На Рынкавай плошчы Віцебска ўсталяваны помнік князю Альгерду.
Пра тое, як прайшла ўстаноўка, піша мясцовае выданне «Народныя навіны Віцебска».
Помнік быў створаны менскім скульптарам Сяргеем Бандарэнкам. Устаноўка пачалася раніцай і доўжылася цэлы дзень.
Дзве часткі скульптуры везлі ў розных аўтамабілях. На месцы ўстаноўкі іх спачатку выгрузілі, а потым князя пасадзілі на каня і замацавалі. Асобнымі часткамі былі таксама меч і лейцы – іх прымацоўвалі апошнімі.
Пляцоўку наведаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. Агледзеўшы помнік, ён заявіў, што гэта лепшая скульптура ў Беларусі.
Урачыстае адкрыццё помніка адбудзецца 27 чэрвеня а 15:00 падчас святкавання 1040-годдзя Віцебска.
Сын Гедыміна, князь Віцебскі (1320 – 1345) і вялікі князь літоўскі (1345 – 1377) Альгерд падчас свайго кіравання больш чым удвая павялічыў тэрыторыю ВКЛ, паспяхова ваяваў з тэўтонцамі, татарамі, некалькі разоў хадзіў у паходы на Маскву і браў аблогай будучую сталіцу Расеі.
Categories: Аб'явы, Асобы, Асьвета, Гісторыя, Культура, Нацыя Беларусы
Пакінуць каментар