Пра недавер Кіева да Ціханоўскай, «грамадзяніна Арастовіча» і нацыянальны эгаізм украінцаў. Інтэрвію з украінскім журналістам

20 кастрычнік 2022, 09:00 Радыё Свабода


Сьвятлана Ціханоўская на фоне беларускага і ўкраінскага сьцягоў
Сьвятлана Ціханоўская на фоне беларускага і ўкраінскага сьцягоў

Падзяліцца

Глядзець камэнтары

 Друкаваць

Юры Панчанка, рэдактар украінскага выданьня «Європейська правда», нагадвае, што некаторыя ўкраінцы ў 2020-м лічылі, што Лукашэнка будзе лепшым за апазыцыю; адказвае на пытаньне, у чым прэтэнзіі ўкраінскіх палітыкаў да Ціханоўскай; і заяўляе, што наўрад ці афіцыйны Кіеў дойдзе да практычнай рэалізацыі пляну расколу беларускай апазыцыі.

Сьцісла:

  • Многія ў 2020-м лічылі, што перамога апазыцыі ў Беларусі для Ўкраіны можа быць нявыгаднай, і Лукашэнка будзе лепшым варыянтам.
  • Украіна доўгі час адмаўлялася ад кантактаў зь Ціханоўскай, пры гэтым не тлумачачы прычын.
  • У выпадку непрызнаньня Ціханоўскай Украіна пойдзе насуперак пазыцыі найбліжэйшых заходніх саюзьнікаў.
  • Грамадзянін Арастовіч сустрэўся з грамадзянкай Ціханоўскай, пагаварылі пра палітыку.
Юры Панчанка
Юры Панчанка

— У многіх беларусаў складаецца ўражаньне, што некаторыя ўкраінскія палітыкі і экспэрты, якія выказваюцца на тэму Беларусі, не валодаюць дастатковай інфармацыяй пра Беларусь і жывуць пэўнымі стэрэатыпамі.

— Часткова пагаджуся, ёсьць праблема з экспэртызамі. Гэта стала асабліва заўважна ў 2020 годзе, калі падзеі ў Беларусі для многіх ва Ўкраіне сталі нечаканымі. Многія параўноўвалі іх з нашым Майданам, і калі пабачылі розьніцу, то пачалі зьдзіўляцца, зачароўвацца і расчароўвацца. Відаць, тут своеасаблівая праблема фокусу, бо Беларусь вельмі блізка, і таму многім здаецца, што ў такой блізкай краіне ўсе разьбіраюцца, але на самой справе гэта далёка ня так.

— Калі гаварыць пра дыскусіі апошніх тыдняў, то шмат шуму ў Беларусі нарабіў тэкст народнага дэпутата ад кіроўнай партыі «Слуга народа» Багдана Яроменкі, які мяркуе, што Кіеў павінен сфармаваць уласную стратэгію ў дачыненьні да Беларусі, зрабіўшы стаўку на полк Кастуся Каліноўскага. Гэта выклікала даволі нэгатыўную і адначасова зьдзіўленую рэакцыю, бо полк Каліноўскага — частка Ўзброеных сілаў Украіны, і таму як ён можа быць палітычным прадстаўніком?

— Я рады, што гэтая калёнка выйшла ў нашай газэце і выклікала такі рэзананс. Украіна доўгі час адмаўлялася ад кантактаў зь Ціханоўскай, пры гэтым не тлумачыўшы прычын. І мы гэта зьвязвалі зь нежаданьнем канчаткова рваць з Лукашэнкам, нібыта каб не даваць яму падставы дасылаць свае войскі ва Ўкраіну. На самой справе гэта ня так — але іншых тлумачэньняў не было прадстаўлена.

