«Нават у самыя цёмныя дні я бачу святло». Навагодняя прамова Святланы Ціханоўскай

2022.01.01 00:00YOUTUBE

Loading video

https://www.youtube.com/embed/88JGFGTIFQ0?enablejsapi=1&amp=1&playsinline=1HTML 5

Абраная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская 31 снежня звярнулася з калядным зваротам да беларусаў. Рэдакцыя «Белсату» публікуе тэкставую версію звароту:

«Я таксама злуюся.

Мы думалі, што не павінна быць так доўга. Не павінна быць так складана. Не павінна быць столькі страт.

Мы захацелі новую краіну і новую будучыню. І мяне таксама злуе, што ў адказ на гэта беларусы атрымалі помсту, гвалт і крызіс. Злуе, што ўвесь год бюджэт краіны спускалі на даўгі і машыну рэпрэсій – коштам таго, што прадукты станавіліся ўсё даражэй, а чэргі да лекараў – усё даўжэй. Злуе, што нас пазбавілі пачуцця бяспекі ў сваёй хаце. Злуе, калі мне кажуць, што ўсё было дарма.

Мне таксама балюча.

За Вітольда АшуркаДзмітрыя СтахоўскагаАндрэя ЗельцараАнтона Качанава і ўсіх, каго больш няма з намі. За тысячы без віны зняволеных, для каго зараз галоўная радасць – гэта шпацыр у турэмным двары ці ліст з волі. Балюча за сотні тысяч беларусаў, якія вымушана пакінулі свае дамы, ратуючыся ад уласнай дзяржавы. І за мільёны беларусаў, якія засталіся і жывуць у нявызначанасці. За кожнага пенсіянера, які кінуты ў адзіноце з мізэрнай пенсіяй, і кожнага звольненага, які проста не гатовы быць лаяльным. Баліць за вёскі, якія выміраюць, і рэгіёны, што прыходзяць у заняпад. За месцы з вялізным патэнцыялам і магчымасцямі.

Запіс навагодняй прамовы Святланы Ціханоўскай. Вільня, Літва. 22 снежня 2021 года. Фота: ММ / Белсат

Мне таксама страшна.

Што, калі рэжым забярэ яшчэ адно жыццё? Што, калі нам не хопіць сілы? Што, калі нашым дзецям давядзецца пачынаць усё спачатку? Што, калі ўвесь гэты шлях, у які ўкладзена столькі працы, любові і веры, – не прывядзе да перамогі?

Я таксама ўсё гэта адчуваю. І разумею, як лёгка зараз паддацца безвыходнасці.

Усім нам часам здаецца, што ў цемры няма ніводнага промня святла.

Але гэта не так. Увесь гэты час, нават у самыя цёмныя дні, я бачу святло – бо гляджу на вас. На тых, хто кажа «гэта наша зямля, і мы нікуды не сыдзем». На інжынераў, якія ствараюць новае не дзякуючы ўмовам, у якія пастаўлены, а насуперак. На педагогаў, якія вучаць праўдзе, а не ідэалогіі. Лекараў, якія ратуюць жыцці, а не рэпутацыі начальства. Медыі і грамадскія арганізацыі, якія паднімаюцца з руін.

Бо гляджу на тых, хто ў адказ на ціск і арышты рахункаў робіць бізнес мацнейшым і ўстойлівейшым. На тых, хто піша мне ў інстаграм: «Святлана, мы прыдумалі праект дапамогі беларусам – падтрымаеце?» На нашых бабуль і дзядуляў, якія аднойчы перасталі глядзець дзяржканалы. На тых, хто зараз застаецца на цёмным баку, каб таемна дапамагаць святлу. І нават на тых, хто яшчэ не перайшоў на бок народу, але пачынае ўсведамляць сучаснасць і задумвацца пра будучыню.

На тых, хто перайшоў на беларускую мову. Тых, хто не дазваляе беларускім навінам знікнуць з першых палос галоўных выданняў свету. На тых, хто нават цяпер, застаючыся ў краіне, адкрывае новыя месцы і стварае новыя суполкі – пакуль старая сістэма адмірае. На тых, хто застаецца валанцёрам, каб дапамагаць іншым.

Фота: ММ / Белсат

Я бачу гэтае святло і думаю: мы – нацыя творцаў, не захопнікаў. У любых, нават самых жорсткіх умовах, мы здолеем, мы створым. Так, рэжым не робіцца больш чалавечным і мяккім, але беларусы могуць сябе бараніць, выкарыстоўваць сваю сілу. Мы ствараем – і маем права бараніць створанае. Гэты год паказаў: нават калі нас закатваюць у асфальт, наша вера прарастае – і знішчае яго сваімі каранямі.

Я гляджу на беларусаў і бачу сілу святла. Ад тых, хто настолькі паверыў у новую Беларусь, што зрабіў яе будаўніцтва справай свайго жыцця. І чыё плячо побач кожны дзень. Хто адчыняе самыя розныя дзверы па ўсім свеце. Хто стварае для нашага народу тэлефонную кніжку, у якой цяпер мноства кантактаў. У тэлефоннай кнізе чалавека, які прайграў выбары, застаўся толькі адзін нумар. І званіць па ім з кожным днём усё даражэй. А гудкі – усё даўжэйшыя.

Гэта тыя, хто мабілізуе сотні тысяч беларусаў у плане пад назвай «Перамога». Хто рыхтуецца вызваляць і рэабілітаваць людзей, як толькі гэта стане магчымым. Хто ведае, як за 60 дзён правесці новыя выбары, як уладкаваць галіны ўлады і запэўніць, каб Беларусь заўжды была незалежнай. Нас спрабуюць запужаць, быццам любыя перамены – гэта разруха і галеча. Але мы ўжо дамовіліся пра тры мільярды еўра, каб забяспечыць эканамічную стабільнасць у пераходны перыяд і пачаць доўгачаканыя рэформы.

Так, у 20-м мы аб’ядналіся. І ўжо больш за 500 дзён разам адстойваем свой выбар. Аднак мы ўсё яшчэ вінавацім саміх сябе і адно аднога. За тое, што зʼехалі з краіны. За тое, што засталіся, але сышлі ў падполле. За тое, што маўчым. За тое, што гаворым, але не пра тое. За тое, што баімся. За тое, што дзейнічаем, але не бачым хуткага выніку.

Але ў 21-м кожны для сябе зразумеў, што значыць – быць беларусам. Нават калі нас вырвалі з натоўпу і пакінулі сам насам з гэтым выбарам, мы ад яго не адмовіліся. Менавіта таму рэжым усё яшчэ паводзіць сябе так, быццам пад вокнамі палаца «незалежнасці» і сёння стаяць сотні тысяч людзей. І цяпер нашая перамога – гэта больш не пытанне выпадковасці ці шанцавання. Гэта пытанне нашай рашучасці. Гатовасці ўзяць лёс бацькаўшчыны ў свае рукі і кожны дзень нязломна ісці да новай Беларусі, пра якую мы ўсе так марым.

Фота: ММ / Белсат

Павал Латушка: Дэмакратычнай Беларусі, дзе, як сказаў нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі, «не народ для ўрада, а ўрад для народу». І я веру ў тое, што вельмі хутка мы абярэм новую ўладу, новы ўрад для новай дэмакратычнай Беларусі.

Аляксандр Азараў: Справядлівай Беларусі, дзе суддзя, пракурор і следчы працуюць не ў змове, а ў згодзе з законам, які для іх вышэй за лаяльнасць.

Вадзім Пракоп’еў: Суверэннай Беларусі, дзе баявы афіцэр, маёр сіл спецыяльных аперацый урачыста атрымлівае медаль за адвагу – у падзяку за тое, што ён абараніў айчыну ад уварвання захопнікаў, а не за тое, што напаў на пенсіянера або студэнтку.

Зміцер Лукашук: Свабоднай Беларусі, дзе некалі дзяржаўныя, а цяпер грамадскія медыя паказваюць розныя меркаванні, а ў тэлеэфіры ідуць адкрытыя дыскусіі паміж прадстаўнікамі ўлады і апазіцыі.

Таццяна Шчытцова: Адукаванай і здаровай Беларусі, дзе ў школах і лякарнях праца з паперамі не перашкаджае працы з людзьмі.

Валер Кавалеўскі: Самабытнай Беларусі, дзе чыноўнікі, ды і ўсе беларусы, памятаюць свае родныя мясціны – Беражное, Полацк (Марыя Мароз), Рэчыца (Андрэй Стрыжак), Слонім (Улад Кобец) – і мясцовыя ўлады абіраюцца людзьмі, а не прызначаюцца «зверху».

Юлія Міцкевіч: Раўнапраўнай Беларусі, дзе жанчыны самі абіраюць сваё месца дзе ім быць – у палітыцы, у сям’i (Вікторыя Пальчыс), у ютубе (Таццяна Мартынава) ці на сцэне (Маргарыта Ляўчук) – а не змагаюцца за прызнанне сваіх заслуг, павагі да сябе ці роўнасці.

Павал Лібер: Перспектыўнай Беларусі, дзе прадпрымальнік упэўнены ў бяспецы свайго капіталу і дзе складаюцца чэргі з інвестараў – у стартапы, і на заводы.

Юры Рававы: Дзе заробак працоўных дазваляе мець годны дабрабыт, гадаваць дзяцей і вандраваць самім – а не абмяркоўваць заробкі айцішнікаў.

Мікалай Халезін: Творчай Беларусі, што дае свабоду і прастору новым знакамітым дзеячам, пра якіх будуць даведвацца ва ўсім свеце, як пра Марка Шагала і Святлану Алексіевіч

Наталля Каляда: …Беларусі, якая аднойчы стане сусветным крэатыўным цэнтрам.

Зміцер Фурманаў: Мірнай Беларусі, дзе мур Акрэсціна рухнуў, з Валадарцы створаны музей, і ў краіне больш няма і не можа быць палітвязняў.

Святлана Ціханоўская: Новай Беларусі, дзе я разам з усёй сямʼёй змагу пабачыць святочны зварот новага законна абранага прэзідэнта ці прэзідэнткі. Але да гэтага моманту я буду разам з вамі. Усе мы. І толькі ад нас з вамі залежыць, ці будзе гэты год сапраўды новым».

МГ belsat.eu



Categories: Асобы, Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google photo

You are commenting using your Google account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: