06 лістапад 2025, 13:46
Тым часам, паводле апошніх перапісаў насельніцтва, амаль усе мовы народаў Расеі страчваюць масу носьбітаў, нават калі адпаведныя этнічныя групы колькасна растуць.
Уладзімір Пуцін заснаваў новае сьвята — Дзень моваў народаў Расеі, які будзе адзначацца 8 верасьня.
Пры гэтым Міністэрства адукацыі Расеі скараціла колькасьць гадзін выкладаньня гэтых самых родных моваў у школе. Згодна з новымі адукацыйнымі плянамі, з 1 верасьня 2025 году ў першай клясе расейскамоўных школаў у нацыянальных аўтаноміях прадметы «Родная мова» і «Літаратурнае чытаньне на роднай мове» выкладаюцца ня два, а адзін раз на тыдзень, а ў школах з нерасейскай мовай навучаньня — дзьве гадзіны замест трох.
«Idel.Рэаліі» спыталі ў экспэртаў і нацыянальных актывістаў, як яны ўспрынялі гэтую навіну.
«Гісторыя на Свабодзе». Расея ня зможа русыфікаваць беларусаў і ўкраінцаў, — Алег Латышонак
Што кажуць перапісы
Згодна з апошнімі перапісамі насельніцтва Расеі (2010–2020 гг.), колькасьць носьбітаў большасьці моваў народаў Расейскай Фэдэрацыі скарачаецца.
Нават татарская мова — адна з найбуйнейшых нацыянальных моваў краіны — працягвае траціць пазыцыі, што сьведчыць аб моўнай асыміляцыі прадстаўнікоў аднаго з самых шматлікіх нерасейскіх народаў Расеі. Паміж перапісамі 2002 і 2010 гадоў колькасьць татараў скарацілася на 4%, а колькасьць татарамоўных — на 20%. Гэтыя зьмены адбываліся нават тады, калі вывучэньне татарскай мовы было абавязковым для ўсіх школьнікаў у Татарстане.
З 2018 году ў выніку рэформы, якую правяла Масква, дзяржаўныя мовы аўтаномных рэспублік фактычна пераведзеныя ў статус факультатыўных прадметаў.
Падобныя тэндэнцыі назіраюцца і ў іншых народаў Паволжа: колькасьць носьбітаў башкірскай мовы скарацілася на 6% за той жа пэрыяд; паводле перапісу насельніцтва 2020 году, колькасьць чувашоў складае 1 мільён 67 тысяч чалавек, тады як чуваскаю моваю валодаюць толькі каля 700 тысяч; удмуртаў больш за 386 000, але толькі 255 000 валодаюць удмурцкай мовай; марыйцаў каля 424 000 чалавек, аднак толькі 259 000 валодаюць марыйскімі мовамі.
Пуцін даручыў разьвіваць расейскую мову, у тым ліку за мяжою. У Беларусі — 27 арганізацый расейцаў
Сьвята ў дзень нараджэньня Расула Гамзатава
Адзін з суразмоўцаў «Idel.Рэаліі», які дасьледуе праблемы рэгіянальных моваў Расеі, адзначыў, што Расея ідзе і ў гэтым пытаньні сваім «асаблівым» шляхам .
«Зьвярнуў бы ўвагу на тое, што яны не далучаюцца да Міжнароднага дня роднай мовы (21 лютага), а прызначаюць свой асобны дзень, — заўважыў ён.
Паводле яго словаў, дата абраная таксама невыпадкова.
«Гэта дзень нараджэньня Расула Гамзатава, вельмі савецкага, прадзяржаўнага паэта, які, адрозна ад многіх іншых, не крытыкаваў і не казаў пра тое, як моўная палітыка прывяла да страты моваў», — падсумаваў дасьледнік.
Categories: Зьнешнія адносіны, Мова, Нацыя
Пакінуць каментар