Пётра Мурзёнак:  Пакаяньне ў “Саюзе Цьмы” (слова рэдактара). Вэб-часопіс “Культура. Нацыя”, №27, красавік-май, 2021, 6-15.

Слова рэдактара

Пётра Мурзёнак:  Пакаяньне ў “Саюзе Цьмы”*

Не ў гонар 25-годдзя Саюза Беларусі і Расіі

Праводзіцца аналіз стану грамадства ў Беларусі і Расіі з пункту гледжаньня наяўнасьці ці адсутнастці крытычнага ўспрыняцьця памылак мінулага, зробленых на узроўні дзяржавы і на узроўні асобы ці групы асоб, у прыватнасьці, нацыянальна-сьвядомай часткі беларусаў. Разглядаюцца наступствы непрызнаньня такіх памылак і прапануюцца магчымыя шляхі іх выпраўленьня.

  • Вызначэньні:

Пакаяньне (назоўнік) – шчырае шкадаваньне або раскаяньне, смутак, згрызоты сумленьня, сорам, пачуцьцё віны, самапапраканьне, самаасуджэнне, спагада

“Саюз Цьмы”– саюз несвабодных краін, якія выбралі памылковы шлях для развіцьця сваіх грамадзян

І. Пакаяньне і ўлада

На фоне неспакою і трывогі ў свеце ў сувязі з КОВІД-эпідэміяй і існаваньнем гарачых ачагоў – прадвеснікаў магчымай вайны, найбольш для нас блізкай паміж Расіяй і Украінай, вялікую трывогу выклікае далейшае ўдушэньне свабоды ў Беларусі і Расіі, у так называемым Саюзе двух дзяржаў, дамоўленасць аб стварэньні якога была дасягнута 25 гадоў таму назад. Менавіта двух дзяржаў, а не народаў, бо тыя рэжымы, якія знаходзяцца пры ўладзе праводзяць на сёняшні дзень аднолькавую ўнутраную антынародную палітыку, скіраваную на знішчэньне грамадзянскай супольнасці і многіх магчымых праяў дымакратыі, якія не адпавядаюць ангажаванаму курсу гэтых дзяржаў і густу іх аўтарытарных кіраўнікоў. У Беларусі – больш за 350 палітычных зняволеных  і больш за 35.000 арыштаваных ад пачатку Рэвалюцыі Надзеі-2020, у Расіі – турма для апазіцыйнага палітыка Навальнага, атраўленага перад тым “навічком”, і наяўнасць шматлікіх грамадскіх расійскіх арганізацый, якія носяць адмеціну “замежных агентаў”. Падобныя расійскія законы аб тэрарыстычных арганізацыях прыняты нядаўна беларускім псеўдапарламентам. Сітуацыя ў абодвух краінах многім нагадвае 1937 год, за якім маячаць ГУЛАГі. Ці выпадковая такая сітуацыя, ці новая яна, і ці магло быць інакш?

Здавалася, што пасля абвяшчэньня незалежнасці ўсіх без выключэньня рэспублік былога СССР, падкрэсліваю – у тым ліку Расіяй, наступяць зьмены – ад таталітарнага камуністычнага рэжыму да свабоды асобы, забеспячэньня правоў чалавека, і г.д. Гэта значыць, нарэшце рэалізуюцца нормы, прапісаныя калісьці ў кодэксе камуністычнай маралі – які быў выдатнай шырмай таталітарнай палітыкі адзінай ў СССР партыі.  Гэта былі на жаль толькі лозунгі, кшталту, “нынешнее поколение советских людзей будет жить пры коммунизме”, якія партыйная наменклатура старалася ўбіць сваёй прапагандай у галовы рабочых і сялян.

Відавочна, што тыя змены, якія пачаліся з ІУ З’езда народных дэпутатаў СССР (24 снежня 1990 года), а пазьней падоўжыліся ў часы Ельцына, прывабілі і задаволілі шмат інтэлектуалаў і інтэлігенцыі. “Гнілая” інтэлігенцыя паверыла, што такія зьмены ў 90-я быццам бы прыйшлі і могуць рэалізавацца. Як жорска яны памыліліся! Ідэалогія камуністычнай партыі фармальна знікла, аднак, еўразійская ідэалогія дыктатуры дзяржавы, якая засталася ад папярэдняй савецкай імперыі, дзе асоба – нішто, а дзяржава – ўсё, засталася і квітнее. І гэта не важна, у якой форме мы можам гэта бачыць сёньня – ачышчэньне вобраза дыктатара Сталіна ў Расіі, ці “пацешная” лінія Сталіна пад Мінскам.

Сёньня, дыктатары двух, так званых саюзных дзяржаў, згубіўшыя пульс планеты, спрабуюць набываць свой капітал\папулярнасць праз мінулае – праз спрэчных камуністычных лідэраў, ці, як апошні аргумент – праз ахвяры і заваёвы 2-й сусьветнай вайны, якія сімвалічна падымаюць усё вышэй на шчыт “несмяротныя палкі”. Відаць, на іх думку, ахвярнасць Вялікай айчыннай вайны са стратамі мільёнаў воінаў і мірных грамадзян пакрывае тыя насільлі і здзек, якія чыніліся над іншымі мільёнамі людзей, нязгоднымі з лініяй камуністычнай партыі і таму загнанымі, прыніжанымі і загубленымі ў шматлікіх ГУЛАГах.

Першая спроба адмежавацца ад трагічных наступстваў дыктатуры камуністычных лідэраў – але не дзяржавы, і зваліць на іх віну ў няздольнасці павярнуцца тварам да людзей, была зроблена Хрушчовым у форме развянчаньня культа асобы Сталіна і яго бліжэйшага атачэньня. Гэта была свайго роду першая спроба пакаяньня за мільёны загубленых душаў, натуральна выкарыстаных для будаўніцтва камуністычнага ладу ў СССР і распаўсюджваньня ідэй камунізма па ўсім свеце.

Пасля распаду СССР больш сур’ёзны крок у гэтым напрамку зрабіў Прэзідэнт Расіі Ельцын. Выступаючы ў Кангрэсе ЗША 17 ліпеня 1992 года, ён зрабіў шэраг заяў, якія можна было зразумець як асуджэньне камуністычнага рэжыму і як пакаяньне за мінулае – Ельцын ганарыўся “вялікай дзяржавай, якая зрабіла свой выбар на карысць дэмакратыі і свабоды”, “… расійскім народам, які знайшоў у сабе сілы, скінуць з плеч махіну таталітарнай сістэмы”, адзначыў, што “камунізм не мае чалавечага твару”, што “свабода і камунізм несумяшчальныя”, і што “камуністычны ідал рухнуў і мы не дадзім яму ўваскрэснуць на нашай зямлі”.

Жадаючы прымірыць расійскае грамадства ў адносінах да падзей 1917-га (Кастрычніцкая рэвалюцыя) і 1993-га (путч), калі Расія была на парозе грамадзянскай вайны, Ельцын ініцыяваў святкаваньне ў Расіі Дня грамадзянскага прымірэньня, прызначанага ў першы раз на 7 лістапада 1996 года, на Дзень Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Не ўсе ў Расіі прынялі яго падыходы – спробы пакаяньня, развіцьця дэмакратыі (“бярыце столькі свабоды колькі зможаце ўзяць”, што да суб’ектаў Расійскай Федэрацыі), усталяваньня дыялога з развітымі краінамі, якія назіраліся пры Ельцыне – пасля яго адстаўкі былі адрынуты нео-імперскімі сіламі ў Маскве. Прэзідэнт Пуцін адмяніў сваім указам Дзень згоды і прымірэньня 26 лістапада 2001 года, і паступова перайшоў ад няўдзелу ў “G8” да канстатацыі факта распада СССР як “геапалітычнай катастрофы 20-га стагоддзя”, да вайны з Грузіяй (2008) і з Украінай (2014 – працягваецца). Ніякага пакаяньня … і ўсё больш ахвяр. Якая мэта?! – аднаўленьне імперыі з нечалавечым “лицом”, патураньне далейшаму рабству, спрыяньне алігархіі?

Усё гэта робіцца на фоне таго, што былая савецкая/партыйная наменклатура і яе прыхільнікі\прыспешнікі падзялілі\прыхвацілі дзяржаўную ўласнасць у Расіі – гэта вам не жартачкі – у адной толькі Маскве жыве 71 доларавы міліярдэр (3.2% ад агульнай колькасці міліярдэраў у свеце – 2,208). У Беларусі такога не адбылося (яўна і адкрыта) з-за спецыфічнай пазіцыі “голаса народа” 1994 года і барацьбіта з карупцыяй – сп. А.Лукашэнкі. Ці ён быў хітрэйшы ці разумнейшы на той час, ці глыбіня яго маны была значна больш прыхаванай і выдасканаленай?

Калі ў Маскве і былі зроблены спробы пакаяньня, то ў Мінску найбольшае, што адбылося –  гэта прыпыненьне дзейнасці Кампартыі БССР пасля жнівеньскага путча ГКЧП у 1991 годзе. Далей пры Кебічу, а затым увесь час пры Лукашэнку усе спробы прыцянуць увагу ўлад да ахвяр камуністычнага рэжыму і надаць у прыватнасці статус мемарыяла Курапатам сканчваліся рэпрэсіямі не толькі ў адносінах да абаронцаў народнага мемарыяла, а і да ўсяго нацыянальна-свядомага, што ёсць у Беларусі. Адсутнасць усіх відаў свабод ў Беларусі стала асабліва відавочнай пасля мінулагодніх прэзідэнцкіх выбараў і распачаўшайся Рэвалюцыі Надзеі-2020; дадайце здзекі, катаваньні, забойствы, гвалт і насільле. Калі казаць пра беларускую культуру, то калі яна да 2020 года была загнана і працавала ў гета, то цяпер ужо гета вырываецца з корнем і дашчэнту выпальваецца фашыстоўскім, гнусным рэжымам. Пытаньне этнацыду беларусаў мусіць быць пастаўлена на павестку дня ААН.

Такім чынам, ніякага пакаяньня не адбылося ні ў адной з краін створанага Саюза – Беларусі і Расіі, а без гэтага немагчымы далейшы прагрэс грамадства. Палітыка ўтрыманьня рабоў ў гэтых дзяржавах толькі ўзмацняецца, прымаюцца ўсё новыя і новыя законы, якія абвяшчаюць любыя свабодныя памкненьні людзей терарыстычнай дзейнасцю, а іх саміх ізалююць ад грамадства ў турмы. Ёсць факты, якія сведчаць аб тым, што ў Беларусі падчас найбольш масавых пратэстаў у жніўні 2020 года пад Слуцкам лукашэнкаўскі рэжым збудаваў  палявы канцэнтрацыйны лагер – відаць месц у турмах не хапала.

Лукашэнкаўскі рэжым настолькі акрэп, што яго ўжо не хвалююць 100- або нават 300-тысячныя калонны, якія з лёгкасцю загнаны бандытамі ў масках і існуючай нялюдскай і злачыннай сістэмай у двары, дзе ідзе сапраўдная зачыстка “дысідэнтаў”. Калі ў СССР іх было дзесяткі і з імі лёгка распраўляліся, то цяпер такіх сотні тысяч, аднак, сістэма настолькі ўдасканалілася, што і такая колькасць для яе не праблема. Ніякага жалю і пакаяньня за здзейсненыя злачынствы з боку антынацыянальнага ўрада не назіраецца. Відаць Лукашэнка і яго атачэньне уважаюць, што насельніцтва якое пражывае на тэрыторыі Беларусі лепш трымаць у рабстве, пазбавіўшы яго свабоды.

