Віктар Марціновіч: Мне катэгарычна не спадабалася тое, што адбылося ў Беларусі ўчора

Фота Аляксандры Піліповіч-Сушчыц

Віктар Марціновіч піша на budzma.by пра ўчарашнія падзеі ў нашай краіне.

Мне катэгарычна не спадабалася тое, што адбылося ў Беларусі ўчора.

Стыхійныя купкі маладых людзей, раззлаваных нерэгістрацыяй папулярных кандыдатаў, не маючы аніякіх інструкцый на вечар ад штабоў, выйшлі на вуліцы. Фактычна гэты варушняк быў арганізаваны заклікам некалькіх тэлеграм-каналаў, аўтары якіх знаходзяцца за мяжой.

Я разумею штабы: нікому не хочацца быць фігурантам крымінальнай справы аб арганізацыі масавых непарадкаў. Я нават разумею колішнія словы Бабарыкі — што на плошчу ён нікога клікаць не будзе, але калі тая плошча сама арганізуецца, то ён на яе прыйдзе. Гэта годная і адказная пазіцыя — магчыма, самая годная ў дадзеных абставінах, калі чалавек з сумленнем думаць мусіць не столькі пра ўласную адказнасць перад «законам», колькі пра лёсы, якія ён можа такім чынам зламаць. Людзей, якіх можаш падставіць пад міліцэйскія дручкі сваімі заклікамі да пратэсту.

Але тое, што было ўчора, — гэта нават не пратэст.

Людзі не былі ніяк арганізаваныя, не высоўвалі патрабаванні, пры якіх бы задаволіліся і сышлі з вуліцы. Яны спарадычна рухаліся па горадзе і чакалі прыезду АМАПа. І калі міліцыя прыязджала, пачыналі ад той міліцыі ўцякаць.

Ці ўступалі з ёй у рукапашную валтузню.

І ўсё гэта пад заахвочвальны енк у Тэлеграме — пра тое, што вось тут «АМАП б’юць» ці што «счэпкі працуюць». Пры тым, што ў гэты самы момант хапалі нават журналістаў, якія спрабавалі арганізаваць анлайн-трансляцыю. З пэўнай мяжы «хранікёрамі» падзей засталіся толькі тэлеграм-каналы, якія паведамлялі, дзе цяпер асабліва «горача», дзе каго «месяць» кулакамі, дзе, наадварот, натоўп вядзе рэй. І людзі пачыналі сунуцца туды, дзе «горача», метро і праспекты перакрываліся, і ўсім гэтым, мабыць, было вельмі весела кіраваць з-за манітора, што месціцца вельмі далёка ад байцоў беларускага АМАПа.

Такі, ведаеце, World of Warcraft, кіраванне юнітамі праз сеціва, «наша» каманда супраць «іх» каманды, «эльфы» супраць «оркаў» — крута, але там не юніты, а жывыя людзі. У старым Warcraft мэтай была барацьба за рэсурсы і тэрыторыю. А якая мэта была тут?

Навошта было ўчарашняе змаганне?

Паказаць, што «эльфаў» многа, а «оркаў» няшмат? Дык праз адсутнасць плана і мэты «эльфаў» выйшла якраз значна меней, чым было ў чэрвені. Можа быць, нехта (Нехта?) ставіў мэтай арганізаваць long lasting resistance? Які прывядзе да адмены рашэння па нерэгістрацыі? Дык усё гэта не так робіцца. Спачатку план, каманда, арганізацыя, маршрут, запасны маршрут — і толькі пасля стыхія.

Учора яшчэ больш быў раззлаваны адзін бок беларускай вуліцы і відавочна дэматываваны другі бок.

Так, увесь свет пабачыў, што мірных пратэстоўцаў у Беларусі б’юць.

Але таксама свет пабачыў тыя ж бойкі з міліцыяй, якія выклікалі захапленне тэлеграмераў — і будзьце ўпэўненыя, менавіта гэтыя кадры будуць распаўсюджаныя нашым клапатлівым МЗС у якасці падмацавальніка неабходнасці прымянення фізічнай сілы 9 жніўня.

Дык што добрага ў тым, што, як напісала Ганна Севярынец, прыхільнікі Зыбы і Каржа «навалялі АМАПу»?

І так, этычная праблема не толькі ў тым, што «камандаванне» пратэстам было вынесенае за межы, што з бяспекі людзей свядома ўводзілі ў небяспеку. Бо, па-першае, усе папулярныя тэлеграмеры, што засталіся ў РБ, ужо затрыманыя. А па-другое, у адрозненне ад юнітаў у World of Warcraft, кожны, хто атрымаў інфу пра «гарачыя месцы» ў горадзе з Тэлеграма, меў сваю галаву і мог самастойна вырашыць, сунуцца ў тыя месцы ці не.

Этычная праблема ў тым, што гэта ўсё ні да чога не вяло. Гэта нават не параза, бо параза — гэта калі ты спадзяешся перамагчы і не перамагаеш. Тут мэты перамагчы не было, рэгістрацыі Бабарыкі стыхійныя сутычкі з АМАПам зусім не мелі на ўвазе.

Я хацеў бы звярнуцца да ўсіх людзей, якія ў Беларусі ці з-за яе межаў маюць намер заклікаць да пратэстаў на вуліцы. Вы ўжо бачыце, што па выніках учарашняга распачатая крымінальная справа. Вы разумееце, што частка з 250 затрыманых мае ўсе шансы пайсці па гэтай крымінальнай справе не ў СІЗА, а ў турму на вялікі тэрмін, займець судзімасць.

І так, я крыху абазнаны ў сацыяльных тэорыях і ведаю пра «аргумент ахвяры» і тое, што з гледзішча «аргументу ахвяры» я тут быццам спрабую ўскласці віну за рэпрэсіі не на тых, хто іх арганізаваў, а на тых, хто з’яўляецца іх ахвярамі.

Але я зыходжу менавіта з таго, што рэпрэсіўную сістэму трэба змяняць.

Проста тое, што адбылося ўчора, не паскарае Пераменаў, а адкладае іх на нявызначаны тэрмін.

Будзьце адказнымі.

Беларусь — не World of Warcraft.
https://nashaniva.by/?c=ar&i=255318



Categories: Нацыя прачынаецца, Праект "РАЗАМ"

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google photo

You are commenting using your Google account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: