Пётра Мурзёнак: ЧТО ДЕЛАТЬ? або ШТО РАБІЦЬ?
Уступ
Напісаньне гэтага артыкула было звязана з правядзеннем канферэнцыі “Новая Беларусь”, арганізаванай камандай Святланы Ціханоўскай у Вільні, 8-9 жніўня 2022 года. Назва артыкула выбрана ў гонар і ў знак салідарнасці з праф. Уладзімірам Міцкевічам, філосафам, які ў 2019-2020гг. публікаваў свае артыкулы, прысвечаныя нацыянальна-дэмакратычнай перабудове Беларусі, пад назвай “Что делать …”, і які за свае пагляды кінуты дыктатарам Беларусі ў турму на 5 гадоў.
Паводле апублікаванай праграмы канферэнцыі, вырашыў спыніцца на двух уключаных у яе пунктах: “Якімі павінны быць стратэгічныя прыярытэты нашай працы?” (паседжаньне ад 8 жніўня з 12.15 да 13.15); і “Як рэарганізаваць дэмакратычныя сілы?” (9 жніўня, 16:15-17:15).
Мэтай артыкула ёсць правядзеньне аналіза сітуацыі па ўказаных пытаньнях з унясеньнем канкрэтных прапаноў на канферэнцыю – з той надзеяй, што яны будуць улічаны пры выпрацоўцы адпаведных рашэньняў. Шмат чаго па гэтых пытаньнях было ўжо апублікавана і вынесена на публічнае абмеркаваньне раней[1],[2],[3]: у прыватнасці, 25 сакавіка 2016 года была апублікавана «СТРАТЭГІЯ РАЗВІЦЦЯ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ», “Культура, Нацыя”, №13, сакавік 2016, с. 27-34. Аўтары: Алена Анісім, Аляксандр Кашо, Пётра Мурзёнак, Алег Трусаў, Ірына Шумская; 29 кастрычніка 2021 года на 2-м Сусветным кангрэсе беларусаў, які адбыўся ў віртуальным фармаце, былі прадстаўлены“Тэзісы да тактыкі і стратэгіі нацыянальнага будаўніцтва ў сучасных умовах”, якія апублікаваны ў часопісе “Культура. Нацыя”, №28, лістапад 2021, с.5-13; www.sakavik.net, і перададзены праз сп. В.Кавалеўскага сп. С. Ціханоўскай разам з кнігай “Шляхі да беларускай нацыі”.[4] Хацелася б давесці свае думкі да такой прадстаўнічай аўдыторыі ў Вільні з улікам сучаснай сітуацыі. Многія з вынесеных для абмеркаваньня прапаноў прадстаўлены ў выглядзе тэзісаў, што адкрывае магчымасць для падключэньня іншых людзей да дыскусіі.
І. “Якімі павінны быць стратэгічныя прыярытэты нашай працы?”
На мой погляд галоўнымі прыярытэтамі мусяць быць нацыянальныя прыярытэты, з улікам таго, што іх неабходна будзе ажыцьцяўляць паралельна з дэмакратычным будаўніцтвам грамадства, якое, так падаецца, поўнасьцю прыпынена дыктатарскім рэжымам. Менавіта нацыянальнае будаўніцтва застаецца адным з найактуальнейшых пытаньняў для нацыянальна-свядомай часткі беларускага грамадства, нягледзячы на тое, што мы жывём у эпоху глабалізацыі і ў дадатак у сітуацыі вайны, у якую уцягнуў беларусаў дыктатар Лукашэнка, у сітуацыі тэрора, які ён арганізаваў супраць палітычна-актыўных, нацыянальна-свядомых лідэраў, саджаючы іх у турмы, і супраць грамадзянскай супольнасці, якую ён фактычна знішчыў.
Я не буду пералічваць усе злачынныя дзеяньні рэжыма, пералічу толькі некаторыя, якія ёсць важнымі для ацэнкі і правільнай арыентацыі для ўкладаньня стратэгічных планаў:
- Лукашэнкаўскі рэжым будуе рускамоўную цывільную дзяржаву;
- амаль 30 год яго кіраваньня можна разглядаць як этнацыд беларускага народа;
- нацыянальна-дэмакратычная Рэвалюцыя надзеі-2020 часова падаўлена, мірныя пратэсты загнаны ў пад’езды, у краіне больш за 1000 палітычных вязьняў;
- за мяжу ў апошні год выехала звыш 400.000 беларусаў, уключаючы і значную колькасць актывістаў;
- толькі беларусы дыяспары маюць свабоду.
З улікам гэтых фактаў, і з улікам тых умоў у якіх працуе нацыянальная эліта, вымушаная змагацца за падняцьце на адпаведны ўзровень самасьвядомасьці беларусаў – падмурка нацыі – і, адначасова, за ўсталяваньне дэмакратычных інстытутаў, мы мусім думаць аб стратэгічных планах нацыянальнага будаўніцтва.
Прынцыпы працы нацыянальна-свьвядомых сіл у сучасных умовах
Думаецца, што перш чым пачаць будаваць планы, трэба дамовіцца аб прынцыпах працы, якія, пажадана, будуць прыняты, усімі існуючымі групамі нацыянальна-дэмакратычных сіл. І адным з такіх прынцыпаў, які на сёняшні момант можа з’явіцца і адной з ключавых стратэгій гэтых сіл – ёсць іх Кансалідацыя – Яднаньне. Ніжэй прыводзяцца аргументы аб неабходнасці прыняцця Стратэгіі Яднаньня.
- Як паказвае гістарычны аналіз бяз моцнага з’яднанага штаба лідэраў нацыянальна-дэмакратычных сіл немагчыма асягнуць беларускае нацыянальнае адраджэньне. Разрозненасць існуючых сіл пры пабудове БНР і напрыканцы 20-га стагоддзя падчас новай хвалі нацыянальнага Адраджэньня – яскравыя прыклады адмоўнага выніка нацыянальнага будаўніцтва.
- Гэта не мусіць быць аб’яднаньне дзеля аб’яднаньня. Прыкладаў такіх дэкларатыўных няўдалых аб’яднаньяў было ў мінулым шмат (Мінскія дэкларацыі дэмакратычных сіл 2005 і 2009 года, Мемарандум з паседжаньня дэмакратычных сіл, праведзенага ў Вільні пад эгідай Рады БНР у 2012 годзе).
- Аб’яднаньне мусіць ісці вакол сп. Святланы Ціханоўскай – Нацыянальнага лідэра:
- Сп. С. Ціханоўская мужная і цудоўная жанчына;
- Яна мае істотную падтрымку сярод насельніцтва Беларусі, што паказалі прэзідэнцкія выбары 2020 года і сацыялагічныя даследаваньні апошняга часу;
- Сп. С. Ціханоўская ўзяла на сябе высакародную адказнасць быць Нацыянальным лідарам.
- Яе праграма ясная і адкрытая – вызваленьне палітзняволеных і правядзеньне дэмакратычных выбараў у краіне.
- Амбіцыі і спрэчкі палітыкаў розных напрамкаў і поглядаў павінны быць часова адкладзены на пазнейшы час. Было б станоўчым крокам далучэньне да платформы сп. С. Ціханоўскай многіх лідэраў, якія па тактычных меркаваньнях яшчэ гэтага не зрабілі.
- Добравядомыя ўсім людзі, якія прапаведуюць шпіёнаманію і дапускаюць непрыстойныя заўвагі да сваіх апанентаў, мусілі б прыпыніць такую дзейнасць – у свой час яны «тапілі» дастойнага чалавека сп. Мілінкевіча, цяпер узяліся за сп. С. Ціханоўскую. А часу няма – для рэалізацыі нацыянальнай ідэі застаецца вельмі кароткі перыяд – працягам у адно пакаленьне. Радзіма ў небяспецы.
- Прыняцьце “Кодэксу гонару” было добрым крокам, які б спрыяў кансалідацыі нацыянальна-свядомых сіл.[5]
Прыняць ясную “Стратэгію развіцця беларускай нацыі”
Пытаньні будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы асьвятляліся ў мінулых праграмах: у прыватнасьці, у праграме Беларускага Народнага Фронта (90-я гады); гэта ж праграма была адноўлена нядаўна сп. З. Пазьняком і яго камандай пад назвай “Вольная Беларусь”; у праграме У. Мацкевіча і яго каманды “Свежы вецер”. З улікам іншых прапаноў па стварэньню Агульнай Стратэгіі і не прэтэндуючы на асобную і выключную роль, мы прапануем узяць у якасьці асновы “Стратэгію развіцця беларускай нацыі”, распрацаваную групай аўтараў і зьмешчанай на старонках часопіса “Культура. Нацыя”. У распрацоўцы праекта прымалі ўдзел: Алена Анісім, Аляксандр Кашо, Пётра Мурзёнак, Алег Трусаў, Ірына Шумская.[6]
Праект “Стратэгія развіцця беларускай нацыі” быў апублікаваны ў газезе “Новы час”, на вэб-сайтах ЗБС “Бацькаўшчына”, Таварыства беларускай мовы, “Мы – нацыя”, “Наша зямля”, “Пагоня” (Чэхія), Belarus News і абмяркоўваўся беларускай рэдакцыяй Польскага радыё (27.02.2016) і на “Белсаце” (12.03.2016), быў прадстаўлены удзельнікам 7-га з’езда беларусаў сьвету, арганізаванага ЗБС» Бацькаўшчына” (15-16.07.2017) і распаўсюджаны сярод удзельнікаў ХІІІ-га з’езда Таварыства Беларускай Мовы (ТБМ).
Рэалізацыя прапанаванай “Стратэгіі” разлічана на бліжэйшыя два дзесяцігоддзі ў незалежнасці ад магчымых змен унутранага ці знешняга характару (рэвалюцыя, дзяржаўны пераварот, агрэсія ці іншае).
Мэтай Стратэгіі з’яўляецца пабудова нейтральнай, нацыянальнай дзяржавы, у якой абсалютна роўныя правы будуць мець прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў і прадстаўнікі нацыяўтваральнага этнаса – беларусы.
Асноўныя задачы прапанаванай Стратэгіі (якая можа быць прынята за аснову):
Першыя тры задачы вызначаюць адносіны да Расіі.
Лічыць ідэю аб трыадзінстве усходнеславянскіх народаў (Беларусі, Расіі, Украіны) не адпавядаючай гістарычнай праўдзе і шкоднай, пакідаючы ў сіле ідэю мірнага супрацоўніцтва з блізкімі суседнямі і далёкімі краінамі.
Падтрымліваць і прапагандаваць, абапіраючыся на гістарычныя факты, ідэю аб этнічнай гістарычнай унікальнасці беларускай народа, развіцьцё якога істотна адрозніваецца ад развіцця народаў Расіі.
Супрацьстаяць ідэалогіі “русского мира” і н’юеўразізма, якія ўяўляюць сабой абноўленыя формы імперскага расійскага шавінізму.
Дабівацца сусветнага прызнаньня выключнай ці роўнай ролі беларускага народа ў развіцці Вялікага Княства Літоўскага.
Распаўсюджваць ідэю аб атрыманні краінай нейтральнага стану праз правядзенне рэферэндума і замацаваньні гэтага палажэньня ў Канстытуцыі РБ.
Не падтрымліваць будаўніцтва рускамоўнай цывільнай дзяржавы, якое ажыцьцяўляе дыктатарскі рэжым.
На сучасным этапе праводзіць асветніцкую дзейнасць сярод насельніцтва ў першую чаргу ў галіне гісторыі, культуры і традыцый беларускага народа, не збаўляючы высілкаў па вызваленні беларускай мовы з прыгнечанага стану.
ІІ. “Як рэарганізаваць дэмакратычныя сілы?” (тэзісы)
Прапановы для ўнясеньня ў рашэньні канферэнцыі:
- Выказаць падзяку і падтрымку Нацыянальнаму лідару сп. С. Ціханоўскай і прасіць яе працягваць сваю дзейнасць у якасьці Нацыянальнага лідэра ў далейшым.
- На працягу бліжэйшых двух месяцаў правесьці структурную рэарганізацыю нацыянальна-сьвядомых сіл пад началам Нацыянальнага лідэра, прадугледзеўшы:
– абнаўленьне\папаўненьне Прэзідыума Каардынацыйнага савета да 7-12 чалавек (можна назваць яго урадам) праз дэмакратычную працэдуру абраньня і зацверджаньня Нацыянальным лідэрам; больш шырокае інфармаваньне аб дзейнасці Каардынацыйнага савета\урада;
– правядзеньне паседжаньняў Прэзідыума ў пашыраным складзе з запрашэньнем лідэраў палітычных партый, рухаў, аб’яднаньняў, іншых асоб у якасьці дарадцаў;
– далучэньне пад крыло Нацыянальнага і Прэзідыума лідэра іншых структур, рухаў, фондаў, якія працуюць паралельна на беларускую справу;
– для сувязі і сумеснай працы стварэньне пры Прэзідыуме дарадчага органа, з прадстаўнікоў арганізаваных беларускіх груп, прыняўшых рашэньне патрымліваць дзейнасць Нацыянальнага лідэра (можа складацца з асоб дэлегаваных арганізаванымі беларускімі групамі (нп., з прадстаўніцтвам адна асоба ад групы не меншай 20 чалавек – гэта значыць, павінна быць выбарнасць дэлегатаў).
3. Першым і важным кароткатэрміновым праектам з’яўляецца – стварэньне агульнага сеціва нацыянальна-свядомых сіл, якога да гэтага часу няма. На гэтых старонках размяшчаць важнейшую інфармацыю і рашэньні Нацыянальнага лідэра і Прэзідыума Каардынацыйнага савета, ініцыятывы беларускіх груп з мэтай даводзіць іх да максімальнай колькасці грамадзян Рэспублікі Беларусь. На такі агульны нацыянальны інфармацыйны канал не змогуць ўплываць і ціснуць ідэалагічныя структуры аўтарытарнага рэжыму.
Прапаноўваецца просты падыход – стварэньне старонкі пад адной назвай, нп. “Жыве Беларусь”, выкарыстоўваючы існуючыя электронныя СМІ (газеты, блогі, сайты партый, недзяржаўных грамадскіх арганізацый). Схема стварэньня падобнага сеціва прапаноўвалася раней для рэалізацыі Адукацыйнага праекта «РАЗАМ».[7] У гэтай сувязі прасіць кіраўніцтва такіх СМІ як “Хартыя 97”, Радыё “Свабода”, “Наша Ніва”, іншыя электронныя рэсурсы, уключаючы рэсурсы “Беларусаў замежжа”, блогераў, адміністратараў вэб-сайтаў далучыцца да гэтай ініцыятывы.
4. Утварыць рэдакцыйную калегію для стварэньня “Стратэгіі развіцьця беларускай нацыі”, узяўшы за аснову існуючую версію (прыкладаецца), прадставіць яе да канца года для зацверджаньня на Прэзідыуме Каардынацыйнага Савета, і на пачатку наступнага 2023 года прадставіць для азнаямленьня беларускаму грамадству праз створанае інфармацыйнае сеціва. Прыняць да ведама, што рэалізацыя гэтай Стратэгіі разлічана на бліжэйшыя два дзесяцігоддзі ў незалежнасці ад магчымых змен унутранага ці знешняга характару (рэвалюцыя, дзяржаўны пераварот, агрэсія ці іншае). Аналіз паказвае, што нам для рэалізацыі нацыянальнай ідэі застаецца вельмі карокі час – працягам у адно пакаленьне.
5. Прыняць “Кодэкс гонару” (праект прыкладаецца) і прытрымлівацца яго ў сваіх узаемаадносінах у беларускім грамадстве. Трэба часова адкінуць амбіцыі і тактычныя разыходжаньні сярод лідэраў, часу для іх вырашэньня няма. Радзіма ў небяспецы.
[1] Праект «СТРАТЭГІІ РАЗВІЦЦЯ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ» (па стану на 25 сакавіка 2016 года). “Культура, Нацыя”, №13, сакавік 2016, с. 27-34. Аўтары: Алена Анісім, Аляксандр Кашо, Пётра Мурзёнак, Алег Трусаў, Ірына Шумская.
[2] П. Мурзёнак Выступ на 2-м Сусветным кангрэсе беларусаў, які адбыўся ў віртуальным фармаце на секцыі”29 кастрычніка 2021 года “Тэзісы да тактыкі і стратэгіі нацыянальнага будаўніцтва”, “Культура. Нацыя”, №28, лістапад 2021, с.5-13; www.sakavik.net
[3] Piotra Murzionak “Belarus: Prospects of a Middle Power”, “Lexington Press”, Lanham, Boulder, New York, London, 2022, 346 p.
[4] Пётра Мурзёнак “Шляхі да беларускай нацыі”. Мінск, «Кнігазбор» (2016).
[5] Там жа. “Тэзісы да тактыкі і стратэгіі нацыянальнага будаўніцтва”, “Культура. Нацыя”, №28, лістапад 2021, с.5-13; www.sakavik.net
[6] Дыскусія: “Нацыянальнае будаўніцтва і сучаснасць. 2015” “Культура. Нацыя”, №12, сьнежань 2015, 23-68;
Працяг дыскусіі: “Нацыянальнае будаўніцтва і сучаснасць. 2015” “Культура. Нацыя”, №13, сакавік 2016, 27-65.
Дапоўнены праект «СТРАТЭГІІ РАЗВІЦЦЯ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ» (па стану на 25 сакавіка 2016 года). “Культура, Нацыя”, №13, сакавік 2016, с. 27-34.
[7] Пётра Мурзёнак Адукацыйны праект «РАЗАМ» Часопіс САКАВІК, №2, чэрвень 2013 (46-51)
Categories: Зьнешнія адносіны, Мараль, Нацыя Беларусы, Праект "РАЗАМ"
Пакінуць адказ