Намесьнік камандзіра палку Каліноўскага: У нас ёсьць палітычныя амбіцыі, Сахашчыку мы не давяраем

20 кастрычнік 2022, 16:20 Радыё Свабода


Прадстаўнікі палку Каліноўскага з украінскімі дэпутатамі. У цэнтры ў другім шэрагу — Вадзім Кабанчук.
Прадстаўнікі палку Каліноўскага з украінскімі дэпутатамі. У цэнтры ў другім шэрагу — Вадзім Кабанчук.

Глядзець камэнтары

 Друкаваць

Пасьля сустрэчы прадстаўнікоў палку Каліноўскага з дэпутатамі ўкраінскай Вярхоўнай Рады намесьнік камандзіра «каліноўцаў» Вадзім Кабанчук расказаў Свабодзе пра палітычныя амбіцыі палку і стаўленьне да Сьвятланы Ціханоўскай і «пераходнага кабінэту».

Па выніках сустрэчы зь Міжфракцыйным дэпутацкім аб‘яднаньнем «Дэмакратычная Беларусь», дэпутаты вырашылі прапанаваць ураду ўнесьці зьмены ў пастанову, якая не дазваляе выплачваць кампэнсацыі сем’ям беларускіх грамадзян, што загінулі за Ўкраіну. Таксама дэпутаты вырашылі вынесьці на галасаваньне пастанову аб прызнаньні Беларусі тэрыторыяй, часова акупаванай Расеяй.

— Вадзім, раскажыце, што гэта была за сустрэча, якой была яе задача?

— Гэта была сустрэча з дэпутатамі Вярхоўнай Рады, якія ўваходзяць у групу падтрымкі Беларусі. Мы ўжо даўно плянавалі наладжваньне такіх палітычных кантактаў. Першыя месяцы вайны мы займаліся фактычна вайсковым будаўніцтвам, але зараз мы разумеем, што для таго, каб пасьпяхова рэалізаваць пляны па зьмене ўлады ў Беларусі, нам патрэбныя ў тым ліку і палітычныя кантакты, зыходзячы з розных меркаваньняў. У першую чаргу, каб мы больш эфэктыўна маглі разбудаваць сваю структуру ў нешта большае.

— Я так разумею, што полк Каліноўскага стварае цяпер палітычнае крыло?

— Так, у нас гэта ёсьць у плянах, пакуль я не магу сказаць дакладна, як гэта гэта будзе называцца. Але ў плянах гэта ёсьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Полк Каліноўскага паведаміў пра сустрэчу з украінскімі дэпутатамі

— Дэпутат Аляксей Ганчарэнка сказаў сёньня нам у інтэрвію, што прызнае легітымнымі прадстаўнікамі Беларусі і полк Каліноўскага, і Сьвятлану Ціханоўскую і Аб’яднаны пераходны кабінэт. А чаму полк Каліноўскага дыстанцыюецца ад Ціханоўскай і ад кабінэту?

— Мы працуем у іншых плашчынях. Што датычыць вайсковага кірунку, які нас цікавіць у першую чаргу, у палку няма поўнага даверу да тых прадстаўнікоў Кабінэту, якія адказваюць за вайсковы кірунак.

— Гэта Валер Сахашчык.

— У першую чаргу ён.

— Ці сустракаўся полк зь ім? Ці ёсьць у вас кантакты?

— Так, размаўлялі, сустракаліся. Апошняя сустрэча была ўлетку.

— А ў чым прычына недаверу? Ён ствараў ва Ўкраіне вайсковую адзінку беларусаў, якая ваюе за Ўкраіну. І цяпер узяўся ствараць протаармію ці нешта накшталт гэтага.

— Мы знаходзімся тут на месцы, і нам лепш бачныя ўсе гэтыя вайсковыя адзінкі. Усё зусім ня так, як пра гэта расказваюць журналістам.

— Ці магчыма выправіць гэты недавер?

— Для нас незразумелая пазыцыя чалавека, які кажа, што ён прэтэндуе на ролю галоўнакамандуючага, але ў той жа час не знаходзіцца тут з нашымі хлопцамі. Тое, што яны прапагандавалі, сваё вайсковае будаўніцтва, яно фактычна скончылася нічым.

— Яшчэ да яго прызначэньня адносіны з асяродзьдзем Ціханоўскай былі ў палку ня вельмі добрыя. Пры тым, што ў Кіеве быў яе прадстаўнік Кавалеўскі, сустракаўся з вамі, перадаваў палку аўтамабілі.

— У нас нармальнае стаўленьне да ўсіх, хто дапамагае палку і працуе на вырашэньне сытуацыі па Беларусі. Абсалютна няма ніякіх дыфэрэнцыяваных падыходаў. Але калі асоба, якая заяўляе, што прэтэндуе на вайсковае кіраўніцтва, мае за сабой шлейф… Ды нават сьветапоглядна, тое, што мы бачылі. Ранейшы лад жыцьця, так бы мовіць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«У найбліжэйшыя дні адмоўлюся ад грамадзянства». Сахашчык расказаў пра свае сувязі з Расеяй і адказаў Белаконеву

— Вы маеце на ўвазе старыя выказваньні Сахашчыка пра расейскія афіцэрскія традыцыі і сувязі з Расеяй?

— Менавіта гэта. А таксама рэальныя вынікі ва Ўкраіне, мы пра іх ведаем. Мы абсалютна нармальна ставімся да тых хлопцаў, якія называюць сябе палком «Пагоня». Мы лічым іх нашымі баявымі пабрацімамі і паважаем іх. Але мы пакуль не камэнтуем, што гэта за полк і ў якім ён стане. Гэта не зусім нашая справа. Гэта павінны казаць самі тыя хлопцы. Усё ня так, як яны заяўляюць у прэсе.

— А ці бачыце вы магчымасьць супрацы з Офісам Ціханоўскай, без Сахашчыка, або і зь ім? Бо адсутнасьць адзінства заўсёды была ў мінулым праблемай беларускіх дэмакратычных сілаў.

— Давайце адкінем слоўнае шалупіньне. Цяпер у рэгіёне ідзе вайна, мы ў ёй удзельнічаем, часткова ў яе ўжо ўцягнутая і Беларусь. І мы ўспрымаем вельмі канкрэтна, што тыя людзі, якія дапамагаюць нам перамагчы, Украіне, нашаму падразьдзяленьню, з усімі мы гатовыя супрацоўнічаць. Гаворка пра практычную дапамогу: рэчы, амуніцыя, або нават палітычна. Тут няма ніякага супрацьдзеяньня ці канкурэнцыі, таму што мы накіраваныя на зьмену сытуацыі ў Беларусі. І каб нам не закідалі, што мы хочам стварыць нейкую хунту, пасьля скіданьня рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі мы абвесьцім пра правядзеньне свабодных выбараў. Калі асноўным акторам будзе полк Каліноўскага, то мы абвесьцім свабодныя выбары. У іх змогуць прымаць удзел усе, у тым ліку і дэмакратычныя сілы. У чым нашая дзейнасьць супярэчлівая і што ў вачах некаторых спадароў мы робім ня так?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што апанэнты Лукашэнкі могуць прапанаваць Украіне? Кавалеўскі расказаў, пра што гутарыў з украінскімі ўладамі

— Як вы ставіцеся да тых галасоў, што ў выпадку перамогі Ўкраіны полк і іншыя беларускія адзінкі там будуць расфармаваныя і раззброеныя?

— Гэта лухта, якая разьдзімаецца нашымі ворагамі, гэта фактычна вядзецца інфармацыйная вайна. Ніякі полк Каліноўскага не расфармуюць. Рэжым Лукашэнкі падзе да таго часу, пакуль полк будзе расфармаваны. А пасьля падзеньня Лукашэнкі, магчыма, яго расфармуюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:



Categories: Нацыя Беларусы, Нацыя прачынаецца, Праект "РАЗАМ"

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: