
Падзяліцца
Што рэалізацыя мірнага пляну ЗША азначала б для Беларусі? Чаго дамагаюцца крытыкі Ціханоўскай? Хто выйграе ад адкрыцьця межаў? Што прынясе бюджэту новы раунд барацьбы з «дармаедамі». У чым галоўная інтрыга «Прадмовы» у Варашаве?
Гэтыя ды іншыя падзеі тыдня Ганна Соўсь абмяркоўвае ў жывым эфіры «ПіКу Свабоды» з прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў эканамічных пытаньнях Алісай Рыжычэнкай і былым палітвязьнем Мікалаем Дзядком. Задавайце пытаньні, камэнтуйце, калі гэта бясьпечна.
Тут фрагмэнт гутаркі
—Сёньня крытыкі Сьвятланы Ціханоўскай сабраліся на так званы «Сход неабыякавых» у Сэйме Літвы. Сярод арганізатараў — выканаўца старшыні «Народнай Грамады» Яўген Вільскі, удзельнічае палітык Георгі Дзьмітрук, на сходзе прысутнічалі літоўскія палітыкі і палітолягі. Гэта другі «Сход неабыякавых». Першы адбыўся ў Варшаве сёлета ў чэрвені. Мяркуецца аб’явіць аб стварэньні «Беларускай нацыянальнай кааліцыі», якую хочуць зацьвердзіць як пераходны орган стратэгічнага кіраваньня і прадстаўніцтва беларускага народа. Аліса, Мікола, які патэнцыял вы бачыце ў арганізацыі крытыкаў лідэркі дэмсілаў Сьвятланы Ціханоўскай, і ці варта ёй, яе камандзе прыслухацца да іх?
Аліса Рыжычэнка: Першае пытаньне, каго яны прадстаўляюць? Сёньня, наколькі я ведаю, прадстаўнікі розных партый ніяк не паўплываюць на сытуацыю ў Беларусі. У іх няма ніякага кантакту зь беларускім грамадзтвам, якое знаходзяцца ў краіне. Ёсьць вялікае пытаньне, каго прадстаўляюць гэтыя людзі. Яны могуць абвяшчаць сябе кім заўгодна, нейкім стратэгічным цэнтрам ці органам і гэтак далей. Ці патрэбна Сьвятлане чуць іх галасы? Мы заўсёды адкрытыя і Сьвятлана заўсёды адкрытая да дыялёгу. Іншае пытаньне, што гэтыя людзі не ідуць на дыялёг. Мы заўсёды адкрытыя, каб чуць іншыя галасы, каб іншыя людзі, арганізацыі прымалі ўдзел і мы рабілі працу разам дзеля таго, каб адбыліся зьмены ў Беларусі. Таму што на сёньняшні дзень мы маем адзінага ворага — гэта рэжым Лукашэнкі. Мы не вядзем барацьбу з іншымі людзьмі, якія таксама хочуць дэмакратызацыю ў Беларусі. І гэтая вялікая памылка, калі мы пачынаем спрачацца адзін з адным унутры дэмакратычных структур. Мой адказ, што мы заўсёды адкрыты да дыялёга, але іншыя людзі не бачаць у гэтым сэнсу і таму гэта больш пытаньні да іх.
Мікола Дзядок: Гэта досыць тыповая дынаміка для палітычнай эміграцыі. У палітычнай эміграцыі вельмі сьціслыя мажлівасьці, невялічкая колькасьць патэнцыйных прыхільнікаў і, на жаль, невялічкая колькасьць рэсурсаў. Разгарнуцца няма дзе, а людзей, якія маюць палітычныя амбіцыі і жадаюць штось рабіць, неяк сябе праявіць, вялікая колькасьць. З гэтага атрымоўваюцца такія сытуацыі, як зараз, калі зьяўляецца апазыцыя да апазыцыі. Я не бачу сапраўдных ідэалягічных супярэчаньняў між гэтымі двума групоўкамі. Я бачу хутчэй псыхалягічнае тлумачэньне. Людзі, якія зьбіраюцца на гэтыя сходы, змагаюцца супраць Сьвятланы Ціханоўскай больш зацята, на жаль, чым супраць рускага міру і лукашызму. Я ня веру, што, як кажуць, там усё агенты КДБ муцяць. Не, абсалютна. Я думаю, гэтымі людзьмі кіруюць асабістыя матывы. Яны лічаць, што яны не занялі тое месца, якое мусілі б заняць у беларускім палітычным эстэблішмэнце ў эміграцыі. А так я цалкам вітаю любыя сходы неабыякавых беларусаў. Хай яны зьбіраюцца, хай яны думаюць, як нешта рабіць. Але хацелася б, каб яны зьбіраліся ня супраць іншых неабыякавых беларусаў, а супраць рэжыму, супраць Лукашэнкі. Таму я думаю, што нічога насамрэч сурʼёзнага і небясьпечнага прынамсі для кабінэта Сьвятланы Ціханоўскай ад гэтага ня будзе.
Categories: Мараль, Нацыя прачынаецца
Пакінуць каментар