не ўзяў з мяне аніякай платы. У другі раз ён працавў у мяне таксама над печчу. Тут была “вясёлая” Полаўская брыгада ў складзе Сенькі, Сашкі Курачонка, Татыржы Генкі  і Дарашчонка Генкі. Іх было так шмат таму, што акрамя печы, паставілі мне яшчэ ў пліту і кацёл для вадзянога ацяплення і зманціравалі ўсе трубы. Працавалі вечарамі і ноччу. Усе спяцы, хто варыў трубы, хто манціраваў батарэі, хто лажыў цэглу. Сенька агледзеў, што ў комін малая дзюрка і гэта прычына таго, што дымелі ўсе мае печы. Як пускалі дым, то перад затопкай, як звычайна, нехта спрабуе то паліць газету, то курыць і глядзіць ці цягне дым ў печ. Сенька ж казаў, што калі добрая цяга, то каля печы ў бабы павінна аж падол падымаць і трэба асцерагацца каб што не асмаліла. Калі не памыляюся усё зрабілі за тры дні. За работу таксама яны з мяне ўзялі мала, праўда гарэлкі папілі ўдосталь ну і канечне ж наслухаліся і Сеньку, а з імі і я.

Запомніў Сенькаву параду, як даваць рады сваёй бабе, калі яна ня ў духу і многа пукчыць на свайго мужа. У такім выпадку Сенька казаў сваёй маладзіцы: “Валя, адстраняйся ты ад злога духа!” Што не кажы – ці ж табе баба змоўкне ды супакоіцца! А тут як прызыў да Ўсявышняга!  І калі ў бабы ёсць хоць нейкая вера ды троху мазгоў, то яна правільна прыміць такія словы. Паспрабуйце і вы! Маей дапамагае.

Расказваў адзін выпадак як дзеўкі давялі да канфузу аднаго хлопца. Быў ён прастакаваты, увагі ад дзевак належнай не меў і таму часам сам наведваў дзявочыя кампаніі. Сядзіць, дзяўчат разглядае, слухае. А яны на яго нават увагі не звяртаюць. А дзявочым бяседам гэта часам і замінае яго такая настырнасць. І вось рашылі дзеўкі яго правучыць. Запрасілі яго на нейкія дзявочыя пасядзелкі. Такая павага для дзецюка! Ды так за ім ўхаджаваюць, ды наліваюць і пабольш падкладваюць смачнога паесці і да танца запрашаюць і на вушка нешта загадкавае нашэптваюць. А ў напой хлопцу дабавілі пургену. Раздабрэў наш Генюська, зусім разамлеў, тут ужо б і на двор бы схадзіць да ветру ды і не толькі. А дзяўчаты ўсё ўвіваюцца каля яго ды падліваюць, ды накладаюць і просюць: “Пасядзі, Генюська! Пасядзі!” Другі б, які разбітны, проста так бы ім і сказаў, куды яму трэба. А Генюська… вядома ж сарамлівы, цярпеў цярпеў ды не вытрымаў. Аканфузіўся на поўніцу… Затым схапіў сваю вопратку ды праз дзверы. А дзеўкі гагочуць. У, сцервы!

З лёгкай іроніяй расказаў Сенька гісторыю і пра сябе. Яго маладзейшыя сябры (я думаю што гэта пэўна быў Сашка Курачонак) падраілі яму для ўмацавання мужчынскай сілы папіць нейкіх каранёў. Казалі, што пасля іх сіла ў “корані” з’яўляецца незвычайная. Напэўна, у іх, маладых гэта і сапраўды было так, але не быў бы гэта Сенька, каб не паспрабаваў такіх зёлак на сабе. Сказалі яму, якую дозу трэба прыняць і папярэдзілі, каб загадзя падрыхтаваўся, бо дзеянне каранёў наступае хутка. Ну вось, назначыў Сенька сваю патэнцыйную ахвяру, адфранціўся, падзікалоніўся, прыхапіў свае лекі і вечарком ціха вышмыкнуў на вуліцу, каб Валя яго нічога не дапетрыла. Выйшаў на перакрыжаванне, і пабаўтаўшы зелле вінтам заглынуў яго. І так, як яно было настоена на добрым першаку, то ўнутры па ўсім целе разлілося прыемнае цяпло, хутка дало і ў галаву, але больш нікуды. Пачакаў Сенька так хвілін пятнаццаць, потым яшчэ, калі ж пачне тое зелле дзейнічаць. Але “корань” ніяк не рэагаваў. Ну куды ісці? Пазорыцца? І чаго чакаць, калі ўжо і так добра адубеў. І ён махнуўшы на ўсё рукой, хуценька паскробся дамоў пад коўдру грэцца. Але ж што сказаць тым маладзёнам, што падраілі такое “памоцнае” лякарства? І прыдумаў нядрэннае. Раскажу ім анекдот, як маладыя хлопцы пісалі скаргу на тое, што выпускаюць слабыя прэзерватывы і яны часта рвуцца. А далучыўшыся да іх дзед ім паддакваў і папрасіў каб дапісалі, што яны не толькі рвуцца, але і гнуцца. Вот будуць хлопцы хахатаць і я з імі!

Сел и подумал: «Как интересно жить!»

Гэту гісторыю мне расказала Табола Людміла, былая жыхарка вёскі Тузбіца. Гэты расказ мне запомніўся не толькі тым, што ён пра маскаля, не толькі тым, што мова надзвычай яркая, якую я ўжо наўрад ці перадам, а тым, як чалавек знаходзіць цікавасць да жыцця ў звычайных жыццёвых сітуацыях, для другога б якія маглі аказацца цяжкавырашальнай праблемай, прычынай для клопатаў і перажыванняў.

У Квачах на Глыбоччыне, дзе я нарадзіўся і адкуль выйшаў у свет жылі адны католікі. У навакольных вёсках сустракаліся і праваслаўныя, а вось старавераў, або прасцей маскалёў, у нас не было. Тут жа на Шаркоўшчыне – яны не рэдкасць. Раней былі цэлыя вёскі. Перш за ўсё кідаецца іх гутарка з рускім “г”, а таксама шмат рускіх слоў. Сапраўдныя маскалі хадзілі з бародамі, не пілі гарэлкі, не курылі, нават калі давалі папіць вады іншаверцу, то з асобнага кубка, які для іх ужо лічыўся “нячыстым”. Жанчыны іх былі надзвычай добразычлівыя і паважалі сваіх гаспадароў. Ды то было раней. Зараз жа сучасныя спакусы не мінулі і маскалёў, што знайшлі сабе прытулак на нашай зямлі.

Не памятаю, з якой нагоды цётка Люда пачала мне расповед пра знаёмага ёй маскаля. Можа з-за таго, што засталася самотная на сваёй гаспадарцы, дзе нават не з кім перакінуцца словам, а можа проста ўспомнілася даўнейшае жыццё, не лёгкае, паўгалоднае, але надзвычай цікавае і вясёлае, бо верылася, што наперадзе будзе нешта лепшае…

Суседа звалі Парфірый. Як і ўсе сапраўдныя маскалі насіў бараду, калі так можна было яе назваць. Гэта была не акладзістая пышная белакудрая шавялюрына, а хутчэй за ўсё рэдкая “казіная бародка”. Ды і што магло лепшае вырасці на невялічкім хударлявым мужычку. Што не скажаш пра яго дародную Маруту. Пабачыўшы іх разам і не ведаючы, можна б было б сказаць, што Марута моцна трымае  свайго Парфішу ў руках. Ды не ж! Слова гаспадара было законам, не гледзячы на розныя вагавыя катэгорыі. Хаця можа так і было толькі на людзях. Павевы эмансіпацыі сталі пранікаць і ў непахісныя патрыярхальныя сем’і старавераў. Марута была партыйная. І хутчэй не па перакананнях, а як дань модзе. Вадзілася за ёй адна прамашка – амаль заўсёды спазнялася на партыйныя сходы. Ну і ў чарговы раз ёй кажуць: “Будзем цябе, Марута Нікандраўна, караць. Аб’яўляем табе выгавар!”

  • А вот і не выгаварыце, я абед мужіку строіла, вот і апаздала, ні выгаваріце. Не імеіце факцічыскага права лішаць маво Парфішу абеда.

Сам жа Парфірый быў любіцель пабалтаць. Сільна ня мудрастваваў, але ў кішэнь за словам не лазіў. Прыдзіць бывала на прызбу да баб з мужыкамі, што сялуюць у свята, ды і слухае, а часам і сам сваё нешта “уводзіць у вушы”, ня промах ён і прыманіць нешта:

  • Да, вот учара набегался!
  • А што такое, Парфіша!
  • Да вот Фёдар мой вчэра на танцах в Паташне задрался. Да сільна падралісь с Белькамі чуць да панажовшчыны не дашло. Эта харашо, что я праслушал, да заляцел, да разагнал іх хварасцінай. У, бесьі деці!
  • Ут, маладзец ты Парфірый, смелы, не пабаяўся нажа!
  • Да что мне эта пацанва! А тут не успел дамой прыціць, как ужэ наказывают, что там в Гіньках тваі Грішка с Васькой дерутся с местнымі із-за девок. Ну і туда забежал да разбороніл.
  • Ты, Парфіша, як малады, дзе ты так з усім спраўляісся, вот даюць табе жызні твае хлапцы, хай на іх пранцы!
  • Да что вы саабражаеце. А я ж тагда прішол дамой. А пагода вечером, салавьі…! Сел і подумал:” Как інтересно жіть!”

