Памёр удзельнік СБП Яўген Сідаровіч

 “Хартыя 97”, 8 сьнежня 2014 г.

 

Памёр удзельнік СБП Яўген Сідаровіч

У Паставах 3 снежня памёр Яўген Сідаровіч, беларускі патрыёт, вязень ГУЛАГу. Яму было 86 гадоў.

Пра гэта карэспандэнту westki.info распавёў ягоны аднадумец Антон Фурс.

Яўген Сідаровіч быў асуджаны на 10 гадоў лагераў за сяброўства ў Саюзе беларускіх патрыётаў (СБП) – падпольнай арганізацыі, якую ў 1945 годзе стварылі навучэнцы педагагічных вучэльняў у Глыбокім і Паставах (Віцебская вобл.).

Студэнты вырашылі заняцца папулярызацыяй беларускай мовы і культуры, ідэі незалежнасці Беларусі, прынялі прысягу на вернасць Радзіме. За гэта 47 чалавек былі асуджаныя на тэрміны ад 10 да 25 гадоў.

Сідаровіч на ўсё жыццё захаваў патрыятычныя перакананні. Падтрымліваў сувязь і сустракаўся з сябрамі СБП. Урыўкі з размовы з Яўгенам Сідаровічам увайшлі ў дакументальны фільм Валерыя Мазынскага «Глыбоцкая змова» («Глубокский заговор»).

Яўген Сідаровіч да канца сваіх дзён падтрымліваў сяброўства з Антонам і Алесяй Фурс, якія таксама былі асуджаныя паводле справы СБП і жывуць у Паставах.

Сабраўшыся неяк разам, ветэраны СБП дамовіліся: на магільных плітах напісаць словы «Хай сняцца сны пра Беларусь». Гэтыя словы будуць і на надмагіллі Яўгена Сідаровіча.

Цяпер засталося ў жывых пяцёра членаў Саюза беларускіх патрыётаў. Антон і Алеся Фурс жывуць у Паставах, Леў і Марыя Бялевічы ў Полацку, Мікалай Конан – у мястэчку Лужкі Шаркаўшчынскага раёна.



Categories: Асобы, Гісторыя, Мараль

Пакінуць каментар