Пётра Мурзёнак: Мітынг у падтрымку беларускай Рэвалюцыі надзеі 2020 у Атаве, 27 сакавіка 2021 года (тэзісы для выступленьня). Вэб-часопіс “Культура. Нацыя”, №27, красавік-май, 2021, 240-244.

Пётра Мурзёнак: Мітынг у падтрымку беларускай Рэвалюцыі надзеі 2020  (цэнтр горада – галоўны парк – Major Park, 27 сакавіка 2021 года, Атава)    (тэзісы для выступленьня)

  1.     Святкуем Дзень Волі, які ўмяшчае два сьвяты – Дзень абвяшчэньня БНР і цяперашнюю Рэвалюцыю надзеі.
  2.     БНР, незалежнасць якой была абвешчана 25 сакавіка 1918 года, існавала на працягу ўсяго аднаго года, ва ўмовах нямецкай акупацыі. Гэта была не ў поўнай ступені сьпелая дзяржава – нямецкія акупацыйныя ўлады не дазволілі ўрадам БНР, якіх было 4 за адзін год, мець сваё войска, банкі. Аднак, за гэты год было шмат зроблена для развіцьця адукацыі-школьніцтва і беларускай культуры.
  3.    Менавіта дзякуючы існаваньню БНР, і яе ўраду, які дзейнічаў пачынаючы з 1919 года за мяжой, бальшавікі пайшлі на стварэньне БССР.
  4.     Пачатак маладой дзяржавы, БССР, нават ва ўмовах савецкай сістэмы, быў спрыяльным для нацыянальнага будаўніцтва. На пачатку 20-га стагоддзя, у 20-я-30-я гады былі створаны такія нацыянальныя інстытуцыі як Беларускі універсітэт, Беларускі інстытут культуры, развівалася адукацыя, выдавалася шмат беларускіх падручнікаў, слоўнікаў, беларускіх газет.
  5.    Аднак, перыяд нацыянальнай ідэнтыфікацыі ў СССР змяніўся на будаўніцтва камунізма і сусветную рэвалюцыю. Змена курса вылілася ў знішчэньне нацыянальных  кадраў па ўсіх акраінах СССР. Беларусь не была выключэньнем. Звярніцеся толькі да інфармацыі,  якую адкрыў Леанід Маракоў. Падчас рэпрэсій былі закатаваны\забіты амаль усе выбітныя дзеячы БНР, якія засталіся працаваць у савецкай сістэме: старшыні Оады БНР, Іван Серада, Язэп Лёсік, кіраўнікі ўрадаў БНР – Раман Скірмунт, Антон Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі, Аляксандр Цвікевіч. 29 кастрычніка 1937 года – ў адну ноч ў засценках НКВД вынішчаны беларускія паэты. Сяргей Ігнатавіч Мурзёнак, брат майго дзеда – арыштаваны ў жніўні, растраляны 17 лістапада 1937 года.
  6.    У гісторыі Беларусі было яшчэ шмат чаго – індустрыялізацыя, калектывізацыя, пяцігодкі, 2-я сусветная вайна. Беларускі народ нёс страты, але ў цывілізацыйным плане меў і значныя дасягненьні, калі ацэньваць граматнасць насельніцтва, развіцьцё сістэмы адукацыі, і гэдак далей; вядома, з улікам эвалюцыі усяго чалавецтва ў цэлым. Адно чаго не было, гэта палітычнай і нацыянальнай свабоды.
  7.     Надзея, што адбудуцца істотныя змены прыйшла з развалам СССР. Пачатак 90-х гадоў зноў паказаў, што беларуская нацыя падымаецца з кален і пачынае расквітаць. Аднак, з прыходам кіраўніка нео-савецкага тыпу, А. Лукашэнкі, пачаўся і доўжыцца ўжо чвэрць стагоддзя неспрыяльны перыяд для развіцьця беларускай нацыі.
  8.     Рэферэдумы 1995 і 1996 гадоў, ініцыяваныя гэтым дзеячам, у значнай ступені падарвалі надзеі нацыянальна-свядомых сіл на нацыянальнае адраджэньне.
  9.    Я зараз вам прачытаю верш “Сакавік” напісаны 28 сакавіка 1997 года пасля чарговага Дня Волі, у якім я ўдзельнічаў. Я спадзяюся, вы адчуеце настрой таго перыяду, перыяду з якога пачалося будаўніцва так званай Саюзнай дзяржавы:

САКАВІК

Здаецца стукала вясна

І сонца грэла ўсё мацней

А сёння зноў прыйшла зіма

Ад сцюжы стала халадней.

Надзея бліснула была

І адыйшла зноў на вякі

Нядзеля толькі і прайшла

А быццам сем гадоў якіх.

Не дазваляе яшчэ лёс

Цяпло вясенне пачуць

Не пераскочыць праз сто вёрст

Не усведаміўшы – не ўздыхнуць.

І хоць што хочаш ты рабі

Прасі у Бога, ці малі

А лепш за ўсё браток цярпі

Нам трэба выжыць на зямлі.

Сцярпець, а потым і ўзмацнець

Пазнаўшы светлы далягляд

І з розумам сваю зямлю сагрэць

Гісторыя ня любіць хуткіх дат.

Прыгожа каб усім зажыць

Адчуць вясеннее цяпло

Душу нам трэба абудзіць

І запаліць у ёй святло.

Растае ўраз з снягоў сцяна

І расквітнее любы край

І вечна будзе тут вясна

Іграй, Сымоне ж, зноў, іграй!    

28 сакавіка (17.25-18.10) – 29 сакавіка (10.30-11.00) 1997 года, Мінск  

10. Будучае Беларусі залежыць ад людзей, якія жывуць на радзіме. Тое, што мы тут сёньня сабраліся, адлюстроўвае нашу салідарнасць і наш гонар за людзей, якія выходзяць на вуліцы нашай радзімы, каб дамагчыся змен да лепшага жыцьця – да дэмакратыі, да стварэньня сапраўнай нацыянальнай дзяржавы. Чым мы яшчэ можам дапамагчы? Думайце.

11. Сітуацыя ў Беларусі вельмі складаная. Рэвалюцыя надзеі, так я яе называю, яшчэ не скончылася. І магчыма толькі пачынаецца – пачынаецца да новага светлага дня ў гісторыі краіны з багатай спадчынай, культурай, і традыцыямі.

12.Не выключаю, што змяніць негатыўны баланс сіл у сёняшнім палітычным крызісе ў Беларусі могуць беларусы дыяспары і беларускія дзеячы, якія вымушана і часова апынуліся за мяжой.

Каб скончыць на аптымістычнай ноце дазвольце прычытаць яшчэ адзін верш пра Сакавік, напісаны ў 2012 годзе і дапоўнены сёньня раніцай.

НА САКАВІК

Прыйшла чарговая вясна 

І з ёю Сакавік вызвольны.

У промнях сонечнага дня 

Ён песціць мару долі вольнай.

Праз пакаленьні і іспыт

Нясе Ён для людзей надзею –

Пасля ахвярнай барацьбы

У краі не гудзець завеям.

Ён прыйдзе ў родную зямлю,

Каб расквяціцца ў мілым краі,

Каб з гонарам прамовіў беларус

                                    “Люблю

           айчыну вольную,

                    душой яе чуваю!

                       Жыві свабоднай, Беларусь!!!”

14 сакавіка 2012 – 27 сакавіка 2021 года, Атава

Са сьвятам!    Жыве Беларусь!



Categories: Нацыя Беларусы, Праект "РАЗАМ"

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: