На Форуме Астрожскіх у Кіеве разгарэлася дыскусія пра Беларусь.

Ва Украіне з 11 па 15 лістапада праходзіць Форум Астрожскіх. Адна з дыскусій у Кіеве была прысвечана бяспецы ў рэгіёне. Падчас яе разгарэлася гарачая спрэчка пра ролю Беларусі.
Дэпутат Вярхоўнай рады Украіны (ад партыі «Слуга народа») Алег Дунда выказаў сваё меркаванне, чым Беларусь можа дапамагчы Украіне.
«Калі вы дапамагаеце сабе і змагаецеся за ўладу, за звяржэнне рэжыму ў Беларусі — гэта найлепшая дапамога для Украіны. Усё астатняе не мае значэння, зусім. Чаму я так кажу? Бо Беларусь, якая фармальна з’яўляецца незалежнай дзяржавай, па факце даўно страціла гэтыя прыкметы. Яна дэ-факта з’яўляецца часткай Расійскай імперыі, гэтаксама як Чачня, Інгушэція, усё астатняе. Я не разглядаю Беларусь, Мінск, як асобную дзяржаўную адзінку — гэта ёсць працяг рукі Масквы. Не можа дазволіць сабе Мінск гуляць ці прасоўваць нейкую гісторыю з тымі ж Злучанымі Штатамі без узгаднення з Масквой».
Ён адзначыў, што Беларусь надзвычай важная для бяспекі рэгіёна, таму беларусам трэба адваёўваць сваю незалежнасць. Але гэта, на думку Дунды, не зробіш дыпламатычным шляхам.
«Калі ты знаходзішся ў аўтарытарным рэжыме, за аўтарытарнай уладай, не існуе барацьбы лозунгамі, улёткамі і прамовамі пра ўсё добрае супраць усяго дрэннага. Аўтарытарныя рэжымы зносяцца толькі крывёй, іншых варыянтаў не існуе. Прыкладаў няма наогул. Тая ж Сірыя. Уявіце сабе, што якімсьці чынам Башар Асад кажа: «Мы праводзім выбары, я дапускаю апазіцыю, я гатовы сысці». Ну гэта ўявіць сабе немагчыма. Улада бярэцца крывёй. І тут пытанне да тых, хто ўзначальвае апазіцыю, ці гатовыя яны да гэтага, ці не. Калі яны не гатовыя, ну якую яны могуць дапамогу даць Украіне?»
У адказ дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка заўважыў, што раіць беларусам браць у рукі зброю, не разумеючы сітуацыю ўнутры краіны, проста.
«Людзі ў 2020 годзе выбралі той шлях супраціву, на які былі гатовыя, на які былі магчымасці. (…) Ні Украіна, ні Польшча, ні Літва, ніхто не дазволіць фармаваць вайсковыя адзінкі, якія б прэтэндавалі на ўладу ў Беларусі. Гэта немагчыма. І сёння казалі на першай панэлі, што Украіне не цікава адкрываць паўночны фронт. Таму гэтыя размовы пра падрыхтоўку вайсковага звяржэння з тэрыторыі Украіны — Украіна будзе першая, хто заблакуе гэтыя размовы».

Франак Вячорка. Ілюстрацыйнае фота: LookByMedia
Вячорка адзначыў, што Польшча і Літва ў першую чаргу думаюць пра сваю бяспеку і таму гэтага не дазволяць.
«Таму мы павінны працаваць у межах тых рэсурсаў і магчымасцяў, якія ў нас ёсць цяпер. У нас няма магчымасці вулічнага супраціву. Ёсць магчымасць нейкага падполля, утрымання ўвагі, утрымання моладзі ў межах еўрапейскіх каштоўнасцяў, не даць Беларусі скаціцца ў «рускі свет», умацоўваць ідэнтычнасць. Гэта тое, што мы можам рабіць, і гэтым мы максімальна карыстаемся. Падтрымка Украіны для нас узаемазвязана з падтрымкай беларускага змагання. Таму што гэта тое, што дае беларусам зразумець сябе часткаю гэтага змагання, часткаю рэгіянальнага кантэксту, што мы не адны».
Былы пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім не згадзіўся з Дундам — ён лічыць, што нават невялікая гуманітарная дапамога беларусаў Украіне важная.
«Нават калі беларуская дыяспара дала зброю, ці нават не зброю, а амуніцыю, аднаму ваяру, які сёння ваюе на фронце, гэта ўжо добра. І менавіта з такіх дапамог — маленькіх, значных, вялікіх — сфарміравалася тая сіла, якая цяпер у нас на фронце ёсць».
Дзмітрый Шчыгельскі падтрымаў Дунду.
«Калі мы кажам, што мы дэмакратычныя сілы і мы апануем Лукашэнку, то гэта пытанне барацьбы за ўладу, любымі сродкамі, уключаючы сродкі гвалтоўныя, кінетычныя і гэтак далей, або тады мы не дэмакратычныя сілы, а ў лепшым выпадку нейкая купка НДАшнікаў, якая займаецца гуманітарнымі пытаннямі».
Верагоднасць зносу такаго палітычнага рэжыму, як у Беларусі і Расіі, негвалтоўнымі метадамі роўная нулю, лічыць Шчыгельскі.
«Калі мы не самавызначымся, калі мы не зробім вось гэтую сілу, якая сапраўды змагаецца за ўладу, праз год, на наступнай канферэнцыі Астрожскіх, будзе сядзець які-небудзь Гігін і хто-небудзь з умераных нашых аналітыкаў. А праз два гады, калі не з’явіцца палітычнай сілы, якая праявіць функцыянал, (…) тут будуць сядзець прадстаўнікі афіцыйнага беларускага рэжыму. Лукашэнкаўскага. Таму што Украіне прыйдзецца ўсё роўна вырашаць пытанні бяспекі, гандлю».
Алег Дунда пазней растлумачыў болей сваю пазіцыю.
«Я скажу нешта нечаканае для вас. Для таго, каб Масква капітулявала раней, нам патрэбныя вы. Не гуманітарная дапамога. Нам патрэбныя вы, беларусы. Ад вас гэта залежыць. Вось паверце, большай дапамогі, чым вы, з пункту гледжання хутчэйшага завяршэння вайны ніхто нам не дасць. Ні Штаты, ні Францыя, ніхто. Вы.
Нам патрэбныя чачэнцы, нам патрэбныя народы Дагестана, Інгушэціі, Бураціі і гэтак далей. За кошт вашых актыўных дзеянняў, у прынцыпе, гэта можна рэалізаваць. І калі кажуць пра тое, што Масква вельмі магутная, я заўсёды згадваю паход Прыгожына. Яна крохкая ўнутры. І проста ўнутры ніхто не правяраў».
Дунда звярнуўся да беларусаў на дыскусіі з просьбай не ўспрымаць яго словы за крытыку.
«Я вас, наадварот, спрабую падштурхнуць. Абняць, агарнуць. Дзесьці дзіўным чынам, я пагаджаюся, але ўсё роўна, бо з вамі нам лягчэй».
Categories: Зьнешнія адносіны, Нацыя Беларусы, Нацыя прачынаецца
Пакінуць каментар