Міжнародная канферэнцыя ў Варшаве па праблеме беларускай ідэнтычнасці
1 красавіка 2021 года ў Варшаўскім універсітэце прайшла міжнародная онлайн канферэнцыя “БЕЛАРУСКАЯ ІДЭНТЫЧНАСЦЬ: ДОСВЕД МІНУЛАГА І ВЫКЛІКІ СУЧАСНАСЦІ. ДА 30-ГОДДЗЯ АБВЯШЧЭНЬНЯ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ БЕЛАРУСІ». Канферэнцыя арганізавана кафедрай міжкультурных даследаваньняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Варшаўскага універсітэта. Суарганізатарамі канферэнцыі выступаюць БІНІМ, Н’ю-Ёрк і БІНІМ, Канада. Канферынцыя, з дакладамі на якой выступяць каля 30 даследчыкаў, пройдзе пад пратэктаратам Рэктара Універсітэта і старшыні Рады БНР, Івонкі Сурвілла. Старшыня БІНiМ у Канадзе, Пётра Мурзёнак выступіў на канферэнцыі з вітальнай прамовай і прэзентацыяй «Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе ў падтрымцы беларускай ідэнтычнасці».
Добрай раніцы, паважаныя калегі!
Вітаю вас ад імя сяброў Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе. Я сёньня раньняя птушка, як тут кажуць, early bird; у Атаве цяпер, дзве гадзіны – можна сказаць – раніцы.
Мне вельмі прыемна сёньня далучыцца да людзей, якія прафесійна займаюцца пытаньнямі беларускай ідэнтычнасці. Хачу выказаць асаблівую ўдзячнасць рэктар(ат)у Варшаўскага універсітэта і кафедры міжкультурных даследаваньняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якія зрабілі жэст добрай волі і знайшлі мэтазгодным запрасіць Беларускі інстытут навукі і культуры ў Канадзе ў якасці су-арганізатара канферэнцыі. Па-свайму статусу наш інстытут ёсць грамадскай установай і таму натуральна мы ўспрымаем гэтую роль як аванс на будучае.
Праблемы нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, якія былі і ёсць актуальнымі. Яны і будуць актуальнымі – да той пары, пакуль можна будзе сказаць – так беларуская нацыя ўсталявалася, усталявалася ў вольнай дзяржаве, незалежнай ад Еўразійскай цывілізацыі, пазбавіўшыся дыктатуры і знайшоўшы свой правільны шлях у сусвеце.
Пытаньне нацыянальнай ідэнтыфікацыі – ключавое для рэалізацыі нацыянальнай ідэі – канчатковым прадуктам якой і ёсць нацыянальная дзяржава. Пасля некалькіх істотных параз звязаных з будаўніцтвам нацыянальнай дзяржавы ў 20-м стагоддзі, беларускае грамадства ўсё яшчэ мае запыт на кансалідацыю, і, хачу падкрэсліць, не кароткачасовую, а доўгатэрміновую стратэгічную кансалідацыю розных яго слаёў, уключаючы навуковую супольнасць. Бо кансалідацыя палітычная ў стаўленьні да будаўніціва нацыі у значнай ступені не была рэалізавана як мінулай, так і сучаснай нацыянальна-сьвядомай элітай – і ў асноўным па прычыне палітычнай блізарукасці, адсутнасцьці як адзінства, так і выпрацаванай стратэгіі, а не толькі па прычыне рэпрэсіўнага ўплыву дыктатарскага рэжыму.
Калі праводзіць гістарычныя паралелі, то ў параўнаньні з нашымі самымі блізкімі суседзямі, Беларусь адстае ў сваім нацыянальным развіцьці. Гэта яскрава заўважна, калі зазірнуць на пачатак і на канец мінулага стагоддзя. Так, высілкі Іосіфа Пілсудскага, польскай эліты, а таксама Літоўскай Тарыбы, скончыліся станаўленьнем Польскай і Літоўскай дзяржаў; актыўнасць нацыянальных эліт вывела гэтыя краіны за межы ўплыву СССР-Расіі і далучыла іх ў ЕС і НАТО. Ні таго, ні другога нацыянальна-сьвядомыя сілы ў Беларусі не асягнулі – не маем асноўнага – па-сапраўднаму незалежнай нацыянальнай дзяржавы. Прычын таму шмат. Асабліва гэта заўважна сёньня – падчас Рэвалюцыя надзеі, як я яе называю. Адной з такіх прычын з’яўляецца тое, што беларусам пастаянна не стае волі і кансалідуючага цэнтра, які б мог стратэгічна вызначыць шлях па якому Беларусь магла б вызваліцца з-пад імперскіх аковаў суседа і з-пад савецкага мінулага, якім кіруецца дыктатар Лукашэнка.
Праграма канферэнцыі прадугледжвае разгляд пытаньняў ідэндыфікацыі беларусаў у тых ці іншых краінах як сёньня, так і ў мінулым. Відавочна, што праблема самаідэнтыфікацыі беларускіх эмігрантаў, улічваючы ассіміляцыю з насельніцтвам краіны пражываньня і іх канчатковае рашэньне эміграваць па той ці іншай прычыне, значна больш складанае, чым тая ж праблема на радзіме. Было б таксама цікава параўнаць і ацаніць магчымы уплыў дыяспары і саміх працэсаў ідэнтыфікацыі на сітуацыю ў Беларусі – да Рэвалюцыі надзеі, і цяпер, калі яна распачалася і працягваецца.
Было б цудоўна, калі б у выніку кансалідаванай навуковай думкі на сёняшняй канферэнцыі можна было атрымаць такія рэцэпты, якія б дапамаглі беларусам, 84.9% якіх вызначаюць сябе беларусамі на радзіме, прыйсьці да разуменьня сапраўднай, глыбіннай, існай нацыянальнай ідэнтыфікацыі, вырвацца з імперыі зла і выплысьці ў добрым нацыянальным здароў’і на бераг дэмакратыі, жыцьця і гуманізму. Амаль 70 гадоў таму Чэслаў Мілаш пісаў пра характар дзеяў нацыянальных сіл ва ўмовах дыктатуры. З таго часу ў яго краіне і ў нашых суседзяў шмат чаго зьмянілася ў пазітыўным кірунку. На шляху да прагрэсу знаходзіцца Украіна, якую я кваліфікую, як нашага суседа па Заходне-рутэнскай цывілізацыі. Веру, што надзея на свой шлях застаецца і для Беларусі.
Зычу ўсім удзельнікам плённай працы на канферэнцыі. Дзякую!
Пётра Мурзёнак, 1 красавіка 2021 года, Атава-Варшава
Categories: Зьнешнія адносіны, Праект "РАЗАМ"
Пакінуць адказ