
Падзяліцца
Прапанаваны прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам «мірны плян» мае 28 пунктаў у 8 блёках і прадугледжвае прызнаньне Крыму, Данеччыны і Луганшчыны de facto расейскімі, а Херсоншчыну і Запарожжа — «замарожанымі» на лініі сутыкненьня.
Як паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода, плян таксама прадугледжвае адмову Ўкраіны ад інтэграцыі ў NATO, скарачэньне яе войска і правядзеньне выбараў праз 100 дзён пасьля падпісаньня мірнай дамовы з Расеяй.
У той жа час у дакумэнце нічога ня згадваецца пра рэпарацыі Расеі. Адзначаецца толькі, што Расея юрыдычна абавязваецца не нападаць на Ўкраіну і Эўропу, а 100 мільярдаў даляраў замарожаных расейскіх актываў пойдуць на рэканструкцыю Ўкраіны. Апроч таго, «мірны плян» ЗША прадугледжвае паступовае скасаваньне санкцыяў супраць Расеі і яе вяртаньне ў G8 («Вялікую васьмёрку» ўплывовых дзяржаваў).
Украінская служба Радыё Свабода апублікавала поўны тэкст праекту дамовы:
1. Бясьпека і палітычны статус Украіны
🔸Пацьверджаньне сувэрэнітэту Ўкраіны.
🔸Украіна атрымлівае гарантыі бясьпекі ад ЗША, але з умовамі.
🔸Украіна замацоўвае ў сваёй Канстытуцыі недалучэньне і адмову ад NATO, а NATO назаўсёды пацьвярджае, што Ўкраіну ня прымуць у арганізацыю.
🔸Абмежаваньне колькасьці Ўзброеных сілаў Украіны.
🔸Украіна застаецца бязьядзернаю дзяржаваю.
2. Тэрытарыяльныя пытаньні
🔸Крым, Данецк і Луганск прызнаюцца de facto расейскімі.
🔸Херсон і Запарожжа «замарожаныя» на лініі сутыкненьня.
🔸Частка тэрыторыяў становіцца дэмілітарызаванаю буфэрнаю зонаю пад de facto расейскім кантролем.
🔸Абодва бакі абавязваюцца не мяняць межы сілай.
3. Вайсковыя ўгоды
🔸NATO не разгортвае войскі ва Ўкраіне.
🔸Зьнішчальнікі NATO разгорнутыя ў Польшчы.
🔸Дыялёг у пытаньнях бясьпекі паміж ЗША, NATO і Расеяй, стварэньне амэрыканска-расейскай працоўнай групы.
🔸Расея юрыдычна абавязваецца выконваць палітыку ненападу на Ўкраіну і Эўропу.
4. Эканамічны блёк і рэканструкцыя Ўкраіны
🔸ЗША і Эўропа запускаюць вялікі інвэстыцыйны пакет для рэканструкцыі Ўкраіны.
🔸100 мільярдаў даляраў замарожаных расейскіх актываў для рэканструкцыі Ўкраіны; ЗША атрымліваюць 50% даходу.
🔸Эўропа дадае яшчэ 100 мільярдаў даляраў.
🔸Іншыя замарожаныя расейскія актывы пойдуць на супольныя амэрыканска-расейскія праекты.
🔸Стварэньне Фонду разьвіцьця Ўкраіны, інвэстыцыі ў інфраструктуру, рэсурсы, тэхналёгіі.
5. Расея ва ўсясьветнай сыстэме
🔸Паступовае скасаваньне санкцыяў.
🔸Вяртаньне Расеі ў G8.
🔸Доўгатэрміновая эканамічная супраца паміж ЗША і Расеяй.
Гуманітарныя пытаньні
🔸Абмен «усіх на ўсіх», вяртаньне цывільных і дзяцей.
🔸Гуманітарныя праграмы, узьяднаньне сем’яў.
🔸Адукацыйныя праграмы ў пытаньнях талерантнасьці.
6. Энэргетыка і спэцыяльныя аб’екты
🔸Запуск Запароскай АЭС пад наглядам МАГАТЭ, электраэнэргія разьмяркоўваецца напалову паміж Украінай і Расеяй.
🔸ЗША дапамагаюць аднаўляць газавую інфраструктуру Украіны.
7. Унутрыпалітычныя працэсы ва Ўкраіне
🔸Выбары праз 100 дзён пасьля падпісаньня дамовы.
🔸Поўная амністыя для ўсіх удзельнікаў вайны.
8. Уступленьне ў сілу і маніторынг
🔸Дамова мае юрыдычную сілу.
🔸Маніторынг ажыцьцяўляе «Рада міру» пад кіраўніцтвам Дональда Трампа.
🔸Парушэньні прывядуць да санкцыяў.
🔸Пасьля падпісаньня будзе неадкладна абвешчана спыненьне агню і адвод войскаў на ўзгодненыя пазыцыі.
Categories: Зьнешнія адносіны
Пакінуць каментар