І вось калі зьявілася калёнка Яроменкі, усё стала на свае месцы. І гэта ня толькі ягоная прыватная думка, падобную пазыцыю падзяляе як мінімум частка праўладнай каманды. Такія ж аргумэнты агучыў кіраўнік парлямэнцкага камітэту па зьнешняй палітыцы, таксама ад «Слугі народу», Аляксандар Мярэжка. Так што гэта ня думка аднаго чалавека, гэта ўжо акрэсьленая пазыцыя, зь якой можна дыскутаваць.

Я напісаў сваю калёнку, дзе тлумачыў, чаму, на маю думку, гэта кепская ідэя (і для ўкраінцаў, і для беларусаў). Дыскусія працягваецца, і, я лічу, гэта добра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што апанэнты Лукашэнкі могуць прапанаваць Украіне? Кавалеўскі расказаў, пра што гутарыў з украінскімі ўладамі

У многіх украінцаў ёсьць пэўныя пытаньні і нават непрыняцьце Сьвятланы Ціханоўскай, што бярэ свае карані ў 2020 годзе. Тады, яшчэ да выбараў, яна рабіла пэўныя заявы, даволі камплімэнтарныя да Расеі, і яны ва Ўкраіне ўспрымаліся ня вельмі спрыяльна. Тады ва Ўкраіне ішлі дыскусіі, і многія лічылі, што перамога апазыцыі ў Беларусі для Ўкраіны можа быць нявыгаднай, і Лукашэнка быў бы лепшым варыянтам.

Аргумэнтам было тое, што гэтая новая апазыцыя прарасейская, а Лукашэнка з уласных прычын сувэрэнітэт не аддасьць, будзе за яго трымацца, і адпаведна, меншая імавернасьць нападу з тэрыторыі Беларусі. На жаль, гэты аргумэнт ня ўлічваў таго, як прайшлі выбары і што «выйгрыш» Лукашэнкі стварыў шлях для эрозіі беларускай дзяржаўнасьці, беларускага сувэрэнітэту, і вынік гэтага мы бачым зь лютага гэтага году.

— Гэтыя аргумэнты, якія вы пераказалі, можна расцаніць як вельмі вузкі нацыянальны эгаізм — «няхай ён дыктатар, нам усё роўна, што ён забівае людзей на вуліцах, саджае тысячамі ў турмы — галоўнае, каб на нас не нападаў».

— Я з вамі згодны, я не падтрымліваю гэтыя аргумэнты, але такі пункт гледжаньня існуе, і ён тлумачыць насьцярожанае стаўленьне часткі ўкраінскіх палітыкаў да Ціханоўскай. Хоць пасьля выбараў у жніўні 2020-га, і асабліва пасьля пачатку вайны ў лютым, у яе не было заяваў, якія можна было б трактаваць як прарасейскія. Часам кажуць: вось яна не назвала Расею тэрарыстычнай дзяржавай…

— Дык фактычна ніхто з дэмакратычных заходніх лідэраў не назваў…

— Дарэчы, так. Так ці іначай, але большасьць прэтэнзіяў да яе з боку ўкраінскіх палітыкаў тычыцца менавіта заяваў да жніўня 2020 году. Маўляў, тады яна шукала падтрымкі Пуціна, а цяпер, калі ўсё памянялася, выказваецца за Ўкраіну. На маю думку, за гэтыя 2 гады зьмянілася і беларускае грамадзтва, і палітыкі, якія зьяўляюцца яго адлюстраваньнем, — так што, я лічу, трэба глядзець на тое, што цяпер.

Ва ўсякім разе, зразумела, чаму ва ўкраінскіх палітыкаў узьнікла ідэя шукаць апірышча сярод іншых беларускіх апазыцыянэраў. Але я пагаджуся, што выбар палку Каліноўскага вельмі дзіўны. Я разумею, што ў яго добрая рэпутацыя і папулярнасьць сярод беларусаў. Але ж гэта вайсковая структура, і ня вельмі добра, каб яна займалася палітыкай: сучасныя дэмакратычныя правілы да гэтага ставяцца вельмі скептычна.

Ня кажучы пра тое, што ў такім выпадку Ўкраіна выступіць насуперак пазыцыі нашых найбліжэйшых заходніх саюзьнікаў. Так што ў мяне ёсьць вялікія сумневы, што Ўкраіна пойдзе гэтым шляхам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Полк Каліноўскага паведаміў пра сустрэчу з украінскімі дэпутатамі

— А чым вы патлумачыце даволі моцныя разыходжаньні ў заявах розных украінскіх палітыкаў наконт беларускага пытаньня? Вы прывялі думкі Яроменкі ды іншых. Разам з тым Арастовіч, які мае не зусім зразумелы статус ва ўладзе, але мае відавочна большую папулярнасьць і пазнавальнасьць, сустракаецца зь Ціханоўскай і гаворыць пра памылкі Кіева ў беларускім пытаньні. Няўжо нават падчас вайны ва ўкраінскім кіраўніцтве адна частка не зьвяртае вялікай увагі на тое, што робіць і гаворыць іншая частка?

— Хутчэй так. Каго прадстаўляе Арастовіч — даволі складана сказаць. Ягоная сустрэча зь Ціханоўскай — гэта больш ягоны асабісты піяр. Дазвольце мне выказаць сумнеў, што ў яго быў нейкі перамоўны мандат ад Зяленскага. У прынцыпе, грамадзянін Арастовіч сустрэўся з грамадзянкай Ціханоўскай, пагаварылі пра палітыку.

Я да канца не разумею, адкуль узьнікла гэтая пазыцыя некаторых дэпутатаў і што яны ў выніку хочуць атрымаць. На сёньня відавочна, што менавіта Ціханоўская — прадстаўніца прадэмакратычных беларусаў, і яна будзе заставацца такой (калі сытуацыя радыкальна ня зьменіцца) да 2025 году.

Мы ведаем, што каманда Ціханоўскай спрабуе арганізаваць супрацоўніцтва з палком Каліноўскага, але пакуль ня вельмі ўдала. Узьнікае пытаньне — чаму? Полк сам адхіляе гэтае супрацоўніцтва ці на яго аказваецца пэўны палітычны ціск?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Польскі ядзерны ўдар па Беларусі, вяртаньне «Крэсаў» і бчб-баевікі. Чаму Лукашэнка так баіцца Польшчы

Я пагадзіўся б з аргумэнтам Яроменкі ды іншых, што ёсьць шмат беларускіх палітыкаў, якія даўно ў палітыцы і даўно займаюць больш праўкраінскія і антырасейскія пазыцыі, — але большасьць зь іх у турмах альбо не займаюць прыкметных пазыцый у палітыцы.

Падсумоўваючы, я ня думаю, што афіцыйны Кіеў дойдзе да практычнай рэалізацыі гэтага пляну — па расколу беларускай апазыцыі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы.
  • За шэсьць месяцаў вайны ва Ўкраіне вядома пра сьмерць 11 беларусаў, якія загінулі, ваюючы на ўкраінскім баку. Гэта Ільля Хрэнаў, Аляксей Скобля, Дзьмітры Апанасовіч, Дзьмітры Рубашэўскі, Канстанцін Дзюбайла, Павал «Волат», Іван Марчук, Васіль Парфянкоў, Васіль Грудовік, Вадзім Шатроў і адзін з байцоў палка Каліноўскага, імя якога не называлася. Акрамя гэтага, дакладна вядома пра двух палонных каліноўцаў — Яна Дзюрбейку і Сяргея Дзёгцева. Падрабязнасьцяў пра іх лёс няма.
  • Вядома таксама пра выпадкі гібелі ўраджэнцаў Беларусі, якія ваявалі ва Ўкраіне на баку Расеі. За шэсьць месяцаў вайны такіх назьбіралася дзевяць чалавек.
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы генацыду ў Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • У чэрвені ў так званай «ДНР» двух добраахвотнікаў зь Вялікай Брытаніі і аднаго з Марока асудзілі да сьмяротнага пакараньня. Такое ж пакараньне пагражае некаторым іншым палонным.
  • 29 ліпеня ў выніку ўдару па калёніі ў Аленаўцы загінулі як найменей 53 украінскія палонныя, якія раней баранілі завод «Азоўсталь» і здаліся ў палон пасьля выкананьня бявой задачы. Расейцы абвінавацілі ў нападзе Ўкраіну, украінскі бок заявіў пра наўмыснае забойства палонных расейскім бокам.
  • Афіцыйную колькасьць загінулых украінскіх вайскоўцаў 22 жніўня агучыў міністар абароны Украіны Валеры Залужны. Па яго словах, яна складае каля 9000 вайскоўцаў.
  • За шэсьць месяцаў вайны Расея змагла акупаваць каля 20% украінскай тэрыторыі. У сакавіку плошча акупаваных зямель даходзіла да 30%. Аднак у канцы месяца расейскія войскі адступілі з поўначы Ўкраіны, а таксама часткова ад Харкава. На канец жніўня цалкам акупаванымі былі Крым, Луганская і Херсонская вобласьці. А таксама 50% тэрыторыі Данецкай вобласьці, каля 70% Запароскай, прыкладна 30% Харкаўскай.
  • Адзіным абласным цэнтрам Украіны, захопленым Расеяй пасьля 24 лютага, застаецца Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Кіеў падазрае частку былога кіраўніцтва Херсона і вобласьці ў здрадзе дзяржаве. Таксама па такім падазрэньні затрымалі былога кіраўніка СБУ Харкаўскай вобласьці.
  • У верасьні ўкраінскія войскі пачалі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пачалі імкліва ўцякаць са сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці. Толькі за дзень 11 верасьня ўкраінцы вызвалілі звыш 20 населеных пунктаў на Слабажаншчыне.
  • Украіна ў верасьні адклікала сваю місію ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга пры AAН, каб накіраваць авіяцыйнае падразьдзяленьне на абарону ад расейскай агрэсіі.
  • 21 верасьня Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі ваенкаматаў. Прызываць у войска пачалі нават людзей без вайсковага досьведу, нягледзячы на абяцаньні, што на вайну адправяцца толькі дасьведчаныя людзі. Мабілізацыя мужчын у расейскае войска праходзіць таксама на акупаваных тэрыторыях Украіны.
  • 2 кастрычніка Пуцін унёс на разгляд расейскага парлямэнту законапраект, які зьяўляецца спробай анэксіі частак чатырох рэгіёнаў Украіны. У складзе Расеі павінны будуць зьявіцца дзьве новыя рэспублікі — «ЛНР» і «ДНР» — і дзьве вобласьці — Запароская і Херсонская. Але дзякуючы контранаступу ўкраінцаў намаляваныя ў Маскве межы ўжо ня цалкам кантралююцца акупацыйнымі войскамі.
  • У кастрычніку ўкраінскія войскі пасьпяхова працягнулі контранаступ, у пачатку кастрычніка яны вызвалілі Ліман і Ямпаль, а таксама істотна наблізіліся да Сватава ў Луганскай вобласьці, а адтуль адкрываецца шлях на Севераданецк і Лісічанск.
  • Раніцай 10 кастрычніка расейцы распачалі інтэнсіўны абстрэл украінскай тэрыторыі, у тым ліку цэнтру Кіева. Ракеты даляцелі і да Львова, пазбавіўшы горад электрычнасьці.
  • Лукашэнка 10 кастрычніка правёў паседжаньне з Саветам бясьпекі і заявіў пра разгортваньне сумеснай з Пуціным групоўкі войскаў.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.


Categories: Зьнешнія адносіны, Нацыя прачынаецца

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: