Юрась Рапецкі: Пакорлівасьць – адна складовая частка біблійнай пабожнасьці. Часопіс “Культура. Нацыя”, №35, красавік 2025, 42-47.

Анатацыя. У артыкуле «Пакорлівасьць – адна складовая частка біблійнай пабожнасьці» аўтар паведамляе, што людзі, якія навярнуліся і ўверавалі ў Ісуса Хрыста па біблійнаму вучэньню, закліканы да новага перамененага праведнага жыцьця. Навярнуцца і ўвераваць ў Хрыста як Збаўцу аказваецца толькі першым крокам. Па навярненьні вернік Хрыстоў павінен узрастаць у хрысьціянскай духоўнасьці і характары. Аўтары Бібліі падахвочваюць вернікаў Хрыстовых разьвівацца ў той цнатлівай «пабожнасьці», характэрнай для Бога і Хрыста. Што такое «пабожнасьць» і з чаго яна складваецца? У артыкуле аўтар выдзяляе ды падкрэсьлівае якасьць чалавечай пакорлівасьці перад Богам і людзьмі. Ён таксама зьвяртае ўвагу на розныя месцы ў Бібліі, дзе гаворыцца пра пакорлівасьць і растлумачваецца, як пакорлівасьць праяўляць практычнымі спосабамі ў штодзённым жыцьці.

Калі людзі навяртаюцца да Хрыста і ідуць далей усьлед за Ім, то ім прадстаўлена мажлівасьць расьці ў хрысьціянскай веры, паглыбляцца ў біблійнае вучэньне і далей разьвівацца ў хрысьціянскім характары. У розных месцах Біблія ўжывае тэрмін «пабожнасьць», што нясе значэньне духоўнага росту для веруючага, які павінен сталець духоўна і праяўляць гэта богападобнымі думкамі, намерамі і прыкладнымі паводзінамі згодна з настаўленьнем Божага Слова. Тут жа дарэчы паставіць пытаньне: што такое пабожнасьць і якімі спосабамі яна ажыцьцяўляцца ў жыцьці верніка? Гэта слушнае пытаньне і я намерваюся ў гэтым і іншых артыкулах абмяркоўваць некаторыя складовыя рысы, якія разам спрыяюць далейшаму росту верніка ў хрысьціянскім характары і паводзінах, інакш кажучы, у біблійным паняцьці пабожнасьці. Адной з тых рысаў аказваецца пакорлівасьць. Падумайма крыху пра гэтую якасьць і як яна дасягаецца ў жыцьці верніка Хрыстовага.

Быць пакорлівым вернікам азначае, што ён у прынцыпе імкнецца пакарацца Богу ўва ўсіх рашэньнях і справах жыцьця. Пакорлівы вернік праяўляе дух паслухмянасьці Богу, і Бог заўважае такое стаўленьне да Яго. У кнізе Ісаі мы чытаем такія павучальныя словы: «Гэта кажа Высокі і Узьнесены, Які жыве вечна, і Сьвятое імя Ягонае: «Я жыву на вышынях і ў сьвятасьці, і Я жыву з тым, хто зламаны і спакораны духам, каб ажывіць дух пакорных і ажывіць сэрца прыгнечаных».[1] Размова тут жа і

ідзе пра чалавека, які зьвяртаецца да Бога з тым пакорлівым духам, просячы Гасподняй дапамогі і кіраваньня. Ён прызнае сябе нізкім і грэшным у параўнаньні са сьвятым Госпадам Богам. Гэтае паняцьце далей разьвіваецца ў кнізе Ісаі, дзе сказана: «Гэта кажа Госпад: «Неба – пасад Мой, а зямля – падножжа ног Маіх. Які павінен быць дом, што вы пабудуеце Мне, якое месца супачынку Майго?». Усё гэта зрабіла рука Мая, і ўсё гэта Маё, кажа Госпад. Але Я гляджу на таго, хто бедны і прыгнечаны духам і хто трымціць перад словам Маім».[2]

З гэтых словаў мы разумеем, што пакорлівы чалавек падабаецца Богу як сказана ў шматлікіх месцах Сьвятога Пісаньня. Госпад заўважае і прыходзіць да пакорлівых, Ён вылівае Сваю дабрыню і ласку на іх, і гэта яны адчуваюць. Так прыкладам піша апостал Якуб: «Бог пыхлівым працівіцца, а пакорным ласку дае».[3] Калі мы думаем пра іншыя якасьці пабожнасьці, то бачым, што ўсё пачынаецца з пакорлівага стаўленьня верніка да Бога і людзей. Гэта аснова ўсіх іншых хрысьціянскіх якасьцяў, што разам робяць чалавека пабожным і цнатлівым у характары і паводзінах.

Канешне, калі мы думаем пра Самога Бога, то пытаемся, а ці пакорлівасьць адносіцца да Яго? Ён усё-ж-такі Бог Тварэц і Яму праяўляць пакорлівасьць, ну што ж, гэта нешта такое не зусім натуральнае. Так яно і ёсьць з аднаго боку, а калі мы глядзім на Божага Сына Ісуса Хрыста, то можам сьмела сказаць, што Ён праявіў вялікую пакорлівасьць перад Сваім нябесным Айцом і нават людзьмі. Ён сышоў на зямлю, стаўся чалавекам і пазьней памёр ахвярнай сьмерцю на крыжы – усё гэта дзеля таго, каб адкрыць людзям шлях назад да Бога. Падумайма толькі – Хрыстос, будучы другой Асобай Боства, сышоў на зямлю ў відзе малюткі, пазьней у жыцьці дазволіў звычайным людзям Яго арыштаваць, зьдзекавацца зь Яго і напасьледак укрыжаваць. Толькі крымінальнікаў каралі такой жорсткай расплатай, але сказана пра Яго, што Ён «панізіў Сябе, стаўшыся паслухмяным ажно да сьмерці і сьмерці крыжовай».[4] Ён пакінуў Сваім пасьлядоўнікам такі цудоўны прыклад, каб і яны былі гатовыя на ўсякае перасьледаваньне у выніку таго, што зьвязаныя зь Ім. Апостал Пётра піша: «Вы на гэта пакліканыя, бо і Хрыстос перацярпеў за нас, пакінуўшы нам прыклад, каб мы ішлі па Ягоных сьлядах. Ён не зрабіў аніякага грэху, і не было падступства ў вуснах Ягоных».[5]

Але давайце вернемся да неабходнасьці веруючым у Хрыста праяўляць пакорлівасьць як перад Богам, так і перад людзьмі. І першае, што я хацеў бы тут жа пакрэсьліць, гэта тое, што здарылася з юдэйскім царом Ёсія, які валадарыў у Ерусаліме трыццаць адзін год. Яму прынесьлі асобнік Сьвятога Пісаньня. Калі цар пачуў словы, запісаныя ў Законе Божым, ён ад сораму за свой народ раскаяўся. Апісваецца момант гэтак: «Калі валадар (Ёсія) пачуў словы кнігі Закону, ён разьдзёр шаты свае і загадаў валадар сьвятару Хількіі (і іншым…), кажучы: «Ідзіце і спытайце Госпада адносна мяне, і адносна народу, і адносна ўсяго Юды паводле словаў кнігі, якая знойдзена, бо вялікі гнеў Госпада ўзгарэўся супроць нас, бо ня слухалі бацькі нашыя словаў кнігі гэтай, каб выканаць усё, што ў ёй запісана для нас».[6] Пераказанае тут жа паказвае нам важную рэакцыю аднаго цара ў дачыненьні да Слова Божага, менавіта, як ён адрэагаваў на пачутае са Слова Гасподняга зь вялікім страхам і трымценьнем. Сваім актам Ёсія паказаў сваю пакорлівасьць перад Словам Божым. Ці мы так адносімся да Слова Гасподняга? Сёньня мы маем поўную Біблію, што зьмяшчае Божыя словы, думкі і запаведзі для нашага дабра. Бог гаворыць да нас сёньня праз Сваё Слова і мы мусім ставіцца да яго з павагаю і ў  пакорлівым духу. Псальмасьпявак кажа: «Як я люблю Закон Твой! Увесь дзень у думках маіх… Слова Тваё – сьветач для ног маіх і сьвятло на сьцежцы маёй».[7] Чытаючы Слова Гасподняе, мы мусім быць адкрытымі да таго, што Бог хоча сказаць нам. Ягонае Слова павінна ацэньваць усе нашыя думкі, наш характар і паводзіны. Нам нельга толькі чытаць Біблію з мэтаю, каб пазнаваць факты і знаёміцца з Богам. Так, гэта займае сваё адпаведнае месца, але Слова Гасподняе павінна быць тою меркаю, якая папраўляе, кіруе і настаўляе вернікаў у іхнім хрысьціянскім шляху. Ці мы, як цар Ёсія, ставімся да Гасподняга Слова з тым станоўчым трымценьнем і гатоўнасьцю зьвярнуць увагу на ўсё, што Госпад хоча сказаць нам? Бог заклікае кожнага з нас так ставіцца да Ягонага Слова. Дык вось мы заключаем, што нашае стаўленьне да ролі Божага Слова паказвае ступень нашай пакорлівасьці перад Госпадам Богам.

Ёсьць і іншыя паказальнікі нашай пакорлівасьці. Мы ўсе ведаем, што людзі маюць і карыстаюцца сваімі асаблівымі здольнасьцямі і талентамі. Ці нават тут жа можам мы паказваць сябе пакорлівымі з тым прызнаньнем, што нашыя здольнасьці былі дадзеныя Богам. Калі так, то няма прычыны нам выхваляцца ані перад Богам, ані перад людзьмі. Калі чалавек упершыню чуе Дабравесьце пра магчымасьць атрымаць збаўленьне па веры ў Ісуса Хрыста як Збаўцу, то ён прыходзіць да высновы, што ён ня можа атрымаць дар збаўленьня сваімі добрымі намаганьнямі. Не, тут дзейнічае

Божая ласка, што аказваецца Божай незаслужанай намі прыхільнасьцю да нас грэшнікаў. І той, хто каецца ў сваіх грахах, веруе ў Збаўцу Ісуса Хрыста, атрымлівае дар збаўленьня. Разьлічваць на нейкую сваю здольнасьць або мудрасьць для атрыманьня збаўленьня ніхто з нас ня можа. Усё залежыць ад Божай міласэрнасьці і дабрыні. Апостал Павал так і піша: «Ласкаю (Божаю) вы збаўленыя празь веру, і гэта не ад вас, Божы дар, не праз учынкі, каб ніхто не хваліўся».[8] І ў дачыненьні да сваіх здольнасьцяў апостал ясна прызнаецца, што ягоныя здольнасьці і дасягненьні былі дадзеныя яму Богам. Мы павінны карыстацца сваімі здольнасьцямі, дадзенымі Богам, на дабро і карысьць іншым людзям, як лічыў апостал. Ён піша на гэты конт: «Я – найменшы з апосталаў, які ня варты называцца апосталам, бо я перасьледаваў Царкву Божую, але з ласкі Бога ёсьць тым, кім ёсьць, і ласка Ягоная ўва мне не была дарэмнай, але я больш за іх усіх працаваў, дый ня я, але ласка Божая, якая са мною».[9] Усякую здольнасьць і талент мы мусім прызнаць як дар Божы ня толькі для свайго дабра, а таксама для таго, каб мы імі служылі іншым людзям і Богу. Вось гэтым жа праяўляем пакорлівасьць перад Богам і іншымі людзьмі.

Ёсьць яшчэ і іншы спосаб, якім мы праяўляем пакорнасьць перад Богам і людзьмі. У пятым разьдзеле Пасланьня да эфэсянаў мы сустракаем кароценькую фразу апостала Паўла: «падпарадкоўваючыся адзін аднаму ў страху Божым».[10] Што гэта значыць і якімі дзеямі ажыцьцяўляем пакорлівы дух? Ці гэта значыць, што мы заўсёды пагаджаемся з крытыкай, якую кідаюць іншыя людзі, вернікі або нявернікі, ў наш адрас? Не абавязкова. Так, бываюць тыя моманты, калі нам вернікам трэба зьвяртаць увагу на настаўленьні і папраўкі, выказаныя нам старэйшымі ў веры братамі і сёстрамі. Такую параду дае апостал Пётра: «Вы, маладыя, падпарадкоўвайцеся старостам, а ўсе, падпарадкоўваючыся адзін аднаму, апранэцеся ў пакорнасьць, бо Бог пыхлівым працівіцца, а пакорным ласку дае».[11] Гэта значыць, што мы адзін перад адным павінны быць адкрытымі да меркаваньняў іншых і гатовымі зь любоўю падзяліцца сваімі думкамі. Мы маглі б дэталёва абмеркаваць гэтае асаблівае пытаньне і магчыма ў адным з будучых артыкулаў паднімем яго і паразважаем пра яго больш грунтоўна.

І сапраўды проста немагчыма ў адной гутарцы поўнасьцю пераглядзець і абмеркаваць усе пункты, зьвязаныя з нашай пакорлівасьцю перад іншымі. Усё-ж-такі давайце ў заключэньне гэтай гутаркі коратка падумаць аб тым, што нам рабіць, каб далей разьвівацца ў хрысьціянскай пакорлівасьці. Мы можам указаць на некалькі крокаў. Перш за ўсё, верніку трэба пастаянна чытаць Біблію, каб чуць Божы голас і настаўленьні Божага Слова. Калі гэта магчыма, то найлепей глядзець у Біблію штодня. Гэта стане для нас тою меркаю, зь якою нам параўноўваць сваё жыцьцё з тым, што паказана ў сьвятой Бібліі. Трэба сур’ёзна перадумваць і разважаць над тым, што мы вычытваем у Слове Божым і з Гасподняй дапамогай старацца прыстасоўваць выдзеленыя Духам Сьвятым практычныя ісьціны да свайго жыцьця. Трэба прасіць у Духа Сьвятога, каб Ён адкрываў нам недахопы або грахі, у чым мы павінны прызнавацца і прасіць у Госпада прабачэньня і далейшай сілы тых грахоў не паўтараць. Карацей, пастараймася прымаць усе неабходныя крокі, указаныя Духам Сьвятым, каб прынізіцца перад Богам і людзьмі. Калі так будзем рабіць, то тым больш будзем праяўляць тую характарыстыку, да якой мы імкнёмся – да сапраўднай сумленнай пабожнасьці, што будзе Богам заўважана.

Госпадзе Божа, безь Цябе гэта немагчыма. Просім Твайго прасьвятленьня і дапамогі ў нашым сумленным жаданьні! Амэн!

George Repetski: Humility – One Part of Biblical Godliness

(webzine “Culture. Nation”, No. 35, April 2025, 42-47, www.sakavik.net)

Abstract. The author states that people who have converted to and believed in Jesus Christ according to Biblical teaching, are called to a new changed life of righteous living. To be converted to and to believe in Christ as personal Saviour is only the first step. Once converted the believer should begin to grow in Christian spirituality and character. Biblical authors encourage Christians to consistently develop in righteous “godliness,” which mirrors God’s and Christ’s character. So, what exactly is “godliness” and what are its ingredients? In this article the author suggests that one of its components is humility both before God and other people. The author directs the reader’s attention to various places in the Bible which speak about humility and explain how to demonstrate it in daily practical living.

Юрась Рапецкий: Смирение — составная часть библейского благочестия

(веб-журнал «Культура. Нация», №35, апрель 2025, 27-41, http://www.sakavik.net)

Аннотация. В статье «Смирение — составная часть библейского благочестия» автор сообщает, что люди, обратившиеся и уверовавшие в Иисуса Христа согласно библейскому учению, призваны к новой, преображенной, праведной жизни. Обращение и вера во Христа как Спасителя — это только первый шаг. После обращения верующий во Христа должен расти в христианской духовности и характере. Авторы Библии призывают верующих во Христа развивать в себе целомудренное «благочестие», присущее Богу и Христу. Что такое «благочестие» и в чем оно заключается? В статье автор выделяет и подчеркивает качество смирения человека перед Богом и людьми. Он также обращает внимание на различные места в Библии, где говорится о смирении, и объясняет, как проявлять смирение на практике в повседневной жизни.


[1] Кніга Ісаі 57:15

[2] Там жа 66:1-2

[3] Пасланьне Якуба 4:6

[4] Пасланьне да галятаў 2:8

[5] Першае пасланьне Пётры 2:21-22

[6] Другая кніга Валадароў 22:11-13 (Чацьвёртая кніга Царстваў 22:11-130

[7] Псалтыр 119:97 і 105 (Псалтыр 118:97 і 105)?

[8] Пасланьне да эфэсянаў 2:8

[9] Першае пасланьне да карынфінаў 15:9-10

[10] Пасланьне да эфэфсянаў 5:21

[11] Першае пасланьне Пётры 5:5



Categories: Мараль, Рэлігія

Пакінуць каментар