Патэрсан Франко Коста: Ці можна назваць слабой беларускую ідэнтычнасць? Вэб-часопіс “Культура. Нацыя”, №27, красавік-май, 2021, 58-78.

Патэрсан Франко Коста – даследчык у галіне міжсеміятычнага пераклада, Федэральны Універсітэт штата Баія (UFBA), Бразілія.

Анатацыя. Галоўнае задача гэтага міждысцыплінарнага даследавання – прааналізаваць аспекты, якія стаяць за меркаваннем немалой колькасці аўтараў пра тое, што беларуская нацыянальная ідэнтычнасць слабая альбо нават не існуе. Асноўныя абмеркаваныя аспекты: сацыялагічныя, палітычныя і эканамічныя. З сацыялагічнай перспектывы, грунтуючыся на тэорыі Робіна Данбара, чалавечы прагматызм і сацыялагічныя абмежаванні паказваюцца як магчымыя прычыны няведання пра краіны ў цэлым, у тым ліку і пра Беларусь; у палітычным аспекце, прытрымліваючыся мыслення Квамэ Нкрумы, праблематызуецца, што меркаваная слабасць беларускага нацыянальнага дыскурсу звязана з цяперашнім аўтарытарным рэжымам, падначаленым былой метраполіі; і ў эканамічнай сферы, прымаючы развагі Ірыны Бугровай як зыходны пункт, праблематызуецца залежнасць, выкліканая рэжымам як частка імперыялістычнага / неакаланіяльнага парадку дня. У гэтым кантэксце з улікам тэхнічнага ўнёску спецыялістаў у галіне эканомікі і інжэнерыі адзначаецца, што Беларусь мае вялікі эканамічны і энергетычны патэнцыял, які можна развіваць у спрыяльных палітычных умовах. Нарэшце, даследаванне схіляецца да аргументу, што праблемы ідэнтычнасці і культуры, якія часта выкарыстоўваюцца для аспрэчвання існавання і жыццяздольнасці беларускай нацыі, у рэчаіснасці зыходзяць з эканамічных і палітычных чыннікаў. Зыходзячы з гэтага, прапануюцца парады дзеля змены сітуацыі ў кантэксце пратэстаў 2020-2021 гг.

Ключавыя словы: Беларусь; Культурныя даследаванні; Нацыянальная ідэнтычнасць; Дэкаланізацыя.

Уводзіны

Уявіце сабе краіну без назвы і афіцыйнай мовы. Яе сцяг скапіраваны са сцяга кампаніі, а валюта мае самую пашыраную назву, агульную з дзясяткамі іншых краін. Народ настолькі раздроблены і няроўны, што людзі часта выкарыстоўваюць тлумачальныя дадаткі для апісання сябе, а дыскурс ідэнтычнасці арыентаваны на нібыта вялікае мінулае, пра якое ніхто дакладна не ведае, калі яно адбылося, і ёсць мноства аргументаў, што яго насамарэч ніколі не існавала. Яе рэжым, крохкі і фрагментаваны, зводзіцца да ўсяго дзвюх груповак, якія чаргуюцца ва ўладзе, а ў яе культуры, кулінарыі і звычаях практычна няма нічога сапраўды аўтэнтычнага. Ці магчыма існаванне такой краіны? А як наконт стварэння яе ідэнтычнасці? Безумоўна, гэта была б самая слабая краіна ў свеце з пункту гледжання ідэнтычнасці, з пастаяннай рызыкай захопу і анэксіі большым суседам.

Для тых, хто яшчэ не здагадаўся, пра якую краіну я кажу, вось яшчэ адзін прыклад, магчыма, нават больш сімвалічны. Гэтая краіна, у залежнасці ад таго, каго спытаць, знаходзіцца або не знаходзіцца ў Еўропе, яна не мае афіцыйнай мовы, хаця яе герб поўны слоў на мове былога каланізатара, адкуль да таго ж паходзіць назва яе асноўнай тэрыторыі, як быццам гэта проста яго працяг. Цяжка сказаць, што гэтая краіна мае ўласную назву, бо гэта літаральна яе геапалітычнае апісанне, спіс геаграфічных назваў, які лянуецца выйсці за межы двух найбуйнейшых яе складнікаў. Яе сцяг – гэта набор мясцовых сцягоў, накладзеных адзін на адзін з мэтай частковай рэпрэзентацыі яе нацыянальнасцей, найбуйнейшая з якіх гістарычна запазычыла для сваёй тэрыторыі назву мясціны ў іншай заморскай краіне, размешчанай за 700 км. Можна сказаць, што гэтая этнічная група размаўляе на крэольскай мове з германскай базай (⅓), лацінскай лексікай (⅔) ды ўплывам незлічоных іншых моў. Некаторыя кажуць, што на гэтай крэольскай мове таксама гавораць у першай згаданай краіне, але паміж імі няма ні пісьмовай, ні вуснай адпаведнасці.

З іншага боку, ёсць краіна, размешчаная ў самым цэнтры Еўропы, якая з’яўляецца адной з заснавальніц ААН, мае сваю назву і мову, чыя культура, багатая і самабытная, з’яўляецца спадчынай старажытнай гісторыі яе тэрыторыі, радзімай бліскучых розумаў і могілкамі некаторых з найвялікшых імперый у свеце. Яе валюта ўнікальная, і сцяг таксама. Фактычна, артыкул “краіна” ў слоўніку мог бы мець яе за ўзорны прыклад. “Амерыка” – гэта не краіна, “Велікабрытанія” – не краіна. Таксама як “Злучаныя Штаты” і “Злучанае Каралеўства” – Бразілія, напрыклад, калісьці была і тым, і іншым. Беларусь, са свайго боку, з’яўляецца краінай абсалютна ва ўсіх адносінах. Чаму тады толькі ў выпадку апошняй сапраўднасць яе нацыянальнай ідэнтычнасці ставіцца пад сумнеў некаторымі асобамі і ўнутры, і за яе межамі? Існуе бясконцая колькасць адказаў на гэтае пытанне, таму я маю намер, наколькі дазваляе гэтая прастора, падысці да яго з сацыялагічных, эканамічных і палітычных аспектаў, сабраўшы некалькі разважанняў, якія могуць не з’яўляюцца новымі, але разам могуць зрабіць пэўны унёсак у дыскусію вакол гэтай невычэрпнай тэмы. Усе пераклады ў гэтым артыкуле зробленыя аўтарам.

 1. Сацыялагічныя аспекты

Згодна з тэорыяй Робіна Данбара (2010), брытанскага антраполага, які спецыялізуецца на эвалюцыйнай псіхалогіі, наш мозг здольны распазнаць прыблізна да 150 чалавек. Гэта не азначае, што мы не можам пазнаёміцца з большай колькасцю людзей або запомніць больш імёнаў, але пасля гэтай колькасці мы пачынаем усё менш і менш ведаць пра іх і пра адносіны паміж імі. Аднак, калі мы разглядаем міжнародную супольнасць як глабальную вёску, дзе кожная краіна была б прадстаўленая адной асобай, гэтая колькасць зніжаецца да некалькіх дзясяткаў. Асобы, якія складаюць гэтыя дзясяткі, у сваю чаргу адрозніваюцца ў залежнасці ад геапалітычнага кантэксту кожнай з іх. Гэта дапамагае нам зразумець сведчанне Вольгі Ермалаевай Франко, беларускі, якая жыве ў бразільскім горадзе Саўвадоры. Перш чым іміграваць і пабрацца шлюбам з аўтарам гэтага артыкула, Вольга, паводле яе слоў, ніколі не адчувала вялікіх цяжкасцей з тлумачэннем, адкуль яна. Ва ўсіх суседніх краінах ёй дастаткова было сказаць “Беларусь”, і ўсё было зразумела. Аднак тут не бракуе збянтэжаных твараў, якія спрабуюць уключыць яе ў (часткова) загадзя ўсталяваную ідэю ў сваіх галовах, бо чалавечы розум, падобна, такім чынам апрацоўвае новую інфармацыю: звязваючы яе са старой. Хоць гэта досыць карысная эвалюцыйная рыса, якая дапамагла нам дайсці да цяперашняга стану развіцця, але такая дынаміка можа перашкаджаць навучанню, калі не падключаецца крытычнае мысленне, з таго моманту, калі нічога новага не інтэрналізуецца.

Чаму людзі часта ігнаруюць пераважную большасць краін і нацыянальнасцей? Што ж, у адрозненне ад невялікіх супольнасцей, да якіх мы прызвычаіліся ад самага пачатку, глабалізаваны свет узнік параўнальна нядаўна і па-ранейшаму з’яўляецца ў асноўным абстрактнай і нават уяўнай канцэпцыяй, паводле Андэрсана (2006), альбо глакалізаванай, паводле Робертсана (2018). Цытуючы беларускага інтэлектуала Паўла Данейку: “Функцыя народу – выжываць, жыць, быць такім, які ён ёсьць” (Булгакаў, 2006, с. 134) – то бок, большасць людзей заклапочаная тым, каб дажыць да канца месяца, і для гэтага ёй не трэба ведаць, ні дзе знаходзіцца Беларусь, ні якая яе сталіца, ні на якой мове размаўляе яе народ, таму гэтая інфармацыя неістотная і нават непатрэбная.

Па праўдзе кажучы, здзіўленне, якое пераследуе Вольгу і значную частку яе суайчыннікаў па ўсім свеце, паказвае на значна большую праблему. У апытанні, праведзеным інстытутам “Ipsos/Pulso Brasil” (França, 2007), каля 50% насельніцтва Бразіліі не можа знайсці ўласную краіну на мапе свету. Таму не дзіўна, што з іншымі краінамі карціна яшчэ горшая: толькі 3% апытаных здолелі знайсці Францыю, у той час як 84% не ведалі пра тое, што Аргенціна, як і Францыя, мяжуе з Бразіліяй. Такім чынам, ці можна чакаць, што бразільцы будуць ведаць што-небудзь пра Беларусь, калі большасць з іх нават не ведае, дзе сама знаходзіцца? Аднак гэтая праблема характэрная зусім не толькі для Бразіліі і не датычыцца выключна краін, якія развіваюцца. Калі падобныя дадзеныя могуць падацца беларускай грамадскасці шакіруючымі ці нават забаўнымі, дык нагадаем, шмат хто ў Беларусі не ведае, што ў Рэспубліцы Беларусь ёсць эксклаў Расійскай Федэрацыі – Санькова-Мядзвежжа – напрыклад. Карацей кажучы: значная частка “слабасці”, якая прыпісваецца беларускаму дыскурсу ідэнтычнасці і канструяванню яе нацыянальнасці – гэта проста адлюстраванне няведання і прагматызму, уласцівых чалавечай прыродзе. Мы ніколі не даведаемся ўсяго, і мусім засяродзіць увагу на пэўных рэчах, ігнаруючы іншыя, калі хочам выжыць. Тым не менш, дыскусія пра ідэнтычнасць мае найважнейшае значэнне як для тых, хто лічыць сябе элітай, так і для насельніцтва ў цэлым, на першы погляд апатычнага.

1.1 Меркаванні інтэлектуальных эліт

Беларуская сацыёлаг Нэлі Бекус (2010) спасылаецца на шэраг крыніц, якія тым ці іншым чынам ставяць пад сумнеў беларускую ідэнтычнасць: працы такіх аўтараў, як Дэвід Марплз, Джордж Сэнфард, Эд Джоселін, Колін Лоўсан, Разалінд Марш, Кэтлін Міхаліска, Рычард і Бэн Крамптаны, Карэн Давіша, Брус Пэрат, Томас Віндэрл, Рышард Радзік, Цімаці Снайдэр, сярод іншых, у большай ці меншай ступені адлюстроўваюць канструкцыю беларускай нацыянальнасці як слабую і няўстойлівую. У Беларусі яна таксама спасылаецца на інтэлектуалаў, такіх як Алена Карасцелева, Анатоль Астапенка і Сяргей Дубавец, да якіх можна дадаць, напрыклад, імёны накшталт Святлана Алексіевіч, Ірына Бугрова, Андрэй Вардамацкі, Святлана Калінкіна, Кася Камоцкая, Вячаслаў Кебіч, Жанна Літвіна, Анатоль Лябедзька, Уладзімер Улаховіч, Валеры Фралоў, сярод іншых інтэлектуалаў, апытаных у кнізе “Беларусь: ні Эўропа, ні Расея. Меркаванні беларускіх эліт” (2006).

Я не маю на ўвазе, што гэтыя асобы вераць ці нават абараняюць аргумент аб тым, што беларускі дыскурс ідэнтычнасці абсалютна слабы альбо адсутны. Улічваючы складанасць прадмета, немагчыма – я б нават сказаў, што непажадана – пазіцыянаваць сябе занадта цвёрда, бо кансенсус паказвае на цякучасць і шматлікія тлумачэнні самога паняцця дыскурсу ідэнтычнасці. Пры гэтым, асабліва што да меркаванняў нацыянальнай інтэлігенцыі, можна назіраць наступны спектр: ад тэндэнцыі адмаўляць альбо нават не заўважаць пэўную беларускую ідэнтычнасць, праз частковае прызнанне яе існавання з агаворкамі альбо сцвярджэнне, што гэты працэс толькі пачынаецца, да самых спрыяльных меркаванняў, як, напрыклад, Алеся Бяляцкага, Вінцука Вячоркі і Яўгена Бабосава, для якіх, падаецца, гэтае пытанне не столькі пра нацыянальную ідэнтычнасць, якая добра вызначаная і цесна звязаная з беларускай мовай, колькі пра ідэнтыфікацыю беларускага народа з аўтарытарным рэжымам. У сувязі з гэтым, мне здаецца, што калі такі пункт гледжання быў далёка не пашыраным у 2006 годзе, палярызацыйны характар пратэстаў 2020 года, безумоўна, паставіў яго ў цэнтр дыскусій, як мы ўбачым далей.

2. Палітычныя аспекты

Як і кожны жыхар глабальнай вёскі, згаданай у першым раздзеле, кожная краіна, што існуе сёння, перажыла велізарную паслядоўнасць падзей. Каб зразумець кожную з іх, дзе яна знаходзіцца і як жыве, неабходна прааналізаваць іх гісторыю, і Беларусь не выключэнне. Шмат што з таго, што сёння адбываецца ў Беларусі, з’яўляецца прамым наступствам яе каланіяльнага мінулага, што ставіць яе ў кантэкст, аналагічны многім іншым калоніям, якія сталі незалежнымі ў ХХ стагоддзі, напрыклад, у Афрыцы.

Квамэ Нкрума, панафрыканскі рэвалюцыянер і першы прэзідэнт Ганы, у сваёй кнізе “Класавая барацьба ў Афрыцы” (1970) апісвае сцэнар, да болю падобны да сучаснай Беларусі: “Большасць узброеных сіл і паліцыі Афрыкі з’явілася ў межах каланіяльнага рэпрэсіўнага апарата. Мала хто з іх сябраў далучыўся да нацыянальна-вызваленчай барацьбы. У большасці сваёй яны выкарыстоўваліся для правядзення паліцэйскіх аперацый супраць гэтай барацьбы”[1] (с. 41). Гісторыя паказвае нам, што ў 1994 г. пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь заняў не беларускі, а савецкі грамадзянін, з пункту гледжання лаяльнасці. Гэта магло адбыцца толькі ў краіне, дзяржаўны апарат якой не толькі застаўся нязменным пасля абвяшчэння незалежнасці, але і быў па сутнасці варожым да тых, хто за яе змагаўся. Гэта шмат у чым тлумачыць, чаму рэпрэсіі супраць дэманстрантаў, фальсіфікацыі і маніпуляцыі на выбарах сталі пастаяннымі ў Беларусі з часоў першых прэзідэнцкіх выбараў (Федута, 2005, с. 256, 309, 311-312, 637; Навумчык, 2006, с. 125; Consilium, 2020), паколькі апарат застаецца практычна тым жа, як і пры старым рэжыме.

У гэтым кантэксце звяртае на сябе ўвагу асабліва шакавальная падзея: чалавек, які не размаўляе на адзінай – літаральна адзінай – дзяржаўнай мове краіны, мае права балатавацца на найвышэйшую адміністрацыйную пасаду. На момант прэзідэнцкіх выбараў 1994 г. у адпаведнасці з канстытуцыяй у Беларусі была і магла быць афіцыйнай толькі і выключна беларуская мова. Такім чынам, натуральна, што той, хто быў гатовы балатавацца ў прэзідэнты, мусіў размаўляць – пераважна альбо выключна – на гэтай мове падчас выбарчай кампаніі і пасля абрання. Мы ведаем, што гэта не толькі не адбылося, але і адзначаецца, што для многіх людзей у Беларусі ў гэтай сітуацыі няма нічога шакавальнага – і гэта з’яўляецца часткай праблемы.

Я не сцвярджаю, што кандыдацтва ў прэзідэнты Беларусі мусіць быць дасяжным толькі для беларускамоўных моналінгваў, што практычна немагчыма пасля стагоддзяў уплыву расійскай мовы. Як казаў Францішак Багушэвіч: “Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю” (Осіпова, 2009, с. 90), – то бок, натуральна і нават пажадана, каб кандыдаты таксама вольна валодалі украінскай, польскай, літоўскай, латыскай і расійскай, а таксама ідыш і англійскай, сярод іншых, пры ўмове, што яны размаўляюць па-беларуску з беларускім народам. Любому мовазнаўцу вядома, што мова пачынае паміраць, калі носьбіты перастаюць яе ўжываць паміж сабой, як Багушэвіч таксама папярэджваў: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі” (тамсама). Дазволіўшы выбарчыя кампаніі на расійскай мове, беларуская дзяржава працягнула сумную традыцыю каланіяльнай спадчыны і, пакінуўшы ў баку беларускую мову, пакінула дэмакратычную і незалежную рэспубліку пад пагрозай смерці.

Не дазваляйце сябе падмануць: мова – гэта палітыка. Што мова не мае значэння, кажуць тыя, што адчуваюць сябе прадстаўленымі дамінуючым палітычным дыскурсам, у дадзеным выпадку, расійскамоўнага каланіяльнага паходжання. Гэтыя людзі першымі паскардзяцца, калі адчуюць, што іхняй мове нешта пагражае, нават уяўна. Няма і не можа быць беларускай нацыі без беларускай мовы, што, безумоўна, вядзе да непазбежна дэкаланіяльнай гістарычнай свядомасці. Натуральна чакаць, што чалавек, які размаўляе па-беларуску, атаясамліваецца з Пагоняй, бел-чырвона-белым сцягам, Днём Волі і Захадам. І наадварот, чалавек, які гаворыць па-расійску і публічна пагарджае беларускай мовай, нават калі гэта яго родная мова, нязменна будзе звяртацца да Масквы і грунтаваць сутнасць свайго быцця на расійска-савецкай спадчыне. Маючы поўныя паўнамоцтвы, зусім не дзіўна, што апошні зруйнаваў дэмакратычныя каштоўнасці і ўсталяваў аўтарытарны расійскамоўны рэжым з неасавецкай сімволікай, даўшы новае жыццё каланіяльнаму апарату. Паводле Нкрумы, гэты апарат складаецца з ваеннай, паліцэйскай і бюракратычнай эліты, арганізацый, створаных старой метраполіяй для абароны сваіх інтарэсаў, і выжыванне і дабрабыт яе сябраў залежаць ад падтрымання старой структуры. Такі хаўрус спалучае карыснае з прыемным для тых, хто кіруе гэтай агіднай сістэмай: бюракраты плануюць, а ваенныя і паліцыя выконваюць, як мы і бачым сёння.

Акрамя таго, што ў цяперашні час Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у свеце, дзе КДБ працягвае працаваць пад той самай назвай, толькі ў Беларусі гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі з’яўляецца святам, і гэта больш чым сімвалічна. Дарэчы, хапае і іншых памятных дат, што супадаюць з савецкімі: Дзень міліцыі і Дзень абаронцы Айчыны, а таксама новы Дзень Незалежнасці, усталяваны на антыканстытуцыйным рэферэндуме ў 1996 годзе. У тым годзе, дарэчы, ледзь не адбыўся першы ў гісторыі Беларусі імпічмент. Аднак, як кажа нам беларускі палітолаг Аляксандр Фядута, “імпічмент не адбыўся. Яму перашкодзіў… беларускі парламент. Менавіта Вярхоўны Савет звярнуўся да кіраўніцтва Расіі з просьбай выступіць у якасці трацэйскага суддзі ў спрэчцы беларускіх галін улады, што і зрабіла катастрофу непазбежнай”[2] (с. 309). Карацей кажучы: Лукашэнка быў прадказальнай катастрофай, а ўстановы, якія маглі сарваць яго планы, былі больш лаяльнымі да інтарэсаў метраполіі, якая іх спарадзіла, – нягледзячы на гераічныя намаганні некаторых – чым да беларускага народа, які яны павінны абараняць.

2.1 Мы супраць іх

Кожнае чалавечае грамадства заснавана на дыхатаміі, якую можна назваць “мы супраць іх”. Гэтае “мы” можа быць, напрыклад, сям’ёй, групай альбо сацыяльным класам, нацыяй ці расай, адрознай ад іншых. Гістарычна гэтая дыхатамія служыла асновай для размежавання нацый і плацдармам канфліктаў, якія прывялі да ўздыму і падзення незлічоных дзяржаў. Сёння можна падзяліць краіны свету на дзве катэгорыі, згодна з гэтай дыхатаміяй: тыя, дзе яна працуе ўнутрана, гэта значыць “мы супраць іх” адносіцца да слаёў самога грамадства, у пэўным унутраным (неа)каланіялізме; і тыя, дзе гэта праяўляецца знешне, гэта значыць, краіна аб’ядноўваецца супраць іншых у знешнім (неа)каланіялізме. Вядома, гэта нельга разумець літаральна – чалавечыя грамадствы складаныя, і кожная краіна ў большай ці меншай ступені будзе праяўляць асаблівасці абедзвюх катэгорый. Акрамя таго, гэты антаганізм мае незлічоную колькасць праяў, і ўзброеная барацьба з’яўляецца толькі адной з іх.

Беларусь, як і Бразілія і многія іншыя былыя калоніі, адносіцца да першай катэгорыі, паколькі яе дыхатамія “мы супраць іх” перакладаецца як урад супраць уласнага народа, што, у дадзеным выпадку, сімвалізуецца дуэллю сцягоў – традыцыйнага супраць неасавецкага. Што да доўгай гісторыі першага, як сімвала супраціву імперыі, беларускі гісторык Андрэй Катлярчук звяртае ўвагу: “Пад гэтым сцягам беларусы два разы ў XX стагоддзі прыходзілі да дэмакратыі – 1918 год і 1991 год! Два разы ён быў сімвалам дэмакратычнай рэвалюцыі. Цяпер гэта трэці раз” (2021). Гэта наўпрост супярэчыць усяму, што сімвалізуе другі сцяг, натхнёны савецкім дыскурсам, як тлумачыць гісторык: “пад гэтым сцягам [чырвона-зялёным] ішла прымусовая калектывізацыя Заходняй Беларусі, вынішчаліся апошнія згуртаванні антысавецкага супраціву, катавалі беларускую моладзь” (тамсама). Быццам бы гісторыя паўтараецца, сёння мы з велізарным шкадаваннем бачым, што беларускую моладзь ізноў катуюць пад такім самым сцягам, у той час як на бел-чырвона-белы сцяг, паводле Катлярчука, вядзецца паляванне, што “ілюструе развал дыялогу паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю”[3] (2020).

Так сама, як я сцвярджаю, што Лукашэнка быў прадказальнай трагедыяй, развал, пра які кажа Катлярчук, мусіў адбыцца рана ці позна, і абедзве падзеі цесна пераплеценыя з меркаваннем, што Беларусь мае слабую нацыянальную ідэнтычнасць. Як рэжым, заснаваны на няўдалым дыскурсе краіны, якой нават ужо не існуе, можа быць моцным? Як можна паважаць кіраўніка дзяржавы, які пагарджае ўласным народам і яго мовай на карысць іншага? Узяўшы пад кантроль беларускія ўстановы, дыктатар не ўмацаваў краіну, наадварот, ён падарваў яе асновы да такой ступені, што некалькі разоў яму даводзілася звяртацца да нацыяналістычнага дыскурсу, каб былая метраполія не праглынула яго, як у выпадку з ягонымі рэдкімі выступамі па-беларуску і прысабечваннем дасавецкай спадчыны. Ягоная прамова пра блізкасць да былой метраполіі па сваёй сутнасці непраўдзівая і служыць толькі замацаванню яго пазіцыі крамлёўскага дыванка, бо, у рэшце рэшт, ніводны каланізатар ніколі не ўбачыць у каланізаваным роўнага сабе, як ілюструе Фядута (2005, с. 604):

Сяргей Глазьеў доўга распісваў мне ўсе вабноты ўваходжання Беларусі ў Саюз. Але на пытанне, ці не разглядае ён магчымасці таго, што прэзідэнтам Саюза стане Аляксандр Лукашэнка, Глазьеў тады (па-мойму, у 1996 годзе) проста рассмяяўся: – Гэтага не можа быць! Гэтага не можа быць! […] Куды ж яму – “нярускаму” – Расіяй правіць?[4]

Практычна ўсе народы свету перажылі альбо яшчэ перажываюць пэўны каланіяльны досвед, але справа ў наступным: чым больш (былы) каланізатар істотны для каланізаванага, тым менш фактычна незалежны апошні. У гэтым і заключаецца вялікая слабасць рэжыму: з таго часу, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады, ён не шкадуе намаганняў у павялічэнні значнасці былой метраполіі для свайго народа, выкарыстоўваючы аргумент пра брацкія народы. І ўся праблема “слабой беларускай ідэнтычнасці” вынікае з гэтай блізкасці да Расіі, як адзначае Пётра Мурзёнак, дзеяч беларускай дыяспары ў Канадзе: “пагроза незалежнасці-паглынання ідзе з усходу, з боку “русского міра”. Так атрымалася, маем такога суседа! Добра было б перасяліцца ад яго на нейкі асобны востраў, калі б гэта было магчыма… А так трэба шукаць падыходы, каб абараніцца” (2019).

Тое, што Беларусь і Расія не раздзеленыя акіянам, не замінае ім быць надзвычай рознымі краінамі. Дыскурс аб “братэрскай любові” паміж імі хавае эканамічныя інтарэсы імперыялістычнага парадку, як адзначае беларуская палітолаг Ірына Бугрова (Булгакаў, 2006, с. 127):

Калі вы заўважылі: як толькі расейская палітыка мяняецца ў бок ціску на Беларусь, адразу ж мяняецца і беларуская грамадзкая думка ў бок большай дыстанцыі ад Расеі. Гэта гаворыць, у прынцыпе, пра тое, што беларусы не гатовыя да такіх цесных саюзных дачыненьняў. І, трэба сказаць, наперакор афіцыйнай прапагандзе не адчуваюць такой ужо калясальнай братэрскай любові. Гэта містыфікацыя!

Калі Бранская і Смаленская вобласці падобныя да Беларусі, дык гэта таму, што гэта гістарычна беларускія землі. Насамрэч любыя прыгранічныя рэгіёны мусяць мець больш падабенстваў, чым адрозненняў. Аднак па меры паглыблення, Расія робіцца ўсё больш чужой, з беларускага пункту гледжання, і я кажу не толькі пра такія рэспублікі, як Дагестан і Ўдмуртыя, альбо пра гіганцкую Саху. Нават “славянскія” рэгіёны Расіі адрозніваюцца ад таго, што можна было б лічыць “славянскім” у Беларусі, Славакіі ці Чарнагорыі, і гэта спадчына досведу кожнага з гэтых і іншых народаў на працягу стагоддзяў, які папярэднічаў эфемернай інтэграцыі, перажытай імі ў камуністычны перыяд. Выключыце расійскую мову і савецкую спадчыну з Беларусі, і Расія стане такой самай замежнай – альбо аддалена знаёмай – як, напрыклад, Польшча альбо Балгарыя. Калі гэта здаецца складаным, проста паглядзіце на новы рубель – адну са спроб Лукашэнкі прысабечыць беларускі нацыяналістычны дыскурс, каб пазбегнуць лёсу простага губернатара суб’екта РФ альбо цалкам быць знішчаным ўсходнім рэжымам. Гэта паказвае моц нацыяналістычнага дыскурсу, сімвалізаванага бел-чырвона-белым сцягам і Пагоняй. Ён заснаваны на мінулым не падпарадкавання, а пратаганізму з уласнай мовай і культурай, значна ранейшым за 1917 год.

Аднак, нават з улікам перавагі гэтай ідэнтычнасці, суверэнітэт Беларусі не цалкам гарантаваны. Як ужо згадвалася раней, дыскурс пра блізкасць “брацкіх народаў” хавае эканамічныя інтарэсы рэжымаў так званай Саюзнай дзяржавы. Без перарывання гэтай эканамічнай залежнасці Беларусь ніколі не пакіне зоны ўплыву Масквы. Толькі моцная і ўстойлівая эканоміка можа даць краіне поўную сілу абараніць свой суверэнітэт, як мы ўбачым у наступным раздзеле.

3. Эканамічныя аспекты

Хоць эканоміка сама па сабе не мае большага значэння, чым сацыялагічныя і палітычныя аспекты, яе роля ўспрымаецца як цэнтральная ва ўмацаванні дыскурсу ідэнтычнасці краіны на міжнародным узроўні. Менавіта дзякуючы сваім велізарным эканамічным здабыткам, “безыменныя” краіны, пра якія я распавядаў ва ўводзінах, не толькі выжылі і захавалі суверэнітэт, але і здабылі сусветную вядомасць, і, як следства, мала хто ставіць пад сумнеў сапраўднасць іх дыскурсаў ідэнтычнасці. Важнасць эканомікі ў пабудове моцнага дыскурсу ідэнтычнасці не з’яўляецца чымсьці новым, як сведчыць Бугрова (Булгакаў, 2006, с. 126). Паводле яе, першым фактарам, культурным альбо нацыянальным, у дыскурсе ідэнтычнасці насамрэч кіруе фактар эканамічны. Ня этнакультурны, не культуралягічны, а менавіта эканамічны! Праз эканамічны фактар узьнікае нацыянальна, этнічна цікавы элемэнт – тып вядзеньня гаспадаркі беларусаў. Гэта пытаньне формы эканомікі, гэта пытаньне разьвіцьця нейкіх лякальных супольнасьцяў на нейкім узроўні і г. д. Праз эканоміку зьяўляецца і адраджаецца тое, што зьвязана з этнасам і культурай.

Вядомым прыкладам таго, наколькі эканамічны фактар істотны для пабудовы ідэнтычнасці краіны, з’яўляецца Швейцарыя, якая нават не мае сталіцы і дзе менш за 1% насельніцтва размаўляе на нацыянальнай мове. Тым не менш, паколькі гэта адна з найзаможнейшых краін свету, яе ідэнтычнасць не толькі не ставіцца пад сумнеў, але яна яшчэ і служыць узорам развіцця, а яе назва выкарыстоўваецца для падкрэслення важнасці іншых краін у адпаведных рэгіёнах (паўднёваамерыканская “Швейцарыя”, афрыканская, блізкаўсходняя, паўднёваўсходнеазіяцкая і гэтак далей). Як і Беларусь, Швейцарыя не мае выхаду да мора, а яе крытычна больш абмежаваныя тэрыторыя і прыродныя рэсурсы, маглі б быць падставай для поўнага правалу, калі прымяніць той самы беларускі аргумент – каланіяльны ўплыў – для ацэнкі яе патэнцыялу. Але, у адрозненне ад Беларусі, Швейцарыя мае дэцэнтралізаваны ўрад, а таксама празрыстыя і эфектыўныя ўстановы, якія развіваюць і рэгулююць моцную і глабалізаваную эканоміку.

Можна запярэчыць, нібыта гэта звязана з відавочнай “старажытнасцю” швейцарскіх устаноў, у той час як Беларусь з’яўляецца “маладой” краінай. Хоць такое мысленне не пазбаўлена логікі, маем прыклад старажытнай Эфіопіі, трагічна асацыяванай з нестабільнасцю і голадам, у адрозненне ад маладой Германіі, моцна разбуранай падчас найвялікшай вайны ў гісторыі і ўз’яднанай толькі ў 1989 г., якая сёння з’яўляецца найбуйнейшай эканомікай у Еўропе. Аўстралія нядаўна змяніла тэкст свайго гімна (Gershon, 2021), які апісваў яе народ як “малады”, замяніўшы гэты тэрмін на “адзіны”, з павагі да цывілізацый, якія жывуць там па меншай меры 65 000 гадоў, але не гэта стала прычынай яе развіцця. Тым часам бразільскі гімн працягвае апісваць нас як “гіганта, які спіць”, як частку так званага “новага свету”, чыя веліч яшчэ наперадзе. Але, калі Бразілія, што мае больш чым 500-гадовую гісторыю пад гэтай назвай, 200 з якіх з’яўляючыся незалежнай дзяржавай, спрабуе апраўдаць галечу сваёй “маладосцю”, дык што казаць пра Канаду, якая з’яўляецца часткай таго самага “свету” і, толькі нядаўна адсвяткаваўшы 150 гадоў, усё яшчэ знаходзіцца пад эгідай брытанскай кароны?

Калі ад узроста краіны, а таксама яе тэрыторыі, прыродных рэсурсаў, як і колькасці і аднастайнасці насельніцтва, не абавязкова залежыць узровень эканамічнага развіцця (гл. Сінгапур), можна разглядаць гэты аргумент як хлусню, якая служыць для апраўдання гістарычнай сацыяльна-эканамічнай няроўнасці, што будзе замінаць, як сцвярджае Бугрова, таму, каб з’явіўся “нацыянальна, этнічна цікавы элемэнт”, здольны аб’яднаць народ дзеля ўласнага дабрабыту. Як мы бачылі ў папярэднім раздзеле, такі сцэнар не выпадкова адбываецца ў Беларусі, дзе існуюць моцныя палітычныя інтарэсы як унутры, так і па-за межамі краіны, якія дзейнічаюць для таго, каб беларускія ўстановы працягвалі працаваць менавіта так, як працуюць, на карысць некаторых і на шкоду многіх. У такім выпадку, як змяніць гэтую сітуацыю?

3.1 Да эканамічнай і энергетычнай незалежнасці

Як сцвярджае Бугрова, праз “эканоміку зьяўляецца і адраджаецца тое, што зьвязана з этнасам і культурай”. Гэта не азначае, што эканамічны прагрэс – рашэнне ўсіх праблем, але ў тым, што ад эканомікі залежыць выжыванне народа і стабільнасць яго ўрада, мала хто будзе сумнявацца. Хоць прапаганда Лукашэнкі і спрабуе пераканаць людзей у адваротным, менавіта эканамічны крызіс быў вырашальным фактарам вымірання Савецкага Саюза. Гэтак жа, як сведчыць беларускі палітолаг Рыгор Астапеня (2020), “беларуская эканоміка ўжо была ў дрэнным стане да выбараў, але сітуацыя будзе значна пагаршацца”[5], што паказвае на магчымы для рэжыма Лукашэнкі канец, падобны да развалу дзяржавы, якой ён так захапляецца.

Падобна таму, як эканамічныя, сацыяльныя і палітычныя праблемы ўзніклі ў Беларусі не ўчора, доўгатэрміновыя рэформы, неабходныя для прагрэсу краіны, не адбудуцца за адну ноч. Аднак ва ўмовах хаосу, у які дыктатар увёў краіну пасля адмовы прызнаць сваю паразу Святлане Ціханоўскай на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года (Вясна, 2020), неабходна таксама прадумаць больш тэрміновыя эканамічныя меры, у кароткатэрміновай і сярэднетэрміновай перспектыве: з мэтай аказання дапамогі найбольш уразлівым слаям насельніцтва і прадухілення яшчэ большай трагедыі. У гэтым напрамку, акрамя дзеянняў, якія Ціханоўская і Народнае Антыкрызіснае Ўпраўленне ўжо праводзяць са сваімі саюзнікамі ў ЕС і Паўночнай Амерыцы, неабходна прадугледзець, як гэтыя саюзнікі могуць дапамагчы ў барацьбе з аўтарытарызмам і парушэннямі правоў чалавека, здзейсненымі рэжымам Лукашэнкі. У якасці адпраўной кропкі Астапеня паказвае на сем спосабаў, як Захад можа дапамагчы Беларусі ва ўмовах цяперашняга крызісу:

  1. Прызнаць новую рэальнасць: Лукашэнка страціў любую легітымнасць, якую ён мог бы мець, так што большасць беларускага народа больш не бачыць у ім лідэра, і міжнародная супольнасць павінна гэта прыняць.
  2. Не прызнаваць Лукашэнку прэзідэнтам: без прызнання міжнароднай супольнасці дыктатар страціць любую фінансавую падтрымку, якая дапамагла б яму захаваць уладу. Неабходна патрабаваць новых празрыстых выбараў, што можа адбыцца толькі пры міжнародным ціску.
  3. Прысутнічаць на месцы: Важна, каб міжнародныя органы, такія як ААН і АБСЕ, а таксама НДА і дыпламатычныя місіі іншых краін уважліва сачылі за сітуацыяй. Чым большая міжнародная бачнасць, тым менш жорсткімі будуць рэпрэсіі і тым больш стымулаў для мірных перамоваў.
  4. Абвясціць пакет эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі: Астапеня абараняе рэалізацыю своеасаблівага плана Маршала па выхадзе Беларусі з крызісу. Паводле яго слоў, нягледзячы на тое, што гэтая фінансавая падтрымка павінна суправаджацца дэмакратычнымі рэформамі, важна, каб беларускі ўрад быў вольны нават весці перамовы з Расіяй, каб прыцягнуць нават самых праўсходніх палітыкаў.
  5. Увесці мэтавыя палітычныя і эканамічныя санкцыі: Больш жорсткія і мэтавыя санкцыі неабходныя як для вышэйшага камандавання дыктатара, так і для кампаній, якія вядуць з ім бізнес. Аўтар таксама прапануе увесці тэрміны, пасля якіх санкцыі будуць яшчэ больш жорсткімі. Гэтая мера разлічанае на тое, каб пераканаць саўдзельнікаў Лукашэнкі павярнуцца супраць яго.
  6. Падтрымаць НДА ў расследаванні заяў пра катаванні: Не маючы законных рэсурсаў для пераследу злачынстваў, учыненых дзяржаўнымі службовымі асобамі супраць мірнага насельніцтва, неабходна забяспечыць для беларускіх НДА партнёрства з замежнымі ўстановамі для дакументацыі злачынстваў, каб можна было прыняць адпаведныя меры, як толькі ўзнікнуць спрыяльныя ўмовы.
  7. Падтрымаць вядомых ахвяр рэжыму: Кампаній салідарнасці з ахвярамі рэжыму, нягледзячы на іхнюю безумоўную карысць, недастаткова, каб дапамагчы ўсім, улічваючы сур’ёзнасць сітуацыі. Такім чынам, неабходна большая фінансавая падтрымка ахвярам, арганізацыям і праваабаронцам, якія змагаюцца супраць рэжыму.

Дапусцім, што гэтыя і іншыя меры прымяняюцца паспяхова, і людзі канчаткова перамагаюць тыранію. Што цяпер? Ці скончацца праблемы ў краіне? Далёка не так. Як аднойчы сказаў вядомы алжырскі пакутнік Ларбі Бэн М’іды (Cinematic Rating, 2020), “Пачаць рэвалюцыю няпроста. Працягнуць яе складаней, але толькі пасля нашай перамогі пачнуцца сапраўдныя цяжкасці”[6]. Гісторыя паказвае нам, што ўлада не пакідае вакуума. Неўзабаве пасля звяржэння аўтарытарнага рэжыму, калі не будуць прыняты сур’ёзныя меры, утворыцца іншы, як гэта адбылося ў шэрагу былых савецкіх рэспублік. Невыпадкова гэтыя постсавецкія аўтарытарныя рэжымы, як у Цэнтральнай Азіі і на Каўказе, атрымліваюць субсідыі ад Расіі – найбуйнейшай эканомікі рэгіёна. Для барацьбы з гэтай тэндэнцыяй, як адзначае Астапеня, неабходна садзейнічаць пашырэнню інтэграцыі з ЕС, асабліва на фінансавым узроўні, але будучыня, у якой Беларусь залежыць ад міласціны еўрапейскай супольнасці, таксама не пажаданая. Акрамя таго, пагодзімся, што ніхто проста так не ахвяруе мільёны еўра, не чакаючы нічога ўзамен, а Беларусь дакладна не валодае вялікай гандлёвай сілай, акрамя свайго стратэгічнага становішча паміж Захадам і Усходам, якое таксама не з’яўляецца яе выключнай перавагай. Такім чынам, толькі дыверсіфікаваная і глабалізаваная нацыянальная эканоміка, а, значыць, не залежная толькі ад таго ці іншага прадукту / пакупніка, можа стварыць глебу для вядзення перамоў з суседнімі дзяржавамі на ўласных умовах. Алекс Крэмер, кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі, яшчэ да цяперашняга крызісу адзначаў гэты напрамак (World Bank, 2019):

Вельмі важна ўмацаваць канкурэнтаздольнасць і, такім чынам, экспартаваць больш прадукцыі ў больш шырокае кола краін (…). Далейшае паляпшэнне дзелавога асяроддзя і інтэнсіфікацыя рэструктурызацыі кампаній, асабліва дзяржаўных, дапамаглі б вытворцам уводзіць інавацыі і больш экспартаваць. У адваротным выпадку, адзіны спосаб урэгулявання дзяржаўнай пазыкі – скарачэнне дзяржаўных выдаткаў і падвышэнне падаткаў.[7]

З прычын, разгледжаных у папярэднім раздзеле, мы ведаем, што змены, рэкамендаваныя Крэмерам, ніколі не будуць прыняты ўрадам Лукашэнкі. Гандляваць з больш шырокім колам краін і, такім чынам, менш залежыць ад Расіі? Рэструктураваць дзяржаўныя кампаніі і заахвочваць прыватныя? Уводзіць інавацыі? Прасцей змяніць беларускі ўрад, чым увесці гэтыя меры пры цяперашнім, і менавіта гэта мусіць адбыцца ў ідэале. Беларусь мае велізарны патэнцыял эканамічнага росту, як паказваюць некаторыя з самых прыбытковых стартапаў, практычна ўсе яны працуюць за мяжой менавіта праз адсутнасць спрыяльнага бізнес-асяроддзя ва ўласнай краіне.

Дапусцім, што народ перамагае, Ціханоўская вядзе мірны дэмакратычны пераход, і наступнае кіраўніцтва краіны праводзіць рэформы, якія прыводзяць да росквіту беларускай эканомікі. Гэта, вядома, з невялікай дапамогай ЕС і НАТА, каб прадухіліць прысутнасць непажаданых гасцей. І ўсё ж будзе істотная праблема, якую давядзецца вырашаць новаму ўраду: энергетычная залежнасць. Не сакрэт, што значная частка ўплыву Крамля на Беларусь звязана з нафтай і прыродным газам, неабходнымі для выжывання насельніцтва. Такім чынам, расейцам дастаткова падняць кошты, каб задушыць беларускую эканоміку. Але ці так залежыць Беларусь ад Расіі?

Вядома, што ў Беларусі няма вялікіх запасаў нафты і прыроднага газу. Аднак, паводле даследавання Каўнаскага універсітэта, яе “геаграфічнае становішча мае шэраг пераваг у шырокім выкарыстанні большасці аднаўляльных крыніц энергіі і біяэнергіі”[8] (Raslavičius, 2012, с. 5399). Інвестыцыі ў гэтую сферу – гэта не проста выбар, але неабходнасць не толькі з мэтай дасягнення энергетычнай самадастатковасці, але і з-за сусветнай тэндэнцыі памяншэння спажывання выкапнёвага паліва, якое, акрамя забруджвання навакольнага асяроддзя, па-ранейшаму ставіць цэлыя краіны ў залежнасць ад ваганняў цэн на міжнародным рынку, як гэта адбылося ў перыяд з 2006 па 2010 год, калі кошт прыроднага газу, які Беларусь імпартавала з Расіі, павялічыўся больш чым на 350% (с. 5401).

Падобна таму, як каланізаваная ментальнасць, якую падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, часта прымушае сам беларускі народ думаць пра сябе як пра “маленькую”, “маладую” ці нават “нязначную” краіну, каб на нявызначаны час утрымліваць яе ў арбіце былой метраполіі, тое самае можна сказаць і пра міф, што ў Беларусі няма аднаўляльных крыніц энергіі. Нават вобраз “краіны пад шэрым небам” хавае велізарны патэнцыял для атрымання сонечнай энергіі, паводле таго ж даследавання:

Мяркуецца, што сёння больш за 40% усіх дахаў будынкаў і 15% іх вонкавых бакоў прыдатныя для усталявання фотаэлектрычных прыбораў. (…) Навукоўцы і прадпрымальнікі, што займаюцца эксперыментальнай вытворчасцю сонечных модуляў не сумняюцца, што для вытворчасці сонечнай электраэнергіі гэтага цалкам дастаткова для Беларусі. Даследаванне паказала, што Германіі (дзе узровень асветленасці ніжэйшы, чым у Беларусі), якая да канца 2010 года мела больш за 16 ГВт фотаэлектрычнай электраэнергіі, убудаванай у сваю сетку, яшчэ далёка да перавышэння абмежаванняў сеткі.[9]

Акрамя гэтага неверагоднага патэнцыяла, паводле даследавання, Беларусь можа атрымліваць значна больш энергіі з іншых крыніц. Паводле афіцыйных дадзеных, у краіне прыблізна 1840 участкаў, прыдатных для стварэння ветрапаркаў, патэнцыял якіх мог дасягнуць 1,6 ГВт (з якіх да 2010 года былі выкарыстаныя толькі 2 МВт), з магчымасцю павялічэння ў 700 разоў цягам наступнага дзесяцігоддзя. Аднак не дзіўна, што больш чым праз дзесяць гадоў гэтая колькасць дасягнула ўсяго 10 МВт (Niu & Korneev, 2021, с. 64). Падобная сітуацыя і з вытворчасцю гідраэлектраэнергіі: у 1960-х гадах было падлічана, што гідраэнергетычны патэнцыял Беларусі перавышае 7 ГВт (2012, с. 5407), з якіх у цяперашні час выкарыстоўваецца толькі 6 МВт (2021, с. 63); а біяпаліва з вялізным патэнцыялам росту, які, паводле ацэнак, складаў 2500% для біягазу і біядызельнага паліва (2012, с. 5401) – перажывае стагнацыю і адсутнасць значных інвестыцый праз дзесяць гадоў (2021, с. 64).

Усё гэта прыводзіць да пытання: чаму рэжым Лукашэнкі так мала ўкладвае ў аднаўляльныя крыніцы энергіі, якія могуць садзейнічаць дасягненню энергетычнай незалежнасці краіны, акрамя аховы навакольнага асяроддзя? Ён меў для гэтага сродкі, і прычына не ў недахопе грошай – Астравец таму пацверджанне. Калі адказ на гэтае пытанне здаецца відавочным, лепш запытацца ў наступнага ўрада, спадзяюся, сапраўды дэмакратычнага: што вы можаце зрабіць, каб змяніць гэтую сітуацыю?

Заключныя меркаванні

Пабудова нацыянальнасці народа – гэта бясконцая праца, і яго нацыянальныя дыскурсы будуць настолькі ж шматлікімі, як і асобы, якія ўваходзяць у яго альбо разважаюць пра яго цягам стагоддзяў. Ніводная краіна ў свеце не можа пахваліцца добра вырашаным пытаннем культуры і ідэнтычнасці, не ў апошнюю чаргу таму, што ідэнтычнасць народа залежыць ад іншых, каб (пера)вызначаць сябе ў адпаведнасці з намерамі і патрэбамі моманту. Іншымі словамі, адказ так сама складана сфармуляваць, як і само пытанне.

Мэтай гэтага кароткага даследавання было паказаць, што эканамічны фактар важыць надзвычай больш у дыскусіі вакол беларускага пытання ідэнтычнасці, чым многія думаюць. Калі хтосьці сцвярджае, што беларуская мова штучная, ламаная ці зусім не існуе, альбо што беларуская нацыя (калі яе наогул прызнаюць) маленькая і мае патрэбу ў дапамозе меркаванага старэйшага брата, свядома ці не, ён сыходзіць з эканамічнай перспектывы, а не культурнай, моўнай альбо ідэнтычнай. Калі тыя ж аргументы прымяніць да іншых краін, нават ЗША нельга разглядаць як незалежную і суверэнную дзяржаву.

Што датычыцца палітычных і сацыялагічных аспектаў, адзначаецца, што чалавечая недасведчанасць і, чаму б не сказаць, глупства, асабліва ў тэме гісторыі і геаграфіі, не маюць межаў. Заўсёды знойдзецца той, хто не будзе ведаць пра існаванне Беларусі, і гэта больш ці менш датычыцца любой іншай з амаль дзвюх сотняў краін, якія цяпер існуюць. Аднак, як Бразілія не стане размаўляць па-іспанску праз тое, што некаторыя недасведчаныя замежнікі думаюць, нібыта мы размаўляем на гэтай мове, так і Беларусь не спыніць сваё існаванне як незалежная краіна праз некаторых невукаў. Калі нават найвялікшыя ваенныя машыны ў гісторыі чалавецтва, як Мангольская імперыя / Залатая Арда, напалеонаўская Францыя, Расійская імперыя, нацысцкая Германія і Савецкі Саюз не здолелі знішчыць Беларусь, гэта не здолее зрабіць просты смяротны чалавек са сваім скажоным поглядам на краіну, нават калі ён зойме пасаду прэзідэнта.

Абапіраючыся на ацэнкі экспертаў з Беларусі і свету, прааналізаваныя ў гэтым даследаванні, я хацеў бы прапанаваць некалькі кірункаў, якія могуць садзейнічаць выхаду краіны з цяперашняга глыбокага палітычнага і эканамічнага крызісу, а дакладней, з дыктатарскага нацыянальнага праекта, які падаўжае гэтую сітуацыю, што няўмольна пагаршаецца ў апошнія гады, а менавіта:

  • Супрацоўнічаць з міжнароднай супольнасцю: Як мы бачым у сямі кроках, апісаных Астапеням, міжнародны ціск мае ключавое значэнне ў барацьбе з дыктатурай у Беларусі, галоўным чынам з боку дэмакратычных краін, якія сапраўды ўдзельнічаюць у барацьбе з парушэннямі правоў чалавека, што здзяйсняюцца рэжымам Лукашэнкі. Ад дэмакратычна абранай лідэркі Святланы Ціханоўскай і Народнага Антыкрызіснага Ўпраўлення, а таксама ад Народных Амбасад і іншых ініцыятыў дэмакратычнай Беларусі залежыць умацаванне сувязей з саюзнікамі для спынення рэпрэсій і аднаўлення дэмакратыі ў краіне пасля падзення рэжыму.
  • Аднавіць канстытуцыю 1994 года і адмяніць усе канстытуцыйныя папраўкі, уведзеныя Лукашэнкам: Ніводныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не праходзілі празрыста. З 1994 года кожнае галасаванне адзначалася прыкметамі фальсіфікацый і расійскага ўмяшальніцтва, практычна нармалізаваных з тых часоў, не кажучы пра тое, што Лукашэнка наогул не мог бы быць кандыдатам у прэзідэнты, бо не размаўляў на адзінай дзяржаўнай мове. Да таго ж, антыканстытуцыйныя рэферэндумы, праведзеныя дыктатарам шляхам запалохвання, фальсіфікацый і маніпуляцый, мусіць быць адменены, вярнуўшы, такім чынам, канстытуцыю 1994 года, якой яна была да прыходу дыктатара да ўлады.
  • Дыверсіфікаваць эканоміку і гандлёвых партнёраў: У дадатак да трывалых сувязяў з міжнароднай супольнасцю, Беларусі спатрэбіцца шмат грошай, каб аднавіцца. Таму будзе важна ствараць камерцыйныя дамовы і прыцягваць замежныя інвестыцыі. У гэтым кірунку, чым больш краін удзельнічае, тым лепш. Адным з найбуйнейшых плюсаў Беларусі з’яўляецца яе размяшчэнне паміж Захадам і Усходам, што ідэальна падыходзіць для ўзаемавыгадных эканамічных сувязяў з ЕС, Кітаем і Расіяй, акрамя Паўночнай Амерыкі і іншых рэгіёнаў. Пры стварэнні спрыяльных умоў для бізнесу і свабоднай цыркуляцыі ідэй беларускія ўстановы і арганізацыі ў выгнанні будуць мець магчымасць вярнуцца да дзейнасці ў краіне, забяспечваючы тым самым сваю міжнародную экспертызу. Пры такім сцэнары, маючы высокакваліфікаваную працоўную сілу, беларускія кампаніі змогуць развівацца і дыверсіфікавацца, памяншаючы эканамічную залежнасць краіны ад замежнага капіталу і ўмацоўваючы ўнутраны рынак.
  • Інвеставаць у энергетычную незалежнасць: Беларусь, насуперак распаўсюджанаму меркаванню, мае велізарны патэнцыял аднаўляльных крыніц энергіі. Гэтая глабальная тэндэнцыя таксама з’яўляецца адзіным гарантаваным спосабам для краіны не залежыць ад эканамічнай і палітычнай хісткасці, уласцівай імпарту, асабліва выкапнёвага паліва. Аднак пераход да аднаўляльных крыніц энергіі – гэта павольны, складаны і дарагі працэс, які можа не задаволіць увесь попыт насельніцтва на энергію. Таму Беларусі неабходна дыверсіфікаваць імпарт выкапнёвага паліва, напрыклад, праз Літву і Украіну, каб абмежаваць сваю энергетычную залежнасць ад РФ.

Варта адзначыць, што гэтыя і іншыя напрамкі далёка не з’яўляюцца гатовым рэцэптам ці ўзорам цудоўнага аднаўлення краіны. Не існуе і не можа існаваць адзінай мадэлі, якая падыходзіць Беларусі, як і нельга сканцэнтраваць усю ўладу ў руках аднаго кіраўніка альбо залежыць толькі ад адной крыніцы энергіі і даходаў. Насуперак таму, у чым аўтарытарныя рэжымы спрабуюць нас пераканаць, разнастайнасць меркаванняў, досведаў і суб’ектыўных поглядаў мусіць быць найвялікшым багаццем любой краіны – праблема менавіта ў тым, калі гэтая свабода прыціскаецца. У межах гульні “мы супраць іх” важна, каб кожная нацыя зразумела, што разнастайнасць – гэта тое, што нас аб’ядноўвае. Прычым “яны” не з’яўляюцца жыхарамі адной з намі вёскі – як на мясцовым так на і глабальным узроўні, – а хутчэй, такімі цяжкасцямі, як пандэміі і змены клімату, праблемы XXI стагоддзя, у якія мы яшчэ недастаткова паглыбіліся, бо, на жаль, усё яшчэ спрабуем вырашыць праблемы XX стагоддзя.

Падобна таму, як сённяшняя сітуацыя ў Беларусі з’яўляецца вынікам доўгай гісторыі, пераход да пераважна беларускамоўнай і эканамічна квітнеючай дэмакратыі не будзе хуткім і простым. Аднак неабходна прыняць сур’ёзныя меры і ўстанавіць каротка-, сярэдне- і доўгатэрміновае планаванне, арыентаваныя на эканамічную палітыку, якая зробіць такі нацыянальны праект жыццяздольным. З устойлівай і глабалізаванай эканомікай, празрыстым і дэцэнтралізаваным урадам і сапраўды справядлівымі і эфектыўнымі ўстановамі Беларусь перастане быць пытаннем і стане адказам.

Падзякі

Волі Ермалаевай Франко, за натхненне і рэдагаванне гэтага артыкула; Пётру Мурзёнку і камандзе часопіса “Культура, Нацыя”, за запрашэнне; Хорхе Эрнан Ерра, за акадэмічнае кіраўніцтва; і FAPESB – Дзяржаўнаму фонду падтрымкі навуковых даследаванняў штата Баія – за доктарскую стыпендыю, што дазволіла правесці даследаванне, якое ўключае гэты артыкул.

Крыніцы

БУЛГАКАЎ, В. Беларусь: ні Эўропа, ні Расея. Меркаваньні беларускіх эліт. Варшава: ARCHE, 2006.

ВЯСНА. Міжнародная супольнасць аб фальсіфікацыі выбараў і маштабнае гвалт у дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў у Беларусі. 11.08.2020. Доступ: http://spring96.org/be/news/98978

КАТЛЯРЧУК, А. Гісторык Андрэй Катлярчук: Лукашэнка будуе вобраз апошняга абаронцы Еўропы ад фашызму. Прасвет, 06.04.2021. Белсат, 2021.

ОСІПОВА, Г. Ф.К.Багушэвіч – погляд праз гады. Український вимір. Вип 2. Чернігів, 2009.

МУРЗЁНАК, П. Пётра Мурзёнак: “Беларус, які вызнае сябе беларусам, не можа быць ворагам”. Беларусы свету, 19.12.2019. Будзма, 2019.

НАВУМЧЫК, С. Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988–1995). Варшава: Беларускія Ведамасьці, 2006.

ФЕДУТА, А. Лукашенко: политическая биография. Москва: Референдум, 2005.

ANDERSON, B. Imagined Communities. London: Verso, 2006.

ASTAPENIA, R. Seven Ways the West Can Help Belarus. Chatham House. 10.09.2020. Доступ: https://www.chathamhouse.org/2020/09/seven-ways-west-can-help-belarus

BEKUS, N. Struggle over identity: the official and the alternative Belarusianness. Budapeste: CEU Press, 2010.

CINEMATIC RATING. The Battle Of Algiers 1966. 2020. Доступ: https://youtu.be/uHWZkiBuKGY.

CONSILIUM. Belarus: Declaration by the High Representative on behalf of the European Union on the presidential elections. 11.08.2020. Доступ: https://www.consilium.europa.eu/en/press/press-releases/2020/08/11/belarus-declaration-by-the-high-representative-on-behalf-of-the-european-union-on-the-presidential-elections/

DUNBAR, R. How Many Friends Does One Person Need? London: faber and faber, 2010.

FRANÇA, R. E a gente ainda goza dos americanos… Veja.  ed. 2033. 7.11 2007.

GERSHON, L. Australia Changes National Anthem Lyrics to Recognize Its Long Indigenous History. Smithsonian Magazine. 05.01.2021. Доступ: https://www.smithsonianmag.com/smart-news/australia-changes-national-anthem-nod-indigenous-people-180976673/

KOTLJARCHUK, A. The Flag Revolution. Understanding The Political Symbols Of Belarus. 14.09.2020. Baltic Worlds, 2020.

NIU, Y; KORNEEV, A. Prospect Analysis of Renewable Energy Power Generation in Belarus. International Core Journal of Engineering. vol. 7 issue 2, 2021. DOI: 10.6919/ICJE.202102_7(2).0009

NKRUMAH, K. Class struggle in Africa. New York: International Publishers, 1972.

RASLAVIČIUS, L. Renewable energy sector in Belarus: A review. Renewable and Sustainable Energy Reviews 16 (2012) 5399–5413. 06.07.2012. DOI: 10.1016/j.rser.2012.04.056

ROBERTSON, R. Glocalization. The International Encyclopedia of Anthropology, 2018. DOI: 10.1002/9781118924396.wbiea2275

WORLDBANK. Belarus Needs to Strengthen Competitiveness for Economic Resilience and Robust Growth, Says Report. 05.06.2019. Доступ: https://www.worldbank.org/en/news/press-release/2019/06/05/belarus-economic-update-spring-2019

…………………………………………………………………………………

Paterson Franco Costa: Can we actually say that the Belarusian national identity is a weak one? (abstract)                                                                                                        

(web-magazine “Kultura. Natsyja”, issue 27, April 2021, p.58-78, www.sakavik.net)

Paterson Franco Costa – Inter-semiotic Translation researcher, Federal University of Bahia (UFBA), Brazil.

This interdisciplinary study aims to analyze aspects behind the view shared by a considerable number of authors that Belarusian national identity is weak or even non-existent. The general aspects discussed are sociological, political and economic. On the sociological level, based on Robin Dunbar’s theory, human pragmatism and sociological limitations are pointed out as a possible cause of ignorance about countries, including Belarus. Concerning political issues, following Kwame Nkrumah’s thoughts, the apparent weakness of the Belarusian national discourse is considered in relation to the current authoritarian regime and its subserviency to the former metropolis. Regarding the economic sphere, based on Iryna Buhrova’s reflections as a starting point, dependency perpetrated by the regime as part of an imperialist-neocolonial agenda is problematized. In this context, with technical input from economics and engineering experts, it is pointed out that Belarus has great economic and energy potential if and when favorable political changes take place. Finally, the study leans towards the argument that identity and cultural issues frequently used to contest the existence and viability of the Belarusian nation come, from economic and political factors. Thus, directions are suggested to change this situation in the context of the 2020-2021 protests. Keywords: Belarus; Cultural Studies; National Identity; Decolonization.

…………………………………………………………………………………………………………………..

Патерсон Франко Коста: Можно ли назвать беларусскую идентичность слабой? (резюме)                                                                       

(веб-журнал «Культура. Нация», вып.27, April 2021, 58-78, http://www.sakavik.net)

Патерсон Франко Коста – исследователь интерсемиотического перевода, Федеральный Университет штата Баия (UFBA), Бразилия.

Основная задача этого междисциплинарного исследования – проанализировать аспекты, лежащие в основе мнения многих авторов о том, что беларусская национальная идентичность слаба или даже отсутствует. Обсуждаются основные аспекты: социологические, политические и экономические. С социологической перспективы, основываясь на теории Робина Данбара, человеческий прагматизм и социологические ограничения называются возможными причинами незнания стран в целом, включая Беларусь; на политическом уровне, следуя мысли Кваме Нкрумы, проблематизируется, что предполагаемая слабость беларусского национального дискурса связана с нынешним авторитарным режимом, подчиненным бывшей метрополии; а в экономической сфере, исходя из рассуждений Ирины Бугровой, проблематизируется зависимость, вызванная режимом как часть империалистической / неоколониальной повестки дня. В этом контексте, принимая во внимание технический вклад специалистов в области экономики и инженерии, отмечается, что Беларусь обладает большим экономическим и энергетическим потенциалом, который можно развивать в благоприятных политических условиях. Наконец, в исследовании утверждается, что проблемы идентичности и культуры, которые часто используются для оспаривания существования и жизнеспособности беларусской нации, на самом деле исходят из экономических и политических факторов. Таким образом, предлагаются рекомендации по изменению ситуации в контексте протестов 2020-2021 годов. Ключевые слова: Беларусь; Культурные исследования; Национальная идентичность; Деколонизация.


[1] “The majority of Africa’s armed forces and police came into existence as part of the colonial coercive apparatus. Few of their members joined national liberation struggles. For the most part, they were employed to perform police operations against it.”

[2] “(…) импичмент не состоялся. Ему помешал… белорусский парламент. Именно Верховный Совет обратился к руководству России с просьбой выступить в качестве третейского судьи в споре белорусских ветвей власти, что и сделало катастрофу неизбежной.”

[3] “(…) illustrates an ongoing collapse of the dialog between the state and civil society.”

[4] “Сергей Глазьев долго расписывал мне все прелести вхождения Беларуси в Союз. Но на вопрос, не рассматривает ли он возможность того, что президентом Союза станет Александр Лукашенко, Глазьев тогда (по-моему, в 1996 году) просто рассмеялся: — Этого не может быть! Этого не может быть! […] Куда ж ему — «нерусскому» — Россией править?”

[5] “The Belarusian economy was already in bad shape before the election, but the situation is going to get much worse.”

[6] “يصعب على الشعب …أن يبدأ ثورة   …ويصعب أكثر مواصلتها   والأكثر صعوبة أن ينتصر   ،ولكن بعد ذلك …بعد الإنتصار   تبدأ الصعوبات الحقيقية”

[7] “It is essential to strengthen competitiveness and, thus, export more products to a wider range of countries (…). Further improving the business environment and intensifying the restructuring of companies, especially state-owned companies, would help producers innovate and export more. Otherwise, the only way to address public debt is to cut government spending and raise taxes.”

[8] “(…) geographic location has several advantages for extensive use of most of the renewable energy (RE) and bioenergy sources.”

[9] “It is estimated that today more than 40% of all building roofs and 15% of all building exterior sides are suited for PV applications. (…) Scientists and entrepreneures from pilot production of solar modules have no doubts that produce electricity from the sun it is quite appropriate in BY. The study found that Germany (the light level is lower than in Belarus), which by end 2010 had more than 16 GW of photovoltaic electricity integrated into its network, is still a long way from exceeding grid limitations. [sic]”



Categories: Асьвета, Мова, Нацыя, Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: