(да 90-годдзя з дня нараджэньня Уладзіміра Караткевіча; прамова на online вечарыне, арганізаванай БІНІМ, Канада і ЗБК 28 лістапада 2020 года, Атава)
Добры вечар паважаныя сябры!
Для мяне вялікі гонар выступіць на вечарыне, прысвечанай юбілею нашага геніяльнага пісьменьніка – Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча. Мы сёння праслухаем шмат цікавых прамоў і успамінаў пра У.Караткевіча, і нават дакранемся непасрэдна да твораў пісьменніка. Безумоўна, творчасць У. Караткевіча даследавана ў шэрагу кніг, манаграфій і дысэртацый літаратурных крытыкаў. У сваім кароткім выступе я, як чытач, грамадзянін і навукоўца, хачу закрануць тую частку творчасці У.Караткевіча, якая тычыцца яго каштоўнага уклада ў фундамент беларускай нацыі.
На працягу апошніх прыблізна 150 гадоў, шмат дзеячаў беларускай культуры і навукі, палітычных дзеячаў па цаглінцы будавалі сучасную беларускую нацыю. На мой погляд, у галерэі беларускіх герояў другой паловы 20-га стагоддзя, У.Караткевіч стаіць у адным радзе з такімі выбітнымі нацыянальнымі дзеячамі як А.Адамовіч, В.Быкаў, Л.Геніюш, М.Ермаловіч, У.Мулявін, Г.Цітовіч, якія і сваімі паводзінамі ў жыцьці, і сваёй творчасцю цэментавалі беларускую нацыю.
Вялізарную значнасць творчай спадчыны У.Караткевіча для беларускай літаратуры і культуры немагчыма аспрэчваць. Я дазволю сабе выдзеліць некалькі найбольш важных на маю думку момантаў, якія сведчаць аб тым, як пісьменнік праз сваю творчасць стварыў не толькі славу сабе яшчэ пры жыцці, але і славу для нашай радзімы, зрабіў выключны унёсак, у тое, каб беларускі народ паўстаў сапраўднай нацыяй.
Важна! Нягледзячы на сваё кароткае жыцьцё ён напісаў вельмі шмат рознажанравых твораў, уключна з паэзіяй. У 1989 выдавецтва “Мастацкая літататура” выдала 8 тамоў, а ў 2011 годзе пачало выданьне 25 тамоў твораў Караткевіча. Безумоўна, што немагчыма было стварыць столькі без цярплівай працы, без пошукаў і даследаваньняў, асабліва для твораў, звязаных з гісторыяй беларускага гарода, і асабліва з падзеямі, якія адбываліся ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Але ж не толькі аб’ёмам напісанага вызначаецца вялікасць пісьменніка. Мова і гісторыя – гэта асноўныя кампаненты , якія вызначаюць любую нацыю. У.Караткевіч злучыў ў сваіх творах і беларускую мову, і беларускую гісторыю, што дало каласальны вынік – ён навечна пакінуў для сваёй нацыі тую каштоўную глебу, на якой яна квітнее і будзе квітнець у будучым.
У мяне на стале цяпер ляжыць унікальны падарунак ад майго сябра з Беларусі – гэта даволі цяжкая па вазе кніга “Дзікае паляванне караля Стаха”, выдадзенае Беларускім фондам культуры ў 2010 годзе на чатырох мовах – беларускай, украінскай, рускай і англійскай. Кніга мае дзве прадмовы – Паўлы Латушкі (на той час Міністра культуры РБ) і Анатоля Бутэвіча. Паводле іх, У. Караткевіч у Беларусі выканаў тую гістарычную місію, што Вальтэр Скот у Англіі, Генрык Сянкевіч у Польшчы, Майн Рыд у ЗША. Цалкам пагаджаючыся з іх выказваннямі, тут зноў трэба сказаць: Важна – творы беларускага пісьменніка У.Караткевіча з гонарам прадстаўляюць нашу нацыю і беларускую літаратуру у суквецці літаратур сусвету.
Вельмі важна! Караткевіч абсалютную большасць сваіх твораў пісаў на роднай мове. Я да гэтага часу здзіўляюся як Караткевіч, ведаючы некалькі моў і большай часткай жывучы у рускамоўным і украінскамоўным асяроддзі, змог так глыбака пранікнуць і пазнаць багацьце роднай мовы, скарыстаць яе і перадаць у сваіх творах нашчадкам старажытнага беларускага народа. Безумоўна ён быў вялікім талентам. Першы варыянт аповесці “Дзікае паляваньне караля Стаха” было напісана пісьменнікам, калі яму было толькі 20 год. Але ж якая яна цудоўная – мова Караткевіча – лёгкая, шчырая і захапляльная, я бы нават сказаў фантастычная. Любы чалавек, які ўмее ці калі б нават хацеў паспрабаваць чытаць па-беларуску, узяўшы любую яго кнігу ў рукі не зможа адарвацца ад пачатку да канца. З мною прачытанага, я прыгадаю, толькі для прыкладу, яго аўтабіяграфічную кнігу пра юнацкі час “Лісце каштанаў” (1972), рамантычную паэму ў прозе “Чазэнія”, неверагоднаю, філасафічна-фантастычную аповесць “Ладдзя роспачы”, заглыбляючы ў гісторыю знакавы для беларусаў раман “Каласы пад сярпом тваім”, і фантастычна-дэтэктыўную, захапляльную аповесць “Дзікае паляваньне караля Стаха”. Са свайго чытацкага досьведу творы Караткевіча па сваёй лёгкасці і захапляльнасці магу параўнаць з творамі Аляксандра Дзюма, якія чытаў у юнацтве, ці, да прыкладу, з доўгі час забароненым раманам Міхаіла Булгакава “Майстра і Маргарыта”, які я прачытаў за адну ноч, ці “Da Vinci Code” Danа Brownа.
Што яшчэ важна! Прыгадайце, У.Караткевіч пісаў у 60-я-80-я гады мінулага стагоддзя – каб ствараць у той час маральна-гістрычную аснову беларускай нацыі трэба было мець мужнасць, каб не патрапіць пад кола кан’юнктуры. Чаму так? Бо тады быў час будаўніцтва камунізма, аб’яўленага Н.С.Хрушчовым, з пачаткам будаўніцтва ў 1961 годзе і з заканчэннем прыблізна ў 1980 годзе. А на пачатку 80-х гадоў Л.Брэжневым было заяўлена, што ў СССР створаны – адзіная савецкая нацыя і новы тып чалавека – савецкі. Што стаяла за гэтымі працэсамі, калі паглядзець на Беларусь у той час?
Тады калі тварыў У.Караткевіч, у БССР панавала руская мова, што вяло да далейшай і непазбежнай русіфікацыі беларускага народа. У 1959 годзе падчас святкавання 40-годдзя БССР, М. Хрушчоў на прамову К. Мазурава на беларускай мове адрэагаваў такім чынам: «Ни черта не понятно!»«Чем быстрее все мы будем разговаривать по-русски, тем быстрее построим коммунизм».
Неверагодна звужалася беларускамоўная адукацыя. Закрываліся школы. Я пасля навучання ў беларускамоўнай вясковай школе сярэднюю адукацыю атрымаў у беларускамоўнай школе, толькі адзінай з чатырох школ, якія былі на той час у раёным цэнтры Паставы.
Доля беларускамоўных кніг у 70-я гады складала 40% (9млн), тады, як кнігі на рускай мове займалі 60% (16 млн). За перыяд з 1950 года па 1985 год доля беларускамоўных публікацый знізілася з 85% да 9%. Нядаўна, выпадкова на ю-тьюб натрапіў на фінал конкурса савецкай песні-1978 года ў Маскве – вядучыя С.Жыльцова і А.Маслякоў хвілін дзесяць называлі артыстаў на сцэне – усе яны былі прадстаўнікамі многіх і многіх культур і нацый. Відавочнай была штучнасць і дэкартыўнасць прадстаўленага на канцэрце такім чынам развіцця гэтых нацый. Палітыку русіфікацыі ў Беларусі праводзілі ў жыцьцё такія лаяльныя слугі КПСС як К.Мазураў, П.Машэраў і іншыя.
Я дакладна не ведаю, гэта пытанне для крытыкаў і біёграфаў – ці стаяў У.Караткевіч у той час перад выбарам пісаць ці не пісаць пра будоўлі камунізма? Таму неверагодна важна сказаць яшчэ раз!! Тэматыка твораў У.Караткевіча была галоўным чынам звязана з жыцьцём беларускага народа, з яго гісторыяй, культурай і традыцыямі. А каб тварыць у гэтым русле ў той час сапраўды патрэбна было мець не толькі талент, а і мужнасць.
І яшчэ адзін момант – чым творчасць Караткевіча важная для нас сёньня? Лукашэнка на ўсім працягу свайго кіравання будуе рускамоўную цывільную дзяржаву. Ідэалогія такога будаўніцтва абапіраецца на кароткую гістарычную памяць – на падзеі Вялікай айчыннай вайны і на савецкую спадчыну. У.Караткевіч, скарыстаўшы гістарычны падыход для напісання сваіх твораў, істотна пашырыў доўгатэрміновую беларускую памяць, і круг беларусаў, якія з аптымізмам глядзяць наперад і змагаюцца за дэмакратычную, за сапраўдна-нацыянальную беларускую дзяржаву.
Дазвольце скончыць на гэтым. Дзякую за ўвагу.
Атава, 21-28 лістапада 2020 года
Пётра Мурзёнак: Чалавек, які спрычыніўся да будаўніцтва нацыі
(вэб-часопіс “Культура. Нацыя”, № 26, сьнежань 2020, с.48-52, www.sakavik.net )
Аўтар зрабіў акцэнт на той частцы творчасці У.Караткевіча, якая тычыцца каштоўнага уклада пісьменніка ў фундамент беларускай нацыі. У галерэі беларускіх герояў другой паловы 20-га стагоддзя, У.Караткевіч стаіць у адным радзе з такімі выбітнымі нацыянальнымі дзеячамі як А.Адамовіч, В.Быкаў, Л.Геніюш, М.Ермаловіч, У.Мулявін, Г.Цітовіч, якія і сваімі паводзінамі ў жыцьці, і сваёй творчасцю цэментавалі беларускую нацыю. У.Караткевіч пісаў у 60-я-80-я гады мінулага стагоддзя, у час далейшай русіфікацыі, будаўніцтва камунізма і стварэння новага тыпа чалавека – савецкага. Каб ствараць у той час маральна-гістрычную аснову беларускай нацыі трэба было мець мужнасць, каб не патрапіць пад кола кан’юнктуры. У.Караткевіч таленавіта злучыў ў сваіх творах і беларускую мову, і беларускую гісторыю, што дало каласальны вынік – ён навечна пакінуў для сваёй нацыі тую каштоўную глебу, на якой яна квітнее і будзе квітнець у будучым. Па сваёй лёгкасці і захапляльнасці аўтар параўноўвае творы Караткевіча з творамі Аляксандра Дзюма, раманам Міхаіла Булгакава “Майстра і Маргарыта”, ці “Da Vinci Code” Danа Brownа. Творы беларускага пісьменніка У.Караткевіча з гонарам прадстаўляюць нашу нацыю і беларускую літаратуру у суквецці літаратур сусвету.
Резюме
Пётра Мурзёнак: Человек, внёсший исключительный вклад в строительство нации (веб-журнал «Культура. Нация», вып. 26, декабрь 2020, с.48-52, www.sakavik.net )
Автор остановился на той части творчества В.Короткевича, которая касается ценного вклада писателя в становление белорусской нации. В галерее белорусских героев второй половины ХХ века В.Короткевич стоит в одном ряду с такими выдающимися деятелями, как А.Адамович, В.Быков, Л.Генюш, М. Ермалович, В.Мулявин, Г.Цитович, которые своим жизненным поведением и творчеством создавали фундамент беларуской нации. В. Короткевич писал в 60-80-е годы прошлого века, в период дальнейшей русификации беларусов, построения коммунизма и создания нового типа человека – советского. Чтобы создавать морально-историческую основу белорусской нации в то время, нужно было иметь смелость и мужество дабы не попасть в круг конъюнктуры. В.Короткевич талантливо соединил в своих произведениях беларуский язык и историю Беларуси, что дало колоссальный результат – он навсегда оставил своему народу бесценную почву, на которой тот процветает и будет процветать в будущем. По своей легкости и увлекательности творчество Короткевича можно сравнить с произведениями А.Дюма, романом М.Булгакова «Мастер и Маргарита» или «Кодом да Винчи» Д. Брауна. Произведения белорусского писателя В.Короткевича с гордостью представляют наш народ и белорусскую литературу в соцветии мировых литератур.
Abstract
Piotra Murzionak: The Man Who Contributed to Nation-building
(web-magazine “Culture. Nation”, issue 26, December 2020, p.48–52, www.sakavik.net)
The author focuses on the part of U. Karatkevich’s work that concerns the writer’s valuable contribution to the foundation of the Belarusian nation. In the gallery of Belarusian heroes,belonging to the second half of the 20th century, U. Karatkevich standsin the same line with outstanding national figures such as A. Adamovich, V. Bykau, L. Heniyush, M. Ermalovich, U. Mulyavin, G. Tsitovich, who cemented the concept of a distinct Belarusian nation through their behavior in life and their creativity. U. Karatkevich wrote in the 60s and 80s of the last century, during the period of further russification, construction of communism and the creation of a new type of person – the Soviet man. Keeping in mind the need to create the moral and historical basis of the Belarusian nation at that time, it was necessary to have the courage not to fall into the circle of conjuncture. Using his great talent of literary expression, U. Karatkevich combined the Belarusian language and Belarusian history in his works, which gave a colossal result – he left forever for his nation the valuable soil on which it flourishes today and will prosper in the future. In their lightness and fascination, the works of Karatkevich might be compared with the works of Alexandre Dumas, Mikhail Bulgakov’s novel The Master and Margarita, or “Da Vinci Code” by Dan Brown. The works of the Belarusian writer, U. Karatkevich, proudly represent the Belarusian nation and Belarusian literature in the vast mixture of world literatures.
Categories: Асобы, Літаратура, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