Міхась Кенька:   Згадваючы класікаў… Mikhas Kenka: Remembering the classics… “Kultura. Natsyja”, N29, krasavik 2022, 111-114.

Міхась Кенька:   Згадваючы класікаў…

Сёлета спаўняецца 140 год з дня нараджэння выдатных класікаў нацыянальнай літаратуры – Янкі Купалы і Якуба Коласа.  Народжаныя ў 1882 годзе пісьменнікі і сёння з’яўляюцца выразнікамі нацыянальнай самасвядомасці, якія шырока раскрываюць асаблівасці духоўнага складу і матэрыяльнага жыцця беларусаў.  Творы Янкі Купалы і Якуба Коласа ведаюць і шануюць як у Беларусі, так і далёка за яе межамі, у тым ліку і ў Канадзе.

Алесь Адамовіч некалі вусна і ў друку выказваў шкадаванне, што ў беларусаў у свой час  не было свайго Тараса Шаўчэнкі.  Ён лічыў, што калі б у беларускай літаратуры быў яшчэ на пачатку яе развіцця класік, вядомасць якога выйшла б за нацыянальныя межы, то пра беларусаў больш ведалі б у свеце, больш “на слыху” была б беларуская мова, большы ўплыў аказала б такая постаць на далейшае развіццё мастацкай творчасці, з’яўленне новых талентаў. Але што было б патрэбна, каб такі геній, класік з’явіўся? Калі працягваць аналогію з тым жа Шаўчэнкам, то яго з’яўленню спрыяла  станаўленне нацыянальнай мовы і нацыянальнай самасвядомаці. Усё гэта на Украіне пачалося раней, аказалася звязана з паяўленнем бурлескна-травесційнай паэмы Івана Катлярэўскага “Энеіда” і членаў харкаўскага гуртка пісьменнікаў – Гулак Артэмоўскага, Яўгена Грабёнкі, Рыгора Квітка-Аснаў’яненка. Шаўчэнка сваёй творчасцю прадоўжыў працэс фармавання украінскай літаратурнай мовы, ўзбагаціў літаратуру новымі тэмамі і матывамі. Таму, што імя Шаўчэнкі стала сімвалам украінскай культуры ў свеце ягонай вядомасці  паспрыялі і абставіны – ён надрукаваў свой першы зборнік у Расіі ва  умовах забароны ўкраинскай мовы і ўкраінскага кнігадрукавання.  Яго падтрымлівалі дзеячы рускай культуры.

На беларускіх землях таксама ўсё як быццам бы ішло ў тым жа напрамку. Была і свая “Энеіда”.  Але яна не атрымала такой шырокай вядомасці, ды і аўтар тады не быў вядомы. Паявіўся і свой геній – Адам Міцкевіч. Але, хаця яго творчаць і была звязанна з беларускай зямлёй, яе побытам, вуснай народнай творчасцю, аднак пісаў ён на польскай мове і стаў класікам польскай літаратуры, славутым ва ўсім свеце.  Хадзілі чуткі, што Міцкевіч спрабаваў пісаць і па-беларуску, але следу ад гэтага не засталося.  Аднак першая спроба атрымаць свайго нацыянальнага генія  хаця і была няўдалай,  пэўны штуршок развіццю літаратуры яна ўсё ж дала. Дзейнасць спачатку двумоўных польска-беларускіх аўтараў Я. Баршчэўскага, Я. Чачота, А. Рыпінскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, У. Сыракомлі, А. Вярыгі-Дарэўскага, А. Плуга, В. Каратынскага, а потым і беларускамоўных  ці пераважна беларускамоўных Ф. Багушэвіча, А. Гурыновіча, Я. Лучыны, якая распачалася пад уплывам А. Міцкевіча,   дапамагала ўзняць беларускі народ з гістарычнага нябыту, выконвала  асветніцка-адраджэнскую місію. Спрыяльным фактарам аказалася і магчымасць  друкаваць кнігі і газеты на беларускай мове. І вось тут лёс паслаў беларусам другога Міцкевіча – Канстанціна Міхайлавіча, які не захацеў, каб яго блыталі з першым і абраў сабе літаратурнае імя – Якуб Колас. А каб у поўнай меры аднавіць гістарычную справядлівасць, лёс паслаў і другога творцу – Янку Купалу. Яны і сталі першымі беларускімі класікамі, геніямі, якія ўзнялі беларускую літаратуру на новы ўзровень. Асаблівую папулярнасць іх творы мелі да рэвалюцыі 1917 года.Іх першыя зборнікі вершаў і прозы, п’еса “Паўлінка” Янкі Купалы, мелі тады надзвычайную вядомасць, паспрыялі нараджэнню новых талентаў.  Аднак за межамі Беларусі іх творчасць стала вядома толькі ў савецкі час. Іх творы перакладаліся на рускую мову, былі адзначаны  Сталінскімі прэміямі.  Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што добрых перакладаў вершаў і паэм Купалы і Коласа на беларускую мову нямнога. Можа быць, часткова і з гэтай прычыны іх творчасць ужо не атрымала такога рэзанансу, як у свой час творчасць Шаўчэнкі, яна не была  настолькі “на слыху”, каб яе вылучалі сярод твораў многіх і многіх пісьменнікаў савецкага часу. Цікава, што больш “на слыху” беларускае слова за межамі Беларусі стала вядома намнога пазней дзякуючы музычнаму гурту “Песняры”.  Зноў жа, і тут вядомасці ў расіян украінскай мовы паспрыяў яшчэ адзін класік – М. Гогаль у сваіх “Вечарах на хутаты каля Дзіканькі”. А ў савецкі час – эстрадны дуэт Штэпселя і Тарапунькі. 

