“Хартыя 97”, 23 студзеня 2016 года
У Уладзіміра Іванковіча, паводле ініцыятывы якога ў Пастаўскім раёне з’явіўся помнік з Пагоняй і бел-чырвона-белым сцягам, ёсць новы праект.
На гэты раз ён хоча аднавіць помнік ля вёскі Свірдуны на мяжы з Літвой (Пастаўскі раён Віцебскай вобласці), паведамляе «Белсат».

Праўда, незразумела, удзельнікам якога паўстання ён усталяваны – 1830-31 або 1863-64 гадоў: апошнія лічбы, якія захаваліся на пліце, сколатыя. Ёсць новы эскіз, і Уладзімір Іванковіч плануе абмеркаваць ініцыятыву з мясцовымі ўладамі.
Фермер з аднадумцамі аднавіў у Пастаўскім раёне ўжо два помнікі.

Першы, некалькі гадоў таму, на могілках у Лынтупах – невядомым, якія загінулі ў баях з бальшавікамі падчас савецка-польскай вайны. Яго ўсталявалі яшчэ «за польскім часам», у 1930 годзе. На помніку замацаваны знак «За нашу і вашу свабоду» на бел-чырвона-белым фоне з двума гербамі: Пагоняй і польскім Арлом. Тут пахаваныя прадстаўнікі І Літоўска-беларускай дывізіі, першым кіраўніком якой быў ураджэнец Мядзельшчыны Люцыян Жалігоўскі, а сярод добраахвотнікаў служылі мясцовыя хлопцы.
Помнік асвяціў бацюшка, а на адкрыццё прыехаў прадстаўнік польскай амбасады. Паводле слоў Уладзіміра Іванковіча, старшыня сельсавета параіў дэмантаваць знак з бел-чырвона-белым сцягам і Пагоняй. Паводле слоў фермера, ні ён, ні яго сябры рабіць гэтага не збіраюцца, ну а калі ў кагосьці падымецца рука на помнік, асвечаны бацюшкам, што ж…
Пакінуць каментар