
У расейскай абласной дзяржаўнай установе «Дзяржаўны архіў Томскай вобласці» – тысячы спраў аб гісторыі высылкі беларускіх паўстанцаў.
Пра гэта паведаміла карэспандэнту «Радыё Рацыя» дырэктарка архіва Анастасія Караваева. Са слоў Караваевай, у Томскім губернскім кіраванні адклаліся тысячы архіўных спраў паводле беларуска-польскай высылкі, якія захоўваюцца ў дакументах Томскага павятовага спраўніка, Томскага гарадскога паліцэйскага кіравання, у фондзе Канцылярыі Томскага губернатара, начальніка па сасланых перасяленцах і гэтак далей.
«Паводле свайго характару дакументы з вышэй пералічаных фондаў уяўляюць сабой артыкульных спісы ссыльных, пратаколы допытаў удзельнікаў паўстанняў, інструкцыі, якія вызначаюць чарговасць перасялення ссыльных, просьбы ссыльных аб выдачы ім дапамогі, розныя даносы, фотаздымкі і тысячы іншых дакументаў», – распавяла Анастасія Караваева.
У архівах Томска вельмі шмат матэрыялаў аб палітычных ссыльных з ліку паўстанцаў: Лявіцкім, Ляховічы, Радзікоўскім, Хамцэ, Хелміцкім, Войтасінскім, Янкоўскім і сотням іншых асоб. Захоўваюцца там дакументы аб рассяленні ссыльных па Заходняй Сібіры, дакументы аб вяртанні на радзіму, перапіска, справы аб прыналежнасці многіх паўстанцаў да дваранскага роду ды іншыя. Паўстае пытанне: хто і калі з беларускіх гісторыкаў і архівістаў зможа туды патрапіць, каб аднавіць звесткі пра людзей, якія змагаліся за незалежнасць нашай Айчыны?
Пакінуць каментар