М. П. Кенька, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта: Асаблівасці мастацкага перакладу ў Беларусі
(webzine “Kultura. Natsyja”, issue 30, November 2022, 214-220, www.sakavik.net )
Анатацыя. Становішча з перакладам на беларускую мову унікальнае, магчыма, больш нідзе такога няма. У сувязі з беларуска-рускім двумоў’ем, добрае веданне рускай мовы ўсім адукаваным насельніцтвам краіны абумовіла тое, што пераклад на беларускую мову з рускай даўно ўжо практычна не патрэбны, а з іншых замежных моў ён таксама амаль што не выконвае сваю асноўную функцыю – азнаямленчую, таму што ўсё больш-менш значнае з твораў сусветнай літаратуры перакладзена ці аператыўна перакладаецца на рускую мову. Да нядаўніх часоў мастацкі пераклад на беларускую мову выступаў пераважна як сведчанне дружбы народаў. Акрамя таго, беларускія паэты на перакладах удасканальвалі сваё майстэрства, умельства абыходжання са словам. Ва ўмовах адсутнасці ідэалагічнага фактару, уплыву рыначных адносін пераклад на беларускую мову зусім страціў бы сэнс, калі б не неабходнасць перакладаць тое, што яшчэ не перакладзена, ды, магчыма, і не будзе перакладзена на рускую мову, але мае цікавасць для беларускага чытача, для гісторыі беларускай літаратуры і культуры. Гэта творы аўтараў, якія нарадзіліся і жылі на беларускіх землях, але з-за неспрыяльнага становішча друкаванага слова на беларускай мове да пачатку ХХ стагоддзя былі вымушаны пісаць па-польску ці па-лацінску. Акрамя таго ў’яўляюць цікавасць для беларускіх перакладчыкаў творы, сюжэт якіх звязаны з Беларуссю. І, вядома, трэба аператыўна перакладаць тое, што з’яўляецца новага за мяжой, але яшчэ не нідзе не перакладалася. Падобных твораў ужо досыць многа перакладзена, але многае яшчэ і не прагучала па-беларуску дагэтуль. Аўтар артыкула якраз і імкнецца перакладаць такія творы. Сярод іх іх пяць аповесцей Юзафа Крашэўскага, аповесць і раман Генрыка Жавускага.
Канада – краіна, у якой жывуць людзі, якія размаўляюць на мовах многіх народаў свету. Але эмігранты, якія складаюць значную частку яе насельніцтва, прынялі як належнае дзве дзяржаўныя мовы, англійскую і французскую, і гавораць на іх у месцах пражывання. У Беларусі таксама здавён, з часоў СССР, дзве дзяржаўныя мовы, але склалася так, што адна з іх заняла большае месца, нават выцесніла другую ў некаторых сферах навукі, тэхнікі, культуры, афіцыйных зносін. Таму нельга не сказаць пра тыя асаблівыя ўмовы, у якіх працавалі і працуюць перакладчыкі мастацкай літаратуры на беларускую мову.
У мастацкай літаратуры Беларусі пераклад меў сваю спецыфіку, якая выяўляецца больш яскрава, калі параўнаць яго функцыі і ўплыў на ўзаемасувязі літаратур у розныя перыяды з перакладам у літаратурах іншых усходнеславянскіх народаў. Калі ў рускай, польскай, чэшскай, славацкай, славенскай літаратурах пераклады на нацыянальную мову былі такімі ж паўнацэннымі для чытача, як і творы сваіх нацыянальных аўтараў, то беларускія пераклады амаль на працягу ўсёй гісторыі развіцця нашай літаратуры аказваліся ў пэўнай ступені другаснымі: яны не выконвалі адной з важнейшых функцый — пазнаваўчай, бо часцей за ўсё былі ўжо вядомымі чытачу па перакладах з рускай мовы, а творы рускіх пісьменнікаў — у арыгінале. Гэта звязана з асаблівасцямі гістарычнага шляху Беларусі і развіцця яе літаратуры.
Першым беларускім перакладчыкам быў наш славуты асветнік Францыск Скарына, і перакладаў ён на старабеларускую літаратурную мову. Але далейшае развіццё беларускага перакладу было перапынена амаль чатырохсотгадовай забаронай ужывання беларускай мовы ў друку. I таленавітыя творцы, што ўзраслі на нашай зямлі, вымушаны былі пісаць па-лацінску, па-польску або па-руску.
Калі ў канцы XIX стагоддзя на беларускіх землях, якія тады знаходзіліся пад уладай царскай Расіі, стала нарэшце дазволена мець газеты і кнігі на нацыянальнай мове, то найперш пачала бурна развівацца літаратура свая, родная, літаратура ж іншых народаў перакладалася вельмі мала. Было не да перакладаў, беларускія аўтары спяшаліся выказацца пра сваё, набалелае і назапашанае за доўгія гады маўчання. 3 літаратурамі іншых народаў і тады ішло знаёмства праз пасрэдніцтва няроднай мовы: для каго праз рускую, для каго праз польскую. Нешматлікія пераклады мелі характар наследавання, прыпадабнення або былі занадта вольныя. Аднак яны былі, друкаваліся спачатку ў «Нашай ніве», а потым з яе старонак пайшлі ў свет і асобнымі пакуль што яшчэ тоненькімі кніжачкамі. Перакладалі тады творы пераважна народаў-суседзяў. Тады ў якасці перакладчыкаў выступілі нашы класікі – Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі.
3 уваходам беларускіх зямель у склад СССР паўсюдна, ва ўсіх яго рэспубліках уводзілася абавязковае вывучэнне не толькі роднай, але і рускай мовы. Аднак у даваенныя гады мастацкі пераклад у БССР быў вельмі пашыраны. Паколькі рускай мовай тады яшчэ не валодала пагалоўна ўсё насельніцтва краіны, то і пераклады нават рускіх аўтараў былі шматлікімі. Прычым рабіліся амаль адразу пасля іх публікацыі ў арыгінале. Тады з’явіліся пераклады твораў У. Маякоўскага, М. Шолахава, М. Астроўскага, шэрагу іншых папулярных у тыя гады аўтараў.
Многа перакладалася прозы, у тым ліку рускай, з іншых моў — часта не з арыгінала, з ужо зробленага рускага перакладу, таму што вельмі мала было сярод літаратараў знаўцаў замежных моў. Праўда, М. Багдановіч, У. Дубоўка, А. Мардвілка перакладалі з арыгіналаў. Але і «пераклады з перакладу» былі карысныя, бо накладаў рускіх выданняў неставала, не ўсе мелі магчымасць купіць кнігі, якіх не так ужо і многа прывозілася з-за межаў рэспублікі.
Пераклады сталі адным са сродкаў матэрыяльнага ўвасаблення дружбы народаў. Асабліва многа перакладаў рабілася да юбілейных дат славутых пісьменнікаў — А. Пушкіна, Т. Шаўчэнкі, А.Міцкевіча. Да іх рыхтаваліся зборнікі выбраных твораў у перакладах на беларускую мову. А стваралі пераклады вядомыя беларускія паэты.
Але з пасляваенных часоў беларускі мастацкі пераклад бадай што ўвогуле страціў сваю азнаямленчую ролю. Усеагульная сярэдняя адукацыя спрыяла таму, што беларускі чытач, у тым ліку школьнік і студэнт, чытаў рускую літаратуру ў арыгінале, а праз рускую мову знаёміўся ў перакладах і з літаратурай народаў-суседзяў, з усёй сусветнай літаратурай. На той час у маскоўскіх выдавецтвах пачалі выходзіць цэлыя шматтомныя зборы твораў замежных пісьменнікаў.
3 аднаго боку, гэта была надзвычай станоўчая з’ява. Адна рэспубліка не змагла б перакласці столькі. Да таго ж на рускую мову перакладалася не толькі сусветная літаратура, але і творы пісьменнікаў народаў СССР, як сучасных, так і ранейшых часоў. На рускай мове былі выдадзены шматтомныя зборы твораў: Чарльза Дзікенса ў 30 тамах, Анарэ Бальзака ў 24 тамах, Вальтэра Скота выдалі 20 тамоў, Стэндаля — 15, Джэка Лондана — 13, Жуля Верна і Марка Твэна — 12, Генрыха Гейнэ і Вольфганга Гётэ — 10, Фрыдрыха Шылера — 7, Артура Конан-Дойля — 8, усіх не злічыць. Такую раскошу беларускія кнігавыдаўцы і перакладчыкі не маглі і цяпер не могуць сабе дазволіць. Але беларускія чытачы без перашкод знаёмяцца з творамі гэтых і многіх іншых замежных пісьменнікаў, таму што, набываючы сярэднюю адукацыю, добра авалодваюць і рускай мовай. Ды і кнігі рускіх пісьменнікаў яны чыталі і чытаюць у арыгінале, у тым ліку шматтомныя зборы твораў рускіх класікаў, перакладаць якія ў такой моўнай сітуацыі няма патрэбы. Навошта чытаць Пушкіна, Буніна, Дастаеўскага, Талстога ў перакладах, калі можна добра зразумець іх у арыгінале? Таму можна з упэўненасцю сказаць, што такія аб’ёмныя і складаныя паводле зместу творы, як «Вайна і мір» Л. Талстога, «Браты Карамазавы» Ф. Дастаеўскага ці «Жыццё Кліма Самгіна» М. Горкага, не будуць перакладзены на беларускую мову, пакуль у нас будзе існаваць двухмоўе.
Але, з другога боку, такая незвычайная акалічнасць не спрыяла развіццю нацыянальнай мовы, штучна звужала яе ўжыванне. Ніхто не задумваўся пра тое ненармальнае становішча, што творы замежных аўтараў, якія вывучаліся ў сярэдняй і вышэйшай школе, прыходзілі да навучэнца не на роднай мове. Ніхто не задумваўся, чаму, напрыклад, замежная мова (нямецкая, англійская, французская) вывучалася ў школе і ВНУ і засвойваліся ў сувязі з рускай, а не з беларускай мовай. Пра нямецка-беларускі, англійска-беларускі слоўнік, тым больш падручнік нават пытанне не стаяла. Беларуская мова ў многіх сферах не ўжывалася, як не ўжываецца і дагэтуль: у справаводстве, тэхнічных навуках, у арміі, гандлі. У тых жа галінах навукі, культуры, у мастацкай літаратуры і журналістыцы, дзе яна яшчэ жыла, неўпрыкмет з’явілася вялікая колькасць русізмаў, калек з рускай мовы. Паступова да іх прызвычайваліся, перасталі звяртаць на іх увагу.
Пераклад у такіх умовах не мог быць паўнацэнным. Большасць таго, што перакладалася, чытач ужо меў магчымасць раней прачытаць па-руску. Не ратавалі становішча і нешматлікія кніжкі, якія выдаваліся па кантрактах, што заключалі на ўзаемнай аснове беларускія выдавецтвы з замежнымі. У выбары такіх кніг не было сістэмы, часта галоўную ролю ігралі не мастацкія якасці, а другасныя фактары – сяброўства выдаўцоў, дырэктараў выдавецтваў, якімі кіравалі пісьменнікі. На пашырэнне літаратурных кантактаў, на літаратурныя ўплывы яны асаблівага ўздзеяння не аказвалі.
Беларуска-рускі білінгвізм, добрае веданне рускай мовы фактычна ўсім адукаваным насельніцтвам не самым лепшым чынам адбіваліся на стане перакладу на беларускую мову твораў не толькі рускай, але і любых іншых літаратур замежжа. Бытавала думка: раз ёсць перакладзенае на рускую мову, то навошта тады рабіць лішнюю працу, перакладаць тое, што ўжо вядома чытачу?
Знаёмства беларускіх чытачоў з рускай літаратурай і сусветнай літаратурай, перакладзенай на рускую мову, не перапынілася і пасля распаду СССР, з набыццём незалежнасці, утварэннем Рэспублікі Беларусь. Цяпер ужо не столькі дзяржаўны кнігагандаль, колькі шматлікія прыватнікі-«чаўнакі» запаўняюць беларускі кніжны рынак кнігамі рускіх аўтараў і перакладзенымі на рускую мову, пераважна з ліку «масавай» літаратуры — дэтэктывамі, фантастыкай, часта далёкімі ад высокай якасці як паводле зместу, так і па ўзроўні перакладу.
Беларуская перакладная літаратура, трэба ўсё ж адзначыць гэта як станоўчы факт, пад магутным націскам рускай перакладной і арыгінальнай не знікла, хаця спачатку і здала некаторыя свае пазіцыі, страціўшы штогадовікі перакладных твораў «Далягляды», «Братэрства», «Ветразь», выдавецкія серыі і бібліятэкі перакладных кніг, у тым ліку толькі-толькі распачатыя «Скарбы сусветнай літаратуры» (выданне потым аднавілася), але ўсё ж працягвае існаваць. I не страчвае традыцыі беларускай школы мастацкага перакладу, заснаванай Багдановічам, Коласам, Купалам, Гарэцкім, працягнутыя Танкам, Куляшовым, Брылём і многімі іншымі прадстаўнікамі творчага цэху. Як засведчыла падрыхтаваная Міхасём Скоблам анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах «Галасы з-за небакраю», у Беларусі актыўна працуе ў мастацкім перакладзе больш за сто перакладчыкаў, сярод іх многа маладых. I перакладаў друкуецца не так ужо і мала, праўда, яны выдаюцца часам вельмі мізэрнымі накладамі, не заўсёды даходзяць да свайго чытача. I ўсё ж яны радуюць і якасцю, і разнастайнасцю, і падборам твораў. Шкада толькі, што малыя наклады, праблемы з продажам зніжаюць эфект з’яўлення перакладной кнігі, яе бытаванне, вядомасць у чытацкім асяроддзі.
Ва ўмовах рынку беларуская перакладная літаратура набыла трохі іншы статус. На беларускую мову цяпер не перакладаецца тое, што ўжо выдадзена з перакладных кніг у Расіі, аддаецца перавага таму, што найболып актуальна.
Бясспрэчна, пераклады ўзбагачаюць нацыянальную літаратуру, уваходзяць у культуру нацыі. Але ўсё ж найбольшы эфект даюць тыя перастварэнні твораў замежных аўтараў, якія беларускі чытач яшчэ не сустракаў у перакладах на рускую мову.
Ва ўмовах рынку, калі перакладныя кнігі выдаваць нявыгадна, калі яны не распрадаюцца, пераклады ўжо амаль не робяцца да юбілеяў, дзеля праформы. Для беларускіх перакладчыкаў адкрылася іншая сфера — паўстала патрэба перакласці творы тых аўтараў, якія або былі беларусамі па паходжанні, але ў неспрыяльных умовах вымушаны былі пісаць на іншых мовах, або пісалі пра беларусаў. Раней іх творы не друкаваліся і ў рускіх перакладах. Цяпер жа дзякуючы перакладам у беларускую літаратуру ўвайшлі Ян Вісліцкі, Уршуля Радзівіл, Аляксандр Ходзька, Ігнат Легатовіч, Аляксандр Грот-Спасоўскі, Тадэвуш Лада-Заблоцкі, Генрык Жавускі, Ян Баршчэўскі, Вайніслаў Савіч-Заблоцкі, Зоф’я Манькоўская, Юзаф Крашэўскі, Ігнат Дамейка, Антоні Адынец і шэраг іншых пісьменнікаў, жыццё і творчасць якіх была аддадзена забыццю, пра многіх з іх раней амаль ніхто ў Беларусі не ведаў. Цяпер жа яны ўвайшлі ў гісторыю беларускай літаратуры, вывучаюцца, чытаюцца.
Дзякуючы плённай працы У. Мархеля, К. Цвіркі, I. Багдановіч па-беларуску загучалі раннія творы таксама і нашых пісьменнікаў Янкі Купалы, Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Вінцэся Каратынскага, Янкі Лучыны, напісаныя на польскай мове, творы Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў дзякуючы перакладам творчасць большасці з іх увайшла ў гісторыю беларускай літаратуры, яна вывучаецца ва ўніверсітэтах, аналізуецца ў навуковых публікацыях. Часам выкладчыкі ВНУ вымушаны самі рыхтаваць пераклады, якія потым выкарыстоўваюцца іх студэнтамі падчас чытання адпаведных курсаў.
Падмурак многіх пачынанняў быў закладзены даўно. Яшчэ ў савецкія часы быў уведзены ў нацыянальную літаратуру М. Гусоўскі, а потым ужо настала чарга многіх іншых. Увагу даследчыкаў і перакладчыкаў прывабілі таксама замежныя пісьменнікі, якія ў сваёй творчасці адлюстроўвалі падзеі, што адбываліся на беларускіх землях, апавядалі пра жыццё, побыт і культуру беларусаў. Выдавецтва «Беларускі кнігазбор» яшчэ ў 1995 годзе распрацавала план-каталог шматтомнага выдання літаратуры пра Беларусь у дзвюх серыях — «Мастацкая літаратура» і «Гісторыка-літаратурныя помнікі». I за прайшоўшыя гады па гэтаму плану ўжо і перакладзена і выдадзена досыць многа.
Але нельга скептычна ставіцца да ўжо зробленых нашымі перакладчыкамі перастварэнняў класічных узораў рускай і сусветнай паэзіі і прозы. Няхай яны не адкрываюць невядомае, не скарыстоўваюцца пакуль у школах і ВНУ, але яны сталі фактам беларускай культуры, засведчылі высокі ўзровень нашай школы мастацкага перакладу, паказалі магчымасці мовы ў засваенні іншакраіннай рэчаіснасці.
Важная справа для перакладчыкаў — папулярызацыя беларускай літаратуры за межамі краіны. На жаль, творчасць нашых пісьменнікаў цяпер вельмі мала перакладаецца на іншыя мовы. «Звонку» да яе амаль ніхто не праяўляе ўвагі, калі не лічыць невялікай колькасці маскоўскіх перакладчыкаў, якія зрэдку друкуюць перакладзеныя імі творы пісьменнікаў-беларусаў у «Нашем современнике» і «Литературной газете»; а вось «знутры» гэтым займаюцца, на жаль, нямногія. Сярод іх быў Валерый Стралко, які перакладаў як на ўкраінскую, так і на рускую мовы, ён прарабіў вялікую справу, пераўвасобіўшы «Новую зямлю» Якуба Коласа сродкамі ўкраінскай мовы. Дзве анталогіі паспеў выдаць Генадзь Рымскі, які захапіўся перакладамі беларускай паэзіі на рускую мову. Сярод немцаў прапагандаваў беларускую мову Алесь Разанаў, сярод латышоў — Сяргей Панізнік, сярод шведаў — Дзмітры Плакс.
Звычайны, масавы чытач часцей за ўсё не звяртае ўвагі на тое, хто пераклаў кнігу, якую ён чытае. Але ўсё ж праца перакладчыка ганаровая і ўдзячная. Лепшых перакладчыкаў ведаюць, іх вопыт скарыстоўваюць. У Беларусі выдатнымі перакладчыкамі-прафесіяналамі былі Ю. Гаўрук, Я. Семяжон, В.Рабкевіч, В. Сёмуха. I сёння перакладчыцкай справай займаюцца многія пісьменнікі, ёсць і «чыстыя» перакладчыкі-прафесіяналы, з кожным годам да гэтай справы далучаюцца маладыя. Перад беларускімі перакладчыкамі цяпер стаіць вельмі важная задача — далучыць да беларускай літаратуры творы тых, хто ў свой час не меў магчымасці пісаць на роднай мове, тварыў па-польску, па-лацінску, а таксама пераўвасобіць на роднай мове сусветную класічную спадчыну, аператыўна знаёміць з лепшымі творамі сучасных замежных аўтараў.
M. P. Kenka, candidate in the speciality of philological sciences, associate professor at Belarusian State University: “Particular Aspects of Artistic Translation in Belarus”
(webzine “Kultura. Natsyja”, issue 30, November 2022, 214-220, www.sakavik.net )
Abstract: The issue of translating texts into Belarusian is unique, perhaps, unprecedented. Keeping in mind the situation of two languages (being a part of Belarusian reality), a solid knowledge of Russian held by the vast educated majority of the country has long resulted in practically no need to provide translation from Russian into Belarusian, and translations from other foreign languages do not provide the basic function of acquainting Belarusians with their own native language because of the fact that significant world literary works are usually translated or simply “by default” translated into Russian. Until recent times artistic translations into Belarusian were essentially viewed as a testimony of mutual friendship among people groups. Aside from that, Belarusian poets could perfect their language artistry by translating into their own (Belarusian) language and thus further develop their skill in word-crafting. Given the absence of any ideal factor, also the effect of weak market demand, translations into Belarusian would remain bereft of meaning if there would be no further need to translate other materials, which to this point have remained untranslated into Russian, and yet carry an interest for Belarusian readers and are useful to the history of Belarusian literature and culture. This would include works by authors who were born and lived within Belarus’s territory and suffered from the unfavourable atmosphere of having their literary works published in Belarusian. Up to the beginning of the 20th century Belarusian writers had to write either in Polish or in Latin. Also, literary works that were of interest to Belarusian translators, the subject of which relates to Belarus, must be operatively translated, i. e. those new foreign works that are being published outside of Belarus and have yet remain untranslated. There are plenty of works that have been translated but many still have not been heard in Belarusian translation. The author of this article endeavours to translate such works. Among them are five stories by Yuzef Krasheuski, a story and novel by Henryk Zhavuski.
Кенька М. П.: Особенности художественного перевода в Беларуси
(веб-журнал “Культура. Нация”, вып. 30, ноябрь 2022, 214-220, www.sakavik.net )
Резюме. Ситуация с переводом на беларусский язык уникальна, пожалуй, больше чем где-либо. В связи с беларусско-русским двуязычием хорошее знание русского языка всем образованным населением предопределило то, что перевод на беларусский язык с русского уже давно практически не нужен. Перевод же с других иностранных языков тоже практически не нужен, так как он не выполняет своей основной функции – ознакомительной ибо все мало-мальски важные произведения мировой литературы переведены или в срочном порядке переводятся на русский язык. До недавнего времени художественный перевод на беларусский язык выступал в основном как свидетельство дружбы народов. Кроме того, беларусские поэты совершенствовали свое мастерство, умение обращаться со словами посредством переводов. При отсутствии идеологического фактора и влиянии рыночных отношений, перевод на беларусский язык полностью потерял бы смысл, если бы не необходимость переводить то, что еще не переведено, а может и не будет переведено на русский язык, но представляет интерес для беларусского читателя, для истории беларусской литературы и культуры. Это касается произведений авторов, которые родились и жили на беларусских землях, но из-за неблагоприятного положения печатания на беларусском языке до начала ХХ века были вынуждены писать на польском или латинском языках. Кроме того, беларусских переводчиков интересуют произведения, сюжет которых связан с Беларусью. И, конечно же, необходимо оперативно переводить то, что появляется новое за рубежом, но еще нигде не переведено. Уже переведено немало подобных произведений, но многие до сих пор не звучали на беларусском языке. Автор статьи стремится переводить такие произведения. Среди них пять рассказов Юзофа Крашевского, повесть и роман Хенрика Жавуского.
Categories: Літаратура, Мова
Пакінуць адказ