Купала і Колас, а таксама Багдановіч  і Гарэцкі, сёння для нас агульнапрызнаныя класікі, напісанае імі вывучаецца ў школах і інстытутах, пра іх многа пішуць. У кожнага беларуса з дзяцінства іх імёны, іх творчасць неадменныя спадарожнікі жыцця.  Аднак розныя пакаленні ўспрыймаюць іх кожнае па свойму.

У мяне першая сустрэча з вершамі Купалы і Коласа адбылася ў дзяцінстве, іх я чытаў у “Буквары”, у тоненькіх кніжках для дзяцей.  Маё вясковае жыццё праходзіла яшчэ ў абставінах, блізкіх да апісанага імі. У вёсцы не было электрычнасці, ва ўжытку былі прылады працы і рэчы з даўнейшых часоў: кросны, газнічкі, пляцёныя карабы і драўляныя цэбры, начоўкі, многа месца ў хаце займала печ.

Асабліва запомніўся мне верш “Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык” . Я вывучыў яго напамяць  і дэкламаваў.  Цікава, што праз многа год ва ўспамінах Ганны Цімафееўны Гагарынай, маці першага касманаўта  свету, я прачытаў, што яна падчас паездкі ў Віцебск, які, як вядома, не так ужо і далёка ад Гжацка (цяпер Гагарын), купіла кніжку з вершам  “Хлопчык і лётчык”. Цяпер у друку нават выказваецца думка, ці не быў гэты верш першым знакам цікавасці Юрыя Гагарына да авіяцыі, захапленне якой і прывяло яго ў касманаўтыку. Яшчэ адзін верш “Алеся”, таксама быў у ліку маіх любімых, ён пра дзяўчыну, якая стала лётчыцай.

Але ні лётчыкам, ні касманаўтам пад уплывам Купалы я не стаў, затое захапіўся іх паэзіяй, чытаў і пра прыроду, і пазней, пра каханне.  Падабаліся вершы “У Піліпаўку”, “Беларускім партызанам” ,паэма “Бандароўна”.  “Курган” ведаў напамяць”. Уразіў верш “А хто там ідзе”. Ва ў’яўленні  адразу маляваўся відарыс натоўпу, які магутным поступам ідзе па роднай зямлі.

Яшчэ мне памятаецца, як у маёй роднай вёсцы Вялікія Верацеі што на Пастаўшчыне, у пяцідзесятыя гады ставілі  “Паўлінку”. Пад тэатр прыстасавалі свіран на выгане, акторамі былі добра вядомы ўсім аднавяскоўцы. Гледачы былі ў захапленні, сярод іх быў і я. Гэта ж было ў часы, калі інфармацыя з навакольнага свету была адзіна з радыё.  Наколькі я ведаю, гэтую п’есу, а яшчэ і “Прымакі”, ставілі ў многіх беларускіх вёсках такія ж саматужныя, самадзейныя “тэатральныя калектывы”. Рэжысёрамі і пастаноўшчыкамі былі пераважна мясцовыя настаўнікі. Ставіліся і іншыя п’есы, як бы  пад  уплывам самай вядомай п’есы Купалы.  Мне самому давялося сыграць у 1971 годзе  Мікіту ў п’есе “Мікітаў лапаць” Міхася Чарота на сцэне клуба ў вёсцы Удзела Глыбоцкага раёна, дзе я працаваў настаўнікам. Хацелі паставіць там і Купалаўскія “Паўлінку”, “Прымакі”, ды не памятаю чаму, але нешта не склалася.

З вершаў Коласа найбольш вядомым быў з дзяцінства “На рэчцы зімою”. Тут усё такое блізкае, знаёмае, можна сказаць аўтабіяграфічнае. Ну як жа:

Не сядзіцца ў хаце

Хлопчыку малому:

Кліча яго рэчка,

Цягнуць санкі з дому…

Ляглі на душу ў дзіцычыя гады і іншыя вершы Коласа.  “Ходзіць дзед белабароды”…, “Вобразы мілыя роднага краю”, паэмы “Савось распуснік”, “Міхасёвы прыгоды”. Надоўга прыкавала ўвагу паэма “Новая зямля”, настолькі блізкім і добра знаёмым было апісанае ў ёй. Радкі самі сабой западалі ў памяць.

Доўга была ў мяне настольнай кнігай “На ростанях”.  Асабліва даспадобы мне першая частка.

Творчасць Купалы і Коласа знайшла адлюстраванне і ў маіх навуковых занятках. Цікава, што пачалося ўсё з таго, што ў час вучобы ў Магілёўскім педнінстытуце (Цяпер Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Аркадзя Куляшова), займаючыся ў навуковым студэнцкім таварыстве, я выбраў тэму адной з навуковых работ “Наследаванні ў творчасці Янкі Купалы”, дзе аналізаваў ягоны верш “Сватаная”,  навеяны вершам Някрасава “Что ты жадно глядишь на дарогу” і  “Я хацеў бы” – верш, які адштурхоўваўся ад санета польскага паэта Адама Асныка “Jednego serca!”, але не захаваў ні санетнай формы, ні адпаведнага зместу.  Другая мая студэнцкая навуковая праца “Адам Міцкевіч у перакладах на беларускую мову”, вядома ж, не магла абысціся без аналізу перакладаў Якуба Коласа і Янкі Купалы. Потым гэтая работа паслужыла рэфератам, які падаваўся падчас паступлення ў аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы (!) і такім чынам стала маёй першай прыступкай да  навуковай працы ў Акадэміі навук БССР.   Кандыдацкую дысертацыю я абараняў па тэме “Майстэрства Аркадзя Куляшова-перакладчыка”, але перш чым распачаць яе, пазнаёміўся з ужо надрукаванымі манаграфіямі Д. Палітыкі “Янка Купала-перакладчык” і В. Рагойшы “Пераклаў Якуб Колас”, адкуль ўзяў методыку і прыёмы  аналізу перакладаў, прынцыпы пабудовы, паслядоўнасць іх разгляду.

Пазней я неаднаразова звяртаўся да творчасці Коласа і Купалы,   пісаў артыкулы, удзельнічаў у Каласавінах і Купалаўскіх чытаннях  На гэтых канферэнцыях, якія сталі традыцыяй у  музеях песняроў, атрымалі пуцёўкі ў навуку ўжо многія пакаленні даследчыкаў.

Цяпер, вось ужо трэці год знаходзячыся за межамі Беларусі, у Канадзе, я час ад часу перачытваю радкі нашых класікаў, набіраю іх у інтэрнэце.  Вельмі добра, што іх творчасць там  багата прадстаўлена, гэтак жа як і матэрыялы пра іх жыццё і дзейнасць. Гэта паказвае, што яна запатрабавана, чытаецца, перачытваецца, вывучаецца.

Mikhas Kenka: Remembering the classics

(webzine “Kultura. Natsyja”, issue 29, April 2022, 111-114, www.sakavik.net)

This year marks the 140th anniversary of the birth of the great classics of national literature – Yanka Kupala and Yakub Kolas. Writers born in 1882 are still the expression of national self-consciousness, which widely reveals the peculiarities of the spiritual composition and material life of Belarusians. The works of Yanka Kupala and Yakub Kolas are known and respected both in Belarus and far beyond its borders, including Canada.

Михась Кенка: Вспоминая классиков

(веб-журнал «Культура. Нация», вып. 29, апрель 2022, 111-114, www.sakavik.net )

В этом году исполняется 140 лет со дня рождения великих классиков беларусской литературы – Янки Купалы и Якуба Коласа. Писатели 1882 года рождения, до сих пор являются яркими выразителями национального самосознания, широко раскрывающего особенности духовного склада и материальной жизни белорусов. Творчество Янки Купалы и Якуба Коласа знают и уважают как в Беларуси, так и далеко за ее пределами, в том числе в Канаде.



Categories: Асобы, Асьвета, Літаратура

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: