Праект “Мемарандума” і “Адозвы да вольных народаў свету” (канферэнцыя «Шлях да волі», Кіеў, 29 лістапада 2023 года)

Мемарандум

Звяртаючы ўвагу на выклікі, якія стаяць перад беларускім народам і краінай, разумеючы гістарычную і палітычную адказнасць перад беларускім грамадствам, канстатуючы галоўнымі нацыянальнымі прыярытэтамі беларускага народа: суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, дэмакратыю, мы, ніжэйпадпісаныя, дэкларуем:

  • прымаем на сябе абавязак усебакова падтрымліваць і ўзмацняць беларускі нацыянальна-вызвольны рух;
  • выкарыстоўваць усе сілы і сродкі для вызвалення Беларусі ад гібріднай акупацыі;
  • падтрымліваць усіх беларускіх дабраахвотнікаў, якія змагаюца з рашызмам і рэжымам Лукашэнкі;
  • усебакова падтрымліваць барацьбу Украіны за свабоду, незалежнасць, тэрытарыальную цэласнасць і еўрапейскую бяспеку;
  • вітаем намаганні па кансалідацыі нацыянальна арыентаваных дэмакратычных сілаў Беларусі;
  • пацвярджаем свой намер да стварэння кансультацыйнай пляцоўкі беларускіх нацыянальна-арыентаваных дэмакратычных сілаў «Шлях да волі»
  • супольна распрацоўваем стратэгію вызвалення Беларусі, у адпаведнасці з якой рыхтуем сілы і сродкі.

Мемарандум уступае ў сілу з моманту падпісання і адкрыты для далучэння.

Адозва да вольных народаў свету

Мы, прадстаўнікі нацыянальна-арыентаваных дэмакратычных сілаў Беларусі, сабраліся 29.11.23 у горадзе Кіеў, каб заявіць, што беларусы ёсць адным з вольных еўрапейскіх народаў.

Мы абвяшчаем адной са сваіх асноўных мэтаў вызваленне Беларусі ад расійскай гібрыднай акупацыі ды ўнутранай тыраніі.

Мы сабраліся ў сталіцы вольнай Украіны для таго, каб выказаць поўную салідарнасць ды падтрымку ўкраінскаму народу ў вайне за незалежнасць. Мы вітаем кожнага беларускага ваяра і валанцера, якія змагаюцца за свабоду ва Украіне.

Беларускія ваяры ў складзе палка К. Каліноўскага ды іншых фармаванняў у шэрагах УСУ ствараюць новую старонку ў шматвековай гісторыі адносін паміж Украінай ды Беларуссю.

Нашыя краіны аб’ядноўвае прага жыць вольнымі ў еўрапейскай сям’і народаў. У свеце разгараецца барацьба паміж сіламі святла і цемры, дэмакратыі і тыраніі. Мы заяўляем, што беларусы ў гэтай барацьбе стаяць на баку «воінаў святла, воінаў дабра».

Зараз за прагу беларускага народа жыць вольнымі, сваёй свабодай ды жыццём ахвяруюць тысячы палітвязняў ў лукашысцкіх турмах. Удзельнікі канферэнцыі заклікаюць урады ўсіх дэмакратычных дзяржаў свету ўзмацніць ціск на дыктатарскі рэжым Лукашэнкі для вызвалення нашых паплечнікаў.

Удзельнікі канферэнцыі заклікаюць вольныя народы свету падтрымаць нашыя намаганні па аднаўленні законнасці ды дэмакратыі ў Беларусі, выкарыстоўваючы ўсе законныя метады. У якасці апошняга сродку супраць тыраніі мы пакідаем за сабой магчымасць народнага паўстання.

Жыве Беларусь!

Удзельнікі канферэнцыі «Шлях да волі».

29.11.23. Кіеў
https://nashaniva.com/331307



Categories: Аб'явы, Нацыя прачынаецца, Праект "РАЗАМ"

Пакінуць каментар