Такім чынам, мы назіраем, што ўсе парадкі, якія існавалі ў таталітарнай савецкай краіне працягваюць існаваць у іншых формах у абодвух краінах, Беларусі і Расіі. Дзяржава там па ранейшаму – усё, чалавек – нішто. Для утрыманьня рабоў – несвабодных грамадзян – патрэбна сіла і жалезны парадак. Улады ў дзвюх краінах – нялюдскія аскепкі дыктатуры камуністаў – яшчэ існуюць на зямлі. Яны, як і кліка Пол-Пота, якая знішчыла адзін мільён чалавек за тры гады ў Кампучыі,  як заўзятыя бальшавікі не могуць успрымаць іншадумства і таму душаць яго на караню. Ну не можа так быць вечна, каб падобных злачынцаў не знайшла справядлівая кара?!

Пошук ворагаў і нязгодных сярод свабодалюбівых грамадзян у Беларусі і Расіі з’яўляецца прамым адлюстраваньнем іхняй сумеснай знешняй палітыкі, якая сканцэнтравана не на імкненьні да інтэграцыі з развітымі краінамі, а на пошуках знешніх ворагаў, як бы блізка ці далёка ад іх межаў яны не знаходзіліся. Як вынік пастаянныя сумесныя мілітарныя вучэньні, узбраеньне і падрыхтоўка да вайны. Так атрымоўваецца, што вайна для іх – гэта адзіны выхад каб прыкрыць адсутнасць свабоды, дэмакратыі і прагрэсу. Небяспека вайны, падаграваемая кіруючымі клікамі, вісіць над народамі Беларусі і Расіі.

У далёкай ці нават блізкай перспектыве такая палітыка прывядзе да эканамічнага краху гэтых дзяржаў і іх знікненьня – бо без свабоднай думкі ў грамадстве, навуцы, мастацтве – немагчымы прагрэс як у развіцьці тэхналогій, так і ў росце узроўню жыцьця шараговых грамадзян. Альтэрнатывай можа быць толькі змена курсу, якая раней ці пазьней але адбудзецца. Спыніць развіцьцё існуючага сцэнару могуць толькі Самі – беларускі народ і народы Расійскай Федэрацыі – і на гэта патрэбен час, адукацыя і цярпеньне. Народы для свайго ж дабра калісьці прымусяць урады пакаяцца за злачынствы і павярнуцца тварам да людзей, пакінуўшы неабмежаваныя і неапраўданыя геапалітычныя амбіцыі і замяніўны іх на праблемы, якія стаяць як у саміх гэтых краінах, так і перад усім чалавецтвам – беднасць, эпідэміі, клімат, тэрарызм.

ІІ.  Пакаяньне і людзі

Змены, выкліканыя распадам СССР, заспелі большасць людзей знянацку. У гэтай частцы, мы пераважна адрасуем аналіз таго часу беларусам, аднак, безумоўна ён і ўскосна, і напрамую мае дачыненьне да грамадзян Расіі.

За выключэньнем нацыянальна-свядомых сіл у Беларусі, асноўная маса людзей настальгіравала па былой савецкай краіне.  Вынікам такой настальгіі ў Беларусі ў 1994 годзе стала абраньне на пасаду прэзідэнта Лукашэнкі, папуліста, які абяцаў аднаўленьне былых савецкіх адносін як у краіне, так і далей – за яе межамі. Не адкладваючы надоўга ён ініцыяваў 14 мая 1995 года рэферэндум, вынікамі якога стала прыняцьце «новага», крыху падпраўленага чырвона-зялёнага дзяржаўнага сьцяга і адмена прынятых у 1991 годзе нацыянальных сімвалаў – бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня» (на самай справе толькі 48.7% ад колькасці ўсіх, хто меў права голасу былі “за” новы лукашэнкаўскі сьцяг), наданьне рускаму языку статуса другога дзяржаўнага (53,9 %), і падтрымка курса Лукашэнкі на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй (54%). Аднак, з улікам таго, што на рэферэндум прыйшлі толькі дзве трэці выбарцаў (64.8%), афіцыяльныя лічбы былі 75.1%, 83.2% і 83.3%, адпаведна. Пабачыўшы такія лічбы можна задумацца – а ці былі то сапраўдныя беларусы? А калі не, то якія яны? Ці пасьпелі яны задумацца, падняць свае галовы і пачуць нарэшце свой – тутэйшы голас? І ці вінны яны ў такіх выніках?

Усё ж, адчуўшы такім чынам атрыманую падрымку, Лукашэнка пайшоў далей – 2 красавіка 1996 года была дасягнутая дамоўленасьць пра ўтварэньне Супольнасці Расіі і Беларусі з палітычнай і эканамічнай інтэграцыяй абедзьвюх дзяржаваў. Заўважце, на рэферэндуме гаворка пра палітычную супольнасць не йшла. Як палітычная частка дамоўленасці, так і пытаньні выстаўленыя перад тым на рэфедэндум супярэчылі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і паказалі антынацыянальны твар Першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, рэпрэсіўная палітыка якога да ўсяго нацыянальна-свядомага на працягу ўжо амаль 27 год яго кіраўніцтва дасягнула найбольшай жорсткасці падчас Рэвалюцыі-2020. У краіне няма свабоды слова, сходаў, праў чалавека … Свабода заменена дыктатурай практычна ва ўсіх сферах грамадства. У многім гэта адбывалася на фоне эканамічнай падтрымкі Расійскага ўрада і ўмяшаньня Рускай праваслаўнай царквы.

Ні распад СССР, ні тым больш стварэньне Саюза двух несвабодных дзяржаў Беларусі і Расіі не вызваліла большасць насельніцтва, асабліва сярод старэйшага пакаленьня, ад страху, які існаваў з часоў ліквідацыі эксплуатарскага класа буржуяў, багацейшага сялянства – кулакоў, эсэраў, нацыянал-дэмакратаў …, ад страху, які да сёньня сядзіць у галовах людзей. Заклікі Ціханоўскага ў Беларусі і Навальнага ў Расіі – “нічога не баяцца” – хоць і падымаюць народы, аднак, для іх саміх скончыліся турмой. Канвейер не спыніўся – цяпер у Беларусі зноў на чарзе ў турмы нацыянальна-арыентаваныя людзі – новае пакаленьне нацыянал-дэмакратаў, у Расіі тое ж – удушэньне  іншадумства і дэмакратычных рухаў. Ці можна вініць тую частку людзей, якія памятаюць чорныя НКВД-оўскія варанкі па начах і баяцца сёняшніх аўтазакаў у светлы дзённы час? Відавочна, што не ўсіх. Узгадайце, што і ў СССР, і ў Рэспубліцы Беларусь да апошняга часу палітычная культура была на вельмі нізкім узроўні. За адсутнасць яе, як і за адсутнасць дэмакратычных свабод у краіне віна ўскладаецца на нацыянальныя эліты. Ясна, што галоўным віноўнікам існуючага зладзейства і палітычнага крызісу з’яўляецца лукашэнкаўская кліка, якая не праяўляе ніякіх прыкмет пакаяньня ці віны. Аднак, ніхто не можа зняць віны і з нацыянальна-свядомай эліты.

Ці бачылі нацыянальна-арыентаваныя людзі такую пагрозу ад самага пачатку лукашызма і наколькі моцна і эфектыўна супраціўляліся яны дыктатуры? Так, супраціў Лукашэнку і змаганьне за новую дэмакратычную Беларусь былі. У Мінску падчас Чарнобыльскіх шляхаў на вуліцы выходзіла да 50.000 чалавек. Магу засведчыць, як удзельнік многіх пратэстных дэманстрацый, што столькі ж было на пратэстах супраць стварэньня так званага Саюза ў 1996 і 1997 гг. Аднак, на жаль, многія з іх закончыліся безвынікова для краіны і не прывялі да нацыянальнага развіцьця. Прыйшоўшая апатыя, ад’езд лідэраў БНФ, і сумныя вынікі лукашэнкаўскіх рэферэндумаў выклікалі ў той час хвалю эміграцыі многіх людзей. Аўтар гэтых радкоў таксама прыняў узвешанае на той час рашэньне пакінуць краіну – вінюся цяпер перад беларусамі. Дэмакратычная апазіцыя ніяк да 2020 года не прырасла, а жорсткія рэпрэсіі злачыннага рэжыма амаль поўнасьцю пазбавілі раней не ангажаваных ў палітыку пратэстоўцаў мець яркіх, харызматычных лідэраў – большасць лідэраў апынулася ў турмах, і значная іх частка была вымушана пакінуць краіну ў складзе новай хвалі палітэмігрантаў.

Такім чынам, калі казаць па сёняшняму выніку, праз чвэрць стагоддзя існаваньня нялюдзскага рэжыма, то адказ на пытаньне аб эфектыўнасці дзеяньняў нацыянальна-свядомых сіл за гэты перыяд будзе несуцяшальным. Адной з галоўных прычын такога выніку з’ўляецца адсутнасць еднасці і агульнай стратэгіі сярод нацыянальна-свядомай эліты – за 30 год існаваньня Рэспублікі Беларусь і ў нашы дні аб гэтым шмат гаворыцца і пішацца. Аднак, не далей як у сакавіку гэтага года дайшло да “кіданьня катлетамі” ў бок нацыянальнага лідэра Святланы Ціханоўскай. Які сорам?!

Вельмі няшмат знойдзеш людзей, якія б спрабавалі правесьці аналіз зробленых памылак і такіх было адзінкі, да прыкладу А. Мілінкевіч, У. Мацкевіч. Прызнаць памылкі – значыць павініцца і дзеіць далей. Хоць і запозна, але гэта варта зрабіць абавязкова – лепей цяпер, чым ніколі. Не зрабіўшы падобны аналіз і не прыняўшы важныя стратэгічныя планы Беларусь страціць яшчэ адно пакаленьне (магчыма апошняе), з якім пакуль застаецца тэарэтычная магчымасць збудаваньня сапраўды незалежнай нацыянальнай дзяржавы. Нягледзячы на вельмі цяжкую цяперашнюю сітуацыю для нацыянальных сіл, дазволю нагадаць толькі некаторыя факты аб безадказнасці некаторай іх часткі (не як папрок, а як просьбу да ажыцьцяўленьня такога аналіза і адпаведных высноў): 

  •      пачну з сябе: я вінен у тым, што калі мой кіраўнік яшчэ ў 70-я абражаў Коласа і Купалу, абзываючы іх п’яніцамі, я не падняўся і не спыніў яго;                       
  •      ёсць лідэры старой апазіцыі, якія гадамі як мантру цвердзяць, што калі б … (?!) яны выйшлі ў другі тур выбараў, то абавязкова выйгралі б у Лукашэнкі;                          
  •      іншыя упэўнены, што яны такі і выйгралі, нягледзячы на адмоўныя вынікі апытаньняў, які праводзіў інстытут сацыялагічных даследаваньняў праф. Манаева;
  •      дзесяцігоддзямі некаторыя незалежныя выданьні цвердзяць без падстаў і аналізу рэальнасьці, што вось-вось – амаль на наступны дзень – рэжым Лукашэнкі рухне;
  •      ні ў 2010, ні ў 2015, ні ў 2020 гг. апазіцыйныя палітыкі не здолелі вылучыць адзінага кадыдыта – саперніка Лукашэнку … (г.зн., загаддзя здаліся);
  •      дэкларатыўныя заявы дэмакратычных сіл амаль ніколі не былі падмацаваны канкрэтнымі дзеяньнямі ці праектамі, як, да прыкладу, адбылося пры падпісаньні Мемарандума у Вільні (12 лістапада 2012 года), які праходзіў пад эгідай Рады БНР;
  •      у апазіцыйым асяроддзі адкрыта культывуецца шпіёнаманія; і г.д., і г.д.

Памылак, у якіх не хочуць прызнавацца і тым больш павініцца, яшчэ больш – дадайце амбіцыі асобных палітыкаў старой і новай апазіцыі і канкурэнцыю між імі. Такое адчуваньне, што амбітнасць і эго кожнага з лідэраў адкладаюць убок вырашэньне лёсу беларускай нацыі, хаця б і пры іх шчырым жаданьні і перакананьні ў правільнасці сваіх памкненьняў.

Так бы сказаць – сёньня не адпаведны час для крытыкі. Тым больш калі яе ўспрымаць ад чалавека, які жыве ў эміграцыі. Аднак, гэта не крытыка, а спроба пераасэнсаваць тое што здзейснена, і падумаць аб стратэгіі на перыяд жыцьця наступнага пакаленьня – пакаленьня якое, як было ўжо сказана, магчыма ёсць апошняй, гістарычнай надзеяй выбудаваньня беларускай нацыянальнай дзяржавы. Безумоўна, што свой лёс вырашыць сам беларускі 12-мільёны народ; да 10 мільёнаў беларусаў у самой Беларусі я далучаю больш як 1.5 мільёнаў беларусаў дыяспары, многія з якіх выехалі па прычыне нязноснасці маральных і фізічных умоў існаваньня на радзіме, і якія выразна паказалі сваю падтрымку Рэвалюцыі-2020 у многіх краінах сьвету. Аднак, абавязак нацыянальна-свядомай эліты запаліць і трымаць маякі, якія будуць арыентаваць беларусаў у прасторы і ў часе.

Тое, што Лукашэнка прывёў краіну ў тупік – сёньня відавочна. Аднак і факт, што ён заўжды ідзе на крок наперадзе любых прапаноў нацыянальна-сьвядомых сіл. А хацелася б, каб было наадварот. Вось і сёньня 17 красавіка, калі пішуцца гэтыя радкі, анансавана канспіралагічная тэорыя арганізацыі забойства Лукашэнкі – вельмі нагадвае загадкавую гісторыю імітацыі яго забойства ў 1994 годзе падчас першай выбарчай кампаніі.

Таму гістарычная і маральная адказнасць і абавязак нацыянальна-сьвядомай эліты выпрацаваць і давесьці да насельніцтва такую прывабную стратэгію, якая была б ім прынята і ўвасоблена з цягам часу ў нацыянальную дзяржаву. Думаецца, такім мазгавы цэнтр мусіць быць створаны вакол нацыянальнага лідэра – Святланы Ціханоўскай. Магчыма ён і існуе, і магчыма распрацаваны каротка- і доўнатэрміновыя сцэнары – А, В, і С… Але пакуль не адчуваецца што так і ёсць – а яны (сцэнары) мусяць быць аб’яўлены публічна і данесены да большасці насельніцтва. Магчыма яны будуць рэалізаваны хаця б і праз 20-30 год – бо працэс адукацыі і прыняцьця такой стратэгіі беларусамі не можа быць хуткім з улікам таго стану, у якім знаходзіцца беларускае грамадства.

Думаецца, што трэба павініцца за памылкі-грахі, памірыцца між сабой прыхільнікам нацыянальнай ідэі і пачаць бы з чыстага ліста. Ніколі не позна пачынаць усё з пачатку. Напрацавана шмат добрых ідэй, якія, сабраныя ў адзінае, могуць прывесці да добрага і жаданага выніка. Прывяду да прыкладу “Стратэгію развіцьця беларускай нацыі”, прадстаўленую на старонках часопіса “Культура. Нацыя”. Мэтай прапанаванай “Стратэгіі” з’яўляецца пабудова нейтральнай, нацыянальнай дзяржавы, у якой абсалютна роўныя правы будуць мець прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў і прадстаўнікі нацыяўтваральнага этнаса – беларусы. “Стратэгія” прадугледжвае, што у сваіх адносінах паміж людзьмі пры яе рэалізацыі варта прытрымлівацца “Кодэкса гонару” і што рэалізацыя “Стратэгіі” разлічана на бліжэйшыя два дзесяцігоддзі ў незалежнасці ад магчымых змен унутранага ці знешняга характару (рэвалюцыя, агрэсія ці іншае).

Сярод асноўных палажэньняў “Стратэгіі” варта адзначыць наступныя:

  •     прытрымліваючыся раўнапраўных узаемаадносін з усімі суседнімі краінамі, лічыць ідэю аб трыадзінстве усходнеславянскіх народаў (Беларусі, Расіі, Украіны) не адпавядаючай гістарычнай праўдзе і шкоднай для развіцця беларускай нацыянальнай дзяржавы;
  •      падтрымліваць ідэю пераемнасці ў гістарычным развіцці беларускай дзяржаўнасці – дабівацца сусьветнага прызнаньня выключнай ці роўнай ролі беларускага народа ў развіцці Вялікага Княства Літоўскага – вялікай еўрапейскай дзяржавы мінулага, на тэрыторыі якой сёньня пражываюць людзі сучасных незалежных краін, Беларусі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны і Расіі;
  •      для папярэджаньня пагрозы страты незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь праз ваенныя, эканамічныя ці культурныя механізмы супрацьстаяць ідэалогіі “русского мира” і нео-еўразізма, якія ўяўляюць сабой абноўленыя формы імперскага шавінізму;
  •      не падтрымліваць афіцыйную ідэю таго, што Беларусь – праваслаўная краіна – на самай справе уплыў праваслаўнай царквы не перавышае 50% ад колькасьці вернікаў краіны;
  •      не падтрымліваць будаўніцтва рускамоўнай дзяржавы і адначасова працягваць пошук актыўнага ўзаемадзеяння з мясцовымі ўладамі ў рамках законаў у адносінах да мовы (садкі, класы, школы, дакументацыя), гісторыі (назвы вуліц, памятныя знакі) і па іншых пытаньнях;
  •      на сучасным этапе праводзіць асьветніцкую дзейнасць сярод насельніцтва ў першую чаргу ў галіне гісторыі, элітарнай і мас-культуры і традыцый беларускага народа (Полацкая дзяржава, ВКЛ, БНР, БССР, адраджэньне ў 90-х), не збаўляючы высілкаў па вызваленьні беларускай мовы з прыгнечанага стану.

Безумоўна, што выказаныя вышэй стратэгічныя, маральныя ідэі могуць быць дапоўненыя і палепшаныя. Прыняцьце іх зацікаўленымі сіламі і існуючыя магчымасці распаўсюду вельмі актуальныя менавіта цяпер, калі ўвесь нацыянальны рух загнаны у падпольле. Чым шырэй нацыянальныя ідэі будуць пасеяны, тым больш будзе шансаў, што яны паступова дасягнуць розных слаёў беларускага грамадства, якія яшчэ недастаткова зразумелі ў якое царства цемры іх зацягваюць.

…………………………………………………………………………………………………………….

Abstract

Piotra Murzionak: Repentance in the “Union of Darkness” (editorial)

(web-magazine “Kultura. Natsyja”, issue 27, April 2021, p.6-15, www.sakavik.net)

Not in honor of the 25th anniversary of the Union of Belarus and Russia. The article analyzes the state of society in Belarus and Russia in terms of the presence or absence of a critical perception of past mistakes made at the state level and at the level of a person or group of persons, in particular, the nationally conscious part of Belarusians. The consequences of not admitting such mistakes are considered and possible ways of correcting them are suggested, including repentance / confession of guilt.

………………………………………………………………………………………………………………..

Резюме

Пётра Мурзёнак: Покаяние в «Союзе тьмы»

(веб-журнал «Культура. Нация», вып. 27, апрель 2021, с.6-15, www.sakavik.net )

Не в честь 25-летия Союза Беларуси и России. В статье анализируется состояние общества в Беларуси и России с точки зрения наличия или отсутствия критического восприятия прошлых ошибок, допущенных на государственном уровне и на уровне человека или группы лиц, в частности, национально- сознательной части беларусского общества. Рассматриваются последствия непризнания таких ошибок и предложены возможные пути их исправления, в том числе через раскаяние / признание вины.


…………………………………………………………………………………



Categories: Мараль, Нацыя Беларусы, Нацыя прачынаецца, Праект "РАЗАМ", Слова рэдактара, Этнацыд беларусаў

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: