У артыкуле робіцца спроба асэнсаваць сучасныя працэсы, што адбываюцца ў Беларусі й ЗША, праз разгляд тэндэнцыяў у сфэры кантролю грамадскага дыскурсу. Аўтар аналізуе ідэялёгіі, што стаяць за сіламі, якія кантралююць грамадскі дыскурс у абедзьвух краінах, і прыходзіць да высновы, што абедзьве ідэалёгіі маюць шмат агульных рысаў і выводзяцца з аднаго кораню. Не гледзячы на тое, што інтэнсыўнасьць кантролю і ступень пакараньня нязгодных з тым кантролем у дадзены момант у Беларусі й ЗША значна адрозьніваюцца, тым ня менш пры працягу існуюцых тэндэнцыяў цалкам мажлівае ўзмацненьне падабенства, а і сыходжаньне, гэтых чыньнікаў несвабоды ў сфэры публічнага дыскурсу, нягледзячы на умоўнасьць параўнаньняў непадобных грамадстваў Беларусі й ЗША.
Напярэдадні трэцяй дэкады 20-га стагоддзя Рэспубліка Беларусь і Злучаныя Штаты Амэрыкі сталі шмат у чым падобныя для назіральніка – аўтара гэтых радкоў. Парадаксальным чынам “апошняя дыктатура Эўропы” і “флагман Вольнага Сьвету” пачынаюць у пэўных рысах сыходзіцца. І адбываецца гэта, нажаль, не дзеля лібэралізацыі й вэстэрнізацыі Рэспублікі Беларусь, але дзякуючы руху ўбок ад дэмакратычных прынцыпаў і свабодаў, які ажыцьцяўляюць у Злучаных Штатах амаль усе дзяржаўныя і палітычныя структуры краіны, а таксама масавыя сродкі, сыстэма адукацыі й грамадска-навуковых досьледаў, і забаўляльная індустрыя.
Найбольш відавочнай і непакоячай зьявай, што адлюстроўвае вышэйпазначаную тэндэнцыю, зьяўляюцца працэсы ў абедзьвух краінах, што датычаць публічнага дыскурсу і ягонага кантролю.
Ад свайго прыходу да ўлады Аляксандар Лукашэнка і кола ягоных дарадцаў крок за крокам, сыстэматычна і мэтанакіравана, пачалі звужаць абшар для незалежных выказваньняў і свабоды слова. Была зьліквідаваная большасьць недзяржаўных арганізацыяў, зачыненая частка незалежных медыяў, а над рэштай іх цэлы час вісіць пагроза штрафаў і закрыцьця. Абмежаваньні свабоднага выяўленьня былі ўведзеныя у заканадаўства пад маркай “абароны гонару прэзідэнта”, “недапушчэньня незарэгістраванай сымболікі”, і падобна. Рабілася гэта пад дэмагагічныя заявы-тлумачаньні пра тое, што прымаемыя меры скіраваныя на ўзмацненьне стабільнасцьі краіны і абарону інтарэсаў яе грамадзянаў.
Падобным чынам прыблізна ў той самы час, ад пачатку 1990-х гадоў, у Злучаных Штатах адбывалася звужэньне сфэры стасаваньня свабоды слова. Частка гэтага працэсу афармлялася юрыдычна, праз увядзеньне нормаў, што караюць за “злачынствы нянавісьці”, “практыку дыскрымінацыі” і “сэксуальныя дамаганьні”. Праз распаўсюджаньне адпаведных нутраных рэгуляцыяў для дзяржаўных і прыватных установаў гэта замацоўвалася як неаспрэчвальная норма. Рабілася гэта пад заявы аб дбаньні пра інтарэсы “мяншыняў і найбольш крохкіх слаёў грамадства”.
У выніку прастора свабоды выказваньняў за апошнія 26 год істотна звузілася як у РБ, гэтак і ў ЗША. Асаблівае паскарэньне і абвастрэньне гэтай зьявы адбылося ў 2020 годзе, калі ў РБ прайшлі выбары прэзідэнта і пратэсты супраць фальшаваньня выбараў, а ў ЗША выбухлі пратэсты супраць надуманай паліцыйнай брутальнасьці й неіснуючага “сістэмнага расізму” ў праваахоўных органах.
Наступствам усяго гэтага сталі ўзмацненьне перашкодаў для распаўсюду інфармацыі й свабоды самавыяўленьня ў абедзьвух краінах, і апошнім часам да гэтага дадалося брутальнае зьбіцьцё і абсурдныя пакараньні пратэстоўцаў у Беларусі, і амаль поўная беспакаральнасьць асобаў, што удзельнічалі ў падпалах і пагромах падчас пратэстаў у ЗША.
Абодва фэномэны зьвязаныя з камуністычнай і марксыстоўскай ідэалёгіяй, якая ў форме пост-савецкай спадчыны перахоўваецца ў РБ, і як імкненьне да утапічнага “сацыялістычнага” ідэалу пашыраецца ў Злучаных Штатах. У пэўным сэнсе крыніцай абедзьвух зьяваў ёсьць тая самая ідэалёгія, што выкарыстоўвае марксыстоўскую тэорыю эксплюатацыі й барацьбы клясаў. Зь яе вынікае дзяржаўнае рэгуляваньне грамадскага жыцьця як мэтаду стрыманьня адмоўных зьяваў, і мэтаду падвышаньня дабрабыту грамадзянаў. Для рэжыму Лукашэнкі тая ідэалёгія засталася натуральным наступствам не зьліквідаванай у Беларусі сістэмы дзяржаўнай уласнасьці й таталітарных савецкіх прынцыпаў адмаўленьня правоў і свабодаў асобы. У Злучаных Штатах гэтая ідэалёгія кшталтуецца і фармуецца пераважна ў радыкальных акадэмічных і журналісцкіх колах. Яна затым выходзіць у шырэйшае грамадства, і пастуляты той ідэалёгіі культывуюцца праз сістэму адукацыі, забаўляльную індустрыю і сродкі масавай інфармацыі. Як вынік амаль уся генэрацыя такзваных “міленіялаў” у ЗША, асобаў у найбольш прадуктыўным узросьце 24-38 год, зрабілася калектыўным пасьлядоўнікам гэнай распаўсюджваемай ідэалёгіі. Наступствы гэтага яшчэ не да канца ўсьведамленыя, а цяперашні й будучы ўплыў мала аналізаваны.
Парадаксальным чынам пашырэньне несвабоды ў Амэрыцы, а таксама ва ўсіх краінах Вольнага (пакуль) Сьвету, уплывае і на Беларусь. Беларуская моладзь, студэнты, у сілу пэўных узроставых, генэрацыйных асаблівасьцяў юнацкага і моладзевага ўзросту, актыўна пераймаюць моды, густы, лад жыцьця, а таксама -ідэалы й ідэалёгію сваіх аднагодкаў у Вольным Сьвеце, на Захадзе. Такім чынам марксыстоўскія “сацыялістычныя” ідэі Лукашэнкаўскага рэжыму атрымліваюць нечаканую падтрымку праз запазычаныя беларускай моладдзю, у трансфармаваным выглядзе, тыя-ж самыя марксыстоўскія ідэі. Гэта рэчы, якія у рэшце рэштаў зьяўляюцца стрыжнем ідэалёгіі Лукашэнкі, а праз гэта -інструмантам паняволеньня той самай беларускай моладзі. “Сацыялістычная” ідэялёгія ў моднай (“cool”) форме вяртаецца ў краіну, дзе яна спрычынілася ў сваёй савецкай форме да пагібелі соцень тысяч людзей, і надзвычайных пакутаў і выпрабаваньняў для мільёнаў беларусаў. Акрамя гэтага, рэвалюцыйная рамантыка і ўплыў сяброў-аднагодкаў паспрыялі пашырэньню дэцэнтралізаваных анархісцкіх структураў у ЗША, улучна з рухам “Антыфа”. Анархісцкія структуры распаўсюдзіліся таксама і ў Беларусі, і гэтаму спрыяла аўра імпарту з Захаду, атаесамленьне з сучаснасьцю й моднасьцю (“coolness”). Сёнешні беларускія анархісты, што з імпэтам змагаюцца супраць рэжыму Лукашэнкі, згодна з іхнай ідэялёгіяй мусяць гэтак жа зацята змагаца і супраць нацыяннальнай беларускай дэмакратычнай дзяржавы, калі такая ўзьнікне.
