Змена рэжыму ў Расіі і куды прыйдзе Трамп? Гісторык — пра новы сусветны парадак і прагнозы на 2026 год

Што спарадзіла Трампа і які «новы парадак» ён прапануе, ці існуюць абсалютныя гарантыі бяспекі і чаго можна чакаць у 2026 годзе, у інтэрв’ю «Украінскай праўдзе» расказаў Сяргей Плохій, прафесар украінскай гісторыі ў Гарвардзе. Ён — адзін з топавых інтэлектуалаў з усходнееўрапейскімі каранямі.

Фота: «Суспільне»

Хто піша гісторыю войнаў

— Адкуль узялося ўяўленне пра тое, што гісторыю пішуць пераможцы? І ці сапраўды гэта так?

— Рыхтуючыся да інтэрв’ю, я спытаў у ChatGPT пра тое, адкуль ідзе гэтая думка. Чат неяк завагаўся. Часам гэты выраз прыпісваюць Чэрчылю, але насамрэч ён казаў іншае: «Гісторыя будзе добрай да мяне, бо я маю намер пісаць яе сам».

Найбольш відавочны прыклад таго, што гісторыю пішуць пераможцы — свет, сфарміраваны гісторыяй Другой сусветнай вайны. Пераможцы сапраўды кантралююць наратыў, у тым ліку на заканадаўчым узроўні. Прычым я лічу, што такая ацэнка нацызму абсалютна правільная.

Але гэта не азначае, што пераможцы — адзіныя, хто піша гісторыю. Інакш не з’явіліся б мемуары нямецкіх военачальнікаў часоў Гітлера або мемуары нямецкай журналісткі Марты Гілерс «Жанчына ў Берліне», якія дакументуюць падзеі падчас падзення горада. Так што нават у гэтым выпадку вызначэнне, што толькі пераможцы пішуць гісторыю, памылковае.

Прывяду прыклад Фукідыда. Уласна, Пелапанеская вайна апісана чалавекам, які ваяваў на баку тых, хто прайграў. І мы маем на сёння найбольш вядомую ў свеце гісторыю вайны, напісаную фактычна пераможаным.

Пераможцы кантралююць наратыў толькі на працягу нейкага перыяду часу. Але калі ёсць альтэрнатыўная версія, яна можа ў выніку апынуцца больш уплывовай.

— З гранд-наратывам па Другой сусветнай усё больш-менш зразумела. Але што адбываецца з гісторыяй войнаў, якія не заканчваюцца капітуляцыяй аднаго з бакоў?

— Думаю, што ў гістарычнай перспектыве ідзе вайна за тое, хто будзе кантраляваць наратыў. У першую чаргу на тэрыторыі Украіны. Мы бачым сёння на акупаваных украінскіх тэрыторыях увядзенне расійскіх падручнікаў, канфіскацыю, спальванне ці знішчэнне ўкраінскіх кніг. Гэта значыць — ператварэнне ўкраінцаў у расіян не толькі ў палітычным, але і ў культурным сэнсе.

Іншае поле бітвы — гэта ўспрыманне гэтай вайны па-за межамі Расіі і Украіны.

Сёння ў заходнім свеце дамінуе наратыў пра тое, што агрэсія Расіі — гэта парушэнне міжнароднага права і несправакаваная атака на іншую дзяржаву. Але паралельна існуе і іншы: пра тое, што гэта НАТА і Захад правакуюць Расію і нясуць за гэта адказнасць. Ён знаходзіць падтрымку і сярод левых, якія традыцыйна глядзяць на ЗША як на імперыялістычную дзяржаву, і сярод правых, якія лічаць, што ізаляцыянізм павінен быць вызначальным. Не кажучы ўжо пра краіны Глабальнага поўдня, дзе антыімперыялізм разумеюць выключна як антызаходнюю ідэалогію.

