Новыя матэрыялы Сяргея Панізьніка ў 27-м нумары уключаюць фальклорныя запісы “Там Сонца па зямлі хадзіла”, вершаваныя нататкі “Каліна-маліна, ягадка мая…”, “Тугая дуга адвагі”, а таксама аўтабіяграфічныя запісы, ілюстраваныя здымкамі аўтара “Хто ахвочы, каб сустрэліся на Ўзвыссі? Вочы – ў вочы! Сэрца – ў сэрца! Мыслі – ў мыслі!”
Сяргей Панізьнік: Там Сонца па зямлі хадзіла
“А пагода была такая, што сонца па зямлі хадзіла!”
З юрмальскай згадкі сястры Ніны, народжанай у в. Бабышкі
Быў раем хутар.
Пры бацьках –
усё, што сеялі, радзіла.
Раса іскрылася ў руках
бо Сонца па Зямлі хадзіла.
Са сцежак тчэцца радавод.
Зара радню падмаладзіла.
Каб разам быць – глядзі на ўсход:
ты ж з Сонцам па зямлі хадзіла!
Сястра, зажурынка мая,
і мне ты кладачкі масціла.
Вясной пакормім салаўя,
каб Сонца па зямлі хадзіла.
У бабышкаўскай сядзібе /даўняя вёска была пераведзена на хутары / жылі бацька Сцяпан, 1905 г. н., мама Ганна, 1914 г. н., бабуля Ганэта, 1889 г. н., мая сястра Ніна і я, 1942 г. н. Маму звалі ў сям”і Нюрай, яе бацька Сялюн Грыгорый Іванавіч служыў садоўнікам у Царскім Сяле. Многае перадалося ад яго і маёй маме: яна ўмела перагуквацца з кнігаўкамі, жаўранкамі. А на панадворку ластаўкам, якія вясною сяліліся ў пуні, так адказвала на іх журботы пра пустыя гнёзды:
Былі пунікі-прыпунікі
паўню-ю-сенькі.
Прыляцелі-паглядзелі:
нічагу-у-сенькі…
Пера-пі-лі, пераелі, пералу-ушчылі…
Гэта ажно ў 1968 г. я запісаў на магнітафон некалькі народных песняў ад мамы. Узгадаліся такія радкі з вясельнай песні:
Дый дзе быў салавей, ды дзе зязюля,
Ды ў адзін садочак яны зьляцелі,
Дый на адну вішаньку яны паселі,
Ды адну думачку яны думалі…
“Ад’араў дзядзька быкам” – успаміналі пра гаспадара, а водзыўкі, пошчакі, адгукі яго бяседнага маўлення засталіся “на семя і на емя”. Лагоджу кожнае пачутае гаваркое слова ў Бабышках, Латышах, Дубавых, Лявонпалі … Выплываюць з памяці маміны словы: стахоліць, нэмнуць, урабець, увавуліць, выранджацца, разжагерыцца …
І ўспамінаецца, як мы, падлеткі, на Вялікдзень з яйкам-мацаком “у байца хадзілі”, каб выйграць у суседа надколатае мацаком яйка. Мы “калацілі вераб’я”, ідучы за пяць вёрст у школу. Тыя гады “як кот цяў”, але я “клёк не згубіў”, “не трубіў у кулак”, і “лезьці на лес” не прыходзілася. Пакінулі мне родзічы, многія мёрскія і прыдзвінскія людзі багаты прыпас духоўнай велічы продкаў. Вось і на бабышкаўскім хутары, і па ўсім наваколлі – “сьпіткі і зьедкі” прыроднай аздобы. А ў ёй – захаваныя скарбы снуйкі-мовы, чублы трапных, дасціпных думак, намёкі, парады, прысуды… І ўсё гэта ў пачутых і запісаных прымаўках і прыказках, выслоўях, павучаннях, афарызмах, у пацешных, фрывольных прыбабуньках. Пра пажылога дзядзьку пачуў, да прыкладу, вось што: “У старога жарабка скура і на плоце гагочыць”, “Яго і ў мяшку ня зловіш”, “Ні вусоў, ні барады – як чорт малады!”, “На ім косьці граюць…”, “У яго шуры-муры ў галаве пачаліся”.
Бацькаўшчынаю насычаны
ажылі і валуны…
Мы – галосныя, мы – зычныя
беларускія сыны!
Мама прамаўляла: “Мы жылі на гэтым хутары пры першых саветах, пры паляках, пры другіх саветах, пры немцах і зноў пры саветах. Такі, сынок, наш чысьленнік гадоў. Даўней людзі былі памятушчыя. Зналі, што ў агародзе можна садзіць у растучы месяц, і што – ва ўбываючы… І песні знаходзілі нас пры нагодзе:
Ды й расла бяроза, выхіляяся.
Ды ішла Надзінька, выкланяяся.
Старога-малога не мінаючы:
У старога й малога ды шчасьця многа …
Ох, не ўдасца мне паказаць усе запісы маміных падумак: “І што табе нагрэзілася пасьля гэтай мітусьні?”, “Натура гавенная: праглася на чужое”, “Дзед на каплі меціцца: выпіць захацелася”, “Не хабарыся: усёй гамарнёй будзем упрошваць”, “Не на беднага тая бяда пала: ачуняў”, “Было: навяліцца – прымі! А ён жа самаплюх, пацюпашка”, “Ня знаю, як там было пасьля жаніцьбы: я ў іх нагах не стаяла”, “І не вытурыць з хаты гультая-дундука: будзіць валэндацца, пакуль яму ў карак ня стукнеш”, “Работы хоць разапніся – і рук не адхваціць. Вучылі мяне: “Закінь назад – наперадзе знойдзеш”.
На Фрасенню, – кажа мне мама, – мы хадзілі ў Полацак. Начавалі веруючыя людзі на палях. Манашкі чай нам паднасілі: па капейцы бралі за гэта. А назаўтра Хросны ход. Так мы сьвятую Фрасенню славілі.
А вот Фрасенняй у нас не называлі народжаных дзяўчатак. Жылі Прося Косьцікава, за рэчкай Волтай хата Проскі стаяла …
Хто ахвочы, каб сустрэліся на ўзвыссі?
Вочы ў вочы! Сэрца ў сэрца! Мысьлі ў мысьлі!
“Ня так страшна сьмерць як яе прылады”, прамовіла мама Рыгору Барадуліну ў Хатыні.
“Пакідай слова на дабрыдзень!”—вучыла мяне мама. Мой зборнік вершаў “Слова на дабрыдзень” быў выдадзены ў 1982 г., бо – “матчына сэрца ніколі ня гасьне”.
Мой бацька Сцяпан успамінаў свайго бацьку Дзмітрыя Гаўрылавіча, які меў новую жонку. Так вось Зося Кісель у другім шлюбе добра ладзіла з маім продкам. Захавалася такая згадка. Зося Зьмітраку паказвае, што на панадворку пры вясёлай гульбе вытвараецца: “Глядзі! Твае дзеткі і мае дзеткі – нашых б”юць …”
“Яглы – калі няеўшы спаць ляглі”, так мой бацька ў Бабышках гаварыў пра посную вячэру. Пра такое незразумелае слова я распавёў Рыгору Барадуліну. Той прывёў ушацкую моўную паралель: “Яглі – пацалаваліся і спаць ляглі”. Так вось пра гэтае дзіўнае слова ўпершыню дазнаўся ў пражскай краме: Jahly – гэта проса. Не вельмі насытная ежа атрымліваецца …
Калі сусед сабраўся ў дарогу, а вярнуўся напуста, бацька мой пацьвельваўся: “Зьезьдзіў як цар пад Рыгу”. Бо марнай была тая паездка – “на ўзьвей вецер”. “Сяк зьезьдзіў, ні за хны збродзіў боты. Зацягнула яго на чортавы віры …” Прымаўка “Як цар пад Рыгу” узнікла на гістарычнай Дзісеншчыне. А з нагоды такой: маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч у 1656 г. распачаў Лівонскую вайну. Ішоў пад Рыгу, але першы паход быў няўдалы. Вяртаўся з войскам міма Дзісны, грабіў, паліў сядзібы …
Запомніліся і такія выслоўі бацькі: “Май – каню сена дай, а сам на печ уцякай”, “Прычыну і канём не аб’едзіш”, “Дурасьць служыць розуму за тачыла”, “Удала займець – як з хваста сарваць”… Аднаго разу, вярнуўшыся з вяселля, ён прыгадаў пачутае рыфмаванне: “Як у нашай маладой не закрыць і скварадой …” Запісаў я і яшчэ адно такое рыфмаванне: ”У каждым родзе курва і злодзей.” Невялікая розніца ад ушацкага Барадуліна: “У вялікім родзе і курва, і злодзей”.
