Патэрсан Франко Коста: Наш Караткевіч бразільскімі вачыма (вэб-часопіс “Культура. Нацыя”, №26, сьнежань 2020, 45-47; www.sakavik.net)

Аўтар – даследчык у галіне міжсеміятычнага пераклада, Федэральны Універсітэт Штата Баія (UFBA), Бразілія

Калі Воля, мая жонка, мне прапанавала выступіць з прэзэнтацыяй пра “Нашага Караткевіча” на Вечарыне, прысвечанай 90-годдзю з Дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, па ініцыятыве БІНіМ Канады, я падумаў: “Што мне пра яго сказаць, калі я яго не чытаў у школе, як вы чыталі?” Вы ж яго ведаеце нашмат лепей, чым я, тады што магу даць суполцы? І тут я ўзгадаў словы Анатоля Бутэвіча: “Прозвішча Уладзіміра Караткевіча з’яўляецца не толькі сведчаннем сапраўднай, якаснай літаратуры, але і апазнавальнай прыкметай нашай Беларусі”.

Таму я і думаю, што “Наш Караткевіч” – гэта вельмі цесна звязана з канструкцыяй нацыянальнага дыскурсу Беларусі, то бок, Беларусь Караткевіча – гэта наша Беларусь, якая размаўляе на беларускай ды шануе сваё мінулае, што была, ёсць і будзе.

Першы раз, што я чытаў Караткевіча, дакладней, слухаў, гэта была аўдыёкніга “Старога Ольсы” “Ладдзя Роспаччы” некалькі гадоў таму. І калі б тады мяне спыталі з якой ён эпохі, я б адказаў, хучэй з часоў ВКЛ, калі не з самога Полацкага княства, і не толькі праз стыль гурта, але таму што гісторыя мяне так уразіла, як нешта старажытнае, сапраўдная эпічная класіка.

А потым, калі я бачыў запіс выступа Караткевіча з канца 70-х, у колерах, у мяне быў нейкі дысананс: як жа “класік” жывы, альбо гістарычна нядаўна жыў?

Для нас у Бразіліі, нацыянальныя класікі – гэта з 17-га да 19-га стагоддзяў, у крайнім выпадку, як знакаміты наш Машаду ды Асіс ці Ліма Барэту, якія памёрлі ў пачатку 20-га стагоддзя. То бок, дзеячы 20-га стагоддзя як Карлус Друммонд, Сэсілія Мэйрэліз альбо Жоржы Амаду – а пра Паўлу Коэлью я ўвогуле маўчу – занадта сучасныя, каб лічыліся “класікамі”.

Але вось я тады і падумаў – ну, лагічна, Беларусь стала незалежнай толькі ў 1990-х, а Бразілія – недзе на 170 гадоў раней.

Але што казаць пра Купалу, Коласа, Цётку?.. Некаторыя “белоруссы” любяць казаць, што беларуская мова памёрла разам з інтэлігенцыяй ў 30-х гадах, быццам яны проста ўзялі і памёрлі, а потым ніхто ўжо не стаў размаўляць ды пісаць на гэтай мове…

А тут Геніюш, Караткевіч, Барадулін, Быкаў, Брыль – без якога дарэчы наша прэзентацыя наўрад ці назвалася б “Наш Караткевіч” – ды шматлікія геніяльныя пісьменнікі ды пісьменніцы, якія паказваюць, што Жыве Беларуская мова, літаратура і нацыя.

А калі шукаць яшчэ далей – Вінцет Дунін-Марцінкевіч, Уршуля Радзівіл, Адам Міцкевіч, Сімяон Полацкі, Рагнеда, Францыск Скарына… Уся гэтая лінія, якую дагэтуль намагаюцца разбіць, спыніць, стрымаць, гэта наша спадчына, што трэба захаваць ды працягваць, і гэта Караткевіч вельмі добра разумеў, як ён сам казаў: “А для нас жа, беларусаў, гісторыя – у многім нязведанае. Мы пакуль што мала ведаем аб жыцці, звычаях, побыце нашых продкаў. І кожны, хто ведае, хто можа ведаць, павінен збіраць гэтыя падрабязнасці і перадаваць іх іншым”.

Нядаўна мы з Волей глядзелі фільм з белсатаўскай серыі “Лабірынты” пра Караткевіча і мяне вельмі ўразіла тое, што праз аўтара людзі пераходзяць на беларускую мову і, адпаведна, беларускі светапогляд. Без першай, няма другога, і аўтар вельмі добра гэта ведаў, калі трагічна паказвае вынік расейскамоўнай экранізацыі ягонай аповесці“Дзікае паляванне Караля Стаха”.

У маім даследаванні пра фільм “Жыве Беларусь!” і пераклад яго з розных моў, у тым ліку і летувійскай, я бачу, што між вамі і суседнімі народамі ёсць шмат агульнага, але шмат з гэтага прысвоілі тыя ж народы:

Русь – Кіеўская, Руская мова – Расейская, Вялікае Княства – Летувійскае… Нават Крыўя, прынамсі для латышоў, гэта вы ведаеце дзе? Расея. Так што адзінае, што вас сапраўды адрознівае ад іншых народаў свету – гэта беларуская мова.

Таму і Караткевічу было так істотна, каб на ёй размаўлялі ў фільме, у жыцці, у побыце. Гэта не значыць ні з кім не размаўляць, бо як Караткевіч пісаў у “Зямлі пад белымі крыламі”: “…беларусам прыродна ўласцівая павага да іншых  народаў  і  памяркоўнасць  да  таго,  хто  думае  іначай”…  Часам трохі занадта, я бы дадаў, але гэта паказвае, як вы можаце, як зараз і паказваеце ў мірных пратэстах не толькі ў Беларусі, а па ўсім свеце, – што вы ўмееце супрацоўнічаць на ўсіх мовах дзеля вашай справы.

Такім чынам, Наш Караткевіч, для мяне гэта Наша Беларусь, пра якую марым і будуем у нашых сэрцах, у нашых жыццях, калі мы размаўляем і чытаем па-беларуску і дбаем пра беларускую спадчыну ды працягваем яе.

Саўвадор – Бразілія, 28 лістапада, 2020

Патэрсан Франко Коста: Наш Караткевіч бразільскімі вачыма

(webmagazineCulture. Nation”, issue 26, December 2020, p.45-47, www.sakavik.net)

Аўтар адзначыў, што праз творы Караткевіча людзі пераходзяць на беларускую мову і, адпаведна, на беларускі светапогляд. Без першай, няма другога. Адзінае, што сапраўды адрознівае беларусаў ад іншых народаў свету – гэта беларуская мова. Аўтар прыходзіць да высновы, што “Наш Караткевіч”, для яго гэта Наша Беларусь, пра якую марым і будуем у нашых сэрцах, у нашых жыццях, калі мы размаўляем і чытаем па-беларуску і дбаем пра беларускую спадчыну ды працягваем яе.

Резюме

Патерсон Франко Коста: Наш Короткевич бразильскими глазами

(веб-журнал «Культура. Нация», вып.26, декабрь 2020, с.45-47, http://www.sakavik.net)

Автор отметил, что благодаря произведениям Короткевича люди переходят на беларусский язык и, соответственно, на беларусское мировоззрение. Без первого нет второго. Единственное, что действительно отличает белорусов от других народов мира – это беларусский язык. Автор заключает, что «Наш Короткевич», для него это «Наша Беларусь», о которой мы мечтаем и строим в наших сердцах, в нашей жизни, когда мы говорим и читаем по-белорусски, заботимся о белорусском наследии и продолжаем его.

Abstract

Paterson Franco Costa: Our Karatkevich via Brazilian eyes                                        

(web-magazine “Culture. Nation”, issue 26, December 2020, p.45-47, www.sakavik.net)

The author noted that through Karatkevich’s works people switch to the Belarusian language and, accordingly, to the Belarusian worldview. Without the first, there is no the second. The only thing that really distinguishes Belarusians from other nations of the world is Belarusian language. The author concludes that “Our Karatkevich”, for him it is “Our Belarus”, which we dream and build in our hearts, in our lives, when we speak and read in Belarusian and care about the Belarusian heritage and continue it.



Categories: Асобы, Зьнешнія адносіны, Літаратура

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google photo

You are commenting using your Google account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

<span>%d</span> bloggers like this: