
А.И. Герцен: “Украину следует признать свободной и независимой страной”, журнал “Колокол”, № 34, 1859 г.
М.С.Грушевский: «После провозглашения самостоятельности Украинской Республики (1917) никто уже не может прятаться в чаще нейтралитета, потому что теперь есть борьба двух государств, Украины и Великороссии».
І.
Званы звіняць над Русьсю Кіеўскай
І так трывожна
калыхаюць…
што мёртвая душа пачуе.
То не мажлівая мана –
Краплёная ідэяю маскоўскай
на Кіеў старажытны рушыла
вайна …
Вайна …
Ні слова добрага сказаць…
Над Украінай духу еўразійскага
мана
А над Еўропай…
яшчэ не брые голавы каса…
ІІ.
Калісьці па крыві былі суседзямі,
ды шмат з таго мінула часу –
Братаючыся з “добрымі” мядзведзямі,
не паўставалі думкі пра заразу.
А тут…
прыйшлі за даньню –
енк і крык, палонныя…
Крамлёўскіх “рурыкаў” то сквапная рука –
шле кіеўлянам бомбы тоннамі –
Так “еўразійскія” накідваюць аркан.
Куля,
што мяне не забіла яшчэ …
Кроў па жылах пакуль што цячэ …
ТОЙ жа змяёй паўзе па пасадках*,
Траціць свой час апошні з аглядкай.
Ён ашуканы – паўсюль мніцца вораг,
Каб жа ўсвядоміў –
даўно ўжо ён хворы.
ІІІ.
То подласць еўразійская
братамі называцца –
З заточкамі
павызваліўшы “братства” й
за спінай паціскаючы ў руках кастэт –
Дэнацыфікацыю свабодзе
з паханамі
аб’явіў “эстэт”.
Што выхаду ў эРэФ няма, то зразумела –
“Ідэя” рухаецца хутчэй,
чым клопат аб сваёй зямлі,
Абрабаваць град Кіеў –
выклік смелы,
Здаецца і затлумлены народ за тое,
каб “Пу”
туды руліў.
Адна ў ТАГО мэта – тутэйшых знічтожыць –
Так чалавек зямны жыць не можа…
ТОЙ, што зблудзіў на крывой “Zэт”-дарозе,
Мае патрэбу ў людской дапамозе!?!
ІV.
Самімі пісанае права –
як боская ў Масковіі інструкцыя?!
“Што нам наступствы
здзекліва-крывавыя?
Мы –
праваслаўнай абаронены прэзумпцыяй”.
Хоць я і не ў пошуках
месц сумнеўных,
Зычу ТЫМ страчаным
у людскае
верыць.
ТАМУ ж выпадае – з пасадкаў не выйсці,
Каб тое ён ведаў –
чакаў бы –
ратавальнае прыйсце.
Пасадкі –
не месца з найлепшых,
дзе б мог спрабаваць
жыццё сваё ўсцешыць.
Дазор за ім хуткі й
“каліноўцы” паслалі…
Ляціць НЛА з бязмежнай далі.
Самімі пісаны законы –
працягваюць сваёю жыць і праўдай:
“Мы не такія,
дзе ў дэмакратыях мільёны…
Мы непазнана-тонкая душа…
Мы трэці Рым…
З нас прыклад чалавецтва возьме заўтра”.
V.
Як хораша было б:
не чуць “вар’яцкіх грёз”,
А ўбачыць
здзяйсненьняў ТЫХ маскальскіх словы –
Нямерана
у Бучы й Барвінкове слёз,
Загубленыя душы,
утопленыя вёскі
і брэшуць прама ў вочы –
віны прызнаць
“крамлёўцы” не гатовы.
Крадуць падчыстую:
“прыжучылі” Ўладзіміра Вялікага,
Паставіўшы ягоны помнік у Маскве –
Князя Русі сапраўднай
хочуць бачыць на каленях…
Паблыталі і дзень Вялікадня…
Крамлёвец веруе,
што кіраваў нацыстамі… равін,
а Украіну
заснаваў таварыш Ленін…
Усё паблытана,
пераілгана,
Бяжыць наперадзе імперскі інтарэс,
Ва Украіне “рускі дух” жыцьцё
спаганіў
І сее зерне ядавітае ў былым СССР,
і спрэс.
ТОЙ што ў пасадках,
хай і задарма
Гіне за святасць расійскіх армій…
Каб жа пасадкі свае, не чужыя?!
Каб жа іх рукі свае расьцілі?!…
Кулі над ТЫМ сто разоў пакружылі,
А дзе перамога?
Дзе ТАЯ…
“за нами Россия?
Апошнія моманты, куля на ўзводзе,
Звон яе руху, камар бы выводзіць.
Няслушная, гнутная, дз’ябал у сэрцы,
Злоснае хоча бяспрэчна сцерці.
VІ.
Праўду шукаем
тысячу із нечым год,
Ды так не падыйшлі к ёй толкам –
Той славянін, які калісь пайшоў на ўсход,
На кіеўскіх –
і на “тутэйшых” –
пазірае сёньня воўкам.
Час прамінуў, змянілася нашмат…
Усходняю традыцыяй узрошчаны вар’ят…
Былі б не супраць, каб на той зямлі,
Народжанымі не цары былі, а каралі…
VІІ.
Мараліць немагчыма,
падзяліўся свет –
На светлае
і цемру прад вачыма,
І не пры чым агульная айчына,
Так ёсць –
паўсталі ворагамі,
хаця магчымасць мелі
вызваліцца ад вайсковых бед.
А куля!?
Дык куля – яна непазбежна,
Для лёсаў простых ці грахам непадлежных,
Толькі ў рулетцы – вяртае анёлаў,
Калі ў рэвальверы –
“зіро” патронаў.
ТОЙ што ў пасадках, зрабіў свой выбар,
Для кулі ж сваёй
я не выбраў калібра…
Я б так не змог…
Нават Бог не знае,
Калі параніць мяне
воля злая.
Прад куляй ўсе роўныя –
ды няхай возьме гнеўных –
ТЫХ –
у пасадках –
зайздросных
няпэўных.
VІІІ.
Дык што наперадзе?
Там ёсць святло,
якое з людствам чалавечым сумясціма,
Хаця б туды і далучылася Расія,
Без крыўд і без маны,
прызнаўшы Кіеў за сталіцу
і сваё жытло:
суцішыўшы імперскія амбіцыі
і апусціўшы двух арлоў крыло,
ды даяднаўшыся да часу Кіеўскага,
дзе вольніца й свабода
прыцісне ўрэшце
падзямное зло.
Ніяк не прадбачыш
і не адхінеш
Куляў нязносных адвечны шум…
Думка кіруе наўпрост –
да вавілонскіх веж
Няскончаных…
праз зайздрасць,
недавер
і тлум.
*“пасадкі” – зялёныя лесапалосы ва Украіне
Атава, 5 жніўня 2022 года – 7 чэрвеня 2023 года
…………………………………………………………………………………………………………….
Piotra Murzionak: Kievan Rus (poem)
(web-magazine “Culture. Nation”, issue 35, April 2025, 61-68, www.sakavik.net)
Abstract. A poem about the author’s attitude towards the war in Ukraine unleashed by the Russian aggressor.
Categories: Культура, Літаратура, Праект "РАЗАМ"
Пакінуць каментар