09.04.2015 19:15
Сям’я Малашчанкаў з Баранавічаў дабіваецца адкрыцьця пятай беларускамоўнай клясы ў гімназіі цягам навучальнага году. Звароты да чыноўнікаў не дапамаглі, рыхтуецца пазоў у суд.
Генэральная пракуратура Беларусі ўсьлед за іншымі інстанцыямі не задаволіла просьбу Малашчанкаў, якія адстойваюць права пяціклясьніцы Ясі навучацца па-беларуску.
Пачатковыя 4 клясы Яся Малашчанка вучылася па-беларуску ў звычайнай баранавіцкай школе. Аднак, калі ў 2014 годзе сям’я вырашыла аддаць Ясю ў гімназію, то чыноўнікі адмовіліся адкрыць там беларускамоўную клясу.
Маці Ясі, Тацяна, кажа, што чыноўнікі «адмыслова зацягваюць бюракратычную важданіну, каб адбіць ахвоту дабівацца беларускамоўнага навучаньня»:
Тацяна апавяла, што яе дачка сама стараецца сынхронна перакладаць на беларускую, пішучы ў сваіх сшытках, сшыткі падпісвае па-беларуску, рэфэраты ды даклады таксама рыхтуе на роднай мове. Дзяўчынка з бацькамі наведвае ў Баранавічах курсы «Мова нанова». Тацяна кажа, што яны вельмі дапамагаюць у разьвіцьці.
Пры гэтым, кажа спадарыня, Ясі часам даводзіцца сутыкацца з папрокамі ад іншых вучняў:
«Дзеці часам дрэнна ставяцца. Чалавек пяць у клясе ўвогуле нармальна ўспрымаюць беларускую мову. А большасьць кажуць, што навошта яна патрэбная, што яе ненавідзяць. Напачатку нават казалі Ясі — чаго ўвогуле да іх прыйшла?»
Тацяна кажа, што, нягледзячы на адмовы адкрыць беларускую клясу ў гімназіі, яна не складае рук. Разам з праваабаронцамі рыхтуе скаргу ў суд, каб аднавіць Ясіна права вучыцца па-беларуску хаця б у наступнай, шостай клясе.
Categories: Этнацыд беларусаў


Пакінуць каментар