Замашанскі асілак

Гэту гісторыю расказаў мне мой сусед Касарэўскі Мікалай, чалавек унікальны з розных бакоў і ў тым ліку, што памяць меў фенамінальную. Дык вось, гэты расповед пра аднаго замашанца. Замашанцамі ў нас называлі ўсіх тых, хто жыў па той бок балота Вялікі Мох. А гэтыт, я б сказаў, быў замашанец у квадраце, бо паходзіў з вёскі Замошша Браслаўскага раёна. Не так даўно я там быў. Прыгожае места: навокал лес, два возеры, злучаныя рэчкай. Зараз гэта сапраўдная Мекка для мінскіх дачнікаў. Сюды яны пруць на выхадныя і на лета на свае лецішчы. Дык вось тут прыкладна ў 1915 годзе нарадзіўся Ўладзімір Аляшэўскі. Чым ён быў адметны. Спачатку нічым, рос, як і ўсе вясковыя дзеці пры бацьках, а калі памерла маці, то мачыха стала выпраўляць яго ў заробкі. А дзяцюк ён быў ужо не слабы і па сіле і наконт паесці (казалі на адзін раз заказваў паесці вядровы кацёл бульбы). Ну, а як кажуць, па ядзе і праца. Аднойчы наняўся да аднаго гаспадара малаціць ды і зламаў яму два цапы. А гаспадар быў гарачы ды даў яму па вуху. Хоць і ад гаспадара, але юнак такой крыўды не пацярпеў, схапіў гэтага дзядзьку за каўнер ды порткі і перакінуў праз пераруб (каля 2.5 метраў). Пабачыў гаспадар, што з такім шуткі слабыя, разлічыў яго ды адправіў дамоў далей ад граху. Пасля неяк ён дабраўся ў Вільню і там працаваў у цырку, паказваючы сілавыя намяры. Атрымліваў ад гаспадара па 10 злоты за выступленне, але пакінуў гэту працу пасля таго як быў падмануты.

Затым вярнуўся дамоў і стаў хадзіць па вёсках і паказваць свае нумары. У нашай мясцовасці ён заўсёды спыняўся ў Саўкі (Райчонка Самуіла) ў Большых Алашках. На сваіх выступленнях браў за білет па 20 грошы. Запомніліся такія яго нумары. Ён перацягваў па дзесяць чалавек на вяроўцы на кожнай руцэ. На яго шыі гнулі  прэнт (у сячэнні квадрат 35х35мм). Цалёвую паласу для падковы (25х25х10мм) скручваў, як дрот.

Быў ён з выгляду сярэдняга росту, але шырокі. Заўсёды хадзіў з чамаданчыкам. Аднаго разу ішоў праз капанку, а мужыкі вазілі лес і перакуліліся сані. Качаліся мужыкі каля бэлькі, як мурашкі, і не маглі даць яму рады. А бэлька была адмысловая, недзе каля куба. Пабачыў Аляшэўскі такую няўпраўку, паставіў свой чамаданчык ды і закінуў камель на сані.

 Аднаго разу сустрэў ён у вёсцы рызніка (жыда). Той, як звычайна, нешта прадаваў, выменьваў. Нечым Аляшэўскаму гэтыт “франт” не спадабаўся. І заспорыў Уладзімір з жыдам, што калі перацягне яго каня,  то забярэ яго сабе. Зачапіў ён за цялегу нейкую вяроўку і моцна ўпёрся ў зямлю. Конь не вытрымаў змагання і, упаўшы на каленькі, перайшоў да новага гаспадара. Падобны выпадак быў на фэсце ў Шаркоўшчыне. Там нейкі пан быў на жарабцы і ў лінейцы. Тут жарабец аказаўся таксама не са слабых. У Аляшэўскага ў руках засталася вырваная з лінейкі вось. І яшчэ расказвалі, неяк размінуліся мужыкі з гэтым асілкам на масце ў Полаве. І толькі яны перайшлі на другі бок, як на рацэ узвіўся вялікі слуп брызгаў. Пасля яны дапетрылі, што яны ад каменя, які не толькі падняць, а і скаціць у раку ніхто не браўся. Вось такіх малайцоў гадавала наша зямля!

Пад час майго візіту ў Замошша я спытаў у свайго знаёмага ці чуў ён што-небудзь пра такога асілка Аляшэўскага. У адказ ён называў нейкія другія прозвішчы і іх “цуды сілы”, але яны адрозныя ад згаданага мною Уладзіміра. Аб чым гэта гаворыць? Аб тым, што не ўсе героі застаюцца ў людской памяці і аб тым наколькі іх шмат у нашым краі.

Прыняў выклік заезжага “мядзведзя” і перамог

Мядзюха Ірына Агур’янаўна

Гэта расповед Мядзюха Ірыны Агур’янаўны пра свайго бацьку і шматлікую сям’ю. Бацька, Савелаў Агур’ян Анісімавіч нарадзіўся ў 1885 годзе ў вёсцы скінгі ў Літве. Па веравызнанню быў маскаль(старавер). Напярэдадні вайны выехаў на працу ў Рыгу. Быў рабочым на вагонным заводзе. Туды ж прыехала на заробкі і маці Марыя (1893г.н.). Там маладыя і пажаніліся. Там нарадзілася ў іх першая дачка. Таксама Марыя(1915). Бацьку забралі на вайну(ён быў наводчыкам пры арудзіі), а маці прыехала дадому ў Зямцы. У вайну бацька патрапіў у нямецкі палон і не адзін. Было шмат палонных з Беларусі ў тым ліку і з мясцін, адкуль была родам жонка. Дабраліся такія ўтрох Агур’ян, Сцяпан Давідовіч (Сашкі бацька) з Зямцоў і Сяргей…. з Полава. Уцячы з лагера было не складана. Куды больш цяжка было дабрацца да дому(усюды па дарогах патрулі, незнаёмая мясцовасць, чужыя людзі). Ішлі толькі па начах. У кожнага, як сказала Ірына Агур’янаўна, была свая “прафесія”. Бацька Агур’ян па зорках вызначаў дарогу, Сцяпан дамаўляўся з начлегам, а Сяргей  стараўся харчоў. Ішлі больш месяца, шмат перашкод і розных людзей сустракалі на сваёй доўгай дарозе да дому, але Бог мілаваў.

Купілі ў Зямцах 3 гектары зямлі, працавалі на ёй і гадавалі дзяцей. А нарадзілася іх ажно 11. Праўда чацвёра з іх памерлі ў розным ўзросце. Выжылі акрамя згаданай Марыі яшчэ Верка(1918 г.), Клаўдзя(1920 г.), Мішка(1923 г.), Барыс(1932 г.), Ірка(1934 г.), Грышка(1936 г.).

Пры Польшы вялі праз Пятровічы чыгунку. Многія людзі наймаліся працаваць. У 1931 годзе чыгунку ўрачыста адкрывалі. На станцыі ў Пятровічах сабраўся ўвесь навакольны люд. А як жа! Адкрывалася сувязь з усім светам. Вільня, Полацак цяпер сталі даступныя ўсім. З сельскагаспадарчага раёну вывозіўся лес, лён, збожжа. І перавозкі па чыгунцы былі таннейшыя за конныя ў 20 разоў. Былі выступленні, прадстаўленне іграў аркестр. У саставе агітбрыгады быў барэц. Дужы, касматы, рукі моцныя, як лапы ў мядзведзя. Ён прапанаваў: “Можа хто хоча са мной пабароцца?” А тата: “Я!” Мужык ён быў не такі і вялікі, але лоўкі і хітры. І вось яны схапіліся! А бацька неяк прыпадняў таго барца, ды ззаду нагой яму як даў пад пяткі і паваліў. Шыю і галаву так заціснуў локцям, седзячы наверсе, што ў тога “мядзведзя” аж скура з наса злезла. От білі ў далонькі ўсе!  Памёр Агур’ян 17 снежня 1953 года. Можа б і доўга жыў, такі крапак быў! Але аднаго разу пасля лазні папіў, распарыўшыся, халоднай кіслай сывараткі,  хваціў запалення. А кіслае  ж сільна небяспечна для прастуды. Казаў: “У сярэдзіне, як шкла набіта, так коліць!” і доктар прыехаўшы сказаў: “Нічога ня будзіць, лёгкія згарэлі”.  Так хутка і сканаў.

У пастухі з васьмі год

Шпаковіч Іван Уладзіміравіч(Янак Шпак). На радзіўся 20 ліпеня 1932 года ў вёсцы Крапіўнікі, што каля Валожанак. Бацька не меў зямлі, але з дзедам Пятром маглі сталярнічаць. Рабілі не толькі будынкі, але і мэблю, а дзед нават рабіў і скрыпкі. Дарэчы і сам іграў і вучыў іграць малога Янака на падоранай сваёй скрыпцы. Бацька Ўладзімір зрубіў у Зямцах аднаму гаспадару хату, за што атрымаў 20 сотак зямлі. Гэта месца было пры самым лесе. Паставілі талакой будынкі і жылі са сваіх сотак. Але як з іх можна жыць? Толькі пасадзіць гарод. Бацька нешта зарабляў сваім сталярствам ды паляваннем. Жывучы амаль што ў лесе, асвоіў гэтыт занятак і Янак. У сям’і былі яшчэ два малодшыя браты Манік і Франак і пракарміцца было надзвычай цяжка. Вось матка Агнешка і павяла старэйшага Янака наймацца пасвіць скаціну да гаспадара. Недалёка ад Курылавічаў на хутары, дзе цяпер магілкі жылі два браты Генусь і Казік Дземідовічы.  Жылі ў адной хаце і кожны меў сям’ю. У Казіка была дачка Марыся, а ў Генуся Казік, Аліна, Стасік. Гаспадарка была вялікая – 50 гектараў зямлі, чатыры каровы, двое рабочых коней і адна выязная “ангелька” і каля 30 авечак. І вось з гэтымі рагатымі і хвастатымі прыйшлося ўпраўляцца васьмігадоваму хлапчуку. Цяжэй за ўсё было вельмі рана прачынацца(пасвілі скаціну з 4 гадзін ранку і да 10 вечара і з 11 да 14 гадзін абед). Часам малы і засынаў на пашы. Ён кажа: “Прачынаюся, страшна, што можа каровы пайшлі ў шкоду. Аж не, гляджу гаспадар іх глядзіць. На мяне ніколі не крычаў і не біў. У абед вадзіў на раку купацца і праз дзень вазіў у Барэйкі ў касцёл на катэхезу. А карміў! Па дзевяць разоў на дзень. Вот рана ў чатыры гадзіны і з сабой даець і ў кашэнь. У сем гадзін пускаў дамоў есці і давалі з сабой. Як кароў прыганяюць на абед – само сабой і да начы яшчэ чатыры разы. Аднаго разу папрасіў праехаць вярхом на “ангельцы”. Гаспадар папярэдзіў каб трымаўся і не нацягваў аброць, а я ўзяў ды троху крануў і яна мяне як панесла, а каля ручча, дзе вадапой раптам як тармазнула, то я і пляснуўся ў ваду. Генусь падляцеў, збялеўшы, так баяўся хаця б я не скалечыўся. Глядзеў мяне, як свайго сына. А тады было многа ваўкоў. Аднаго разу прыйшлі тры ваўкі. Два ўзялі па авечцы, закінулі сабе за плечы і папёрлі, а трэці схапіў вялікую за каўмер і вядзець, а хвастом падганяіць. Я азяў дубца і адбіў ў яго авечку. Ну як рванула ўсё стада ды дамоў у хлеў, а воўк ззаду, але ўхапіць не сумеў. А перад дзвярмі так тармазіў, што аж шрамы ад кіпцюроў засталіся. За сезон працы гаспадар даваў мне 12 пудоў хлеба і 12 пураў бульбы(1 пур – гэта 3 пуды). У гэтага гаспадара я атрабіў пяць гадоў. Пасля вайны ён выехаў у Польшу. Падарыў мне на развітанне пару трусоў на развод і пустую бутэльку з-пад гарэлкі. А яна была не прастая, а з фокусам. На ёй была намалявана дзеўка, а калі адпіваеш, то яна раздзяваецца. На жаль, гэта памяць па добрым чалавеку, што дапамог выжываць нашай сям’і не захавалася.

Спісалі на вайну

Так, ахвярай партызанскага сваяволля стала сям’я Седзюкевіча Валеркі, што жыў над рэчкай у Чартку. Іх сын Косця неяк быў у Шаркоўшчыне. Ці то партызанам нехта “увёў у вушы”, што той перадаваў немцам звесткі пра партызан, ці то яны паквапіліся на багацце гаспадара, але адной ноччу яны ўчынілі самасуд. Патрабавалі золата, пыталіся, як сын звязаны з партызанамі  і нічога не дабіўшыся гаспадароў расстралялі, а хату запалілі. Пасля гэтага сын пайшоў служыць у самаахову ў Шаркоўшчыну, а пасля вайны зусім выехаў у Польшу. За забойства сям’і “победителей не судили», усё спісалі на вайну.

Згубіў галаву

У простым  і пераносным сэнсе згубіў сваю галаву з-за жанчыны, з-за кахання Курачонак Аркадзя з Зямцоў(брат Жэніка – Алегавага Бацькі). Ён прыйшоў у водпуск з арміі і злюбіўся з быўшай цешчай Дзімы Лысёнка (Вуля). Пасля вяртання ў часць не змог перанесці разлукі і збег дамоў прыхапіўшы з сабой пісталет. Хаваўся ў лесе і наведваў сваю каханую. Участковы Булыга пайшоў на хітрасць. Ён падаслаў да Аркадзі Астафея. Што жыў недалёка ад лесу. Аднаго разу на хутары ў завербаванага Астафея прагучалі выстралы быццам бы яго лавіў участковы за нейкія сур’ёзныя грахі і ён збег у лес. Чутка разнеслася па вёсцы і дайшла да Аркадзі, так што сустрэўшыся ў лесе ён не мог западозрыць правакатара. Жылі разам, а за вадой хадзілі па чарзе праз дзень у ручэй. У чарговы раз, калі Аркадзя спусціўся набраць вады прагучала Булыгава: ”Рукі ўверх!”  Аркадзя памкнуўся ці то ўцякаць, ці дастаць пісталет, але Булыга яго застрэліў. Пасля, калі вязлі яго ў Шаркоўшчыну, то участковы страляў з Аркадзявага пісталета і ў абойме выстралілі толькі тры патроны(астатнія напэўна адсырэлі).

Щ-974

Успаміны Віктара Іванавіча Сікоры (1925-2008). З Віктарам Іванавічам стаў знаёмы тады, калі яго ўзялі працаваць у калгас забеспячэнцам. Старшынёй калгаса тады працаваў Войцік, а я тады працаваў інжынерам. Спачатку я да яго ставіўся з нейкім недаверам і асцярогай, бо ведаў пра яго мала (казалі, што ён сядзеў у турме 10 год, ну а што добра выпівае – дык я бачыў і сам). Але са сваімі абавязкамі ён спраўляўся добра. У той час татальнага дэфіцыту (дзевяностыя гады) ён “даставаў” запчасткі, насенне, ездзіў нават за памідорамі ў Стаўрапаль. Я мяркую, што яму дапамагаў жыццёвы вопыт, шматлікія знаёмствы, уменне з кім трэба выпіць чарку ну і канечне ж турэмная загартоўка. Памагла мне з ім зблізіцца цікавасць да асобы яго бацькі. Паступова я адкрыў у гэтым чалавеку шчырага беларуса і сапраўднага патрыёта. На той час я ўжо працаваў у Слабадской школе і Віктар Іванавіч таксама аставіў калгас. Наколькі хутка ён сышоўся з Войцікам – і так жа хутка яны і пасварыліся. Аднаго разу малацілі за Алашкамі камбайны і, едучы побач Пракопаў Славік змалаціў і Віктару. Адкуль узяўся Войцік? І загадаў усё зярно забраць у калгас. Віктар паехаў да пракурора  і прама ў лоб сказаў: “Ці можаш ты калупнуць Войціка? Ёсць кампрамат.” Той сказаў, што не.  А Віктар адразу падаў заяву на звальненне, ды і што яму было траціць – ён ужо даўно быў на пенсіі.

Хочацца ўзгадаць знешнасць Віктара Іванавіча. Быў ён высокі, мажны, твар васпаваты. Зусім не падобны да таго, што ў маладым веку на фотаздымках. І яшчэ цяжэй уявіць, што у час пакарання ў ГУЛАГУ ён быў дайшоў да 54 кілаграмаў (рэальна знаходзіўся на мяжы жыцця і смерці).

Калі мы з ім пасябравалі – я часта заходзіў да яго, каб пачуць яго расповеды. Што перш за ўсё уразіла – гэта чысцюткая беларуская мова (хаця вучыўся ён у польскай школе). У Віктара Іванавіча была цудоўная памяць. Даты і прозвішчы ён называў у сваіх 80 гадоў бездакорна.  А колькі іх было! Сярод знаёмых такія персаналіі, як Барыс Кіт, Усевалад Родзька, Шкялёнак, Адам Станкевіч і шмат іншых. Пісаў вершы. Увесь яго архіў – гэта каля 700 старонак. Нешта паўтараецца. Але лейтматывам усіх яго твораў з’яўляюцца любоў да Радзімы, роднай мовы, пошук змагарных шляхоў да незалежнасці, нянавісць да камуністаў. А калі казаць вобразна, то яму сніліся сны аб свабоднай і вольнай Беларусі, за якую ён змагаўся і за што паплаціўся дзесяццю гадамі сібірскіх лагяроў. Яго вершы мы сумесна з глыбоцкімі сябрамі ”падгладзілі” і выпусцілі зборнік “Шурпатая дарога”. Такая назва – гэта крыжовы шлях аўтара і ўсяго нашага народа да незалежнасці.

Нарадзіўся Віктар Сікора 12 ліпеня 1925 года ў вёсцы Малыя Алашкі. Пасля заканчэння польскай школы пры немцах вучыўся ў Пастаўскай настаўніцкай семінарыі. Адзін з кіраўнікоў СБМ у Паставах. З вясны 1944 года сябра Беларускай незалежнай партыі.

Як сталася так, што маладыя семінарысты і Віктар у іх ліку сталі на шлях супрацоўніцтва з немцамі. Я шукаў на гэта адказу. Яго даў мне сам
Віктар: “Для нас аднолькавымі ворагамі былі і немцы, і камуністы. І тыя і другія не давалі ніякіх шанцаў для ажыццяўлення беларускіх нацыянальных інтарэсаў. На той час супрацоўніцтва – гэта спосаб легальнага на той час скрытага супраціву. Ні ў якіх карных мерапрыемства і ў падтрымку нямецкіх улад мы не выступалі.”

Калі прагналі немцаў – вярнуўся дамоў. Хутка сталі забіраць мужчын на вайну. Мабілізавалі і Віктара. Навабранцаў адразу на фронт не пасылалі, а павезлі абучаць у Белую Цэркву, што на Ўкраіне. Па дарозе Віктар яшчэ з адным сябрам збеглі з цягніка.  Гэта было ўжо восенню. Іх везлі з Дзвінска і спатрэбілася пераплываць Дзвіну. Неяк дабраўся дамоў. Хаваўся па хлявах, а калі стала зусім халодна, то змайстравалі ў варыўні схрон пад катухом бульбы ў яме, дзе ён і адседзеў усю зіму. Вясной перабраўся ў лес і быў там не адзін такі. Калі закончылася вайна, то была аб’яўлена амністыя для дэзертыраў і Віктар вярнуўся дамоў. Уладкаваўся працаваць у Полаве паштальёнам. Але спакойна спаць не мог, адчуваў, што дакапаюцца да яго пастаўскай гісторыі. Так і здарылася.

Аднаго ранку, 5 снежня 1945 года, калі было яшчэ цёмна ў вакно настойліва пастукалі.  Заходзяць афіцэр і сем аўтаматчыкаў. Арэставалі, рукі скруцілі дротам і павялі ў Варапаева, а адтуль у Вілейку. Прасядзеў восем месяцаў пад следствам. Нацярпеўся ўсяго і прайшоў праз усе экзекуцыі. Пастаянныя допыты і ўсё ноччу, каб не спаў і адно і тое самае: падпісвай і падпісвай. А што падпісваць, калі там усе таварышы твае праходзяць. А можа прасцей было б і падпісаць – усё адно гэбісты ўжо ўсё ведалі. Быў асуджаны паводле артыкула 63-1 КК БССР да дзесяці гадоў пазбаўлення волі і паражэння ў правох на 5 гадоў. Далей перасылка ў лагер Бадайбо на залатыя прыіскі і непасільная праца пры голадзе і холадзе. Вытрымаць такое мог толькі вельмі здаровы і дужы чалавек. І Віктар усё вытрымаў, хаця і дайшоў ужо быў да 54 кілаграмаў. Расказваў: “Вязуць нас на “Студзібекеры”, загрузілі поўны кузаў стоячы, а затым каманда “Садзісь!” і так адзін аднаму на каленьках і праехаць 150 кіламетраў. Прыехалі – устаць ніхто не можа так зацяклі ногі. Далей вязуць па рацэ на баржы. У труме набіта, як сялёдкі, параша з адрэзанай бочкі, смурод задуха страшная. Прыехалі на месца – у многіх дызентырыя, што з’еў тое і выйшла. А другі ззаду збіраіць, прамываіць ды ў якой кансерцы каб зварыць. Страх да чаго дайшло – паміралі пачкамі. У кожнага на спіне і спераду нумар. Пераклічка толькі па нумарах. Віктрару далі Щ-974, як ён казаў: “Мне, нацдэму – гэта была найгоршая абраза. Спецыяльна не знайшлі мне роднай літары, а далі “Маскоўскую Щ”. Неяк аднаго разу пачуў ад літоўцаў, што папаў да іх нейкі хворы Станкявічус і цюкнула адразу ў галаву, што гэта напэўна ж ксёндз Адам Станкевіч. І сапраўды святар ўжо быў моцна хворы і хутка сканаў. Віктар сам вывозіў яго хаваць. І вось у браме для таго, каб каго не вывезлі жывога ахраннік яшчэ кайлом прабівае нябожчыку галаву…

Фізічныя і маральныя пакуты, здавалася б, на ўсё астатняе жыццё павінны былі зрабіць чалавека чэрствым, жорсткім, абыякавым. Віктар такім не стаў.

Маміна “навука”

Маёй маме ўжо восемдзесят восем гадоў. Нягледзячы на паважаны ўзрост “не ўрокам дзеля” кажучы, з галавой яшчэ “дружыць”. Летам яна яшчэ так-сяк дае сабе рады, а вось зімой ёй ужо цяжка, асабліва даймае холад. Ды і хадзіць па холадзе за прадуктамі, дрывамі і вадой зімой нялёгка. Вось і каратае яна доўгія зімовыя месяцы ў сыноў. Некалькі гадоў была ў Пятра ў Менску, а гэтай зімой яна ў мяне. У нас канечне не так цёпла ў хаце, як у менскай кватэры, затое ўсё больш прывычна. За пару месяцаў яна ўжо абылася ў нас, па дому не сумуе, часта тэлефануе ў свае родныя Квачы і ведае ўсе тамтэйшыя навіны. Шмат чаго новага яна даведалася і пра мяне ад жонкі пра маю, як яна кажа “проціў права” дзейнасць.

Нягледзячы на тое, што і мне ўжо пяцьдзесят два, для мамы я яшчэ дзіцё і мяне трэба “наставіць на розам”. Вось і з гэтай прычыны аднаго разу кліча яна мяне ў сваой пакой і будзіць казаць: “Сынок, паслухай мяне! Не ідзі ты проці права. Ну што ты зробіш, гэта ж як дыхаць проці ветру. Ну нашто ты ў сваей кніжцы так пісаў пра Баразвэчча, як там камуністы над людзьмі здзекаваліся? Ну нашто ты спорыў з тым Морхатам на сабранні? Ніхай сабе ты і праўду кажыш і многія гэта знаюць, алі ж сідзяць і маўчаць. Ну і што, што ты сказаў? Ну і што, што ты пырхаў? Знай, што і тваё і маё да ср…кі. Гэта ж ня пойдзіць у права. А цябе і з гэтай работы маглі зняць. Ну і што ты тады рабіць будзіш? А нада ж і дзіцям яшчэ памагаць. Сядзі ціханька і маўчы, як і мы маўчалі. А то возьмуць яшчэ ды і пасадзюць. Чаму Пецька маўчыць і нікуды ня лезіць? А табе ўсё нада! Падумай пра сям’ю, пра сябе. Мальчык, паслухай мяне, сколькі мне ўжо асталося жыць? А яшчэ крый Бог цябе заберуць… Ну, ці паслухаеш?” Часам, калі я нешта пішу на кампутары, падыходзіць і кажа: ”Хоць жа паліцікі ні пішы!”

Я ведаю, што спрачацца няма сэнсу. Гэтым нічога не паправіш. І па-гэтаму, каб яе заспакоіць або ківаю галавой, або маўчу і толькі сам сабе думаю: “Хоць зараз ужо трохі і другі час, але яе апасенні не безпадстаўныя. О, як жа глыбока прарос у нас страх! І для гэтага было мноства прычын”.

Халахтары

Праз нашу мясцовасць немцы адтупалі без баёў. Ды і што ім было тут абараняць. Вялікага руху яны тут не стваралі – карысталіся ў асноўным чыгункай. А вось наступаючых чырвонаармейцаў памятаюць у тым ліку і ў Слабадзе. Хоць вёска і знаходзілася ўбаку ад асноўнай дарогі, але чырвонаармейцы і тут станавіліся на пастой. Некалькі рускіх салдат адпачывалі ў сям’ і Сімучка (Андрэйчыка Сямёна). Хоць і не багаты быў стол (сваіх едакоў у сям’і было зашмат), але ж чым маглі накармілі салдат. Цікава ж старому, які парадак прынясе новая ўлада ў наш дом. Да вайны Саветы  пасля палякаў яшчэ тут добра не акрэплі. І вось пытаецца Сімучок у пастаяльцаў:

  • Сынкі, а ці дадуць жа нам зямлі?
  • Дадут, дадут, отец, сколько захотите! У нас уже на ней и работать не хотят!
  • Вот гультаі!.. Жарт рабіць ня хочуць! Ай-я-яй!

Ніяк стары не мог уявіць, што можна пакінуць зямлю, якая корміць і адзявае.

Яшчэ яго жартам называлі Халахтарам (так ён называў трактары). Згадваючы вайну, ён казаў: “ Ішлі ішлі тангі, а за імі халахтары з арудзіямі!”

Стары Сімучок так і не дачакаўся зямлі ўволю. Адмералі яму, як і ўсім два метры грыблоўскага пагоста. А праз гадоў пяцьдзесят, каб ён глянуў на нашу зямлю, што пазарастала бур’яном ды ляжыць закінутая – напэўна б падняўся і сказаў: “Вот гультаі!.. Жарт рабіць ня хочуць! Ай-я-яй!”

 

 

 

Jazep Kvach: True stories (presented in the original language of narrators)                         

(magazineCULTURE. NATION”, April 2020, issue 25, pp.71-95,  www.sakavik.net)

Real short stories about the life of villagers, about the fate of children and families taken to work in Germany and unusual life stories of some people during and after World War II are presented. Entries were made by the author in the Sharkaushchynski district of the Vitebsk region (continued, the first part read in the previous, 24th issue of the magazine, November 2019).

Язеп Квач: Невыдуманные истории (представлены на оригинальном языке рассказчиков)

(журнал «КУЛЬТУРА. НАЦИЯ», апрель 2020, выпуск 25, стр. 71-95, http://www.sakavik.net)

Представлены короткие реальные истории о жизни жителей села, о судьбе детей и семей, вывезеных на работы в Германию, представлены необычные жизненные истории людей во время и после Второй мировой войны. Записи сделаны автором в Шарковщинском районе Витебской области (продолжение, начало читайте в предыдущем, 24-м номере журнала, ноябрь 2019).



Categories: Гісторыя, Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: