Ігар Пракаровіч: Расказы. Вэб-часопіс “Культура. Нацыя”, №27, красавік-май, 2021, 235-238.

“ПАЛІ ЦЯПЕР У ПЕЧЫ…”

Каля Варапаева ў 60-я гады вялася меліярацыя. Працавала даволі многа рознай тэхнікі. Аб’ём работы быў вялікі: стаяла задача асушыць і ўладкаваць балота, што цягнуліся ад Свініцы аж да Навасёлак. Працаваў там і вядомы ва ўсёй акрузе “чудзіла”, якога звалі Зэнусь. Быў у яго трактар з прычэпам і сувачом наперадзе.

Адзін чалавек з вёскі дамовіўся з Зэнькам, каб той прывёз яму дровы. Узгаднілі і цану. Яна задаволіла трактарыста і ён шукаў магчымасці закалыміць.

І вось аднойчы на панадворак заказчыка ліха заехаў бульдозер з прычэпам. Развярнуўся, падняў прычэп і высыпаў дровы. Трэба было разлічвацца.

Гаспадар палічыў, што мнагавата паабяцаў ён раней трактарысту за работу. Шкода стала грошай. Дровы прывезены, хопіць гэтаму Зэньку і паловы дамоўленай сумы. Адлічыў, падаў трактарысту. Той паглядзеў здзіўлена на гаспадара.

  • Чаму так мала?
  • Ды малавата ты прывёз. І дровы слабыя, бяроза толькі дзе-нідзе трапляецца…

Мужык хацеў і яшчэ штосьці сказаць, але Зэнусь злосна сплюнуў, сеў у трактар, развярнуўся і сувачом сапхнуў дровы ў сажалку. Дык каб жа толькі сапхнуў, а то і праехаўся па іх яшчэ некалькі разоў.

Гаспадар у адчаі мітусіўся вакол трактара і лямантаваў:

– Не рабі! Не рабі гэтага! Я заплачу!

– Раней плаціць трэба было! Палі цяпер у печы!

Трактар рвануў з месца і парожні прычэп гулка забразгатаў па дарозе…

КАВАЛЬСКАЯ ПІЛКА

Жыў у нашай мясцовасці пасля вайны ветырынарны доктар. Было ў яго два сыны, крыху старэйшыя за мяне. Дык мы і яшчэ хлопцы гулялі разам у розныя гульні, прыдумлялі што-небудзь. Ну, вядома ж, дзеці. А тады, пасля вайны, пазаставалася многа рознай зброі, патронаў, якія мы час ад часу знаходзілі.

І вось неяк аднаго разу, гуляючы ў лесе, знайшлі баявую стрэльбу. Цэлую, непааржавелую. Толькі з надта доўгай руляй. Старэйшыя хлопцы падказалі, што варта было б адпілаваць, каб зрабіць абрэз. Але для гэтага трэба мець кавальскую пілку – адмысловую пілку па метале, якой звычайна карыстаюцца кавалі. Ды дзе ж яе ўзяць пацанятам? Няма дзе…

Ды ў хуткім часе нібыта падвярнуўся спрыяльны выпадак.

Неяк таму ветурачу наказалі, каб пад’ехаў на хутар да Кавальскіх – у іх захварэла скаціна. Ну той і выправіўся, вылячыў кароўку. А гаспадар, ведаючы, што доктар любіць займацца садоўніцтвам, мае ладную колькасць пладовых дрэў, падарыў яму добрую пілу-нажоўку.

Прыехаўшы дадому, ветурач праверыў падарунак у справе і застаўся вельмі задаволены. Пілка была лёгкая, вострая, рэзала мякка, без напругі.

Вечарам, за сямейным сталом гаспадар пахваліўся, што атрымаў ад Кавальскіх у падарунак вельмі добрую пілку.

Пры словах “Кавальскія” і “пілка” хлопцы навастрылі вушы. Гэта ж тое, што як раз трэба!

Назаўтра, счакаўшы, пакуль бацька паедзе на працу, падаліся яны ў паветку, дзе захоўваліся розныя прылады і начынне. На сцяне на цвячку вісела адмысловая нажоўка. Браты знялі яе і хуценька накіраваліся ў лес, дзе ў схованцы ляжала стрэльба. Па дарозе да іх далучыўся і я з сябрам.

У лесе мы дасталі з тайніка стрэльбу, паклалі яе на вялікі сасновы пень і, прытрымліваючы, па чарзе пачалі шмараваць па рулі нажоўкай. Выступаў пот, балелі рукі, а на метале з’явіліся толькі драпінкі. Нажоўку ж зашмаравалі да палатна. Няма рады! Што ж рабіць? Занеслі браты пілку ў паветку, павесілі на цвячок, дзе і вісела.

І што? Запомнілася нам тая “кавальская пілка” на ўсё жыццё. І я, і мае сябры тыдзень не маглі сесці – бацькоўскія дзягі правялі суровыя ўрокі выхавання…

ТРАКТАРЫСТ ЛЯКСАНДРА

Працаваў я неяк у маладосці ў меліярацыйнай брыгадзе. Асушалі балоты. І рабіў у нас трактарыстам такі Ляксандра – харошы, вясёлы чалавек, але моцна любіў выпіць. І не каб дзень, а то дні тры-чатыры на работу не выходзіў. Але яго не выганялі, бо працаўнік быў удалы. Начальства ведала, што ён усё адно ўсіх дагоніць і перагоніць.

Дык вось з ім адбыўся такі выпадак. Працавалі мы на балотах каля Рагязоўкі. Невялікая такая вёсачка, але з магазінчыкам. Аднойчы мясцовыя вясковыя бабы сабраліся каля крамкі, чакалі, калі прывязуць свежы хлеб. Ну і тут як раз ідзе да магазіна той Ляксандра. Гразнаваты, крыху абарваны, пантофлі падраныя, хістаецца. Ну а бабы між сабой і гавораць: “Во, п’янюга ідзе. Пэўне ж будзе гарэлку браць. Лепш бы сабе абутак купіў, а то войкі ходзіць”.

А Ляксандра гэта ўсё чуў. Зайшоў ён у магазін, набраў многа бутэлек віна. Выйшаў, агледзіўся. Падыйшоў бліжэй да жанчын, што сядзелі на лаўках, паставіў нагу на калодку, адкаркаваў бутэльку, паліў віном спачатку на адну пантофлю, потым на другую.

А бабы глядзяць вылупіўшыся! Што ж далей будзе?

Дастаў потым той Ляксандра з кішэні пяць рублёў – на той час гэта былі вялікія грошы, буханка хлеба каштавала 14 капеек! – выцэр той “пяцёркай” свой абутак, скамячыў яе і кінуў пад ногі жанчынам. Потым падміргнуў ім, ганарова ўзняў галаву і, пасвістываючы, накіраваўся да свайго трактара.

АЛЁШКА І ВЕЖА

У адной вёсцы непадалёку ад Старога Двара жыў такі Алёшка, як яго звалі. Неблагі хлопец, але зусім несур’ёзны. Па глупстве ў турме сядзеў, выпіць любіў. Вярнуўшыся дамоў, ажаніўся, уладкаваўся рабіць на ферме. Ну не зусім на ферме, а аператарам воданапорнай вежы. Ён напампоўваў туды вады, а яна потым цякла на кароўнік. Але гэты Алёшка быў да работы абыякавы, адказнасці не меў аніякай. Калі накачае вады, а калі, як нап’ецца, то і не.

Дык вось аднойчы зімой прыціснулі маразы. Гэты Алёшка і не дагледзіў, бо быў п’яны. Замерзла вада ў вежы. І зверху на ёй наледзь, і з бакоў. Надзвычайнае становішча – “не шуцейнае дзела”! Каровы паіць трэба, а вады няма. Далажылі начальству, старшыні калгаса, выклікалі рамонтную брыгаду. Пакуль “запрошаныя” збіраліся і былі дзесьці ў дарозе, некалькі мясцовых хлопцаў – работнікаў фермы, купілі віна, залезлі навех вежы і пачалі баляваць, паглядаючы з вышыні, ці едзе начальства.

Тым часам да вежы, хістаючыся, падыйшоў Алёшка. Тут трэба сказаць, што ён з маленства баяўся верхатуры: у яго ішла кругам галава, калі глядзеў уніз.

– Алёшка, глядзі, што ў нас ёсць! – крыкнуў з вежы адзін з хлопцаў і паказаў бутэльку віна. Гэта была вялікая спакуса. І хоць ужо пад’ехала рамонтная брыгада, якая пачала абкладаць вежу старымі аўтапакрышкамі, каб запаліць іх і растапіць лёд. Алёшка ўсё ж адчайна палез па металічных скобах-прыступках уверх. Мэта і жаданне былі мацнейшыя за ўсе страхі.

Узлез. Далучыўся да балявання. Выпіў з іншымі. І тут нехта з хлопцаў заўважыў удалечыні машыну.

– Мужыкі, мусіць старшынёўскі “казёл” пхнецца. Трэба злазіць.

Алёшка, як толькі падыйшоў да краю вежы, то ледзь не самлеў. Закружылася галава і ён прысеў.

– Хлопцы, ратуйце! Разаб’юся…

Што ж рабіць? Як начальства прыедзе, дык яшчэ больш праблем будзе. Трэба ж неяк спусціць на зямлю чалавека.

Падказалі і дапамаглі мужчыны з рамонтнай брыгады. Яны падалі на вежу нейкі халат і доўгую вяроўку. Алёшку тым халатам абкруцілі галаву, каб нічога не бачыў, а пад пахі адвязалі вяроўкай. І пачалі спускаць. Алёшка дрыгаў нагамі, лаяўся, але на зямлю вярнуўся хоць і п’яны, але цэлы.

Калі пад’ехала начальства, нецвярозая каманда стаяла, хістаючыся, ганаровай вартай каля вежы і карцінна патупіўшы вочы цярпліва чакала пакарання “за дапушчаныя пралікі ў рабоце”.

Abstract

Igаr Prаkаpovich: Four stories from the life of Belarusian peasants. (web-magazine “Kultura. Natsyja”, issue 27, April 2021, 235-238, www.sakavik.net)

Резюме

Игорь Прокопович    Четыре рассказа из жизни белорусских крестьян: ПАЛІ ЦЯПЕР У ПЕЧЫ…, КАВАЛЬСКАЯ ПІЛКА, ТРАКТАРЫСТ ЛЯКСАНДРА, АЛЁШКА І ВЕЖА. (веб-журнал «Культура. Нация», вып. 27, Апрель 2021, 235-238, www.sakavik.net)



Categories: Літаратура

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google photo

You are commenting using your Google account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: