
«Арт-Сядзіба» пры падтрымцы Беларускага саюза мастакоў правядзе «Дзень вышыванкі» – другі ў гэтым годзе фестываль беларускай культуры.
Свята пройдзе ў менскім Палацы мастацтваў (вуліца Казлова, 3), піша «Радыё Свабода».
У суботу, 13 снежня з 15.00 да 22.00 у холе Палаца Мастацтваў будзе працаваць кірмаш традыцыйных і сучасных вышыванак, адзення і сувеніраў ад папулярных моладзевых брэндаў, разнастайных вырабаў рамеснікаў і майстроў, а ў гэты час у канферэнц-зале будуць праходзіць майстар-класы, конкурсы, прэзентацыі і музычныя выступы беларускіх гуртоў.
Уваход на мерапрыемства вольны.
Праграма фэсту «Дзень вышыванкі» складаецца з трох частак, якія будуць праходзіць паралельна:
1. Адукацыйная:
– Прэзентацыя па гісторыі і тэхналогіі вырабу вышыванкі;
– Майстар-класы па ткацтве, выцінанцы і іншых народных рамёствах;
– Лекцыі па этнаграфіі, народнаму і сучаснаму мастацтву;
2. Забаўляльная:
– Зона беларускіх настольных гульняў;
– Нацыянальныя бодзі-арт і тату;
– Раздача стужак з беларускім арнаментам;
– Шматлікія конкурсы і падарункі;
– Музычны канцэрт беларускіх гуртоў;
3. Кірмаш:
– Будуць прадстаўленыя вышыванкі, адзенне з народным арнаментам, упрыгажэнні і сувеніры з нацыянальным каларытам ад беларускіх вытворцаў.
Нагадаем, першы Дзень вышыванкі прайшоў у Менску 5 кастрычніка і сабраў больш за 1500 чалавек.
Пакінуць каментар