У Беларусі – рэвалюцыя. Так! – бо рэвалюцыя ёсць не што іншае, як спроба зьмены існуючага ладу на новы. Людзі выйшлі мірна на вуліцы каб зьмяніць аўтарытарную сістэму ўлады, сфармаваную на працягу 26 гадоў першым Прэзідэнтам краіны, сп. А.Лукашэнка, былым дырэктарам «совхоза – советского хозяйства», а сёньня апошнім дыктатарам Еўропы. Сапраўды, у Еўропе няма больш прыкладаў краін, дзе чалавек так доўга знаходзіцца пры ўладзе. Такія краіны ў свеце ёсьць, але ўсе яны не еўрапейскія: афрыканскія (Камерун, адзін і той жа чалавек пры ўладзе 45 гадоў; Экваторыяльная Гвінея – 41; Рэспубліка Конга – 36; Уганда – 34; Чад – 30; Эрытрэя – 27, Руанда – 26) або азіяцкія (Іран – 39, Камбоджа – 35; Казахстан – 28; Таджыкістан – 28). У большасці выпадкаў наяўнасць такіх «доўгажывучых» лідэраў сведчыць аб недэмакратычных парадках у такіх краінах.
Але, відаць, што рэвалюцыя распачалася не з прычыны працяглага кіраваньня краінай адным чалавекам. То што тады сталася ў Беларусі? Чаму раптам, людзі сталі патрабаваць вызваленьня палітычных вязьняў, новых справядлівых выбараў, свабоды – мэты, дасягнуць якія немагчыма без адхіленьня ад улады нязьменнага аўтарытарнага кіраўніка Беларусі.
Але ж, сп.Лукашэнка стаў такім – дыктатарам – не ў гэтым годзе. Дыктатарскія замашкі гэтага чалавека былі заўважнымі для многіх сьвядомых людзей з нацыянальнага асяроддзя ад самага пачатку яго прыходу да ўлады. Яны праяўляліся ў разгоне Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь; у зьмене Кастытуцыі і дзяржаўных сімвалаў праз справакаваныя рэферэндумы, праведзеныя на фоне абяцанай барацьбы з карупцыяй і эканамічнага саюзу з Расіяй; у жорсткім падаўленьні любых пратэстаў, асабліва ў 2006 і 2010 гг., пасля чаго можна было казаць аб амаль поўным разгроме апазіцыі; у паступовым знішчэньні ўсяго беларускага і нацыянальна-сведамага, што па многіх прызнаках можа кваліфікавацца як этнацыд беларускага народа. Забяспечыўшы небывалыя прэзідэнцкія паўнамоцтвы, выбіраючы ручны парламент, стварыўшы лаяльныя творчыя саюзы і СМІ Лукашэнка будуе рускамоўную цывільную дзяржаву. Разам з тым, напрыняўшы такіх законаў па якіх «нельга стаяць і пляскаць у ладкі», «нельга хадзіць з бел-чырвона-белымі балонікамі», «нельга гуляць па тратуарах і мірна пратэставаць», а сёння ўжо немагчыма ўтрох пастаяць у сваім двары – сп. Лукашэнка «прымусіў» беларусаў выйсці нарэшце на вуліцы.
Ды выйшлі так (!), што ўсе нашы суседзі і не толькі, ды і самі беларусы ва ўсім сьвеце адчулі вялікі гонар за беларускі народ, які так доўга «спаў», знаходзячыся пад прыгнётам гістарычных умоў, абставін, звыклай памяркоўнасці і г.д., а цяпер ужо больш за 4 месяцы запар выходзіць на вуліцы дэманструючы сваю годнасць і выказваючы сваю волю пазбавіцца ад тыраніі.
Якім чынам Лукашэнка давёў беларусаў да гарачага кіпеньня, у краіне, якую многія людзі з пост-савецкай прасторы ставілі прыкладам чысціні, парадка і добрага жыцьця? Ці праўда, што, да 2020 года сп. Лукашэнка з яго жорсткімі метадамі кіраваньня краінай задавальняў большасць беларускага грамадства? Ці тое, што вельмі паступова як бы накаплівалася на фоне шматгадовай хлусьні і абяцанак раптам вылілася ў рэвалюцыю толькі сёньня?!
Мяркую, што грэблівыя адносіны рэжыма да людзей падчас КОВІД-эпідэміі не сталі штуршком для рэвалюцыі, а былі толькі фонам. Галоўнымі прычынамі беларускай рэвалюцыі сталі – крыўда і пачуцьцё абманутых людзей падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў, і, другая прычына – боль, несправядлівасць і прыніжэньне людской годнасці падчас мірных пратэстаў, калі людзі адчулі і ўбачылі гвалт, празмернае ужываньне сілы і нежаданьне ўлады прызнаваць пратэстантаў за людзей. Для сп.Лукашэнкі людзі на вуліцах «адмарозкі, крысы, найміты заходніх спецслужб». Нялюдзскі дыктатар і сабакі-забойцы, закрытыя балаклавамі, якіх ён выгадаваў для абароны сваёй бязмернай улады, нічога апроч гідлівасці, злосьці і недараваньня не выклікаюць.
Практычна ва ўсіх пост-савецкіх краінах у той ці іншы час прайшлі рэвалюцыі, якія па зьнешніх прыкметах названы каляровымі, а па сутнасці сваёй былі нацыянальна-вызвольнымі. Апошняя назва характарызуе ў першую чаргу тое, што яны (рэвалюцыі) казалі «добры дзень» нацыянальнай свабодзе, і «бывай» – савецкай спадчыне. Назваць беларускую рэвалюцыю-2020 нацыянальна-вызвольнай можна толькі умоўна: у тым сэнсе, што пазбаўленьне краіны ад злосна-хітрага дыктатара з прасавецкім мысленьнем можна перанесці толькі на слова «вызвольная (ад гэтага дыктатара». Аднак, пасьля Лукашэнкі застанецца шмат такіх жа створаных ім і падобных яму робатаў-чыноўнікаў з тым жа мысленьнем. Нацыянальнае вызваленьне ад мінулай спадчыны адразу не адбудзецца. Наўрад ці дапаможа і люстрацыя «робатаў» і ці нават апраўдана яна будзе ў поўнай меры да ўсіх запалоханых дыктатарам выканаўцаў (апроч тых што здзейсніў злачынствы)? А само атручанае грамадства\насельніцтва ці ачысціцца падчас рэвалюцыі і ператворыцца ў сапраўдную сьпелую нацыю? Магчыма, але не адразу.
Вызвольнай можна было б фармальна называць рэвалюцыю ў 1991 годзе, калі Беларусь атрымала незалежнасць. Але па сутнасці яна тады прайшла для большасці насельніцтва адносна незаўважнай. Такім чынам, слова вызвольная не зусім адпавядае сёняшняй беларускай рэвалюцыі. Аднак, і нацыянальнай яе не назавеш, нягледзячы на тое што яна праходзіць пад нацыянальнымі сьцягамі. Носьбіты рэвалюцыі і яе лідары не нясуць нацыянальныя лозунгі і не ставяць мэты, скіраваныя на вырашэньне нацыянальнай ідэі і будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы. Асноўныя патрабаваньні пратэстантаў – вызваленьне палітвязняў, расследаваньне і пакараньне злачынстваў, здзейсненых супраць народа падчас пратэстаў, і правядзеньне новых выбараў – з’яўляюцца цалкам дэмакратычнымі патрабаваньнямі. У той жа час, без іх вырашэньня немагчыма нават марыць пра канчатковую рэалізацыю нацыянальнай ідэі ў будучым. Таму народна-дэмакратычную рэвалюцыю, якая пачалася ў Беларусі, я называю «Рэвалюцыяй надзеі-2020», якая ўрэшце рэшт вырве нашу цудоўную еўрапейскую краіну з каланіяльнага еўразійскага рабства і дасць магчымасць цывілізавана развівацца. Каб выратаваць будучыню нацыі перамога ў дэмакратычнай рэвалюцыі неабходна як паветра. Але як яе дасягнуць?
Пакуль што не выглядае, што для гэтага ёсць неабходныя перадумовы. Грамадства ў цэлым не пераканана, што выбары Лукашэнка прайграў. Так, ёсць шмат доказаў, што выбары былі сфальсіфікаваныя, але наўрад, што інфармацыя пра фальсіфікацыю выбараў данесена незалежнымі СМІ у дастатковай ступені да ўсяго насельніцтва.
Нягледзячы на стотысячныя пратэсты ў Мінску астатняе насельніцтва двухмільённага горада назірае за маніфестацыямі з балконаў. Відавочна, што такія мнагалюдныя пратэсты гэта вялікі посьпех, якія сведчаць пра абуджэньне нацыі. Бо яшчэ да нядаўняга часу сп. Мікалай Статкевіч мог вывесці на вуліцы да 1000 дэманстрантаў. І ўсё ж, калі раней думалася, што ста тысяч пратэстантаў у сталіцы будзе дастаткова каб дыктатарскі рэжым адступіў ці адрэагаваў зьменамі, то зараз, са слоў сп. С.Алексіевіч (Хартыя-97, 5 сьнежня 2020 г.), пажадана было б бачыць на вуліцах сталіцы мільён пратэстуючых жыхароў. Адчуваньне, што рэвалюцыя прытармазілася і адной з прычын таму ёсць тое, што людзі, якія выходзяць на вуліцы пазбаўлены многіх лідэраў – многія з іх за мяжой, другія ў турмах. Тыя гарызантальныя пратэстныя групы, якія самаарганізуюцца ў сваіх мікрараёнах, пакуль што не ў сілах зьліцца ў адзін усеагульны пратэст.
Сітуацыя ў сьнежні пасля 4-х месяцаў пратэстаў выраўнялася – пратэсты затухаюць, рэжым загнаў людзей новай хвалі ў двары. Вялікі сумней, што ім у бліжэйжы час удасца адтуль вырвацца. Да 2020 года нацыянальна-сьвядомыя сілы былі загнаныя у гета. У цяперашняй сітуацыі статус-кво (калі нічога не зменіцца), то пройдзе зачыстка сярод людзей новай хвалі – ці ж дарма ядуць хлеб «чорныя і аліўкавыя» слугі-бандыты рэжыма з балаклавамі на тварах? У беларусаў няма зброі, а калі б і была, то прыклад паразы ва ўзброенай барацьбе за нацыянальную свабоду ў Чачні яскрава сведчыць, што ў наш час партызаншчына не пройдзе. Тым больш, што Беларусь, аб’яўленая калісьці А.Адамовічам беларускай вандэяй, па сутнасці такой і застаецца. У краіне, у мінулым месцы паломніцтва адстаўных савецкіх афіцэраў, дзе да сёньня кіруе Лукашэнка, паслядоўнік і прылежны вучань былых савецкіх сатрапаў (Мазураў, Машэраў, Казлоў), збудавана лінія Сталіна, а ад мірных пратэстантаў, якія хочуць справядлівых дэмакратычных змен, адгароджваюцца войскамі і калючым дротам. Гэта ж вельмі сімвалічна, што 300.000 чалавек пад-бел-чырвона-белымі сцягамі – якія яны паднялі як сімвал зьмен, не дапускаюць да Стэлы ў цэнтры Мінска, таму што нацыянальныя сьцягі паводле дыктатара выкарыстоўвалі калабаранты падчас другой сусветнай вайны. Сцяна з калючага дроту, якім абгарадзілі Стэлу, стала новай сцяной паміж новым і старым, паміж Усходам і Захадам, паміж Візантыяй і Рымам. А беларускае войска ў гэтыя дні рыхтуецца да расійска-беларускіх вучэньняў «Захад-2021».
Пасля некалькіх месяцаў бесперапыннага супраціву, які пакуль што не прывёў да жадаемых зьмен – у першую чаргу чакаемага вылету з краіны самолёта з бартавым нумарам «першы», рэвалюцыя пераходзіць у хранічную фазу, дзе перавагу будзе мець, спадзяёмся часова, улада. Да гэтага часу з непасрэднага акружэньня дыктатара ніхто з высокіх чыноўнікаў ці міністраў урада не падаў у адстаўку. Аб’яўленая ў верасьні пазачарговая сесія беларускага парламента, для разгляду насільля на вуліцах краіны, не адбылася па зразумелай прычыне. Лукашэнка пачаў сваю чарговую хітрую гульню са зьменамі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – хоча выйграць час. Выглядае, што існуючыя настроі і надзеі на аднаўленьне і ўзмацненьне пратэстаў да вясны могуць не спраўдзіцца. Відавочна, што памяркоўныя і разважлівыя беларусы, якія яшчэ не далучыліся да рэвалюцыі, вырашылі перачакаць гэты момант, каб не сталася яшчэ горш чым ёсць пры кіраваньні Лукашэнкі. Маючы па «500» долраў на месяц, а ў рэальнасці па «300», складваецца адчуваньне, што рабочыя могуць выйсці на вуліцы толькі тады, калі стане зусім кепска, па крайней меры пры меншых лічбах, чым указаныя вышэй.
Падаецца, што ў рэвалюцыі не хапае рэзерваў, каб зрушыць сітуацыю на сваю карысць. У гісторыі Беларусі было шмат эпізодаў, калі развіцьцё нацыі было непасрэдна зьвязана з уплывам знешніх сілаў ці з аслабленьнем моцы ўсходняй імперыі. Прыгадаем, стварэньне БНР і БССР было ў значнай і большай ступені абумоўлена развалам царскай Расіі, Кастрычніцкім пераваротам і германскай акупацыяй, а не ўнутранымі сіламі; беларускае адраджэньне ў 30-я гады мінулага стагоддзя праходзіла на фоне новай эканамічнай палітыкі ў СССР, а разварот бальшавікоў на 180 градусаў у нацыянальнай палітыцы быў выкліканы іх імкненьнем ажыцьцявіць сусветную пралетарскую рэвалюцыю, што было прычынай разгрома нацыянальна-дэмакратычных сілаў, якія ім у тым перашкаджалі; беларусізацыя мела месца нават пры другой нямецкай акупацыі падчас апошняй сусьветнай вайны; другая хваля беларускага адраджэньня ў канцы ХХ ст. было вынікам развалу СССР і слабасьці і хаосу ў Расіі, які суправаджаўся парадам суверэнітэту ўсіх 15 пост-савецкіх рэспублік на працягу аднаго 1991 года.
Ці слабая і абыякавая сёньня Расія ў адосінах да Беларусі? Відавочна, што не. Расія, як асноўны ўплывовы «рэгулятар» для беларусаў на працягу апошніх двух стагоддзяў, трымае руку на пульсе і відаць, што Лукашэнка яе задавальняе па асноўнай прычыне – Расія сама баіцца каляровых рэвалюцый. Аб гэтым ясна кажацца ў пуцінскім указе №683 «О Стратегии национальной безопасности Российской Федерации» (Москва, 31 декабря 2015). Да таго ж, Расія ўсё імкнецца да гегемоніі на пост-савецкай прасторы і нядаўнія падзеі на Паўднёвым Каўказе гэта яскрава прадэманстравалі (прыклад жа з Украінай ва ўсіх стаіць прад вачамі).
Такім чынам, хто можа дапамагчы беларусам адваяваць свае правы на жыцьцё, свабоду думак, сходаў, выбараў? Так, еўрапейскія краіны, ЗША, Канада прынялі адпаведныя заявы, акты, якія не толькі ганьбяць рэжым, але і канкрэтна абмяжоўваюць праз адпаведныя эканамічныя і палітычныя санкцыі кіраўнікоў гэтага рэжыма. Каб падняць людзей на далейшую барацьбу застаюцца цяпер спадзяваньні на свае сілы, якія канцэнтруюцца вакол нацыянальнага лідэра С.Ціханоўскай – гэта ў першую чаргу ўсе свежыя палітычныя эмігранты, і беларуская дыяспара, якая абсталявалася ў Еўропе і Амерыцы падчас двух апошніх хваль эміграцыі – паваеннай і пост-савецкай. Падаецца, што ўсе яны працуюць цяпер разам. Аб гэтым сведчаць як нядаўні Сусветны кангрэс беларусаў, так і шматлікія пратэсты беларусаў замежжа на вуліцах многіх гарадоў ва ўсім свеце, якія не сціхаюць і праходзяць паралельна з пратэстамі на радзіме.
Відавочна, што альянс беларусаў за мяжой з’яўляецца на сёньня пакуль што адзінай сілай, якая можа зрушыць статус-кво, якое склалася ў Беларусі. Ці будзе яна вырашальнай, як гэта калісьці сталася пры заканчэньні 1-й сусветнай вайны, калі польская эміграцыя вырашыла лёс аднаўленьня дзяржаўнасці Польшчы? Па крайней меры прыведзены прыклад дае станоўчы адказ. Відавочна, што рэвалюцыю нельга экспартаваць, але беларусы замежжа, якія складаюць шостую частку беларускай нацыі, з’яўлюцца сваімі, беларускімі па духу людзьмі, да якіх словы пра экспарт рэвалюцыі ніяк не адносяцца. Яны могуць і абавязаны падтрымаць дзейную беларускую рэвалюцыю як праз палітычныя, так і праз эканамічныя сродкі. Аўтар артыкула не быў да гэтага часу прыхільнікам эканамічных санкцыяў, якія многімі разглядаюцца як дзейны механізм уплыву на кіруючую эліту. Аднак, аналіз прыведзены вышэй паказвае, што калі эканамічны стан не пагоршыцца, у першую чаргу з унутраных прычынаў, то рэжым можа выстаяць, дэмакратычная рэвалюцыя можа атрымаць паразу, а разам з гэтым зноў адкладзецца на нейкі час рэалізацыя нацыянальнай ідэі.
Categories: Нацыя Беларусы, Нацыя прачынаецца, Праект "РАЗАМ", Слова рэдактара
Пакінуць адказ