Ад таго, чым скончыцца вайна, будзе залежаць вельмі шмат у гістарычна кароткай перспектыве. Свет вымушаны будзе далей мець справу з тым, хто зможа пераканаць сябе і іншых у тым, што перамог.

— Вы ўпэўнена ўжываеце словы «перамога», «параза». Насамрэч сёння, калі баявыя дзеянні ў актыўнай фазе, мала хто здольны вызначыць параметры перамогі для Украіны. Цікавы ваш погляд на гэта.

— Мы не ведаем, як скончыцца вайна. Але гледзячы на тое, што адбываецца сёння, я думаю, што пасля спынення актыўных баявых дзеянняў і Украіна, і Расія абвесцяць сваю перамогу.

Я таксама перакананы, што рана ці позна з абодвух бакоў узмоцняцца пошукі ворагаў сярод сваіх: хто здаў Крым, хто дапусціў знішчэнне крэйсера «Масква», удары па Маскве, поўную заходнюю ізаляцыю і замарозку расійскіх актываў. Гэты пошук вінаватых будзе працягвацца і ўзмацняцца.

Думаю, што нават пры страце тэрыторый захаванне дзяржаўнасці з’яўляецца для Украіны гістарычнай перамогай.

Для Расіі гэта значна больш складаная тэма. Лічу, што ў сярэднетэрміновай перспектыве там будуць ацэньваць гэтую вайну як пройгрыш. Але ацэнкі будуць мяняцца ў залежнасці ад палітычных цыклаў самой Расіі. Гістарычна гэта не дэмакратычная краіна. Адзіная магчымасць карэкцыі курсу і, адпаведна, наратываў — смерць лідара і нейкае міжцарства пасля гэтага, як гэта здарылася з «адлігай» часоў Хрушчова.

Калі Расія выйдзе пераможцай у гэтай вайне ў сваіх вачах і вачах свету, вядома, імперскія тэндэнцыі ў напісанні і перапісванні гісторыі будуць узмоцнены. Пра гэта кажа ўся гісторыя гэтай краіны.

Трамп і новы стары сусветны парадак

— Сёння ўсё часцей можна пачуць пра смерць «калектыўнага Захаду» і фармаванне новага сусветнага парадку імя Трампа. Два пытанні: ці сапраўды ён новы і ці сапраўды гэта сусветны парадак, а не сусветны хаос?

— Тут ёсць некаторыя забытыя, але традыцыйныя хады, і ёсць новы фактар.

З таго, што было — гэта, умоўна кажучы, вяртанне да рэалій Халоднай вайны. Свет зноў пачынае дзяліцца на яўна акрэсленыя сферы ўплыву. У межах гэтых сфер вялікія дзяржавы фактычна маюць карт-бланш наводзіць парадак так, як яны лічаць патрэбным. Успомніце: Савецкі Саюз уводзіць войскі ў Венгрыю, Чэхаславакію — Захад пратэстуе, але гэта не мяняе рэальнасць. З іншага боку, ЗША з Брытаніяй у 1953‑м робяць пераварот у Іране, падтрымліваюць дыктатарскія рэжымы ў Лацінскай Амерыцы і ў Азіі, каб не дапусціць туды камунізм.

Сутыкненні двух сусветных цэнтраў уплыву адбываюцца ў «шэрых зонах» або там, дзе здараюцца рэвалюцыі знізу. Украіна ў гэтым кантэксце — гэта акурат сутык паміж заходняй сферай уплыву і тымі структурамі, якія Расія стварае вакол сябе.

2025 год паставіў знак пытання: ці ідзём мы да біпалярнага свету (ЗША і Кітай), ці ў кірунку шматпалярнасці, дзе ЗША гуляюць асобную ролю ад Еўропы. Гэта і ёсць новы фактар — раскол у заходнім лагеры. Новы ён не толькі ў тым, што Амерыка спрабуе вярнуцца да ізаляцыянізму.

Новае тое, што Амерыка ў асобе Трампа кідае палітычны і ідэалагічны выклік Еўропе і выстаўляе тэрытарыяльныя прэтэнзіі да адной з еўрапейскіх краін. Гэта надзвычай пагрозліва для адзінства Захаду.

— Такое ўражанне, што стратэгія многіх палітыкаў у Еўропе — прэзідэнцтва Трампа трэба перажыць як стыхійнае ліха. Ці сапраўды Трамп запусціў незваротныя змены?

— Трамп не быў бы выбраны прэзідэнтам, калі б яго рыторыка не адпавядала запытам у амерыканскім грамадстве. Гэтыя запыты супадаюць з тэндэнцыямі ў Еўропе: Brexit, хваля папулізму, рост папулярнасці ўльтраправых. Гэта рэакцыя свету на вялікі ліберальны зрух пасля 1991 года, на глабалізацыю і небывалыя хвалі эміграцыі.

Гэта значыць, не Трамп змяняе свет, а Трамп з’явіўся, таму што свет змяніўся. Свет спараджае Трампа, а Трамп як найбольш прыкметны палітык гэтага кірунку змяняе свет далей, гаворачы рэчы, якія дзесяцігоддзямі былі табуяваныя.

Калі вярнуцца да тэмы вайны: Пуцін — гэта перш за ўсё выклік для Украіны, Трамп — выклік для Еўропы. Сёння Еўропа і Украіна апынуліся ў адной лодцы.

Свет змяняецца, але і Трамп змяняе свет як лідар самай уплывовай краіны, кажучы рэчы, якія былі абсалютна табуяваныя ў заходняй палітычнай культуры. Гэта не толькі пра зоны ўплыву, але і пра тое, як ён трактуе тыя ж расавыя ці гендарныя пытанні — такая рыторыка не магла прысутнічаць у публічнай прасторы на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў.

Так што так, тут гісторыя пра курыцу і яйка — што было першасным. Свет нараджае Трампа, а Трамп як найбольш, так бы мовіць, заўважны і падсвечаны палітык гэтага кірунку, змяняе свет.

— Што Украіна павінна зрабіць, каб застацца ў гэтай лодцы?

— Першая задача — выжыць. Таксама важна прадэманстраваць Еўропе, што Украіна можа ёй даць. І гэта, на жаль, досвед вайны. Еўропа мае сёння адзіную баяздольную армію — украінскую. Становіцца зразумелым, што НАТА не гатова адказваць на тым узроўні, на якім адказвае Украіна. Еўропа цяпер не можа сябе абараняць, яна вымушаная дапамагаць Украіне гэта рабіць.

Гарантыі бяспекі і выбары

— Ці ёсць у гісторыі прыклады эфектыўных гарантый бяспекі?

— Абсалютных гарантый не існуе. Яны настолькі моцныя, наколькі іх выкананне адпавядае нацыянальным інтарэсам краін-гарантаў і наколькі агрэсар верыць у іх рэальнасць.

Калі Еўропа вырашыць, што лепш ваяваць з Расіяй на тэрыторыі Украіны, чым на тэрыторыі Польшчы ці Германіі, такія гарантыі могуць стаць рэальнасцю. З боку ЗША гэта малаймаверна: любы амерыканскі ўрад будзе пазбягаць прамой канфрантацыі з ядзернай Расіяй.

Што прынясе 2026 год

— Што 2026‑ы прынясе свету і Украіне?

— Ясна, што расійска-ўкраінская вайна скончыла перыяд «канца гісторыі». Шмат што будзе залежаць ад таго, ці падкарэктуюць выбары ў Кангрэс ізаляцыянісцкую пазіцыю ЗША (шанцы на гэта 60 на 40%). Таксама важна, ці ўзмоцніцца суверэнізацыя Еўропы.

Але больш за ўсё залежыць ад таго, куды пойдзе вайна ва Украіне. Самае горшае — прарыў расіян, які падарваў бы стабільнасць фронту і грамадства. Відавочна, што вайна зацягнулася, вычарпанасць адчуваецца і ва Украіне, і ў Расіі.

— Якія падзеі гэтага года вас бы здзівілі?

— Пасля прызначэння Буданава ў Офіс прэзідэнта ці захопу Мадура, я не ведаю, ці зможа мяне штосьці моцна здзівіць. Але калі казаць пра надзеі — найбольшай нечаканасцю, якую я хацеў бы атрымаць, была б змена рэжыму ў Расіі.

Чытайце яшчэ

Каментары14

  • Папярэдне 14.01.2026 Вынікі, у артыкуле няма прагнозаў, акрамя выбараў у кангрэс. Ды і той імавернасны – 60 на 40 – падыходзіць пад любы вынік. У артыкуле больш канстатацый, што “фукуямаўскі канец гісторыі” скончыўся. І тут не паспрачаешся )
  • Van der Graaf 14.01.2026 “Рыхтуючыся да інтэрв’ю, я спытаў у ChatGPT пра тое, адкуль ідзе гэтая думка.”Рэспэкт за пачатак, які адразу дае сыгнал скончыць чытаньне. Так і мусіць выглядаць павага да чытацкага часу.
  • зрабіцца Аўстрыяй – Ўругваем Усходняй Эўропы 14.01.2026 Беларусь знаходзіцца паміж НАТА ( які вырабляе каля 60% сусьветнага ВУП) і Маскоўскай імперыяй ( менш за 1%) . З аслабленьнем Маскоўскай імпэрыі праз вайну ва Ўкраіне Крамлю патрэбная бясьпечная мяжа, каб пазьбегнуць прамога сутыкненьня з Захадам. У гэтай сытуацыі нейтральная Беларусь павінна стаць ключавой нейтральнай дзяржавай ў Еўропе , якая гарантуе стабільнасьць і пакой усім суседзям. 3 Прыклады з гісторыі : У 1955 годзе Захад і Бальшавіцкая імпэрыя падпісалі Аўстрыйскую Дамову, праз якую Аўстрыі: «была нададзеная незалежнасьць і адбылося вывад усіх акупацыйных войскаў у абмен на абавязак Аўстрыі да вечнага нейтралітэту». І гэтая дамова дзейнічае нават сёньня, 40 гадоў пасьля краху бальшавіцкай імпэрыі. . Калі бальшавікі акупавалі Манголію, яны маглі яе анэксаваць і «маскоўфікаваць», як яны зрабілі з многімі іншымі дзяржавамі і народамі. Але замест гэтага яны пакінулі Манголію як буфэрную дзяржаву з Кітаем, разумеючы, што гэта для іх найлепшае рашэньне. Гэта зрабіла мяжу з Кітаем удвая карацейшай, і нават сёньня Маскоўская імпэрыя мае добрыя дачыненьні з Манголіяй. Іншы прыклад, Ўругвай,быў створаны ў XIX стагодзьдзі як буфэрная дзяржава паміж Аргентынай і Бразыліяй, у ХХ стагодзьдзі замацаваў сваю ролю нейтральнага пасярэдніка, што дазволіла яму пазьбегнуць рэгіянальных войнаў і ўмацаваць дэмакратыю ды сацыяльную сыстэму. Усе гэтыя прыклады паказваюць, што нейтралітэт РБ — гэта не слабасць, а адзіная лагічная Стратэгія ў нашай геаграфічнай рэчаіснасці . Беларусь можа зрабіцца Аўстрыяй – Ўругваем Усходняй Эўропы. І у практычнай лёгіцы Трампа, які вядомы сваімі міравымі дамовамі і кампрамісамі, гэта адзіны шлях, дзе ўсе бакі перамагаюць, Захад і Маскоўская імпэрыя атрымліваюць: стабільную — бясьпечную, ПАКОЙНУЮ мяжу, а мы беларусы — нацыянальную дзяржаву , свабоду, дэмакратыю, і дабрабыт.


Categories: Гісторыя, Зьнешнія адносіны

Пакінуць каментар