Зялёная арэшанька,
Што ягад ня маіць…
Хто ў прымаках пабываіць,
Той гора пазнаіць…
Пазначыў радкі з песні, запісанай ад мамы. Учапіліся ў мяне і такія яе ўспаміны: “Бувала, вясной да Дзвіны зьбіраліся – на скрыжніцу паглядзець. А часцей вясной чулася: “Пойдзем на Волту! Успол на рацэ пачаўся, лёд зрушыўся!” Ох, які скарб, гэты народны слоўнік! Навошта мне слова “двойня”, калі чуў ад цёткі Ядзвінні: ”Рэдка бываіць такое: у маей сьвякроўкі парнісьцікі радзіліся – дзьве дзяўчыначкі”.
Вось пераглядаю ўспаміны сястры Ніны – і на паперцы пазначаюцца новыя радкі: “У завеях зімы не заблудзіццца час. Будзем памятаць мы – будуць помніць і нас…” А сястра Ніна ўзгадвала пра нашу далёкую радню так: “У бабышкаўскіх Рамана і Грышкі Панізьнікаў мама Вольга доўга хварэла, пакутавала: ніяк не магла памерці Мо таму, што ўсё жыццё была знахаркай, замовамі і зёлкамі ўмела і кароў на хутарах лячыць. Сьмерць не прыходзіла, і людзі зрабілі так, як было на тыя часы пры падобных выпадках прынята: над ложкам Вольгі разабралі столь, ускрылі страху… На трэція суткі цётка Вольга сканала”.
Пра нязведаныя чары сястра Ніна расказала і такое: “Пачалася навальніца. Пастух пасьпеў цялят загнаць у хлеў, як раптам у будынак пярун ударыў. Пазвалі Міколіху Кукуць уратаваць той хлеў з цялятамі, які ўжо пачаў узгарацца. Іскры – увысь. Людзі забаяліся, каб не загарэліся хаты на хутары ў Латышах. Міколіха ўзяла ікону Божае Маці, узьняла яе наўпроць іскраў – і павярнулася з малітвай, каб ісці ў бок лесу. Іскры – за ёй. Такі ўчынак Міколіхі Кукуць уратаваў хутар ад выпалення. І калхозны статак зьбярогся. Начальства з Мёраў пасьля дзівавалася: і як так можна…”
Помню, расказвалі і пра такую жанчыну: ёй малітвай, замовай удавалася распалавініць на небе чорную навалу хмараў перуновых. Яе вырак мог адсунуць бяду ад хутара.
Не будзе айчыннасці без дабрачыннасці,
не будзе і вернасці без міласэрнасці.
Бабуля Альжбета, 1886 г.н., самая блізкая наша суседачка-раднулька ў Бабышках. Гэта яна прымала мяне на свет, пакідала на аўшаку меткі майго росту. Яе забава са мной была такая: “насіць гаршка”. Было: ускіне мяне на плечы /на карак/, трымае за ногі і я, гаршок, углядаюся: куды ж гэта мы топаем? Памятаю: бабуля пасадзіць мяне на пелену і пачастуе, і казачку збаіць…Самыя значныя меткі – гэта выслоўі бабулькі Альжбеты: ”У цябе сённека галоўка босенькая”, “Ці сяк прыйшоў, мо што мне перадаць хочаш?”, “Ой, ня тут гукана сто разоў, у Антона абарваніна…”, “Чалавек сабакі не баіцца, ды зьвягі ня любіць”, “Саракі гоняць сьнег да ракі”. Аднаго разу бабулька, якая мяне бабіла /пуп адразала/ нібыта пра сябе праспявала:
А наша бабулька і вумна-разумна,
Ды без кіёчка на вулку ня выйдзіць,
Ды без піражочка да ўнучкі ня прыйдзіць.
Ды запрагайце вы дванаццаць петухоў,
Ды завязіце нашу бабульку дамоў.
Няўзлюбіла яна калгасныя парадкі: “Ну што за мужыкі пайшлі… Скора ў семярых аднаго петуха будуць біць”, “Адным ні тэнды, ні сенды, а другім удача – як чорт у руку пернуў”, “Жывеш і сьвятых не аббачыш”, “Раней пасты саблюдалі. І быў дзень, калі казалі: Пост важыцца!” Зімой було. Я павешу на куст праснак і заву цябе: “Глядзі! Пост важыцца!”
Умела бабуля Альжбета адчапіцца ад надакучлівай суседкі і адным дыхам выказацца: “А хрэн табе ў вочы, галавешка ў зубы, перац у нос, галень паміж калень, клубок нітак паміж лытак, пад хвост памяло – каб аж дух заняло!”
Ды не кукуй жа, зязюленька, рана
Я й маладзенька ўсю ночку ня спала:
Свайго мілога з дарожанькі ждала…
(з песні, запісанай ад Альжбеты Панізьнік)
Бабуля Ганэта Сялюн (у дзявоцтве Падабыцька з роду Танайнаў) жыла ў маёй мамы ў Бабышках. Гаварыла, як яна стала калекам на ўсё жыццё. Яе сын Сяргей быў у партызанах. А партызанскія сем’і гітлераўцы стараліся знішчыць. І каб не быць расстралянай, яна з многімі суседзямі схавалася ў балоце Мох. А там па дрыгве ішлі карнікі на лыжах і цэліліся ў людзей. Загінулі і некаторыя нашыя родзічы – Панізьнікі. А бабуля Ганэта ратавалася тым, што з галавою акунулася ў глыбокі вір і дыхала праз чарацінку. У яе цень на вадзе стрэлілі, але ж… “Пастрадалі суставы ног ад доўгага сядзення ў вадзе”, прызнавалася бабуля. Але ж за ёй родзічы прыглядалі ў Бабышках, у Латышах, у Рызе…
Захаваўся ў памяці ад выпадкова ўратаванай з балота Мох жанчыны дзіўны экспромт: яна з хутара Гулякі каля таго балота намалявала словамі такі трагічны пейзаж: “Загарэліся Гулякі ззаду, сьпераду, з бакоў…
Нам для Памяці і трэба:
адухоўленае неба,
Уваскрослая зямля.
Мама бабулі Ганэты – Параска з роду Танайнаў – пражыла 85 гадоў. Народная ўмеліца адыйшла ў лепшы свет у 1943 г., усклаўшы на мяне сваё дабраславенне. Яе доўга памяталі як умеліцу прадказваць, даваць людзям добрыя парады. А было так: падыходзіць да Параскі гаспадар з такою просьбай: а калі мне можна пачаць сяўбу жыта? Знахарка дастае прыхаваны клубок пражы, шукае на патрэбных нітках пазначаныя вузялкі і прадказвае, калі можна пачаць сеяць тое жыта. Пазней я даведаўся пра вузялковы каляндар, прачытаў хоць крыху пра народныя арнаментальныя знакі. Параска, аказваецца, усё сваё бадзёрае жыццё стварала гэты вузялковы чысленнік, пазначаючы на нітках сямейныя, гаспадарчыя рэальныя падзеі…
Каб кожнаю былінкаю
гучаць на Беларусі,
з Радзімаю-крывінкаю
я песняю зрастуся.
І не толькі прабабка Параска мела чароўны “вузялковы каляндар”. Быў падобны і ў мяне, дзе я пакідаў вузялкі вершаў, запісы гаворкі родзічаў і землякоў: іх прымаўкі, водзыўкі, показкі, дражнілкі, досціпы, засцярогі, кепікі, пацешкі, павучанні…
Павучанні – улюбённая маіх суседзяў справа: і злева ад мяне і справа: “Ня ведае правіца, што робіць лявіца”. Тым, хто перажыў вайну, прыдумалі такую засцярогу: “Пачне ваяваць Кітай – жыць кідай”. Але цётка Ядзвіння загадзя мяне ўціхамірыла: “Пра воўка памоўка, а мядзьведзь з-пад налуску ды за гуску” – гэта значыць – раптам. І праспявала мне пра тое, чаму гусі не вылятаюць з гнёздаў сваіх, бо –“Шэры воўк за гарою зубы точыць, зьесьць нас хочыць…”
Паўтары сотні фальклорнай спадчыны было запісана мною ў 1968—70-я гады ў Бабышках, Латышках, Даўгінаве, Лявонпалі, Ільмовіках – ад Адамовіч Гені, Кліманскай Зіны, Панізьнікаў Ганны, Адэлі, Альжбеты, Шук Ліды, Грэцкай Вольгі, Кезік Марылі, Андыяна і Ядзвінні Кісьляк, Сялюн Ядзі, Мядэюха Любы… “Вузялковы каляндар” паказвае, што ў 1969 г. ад Пальчэх Маруты ў Даўгінаве было запісана некалькі каляндарна-абрадавых песень:
Рада-рада шэра перапёлка,
Што лета даждала. Рада-рада!
Рада-рада наша гаспадынька,
Што жыта дажала. Рада-рада!
Бацькаў брат і мой родны дзядзька Віктар спрыяў мне ў фальклорных падарожжах. Уяўляю, як Марута Пальчэх гаворыць пра жартоўныя вясельныя песні – і дзядзька Віктар хоча ўткнуць свой грош, ды пявуння яго спыняе: “З галавой не дагаварыўся, то й да ног ня сунься!” Але зноў вяртаюся ў Бабышкі. Гэта там “Бедны гаруе, што “кіем” не ўкіруе, а багаты тужыць, што “кій” яму ня служыць”. Там і зэдлік лаве падчыняецца, там на пешага арла і сарока з колам… Пыталіся ў Бабышках і самі ж адказвалі: “Для чаго бабе ногі? Ды каб ня зьбіўся струк з дарогі”.
Не магу прамінуць і ўспамін пра песню, запісананую ў Бабышках у 1968 г. ад Альжбеты і Адэлі Панізьнікаў, Гені Адамовіч, Зіны Кліманскай, Ліды Шук:
Перад Пятром, пятым днём,
разгуляўся Янаў конь,
Разьбіў арэх капытом.
А ў арэху ядро ёсьць,
а ў дзевачак праўда ёсьць…
***
Кій на кій завадзіць, абед на абед – не! – прамаўляла гаспадынька з Лявонпаля, частуючы мяне, баўтрука-дармаеда, скуматом сальца, а каб я паджулябаў –старалася падкарміць путрай – кашай з аржаной мукі… І ўспомніла крыўду суседа, які скардзіўся: “Ну й вячэру мне паднесьлі… Кажуць: гэта вам полевэчка з піньдзюкамі і біздрыкі ў масьле!” (з грыбамі і міногамі).
Ды маміны камы з душамі – цэпеліны – ніколі не забудуцца. Як і маўленне маіх землякоў. “Урабела, ніякавата мне стала,- гаварыла пявуння лявонпальская Вольга Грэцкая. – Разамкнулася маё сэрца, калі мы зноўку пачалі пяяць”. А яе суседка Марыля Кезік пасля лявонпальскіх запісаў узгадала: “Прачнулася – і песня адпомнілася! А то вечарам мы замарыліся, песню за песняй вялі і я не магла адхлынуцца…”
А што такое “пайсці пад жыта”? Гэта мы гукалі вясну на Юр’я, калі рунь на полі – як вароне схавацца. А ў “бабіна лета” мы венікі вязалі. Помню як на Кра́сы – на Піліпаўку – ваўкі вылі. Мароз трашчыць. Зімкі былі!” Вось радкі з купальскай песні, запісанай ад Вольгі Грэцкай і Марылі Кезік у 1968 г.:
Дунай вады вылілі –
галоўку ня вымылі.
Грабёнкі паламалі –
галоўку не ўчасалі…
Але гэта вада не з таго рачайка Дунай, які калісьці ўпадаў у Менку. Мяне не праганялі пявуні на бераг Дзвіны. Прыгадаў Андрыян Кісьляк выпадак з ім, калі адна вяпла-балбатуха накінулася на яго: “Лахі пад пахі – і вон з хаты!” Даведаўся ў Лявонпалі, як паненка, легкадумная грэза, адбівалася ад уедлівага ўхажора: “Нада ж як уцялёскаўся. Адкасьніся ты ад мяне: прыстаў, бэшла-недарэка, як смала…” І такі ўспамін: “Раз у год у Лявонпалі – багаты фэст. Пасля Хроснага ходу мы прыселі. “Усякая душа выхваляець Бога! “ Так нада было сказаць, каб праверыць, ці добры чалавек перад табой …” У адно імгненне я прамовіў: “І я хвалю Бога!”
Я вярнуся на тваё, любоў, святло
Без ільдзіначкі на сэрцы, без віны.
І шчаслівае прытуліцца вясло
Да агеньчыка на беразе Дзвіны.
У заўсёдных клопатах прыветная і адважная лявонпальская гаспадынька дзеля праўды прызналася: “Гатовая і пад зямлю ісьці… А што! Сто вёрст да нябёс – і ўсё лесам…”
Для натхнення пакінуў у “вузялковы каляндар” і такія народныя эх!спромты: “Кумліць, цягне яго на бабу. Часта хадзіў да яе: аджарыць хацелася”. “Не ідзе, а жаронцамі меле…” – такое азначэнне вылецела з вуснаў Андрыяна Кісьляка. Мы сядзелі каля сцежкі праз яго двор, дзе ён нешта майстраваў, а міма нас прайшла лявонпальская прыгажуня. І вось некалькі радкоў з яго валачобнай песні, запісанай у 1968 г.:
Гаспадару, сьлічны пану!
Глянь на двары што дзеіцца, што дзеіцца-лялеіцца:
Раса пала медавая!
У тваім дварку як у райку!
Хрыстос васкрос, Сын Божы!
А жонка Андрыяна – Ядзвіння была і пявуняй, і зельніцай. Умела пазнаёміць з прыдзвінскімі краявідамі. Узгадала мне пра вёскі Скакуны, Баўтрукі… У Кукішах сем раёў злавілі. Ёсць і лясныя пчолы! У Смульках шчэці стаялі, хадзілі туды лён часаць. А там, дзе ў Смульках на правым беразе Волты млын Пяткевіча стаяў, на левым плоскім беразе калісь вялікі магільнік разьмясьцілі. У даўнія часы там ці не ўніяцкая царква стаяла. На магільніку, кажуць, вялікія людзі былі пахаваныя. Казалі так: у яме, пакуль туды гроб не пакладуць, ку́рылі цвяты ў чарапку… Абваліўся бераг Волты, то знайшлі бутэльку засургучовую: гадоў 50 ляжала ў зямлі. Выпілі ўтрох: упокат мужыкі ляжалі.
І там цібе дажыдаюць,
Касьцёлы адмыкаюць.
Стулою ручкі зьвяжуць
Шчырую праўду скажуць.
Стула* – ручнік для вянчальнага абраду. З песні, запісанай ад Ядзвінні Кісьляк.
“Кармі да Івана – зробяць на пана!” – Так наказваў даглядаць пчаліныя вуллі наш родзіч з Ліпава Максім Рудзёнак. А парада яго суседа была зусім іншая: “Ня вер ні чорту, ні Мамоне!”. Мамона – бог багацця, сімвал пажады, хцівасці.
“Valoda” на латышскай мове – мова. У латышскай валодзе ёсць слова “mutulis”—клуб дыму. Беларус авалодаў значэннем слова і так павучае свайго суседа: ”Ты не круці мітулямі, а ўсю праўдачку скажы. Не хавайся, не выкручвайся. Досыць хітраваць”.
З якой мовы пачута слова “кіякі”, не ведаю. Цётка Ядзвіння, веруючая жанчына, не прызнавала расплох у сям’і, калі гаспадар не Божы дар: “Яго, латругу – выпівоху, гультая, ліхадзея, зладзюгу – запомнілі людзі. Знаюць, што гэтага нягодніка на тым свеце кіякі шукаюць”. Можа – вылюдкі? Пра запазычанні скажу так: “Калі чужое ем, то глух і нем. А калі маё ядуць, у мяне слёзы цякуць”.
Скарбы запісаных мною згукаў роднага Прыдзвіння прыладжваў калісьці мовавед –дыялектолаг родам з Дзісны Мікола Крыўко. Друкаваліся агледзіны народных выслоўяў у газетах “Народнае слова”, “Міёрскія навіны”, “Краязнаўчая газета”…
І самі мы – Радзімы вецце:
Адно з другім бліжэй, бліжэй…
За Бацькаўшчыну што на свеце
Радней, шчымлівей, даражэй?
“Калі так, ператакаваць не будзем” – вось загаловак чарговай публікацыі пра здабыткі лексікі на Мёршчыне. “За чужое лычка раменьчыкам плацяць”, а мне “Да гатовага пня і агонь добра класьці”. Гэта абыякавым “чорт па левай руцэ йдзець…” А ў мяне анёл ідзе па правай, і дапамагае запісваць, а гэта значыць захоўваць Слова, якое трэба “трымаць на дабрыні”.
Таму нібы сабе адрасую параду майго хутараніна, выказаную суседу: “Не юдзі, чалавеча! Чыстую праўду выкажы, не падманьвай мяне” (у літоўскай мове “juditi” -дражніць; у латышскай – “judit” – турбаваць). Тое, што мае землякі – паліглоты, даказвае і такі прыклад: “Зьбіраюцца леты-зімы да купы. Ня дужа рухавым я стаў. А так рыхла бегаў калі-та…” – уздыхнуў каля мяне пажылы дзядзька (у чэшскай мове richly – хуткі). А вось такое азначэнне як “пасыка” стала перада мною пярэчкай. Пачуў у гаворцы: “Баба – агонь! Толькі падвярніся – можыць спляжыць, і слова не дасьць сказаць. Крычыць: Толькі не паслухай мяне, сьціменнік, улуплю маўчуна па носе – пасыкай абальешся!” Аказваецца, што пасыка – гэта артэрыяльная кроў.
Ляцелі гусі з далёкага краю.
Ваду замуцілі на сінім Дунаю.
У том сінім Дунаю маці воду брала,
Ды й так прамаўляла…
Гэта радочкі з песні, запісанай ад Ірыны Талочка з в. Лысагорка. А ручэй Дунай працякаў каля Віцебска і апускаўся ў Дзвіну, узгадваючы свайго магутнага еўрапейскага цёзку.
З якой мовы выкарабкала фрывольнае слова суседка Ганэта Кліманская — трэба яшчэ капацца ў бабышкаўскім чарназёме: “А каб жа ён акалеў, – праклінала яна вясельнага кавалера. – Як возьміць паненку і пачне ў польцы трэсьціся, – толькі яго шванц па каленнях трасецца”.
А хто “сам сабе волі не даваў”? Дазнаўся я ад Ядзі Сялюн у Латышах. Гаварыла пра Вінцуся, які на голай лаўцы спаў, падклаўшы калена пад галаву.
– Мы жылі так: ні ў міру, ні ў Сібіру. Ну хоць лясьніся: аніякага выйсьця. Хто хацеў арду ўзьняць, ішлі наўгрудкі. Ды сусед суседу параіў: “А ты вока на кулак не нясі!”
І не самкнуліся ў пропасць жыхары даваенага Лявонпаля. Вось якую просьбу лявонпальскага яўрэя прыгадаю вам, – кажа Вольга Грэцкая: “Дайбожа майму дзіцёнку той розум напачатку, які мужыку прыходзіць пазьней!”
Было і такое: Янкель Крывіцкі з Лявонпаля ўздыхнуў: “Ох, каб ён пагарэў…Ужо як там было не было, а струбіў Саўка нашу Сару. Сара чула, дзе той лясьнік трубіць…”
Так, да вайны ў мястэчку Лявонпаль жыло многа яўрэйскіх сем”яў, было адкрыта 12 крамаў. Усе вернікі жылі ў лагодзе-дагодзе. З тых часоў курапаткаю даляцела да мяне і такое рыфмаванне: “Сора, Сора! Пойдзем у камору! Будзем рабіць тое, што рабілі ўчора…”
Радзіма, Радзіма – неразгаданае дзіва:
Заснежжа стагоддзяў на вечназялёнай траве.
“Кожная зязюля пра сваё кукуе”.
“Вольнаму воля, багатаму – рай”.
І я дзялюся сваім багаццем.
Будзь зямлёй святою, Бацькаўшчына!
Сем дарожак з дому, дадому – адна.
Снуйку-мову, чублы думак
Сонца мне знайшло ў тумане.
Я ў Бабышках скарбаў клунак
запаўняў.
Іх абдыманне
падказалі мамы сцежкі:
прыбабунькі там, пацешкі,
прымаўкі былі ў гучанні,
показкі – у павучанні.
Звёў намёкі і дражнілкі,
досціпы, галаваломкі…
Гладзіў жарцікам – галоўкі,
жылістым зычэнням – жылкі.
Вызнаў продкаў прысяганні,
хутаранцаў прывітанні…
Чуў, як Бацькаўшчыны Ніва
Сонцу гукнула рупліва:
– Слова – для сустрэч кадзіла.
Будзем вольна дзеіць, ветла, –
каб з Радзімай вечна-светлай
Сонца па зямлі хадзіла!
Сяргей Панізьнік, 7 красавіка 2021 года
Categories: Асьвета, Культура, Літаратура, Мова, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