ТАМ, ДЗЕ ДОЛЯ І СПАТОЛЯ
Развагі ў вершах Сяргея Жыценя (С. Панізьніка)
(webzine “Kultura.Natsyja”, issue 30, November 2022, 424-427, www.sakavik.net )
Там, дзе Доля і Спатоля, –
ёсць і тля…
Там ад Бэндэ
вырывалася сваволя,
дзе спустошана ім Воля –
сірацела і зямля.
…………………………..
Нашу Будучыню рвалі,
шкамуталі – а пасля
баранілі, гадавалі,
прыкладалі да брыля…
2.
Ад рамонту да пачынак
СВЕТЛЫ маем адпачынак!
3.
Не вяжыце мяне –
даражыце, –
восень зыркую
лепш падлажыце.
Пагуляю я смела па жыце…
А лісточкамі вы даражыце:
са смятанкаю іх пакрышыце.
4.
Каб зьвінела жэсць
і не злятала шэрсць –
нам не трэба везьці
сталяванне з клеці…
5.
Дзяды не ведалі бяды,
таму і ўнукі
не зазналі мукі…
Хай злыя слугі
і неслі слухі:
раструшвалі шляхі дакукі.
6.
Ну й раздухорыліся!
Нязмораныя ў добрасці –
у няспыннай хадзе:
толькі т э р ту с ідзе ! (тэртус – цыганскае азначэнне).
7.
Дзе ваду – eсю!—не сплавіў
Пільны Вадзянік Някляеў?
– Не бяру бярэма з Крыма,
з Беластока, нават з Рыма…
Падказалі: – Рабі пільна,
то і дома будзе Вільня.
Крыж Вякоў – на пераменку –
кіну Лабадзенку ў Менку,
каб з ім Славу пераймаць,
пра Бярэма Волі знаць.
8.
Канём аб’ехаўшы прычыну,
тузануў я за ляйчыну, –
каб траплялі пад ляйчыну
Веды новаму Зачыну!
9.
З першабытнай чысьцінёй –
босая вада…
Ну а ты сваёй гайнёй
што мыў, б а р а д а?
10.
Камяні на пні…
Іх нагамі не пні!
Просьба: кроны не крані…
Іх бароняць карані.
11.
Зоры з Чарамі ў спатканні –
для кахання ў калыханні:
– Зноў Парада: рубі кон, –
і пяройдзеш Рубікон!
12.
Усёй гамэрняй на мяне
наваліліся…
Толькі ў праўдзе сваёй
не паявіліся.
13.
Вось такія мае датычнасці
і да вечнасці, і да звычнасці:
– Кожная Надзея
са мной толькі маладзее!
14.
Не аскудзела тут зямля:
Жыўнасьці – нямала!
Беларуская Сям’я
Шчасьце ўзгадавала!
15.
Нацягвае Аснову – Паніза Ткач.
А дзе? У кроснах!
– О, справа тут не простае:
Паніза – Ткач…
Гучанне – вострае!
Таму й прашу:
– Ты не лайдач:
разгортвайся
для ўсіх задач!
А што я зычу?
Толькі ўдач!
16.
На посьцілцы сухой, на дыване
сапраўдны беларус не ўздрымане, –
бо я хачу атавы саскубнуць
і з “коцікам-наркоцікам” прыснуць.
17.
Хто плыў верхам,
хто плыў нізам, –
усе лезлі ў камунізм.
Ды прастора пахавала,
што гадамі закавала.
Гонару было навалам,
ды Сумленне шчыт кавала,
для нашчадкаў мацавала.
… Ветравей магутны быў.
Гнуткі мацярык той – збрыў.
Памятаем наш парыў.
2 жніўня 2022 года. Сяргей Жыцень
THERE WHERE IS FATE AND DESTINY
Thoughts in verse from Sjarhej Zhyten (S. Paniznik)
(webzine “Kultura.Natsyja”, issue 30, November 2022, 424–427, www.sakavik.net )
Там – где судьба и умиротворение
Размышления в стихах от Сергея Жытеня (С. Панизник)
(веб-журнал “Культура. Нация”, вып. 30, ноябрь 2022, 424–427, www.sakavik.net )
Categories: Культура, Літаратура, Нацыя Беларусы, Нацыя прачынаецца
Пакінуць адказ