
У сталіцы канадскай правінцыі Альберта жыве і развіваецца беларуская суполка, якая, нягледзячы на аддаленасьць ад радзімы, актыўна захоўвае мову, культуру і гістарычную памяць. Эмігранты, што апынуліся тут, стварылі моцную і салідарную супольнасьць.
Беларуская суполка ў Эдмонтане штогод адзначае Дзень Волі разам з традыцыйным абрадам гуканьня вясны. Гэтая цёплая сустрэча ўжо стала прыгожай традыцыяй, якая аб’ядноўвае не толькі беларусаў, але і сяброў з іншых дыяспар і канадцаў, што цікавяцца культурай і гісторыяй Беларусі.
Гуканьне вясны — старажытны абрад, калі людзі заклікаюць сонца, цяпло і новае жыцьцё. Мы робім птушак з паперы, гуляем у беларускія народныя гульні, сьпяваем вясновыя песні і абавязкова водзім карагод пад “Лявоніху” — адзін з самых вясёлых і жывых беларускіх танцаў. Гэта заўсёды выклікае ўсьмешкі, радасьць і сапраўднае адчуваньне супольнасьці.
Сьвяточная праграма ўключае і кароткі гістарычны агляд падзей 25 сакавіка 1918 года — дня, калі была абвешчана незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Мы таксама чытаем вершы беларускіх паэтаў, што змагаліся за свабоду і нацыянальную годнасьць, дзелімся ўспамінамі, думкамі і надзеямі.
Сімвалічнае спалучэньне Дня Волі і гуканьне вясны, якое прайшло і ў гэтым, 2025 годзе, нагадвае нам, што вясна — гэта не толькі абуджэньне прыроды, але і надзея на перамены на радзіме. Гэта вера ў тое, што Беларусь абавязкова адродзіцца, што прыйдзе свабода, як прыходзіць вясна пасля доўгай зімы.
Беларуская суполка ў Эдмонтaне выконвае і важную сацыяльную ролю: дапамагае новым імігрантам адаптавацца да жыцьця ў Канадзе, прапаноўвае інфармацыйную, псіхалагічную і практычную падтрымку. У супольнасьці створаны цёплы асяродак, дзе кожны можа адчуць сябе не самотным, дзе захоўваюцца і перадаюцца далей каштоўнасьці беларускай культуры.
Беларускае жыцьцё ў Эдмонтaне — гэта яскравы прыклад таго, што нацыянальная ідэнтычнасьць не знікае разам з геаграфіяй. Яна працягвае жыць у сэрцах людзей, у іх памяці, словах, песьнях і дзеяньнях — і таму Беларусь жыве, нават за акіянам.
Categories: Культура, Нацыя Беларусы
Пакінуць каментар