Лякаматывам прасоўваньня лукашэнскіх ідэяў зьяўляецца запазычаны Лукашэнкам расейскі нацыяналізм савецкага гатунку, і прынесеная расейскімі камуністычнымі ўладамі ксэнафобія. Боязь і недавер да Захаду актыўна падпітваюцца бясконцымі заявамі Лукашэнкі пра пагрозу збоку Захаду, імкненьне яго дэстабілізаваць і захапіць “маладую рэспубліку”. Яны закладзеныя ў школьную праграму, выкладаюцца ў выэшэйшых навучальных установах, без перапынку ліюцца з старонак афіцыйнага рэжымнага друку, з экранаў тэлевізараў і сеціўных сайтаў. Гэтая боязь і недавер мэтадычна накіроўваюцца супраць апазыцыйных і нацыянальных сілаў у Беларусі, забясьпечваючы жывучасьць і трываласьць рэжыму. Прадстаўнікі апазыцыі, нацыянальная інтэлігенцыя а нават кожны чалавек, што сьведама выбірае мовай камунікацыі – беларускую, дэфамуюцца як замежныя агенты й хцівыя найміты Захаду. У той жа час расейскія шавіністы маюць свабоду рук у Беларусі, мясцовыя прарасейскія сілы а нават расейскія грамадзяне без перашкодаў маюць мажлівасьць беспакаральна ганіць усё беларускае, ставіць пад пытаньне патрэбу незалежнай Беларусі, права на існаваньне беларусаў як асобнага народу.
Паспрабуем шчыльней разгледзець зьмест абедзьвух ідэалёгіяў, што маюць агульныя карані й гэтулькі агульных рысаў. Такзваная “дзяржаўная ідэалёгія” рэжыму Лукашэнкі, а таксама этас – штодзённыя практыкі й перакананьні прыхільнікаў рэжыму, будуюцца перш за ўсё на расейскім шавінізме, хоць і не ў адкрытай форме. Усё расейскае для Лукашэнкі й ягоных прыхільнікаў, за выключэньнем хіба марак аўтамабіляў ды прадметаў раскошы, ёсьць прыклад і ўзор. Лукашэнка ня раз выказваўся пра “моц і веліч” Расеі, ганіў беларускую мову і ўзносіў расейскую, называў беларусаў “якаснымі расейцамі”.
Войска зьяўляецца адным з найпераканаўчых атрыбутаў незалежнай дзяржавы, і ёсьць інтэграванае ў гістарычны і сацыяльна-палітычны дыскурс кожнай краіны. Узброеныя сілы Беларусі, наадварот, дэ-факта зьяўляюцца падгрупай замежнага, расейскага, войска. Гэтая падгрупа пакуль што знаходзіцца пад непасрэднай камандай намінальнага прэзідэнта РБ, а насамрэч узурпатара ўлады ў Беларусі – але здольная правесьці ў Беларусі “крымскі” варыянт. І ня дзіва. Пачынаюы з мовы камандаў і з герояў, прапагандуемых у гэтым квазі-беларускім войску, і канчаючы вызначэньнем верагоднага праціўніка – некаторыя адрозьненьні ад расейскага войска можна адшукаць толькі ў кукардах і шэўронах. Не выключана, што ў “гадзіну Ч” гэтае квазі-беларускае вайсковае ўтварэньне будзе слухаць і выконваць каманды ня зь Менску, але з Масквы. Таму войска, што ў большасьці краінаў зьяўляецца аб’ектам нацыянальнага гонару і апірышчам патрыятызму, у Беларусі ёсьць працягам чужой варожай сілы – той сілы, што стагоддзямі пагражала існаваньню краіны і вынішчала яе жыхароў.
Немалую ролю ў ідэалёгіі Лукашэнкі займае роля дзяржаўнай рэгуляцыі жыцьця яе жыхароў, пагарда і падазронасьць да недзяржаўных структураў, і да прыватнай ініцыятывы. Выразы кшталту “вашывыя блохі” ў адрас прадпрыймальнікаў гэта яшчэ не найгоршае, што рэжым ужывае ў адносінах да беларусаў, што зарабляюць на жыцьцё ў межах заканадаўства праз сваю ўласную кемлівасьць ды ініцыятыву. Між тым бізнэсы, што належаць кляну Лукашэнак або знаходзяцца ў цеснай лучнасьці зь ім, ёсьць цалкам паважаныя й прыймальныя. Гэткую крывадушнасьць імкнуцца схаваць праз адсутнасьць і вычышчэньне інфармацыі аб фінансавых ды эканамічных авуарах асяроддзя Лукашэнкі.
Наступным важным складнікам ідэалёгіі Лукашэнкі ёсьць апэляцыя да хрысьціянства праваслаўнага абраду ў вэрсіі Маскоўскага патрыярхату. Кананічна гэтая царква абагаўляе ўладу, і паколькі сядзібай яе кіраўніцтва зьяўляецца Расея, а не Беларусь, царква гэтая адпаведна ёсьць правадніком русыфікацыі й насаджаньня расейскіх традыцыяў і расейскага кшталту рэлігійнасьці ў Беларусі, а пераважна фармальнага выкананьня абрадаў і строгага захаваньня канонаў. Праз гэта беларусам цэлы час даводзіцца да ведама, што яны ёсьць “частка вялікага цэлага” ад Берасьця да Ўладзівастоку, насаджаецца чужы беларусам архітэктурны стыль залочаных цыбулінаў на храмах, і дазваляецца адкрыты шавінізм і пагарда да ўсяго беларускага сярод сьвятароў.
Надзвычай моцным і эфэктоўным сродкам кансалідацыі, якім няспынна маніпулюе Лукашэнка, зьяўляецца ксэнафобія ў адносінах да ўсіх эўрапэйцаў і Вольнага Сьвету наагул, і ў прыватнасьці недавер і падазронасьць да ўсіх суседзяў Беларусі – акрамя Расеі. Закваскай тут ёсьць міт пра Другую сусьветную вайну (“Вялікую Айчынную”), і пра Савецкі Саюз і расейцаў як адзіную сілу, што супрацьстаяла нацыстоўскай навале. Цяперашні абарончы альянс НАТО не саромеючыся прыраўноўваюць да нацыстоўскай Нямеччыны і ўжываюць сапраць НАТО і Захаду гэткую самую рэторыку, якую ўжывалі ў 1940-я гады сталінскія прапангандысты. Кожны замежнік (а расейцы замежнікамі ня лічацца) разглядаецца як патэнцыйны шпіён або як мінімум ідэялягічны дывэрсант. Усе краіны Эўропы разглядаюцца як варожая зграя, што імкнецца паняволіць і зьнішчыць Рэспубліку Беларусь. Складнікам гэтай ксэнафобіі ёсьць культ Вялікай Перамогі, якая ўратавала беларускі народ ад вынішчэньня, а таксама ідэялягізаванае скарыстаньне інфармацыі пра імглісты і таямнічы Плян “Ост”, па якім нібыта рыхтаваўся Галакаўст усходніх славянаў. Цікава адзначыць, што пры ўсёй славе “Беларусі партызанскай”, якую культывавалі ў савецкія часы, Лукашэнка ніколі адмыслова і непасрэдна не спыняўся на беларускіх партызанах у сваіх прамовах ды ўхвалах. Напэўна, факт існаваньня такой беларускай адметнасьці не адпавядае Лукашэнкаву бачаньню гісторыі. І сапраўды, партызанскі рух у Беларусі зьяўляўся беларускім толькі ў сэнсе адміністратыўна-тэрытар’яльным, і падкрэсьленьне ягонай “правінцыйнай” прыроды не працуе на Лукашэнкаву карысьць падчас кантрактаваньняў з Крамлём.
Яшчэ адзін важны чыньнік – максымальнае дыстансаваньне і нават непрыязь да беларускай культуры, беларускай мовы і традыцыяў, нягледзячы на скарыстаньне некаторых элемэнтаў (арнамант, строі, сьвята “Дажынкі” й г.д.). Сярод першых істотных крокаў рэжыму Лукашэнкі было скасаваньне беларускіх нацыянальных сымболяў як Дзяржаўнага сьцягу і Дзяржаўнага гэрбу Беларусі. З таго часу нацыянальныя сымболі ўсяляк ганіліся, ім прыпісвалася нейкая “фашыстоўкая” сутнасьць, выдумляліся байкі кшталту “пад гэтым флагам немцы і паліцаі расстрэльвалі савецкіх людзей”. У сьвятле цудоўнага вяртаньня Нацыянальнага беларускага сьцягу падчас масавых пратэстаў лета-восені 2020 году рэжым Лукашэнкі ўзмоцніў прапаганду супраць Нацыянальнага сьцягу, спрабуючы напоўніцу скарыстаць інсінуацыі, створаныя на падставе таго, што нямецкая акупацыйная адміністрацыя дазволіла выкарыстоўваць беларускі нацыянальны сьцяг гэтаксама. Такім жа чынам нямецкія акупанты дазвалялі выкарыстаньне нацыянальных сьцягоў расейскага, галяндскага, латыскага, украінскага, нарвэскага, літоўскага ды амаль усіх іншых сьцягоў акупаваных краінаў. Але гэта ўсяляк абыходзіцца ўвагай, як і тое, што дзеіўшыя ў Беларусі падчас вайны расейскія вайсковыя і грамадзянскія калябаранцкія структуры карысталіся расейскім трыкалёрам і георгіеўскай стужкай.
Такім чынам, складнікамі Лукашэнкавай ідэалёгіі ёсьць мадыфікаваны расейскі шавінізм, і ксэнафобія ў сфэры нацыянальна-дзяржаўніцкай, і марксыстоўскае бачаньне эканамічных працэсаў.
У які-ж спосаб усё вышэй пазначанае стасуецца да амэрыканскай сытуацыі? Як падзеі ды ідэі ў непаўнавартаснай дзяржаве РБ, што цяпер, дзякуючы 26-гадовай дыктатуры, вырадзілася ў квазі-манархію і ў пратэктарат Расеі, суадносяцца са станам справаў у звыш-дзяржаве і наймагутнай краіне сьвету, Амэрыцы?
Паспрабуем прааналізаваць. Пачатак раскепінаў на бліскучым шчыце амэрыканскай дэмакратыі сягае ў часы прыняцьця законаў пра грамадзянскія правы ў 1964 годзе. Тады прэзыдэнтам ЗША Джонсанам рухалі высакародныя прынцыпы дасягненьня роўнасьці ўсіх амэрыканцаў і пераадоленьне спадчыны прыгнёту і эксплюатацыі чарнаскурых амэрырыканцаў ды іхнага статусу грамадзянаў другога гатунку. Здавалася-б, усё слушна. Аднак заканадаўства, пакладаючыся на “маральную вяршыню” і настроі бальшыні грамадства ў кірунку дасягненьня роўных правоў, абрала мэтады, што не заўсёды стасаваліся з існуючым заканадаўствам і часткова ігнаравалі яго. У той час гэта падавалася слушнай і вартай справай. Адтуль паходзяць заявы пра тое, што “справядлівасьць зьяўляецца вышэйшай мэтай, чым закон і парадак”. Затым прыйшлі часы пратэстаў супраць вайны ў Віетнаме, часы студэнцкага радыкалізму, чорнага сэпаратызму (Black Power) і ўплыву марксыстоўскіх ідэяў у Маоісцкай і Чэ-геварскай гіпастасях.
Галоўным інструмантам прасоўваньня радыкальных ідэяў стала тэза пра расавую справядлівасьць. Ад наданьня роўных правоў перайшлі да ўвядзеньня пазытыўнай дыскрымінацыі, запазычаньня тэзісаў францускіх крытычных тэарэтыкаў, Фуко і Дэрыды, аб адноснасьці ўсіх каштоўнасьцяў і паняцьцяў. Затым падасьпела ідэя пра мультыкультуралізм і фактычную перавагу неэўрапэйскіх культураў і цывілізацыяў над “прагніўшай белай супрэматысцкай” Заходняй цывілізацыяй. У дапамогу ёй была створаная палітыка ідэнтычнасьці, калі групы з пэўнымі фізычнымі (расавымі, полавымі прыкметамі) абвяшчаліся павязанымі аднымі й тымі-ж ідэямі пераадоленьня ўціску, рэальнага і ўяўнага, каб дасгнуць самавызнаньня длы кожнай групы. У выніку замест інтэграцыі грамадства і праклямаванай роўнасьці адбываецца фрагмэнтацыя, трайбалізацыя грамадства, распад на мноства варагуюых плямёнаў. Узьнікаюць новыя прывеліяваныя групы, ствараюцца досыць жорсткія гіерархіі “ахвяраў”. Прадстаўнікі белай расы робяцца вінаватыя ў факце свайго народжаньня і зьвязанымі з гэтым “белымі прывілеямі”. Узьнімаюцца патрабаваньні пра “рэпарацыі” і “барацьбу з белымі прывілеямі”. Па краіне ўлетку 2020 году пракацілася хваля вандалізму супраць помнікаў, што ў той ці іншы спосаб зьвязаныя з ушанаваньнем дасягненьняў Амэрыкі й Заходняй цывілізацыі.
Краіна Амэрыка абвяшчаецца ад пачатку расістоўскай і захопніцкай, а расізм і генацыд абвяшчаюцца яе асноўнымі вызначальнымі рысамі. У школах пачынае выкладацца дэфармаваная гісторыя, што знаходзіць свой апагей у такзваным “Праекце 1619” – прымусовым уводзе ў школьныя праграмы тэзы пра тое, што ад часу зьяўленьня першых цемнаскурых рабоў у Паўночнай Амэрыцы уся далейшая гісторыя паўстаўшых там Злучаных Штатаў Амэрыкі гэта чарада захопаў, паняволеньня і актаў генацыду.
Леварадыкальныя ўплывы перш праявіліся ў сфэры вышэйшай адукацыі, адкуль потым зьява распаўсюдзілася на ўсе сэгмэнты грамадскага і палітычнага жыцьця. Носьбітамі гэтай “трасцы” сталі прадстаўнікі марксыстоўскай Франкфурцкай школы, што ўратаваліся ў ЗША ад небясьпекаў ваеннага часу і засталіся жыць там і надалей. Працуючы ў сістэме унівэрсітэцкай адукацыі ЗША і пашыраючы сваю “крытычную тэорыю” – анты-капіталістычныя ідэі й крытыку Заходняй цывілізацыі, Адорно, Маркузэ, Горкгаймэр і шэраг іншых дзеячаў заклалі падваліны для трансфармацыі унівэрсітэтаў у цытадэль леварадыкальнай ідэалёгіі.
З часам радыкалы-студэнты, што сфармавалі ў сабе неакадэмічным шляхам непрыняцьце “капіталістычнага істэблішманту” і “статусу кўо”, а потым атрымалі мэтадалягічнае падмацаваньне ў крытычнай ды іншых тэорыях – сталі радыкаламі-выкладчыкамі. Крок за крокам іхныя пагляды захоплівалі адну катэдру за другой, адзін унівэрсітэт за другім. З падвучанымі праз іх студэнтамі радыкальныя ідэі паступова ўваходзілі ў мэйнстрым і выціскалі ідэі й пагляды, што ім супярчылі. Пачалося з руху за дэ-сэгрэгацыю, і выглядала слушна. Затым пачаўся рух супраць вайны ў Віетнаме, супраць, як уяўлялася моладзі, мілітарызацыі Амэрыкі. Пазьней узьніклі рух за аднаполыя шлюбы і рух за легалізацыю наркотыкаў. З часам гэтыя апошнія сталі мець усё больш прыхільнікаў, атрымлівалі адну перамогу за другой. Апагеем стала абраньне на пасаду прэзідэнта ЗША грамадскага арганізатара Абамы, ці дакладней – прафэсыйнага левага бузацёра, які зручна аказаўся таксама цемнаскурым сынам амэрыканкі й кенійца. Эўфорыя і захапленьне з факту абраньня “першага чорнага прэзідэнта” прэвентыўна скасавалі любую спробу крытычнага аналізу ідэяў і дзейнасьці Абамы, які згодна з сваім левалібэральным бачаньнем пачаў нацыяналізаваць мэдычнае абслугоўваньне і ліквідаваць аўтаномію прыгарадаў вялікіх гарадоў. Затым пачаўся перасьлед апанэнтаў ягоных “пераменаў” і замірэньне, ці дакладней – капітуляцыя перад нерыяцелямі Амэрыкі, фактычнае саступаньне амэрыканскіх інтарэсаў на карысьць кожнай замежнай сіле.
Прайшло больш за паўстагоддзя, калі пачаў рухацца гэды канвеер прадукаваньня радыкалізму. Не сустракаючы сур’ёзнага супраціву, радыкальныя ідэі сталі сумнай явай сёнешняга дня. Непавага да амэрыканскага сьцягу, пагарда да патрыятызму, адмаўленьне суверэнітэту краіны ў форме абароны яе межаў і яе стратэгічных інтарэсаў – усё гэта стала характэрнымі рысамі сёнешняга пакаленьня выпускнікоў вышэйшых установаў адукацыі, што сталі ўваходзіць у працоўнае жыцьцё, займаць пасады ў дзяржаўных структурах, журналістыцы, школах і коледжах, дабрачынных фондах, забаўляльнай індустрыі – літаральна ва ўсіх сфэрах жыцьця.
Няведаньне ўласнай гісторыі й адыход ад традыцыяў, адмаўленьне ад падтрымкі каштоўнасьці сваёй адмысловай краіны і абыкавасьць да яе суверэнітэту, адукацыйная сістэма, што стала фабрыкай прамываньня мазгоў, усё гэта гучыць знаёма для нацыянальна настаўленага беларуса ў сёнешняй РБ. І калі беларус можа спазнаць рэпрэсіі, размаўляючы па-беларуску і дэманструючы свае нацыянальныя сымболі, дык амэрыканец можа стаць ахвярай гвалту, выказваючыся ў падтрымку прэзідэнта Трампа або надзеўшы шапку з надпісам “Зробім Амэрыку ізноў вялікай”. У першым выпадку, праўда, чалавек зробіцца ахвярай дзейнасьці паліцыі (г.зн. міліцыі ці амону), а ў другім – ахвярай бяздзейнасьці яе, калі паліцыя ўхіляецца ад ангажаваньня ў канфлікты з леварадыкаламі дзеля боязі пратэстных акцыяў ды кіруючыся загадамі левалібэральных мэраў і губэрнатараў.
Разьвілася “культура скасаваньня” (cancelculture) ў сацыяльных сетках, калі неасьцярожнае або памылковае слова ці выраз выклікаюць “абурэньне” сотняў незнаёмых, але “сацыяльна-абуджаных” (woke) людзей, і каштуюць аўтару, праз ціск на працадаўцаў ці рэклямадаўцаў, працы й кар’еры.
Такім чынам, мажлівасьці грамадзянаў як РБ, так і ЗША ў справе карыстаньня сваімі грамадзянскімі й чалавечымі правамі сталі больш і больш абмежаваныя -хоць, безумойна, узровень несвабоды ў Беларусі непараўнальна большы, а ахоплівае значна болей сфэраў жыцьця. І гэты працэс і там і там не спыняеца, а толькі набірае хуткасьці й маштабу. У выніку масавых акцыяў пратэсту ў РБ улады радыкалізаваліся ў стасаваньні гвалту да пратэстоўцаў. Зьбіцьцё і часам забойствы, вялікія тэрміны зьняволеньня за найменшыя “правіны” кшталту надпісу на асфальце сталі трагічнай рэальнасьцю ў Беларусі. У ЗША, наадварот, пратэстоўцы, бачачы слабасьць і разгубленасьць мэраў і губэрнатараў, радыкалізаваліся ва ўжытку гвалту супраць прадстаўнікоў уладаў – патрабуючы, досыць пасьпяхова, выкананьня сваіх умоваў (Сіэтл, Портланд), і паралізуючы дзейнасьць праваахоўных структураў.
Які вынік можна зрабіць з сёнешняй сытуацыі? Абедзьве разглядаемыя краіны, Беларусь і Амэрыка, не зьяўляюцца свабоднымі ў пляне скарыстаньня права на свабоду выказваньняў. Публічны дыскурс у іх досыць дакладна кантралюецца. У выпадку Беларусі гэта робіцца праз адмысловы цэнтралізаваны дзяржаўны апарат прапаганды і рэпрэсыўныя сілавыя структуры. Стымулам да дзеяньня служыць Лукашэнкава “дзяржаўная ідэалёгія” – антынацыянальная, антыбеларуская сумесь савецка-расейскага нацыяналізму і марксыстоўскай тэорыі барацьбы клясаў і дзяржаўнай рэгуляцыі эканомікі.
У выпадку ЗША кантроль дыскурсу адбываецца дэцэнтралізавана, але не менш эфэктоўна. Унівэрсітэты звальняюць ці не бяруць на працу прафесараў-кансэрватараў. Медыі не агучваюць ідэі й факты, што супярэчаць левалібэральнай догме. Тое-ж робяць тэле і кінапрадусары, мэдыйныя магнаты, выдаўцы, “прагрэсыўныя” сеціўныя сайты. Да кантролю ў наўпроставай форме цэнзураваньня далучаюцца і ўласьнікі ІТ-кампаніяў, Твітара, Гугла, Фэйсбуку. Стымулам да дзеяньня ў мэханізме кантраляваньня дыскурсу зьўляецца стасаваньне шэрагу пастулятаў, заснаваных на крытычнай тэорыі й культурніцкім марксізме. Згодна зь імі, праз інструмэнтар у выглядзе расавай ды антыкапіталістычнай дэмагогіі, антыамэрыканскага пазёрства левалібэральныя сілы насаджаюць і навязваюць сваю ідэалёгію і пункт гледжаньня. Усе нязгодныя з гэтым рэпрэсуюцца праз пазбаўленьне пляцформы для выказваньня ды “культуру скасаваньня” – зьнішчэньне кар’еры й будучыні.
Безумоўна, пакуль што ступень жорсткасьці рэпрэсіяў у Беларусі й у Амэрыцы непараўнальна адрозныя. Але калі існуючыя рэпрэсыўныя працэсы як у Беларусі, так і ў Амерыцы не будуць паўстрыманыя, ня выключана што ў нейкі момант часу тая непараўнальная адрознасьць зьнікне, і на яе месца можна будзе паставіць знак роўнасьці.
Резюме
Виталь Зайка Контроль над общественным дискурсом в Беларуси и США: парадоксы и сходства
(веб-журнал «Культура. Нация», вып. 26, декабрь 2020, с.66-75, www.sakavik.net )
В данной статье делается попытка разобраться в сегодняшних процессах, происходящих в Беларуси и США в области контроля над социальным дискурсом. Автор анализирует идеологии, стоящие за властями, контролирующими социальный дискурс в обеих странах. Он приходит к выводу, что обе идеологии имеют много общего и имеют один общий корень. Несмотря на то, что существует огромная разница в интенсивности контроля и наказании для тех, кто не согласен с тактикой контроля, применяемой в настоящее время в Беларуси и США, сегодняшние тенденции указывают на возможность увидеть развитие большего сходства и сближение методов, которые могут привести к потере свободы в сфере публичного дискурса, и это несмотря на различия обществ в современной Беларуси и США.
Abstract
Vital Zajka: Control Over Public Discourse in Belarus and United States: Paradoxes and Similarities
(web-magazine “Culture. Nation”, issue 26, December 2020, p.66-75, www.sakavik.net)
This article tries to understand today’s processes taking place in Belarus and USA in the area of control over social discourse. The author analyses ideologies which are behind the powers that control social discourse in both countries. He comes to the conclusion that both ideologies possess much in common and stem from one common root. In spite of the fact that there is a vast difference in the intensity of control and extent of punishment to those who disagree with control tactics being implemented at the present time in Belarus and USA, today’s tendencies point to the possibility of seeing the development of greater similarity and coming together of methods which can lead to loss of freedom in the sphere of public discourse, and this in spite of the differences of societies in contemporary Belarus and USA.
Categories: Зьнешнія адносіны, Мараль, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