Выдавецтва “Мастацкая літаратура” распачала ў 2010 годзе выпуск збора твораў У. Караткевіча ў 25 тамах. Аўтар артыкула распавядае яго досьвед у падрыхтоўцы да друку двух тамоў – 10-га, у якім змешчаны раман “Чорны замак Альшанскі”, і 18-га, у якім змешчаны каля 400 малюнкаў Уладзіміра Караткевіча. Аўтар праз аналіз малюнкаў спрабуе зазірнуць у характар знакамітага пісьменніка.
Чытачы ў Беларусі, і тыя, хто выехаў за яе межы тады, калі было дазволена эміграваць, памятаюць збор твораў у Караткевіча ў дзевяці тамах, выданне, ажыццёўленае “Мастацкай літаратурай” у 1987-91-х гадах. Калі паўстала пытанне выдаць новы збор твораў, то ад недасведчаных людзей даводзілася чуць: а навошта зноў выдаваць збор твораў Уладзіміра Караткевіча, калі ён ужо ёсць? Але ж ён не мог даць больш-менш поўнага ўяўлення пра творчасць пісьменніка. Гэта асабліва яскрава бачна, калі пазнаёміцца з праспектам выдання новага, у 25-і тамах, збору твораў. Ужо само павелічэнне аб’ёму ў два з паловай разы гаворыць само за сябе. Першае выданне мела сваю мэту – трэба было задаволіць попыт чытача на самыя вядомыя творы Уладзіміра Караткевіча. Выдаўцы хацелі выпусціць яго як мага хутчэй, ахвяраваўшы грунтоўнай тэксталагічнай падрыхтоўкай, якая патрабавала значнага часу. Таму ў дзевяцітомніку ўтрымліваліся толькі самыя неабходныя каментарыі, тлумачэнні, адсутнічалі варыянты.
На той час яшчэ толькі распачыналася пошукавая работа па збору спадчыны пісьменніка. Якраз тады чытачы напачатку толькі ў часопісах пазнаёміліся з не вядомымі раней творамі У. Караткевіча, у тым ліку з аповесцю “У снягах драмае вясна”. З выдрукаваннем назвы гэтага твора ўжо тады паўстала тэксталагічная праблема – ці напісаць “дрэмле” паводле нормаў правапісу, ці пакінуць так, як напісаў аўтар? А надалей праблемы сталі множыцца. Найперш аказалася, што падрыхтаваць новы, гранічна поўны Збор твораў у звыклай форме акадэмічнага выдання паводле пэўных прычын не выпадае. І тады вядомы даследчык творчасці У. Караткевіча, дацэнт БДУ, кандыдат філалагічных навук Анатоль Леанідавіч Верабей здолеў пераадолець нямала перашкод, але домогся таго, каб Збор твораў У. Караткевіча ў 25 тамах быў уключаны ў план выданняў “Мастацкай літаратуры”. Анатоль Леанідавіч узяў на сябе ўсю справу па падрыхтоўцы выдання да друку, стаў яго каардынатарам і ўкладальнікам шэрагу тамоў.
І з 2012 года пачалі адзін за адным выходзіць тамы, на сёння іх выдадзена ўжо дзевятнаццаць. Укладальнікамі новага збору твора сталі даследчыкі, навукоўцы, якія займаюцца вывучэннем творчасці У. Караткевіча. Ім у пэўнай ступені лягчэй каменціраваць тэксты, бо яны ўжо ведаюць многа пра напісанае У. Караткевічам, заглыблены ў аналіз яго твораў. Большасць укладальнікаў маюць і пэўны вопыт тэксталагічнай працы. Але які б ні быў ужо набыты раней вопыт, перад тэкстолагамі кожнае новае выданне ставіць адмысловыя праблемы, кожны раз іншыя паўстаюць іншыя цяжкасці. Збор твораў У. Караткевіча даводзіцца рабіць ва ўмовах, калі не склаўся канчаткова фонд спадчыны пісьменніка, калі яшчэ вядуцца пошукі не вядомых пакуль што матэрыялаў. Вось чаму ва ўступе ад рэдкалегіі паведамляецца, што ў апошніх тамах будуць змешчаны новыя знаходкі, дапаўненні да папярэдніх тамоў.
Асобныя праблемы паўсталі ў працэсе каментавання.
Аўтар гэтых радкоў рыхтаваў да друку дзесяты том, у якім змешчаны раман “Чорны замак Альшанскі”. Ён друкаваўся паводле першага і адзінага прыжыццёвага выдання. Зверка з рукапісам, які захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, паказала, што менавіта ён паслужыў асновай для кніжнай публікацыі пры жыцці пісьменніка. Розначытанняў, якія б адрозніваліся ад яго, не аказалася. Гэта пэўным чынам аблегчыла работу. Але каментарыі паставілі шэраг пытанняў.
Ужо ў самым пачатку каментарыяў трэба было многае патлумачыць Чытача трэба было як бы “ўвесці” ў твор, даць пра яго пэўныя звесткі Нагадаць, што ў рамане “Чорны замак Альшанскі асноўныя падзеі адбываюцца ў другой палове 1960-х гадоў, многія эпізоды звязаныя з кватэрай № 26 у Мінску па вуліцы Веры Харужай, дом 48, дзе ў 1967-1973 гады жыў пісьменнік. Кладна – гэта Гродна, горад, які У. Караткевіч вельмі любіў. Альшанскі замак – назва, прыдуманая У. Караткевічам, але яна пэўным чынам звязаная з замкам у вёсцы Гальшаны Ашмянскага раёна Гродненскай вобласці, дзе пісьменнік у жніўні 1966 года быў на здымках дакументальнага фільма “Памяць каменя”. У сваім уяўленні ён стварыў такі замак, які быў патрэбны яму для вырашэння задач, звязаных з сюжэтам і кампазіцыяй, а для пэўнасці намаляваў схему (яна была надрукавана ў томе сярод ілюстрацый). Многа памятных мясцін Беларусі згадваюцца ў творы без змен: Мінск, Орша, Будслаў, Мала-Мажэйкава, Шчорсы, Ружаны, Свіцязь… Рэтраспектыўна У. Караткевіч звяртаецца да падзей, што адбыліся ў Беларусі ў 1930-1940-я гады і ў пачатку ХVII стагоддзя. У рамане пісьменнік не толькі раскрывае ў дэтэктыўным сюжэце супярэчнасці паміж людзьмі, але і разважае пра лёс беларускага народа, пра сутнасць быцця.
Перш, чым тлумачыць пэўныя словы, фразы ў каментарыях да рамана, трэба было вызначыць, наколькі падрабязна трэба паясняць тэкст твора. Агульнавядома, што пісьменнікі не любяць даваць дадатковыя звесткі ў зносках, паслятэкставых тлумачэннях, яны імкнуцца вытлумачыць чытачу ўсё неабходнае ў самім тэксце. У. Караткевіч разлічваў на эрудзіраванага чытача, ставіў яго не ніжэй за самога сябе. У рамане, заснаваным на гістарычных падзеях, многа звестак пра мінулае, згадваюцца многія імёны, літаратурныя творы, утрымліваюцца звесткі пра даўнейшыя падзеі. Аўтар зашыфроўвае некаторыя геаграфічныя назвы, ёсць у ім шэраг алюзій і рэмінісцэнцый, звязаных як з падзеямі, літаратурнымі творамі, так і з эпізодамі з уласнай біяграфіі творцы. Несумненна, што ў Зборы твораў іх трэба было патлумачыць.
Асобна паўставала своеасаблівая праблема, звязаная з тым, што ў пачатку 90-х гадоў адбыліся значныя змены ў сацыяльным ладзе, гістарычных умовах, што новыя пакаленні чытачоў ужо не ведаюць многіх дэталяў быту савецкіх часоў, ды яшчэ і тэхнічны прагрэс прынёс у жыццё новае, нават адбіўся на іх свядомасці. Тыя чытачы, для якіх пісаў У. Караткевіч, добра ведалі тагачасную рэчаіснасць, выдатна арыентаваліся ў ёй. А цяпер ці трэба, скажам, тлумачыць, што гэта за пятнаццаць “шэсцьдзесят пятак” і тры каляровых “ДС”, дзесяць шырокіх “орвакалёраў” бярэ з сабой у паездку Косміч? Пара плёначных фотаапаратаў скончылася, моладзь ужо не ведае ўсяго таго, што з імі было звязана. А што за “Харків” адрамантаваў Косміч, на якім такім “козліку” падарожнічаюць персанажы? А шматлікія згадкі пра літаратурныя творы, кінафільмы, прозвішчы, якія некалі былі на слыху, а цяпер забыліся! А тэрміны з розных галін ведаў – археалагічныя, батанічныя, медыцынскія! А шматлікія гістарызмы! І нават аўтарскія неалагізмы – “нефертушачкі”, “гарганцюаўства”.
Часам пэўная згадка ў тэксце дае даследчыку пэўны матэрыял для разваг пра творчасць пісьменніка, абставіны напісання рамана, аказваецца звязанай з псіхалогіяй творчасці. Так, у тэксце ёсць такое: “як шведы спяваюць – “Паліцыя, паліцыя – бульбяное пюрэ”. Да вытлумачэння гэтага месца немагчыма было б лёгка падступіцца, калі б не было інтэрнэта. Калі ўзятае ў лапкі было набрана ў пошукавай сістэме, то аказалася, што гэта ніякая не песня, а дэтэктыў шведскіх пісьменнікаў П. Валё і М. Шэвал. У 1977 годзе, якраз тады, калі У. Караткевіч працаваў над сваім дэтэктыўным творам, ён быў выдадзены ў перакладзе на рускую мову невялікім накладам, прайшоў незаўважанным. Цяпер яго наўрад ці хто ўспомніць, а ў свой час У. Караткевіч, відаць сачыў за дэтэктыўнай літаратурай, каб набыць пэўны вопыт, і прачытаў гэты твор.
Дарэчы, трэба сказаць, што інтэрнэт значна аблягчаў пошукі паняццяў, згадак пра гістарычныя падзеі, прозвішчаў, цытат. Але да яго звестак таксама даводзілася адносіцца з асцярожнасцю, пераправяраць. Да прыкладу, там быў недакладна працытаваны радок з летапісу, і каб не пільнасць рэдактара тома Інэсы Мікалаеўны Паланейчык, магла б надарыцца прыкрая памылка. Яна папрасіла зверыць тэкст з самім летапісам, і аказалася, што інтэрнэт памыляецца.
Тым не менш, інтэрнэт вызваляў у многім ад пошукаў па спецыяльных выданнях, галіновых слоўніках, падказваў, дапамагаў, арыентаваў. Але бывала і так, што нават і ён не мог дапамагчы. Вось калі давялося здіўляцца шырачэйшай эрудыцыі У.Караткевіча, яго глыбокай дасведчанасці ў гісторыі, сусветнай культуры і літаратуры ў прыватнасці, у самых розных галінах ведаў. Сваімі творамі ён абуджаў і ў чытачоў цікавасць да невядомага, ён умеў заінтрыгаваць, навесці на роздум, на пошукі. Так, напрыклад, ён не даў тлумачэння назваў экзатычных рэчаў, якія віселі на сценах пакоя Лыганоўскага: маскі для “цама”, калебасы для вапны, індыйскія анкі, яванскія крысы і іншыя прадметы. Між тым, ніводная назва не прыдумана. Давялося многа папашукаць, перш чым знайшліся вытлумачэнні гэтым паняццям.
Хтосьці можа спытаць: а навошта тлумачыць, калі сам аўтар гэтага не зрабіў? Яму было важна паказаць, што гаспадар многа падарожнічаў, праяўляў цікавасць да этнаграфічных рэчаў з розных краін свету. І чытачу гэтага можа быць дастаткова. Але ўсё ж традыцыі выдання збору твораў вымагаюць тлумачэння незразумелага. У дадзеным выпадку тлумачэнні яшчэ і многа скажуць аб дасведчанасці У. Караткевіча ў рэчах, здавалася б дужа рэдкіх, экзатычных.
Такім чынам, мой вопыт працы па ўкладанню 10 тома збору твораў У. Караткевіча даў мне разуменне таго, што тэксталагічная праца над каментарыем павінна быць праведзена ўважліва, бо нават творы параўнальна нядаўна напісаныя, у наш імклівы час ужо вымагаюць пэўных вытлумачэнняў. Без іх уяўленне пра тое, што хацеў сказаць аўтар, будзе не поўнае. Пагэтаму любому чытачу, не толькі дужа дапытліваму, але і таму, для каго важнае складае толькі сюжэт, варта пазнаёміцца з паслятэкставымі каментарыямі.
Наступным томам, над якім мне выпала працаваць, стаў 18-ы, адмысловы том, у якім былі змешчаны выключна малюнкі Уладзіміра Караткевіча. Так – малюнкі пісьменніка. Упершыню сабраныя малюнкі пісьменніка. У спадчыне пісьменніка аказалася больш за 400 малюнкаў. Яны пры жыцці У. Караткевіча не друкаваліся. У гісторыі беларускай тэксталогіі гэта першы вопыт выдання жывапісу пісьменніка.
Чытачы, якія перагарнуць вокладку гэтага тома, пераўвасобяцца ў гледачоў. Яны змогуць увачавідкі назіраць за праявай яшчэ аднаго таленту Караткевіча. Менавіта таленту. Талент мастака праявіўся ў яго яшчэ з дзяцінства. Але цяга да мастацкага слова пераважыла, мастаком-прафесіяналам Караткевіч так і не стаў. Аднак дадзенае ад прыроды ўменне маляваць, нават не падмацаванае адмысловым навучаннем, не сышло на нішто. Талент жывапісца выявіўся ў Караткевіча ў шматлікіх малюнках, якія ён сам ніколі не спрабаваў надрукаваць. Але яны нязменна спадарожнічалі яму яшчэ з той пары, калі ён толькі-толькі распачынаў свае першыя спробы ў мастацкай літаратуры. Тыя персанажы, якія з’явяцца ў яго вершах і прозе, мроіліся яму, занатоўваліся на старонках запісных кніжак-штодзённікаў, лістах канспектаў універсітэцкіх лекцый, у лістах да сяброў. Па гэтых малюнках можна прасачыць, як творчая фантазія, перш чым выявіцца ў слове, увасаблялася ў малюнках, у ў выявах постацяў старадаўніх рыцараў, у дэталёва выпісаных абрысах сярэднявечных замкаў, у сцэнах бітваў. Сярод малюнкаў многа жартаўлівых – сяброўскія шаржы, аўташаржы, жартоўныя тэксты з ілюстрацыямі. Амаль няма малюнкаў з натуры. Большасць з іх зроблены па памяці.
Уладзімір Караткевіч і ў слоўных апісаннях быў надзвычай уважлівы да дэталяў касцюма, інтэр’еру, абрысу твару. І малюнак дапамагаў яму зрокава аформіць тое, што ўслед за тым будзе апісана ў літаратурным творы. У шэрагу малюнкаў ён раз за разам звяртаецца да вобразаў, у якіх можна пазнаць некаторых персанажаў яго раманаў і аповесцяў, хаця малюнкі тыя не былі яшчэ ілюстрацыямі да твораў. Ёсць сярод малюнкаў Караткевіча і тыя, што звязаны з тым ці іншым яго творам, па-свойму дапаўняюць вобразы, выяўленыя ў мастацкім слове.
Малюнкі выяўляюць і рысы характары Караткевіча, як чалавека шырока эрудыраванага, таварыскага, схільнага да гумару. У многіх малюнках ён праяўляў свае пачуцці. Ен мог падараваць жартоўны малюнак францужанцы, якая сядзела за суседнім столікам у рэстаране, фотажурналісту Уладзіміру Круку, які завіхаўся з фотаапаратам на з’ездзе пісьменнікаў, сябру Вячаславу Рагойшу ў час абароны ім дысертацыі, маляваў у спецыяльна заснаваных ім альбомах сяброў, рабіў падарункі тым, з кім працаваў, сябраваў, з кім яго зводзіў лёс. Шкада, што не ўдалося пакуль вызначыць, што адлюстравана на некаторых малюнках, з чым звязана іх з’яўленне. Не ўдалося сабраць усе малюнкі. Некаторыя з іх выявіліся літаральна перад здачай твора ў друк, дадаваліся, калі ўжо ішла праца над томам у выдавецтве. Аказалася, што тыя малюнкі, якія былі выяўлены ў архіве Караткевіча, яшчэ не вычарпальная крыніца для падрыхтоўкі тома. Яны захоўваюцца ў прыватных архівах сяброў Караткевіча, шэраг маюнкаў знайшліся ў пісьмах пісьменніка.
Ёсць спадзяванні, што знойдуцца новыя, дагэтуль не вядомыя малюнкі, што ўдасца змясціць іх у апошнім томе збору твораў. Адно несумненна: малюнкі Караткевіча паслужаць нагодай для далейшага вывучэння і асэнсавання спадчыны Караткевіча-творцы. Яны з’яўляюцца багатай крыніцай для вывучэння біяграфіі і творчасці У. Караткевіча, тым больш, што крыніца гэта не вычарпана, не ўсе малюнкі расшуканы, а даследаванне іх яшчэ толькі распачынаецца. Прызнаюся, мне шкада было развітвацца з працай над укладаннем спадчыны Уладзіміра Караткевіча. Яна была хоць і не простай, ставіла шэраг праблем, але прыносіла радасць і асалоду.
Резюме
Михась Кенька: Мое участие в издании сборника произведений Владимира Короткевича
(веб-журнал «Культура. Нация», выпуск 26, декабрь 2020, с.38-44, www.sakavik.net )
Издательство «Художественная литература» в 2010 году начало выпуск сборника произведений В. Короткевича в 25 томах. Автор статьи рассказывает о своем опыте подготовки к изданию двух томов – 10-го, в котором публикуется роман «Черный замок Ольшанский», и 18-го, в котором собрано около 400 рисунков В.Короткевича. Автор, анализируя рисунки, пытается заглянуть в характер известного писателя.
Abstract
M. Kenka: “My Part in the Publication of UladzimirKaratkevich’s Works”
(web-magazine “Culture. Nation”, issue 26, December 2020, p.38-44, www.sakavik.net)
M. Kenka comments on the works of the well-known Belarusian writer, Uladzimir Karatkevich (Russian variant spelling – Vladimir Korotkevich) which are coming out in a new series of 25 tomes in Belarus under the guidance of professor Anatoly Vierabej. Kenka was assigned and already completed work on volumes 10 and 18. The first tome in this series came out in 2012 and to date 19 have been published. This is the second series of Karatkevich’s published works. The first was a 8-volume set which was produced from 1987 to 1991. The second series goes beyond acquainting readers with Karatkevich’s major works and writings. It includes subsequent findings by researchers who introduce new previously publicly unknown material written by Karatkevich, his comments and even drawings. Kenka states that volume 10 includes Karatkevich’s detective novel Black Olshanski Castle which depicts life of people in Belarus both at the beginning of the 17th century and this is juxtaposed with events that took place in Belarus from 1930-1940’s. The name of the castle is fictional but largely based on one that existed in the village of Halshany (located within today’s Grodno Oblast). Kenka insists that this story now requires contemporary explanation, particularly to younger readers who did not experience the realities of life in the USSR. They would find many words and phrases from that period puzzling. Persons, literary works, geographical names and historical events need further explanation for today’s readers to fully understand the novel. One other aspect is the matter of Karatkevich’s drawings. As a child he already displayed an innate talent for drawing for which he did not pursue formal training. Yet researchers have discovered around 400 drawings by Karatkevich in his notes and manuscripts. Many of them were obviously connected with persons mentioned in his works. Their sketched expressions give greater understanding of Karatkevich’s understanding concerning his heroes and himself. They display his own feelings and personality, states Kenka. Since the publication of the latest volumes, pictures drawn by Karatkevich have been discovered too late to be included in their appropriate spots. In spite of this, Karatkevich’s drawings, newly discovered writings and commentaries will grant greater understanding of the author as a notable Belarusian writer and artist.
Categories: Культура, Літаратура
Пакінуць адказ