
Анатацыя. Аўтар зьмяшчае ўрывак са сваёй новай кнігі “Нарысы беларуса”, якая выйдзе ў хуткім часе. Робіцца спроба прааналізаваць прычыны нязгоды між лідэрамі шматлікіх беларускіх рухаў і структур як у мінулым часе, так і цяпер, уключаючы некрытычнае стаўленьне асобных лідэраў адзін да аднаго і да падзей, якія маюць дачыненьне да лёсу беларускай нацыі і дзяржавы. Прыводзяцца матэматычныя разьлікі адноснай папулярнасьці сучасных беларускіх палітыкаў, якія прэтэндуюць на вядучыя лідэрскія пазіцыі. З разьлікаў вынікае, што ў 2020 годзе Святлана Ціханоўская мела найбольшую падтрымку ў беларускага народа – у параўнаньні з іншымі дэмакратычнымі лідэрамі за апошнія 30 гадоў. Так падаецца, што падтрымка Нацыянальнага лідэра застаецца высокай; такая падтрымка разам з пазіцыяй, якую яна займае ў многіх пытаньнях зьнешняй і ўнутранай палітыкі, мусіла б улічвацца як яе аднадумцамі, так і апанентамі, якія пакуль што не выявілі жаданьня працаваць супольна і вынікова на карысьць Бацькаўшчыны. Даецца крытычная ацэнка некаторых крокаў Урада С.Ціханоўскай і выносяцца на абмеркаваньне некаторыя прапановы адносна прынцыпаў працы нацыянальна-сьвядомых сіл у сучасных умовах.
Шмат думаў аб тым – ну чаму ў нас так нядобра з палітыкамі? Чаму немагчыма іх яднаньне хаця б на нейкі кароткі перыяд гістарычнага часу? Гэта што – асаблівасьць нацыянальнага характару, што ўсе цягнуць кожны ў свой бок? У чым прычына? Ці такая палітычная разнастайсьць характэрна для палітыкаў іншых краін таксама? Ды і зазірнуўшы ў далёкае мінулае, мы можам бачыць падобны “раздрай” яшчэ ў ВКЛ непасрэдна перад яднаньнем з Каралеўствам польскім і ўтварэньнем Садружнасьці двух народаў – Рэчы Паспалітай. Тады, няздольнасьць магнатаў ВКЛ, то бок нацыянальнай эліты, мець адзіную стратэгію адносна стану ВКЛ у Садружнасьці, прывялі да значнай страты суверэнітэту (тэрыторый Падляшша і Валыні) і іншых атрыбутаў дзяржаўнасьці (праз паланізацыю і страту беларускай мовы як дзяржаўнай мовы, і г.д.).[1] Як адзначалася, негатыўныя тэндэнцыі назіраліся і сярод кіраўніцтва БНР.
Ці ж не тое паўтараецца і зараз – з аднаго боку праз “усходнюю” палітыку Лукашэнкі (саюз з Расіяй, АДКБ, ШОС), а з другога – з-за адсутнасьці сур’ёзнага адзінага блоку нацыянальных сіл? Нават новая сіла, якая прадстаўлена кіраўніцтвам палка Каліноўскага (тэарэтычна – суб’ект палітычнай разнастайнасьці), пачала дзяліцца і множыцца.[2],[3]
У той жа час, з аналізу зробленага, адносна паводзін нацыянальнай эліты ў трох яскравых нацыянальных падзеях за крыху больш чым 100 гадоў (БНР-1918, РБ-1991, Рэвалюцыя-2020), зусім не вынікае ці патрэбна ёй было гэта яднаньне ўвогуле. Відавочна, што тры абмяркоўваемые падзеі суправаджаліся раздробленасьцю палітычных груп і арганізацый як непасрэдна перад імі, так і пасьля. Але, хаця імкненьне да згоды, да кансалідацыі нацыянальна-сьвядомых сіл часам і назіралася, усё ж па выніку падзей нельга сказаць ці тое яднаньне было хоць у нейкай ступені значным. Хутчэй што – не. Рэвалюцыя-2020 падцьвердзіла гэта на практыцы. У амаль поўную адсутнасьць на сцэне вызначаных палітычных сіл, людзі выходзілі на вуліцы па закліку блогераў з “Нехта” ці штабоў трох раптам ніадкуль узяўшыхся кандыдатаў на прэзідэнцтва – з абсалютна новых людзей, а не з традыцыйнай, старой апазіцыі. Выснова, якую можна зрабіць, на прыкладзе Рэвалюцыі-2020, толькі адна – настрой беларускага народа можа рашуча вызначаць сітуацыю – патрэбен толькі невялікі для таго факел. Але чым тады вызначаецца вынік, бо ён не стаўся станоўчым – у выглядзе яснай перамогі нацыянальных сіл – ні ў адной з трох падзей?
Вось калі зьвяртацца да вынікаў усіх трох падзей, то, на маю думку, кансалідацыя і арганізацыя ўсё ж маглі бы быць вырашальнымі як раней, так і асабліва ў Рэвалюцыі-2020 ці ў “Рэвалюцыі Надзеі”, як я яе назваў на самым пачатку. Бо (!) бракавала шмат чаго – тых змагароў хто быў у турмах і якіх не здолелі замяніць іншыя людзі, тых хто вымушана апынуўся за мяжой, і тых – хто пакуль што абыякавы і заставаўся сядзець дома; бракавала арганізацыі тых, хто выйшаў на вуліцы, бракавала тактыкі і стратэгіі тых, хто быў наперадзе барыкад. Дык якіх гульцоў мы маем на беларускай сцэне сёньня, і на што яны здольныя? Пры гэтым мы павінны ясна разумець, што маючы на ўвазе канкрэтныя імёны, хацелася б бачыць за сьпіной такіх лідэраў і сілу -палітычную, эканамічную, аўтарытэтную – а не толькі іх асабістыя жаданьні.
З мінулай БНР мы ведаем шэраг яскравых прозьвішчаў – бацькоў нацыі – браты А. і І.Луцкевічы, М.Доўнар-Запольскі, Я.Карскі, А.Смоліч, Я.Лёсік, В.Ластоўскі, Я.Купала, Р.Скірмунт, З.Жылуновіч… – іх усіх пералічыць нават немагчыма. Якіх лідэраў мы можам назваць за апошнія 35 гадоў? Іх таксама шмат… Частка з іх, на вялікі жаль, знаходзіцца ў турмах, яны ізаляваны і не могуць – пакуль што – уплываць на беларускае грамадства – М.Статкевіч, М.Калесьнікава, В.Бабарыка, П.Севярынец, З.Дашкевіч… Слава героям!
Каб зразумець хто ёсьць хто сёньня – ёсьць яшчэ адзін шлях – зазірнуць на моцныя і слабыя рысы нашых палітычных лідэраў. Але справа гэта вельмі рызыковая і няўдзячная. Тым не менш. З тых асоб, што знаходзяцца на волі, хачу заасяродзіць вашу ўвагу на тых, якія на самой справе, на маю думку, маюць палітычную вагу сёньня і якія ў значнай ступені маюць падтрымку ў беларускага насельніцтва. Як бы я не азіраўся навокал – бачу толькі дзьве асобы, якія адпавядаюць гэтым двум крытэрам – гэта Святлана Ціханоўская – Нацыянальны лідар Беларусі, і цяперашні кіраўнік дзяржавы – дыктатар А.Лукашэнка.
Пры ўсёй маёй павазе да іншых гульцоў, я бачыў бы іхнюю ролю ў якасьці кансультантаў Нацыянальнага лідэра – калі мы хочам збудаваць новую Беларусь. Хацеў бы скарыстаць для іх толькі кароткія эпітэты, каб не падвяргаць іх больш грунтоўнай крытыцы: Зянон Пазьняк – нацыянальны дзеяч, які ўжо трапіў у гісторыю і ўзыйшоў на п’едэстал; А.Саньнікаў – амбітная асоба, “наш прэзідэнт” па версіі “Хартыі-97”, пакрыўджаны лукашэнкаўскай уладай чалавек, таксама як і В.Цепкало ці А.Казулін. Заўважу, што гэта толькі мая асабістая думка, пры тым, што я паважаю многія былыя і цяперашнія заслугі гэтых людзей, магчыма толькі за выключэньнем іх імкненьня працаваць разам.
Дапускаю, што хтосьці прачытаўшы гэтыя радкі абрушыцца на мяне з гнеўнымі словамі – “ты кто такой?” Дык што? Мне ўспамінаць, што “ўсе кругом агенты КГБ”, пра “катлеты” і “лідарку”, пра “новыя платформы”… Не, пра гэта не буду. Лічу толькі вартым зьвярнуцца да таго, што пішуць бліжэйшыя людзі з акружэньня ўказаных лідэраў – іх меркаваньні ніяк не сьведчаць пра тое, што яны кіруюцца агульнымі беларускімі мэтамі:
Павел Усаў (каманда З.Пазьняка):
«Няма абсалютнай даказальнай базы, тым больш інстытуцыянальнай — бо легітымнасць ёсць розная, — якая б пацверджала легітымнасць Ціханоўскай. Тым больш беларусы не галасавалі за тое, каб Ціханоўская дзесьці ездзіла і прадстаўляла беларусаў за мяжой… і сустракацца невядома з кім і невядома пра што».[4]
Наталья Радзіна (каманда А.Саннікава):
«Нічога больш бессэнсоўнага і бездапаможнага, чым так званыя выбары ў «каардынацыйную раду», я за 25 гадоў працы незалежнай журналісткай, бадай, не бачыла… За апошнія чатыры гады правальнай дзейнасці офіса Ціханоўскай і яго структур, стала зразумела, што гэтыя людзі не жадаюць ні працаваць, ні перамагаць. Іх мэта – імітаваць бурную дзейнасць, надзімаць шчокі і «мыльныя бурбалкі» ў выглядзе нежыццяздольных праектаў накшталт перамоў з уладай або «пашпартоў новай Беларусі», займацца палітычным турызмам і пладзіць бюракратыю, прыкрываючыся нібыта народнай падтрымкай.» [5]
Д.Бандарэнка (каманда А.Саннікава):
“Естественно, это оплеуха и Тихановской, ее так называемого офису, ведь многие люди из этой структуры участвовали в этих дурыборах… Белорусские граждане и внутри страны, и за рубежом показали, что их на мякине не проведешь».[6]
Апаненты Ціханоўскай з камандаў З.Пазьняка, А.Саньнікава, В.Цепкало выкарыстоўваюць супраць яе як правакацыі (Д.Балкунец),[7]так і прамыя злобныя выпады (Д.Балкунец, П.Усаў): [8]
“Беларусы моцна расчараваліся ў сваім «нацыянальным лідару», як Ціханоўская называе сама сябе. Вынікі яе дзейнасці аказаліся ніякімі», — пераконвае выданне. Гэтыя ідэі ў артыкуле прэзентавалі апаненты Ціханоўскай, палітыкі Павел Усаў і Дзмітрый Балкунец», — заўважаюць журналісты Соты.”
«Структуры, якія былі створаны вакол офіса Ціханоўскай у Літве, не былі ўпаўнаважаны насельніцтвам на прадстаўленне яго інтарэсаў. Пераходны кабінет — гэта наогул група самазванцаў, якія стварылі юрыдычную асобу ў Варшаве і сказалі, што яны пераходны ўрад Беларусі», — адзначае Балкунец. Ён прапануе з дапамогай анлайн-тэхналогій сфармаваць нейкі новы «прадстаўнічы орган». І адпаведна, выбіць уладу з рук Ціханоўскай».
Хацелася б, каб апроч нападак на Нацынальнага лідэра, апаненты сп. С. Ціханоўскай паказалі, што канкрэтна робіцца імі самімі – бо пакуль што ў прэсе цяжка знайсьці падобную інфармацыю, за рэдкім выключэньнем, калі асьвятляюцца піяр-кампаніі, такія як, напрыклад, візіт З.Пазьняка і П.Усава на ўсходні расійска-украінскі фронт, ці ўдзел А.Саннікава ў розных кангрэсах (“Кангрэс свабоды”, і інш.). У чым жа справа?
З гісторыі мы ведаем, што падобныя “палітычныя” баталіі былі ў нядаўнім мінулым у беларускім асяроддзі – “БЦР-аўцы” супраць “БНР-аўцаў” ці, да прыкладу, ва украінскім асяроддзі таксама – “мельнікоўцы” супраць “бандэраўцаў”. Зараз маем у сваім асяроддзі “пазьнякоўцаў”, “саньнікоўцаў”, “цепкалоўцаў”… – і ўсе супраць Святланы Георгіеўны. Як прыхільнік еднасьці, задаю сабе пытаньні, каб дамагчыся ўсё ж нейкай яснасьці – чаму? па якой прычыне?
Паспрабаваў знайсьці нейкія асновы такой сумнай з’яве, як палітычная блізарукасьць нашых “растапыраных” палітыкаў, грунтуючыся на псіхафізіялогіі вялікіх папуляцый насельніцтва, спрабуючы знайсьці нейкую спецыфічную адрознасьць беларусаў ад прадстаўнікоў іншых нацый. Паводле класіфікацыі, прапанаванай Myers і Briggs[9] існуе 16 псіхафізіялагічных тыпаў асоб. Такі ж падыход аўтары выкарыстоўваюць для псіхафізіялагічнай (пераважнай) характарыстыкі папуляцый\народаў у цэлым. Аўтары, ідучы сьледам за вучэньнем Юнга, распрацавалі індыкатар кожнага з псіхатыпаў, базуючыся на шэрагу адказаў на пытаньні адносна асноўных 4 катэгорый выбару: экстраверсія (Е) ці інтраверсія (I), адчуваньне (S) ці інтуіцыя (I), мысленьне (T) ці пачуцьцё (F), судзіць (J) ці ўспрымаць (P). Камбінацыя з гэтых катэгорый, якія характэрны для той ці іншай асобы якраз і даюць 16 розных варыянтаў. Верагоднасьць, што любая асоба адносіцца да аднаго з гэтых 16 тыпаў ёсьць прыблізна 6.7% (100:16). Кожны з тыпаў мае сваю славесную маркіроўку.
Калі казаць пра Беларусь у цэлым, то яе тып пазначаны як INTP – такі тып не часты ў сьвеце, толькі 3.3%. Апроч Беларусі, ён характэрны таксама, напрыклад, для Швецыі. Можна сказаць, што беларусы больш схільныя быць інтравертамі -украінцы і расіяне пераважна з’яўляюцца экстравертамі. Аналізуючы псіхатыпы ў цэлым для краін, прыйшоў да высновы, што шлях мой быў не зусім адэкватны для ацэнкі палітыкаў. Такі падыход можа быць добрым пры ацэнцы псіхафізілогіі асобнага індывіда, аднак пры псіхафізіялагічнай ацэнцы ўсёй папуляцыі нельга перанесьці такую ацэнку на ўсіх нашых палітыкаў. Трэба ўсё ж праводзіць індывідуальную ацэнку. Гэта асобная, але магчымая задача – былі праведзены нават рэтраспектыўныя псіхафізіялагічныя ацэнкі розных вядомых людзей з мінулага. Так, псіхатып INTP, які вызначаны як характэрны для Беларусі, быў у А.Эйнштэйна, Т.Джэферсана, Ч.Дарвіна, Сакрата, А.Лінкольна, К.Юнга.
Ёсьць яшчэ адзін шлях, каб зразумець хто ёсьць хто – зазірнуць на моцныя і слабыя рысы нашых палітычных лідэраў. Справа гэта рызыковая і няўдзячная, маючы на ўвазе мой “строгі” псыхатып – тым не менш.[10]
Амбіцыі?! – Ну, амбіцыі, а хто іх не мае? Яны ёсьць і ў мноства шараговых людзей. Людзям, асабліва экстравертам, патрэбна сцэна, дзе б яны маглі выказацца публічна. Калі гаварыць пра палітыкаў, то тут найбольш яскравымі прыкладамі можна даць двух актораў, якія сталі прэзідэнтамі краін – Р.Рэйган (ESFP) і У.Зяленскі (ENTP).
Калі ж мець людзей з прэтэнзіяй на палітыку?! (кажу пра некаторых нашых беларускіх) – то як у такую дарогу яны выпраўляюцца з палітычнай блізарукасьцю (мая ацэнка)? Падтрымка ў насельніцтва?! Так – была. Але яна была ў мінулым і, аднак, значная – далёка не ва ўсіх. Я, як навуковец, найперш веру не пачуцьцям і эмоцыям, а лічбам праф. А.Манаева і яго навукоўцаў з НІСЭПД (Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаваньняў). А па-другое, камусьці трэба верыць. А інакш, як можна “зрабіць урокі над памылкамі” нашым палітыкам і на што ім абапірацца ў сваіх разьліках, прэтэндуючы на высокія пасады ў краіне?
Некрытычнае стаўленьне апазіцыйных лідэраў да сацыялагічных аптытаньняў, вядзе да няправільных высноў і самападману (пра ўяўныя прэзідэнцкія перамогі А.Саннікава ці пра ўяўныя байкоты З.Пазьняка, і г.д.). Ужо роўна 30 год як мы чуем трызьненьні сп.Пазьняка, якія даўно ўжо ператварыліся ў свайго рода “мантру” ці яшчэ адзін беларускі міф, што калі б (?!) у 1994 годзе ён выйшаў у другі тур, то перамог бы Лукашэнку; больш таго ён заяўляе, што тыя выбары былі недэмакратычнымі.[11] Чамусьці яму не задаюць пытаньне, а можа лепей бы было яму набраць больш галасоў чым у Лукашэнкі ўжо ў першым туры? Шкада, што ў такога паважанага беларусамі чалавека, які здаецца прэтэндуе выйсьці наноў на палітычную сцэну, пануюць такія застарэлыя думкі.
С. Навумчык, летапісец БНФ і былы намесьнік сп.Пазьняка, некалькі разоў публічна заяўляў, што народ у той час “не быў гатовы” да зьмен. З гэтым абсалютна можна пагадзіцца – лозунгі БНФ не тое што не былі падтрыманы большасьцю насельніцтва – яны і не маглі быць падтрыманымі з прычыны вось той “негатоўнасьці”. Што тычыцца недэмакратычнасьці выбараў 1994 года – то я дакладна ведаю, што ў Пастаўскім раёне адміністрацыя працавала на В.Кебіча. Аднак, нягледзячы на гэта лозунгі Лукашэнкі аказаліся больш прывабнымі.
У 2020 годзе, мне давялося даць папраўку ў часопіс “Культура. Нацыя” (артыкул “Рэвалюцыя і нацыя”) ужо праз два дні пасьля выхада артыкула – толькі з павагі да сп.Л. Баршчэўскага бо атрымаў ад яго ліст аб тым, што ён пакрыўджаны адной з фраз па выніках выбараў-2020.[12] Яго довады грунтаваліся на абходзе суседніх дамоў, дзе практычна ўсе людзі, з якімі ён размаўляў, за Лукашэнку не галасавалі. Так то яно так, але такі “абход” ня можа быць рэпрэзентатыўным для ўсёй краіны.
Калі казаць пра падтрымку насельніцтва на выбарах, то найбольшыя дасягненьні тут былі ў З.Пазьняка ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў ў 1994 годзе – па ўсёй краіне 757.195 галасоў або 12.8%, у Мінску – 182.896 галасоў або 21.0% (усяго галасавала па краіне 5.904.312 чалавек). У Мінску, будзем лічыць найбольш граматным ў палітычным сэнсе рэгіёне, З.Пазьняк быў толькі трэцім пасьля А.Лукашэнкі – 230.914 галасоў або 26.5% і С.Шушкевіча – 184.923 галасы або 21.2% (у Беларусі С.Шушкевіч меў 585.143 галасоў або 9.9%).
А.Саннікаў, у прэзідэнцкіх выбарах у 2010 годзе, набраў па краіне 156.419 галасоў або 2.43%, у Мінску – 15.198 галасоў або 1.51%, што зусім не шмат. Нават, калі ўлічыць вынікі апытаньняў НІСЭПД, дзе А.Саннікава падтрымалі 6.1% выбарцаў, ён бы атрымаў 392.903 галасы па ўсёй Беларусі (усяго галасавала 6 441 031 чалавек) і 61.280 галасоў у Мінску (галасавала 1.004.594 чалавек). Ніяк не выпадае заяўляць, што “А.Саннікаў – наш прэзідэнт” (гэты “брэнд” некалькі гадоў вісеў на сайце “Хартыі-97”). Гэта пры ўсім тым, што мы ясна разумеем, што фальсіфікацыі былі падчас усіх выбараў у краіне (апроч, здаецца, першых ! – з гэтым усё ж пагаджаюцца многія).
В.Цепкало не быў дапушчаны на выбары-2020, але калі верыць вынікам апытаньня “Народный опрос”[13], ён мог бы атрымаць максімум 110.560 галасоў па краіне (паводле ўказанага апытаньня С.Ціханоўская мела 67.6%, А.Лукашэнка – 21.5%, усе астатнія прэтэндэнты атрымалі разам толькі 1.9%).
Такім чынам, для параўнаньня маем паводле разьлікаў:[14]
- за А.Ганчарыка, які атрымаў 965.261 голас (афіцыйна, 2001; адзіны кандыдат),
- за З.Пазьняка – 757.195 галасоў (афіцыйна, 1994),
- за С.Ціханоўскую – 588.619 галасоў (афіцыйна, 2020), і 3.933.614 галасоў (2020, паводле апытаньня “Народный опрос”),
- за С.Шушкевіча – 585.143 галасоў (афіцыйна, 1994),
- за А.Мілінкевіча – 405.486 галасоў (афіцыйна, 2006),
- за Т. Караткевіч – 271.426 галасоў (афіцыйна, 2015) і 586,033 галасоў (апыт., 2015),
- за А.Саннікава – 156.419 галасоў (афіцыйна) і 392.903 галасоў (апыт., 2010),
- за В.Цапкало – 110.560 галасоў (апыт., 2020).
Гледзячы на дынаміку галасоў за дэмакратычных кандыдатаў, відавочна, што рэпрэсіўны апарат Лукашэнкі на працягу чвэрці стагоддзя “закручваў гайкі” паступова, і, магчыма, гэта і было адной з прычын Рэвалюцыі-2020. У гэтых умовах вынікі С. Ціханоўскай проста ўражваюць!
Вяртаючыся да пытаньня – чаму З.Пазьняк, А.Саньнікаў, В.Цепкало і іх каманды так агрэсіўна ставяцца да людзей, якія гуртуюцца вакол С.Г.Ціханоўскай, і беручы пад увагу прыведзеныя факты і лічбы, магу толькі пагадзіцца з думкай Друкахруста,[15] што такія паводзіны ўказаных лідэраў можна растлумачыць толькі канкурэнцыяй і ЗАЙЗДРАСЬЦЮ. Калі гэта не так, то назавіце, калі ласка, іншыя прычыны.
Мне неяк аднойчы было сказана – што адны працуюць, а другія пішуць. Мелася на ўвазе вельмі актыўны чалавек ў нашай дыяспары ў Канадзе сп. Р. Жук-Грышкевіч. Яна пасьпявала паўсюль – і выдаваць камунікаты, і пісаць артыкулы, і кантактаваць з беларусамі на радзіме, і напісаць кнігу пра свайго мужа. Нядаўна пачуў тое самае пра сябе – слова ў слова – што я такі дакладны, усё фіксую, усё запісываю. Што магу адказаць? Каб не было пра што пісаць, то не пісаў бы. А калі што не так, то, калі ласка, папраўце – буду ўдзячны. К чаму гэта я тут?
Каб перамагчы такі чалавечы заган як зайздрасьць трэба шмат працаваць над сабой. Прызнацца ў зайздрасьці апаненты С. Ціханоўскай не здольны – таму яны надзяваюць маскі – спрабуюць апеляваць да свабоды крытыкі і свабоды слова. Але, на мой погляд, яны хлусяць (!) – не сабе, а беларускаму народу, якому яны хочуць быць карыснымі кожны сам па сабе – і абавязкова ў якасьці прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта. Падсумаваўшы сказанае, вернемся да двух асоб, якія, на маю думку, у найбольшай ступені рэальна дзейнічаюць на беларускай палітычнай сцэне – гэта дыктатар А.Лукашэнка (характарыстыку якога мы прапускаем) і Нацыянальны лідар Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.
Святлана Ціханоўская
На маю думку, Святлана Ціханоўская гэта шчасьлівы фенамен беларускага, выпакутаванага жыцьця ў ХХІ стагоддзі. Гісторыя А.Лукашэнкі цьмянее на гэтым фоне шматкроць. Выхад Святланы Георгіеўны на палітычную сцэну Беларусі быў хутчэй за ўсё выпадковым, але, думаю, і законамерным у той жа час. Па крайней меры мы размаўляем пра час сёняшні. Безумоўна, я веру, што на беларускім небе яшчэ будуць зьзяць другія зоркі, але сёньня – яна ёсьць адным з нашых яркіх праменяў, які патрабуе ўвагі, падтрымкі і любові. Жанчына, узяўшая на сябе маральныя абавязкі быць Нацыянальным лідэрам (а хто яшчэ адважыўся? і здольны на гэта!!), мусіць быць падтрымана, на маю думку, нават яе палітычнамі апанентамі ў імя Беларусі.
Чаму так думаю? На тое ёсьць шмат аб’ектыўных і сітуатыўных абставін, сярод якіх падтрымка насельніцтва ёсьць найгалоўнейшай. На сёняшні дзень яе імя вядома і падтрымана беларусамі так, як нікому і не сьнілася з існуючых апазіцыйных беларускіх палітыкаў, прэтэндуючых на ўладу. Па-першае, таму, што яна ў сваёй праграме не прэтэндуе на прэзідэнцтва (хаця і магла бы), а мэты яе ясныя і празрыстыя – вызваленьне палітвязьняў і арганізацыя свабодных дэмакратычных выбараў. Па-другое, у адрозненьне ад некаторых палітыкаў і асоб з прэтэнзіямі на палітыку – яна мае дзейсную падтрымку як у насельніцтва Беларусі, так і ў беларускай дыяспары. Як было ўжо паказана, яе падтрымка на выбарах-2020 ва ўмовах дыктатуры была неймавернай. А гэта:
“За” С.Ціханоўскую – 3.933.614 пераможных галасоў !!! паводле апытаньняў і 588.619 галасоў – афіцыйна !!!
Гісторыя зрабіла яшчэ адзін спрыяльны крок насустрач змучанай дыктатарскім рэжымам Беларусі. Напачатку выбарчай кампаніі аб’ядналіся тры штабы кандыдатаў, якія ўзначалілі – сп.Сьвятлана Ціханоўская, сп.Марыя Калеснікава (штаб Бабарыкі), і сп.Вераніка Цепкало (штаб яе мужа Цепкало). Гэты трыумвірат зрабіў неверагоднае – яны здолелі падняць людзей не толькі ў Мінску, дзе на мітынгах зьбіралася да 70 тысячаў асоб, але і ў абласных цэнтрах і маленькіх гарадах, на якія прыходзілі дзесяткі тысяч і тысячы беларусаў, адпаведна. Людзі пачалі патрабаваць перамен у грамадстве, у якім ужо 30 год як пануе дыктатура. Песьня “Перамен” В.Цоя, і вядомая пратэстная каталонская песьня “Сьцены рухнуць”, сталі адметнымі прыкметамі перадвычарчых мітынгаў.
Часам думаецца, што на месцы Нацыянальнага лідэра магла бы быць любая з трох цудоўных жанчын трыумвірата – і Вераніка, і Марыя, і Святлана. Аднак… сп.С. Ціханоўская мужная, цудоўная і ахвярная жанчына – нягледзячы на зьбег абставін, прадоўжыла перадвыбарчую кампанію свайго мужа, які быў схоплены лукашэнкаўскім рэжымам і кінуты ў турму, была зарэгістравана ў якасьці кандыдата на прэзідэнцтва, прыняла лідзіруючыя функцыі ў трыўмвіраце трох слаўных жанчын з розных выбарчых штабоў падчас Рэвалюцыі-2020, і ўзяла на сябе высакародную адказнасьць быць Нацыянальным лідарам.
мусім падтрымліваць лідэра, якога падтрымлівае беларускі народ
Сп. С.Ціханоўская працягвае мець істотную падтрымку сярод беларускіх актывістаў і насельніцтва Беларусі і пасьля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Гэта вынікае як з дзеяньняў крэатыўнага акружэньня, якое ўтварылася вакол яе, так і з кантактаў, якія яна імкнецца трымаць непасрэдна з людзьмі на радзіме. Можна ківаць на недастатковасьць яе палітычнага і нават жыцьцёвага досьведу. Але ніхто не можа адмовіць тое, што яна цяпер адзін з самых распазнаваемых і вядомых людзей у беларусаў на радзіме і за мяжой, ды і не толькі сярод беларусаў. Варта зрабіць пару клікаў у інтэрнэце, каб зразумець, што гэта на самой справе так. Больш таго, многія людзі з каманды Ціханоўскай маюць большы рэйтынг, чым тыя палітыкі, якія лічуць сябе незамянальнымі лідэрамі на працягу дзесяцігоддзяў.[16] Відаць таму іх расьпірае такая зайздрасьць, што не могуць устрымацца ад абраз – А.Саньнікаў – пра катлеты і «лідарку» – у адрас С.Ціханоўскай, З.Пазьняк – пра «палітычнае нішто» – у адрас М.Калесьнікаваў. Вось такіх маем шляхетных «апанентаў». Мой пошук у сеціве (Google Chrome) ад 7 ліпеня і 30 сьнежня (у скобках) 2024 года для некаторых лідэраў на беларускай арэне даў наступныя вынікі (лічбы вагаюцца кожны дзень, аднак, адносна адна адной даюць даволі дакладнае ўяўленьне аб цікавасьці да ўпамянутых асоб у сеціве):[17]
Святлана Ціханоўская – 236.000 (116.000),
Анатоль Лябедзька – 107.000 (25.300),
Павел Латушка – 60.000 (41.300),
Зянон Пазьняк – 40.500 (50.900),
Франак Вячорка – 28.000 (23.500),
Аліна Коўшык – 18.900 (17.000),
Аляксандр Мілінкевіч – 10.900 (6.340),
Івонка Сурвілла – 9.770 (14.900),
Андрэй Саннікаў – 8.820 (8.940),
Валеры Цепкало – 6.020 (4.350).
Відавочна таксама, што не Святлана Ціханоўская была адзіным арганізатарам Рэвалюцыі-2020, але яна была адным з яе яркіх факелаў. Шэраг абставінаў вымусілі яе, простую беларускую жанчыну, сьмела выйсьці на палітычную авансэну. Відавочна, што не маючы базавага палітычнага досьведу, яна паспытала на сваім шляху Нацыянальнага лідэра прыкрыя памылкі, горыч, злобныя нападкі апанентаў. Але, думаю, што і радасьць таксама – ад той магчымасьці, якую падарыў ёй лёс – наблізіць аднаўленьне новай Беларусі – дэмакратычнай і вольнай. Я цалкам згодны з меркаваньнем А.Мілінкевіча – якога я вельмі паважаю – што С. Ціханоўская моцна эвалюцыяніравала за чатыры гады, і што
“сёньня яна сапраўдны, дастойны, годны лідар. Я думаю, нам пашчасьціла, што гісторыя нам дала гэты шанц»… «Я скажу ўвогуле крамольную думку. Калі б тады на чале гэтага фантастычнага, прыгожага пратэсту, які нечакана нарадзіў беларускую нацыю, быў дэмакрат старой гвардыі, умоўны я ці іншы, мы б не аб’ядналі так людзей, як Ціханоўская».[18]
Сп.С. Ціханоўская тройчы (у 2022 і 2024 гг.) сустракалася з беларусамі Атавы, і мне падалося, што яна паводзіць сябе дастойна, так як і належыць Нацыянальнаму лідару. Гэта не толькі зьнешнія праявы такіх паводзін, але і канкрэтныя справы, якімі яна займаецца – узначальвае ўрад і стварае ўмовы для працы нанова абранай Каардынацыйнай Радзе. Менавіта абранай, абранай дэмакратычным шляхам – што прынцыпова адрознівае Каардынацыйную Раду (КР) ад Рады БНР, якая зараз дзейнічае на выгнаньні. Хай галасоў на выбарах КР было няшмат (наступным разам будзе больш), але сам факт правядзеньня выбараў у значнай меры падкрэслівае арганізацыйныя магчымасьці і здольнасьці структур, якія гуртуюцца вакол сп.С. Ціханоўскай, уключаючы фенаменальную электаральную платформу “Голас”.
Са свайго боку, я накіраваў у Офіс С. Ціханоўскай у канцы 2021 года шэраг сваіх прапаноў, якія, магчыма, былі б карыснымі для арганізацыі працы яе каманды (асобныя дакументы прыкладаюцца). Маю на ўвазе “Прынцыпы працы нацыянальна-сьвядомых сіл у сучасных умовах, якія ўключалі такія раздзелы:
- Яднаньне!!
- Структурную рэарганізацыю нацыянальна-сьвядомых сіл.
- Прыняцьце яснай “Стратэгіі развіцьця беларускай нацыі”.
- Прыняцьце “Кодэкса гонару”.
Не ведаю ці былі гэтыя прапановы хоць нейкім мінімальным чынам улічаны і ці прынесьлі яны якую-небудзь карысьць, але, на мой погляд, гэта значна лепей чым тое, што робяць апаненты Ціханоўскай – пішуць пасквілі і фактычна знаходзяцца ў канфрантацыі з ёй. Такая блізарукая пазіцыя вельмі далёкая ад яднаньня і ад нашай перамогі. Яна (перамога) так можа і не адбыцца з такімі палітыканамі – прабачце, лепшага слова не змог падабраць. Калі не могуць стаць у рады, то хаця б не перашкаджалі. Амбіцыі і спрэчкі палітыкаў розных напрамкаў і поглядаў добра было б адкласьці да лепшых часоў – да перамогі. Мяркую, што беларускае грамадства лічыла б станоўчым крокам далучэньне (пасьля прабачэньняў) да платформы сп. С. Ціханоўскай былых, але яшчэ актыўных лідэраў беларускага руху, такіх як З.Пазьняк, А. Саньнікаў і іншых. Радзіма ў небяспецы – не час для спрэчак.
З другога боку, прыемна назіраць, што каманда Ціханоўскай эвалюцыяніруе. Самыя галоўныя дасягненьні яе каманда мае ў міжнародных справах – гэта заключаецца ў прызнаньні каманды Ціханоўскай еўрапейскімі і амерыканскімі палітычнымі інстытутамі. Працаваць на радзіме складана ўсім і па зразумелых прычынах – беларуская нацыянальная прастора “зачышчана” Лукашэнкам капітальна – туды хоць сёньня засяляй любыя расійскія народы.Тое, што праца каманды С.Ціханоўскай на міжнароднай арэне дае свае вынікі падцьвярджаецца, напрыклад, заявай лідараў краін G7, выдадзеная па выніках штогадовага саміту гэтага аб’яднаньня:
«Мы пацьвярджаем наша асуджэньне саўдзелу беларускага рэжыму ў вайне Расіі супраць Украіны. Выказваем занепакоенасьць рэпрэсіямі рэжыму ў дачыненьні да незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасьці, апазіцыі і грамадзян, якія мірна выказваюць свае погляды. Мы таксама асуджаем жорсткае абыходжаньне з палітычнымі зьняволенымі і патрабуем іх неадкладнага і безумоўнага вызваленьня», — гаворыцца ў заяве».[19]
Архі-цяжкая задача ў каманды Ціханоўскай заключаецца ў аб’яднанні вакол сябе па магчымасьці большай колькасці нацыянальна-сьвядомых людзей. Адсутнасьць адзінста ў 1918 годзе ў часы БНР і ў 90-я гады сярод БНФ выліліся ў паразу. Магчыма скажу банальнасьць – “кожны беларус сам па сабе занадта разумны, каб яднацца».
«кожны беларус сам па сабе занадта разумны, каб яднацца»
Я мяркую, што калі казаць пра рэальнага лідэра нацыянальных сіл, то ім якраз і з’яўляецца Нацыянальны лідар сп. С.Ціханоўская. Камандзе С.Ціханоўскай ёсьць на каго апірацца – апроч мільёнаў тых людзей, якія адназначна яе падрымліваюць, яшчэ адзін значны патэнцыял прыхаваны да пары людзьмі, якія лічуць сябе беларусамі (84.9%), але, якія ва ўмовах рэпрэсій яшчэ не асэнсавалі сябе беларусамі-патрыётамі=беларусамі-нацыяналістамі. Мне хацелася б, каб да яе каманды далучаліся людзі з іншых платформ, партый і рухаў і людзі іншых нацыянальнасьцяў, якія трымаюцца нацыянальнай ідэі – будаўніцтва незалежнай і вольнай беларускай дзяржавы. Толькі на этапе зрынаньня дыктатарскага рэжыму я нават вітаў бы іншыя сілы, уключна з анархістамі, камуністамі і правымі нацыяналістамі («наша Вільня», «наш Смаленск»), нягледзячы на іх інвазіўныя і таксічныя ідэялогіі.
У той жа час, так падаецца, далейшая пабудова новай Беларусі мусіла б адбывацца без удзелу нацыяналістаў правага толку – гэта павінна быць падкрэсьлена ў праграмных дакументах здаровых\інклюзіўных нацыянальных сіл. Цалкам пагаджаюся з думкай В. Булгакава:[20]“Я схільны меркаваць, што любы транзіт улады ў Беларусі не па сцэнарыі, прадугледжаным Лукашэнкам ці яго пераемнікамі, будзе немагчымы без паслядоўнай і планамернай працы ва ўсходнім кірунку: сяброўскіх сувязяў, нефармальных адносін — карацей, таго, што называецца нарошчваннем чалавечага капіталу” і далей ён заключае, што сур’ёзнай гістарычнай перспектывы “антырасійскі” нацыяналізм не мае. Магу толькі дадаць, што і іншая “антыскіраванасьць” супраць кагосьці не павінна мець перспектывы таксама.
Мне падаецца, што актуальным для каманды Ціханоўскай з’яўляецца і вызначэньне са стратэгічнымі задачамі, такімі як адносіны да Расіі, да мэтаў будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, да магчымых перамоваў з уладамі, і г.д. Пытаньні вельмі важныя і іх нельга адкладываць, так як, да прыкладу, гэта нетактоўна рабілася Часовым пераходным кабінетам Ціханоўскай адносна акупацыі Крыма.
Паступовыя рухі ў такім напрамку мы бачым, бо сп. С. Ціханоўская з яе камандай рухаюцца наперад і набываюць усё больш і больш прыхільнікаў. Многія аналітыкі ўсведамляюць, што паўплываць на далейшы лёс Беларусі можа ў значнай ступені зьнешні фактар, які заўжды спрыяў беларусам у розныя перыяды іх гісторыі – а менавіта, такім фактарам з’ўляюцца Збройныя сілы Украіны – пры іх перамозе ў вайне з расійскім агрэсарам могуць адкрыцца новыя магчымасьці для рэалізацыі беларускай нацыянальнай ідэі.
Іншым важным момантам ў беларускім жыцьці ёсьць прыняцьце рашэньня аб магчымасьці перамоваў апазіцыйных і дэмакратычных сіл з афіцыйнай уладай. Камусьці з радоў гэтых сіл такая ініцыятыва зноў жа можа выдавацца крамолай. Але… Адказаць на гэтае пытаньне могуць толькі самі беларусы. Мяркую, што менавіта таму сп.С.Ціханоўская выступіла з відэазваротам да беларусаў, у якім папрасіла іх выказаць свае адносіны да магчымых перамоваў з уладай, даўшы свае абгрунтаваньні для такіх крокаў. За 5 гадзін з моманту запуску галасаваньня ў жніўні 2021 года (ад 12.00 да 17.00) ў апытаньні ўзяло ўдзел 270 тысяч, а агулам яшчэ за некалькі дзён гэту інцыятыву падтрымалі 670.000 чалавек.[21] Відавочна, што ад пытаньня перамоваў так проста не адмахнуцца, маючы на ўвазе думку і праяўленую высокую актыўнасьць беларусаў.
Аднак, існуе адна важная перашкода – гэта тая, што Лукашэнку нельга давяраць. Хаця бы па таму, што людзі, якія вяртаюцца на радзіму з-за мяжы пасьля Рэвалюцыі-2020 на прызыў афіцыйнай улады, трапляюць спачатку ў суды, а пасьля зноў ў турмы. Тым не менш, пытаньне магчымасьці перамоваў варта абмяркоўваць, калі мець на ўвазе тое, што сярод лукашэнкаўскіх чыноўнікаў ёсьць людзі, так мяркую, якія маюць іншае ад афіцыйнага бачаньня развіцьцё Беларусі. Я думаю, такія людзі выявіліся б адразу пасьля сыходу аўтарытарнага Лукашэнкі са сцэны. Веру ў тое, што беларусы, якія вызнаюць сябе беларусамі яшчэ і ўтрымліваюць у сабе пачуцьцё нацыі, а не толькі адчуваюць сваю натуральную сувязь з беларускім грамадзянствам ці нацыянальнасьцю.
Яшчэ адзін нюанс, які варты ўвагі – гэта напрамак далейшага развіцьця краіны. Нядаўняе рашэньне Офіса Ціханоўскай і КР ІІІ-га скліканьня, аб еўрапейскім выбары для беларусаў – я цалкам падрымліваю. З невялікім дапаўненьнем – што яно можа рэалізавацца напачатку праз нейтральны (узброены) статус Беларусі. Абгрунтаваньні такога развіцьця падзей даваліся намі вышэй і ў прапанаванай “Стратэгіі развіцьця беларускай нацыі”.[22] Тут хачу даць толькі кароткія асноўныя палажэньні і довады для такога сцэнарыю, які я ўмоўна называю варыянтам “Усходняя Швейцарыя”. Такі напрамак развіцьця падзей цалкам не супярэчыць “Стратэгіі развіцьця беларускай нацыі”, асноўнай мэтай якой заяўлена “…пабудова нейтральнай, нацыянальнай дзяржавы, у якой абсалютна роўныя правы будуць мець прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў і прадстаўнікі нацыяўтваральнага этнаса – беларусы”. Калі коратка, то бачу такую формулу рэалізацыі праекта “Усходняя Швейцарыя”:
Асьвета насельніцтва – Аб’яўленьне ўзброенай нейтральнасьці – Уступленьне ў сістэму калектыўнай бясьпекі Еўропы
У дапаўненьне да абмеркаваньня нейтральнага стану для Беларусі (гл. вышэй), сьцісла прыводжу яшчэ раз аргументы на карысьць праекта “Усходняя Швейцарыя”:
- Захоўваецца тэндэнцыя, якая выключае знаходжаньне Беларусі ў якіх бы то ні было саюзах; калі раней каля трэці насельніцтва краіны падтрымлівала такі напрамак развіцьця краіны, то ў 2024 годзе – 42% (за арыентацыю на Расію выказаліся толькі 30% апытаных);[23]
- Вынікам вайны між Украінай і Расіяй, у якую ўцягваюцца ўсё больш краін сьвету, можа стацца перадзел сьвету і ўсталяваньне новых сістэм калектыўнай бясьпекі, так як гэта адбывалася раней у гісторыі; хаця ў такіх умовах будзе цяжка ўтрымліваць нейтральнасьць бо прыйдзецца шукаць іншыя магчымасьці для забяспячэньня неабходнага ваеннага або эканамічнага “парасона”;
- У большасьці выпадкаў, спрыяльныя зьнешнія ўмовы заўжды давалі новы шанс для развіцьця Беларусі;
- Наша еўрапейскасьць мае свае карані, пачынаючы ад часоў Полацкага княства (Х-ХІ ст.ст.);
- Вельмі высокая пагроза паглынаньня Беларусі Расіяй;
- Ранейшы, прапісаны ў Канстытуцыі нейтральны статус краіны, заменены на рэферэндуме ў 2024 годзе на “Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненьні да іншых дзяржаў”.
Piotra Murzionak: So, who?
(web magazine “Culture. Nation”, No. 35, April 2025, 5–20, www.sakavik.net)
Abstract. The author includes an excerpt from his new book “Essays of a Belarusian”, which will be published soon. An attempt is made to analyze the reasons for the disagreement between the leaders of numerous Belarusian movements and structures both in the past and now, including the uncritical attitude of individual leaders towards each other and towards events related to the fate of the Belarusian nation and state. Mathematical calculations of the relative popularity of modern Belarusian politicians who claim to hold leading leadership positions are presented. The calculations show that in 2020, Sviatlana Tsikhanouskaia had the greatest support among the Belarusian people – compared to other democratic leaders over the past 30 years. It seems that support for the National Leader remains high. Such support, along with the position she takes on many issues of foreign and domestic policy, should be considered by both her like-minded people and her opponents, who have not yet shown a desire to work together and effectively for the benefit of the Fatherland. A critical assessment of some steps taken by the Government of S. Tsikhanouskaia has been given and some proposals regarding the principles of the work of nationally conscious forces in modern conditions are put forward for discussion.
Пётра Мурзёнак: Так кто же?
(веб-журнал “Культура. Нация”, вып. 35, апрель 2025, 4–20, www.sakavik.net)
Резюме. Автор представляет отрывок из своей новой книги «Очерки белоруса», которая скоро выйдет в свет. Сделана попытка проанализировать причины разногласий между лидерами многочисленных беларусских движений и структур как в прошлом, так и в настоящее время, в том числе некритическое отношение отдельных лидеров друг к другу и к событиям, связанным с судьбами беларусской нации и государства. Представлены математические расчёты относительной популярности современных беларусских политиков, претендующих на ведущие руководящие должности. Расчёты показывают, что в 2020 году Светлана Тихановская имела наибольшую поддержку среди белорусского народа — по сравнению с другими демократическими лидерами за последние 30 лет. Похоже, что поддержка национального лидера сохраняется высокой и в наши дни. Такая поддержка, а также позиция, которую она занимает по многим вопросам внешней и внутренней политики, должны учитываться как ее единомышленниками, так и ее оппонентами, которые пока не проявили желания совместно и эффективно работать на благо Отечества. Даётся критическая оценка некоторых шагов правительства С. Тихановской и выдвинуты на обсуждение некоторые предложения относительно принципов работы национально сознательных сил в современных условиях.
[1] Закуліссе Люблінскай уніі: да чаго прывяла «паглыбленая інтэграцыя» з Польшчай у пазіцыі слабейшага. https://nashaniva.com/232355/
[2] Што адбываецца ў Палку Каліноўскага і чаму байцы кажуць пра яго магчымае знікненне? Наша Ніва, 24 ліпеня 2024 года. https://nashaniva.com/347695
[3] Д.Гурневіч. Навошта стварылі рух «Каліноўцы» і што адбываецца з ПКК? Радые “Свабода”, 25 ліпеня 2024 года. https://www.svaboda.org/a/33050744.htm
[4] П.Усаў: Беларусы не галасавалі за тое, каб Ціханоўская ездзіла па свеце і сустракалася невядома з кім. 31 мая 2024 года. https://nashaniva.com/344022
[5] Наталья Радина: Беларусы адмовілі ў легітымнасці самазванцам. https://charter97.org/ru/news/2024/6/7/598004/ . 7 чэрвеня 2024 года
[6]Дмитрий Бондаренко: Лукашенко доигрался. 6 чэрвеня 2024 года. https://charter97.org/ru/news/2024/6/6/597848/#google_vignette прычэпіць.
[7] Балкунец: Давайце возьмем Ціханоўскую, паедзем на мяжу і хто-небудзь сябе кайданкамі да чыгункі прычэпіць. https://nashaniva.com/342992/. 17 мая 2024 года.
[8] Балкунец і Усаў расказалі расійскаму СМІ пра абсалютны правал Ціханоўскай па ўсіх франтах. 17 лютага 2024 года. https://nashaniva.com/336462#startcomments
[9] The Myers & Briggs Foundation. Original research. https://www.myersbriggs.org/research-and-library/scientific-validity-reliability/ ; https://www.verywellmind.com/the-myers-briggs-type-indicator-2795583#citation-1
[10] Відавочна, што я ацаніў свой псіхатып таксама. Калі без дэталяў то адной з найбольш моцных катэгорый у мяне ёсьць ацэнка ці суджэньне аб з’явах і падзеях, таму прабачце, калі я часам занадта строгі ў сваіх характарыстыках.
[11] Пазняк перакананы, што ў другім туры выбараў-1994 перамог бы Лукашэнку. https://nashaniva.com/346879/. 13 ліпеня 2024 года
[12] «Пакуль што не выглядае, што для гэтага ёсць неабходныя перадумовы. Грамадства ў цэлым не пераканана, што выбары Лукашэнка прайграў. Так, ёсць шмат доказаў, што выбары былі сфальсіфікаваныя, але нават незалежны падлік галасоў праведзены па праекту «Голас» усѐ ж даў перавагу Лукашэнку, не 80%, як дала ЦВК, а крыху больш за 60%. Н наўрад, што інфармацыя пра фальсіфікацыю выбараў данесена незалежнымі СМІ у дастатковай ступені да ўсяго насельніцтва». П.Мурзёнак Рэвалюцыя і нацыя. «Культура. Нацыя», №26, сьнежань 2020, с.5-20.
[13] https://web.archive.org/web/20200807074036/https://narodny-opros.info/ «Народный опрос» праводзіўся он-лайн і на вуліцах 2-7 жніўня 2020 года па спецыяльнай навукова-абгрунтаванай методыцы, за дзень да выбараў. Апрацавана 45.000 галасоў. За С.Ціханоўскую лічбы былі між 67-73%, за А.Лукашэнку – 16-21%. Мы ўзялі за аснову вынікі «Народного опроса», бо ён праводзіўся на уліцах, і не прымалі ў сваіх разьліках іншыя толькі он-лайн апытаньні ў сувязі з тым, што яны часта зьвязаны са спецыфічнай аўдыторыяй.
[14] У парадку з большага да меншага паводле афіцыйных вынікаў ці паводле апытаньняў. Зьвесткі аб выніках апытаньняў ў 1994, 2001 і 2006 гг. адсутнічаюць.
[15] «Калі не Ціханоўская, то ніхто», — Дракахруст. https://nashaniva.com/344096/. 2 чэрвеня 2024 года.
[16] Пра каго з беларускіх палітыкаў найбольш чытаюць у Вікіпедыі? https://nashaniva.com/335284. 4.02.2024.
[17] За А.Лукашэнку былі наступныя адпаведныя лічбы – 9.670.000 (4.870.000).
[18] Мілінкевіч: Кепска, што Ціханоўская не разумела, чый Крым. Але яна прайшла эвалюцыю. https://nashaniva.com/346499/, 7 ліпеня 2024 года.
[19] У фінальнай заяве саміту лідараў Вялікай сямёркі згадваецца сітуацыя ў Беларусі. “Наша Ніва”, 14 чэрвеня 2024 года. https://nashaniva.com/344959
[20] В.Булгакаў: Антырасійскі нацыяналізм не мае перспектыў у Беларусі, Пазняк сам здзейсніў палітычнае самагубства. На: gazeta.arche.by; https://nashaniva.com/244677. 20 студзеня 2020 года.
[21] Ціханоўская заявіла пра запуск агульна нацыянальнага галасавання за перамовы з уладай.
https://nashaniva.com/?c=ar&i=270008. 18 сакавіка 2021 года
[22] Пётра Мурзёнак Шляхі да беларускай нацыі. Нейтральнасць па форме і беларускасць па духу. Мінск, “Кнігазбор”, 2016, 318-322;
Piotra Murzionak Belarus: Prospects of a Middle Power. Lexington Press, Lanham, Boulder, New-York, London, 2022, p.193-204.
«СТРАТЭГІЯ РАЗВІЦЦЯ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ» (па стану на 25 сакавіка 2016 года). “Культура, Нацыя”, №13, сакавік 2016, с. 27-34. Аўтары – А. Анісім, А. Кашо, П. Мурзёнак, А. Трусаў, І. Шумская.
[23] Толькі 4% беларусаў за поўны ўваход у Расію, 54% баяцца далейшага пагаршэння адносін з Захадам — новае апытанне. https://nashaniva.com/337057 ад 22.02.2024.
Categories: Асьвета, Мараль, Нацыя, Нацыя Беларусы, Нацыя прачынаецца, Праект "РАЗАМ", Слова рэдактара
Пакінуць каментар